epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Аркуш

Настаўнік

Кожны паэт прыходзіць у літаратуру зь нейкай кнігай. Як з падручнікам. Для мяне такой кнігай сталася «Сурма» Алега Мінкіна. Неверагодна... Але, прызнаюся, менавіта так і было. Ні «Вянок» Багдановіча, ні «Шлях-360» Разанава, ні зборнікі Купалы, Коласа, Куляшова... А маленечкая, дэбютная, вучнёўская кніжачка Мінкіна.

«Сурма» пабачыла сьвет якраз у той час (1985 г.), як мяне ахапіў неадольны паэтычны «сьверб». Я наведваў розныя літаб'яднаньні і рэдакцыі, багата чытаў паэзіі і ўпарта спрабаваў нешта крамзоліць самастойна. Тут мне й патрапіў у рукі сьціплы зборнічак Мінкіна. Я быў уражаны. Вершы Мінкіна мне падаліся гэтак жа цікавымі (асабліва на тле тагачаснай беларускай савецкай паэзіі), як творы Купэра, Рыда ды Скота. У іх былі выкшталцонасьць, гжэчнасьць, маляўнічасьць, сучасны мэладызм (амаль «Бітлз»), казачнасьць, юначы запал, разьняволеная вобразнасьць і пачуцьцёвасьць, прыгожая мастацкасьць, узьнёслы рамантызм. Радкі вершаў затрымліваліся і круціліся ў галаве, як словы з песенных шлягераў. «Калі прачнемся мы, калі мы // Убачым сьнежныя кілімы, // Што ноч паслала за акном: // На сэрцы радасьць заіскрыцца // І на старой маленькай скрыпцы // Зайграе раптам хохлік-гном». Або: «Скажы, навошта нам цурацца // Пачуцьцяў, што да нас імчацца // Зь вясною вольным статкам крыг? // Навошта нам ад іх хавацца // У слоў хлусьню, у жартаў панцыр, // Калі, жыцьцё - чароўны міг?» Або: «Адранку вецер вар'яцеў, // Але суцішыўся пад вечар. // Я выказаць сябе хацеў, // Пісаў - і аркушы камечыў». Гэтыя радкі я шчодра цытаваў паўсюдна і, вядома, знаёмым дзяўчатам з наргасу, дзе вучыўся.

Балюча ўсьведамляць, што без гэтага цудоўнага паэта выхоўвалася апошняе беларускае паэтычнае пакаленьне. Бо пасьля 1991 году, калі ў «Мастацкай літаратуры» выйшаў ягоны другі зборнік «Расколіна», паэтычныя кнігі Алега Мінкіна ў Беларусі больш не друкаваліся.

Мінкін (бадай гэтак сама як і Арлоў) паўплываў на тое, што пасьля наргасу ў 1987 годзе я паехаў у Наваполацак. Праўда, Алега на берагах Дзьвіны я ўжо не застаў. Разам з Мудровым ён зьехаў на поўнач працаваць на нафтарадовішчах. Аднак уся Полаччына была яшчэ «набрынялай» нядаўняй прысутнасьцю паэта: тутэйшыя літаратары апавядалі пра яго показкі і гісторыі, а ў падшыўках мясцовых газэт можна было знайсьці невядомыя па цэнтральным друку мінкінаўскія вершы. Вось якія пэрлінкі я адшукаў у шматтыражцы наваполацкага будтрэсту «Знамя новостройки» (05.11.1982), у якой нейкі час сам працаваў:

 

ВОБЛАКІ

 

Калі праплываюць рахманыя воблакі,

Бязважкія здані са зьменлівым воблікам,

Ня верыцца нам у шалёныя воплескі

Далоняў дажджу, і ў грымоты, і ў водблескі.

 

МАДРЫГАЛ РЭСТАЎРАТАРАМ

 

Хвала вам, майстры-мастакі:

Як цуд, пад вашымі рукамі

Зноў ажываюць дрэва, камень -

Зь нябыту паўстаюць вякі!

 

Мінуўшчыну і сэнс жыцьця

Вы лучыце, і са зьдзіўленьнем

Мы бачым: Спадчына, бы Фенікс,

Уваскрасае з Забыцьця!

 

Будучыя дасьледчыкі творчасьці Мінкіна яшчэ шмат чаго змогуць знайсьці ў тых пажоўклых падшыўках. Толькі анічога ня знойдуць яны ані пра партыю, ані пра Леніна, ані пра будаўнікоў камунізму. Пра Радзіму? Так, пра Радзіму пісаў. Але як пісаў! Вось «Знамя новостройки» ад 8 жніўня 1980 году:

 

ШТО Я БЕЗ РАДЗІМЫ

 

Што я -

Без Радзімы?

Лісточак паблеклы,

Я - цені бяз рэчаў,

Я - хворы бязь лекаў,

Бяз рэчышча рэчка,

Бяз кветак шыпшына,

Бяз компаса ў моры,

Гадзіньнік

Са зломленай самай галоўнай

спружынай:

Ён сёньня паказвае тую ж

гадзіну, што ўчора.

 

Зноў згадалася гісторыя з «Сурмой». У савецкія часы, каб паэтычны зборнік без праблемаў пабачыў сьвет, трэба было пачаць кнігу нейкім «правільным» ідэалягічным вершам. Гэткі верш называлі «паравозікам». Вось і для «Сурмы» вырашылі палегчыць лёс. І пайшлі на хітрыкі. Узялі два мінкінаўскія вершы для дзяцей пра месяцы - «Кастрычнік» і «Май» - і пачалі імі зборнік. «Ад дрэва да дрэва ідзе пехатой // Кастрычнік, мастак адмысловы, // І фарбай бурштынавай і залатой // Распісвае кроны дубровы». Дасьціпны пачатак! Трэба мець вычварнае ўяўленьне, каб кастрычнік Мінкіна атаясаміць з ленінскім. Так паэт «рэабілітаваў» назву месяца.

Я не магу сказаць, што быў блізкі з Мінкіным. Пазьней мы неаднойчы сустракаліся. У яго жыве родная сястра ў Наваполацку, і Алег, калі прыяжджае да яе, заўжды завітвае ў госьці. (Пасьля Поўначы паэт нейкі час жыў у Берасьці, а потым пераехаў на стала ў Вільню, дзе цяпер выдае газэту «Рунь».) Пры першай нашай сустрэчы мяне зьдзівіла неадпаведнасьць майго ранейшага ўяўленьня аб паэце зь яго сапраўдным «абліччам». Да знаёмства мне падавалася, што Мінкін - гэтакі эстэт, накшталт Дранько-Майсюка. На самай справе ён непапраўны вісус, аматар сапраўдных жыцьцёвых прыгод. Дранько-Майсюк, магчыма, таксама аматар. Але я сумняваюся, што да такой ступені. Колькі памятаю, мы ніколі не размаўлялі зь Мінкіным пра творчасьць, паэзію і паэтаў...

Пры кожнай новай сустрэчы Алег натхнёна апавядае пра свае апошнія прыгоды. А ў гэтых прыгодах падзеяў і жарсьцяў - на сто жыцьцяў. Прычым сапраўдных жарсьцяў і часам вельмі драматычных прыгодаў. Мінкін бярэ ад жыцьця напоўніцу.

Яшчэ да нашага прыватнага знаёмства ён пачаў мне ўсяляк спрыяць. Узгадваў маё імя ў друку (асабліва мяне ўсьцешыла ўзгадваньне ў анкеце літаратуразнаўчага альманаху «Вобраз-89»), рэкамендаваў у рэдакцыях і ў культурніцкіх асяродках, карацей, шчодра хваліў вусна і пісьмова. Ці не таму, што адчуваў ува мне свайго вучня? Я таксама імкнуўся падтрымліваць любімага паэта, асабліва ў ягоныя цяжкія гады (сярэдзіна 90-х). Прынамсі, друкаваў вершы ў «тэвээлаўскім» часопісе «Калосьсе» (чамусьці апошнія гады Мінкін друкаваўся пад псеўданімам Хведар Ніцка). Аднак паэт усё больш і больш аддаляўся ад Беларусі, Полаччыны і ад мяне асабіста. Яшчэ напрыканцы 80-х я старанна імкнуўся заставацца зь ім у адным кантэксьце, у адным дыскурсе. У той час я спрабаваў утварыць паэтычную суполку пад назваю «Унія». Вядома, даслаў ліст з прапановаю і да Алега. Аднак ён адказаў стрымана: «Атрымаў Маніхвэст «Уніі» і твой ліст з прапановаю ўступіць у гэтую сябрыну. Апошнім часам (дакладней, некалькі апошніх гадоў) нямашака ў мяне асаблівага імпэту ўступаць ані ў якія суполкі з любымі лозунгамі і маніхвэстамі, зрабіў выбар на карысьць самоты, аўтаноміі і г.д.» Раіўся я зь ім і аб утварэньні Таварыства Вольных Літаратараў.

У 1991 годзе выйшаў другі - і апошні - паэтычны зборнік Мінкіна «Расколіна». Яго зьяўленьне прайшло ў беларускай літаратуры амаль незаўважна. Шчыра кажучы, гэты зборнік мяне таксама ня дужа ўсхваляваў. Ён не пераўзышоў «Сурму». Прычым я ведаў, што добрую частку «Расколіны» склалі тыя вершы, якія былі з цэнзурных меркаваньняў зьнятыя з «Сурмы». Ды я й ня мог ужо закахацца ў «Расколіну»: быў іншы час, стаў іншым і я.

У Вільні Мінкін актыўна пачаў супрацоўнічаць з «Нашай Нівай» Дубаўца. Паўсюдна прапагандаваў выданьне і сваім аўтарытэтам шмат добрага зрабіў для газэты. Ведаю, што паміж Дубаўцом і Мінкіным неўзабаве адбыўся нейкі канфлікт, пасьля чаго Мінкін зьнік са старонак «НН» (у той час паэт друкаваўся выключна ў «Калосьсі»). Колькі кепскага нарабілі гэтыя бясконцыя беларускія канфлікты! Здаецца, мы ня выберамся зь іх канчаткова... З сярэдзіны 90-х Мінкін практычна спыняе пісаць арыгінальныя вершы. Займаецца выключна перакладамі: Баляслаў Лесьмян, Цыпрыян Норвід, Леапольд Стаф... Некаторыя беларускія пісьменьнікі лічаць, што Мінкін - найперш перакладчык. Сапраўды, яго пераклады цудоўныя. Але ж для мяне ён - паэт. Аўтар «Сурмы». Мой настаўнік.

 

2001 г.


2001

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае