epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Аркуш

На пошукі Зьмея Нарата

О, гэты сьмяльчак, Раул Бопп*,

які накінуў на шыю Зьмею Нарата

пятлю і засіліў гразу сэльвы Амазонкі.

Ён так марыў ажаніцца з дачкою каралевы Лузіі,

што ўлез у скуру сваёй ахвяры

і зьмеям выправіўся на пошукі абраньніцы.

- Куды-ж ты, Зьмей Нарата? - пытаюцца

ў Раула Боппа жыхары сэльвы.

- Хачу я бачыць дачку каралевы Лузіі, -

адказваў усім сьмяльчак Раул.

Няпросты ён выбраў шлях - праз сэльву,

праз балоты, праз выпрабаваньні.

Уладзімір Славук** намаляваў-бы

шыкоўныя ілюстрацыі да гэтай гісторыі.

Зьмей у яго атрымаўся-б як сапраўдны -

блішчыць луска цела пад месячным сьвятлом,

блішчаць вочы Зьмея, выпраменьваючы адвагу і непахіснасьць,

а з-пад кожнай купіны, з-за кожнага дрэва

сочаць за ім жыхары сэльвы - хіжыя, кіпцюрыстыя, ікластыя;

толькі страшныя абрысы Зьмея Нарата

ратуюць Раула ад нападу кракадзілаў, ягуара і піраней.

О, гэты сьмяльчак Раул Бопп!

Як моцна ён жадае дачку каралевы Лузіі!

Вядома, ён пройдзе праз усе выпрабаваньні,

бо за праважатага ў яго адвага і ўпартасьць,

ён выкрадзе сваю абраньніцу, яны возьмуць шлюб

і будуць жыць, як і марыў Раул, у краі Бязьмежных Земляў.

Там, напэўна, яны жывуць і зараз і там я іх сустрэну

калі наведаю край, дзе горныя ланцугі ўздымаюцца ў неба,

дзе цякуць празрыстыя рэчкі між мулунгу - дрэў з

экзатычнымі кветкамі. Сам Раул будзе маім гідам,

ён пазнаёміць мяне з сябрамі і раскажа праўдзівую

гісторыю пра Зьмея Нарата і дачку каралевы Лузіі,

затым наладзіць выправу ў амазонскую сэльву, -

будзе па-сяброўску пахлопваць па гузаватых баках

кракадзілаў, перасьвіствацца з дзіўнымі птушкамі,

частаваць ягуара са свайго паляўнічага нажа.

 

Ноччу, калі поўня падзеліць сэльву на дзве роўныя часткі,

я прачнуся і старожка выбяруся з намёта, падкіну дроў

у амаль згаслае вогнішча і ўпэўненым крокам пайду ў цямрэчу

зь ліанаў, пальмаў і трысьнягу -

клікаць Зьмея Нарата.

 

* Раул Бопп - бразыльскі паэт пачатку XX стагодзьдзя.

** Уладзімір Славук - сучасны беларускі графік.


1991-2001?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая