epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Аркуш

Клясычная эвалюцыя Сяргея Дубаўца

Кім стаў бы Сяргей Дубавец, калі б нарадзіўся ў цывілізаванай, дэмакратычнай, беларускай Беларусі? Напэўна, гучным празаікам. Альбо аўтарытэтным літаратурным крытыкам. Альбо і тым і другім адразу. Аднак Сяргей Дубавец нарадзіўся ў БССР.

Творчы шлях Дубаўца можна ўмоўна падзяліць на некалькі пэрыядаў: «перабудовачны», «віленскі» і «ipso articulo temporis»*. Разглядаючы гэтыя пэрыяды, цікава прасачыць за эвалюцыяй Дубаўца.

* У адказную хвіліну (лац.)

«Перабудовачны». Другая палова 80-х - пачатак 90-х. У 1985 годзе ў Савецкім Саюзе пачынаецца гарбачоўская перабудова. Са спазьненьнем (Вандэя), але працэс дэмакратызацыі, дэманапалізацыі і дэідэалягізацыі пачынаецца ў Беларусі. Вяртаюцца зь небыцьця імёны і творы рэпрэсаваных «нацдэмаўскіх» пісьменьнікаў. Ствараецца БНФ, мацнее адраджэнскі рух. Галоўнымі літаратурнымі пляцоўкамі Дубаўца становяцца «ЛіМ» і «Нёман». Сяргей піша прозу, крытычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы, дапамагае рэабілітоўваць спадчыну. Зьяўляецца адным з лідэраў літаратурнай арганізацыі «Тутэйшыя» (узьнікла ў 1987 г.). Найбольшым посьпехам карысталіся яго артыкулы пра «новую культурніцкую сытуацыю». Ён першы пачаў пісаць пра арганізацыйную і эстэтычную манаполію СП, пра дэвальвацыю мастацкага слова, пра неабходнасьць рэформаў у культурнай сфэры.

Дубавец робіцца галоўным ідэёлягам тагачаснага беларускага культурніцкага нонканфармізму.

Яму здавалася, што дастаткова графаманаў назваць графаманамі, а геніяў - геніямі і адбудзецца катарсіс беларускага духу. Ад ягонага бескампраміснага пяра дасталося і літаратурным імітатарам, і «прыкарытным» літ.чыноўнікам, і «певунам» сацыялістычнага ўчора.

Некалькі гадоў бесперапыннай барацьбы не прынесьлі станоўчых вынікаў. «Тутэйшыя» разваліліся, дзяржаўныя часопісы як друкавалі шэры паток, так і працягвалі друкаваць, СП заставаўся аморфным, бязьлікім гуртом.

Але Бунтар не здаваўся. У 1991 годзе Дубавец пачынае свой галоўны праект - «Наша Ніва».

З рызыкоўнага аднаўленьня першай беларускай газэты бярэ адлік і новы творчы пэрыяд пісьменьніка - «віленскі». Сяргей пераяжджае ў Вільню, стварае рэдакцыю «НН», улазіць у скуру друкара і газэтчыка. Вакол Дубаўца паўстае «каманда» - Мінкін, Харэўскі, Дзярновіч, Бабкоў, Шупа, Астраўцоў, Аблажэй. «Наша Ніва» робіцца інтэлектуальным, элітарным выданьнем. На яе старонках друкуюцца творы Мілаша, Шульца, Борхеса. З беларускіх аўтараў - Глёбус, Мінкін, Пятровіч, Сапач. «Чырвонай ніткаю» праз усю газэту праходзіць тэма беларускай Вільні. Дубавец, з дапамогаю выданьня, спрабуе «гадаваць» беларускую эліту новай фармацыі. У гэты час ён пачынае пісаць нататкі на палітычныя тэмы, у тым ліку і для газэты «Свабода».

У 1995 годзе крызіс у віленскай «НН» дасягнуў апагею. Катастрафічна не хапала сродкаў - газэта ня стала масавай (г.зн. прыбытковай). Разьвеяўся ідэалістычны міт пра калыску беларускага адраджэньня - Вільню (летуанізацыя ў горадзе ўпарта набірала абароты). Адбыліся канфлікты ў самой «камандзе» - палова актыву адышла ад газэты. «Наша Ніва» ня здолела сфармаваць мацярык новай сучаснай літаратуры (Дубавец паўтараў: няма прозы, няма прафесійнай літаратуры). Бадай, за выключэньнем Сяргея Шыдлоўскага, газэта ня здолела адкрыць ніводнага новага імя. Да ўсяго гэтага дадаваліся вонкавыя складанасьці - жорсткасьць рынкавых варункаў, пагаршэньне палітычнай сытуацыі на Бацькаўшчыне.

Дубавец зразумеў, што якасьць роднай літаратуры нельга палепшыць «прафесіяналізацыяй» пісьменьнікаў, і ніякія эўрапейскія «лікбезы» тут не дапамогуць. Сытуацыю, па вялікаму рахунку, ратавала толькі нацыянальная дзяржаўная палітыка.

У 1995 годзе пачаўся трэці пэрыяд творчага шляху Дубаўца - «ipso articulo temporis». Дубавец, не вагаючыся, пакінуў літаратурную крытыку і літаратуразнаўства (магчыма, і прозу). Ягонай новай стыхіяй сталі палітыка, геапалітыка, выдавецкая справа. Галоўнай пляцоўкай - газэта «Свабода». Пісьменьнік вяртаецца ў Менск (віленская рэдакцыя «НН» ліквідуецца). Прыход да ўлады Лукашэнкі глыбінна спалітызаваў беларускія творчыя асяродкі. Небясьпека страты незалежнасьці шыхтуе ў ваярскія харугвы нават кучаравых лірыкаў. Дубавец і раней ня быў палітычна цнатлівым творцам, але цяпер ён заняў пазіцыю аднаго з самых радыкальных беларускіх дзяржаўнікаў. Што казаць, калі самому Пазьняку, «бацьку народа», дасталося ад «сына народа» за памяркоўнасьць і нягібкасьць. Безумоўна, хутка паўстане новая наменклятура пры дзяржаўнай культуры (скобелевы etc.), - пустое месца хутка запаўняецца. Але наяўнасьць незалежных выданьняў і культурнікаў новай фармацыі створыць умовы, пры якіх падобны калабарацыянізм будзе прыводзіць да творчай сьмерці. Таму на слугаваньне пойдуць самыя недарэкі, нязграбы і імпатэнты, або ворагі Беларусі. Сапраўдная культура апынецца ў татальнай апазіцыі. Гэтак даводзіў Дубавец.

Дубавец спрабуе рабіць камэрцыйную, прыбытковую «Нашу Ніву», якая ператварылася ў тыднёвік (відавочна, скарыстоўваючы вопыт дэмакратычных газэтаў апошняй «хвалі» - «Имя», «БДГ»), імкнецца ладзіць новы літаратурны мацярык з дапамогаю распачатай кніжнай сэрыі «Сучасная літаратура». І палітыка, палітыка...

Вы скажаце - клясычны лёс беларускага творцы. Узгадайма Жылку, Гаруна, Танка. Падобны лёс быў угатаваны і Багдановічу. Я ня буду спрачацца. Магчыма, сапраўды, справу маем з чымсьці спадчынным.

Якія эвалюцыйныя зьмены адбыліся з тагачасным Дубаўцом як з асобаю? Па-першае, відавочна, ён пачаў улічваць жыцьцёвыя рэаліі. Не дастаткова разумець, што трэба, неабходна яшчэ ўсьведамляць - ці рэальна тое зьдзейсьніць. Па-другое, Дубавец стаў больш дэмакратычным - тыднёвік упяцёх ня зробіш. Па-трэцяе, літаратура ў ягонай дзейнасьці як бы адышла на другі плян (не да літаратуры?). Па-чацьвертае, ён пачаў ствараць рэгіянальныя культурніцкія сеткі - падпіска, рэалізацыя кніг. Дубавец стаў сапраўдным літаратурным мэнэджэрам. Калі б мы мелі яшчэ з дзясятак падобных арганізатараў літаратурнага працэсу, тады за лёс роднай літаратуры можна было б не хвалявацца.

 

1996 г.

 

P.S. З таго дня, як пісаліся гэтыя радкі, мінула больш за шэсьць гадоў. Эвалюцыя Дубаўца за гэты час спазнала новыя пэрыяды свайго разьвіцьця. Пра іх, аднак, - асобным разам.


1996

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае