epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Аркуш

Прысуд валадара

Ішоў суд. Дакладней, скандальнае разьбіральніцтва сканчвалася. Апошні дзень абяцаў быць цікавым. Ніхто не сумняваўся ў вінаватасьці падсуднага. Злачынства, якое ён зьдзейсьніў, шакавала грамадзтва. Сьвет бачыў на сваім вяку процьму брыдоты, але гэткай... Доказы вінаватасьці былі настолькі відавочнымі, што не патрабавалі працяглага судовага разгляду.

Апошняе слова мусіў сказаць бацька падсуднага. Калі б ня ён, магчыма, ніхто і не наладжваў бюракратычных, пыхлівых паседжаньняў - з парыкамі, сьведкамі, судовымі прысяжнымі, абаронцамі, абвінаваўцамі, па ўсіх казённых правілах і законах. Яго б закідалі камянямі, утапілі б у бочцы з памыямі, засілілі б хвастом асла, зьдзёрлі б скуру, укрыжавалі... Наўрад ці ён уваскрос бы па прыкладу пана Езуса.

Такое не даруецца.

Аднак бацька вельмі любіў сына. Усе памяталі, як ён першы раз дараваў улюбёнаму неслуху. Ніхто ў горадзе тагды не абурыўся ўголас, не запатрабаваў разьбіральніцтва і кары. Пляткарылі жанкі, з гіроніяй узгадвалі пра тое мужчыны. Зьдзіўляліся з валадара, такога суворага і бязьлітаснага да іншых, нават да крэўнікаў. Сваім учынкам сын зьняважыў бацьку пры сьведках, дзёрзка і груба. Калі б зрабіў гэткае хто іншы... О, няшчасны! Кара не затрымалася б ні на хвіліну. Сьведкі здарэньня пераказвалі: як пачырванеў твар валадара, як мёртва ўчапіліся ягоныя пудовыя далоні ў сьпінку фатэля, як пачуўся гартанны хрып... Бацька дараваў. Ён перасіліў сябе, загасіў полымя гневу, праглынуў абразу як нешта гідкае, але неатрутнае, роднае...

Усе памяталі тое здарэньне. Таму ў горадзе панавала насьцярожлівае чаканьне. Людзі патрабавалі суду, але не былі ўпэўненыя ў правасудзьдзі. Учынак сына гэтым разам быў такі блюзьнерскі, такі агідны і грахоўны, што зацьміў усе папярэднія вырабленьні паўналетняга «вісуса». Бруднае злачынства разбуральна ўзьдзейнічаў на жыцьцё места, як кропля атруты, што выпадкова патрапіла ў калодзеж. Месьцічы адчувалі небясьпеку, незразумелую, мэтафізычную - не ад чужынскае навалы, не ад стыхіі прыроды, не ад заразьлівае пошасьці. Нейкая, нябачная воку, дэструкцыя, іржа, гніеньне... Набліжэньне распаду... Гэта закранала лёс кожнага. Гэта пужала і прытупляла страх перад уладай.

Людзі патрабавалі суду.

Ніхто ня слухаў абвінаваўцаў. Ніхто ня слухаў абаронцаў. Людзі чакалі выратаваньня.

Абвінавачаны ня ўтойваў свайго ўдзелу ў гнюсным учынку. Ён зьдзекваўся над усім: над богам і людзьмі, над праўдай і маной, над справядлівасьцю і беззаконьнем, над зямлёй і небам. Ён па-акторску дэманстраваў сваю беспакаранасьць. Бязьмежнае нахабства блюзьнера паралізоўвала людзей, прыдушвала незварушнай роспаччу.

Людзі вагаліся: або прымірыцца з несправядлівасьцю і фаталістычна чакаць наканаванага канца, або паспрабаваць ратавацца ўласнымі вымогамі.

На другі дзень разьбіральніцтва ў суд прыйшоў чалавек з плякатам: «SUMMOS CUM INFIMIS PARI JURE SUNT»*. Сьмельчака вывялі з залі і больш яго ніхто ня бачыў.

* Перад законам усе роўныя. (Лац.)

Назаўтра ўсе сьцены горада былі сьпісаныя словамі старажытнай мудрасьці.

 

...Тантал вырашыў выпрабаваць багоў. Няўжо яны такія праніклівыя, як выдаюць наўсяж?! Няўжо прыдуманае, прытрызьненае немагчыма ўвасобіць у жыцьці, няўжо нельга рабіць «як хачу»? Тантал з халодным сэрцам, нібы пеўня, забіў свайго сына Пэлопса, згатаваў зь яго страву і прынёс на пачастунак багам. Ён не даваў веры найвышэйшай праніклівасьці. Хто можа пачуць ягоныя думкі? Хто можа падгледзець ягоныя таемныя ўчынкі? Калі ты сам-насам - ты і ёсьць адзіны сьведка, лічыў ён. Ці ёсьць адзінота? Ці ёсьць таямніца? Калі ты схлусіў і ніхто гэтага не дазнаўся, ці ёсьць твая хлусьня праўдай?

 

Бывай Тантал!

Аід не гаспадар - ён Пан і Бог,

Ён сустракае кожнага абдымкам,

Ягоная гасьціннасьць - хітрыкі пракуды,

Дзіця - якому безьліч год.

І ты, ахвяра ўласнага нахабства,

Вар'ятам аглядаеш сьвет фантомаў,

Зьняверлівы ва ўсім, ва ўсіх, -

Бывай Тантал!

 

...Булановіч загарнуў кнігу. Ходзікі паказвалі другую гадзіну ночы. Хацелася піць. Босымі нагамі ён патупаў на кухню, пачарпнуў конаўкай з металёвага вядра і прагна, вялікімі глыткамі, пачаў глытаць ваду. Халодная вадкасьць наструніла цела і ён адчуў нэрвовы ток у правай скроні.... Пазаўчора ад гэтай мілай жанчыны ён даведаўся такое, што другі дзень прымушала яго зноў і зноў вяртацца ў думках да страшных калізій пачутага. Штучным сюжэтам кніжнага аповеду ён паспрабаваў перахітрыць уражлівы мозг - з гадзіну вадзіў вачыма па радках кнігі, ды толькі яшчэ больш разьвярэдзіў душу.... Адмовіцца ад бацькі і прадаць брата, калі той прасіў дапамогі і свой лёс, без ваганьняў, даручыў сястрыцы! Дзе тут здрада, а дзе партыйны абавязак? Хто вораг, а хто не? І што такое суд?

Булановіч уступаў у супярэчлівасьць з рэчаіснасьцю. Нічога не замінала яму рабіць партыйную кар'еру. Ордэнаносьбіт, удзельнік грамадзянскай, з рабочых, меў адукацыю і практычны розум, хапаў усё на ляту. Такія людзі патрэбныя новай уладзе. Аднак дзяцюк выразна адчуваў, што нешта ў сярэдзіне супраціўляецца сацыяльнаму пакліканьню. Нешта нашэптвае, папярэджвае. Булановіч злаваўся і з падвойным імпэтам браўся за партыйную справу. Новае жыцьцё, якое зацягвала як вір, на вачох рабілася цікавейшым, больш дынамічным. Сяброўскія бяседы зь віном па вечарох, тэатар і кіно ў кампаніі з разумнымі, прывабнымі жанчынамі, мілосныя прыгоды, а днём - калатнеча грамадзкіх справаў па ўсталяваньні новых адносінаў між людзьмі, адносінаў братэрства і роўнасьці. Дзень пралятаў як сон. Рэальнае жыцьцё пачыналася ўвечары. Яно замаруджвалася, як хада шыкоўнага міжнароднага цягніка ля соннай станцыі. Лагаднеў бег шалёных хвілінаў. Жыцьцё, якое пачынала факусавацца на дробных дэталях, набывала вабнае, юрлівае аблічча. Вярталася ўласнае «я», з патаемнымі жаданьнямі, патрабаваньнямі цела і маладой крыві. Булановіч ціхай насьмешкай сустракаў чарговую параду бацькоў - не затрымлівацца з жаніцьбай. Разьмяняць свой вольны статус на хамут сямейных клопатаў? Не! Яшчэ пасьпеецца. Ён пачаў успрымаць бацькоў, як малых дзяцей, якія не разумеюць мудрагелістасьці і шматаблічнасьці цяперашніх дарослых дачыненьняў. Іх клопаты выглядалі дробненькімі і архаічна-патрыярхальнымі. Пэрспэктыўны малады партыйны функцыянэр жыў асобна ад бацькоў, таму няхітрая апека блізкіх не раздражняла Белановіча. Наадварот, яму самому падабалася дапамагаць старым - і харчамі, і парадамі адносна прыстасаваньня да новых парадкаў.

Час ад часу, калі апаноўвала бессань, Булановіч заплюшчанымі вачыма да драбніцаў разглядваў адваротны бок Месяца цяпершчыны. У дзяцінстве, падчас вучобы ў народным вучылішчы, ён захапіўся чытаньнем, чытаў дзень і ноч, падарожнічаў зь героямі кнігаў па далёкіх, дзіўных краінах, рабіўся сьведкам неверагодных прыгодаў, у думках сягаў у вабнае, паўнавартаснае, шматколернае жыцьцё. А наўкол панаваў шэры сум. Ён адчуваў, што звыклае, рэальнае жыцьцё, якое каструбаватым шаронам пакрывала тутэйшыну да недасяжнага далягляду - кепскае, зануднае, разбуральнае. Водсьветы чагосьці іншага, прывабнага мроіліся наперадзе. Аднак чым далей Булановіч рухаўся насустрач мройным агеньчыкам, тым часьцей яго наведвалі прыступы пэсымізму. Ён стамляўся ад сяброўскіх вячорак, яго раздражнялі эмансыпаваныя жанчыны ў скуранках, было прыкра назіраць за двулікасьцю новай улады. Булановіч меў прыстойнае выхаваньне, а сьветлы розум не дазваляў яму па-чорнаму глушыць трывожныя падазрэньні гарэлкай.

Булановіч быў кансэрватарам. Ён любіў упарадкаванае жыцьцё, прыгожае сваім ладам і сэнсам. А ў гэтай бессэнсоўнай мітрэнзе, спрадвечныя жыцьцёвыя прызначэньні, якія згубіліся і пераблыталіся паміж другасным і нават шкодным, несьліся ў нейкую пагібельную невараць. Дзень рабіўся як страшны сон - жорсткім, па-воўчаму драпежным. А ноч губляла ўсялякія прыстойныя межы, яна ператваралася ў суцэльную воргію, пір сярод чумы.

Ён паспрабаваў ратавацца кнігамі, але творы сучасных аўтараў здаліся яму горшымі за наўкольнае бязладзьдзе, больш нуднымі і няшчырымі. У кнігах не было той кансэрватыўнай гармоніі, раўнавагі, якой шукаў Булановіч. Ён знаходзіў між радкоў падабенства з малюнкамі свайго дзяцінства, з сучаснымі партыйнымі задачамі дня, але гэтыя згадкі толькі вярталі былую дзіцячую роспач. Да яе дадаваліся дарослыя расчараваньні. Аблокі юначых летуценьняў упарта разганяў вецер. Разуменьне таго, што ён нічога ня можа перайначыць у сваім лёсе, ня можа пайсці ў іншым кірунку, драпала кіпцямі душу. Яго несла ашалелая плыня, як трэску, як пёрка птушкі, а спадчынная памяць пра дрэва і лес, пра крылы і неба вярэдліва не давала спакою. Ён ня мог схавацца ад наканаванага ў гэтым вялікім горадзе, ён ня мог схавацца ў вёсцы, ва ўсёй краіне. Яго ніхто б не шукаў, ён сам знайшоўся б, сам выдаў бы сябе, як жырафа між родных хмызьнякоў і пералескаў.

Адмовіцца ад бацькі і прадаць брата!

Булановіч праз вакно свайго другога паверху зірнуў на знаёмую да драбніцаў, напаўасьветленую вулку. Аднекуль, як восеньская лістота, куляўся па бруку сьмех. Насупраць ягонага дому два выпівохі, трымаючы адзін аднаго, сунуліся ў бок Кастрычніцкай. Верасьнёўскі парывісты вецер гайдаў галіны дрэў, біў потнымі лапамі па шыбах, трывожна гуляў па сьценам сьвятлом ліхтароў, ад чаго здавалася, што хісталіся нават камяніцы....

Два апошнія вечары Булановіч праводзіў у сваёй кватэры на адзіноце.

Ён сеў за пісьмовы стол, уключыў настольную лямпу і пачаў пісаць. Хутка, прапускаючы літары ў словах, ня ставячы кропак і косак....

 

Суд набліжаўся да разьвязкі. Праз якіх пяць хвілінаў усё мусіла скончыцца. Судовая заля нагадвала паверхню става, па якой пераднавальнічны ветрык ганяе рабізну. Прысутныя проста чакалі. Усе меркаваньні і прадказаньні даўно шматкроць абгавораны. Людзі былі гатовыя да ўсяго і, здавалася, калі б сам Зэўс пакараў гэтага падшыванца, як некалі Тантала, што ўявіў сябе богам, дык ніхто б не зьдзівіўся.

Аднак далейшыя падзеі пачалі разгортвацца нечакана для ўсіх. Нават для падсуднага.

Валадар у атачэньні сьвіты рашучым крокам увайшоў у судовую залю. Воі, што суправаджалі свайго гаспадара, засталіся ля ўваходу. Валадар адзін прайшоў спаміж скамянелых грамадзянаў, якія таропка паўскоквалі з лаваў пры ягоным урачыстым набліжэньні і замерлі, нібы ўдзельнікі дзіцячай гульні «ў чараўніка». Ганаровы госьць абмінуў усіх і прыпыніўся насупраць сына. Валадар сапраўды нагадваў чараўніка: урачыста апрануты, загорнуты ў крамяны бліскучы чырвоны плашч, які хаваў затлусьцелыя абрысы цела, таямнічы, з тэатральна замаруджанымі рухамі, з халодным, адсутным выразам на твары.

Бацька хвіліну глядзеў у сынавы вочы. Сын, які да гэтага працягваў сядзець, нетаропка ўзьняўся на ногі, але не выструніўся як усе, а стаў расслаблена, самавіта, усім сваім відам як бы тлумачачы прычыну візыту высокага госьця.

Як толькі сын узьняўся, валадар павярнуўся да залі і голасна вымавіў: «Dicere jus!»* Рэха суворага голасу паволі абляцела ўсе закуточкі залі - і зноў усталявалася мёртвая ціша.

* Вяршыць суд! (Лац.)

Валадар чакаў. Прысуду? Апраўданьня? Каб гэтае ведалі судзьдзі! Чаго ён чакае? ЧАГО?!

Валадар на нешта спадзяваўся. На водгук, рух, слова, знак? Ён марудзіў.

Кроў ударыла ў ягоны напружаны твар. Ён другі раз выгукнуў: «Fiat justitia, pereat mundus!»* Яшчэ гучней, яшчэ сталёвей.

* Няхай загіне сьвет, але адбудзецца правасудзьдзе! (Лац.)

І адразу воі - нават рэха не суцішылася між скляпеньняў - узьнялі адмысловыя кароткія мячы ў паветра і мэханічна, як спрацаваныя сяляне за звыклаю працай, пачалі секчы людзей. Усіх без разбору. УСІХ.

Усчаўся страшэнны вэрхал. Кроў вадалівамі пырскала ва ўсе бакі.

І толькі дзве постаці стаялі незварушна. Бацька і сын. Бацька адсутным тварам назіраў за пабоішчам - ніводны мускул валявога твару ня выдаваў душэўны стан валадара. Сына ж трэсла ліхаманка. Дрыжачыя ногі падкошваліся, твар пабялеў, здавалася, вось-вось яго званітуе.

На чырвоным бліскучым плашчы валадара, якім ён ахайна захінуўся, чужая кроў была амаль не заўважная. Затое сына яна залівала з ног да галавы. Ён затуляў рукою твар, але гэта не дапамагала - кроў лілася на вопратку, на валасы, за каўнер.

Праз якіх пяць хвілінаў усё было скончана. І зноў усталявалася мёртвая цішыня. Нават не было чутно стогнаў параненых. Разгарачаныя воі, як па знаку чараўніка, вобмірг застылі ў незвычайных паставах.

Валадар, нібы прафэсыйны актор, што звыкла чакаў канца апошніх апладысмэнтаў, замінаючых маналёгу, зноў голасна прамовіў: «In confidentem nullae sunt partes judicis!»* Затым імклівымі рухамі ён выхапіў з похваў меч і па самыя тронкі ўсадзіў бліскучае, аздобленае мудрагелістымі карункамі, халоднае лязо ў жывот сына.

* Калі абвінавачаны прызнаўся, судзьдзя не патрэбны! (Лац.)

Падсудны, які і да гэта ледзь стаяў на нагах, як сноп паваліўся на ліпкую, чырвоную падлогу.

Валадар выпрастаўся, зноў павярнуўся да залі і ціха, бадай для сябе, сказаў заключныя словы гэтага крывавага спэктаклю: «Justitia in suo cuique tribuendo cernitur!»*

* Правасудзьдзе патрэбна разглядаць як сплочваньне кожнаму свайго. (Лац.)


1991-2003?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае