Алесь Аркуш

Нестар эсэссэрыі

У таталітарнай Беларусі быў, бадай што, адзіны сапраўдны яе песьняр - Вінцэсь Мудроў. Ніхто так, як ён, не захапляўся ўчорашнім сацыялізмам, з такой адданай любоўю не занатоўваў усе яго сацыяльныя праявы, гісторыі, показкі. Пры гэтым не разьлічваў на якіясь ганарары, членскі білет СП, месца ў прэзыдыюме і ляўрэацкія вянкі. Крэмзаў сабе ў сваіх вучнёўскіх сшытках, час ад часу ладзячы сяброўскія чытаньні, на якіх прысутныя аж заходзіліся ад рогату. Такі пясьняр мог зьявіцца: па-першае, на пэрыферыі, дзе ня трэба прыкладаць намаганьняў, каб заставацца нонканфармістам (ты ўсё роўна нікому не патрэбны); па-другое, у адпаведным асяродзьдзі (наконт гэтага ў Наваполацку ўсё было о'кэй); па-трэцяе, у сям'і, якая ня мела б ніякага дачыненьня да мастацтва (каб не патрапіць у наежджаную каляіну і не эстэтызаваць свой мастацкі сьвет). Не выпадкова менавіта Мудроў стаўся галоўным стваральнікам літаратурнага самвыдавецкага альманаху «Блакітны ліхтар», пятнаццаць нумароў якога былі выпушчаныя ў Наваполацку 70-х гадоў.

У краіне піянэрскіх гальштукаў і камсамольскіх сходаў патрэбная была прадушына. Дзялянка, на якой можна было праяўляць сваю бунтарскую сутнасьць, зьдзяйсьняць свой беларускі чын. (Існуе легенда, што вучань Віця Мудроў знайшоў аднойчы ў кучы школьнай макулатуры падзёрты зборнік вершаў Максіма Багдановіча, вырашыў пазьдзекавацца з вахлачых беларускіх віршаў і пачаў уголас дэклямаваць адзін зь іх. Эффект атрымаўся неверагодны - «мяшанец» Витя Мудров стаўся беларусам Вінцэсем Мудровым.)

Аднак ягоная схільнасьць да жартаўлівага ўспрыняцьця беларускага сацрэалістычнага слова засталася. Ён знаходзіў у творах беларускіх пісьменьнікаў, аўтараў «Маладосці», «Полымя» etc., мясьціны (балазе іх хапала ўдосталь), перачытваючы якія, рваў сьмехам бакі. Сваімі знаходкамі аматар беларускага краснага пісьменства дзяліўся з сябрамі, нават наладжваліся грунтоўныя чытаньні чарговай мудроўскай ахвяры. Атрымліваліся сапраўдныя вечарыны гумару. Высьмейвалася ўгодлівае, партыйна-прымітыўнае, яўна хлусьлівае бытапісальніцтва, непісьменнасьць, спэкуляцыя на «гераічнай» тэме. Найбольш «удалыя» радкі перасыпваліся зьедлівымі камэнтарамі чытальніка, яго дасьціпнымі тлумачэньнямі мастацкай канцэпцыі аўтара, фантазіямі і рэфлексіямі.

Так нараджаўся пісьменьнік Вінцэсь Мудроў. Але я ніколі не пагаджуся, што ён аўтар гумарыстычных твораў. (Гэтая часовая ніша была прыдуманая сябрамі Мудрова, каб яго аповеды ўсё ж траплялі на старонкі беларускіх выданьняў.) Гумар у яго прозе выкарыстоўваецца як прыём, як мастацкі сродак. Мудроў ня ставіць перад сабой задачу павесяліць людзей, прапанаваць ім твор для баўленьня часу. Мэта празаіка больш сур'ёзная і дзёрзкая. І калі, напрыклад, Оруэл пужае сацыяльнымі наступствамі дэспатычнага рэжыму, дык Мудроў імкнецца паказаць усю яго абсурднасьць, і ў той самы час эфемернасьць, бо ствараем таталітарызм мы самі, сваім канфармізмам, бязвольлем, лайдацтвам. Мудроў нічога не вынаходзіў. Ён узяў і гепэрбалізаваў усе тыя мастацкія прыёмы, якія выкарыстоўвалі апалягеты сацрэалізму. Абсурднасьць і марнасьць жыцьця чалавека-шрубкі ў таталітарным грамадзтве пад пяром Мудрова выяўляюцца настолькі, што гэтае жыцьцё ўвогуле падаецца нейкім саркастычным зьдзекам з існасьці і прыроды. У гэткага жыцьця цалкам адсутнічае будучыня. Герой яго твораў або бязвольна перасоўваецца ад адной бессэнсоўнай жыцьцёвай падзеі да другой, або, як толькі ў яго нараджаецца мара (няхай сабе пра ненаселены востраў на возеры Асьвея, ці вучобу ў мараходцы) і ён пачынае імкнуцца да яе, адразу патрапляе ў канфлікт з акаляючым абсурдным сьветам і, ўрэшце, абавязкова губляе нават тое, што меў. А калі герой пачынае дамагацца нейкай справядівасьці, зьяўляецца прадстаўнік дзяржавы, надзелены ўладнымі паўнамоцтвамі, і нахабна, адчуваючы поўную беспакаранасьць, дабівае героя. Што заставалася яму рабіць? Адчуваць сябе прусаком, не выторквацца, чытаць і сур'ёзна абмяркоўваць чарговы твор «важдзя», хадзіць на бязглуздыя дэманстрацыі, агучваць яшчэ больш бязглуздыя лёзунгі, імітаваць стваральную працу на прадпрыемствах або ў калгасах - і дэградаваць. Так грамадзтва цалкам і пасьлядоўна тупела, пачынаючы ад пісьменьнікаў і канчаючы пастухамі.

Вось такія ў Мудрова «жарцікі». І таму ніякі ён не гумарыст, і «Вожык» няхай на яго не спадзяецца. Працы ў змагароў з таталітарызмам хапае і сёньня, бо Беларусь яшчэ далёка да цывілізаванае краіны. Толькі працярэбліваем новы шлях. З пакутамі і бясконцымі хістаньнямі. Мудроў жа застаецца адданым сваім перакананьням і мастацкай місіі. Пасьля двух афіцыйных кніжак (у год саракагодзьдзя «маладога» празаіка) ён не падаўся ў СП, а ўвашоў у Таварыства Вольных Літаратараў. Рэдагуе творы для тэвээлаўскіх «Калосьсяў» і «Ксэракса Беларускага», і піша пераважна для гэтых незалежных выданьняў. (Ад каго незалежных? Ад дзяржавы.) Як і раней, пасьмейваецца з твораў беларускай сучаснай літаратуры, адстойвае Беларушчыну на старонках наваполацкай «Новай газеты», у якой працуе, прафесійна малюе палітычныя карыкатуры (асабліва ўдала ў яго атрымліваўся сп. Кебіч), вывучае альбанскую мову (Альбанія - ягонае другое пасьля літаратуры захапленьне), сьпявае песьні Валерыя Абадзінскага, зьдзекуецца са сваіх сяброў, любіць балбатаць ні аб чым, але баіцца вялікіх кампаніяў, ніколі не здымаўся на тэлебачаньні (колькі ні ўгаворвалі) і не даваў інтэрвію радыёжурналістам, нават на тэвээлаўскіх імпрэзах прысутнічае рэдка, у час перадвыбарнай прэзыдэнцкай кампаніі зьбіраў подпісы за Пазьняка.

Калі б мяне спыталі - дык што ж урэшце піша Мудроў і якая ў яго сапраўдная ніша? - я адказаў бы: Мудроў бацька беларускага сацарта. Пачытайце яго ўважліва, і вы адчуеце, як пазбаўляецеся шаблённага ўспрыняцьця навакольнай рэчаіснасьці і незамглёнымі вачыма пачынаеце дэталёва распазнаваць ўвесь абсурд жыцьця чалавека-шрубкі.

 

1994 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com