epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Аркуш

«Стаць эўрапейцамі, застаўшыся беларусамі»

Маё знаёмства з Ігарам Бабковым адбылося на адным зь першых пасяджэньняў літсуполкі «Тутэйшыя». У той час я вучыўся на апошнім курсе наргасу і штодзень езьдзіў на заняткі з Жодына. Запрашэньне на ўдзел у «Тутэйшых» я атрымаў па пошце ад Алеся Бяляцкага па рэкамэндацыі Анатоля Сыса. Улічваючы бэсэсэраўскую «вандэйнасьць», гэта быў рызыкоўны праект - нечуванае вальнадумства і апазыцыйнасьць. Першыя арганізацыйныя захады рабіліся кансьпіратыўна. Сустрэчы адбываліся ў інтэрнацкім пакоі асьпіранта АН БССР Алеся Бяляцкага. Палова першага актыву суполкі ніякага дачыненьня да літаратуры ня мела, як, напрыклад, Генік Лойка і Алесь Костка - проста надзейныя беларуска-сьведамыя хлопцы. Першы раз на пасяджэньне я патрапіў 15 лютага 1987 году. Якраз у той дзень адбывалася калектыўная чытка крамольнай п'есы Купалы «Тутэйшыя» і апошняе абмеркаваньне - варта ці «не» называцца «тутэйшаўцамі». У той вечар я і пазнаёміўся з Ігарам Бабковым. Пасьля таго, як шаноўны сход прыйшоў да кансэнсуса - назва «Тутэйшыя» тое, што трэба, - Алесь Бяляцкі прапанаваў абмеркаваць вершы пачаткоўца, прозьвішча якога мне нічога не гаварыла. Здаецца, на той час Ігар яшчэ ня меў ніводнай публікацыі. Ва ўсякім разе тыя вершы, якія ён прачытаў, ніводае афіцыйнае беларускае літ. выданьне ў 1986 годзе не надрукавала б. У такіх выпадках супрацоўнікі рэдакцый аднолькава тлумачылі прычыну адмовы - хіба такія вершы ў нас хто зразумее? У 1992 годзе некаторыя з тых твораў, якія я пачуў на сваёй першай «тутэйшаўскай» сходцы, былі надрукаваныя ў зборніку «Solus Rex» (Менск, «Мастацкая літаратура»), за якую Ігар Бабкоў атрымаў літ. прэмію за лепшую кнігу года «Гліняны Вялес» (1993), заснаваную Таварыствам Вольных Літаратараў. Праўда, кніжка гэтая выйшла накладам 300 асобнікаў і разышлася пераважна па знаёмых (зь Менску мне яе прывёз Уладзімір Арлоў). А першая «тутэйшаўская» presentation прайшла для Ігара надзвычаў горача, бо ягоныя вершы былі моцна скрытыкаваныя Анатолем Сысам. Не памятаю, што менавіта не спадабалася паэтычнаму каралю канца 80-х, але Анатоль катэгарычна заявіў, што гэта пакуль ня вершы. Бараніў пачаткоўца Алесь Бяляцкі, які некалькі разоў назваў Бабкова «файным» паэтам, а ягоныя версіфікацыйныя эксперыменты - «файнымі» вершамі.

Больш блізкае знаёмства зь Ігарам Бабковым у мяне адбылося праз год на «іслацкай» нарадзе маладых. Яна пачалася 5 сьнежня 1988 году. Я ўжо стала жыў у Наваполацку, меў кніжку, сям'ю і нават сына (з чым мяне афіцыйна павіншаваў інфармацыйны «тутэйшаўскі» бюлетэнь «Кантроль» (!)). На нараду прыехала шмат цікавай літ. моладзі. Сама па сабе сфармавалася групоўка, якая трымалася разам на абмеркаваньнях і ўвогуле паводзіла сябе радыкальна - у выказваньнях, дыскусіях, кулуарах. Гэтыя творцы мелі блізкія погляды на творчасьць і, пазьней, менавіта яны склалі ядро «элітарнага» крыла маладой беларускай пазіі (тэрмін «элітарная» выкарыстаны ўмоўна і хутчэй зьяўляецца антонімам слову «масавая»). Ігар Бабкоў, Юрась Пацюпа, Галіна Дубянецкая, Тацяна Сапач. На нарадзе яны стварылі свой рукапісны ворган - насьценную газэту «Масонская лажа». Ніякага перасьледу за гэта не было, але вывесіць газэту на шырокае азнаямленьне не дазволілі. Напэўна, пасьля нарады і нарадзілася ў мяне ідэя неяк фармалізаваць знойдзенае паразуменьне маладых паэтаў. Я напісаў маніхвэст паэтычнай суполкі «Вунія» і разаслаў «дакумэнт» меркаваным яе сябрам, у тым ліку і Ігару Бабкову. Ён адказаў грунтоўным разглядам. Назваў атрыманы тэкст хутчэй статутам, бо калі пісаць маніхвэст, дык «ён таксама мусіць быць творам мастацтва - паэзіяй або эсэ ці штосьці іншае. Тады ён мае глыбіню і шматмернасьць. І галоўнае - у ім павінны быць не намеры і абяцаньні, а думкі і ідэі, якія істотным чынам паўплываюць на існаваньне мастацтва сёньня». Ігар не адмаўляў ідэю стварэньня суполкі, але ўбачыў у яе назове іншыя далягляды. «Мне здаецца, сам назоў правакуе на ідэю ЎЗЬЯДНАНЬНЯ З ЭЎРОПАЙ - а што ёсьць вунія! Штосьці накшталт - «станем эўрапейцамі, застаўшыся беларусамі».

«Вунія» так і не была створана. Я тады ня мог дакладна патлумачыць неабходнасьць узьнікненьня падобнай суполкі. Гэта цяпер стаў разумнейшы - патрэбна для фармаваньня пэўнага літаратурнага кантэксту, калі хочаце прывабнай гісторыі літаратуры; спрыяе літаратурнаму працэсу - акрэсьлівае вэктар разьвіцьця і эстэтычных пошукаў; дапамагае выконваць шэраг функцыянальных, арганізацыйных задач. «Вунія» зьявілася прадвесьніцай Таварыства Вольных Літаратараў.

Па вялікаму рахунку Анатоль Сыс на тым даўнім пасяджэньні «Тутэйшых» слушна адчуў іншыя схільнасьці Ігара Бабкова - паэзія сталася не галоўнай яго стыхіяй. Творца больш прываблівала філязофскае думніцтва. Ім быў створаны Цэнтар эўрапейскіх досьледаў і культурных ініцыятываў «ЭўраФорум». Ігар заставаўся адданым прыхільнікам няпростай мэты - «стаць эўрапейцамі, застаўшыся беларусамі». Ён крочыць у гэтым накірунку.

 

1996 г.

 

P.S. У лістападзе 1997 году я правёў зь Ігарам Бабковым некалькі дзён у Парыжы, але гэта ўжо іншая гісторыя.


1996

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае