epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Аркуш

Вяртаньне ў «Тутэйшыя»

Шмат разоў прасіў былых «тутэйшаўцаў» напісаць успаміны і ўкласьці кнігу. Прасіў Бяляцкага, Сыса, іншых. Той-сёй нешта напісаў, пераважна неістотнае і, часам, непраўдзівае. Такім чынам, зноў замест адказаў пакідаем пытаньні... Пакуль канчаткова ня выпетрыліся з галавы падрабязнасьці тых падзеяў, паспрабую занатаваць старонкі гісторыі, сьведкам якой быў асабіста, балазе, маю вялікі архіў - лісты, дзёньнікавыя запісы, тагачасныя газэтныя публікацыі. Спадзяюся, некалі ўспаміны «тутэйшаўцаў» нехта рупліва зьбярэ ў кнігу.

Адразу папярэджу, што ў «Тутэйшых» быў шараговым сябрам, у ніякія кіраўнічыя ворганы не ўваходзіў, і таму ня ведаю «вышэйшых сакрэтаў». Прынамсі, доўгі час я лічыў, што «Тутэйшыя» паўсталі выключна з ініцыятывы Бяляцкага й Сыса, сяброў па гомельскім «унівэры». Але пазьней, у сярэдзіне 90-х, Генадзь Сагановіч паведаміў мне, што Б. і С. былі ўсяго толькі выканаўцамі, а ідэя стварэньня суполкі належыла іншаму чалавеку, які насамрэч кіраваў ёю. Гэтае прызнаньне падобнае да праўды, я асабіста веру ў тое. Аднак дакладна сьцьвярджаць ня маю права, бо, паўтаруся, ня быў далучаным да таямніцы.

І яшчэ адна заўвага. Я асабіста лічу, што «Тутэйшыя» існавалі датуль, пакуль у дзейнасьці літсуполкі прысутнічала рызыка, таямнічасьць і кансьпірацыя. Калі аб'яднаньне «Тутэйшыя» вырашыла легалізавацца й ператварылася ў Таварыства маладых літаратараў пры СП БССР, суполка сканала.

 

Каб патрапіць у «Тутэйшыя», патрэбна была рэкамэндацыя. Мне такую рэкамэндацыю даў Анатоль Сыс. З Анатолем я пазнаёміўся ў ліпені 1986 году ў рэдакцыі часопіса «Маладосьць», куды пэрыядычна заходзіў па навіны да Яўгеніі Янішчыц. Да маіх першых вершаваных спробаў вядомая паэтка паставілася прыхільна й, пасьля азнаямленьня з рукапісам, сказала: «Будем ставіць». Аднак папрасіла прынесьці яшчэ адну нізку вершаў, каб выбраць лепшае. Прыхільнасьць вядомае паэткі не азначала, што ставіць будуць заўтра, ці ў гэтым месяцы, ці ў гэтым годзе. Упершыню Янішчыц адабрала мае вершы для друку ў верасьні 1985 году. А мой дэбют у «Маладосьці» адбыўся ажно ў чэрвені 1987-га. Я чуў з аповедаў дасьведчаных людзей, што чакаць даводзіцца доўга. Але каб столькі!.. Час чаканьня цягнуўся марудна й пакутліва, а вершы ў часопісе ўсё не зьяўляліся. Некалькі разоў я заходзіў да Янішчыц, каб пацікавіцца: калі ўжо, нарэшце? Яна прыязна пасьміхалася й запэўнівала, што ўсё нармальна, але трэба пачакаць яшчэ, маўляў, чарга. У адзін з такіх візытаў я й пазнаёміўся з Сысам. Летам 86-га легендарнаму паэту «новай хвалі» мяне прадставіў Віктар Шніп, якога я ведаў па літаб'яднаньні «Крыніцы», што пад апекай Раісы Баравіковай працавала пры газэце «Чырвоная зьмена». Дарэчы, на «Крыніцах», яшчэ напачатку 85-га, я пазнаёміўся і з Адамам Глёбусам, і з Славамірам Адамовічам, і зь Людкай Сільновай. Культавае Глёбусаўскае апавяданьне «Слон» я ўпершыню пачуў у аўтарскім чытаньні ў рэдакцыйным пакоі «ЧЗ», і друкавалася яно ўпершыню ў гэтай камсамольскай газэце. Больш нідзе б не надрукавалі. Баравікова любіла Валодзю Адамчыка. Але я ня памятаю, каб у «Чырвоную зьмену» заходзіў Сыс. Першая мая размова з Анатолем доўжылася больш двух гадзінаў. Ён апавядаў пра «Талаку», з паэтаў вызначаў Галубовіча й Бембеля (апошняга лічыў сваім настаўнікам). Вельмі раўніва ставіўся да Глёбуса. Нядаўні выпускнік «філфаку» гомельскага «ўнівэру» на той час меў усяго некалькі публікацыяў у цэнтральным друку, аднак быў прыкметна сьпешчаны славай і ўвагай. Сыса ўжо ў той час я ўспрымаў, бадай, як жывую легенду, як прыжыцьцёвага клясыка.

Першы зборнік Анатоля Сыса «Агмень» выйдзе ў 1988 годзе ў толькі што створанай сэрыі «Бібліятэка часопіса «Маладосьць». (Зьяўленьне гэтай кніжнай сэрыі пасьля будзе падавацца галоўным дасягненьнем «Тутэйшых».) Зборнік меў парадкавы нумар 3. Мой зборнік «Вяртаньне», які выйшаў неўзабаве за Сысаўскім, меў нумар 5. (Я назваў свой першы зборнік «Немаўля», аднак рэдактар кнігі Леанід Дайнека сказаў, што назва няўдалая, таму ён пераназваў зборнік на «Вяртаньне». Пачуўшы пра гэта, я ня стаў асабліва пярэчыць. Мне, па шчырасьці, да апошняй хвіліны ня верылася, што выданьне маёй кнігі ўвогуле магчыма). Чаму гэта ўзгадваю? Я па сёньняшні дзень не магу даць веры, што ўвайшоў у літаратуру разам з Анатолем Сысам, прынамсі, нашыя першыя кнігі выйшлі ў адзін год. Мне ўсё яшчэ здаецца, што Анатоль, як мінімум, з пакаленьня Галубовіча, або Шніпа. Бо ў нейкім сэнсе ён быў для мяне настаўнікам.

Аб новай літаратурнай суполцы, якую зьбіраецца ствараць літмоладзь, я пачуў ад Сыса. Адразу пасьля нашай першай сустрэчы ён пачаў апекавацца мной. Увесь час прасіў прыносіць новыя вершы. Я прыходзіў да яго ў інтэрнат (ён тады працаваў на тэлевізіі й меў ад працы пакойчык). Сыс тэатральна чытаў мае вучнёўскія спробы-вэрсіфікацыі і гэтак жа тэатральна іх пляжыў, не пакідаючы нават кволай надзеі. Але, напрыканцы свайго разбору прасіў прыносіць вершы яшчэ. Ня ведаю, ці піў ён тады, як п'е зараз. На колькі памятаю, у тыя гады я ніводнага разу ня ўдзельнічаў з Сысам у справе спажываньня алькаголю. Прычым, сустракаўся зь ім амаль штотыдня, бачыў Толіка й на падпітку, але ў большасьці выпадкаў Сыс мне трапляўся цьвярозы. Сёлета Леанід Галубовіч напісаў артыкул пра Сыса для «Нашай Свабоды» (25.07.2000), у газэце зьмешчаны фотаздымак, на якім Сыс і я. Падпісана, што зьнята ў 1990 годзе. На самой справе гэта здымак 1986 году, яшчэ «перадтутэйшаўскага» часу.

У 80-х я вучыўся ў «наргасе», але жыў у бацькоў у Жодыне й штодня езьдзіў на заняткі электрычкай. На другім ці трэцім курсе ў мяне здарыўся канфлікт з дэканам, і той загадаў не даваць «наглецу» месца ў інтэрнаце - прыйшлося да сканчэньня ВНУ дабірацца на заняткі чыгункай. Лісты да мяне ішлі на бацькоўскі адрас. 12 лютага 1987 году я атрымаў па пошце дзіўнае, таямнічае запрашэньне. На кальцы было надрукавана: «у 19.00 Нядзеляй, 15 лютага, па вул. Акадэмічная, 3, п.32 (дакумэнты здаваць на Капліча Валерыя) адбудзецца чарговая сустрэча літаратурнай суполкі Тутэйшыя. Першым пытаньнем - чытаньне і разгляд драмы Я.Купалы «Тутэйшыя». Другім - абмеркаваньне вершаў новага сябры Тутэйшых. Трэцьцім пытаньнем - праблемы Тутэйшых. ТУТЭЙШЫ»

Я, канечне, паехаў. Хаця, прызнаюся, хваляваўся. Ва ўсім гэтым «свавольстве», відавочна, прысутнічала рызыка. Але цешыла тое, што мне давяраюць, мяне лічаць вартым гэтае рызыкі.

Кожнаму сябру суполкі заўсёды паведамлялі ў запрашэньні, на каго трэба здаваць на вахце дакумэнты, бо вольна ў асьпіранцкі інтэрнат, як і ў любы студэнцкі, не пускалі. Пазначалі розных людзей - нельга было «сьвяціцца» і паказваць, што ўсе прыйшлі па адной справе, у адзін пакой, да аднаго чалавека. Кансьпірацыя. Я і сёньня ня ведаю, хто такі Валера Капліч, да якога я хадзіў на Акадэмічную, 3.

Зь першага паседжаньня запомніліся тры чалавекі: Сяргей Харэўскі, Міхась Талочка і Ігар Бабкоў. Вёў паседжаньне Бяляцкі. Афіцыйна, ледзь не па пратаколу. Высьветлілася, што хлопцы ўжо назваліся «Тутэйшымі», аднак Ніл Сымонавіч Гілевіч, пачуўшы пра гэта, іх моцна раскрытыкаваў і параіў прачытаць аднайменную п'есу Янкі Купалы. Памятаю, што на паседжаньні чыталі п'есу па нейкай старой кнізе, бо гэты твор на той час быў яшчэ забаронены цэнзурай і ад 20-х гадоў не перавыдаваўся. Харэўскі запомніўся вопраткай: чорны плашч, капялюш - рыхтык агент выведкі з замежнага фільму. Паводзіў сябе сур'ёзна, і вёў выключна «канцэптуальныя» гутаркі. Сыс называў яго «французам».

У капелюшы хадзіў і Талочка. Пазьней я неаднаразова спрабаваў даведацца ў сяброў суполкі: што піша гэты Талочка, і ці піша ён ўвогуле? Усе ў адказ паціскалі плячыма. Талочка быў супрацьлегласьцю Харэўскаму - балаболіў абы што, хахміў, рагатаў і сваволіў. Прычым, завіхаўся пераважна вакол Сыса. Я быў хлопцам сур'ёзным і такія людзі мне не пасавалі.

Бабкоў запомніўся зь іншай нагоды: ён аказаўся тым новым сябрам «Тутэйшых», якого мусілі, пасьля абмеркаваньня ягоных вершаў, прыняць у суполку. (Тут у мяне ўзьнікае пытаньне: якім чынам быў прыняты ў «Тутэйшыя» я? Мая творчасьць пры ўступленьні калектыўна не абмяркоўвалася. Напэўна, падзейнічала Сысаўская рэкамэндацыя). Бабкова прадстаўляў Бяляцкі. Новы сябар суполкі чытаў дзіўныя, мэдытацыйныя вершы. Сыс катэгарычна іх не ўспрымаў, называў «шызоідамі». Бяляцкі спрачаўся й некалькі разоў тлумачыў Сысу, чаму ён лічыць гэтыя вершы «файнымі». «Беларускай паэзіі, - казаў ён, - не хапае мадэрновых, эўрапейскіх твораў». Бабкоў трымаўся сьціпла, відавочна, хваляваўся; здаецца, і не спрабаваў бараніцца.

Але спачатку абмяркоўвалі назоў суполкі. Прачытаўшы некалькі значных урыўкаў з драмы Купалы (бо, каб прачытаць усю драму, бракавала часу), пачалі абмен думкамі. Для мяне гэта было ўсё ў навіну, бо я ня быў яшчэ дасьвечаным у дэталях беларускага нацпытаньня, і нават пра п'есу «Тутэйшыя» чуў упершыню. Ніякай спрэчкі, здаецца, і не было. Усе шукалі аргумэнты дзеля апраўданьня назову. Гучала некалькі вэрсіяў: «Беларусі пакуль няма, таму й беларусаў няма, ёсьць толькі тутэйшыя, а мы іх частка». Гучала і такая вэрсія: «Будзем называцца «тутэйшымі», каб нават сваім назовам цьвяліць сумленьне беларусаў».

Памятаю, што на паседжаньні я сядзеў побач з Алесем Косткам, былым «парнатаўцам», які ў той час уваходзіў у актыў «Талакі». Наведаў паседжаньне й Генік Лойка, аднаклясьнік і сябар Косткі; тады ён служыў у войску ў Менску й неяк здолеў, няхай і са спазьненьнем, патрапіць на гістарычнае паседжаньне. Ня ведаю, ці пісалі тады што-небудзь Костка з Лойкам, бадай што не - наведвалі літсуполку, напэўна, як «сьвядомыя» хлопцы, так бы мовіць, дзеля ўмацаваньня нацыянальнага духу сярод «тутэйшаўцаў».

Вядома, у Жодынь я не паехаў, спазьніўся на апошнюю электычку, начаваў у Сыса. Анатоль зноў тэатральна, уголас чытаў мае вершы. Але гэтым разам ухваліў некалькі, сярод іх, здаецца, «Здрадніка» і «Пушча. Совы».

21 лютага адбылося першае паседжаньне «Тутэйшых» пад дахам Дома літаратара. З гэтага паседжаньня й пачалося тое, аб чым сказаў у сваім інтэрвію Вітаўт Чаропка («Крыніца», №4-5, 2000): «(...) у «Тутэйшых» я быў назіральнікам, як Глёбус сварыўся з Сысам, кожны бок ведаў, як і што пісаць, і даводзіў сваю рацыю».

Гэта было камэдыйнае супрацьстаяньне. І зараз цяжка патлумачыць, за што паміж сабой змагаліся гэтыя два лідэры - адносіны між імі часам межавалі з мардабоем. Рэч ў тым, што ніхто зь іх не прэтэндаваў на кіраўніцтва «Тутэйшымі», безальтэрнатыўным кіраўніком быў Бяляцкі. Кожны з супернікаў меў ўласныя перакананьні й свае каманды падтрымкі, у нейкім сэнсе, гэта было «ідэалягічнае» супрацьстаяньне. Сыс узначальваў «патрыётаў», Глёбус - «касмапалітаў». Прыхільнікі Сыса называлі гурт апанэнтаў (Клімковіч, Шайбак, Сьцяпан, Сіўчыкаў) «глябусятнікам». Сыс часта патасна казаў пра любоў да Радзімы, пра змаганьне за Беларусь. Глёбус - пра прагматычныя рэчы (трэба пісаць дэтэктывы, маляваць коміксы, ствараць мас-культуру). На паседжаньні 21 лютага паміж Сысам і Глёбусам усчалася сварка наконт «Маніхвэста «Тутэйшых». Вядома, Сыс патрабаваў больш радыкальнага зьместу. На гэтым паседжаньні ўпершыню ўбачыў Алега Мінкіна (ён чытаў «тутэйшаўцам» свае вершы) і пазнаёміўся зь Сяргеем Кавалёвым. На паседжаньні трымаўся разам з Паўлам Дзьмітруком, зь якім пасябраваў на «чырвоназьменаўскіх» «Крыніцах».

Наступнае паседжаньне адбылося 14 сакавіка. У мяне захавалася запрашэньне: «у 19.00, суботай, 14 сакавіка, у Доме літаратара (уваход збоку) адбудзецца чарговая сустрэча літаратурнай суполкі ТУТЭЙШЫЯ. Першым пытаньнем - Беларуская мова - праблемы разьвіцьця. Другім - абмеркаваньне вершаў А.Сыса і А.Глёбуса. Трэцьцім пытаньнем - праблемы Тутэйшых. 9.III.87 г. Менск». Гэтае паседжаньне вёў Кавалёў.

Зь лекцыяй пра мову выступіў Вінцук Вячорка. Ня цяжка здагадацца, што ён казаў пра сучасную «кастрыраваную» бел. мову, пра патрэбу вяртаньня старога правапісу, «тарашкевіцы». Як чакалася, шмат эмоцыяў выклікала абмеркаваньне вершаў Сыса й Глёбуса. Чальцы кожнай «каманды» ганілі суперніка й хвалілі свайго лідэра. Сыс называў паэзію Глёбуса «гудронам» - ён падзяляў вершы на «духовыя» й «недуховыя» (тут, відавочна, адчувалася «школа» Бембеля). Мне асабіста падабаліся вершы абодвух. Я нават нешта сказаў у абарону Глёбуса, нешта пра патрэбу гарадзкой паэзіі.

Запрашэньне на наступнае паседжаньне таксама прыйшло ў Жодынь: «у 18.30, у суботу, 21 сакавіка, у Доме літаратара (уваход збоку) адбудзецца чарговая сустрэча літаратурнай суполкі Тутэйшыя. Першым пытаньнем - беларуская мова ў літаратуры і жыцьці. Другім - творчая і філязофская канцэпцыя М.Шэляговіча, разгляд яго творчасьці. Трэцьцім пытаньнем - аповеды У.Сьцяпана. Чацьвёртым пытаньнем - праблемы Тутэйшых». Паседжаньне вёў Бяляцкі. Госьцем гэтай сустрэчы стаўся новапалачанін Сяргей Сокалаў (тады ён яшчэ ня быў ні Сержуком, ні Воюшам). Госьць з імпэтам прасьпяваў свае «касінерскія» песьні й быў вельмі прыхільна сустрэты Сысам. Затым разглядалі навэлу Сьцяпана «Вонкавае сьвятло». Я чуў гэты твор другім разам, упершыню Валодзя чытаў мне «Вонкавае сьвятло» ў сьнежні 1986 году ў сваёй майстэрні (у падвале пад крамаю «Кнігарня пісьменьніка»). Зразумела, Сьцяпан добра атрымаў ад «патрыётаў» за «фармалізм». Я ня мог не заступіцца за хлопца, балазе, мне на самой справе гэта рэч падабалася. Без сумніву, яна была зроблена «пад Глёбуса» (з дакладным натуралізмам у маляваньні дэталяў і абавязковым дзёрзкім пратэстам супраць закарузлага жыцьця і «вашых правілаў», як у глёбусаўскім «Слане»), аднак у Сьцяпана аповеды атрымліваліся больш цёплымі, ён ня быў сталічным хлопцам, і вытруціць зь сябе дарэшты местачковасьць, каб паўстаць халодным і неспагадлівым гарадчуком, на ўзор Кая з андэрсаўскай казкі, ня здолеў.

Адносна таго паседжаньня варта працытаваць мой тагачасны ліст да Леаніда Галубовіча: «Сёньня нейкі спустошаны і разьбіты пасьля ўчорашняга паседжаньня «Тутэйшых». Чатыры гадзіны непатрэбных спрэчак, што пераходзілі ў лаянку.

Праўда, пачатак быў цікавым. Музычным. Перад тутэйшымі выступіў Сяргей Сокалаў. Сьпяваў свае песьні, чытаў вершы, адказваў на пытаньні. Было цікава, тым больш, што я чуў яго ўпершыню.

Аднак у другім акце пачалося! Сыс сашчапіўся з Глёбусам і Шэляговічам. Шэляговіч супраць моўнага пункту тутэйшых - размаўляць выключна па-беларуску. Глёбус выказаў цікавую прапанову - стварыць пры Саюзе пісьменьнікаў маладзёвую сэкцыю. Ён нават падрыхтаваў ліст да Гілевіча. Зь ім не пагаджаюцца - кажуць, гэта стварэньне другога «карыта».

Потым разглядалі навэлу Сьцяпана. Ізноў Сыс усё адмаўляе. Калі з моўным пытаньнем я падтрымліваю Анатоля, дык тут ня вытрымаў. Спробы ў прозе Глёбуса й Сьцяпана мне сымпатычныя. Магчыма, ня ўсё атрымліваецца, але хлопцы стараюцца. Я разышоўся й прабраў Сыса за яго ўсеагульнае адмаўленьне. Які гэта будзе сум, калі ўсе пачнуць пісаць накшталт яго. Гэта толькі пашкодзіць натуральнаму разьвіцьцю беларускай літаратуры. Здаецца, мае словы падзейнічалі. Скончылі паседжаньне бязь пены на губах».

Такім чынам, выглядае, што я таксама падтрымліваў ідэю стварэньня маладзёвай сэкцыі пры СП. На той час, калі нават у п'яным трызьненьні ніхто ня мог уявіць, што раптам абрынецца СССР, і Беларусь атрымае незалежнасьць, прапанова Глёбуса, відавочна, была слушнай. Але ў 90-х гадох я ўжо зусім іначай глядзеў на СП і сяброўства ў ім.

Наступнае паседжаньне «Тутэйшых» адбылося 25.04.1987 г. Вось зьмест запрашэньня: «У суботу, 25 красавіка, а палове сёмай (18.30), адбудзецца паседжаньне маладых літаратараў у Доме літаратара (уваход збоку). Пытаньні: 1. Мова і літаратура (тэндэнцыі разьвіцьця); 2. Разгляд творчасьці сяброў літаб'яданьня «Узьлёт» (унівэрсытэт). Шчыра запрашаем».

Адносна гэтага паседжаньня ў маім дзёньніку няма аніякіх запісаў, напэўна, я на ім ня быў. Таму адразу пераходзім да паседжаньня 4 красавіка. Запрашэньня ў мяне не захавалася, затое ёсьць запісы ў дзёньніку. На паседжаньні разглядалі апавяданьні Міхася Талочкі й Максіма Клімковіча. Сьвежыя ўражаньні ад таго паседжаньня я выклаў у лісьце да Галубовіча за 6.04.87: «Нарэшце, усталявалася працоўная атмасфэра, бяз кпінаў і абразаў. Спачатку разгледзелі апавяданьні М.Талочкі й М.Клімковіча. Абмеркавалі. Абодва працуюць у нетрадыцыйным рэчышчы. Клімковіч у плыні Глёбуса. Талочку цяжка вызначыць - Гарэцкі з дабаўкай сучасных рэалій.

Затым Глёбус паведаміў, як сунуцца справы з маладзёвым саюзам. Са старэйшых пісьменьнікаў ліст да Гілевіча падпісалі Янішчыц і яшчэ 2-3 чалавекі. Астатнія адмаўляюцца. Затое літаратары апошніх прызываў падпісваюць з ахвотай: Пісьмянкоў, Канапелька, Ягоўдзік, Ламан і шмат іншых. Глёбус пераканаў падпісаць ліст усіх тутэйшых. Мы пачалі зьбіраць матар'ял для альманаху. На наступным паседжаньні, 18 красавіка, будуць абмяркоўваць мае вершы для згаданага выданьня. Калі жадаеш, можаш выбрацца паслухаць. Пачатак у 18.30. Акрамя мяне будуць экзамэнаваць Сяргея Кавалёва».

19 красавіка ў лісьце ў галубовічаўскае Вароніна напісаў: «Ня мог учора прысутнічаць на паседжаньні «Тутэйшых». А мяне павінны былі абмеркаваць. Падвёў хлопцаў...»

25 красавіка ў маім дзёньніку пазначаны як дзень чарговага паседжаньня Таварыства маладых літаратараў (без прыдатка «Тутэйшыя»). На ім зноў выступіў Вінцук Вячорка са спавешчаньнем, якое мела «прыгодніцкую» назву «Прыгоды беларускага правапісу». Затым разглядалі творчасьць сяброў унівэрсытэцкага літаб'яднаньня Галіны Ракоцы, Жанны Пахадні, Славаміра Адамовіча і яшчэ некага.

У гэты дзень адбылося абраньне кіраўніцтва Таварыства. Старшыня: Алесь Бяляцкі. Намесьнікі: Віта Казлова й Сяргей Кавалёў. Адказны за паэзію: Анатоль Сыс. Адказны за прозу: Адам Глёбус. Адказны за дзіцячую літаратуру: Пятро Васючэнка. Адказны за крытыку: Сяргей Дубавец. Адказны за драматургію: Уладзімір Сьцяпан. Адказны за выступленьні: Міхась Талочка.

Упершыню ў гэтых успамінах зьявілася імя Сяргея Дубаўца. Як бачым, будучага рэдактара NN, які ў той час жыў у Гомелі, завочна абралі ў склад рады Таварыства.

16 траўня на паседжаньні ТМЛ разглядалі мае вершы. На пачатку адбылася гутарка з Анатолем Вярцінскім, тагачасным рэдактарам тыднёвіка «ЛіМ». «ЛіМ» тады дэманстраваў нечуваны дэмакратызм і сьмеласьць. «Тутэйшаўцы» атаясамлялі гэта выключна са сьмеласьцю й сумленнасьцю рэдактара. Сам Вярцінскі казаў, што дэмакратызацыі галоўнага воргану СП спрыяюць найперш павевы часу, маўляў, ягонай заслугі, як рэдактара, тут няшмат. Вярцінскі прапанаваў «тутэйшаўцам» падрыхтаваць старонку ў тыднёвіку.

Памятаю, перад тым, як мяне пачалі разглядаць, Глёбус сказаў: «Ня бойся, сядай побач, калі што - абаронім». Я сеў на вольнае крэсла поруч зь ім. Больш за ўсё мне дасталося за мінімалістычные вэрлібры, маўляў, яны не паэтычныя - гэта сухая канстатацыя рэчаіснасьці, без «мастацкай апрацоўкі». Як і абяцаў, Глёбус пачаў бараніць, ваяўніча паглядаючы на апанэнтаў з-пад насупленага брыва. Падтрымаў і Кавалёў. Абмеркаваньне скончылася неяк вяла й пасьпешліва.

На паседжаньні прагучала абвестка, што сябрам ТМЛ трэба падрыхтаваць адмысловыя тэчкі з дакумэнтамі: заява, анкета і г.д. Усё як у СП.

На паседжаньні 22 траўня я здаў сваю тэчку. Ня памятаю хто, ці не Янушкевіч, зрабіў спавешчаньне на тэму гісторыі адраджэньня: «Наша Ніва», браты Луцкевічы, Жылуновіч, 20-я гады, рэпрэсіі, гулаг. Адкрыцьцё Курапатаў было наперадзе. У гэты дзень разглядалі апавяданьні Андрэя Федарэнкі. Федарэнку падтрымліваў Сыс, Глёбус скрытыкаваў хлопца ўшчэнт.

Апошні раз я прысутнічаў на паседжаньні ТМЛ 29 траўня. Разглядалі апавяданьне Глёбуса, вершы Людкі Сільновай і хоку Міраслава Шайбака. Чамусьці я «незалюбіў» Мірыкавы трохрадкоўі, і сказаў, што не ўяўляю паэтычны зборнік толькі з хоку, маўляў, гэта будзе аднастайна й сумна.

Вось тагачасныя мае развагі, выкладзеныя ў лісьце да Галубовіча за 30.05.87: «29 траўня было апошняе паседжаньне Таварыства перад летнімі вакацыямі. Пасьля яго багата набегла думак - і ўсе як хмары.

Непакоіць ваяўнічасьць, зь якой прапіхваюць сваю «гарадзкую хвалю» Глёбус і К°. Я прыхільна да яго стаўлюся - і як да творцы, і як да чалавека. Але ўзьнікае небясьпека... Няхай сабе працавалі ў гэтай хвалі Глёбус, Сьцяпан ды Клімковіч. А то зьбіраецца «гайня». Моладзь - як матылькі. Бо рэкляма ў іх гучная і нават (паўтаруся) ваяўнічая.

Я прадбачу, што хутка будзе багата гвалту наконт усяго гэтага ў крытыцы. А гэта зноў рэкляма.

Я супраць «групаўшчыны» - аднак нічога не застаецца, як уздымаць іншую «хвалю». Гэта будзе ня цяжка - яна ўжо існуе (Мінкін, Сыс, Сокалаў...) Толькі яе неяк трэба абгрунтаваць тэарэтычна - як у «г.х.» Ад гэтага залежыць (магчыма, я перабольшваю) далейшае разьвіцьцё беларускай літаратуры.

Аднак ніякіх боек. Нават падтрымаць адна адну. Сумленнае спаборніцтва. Час разьбярэцца...»

Гэты мой юначы, наіўны ліст, пасьля прачытаньня яго сёньняшнімі вачыма, зьдзівіў мяне неверагодна. Атрымліваецца, ужо тады я думаў пра Таварыства Вольных Літаратараў. Дзіўна тое, што менавіта Галубовіч, атрымальнік гэтага ліста, напісаў у часопісе «Крыніца», што ТВЛ паўстала з-за крыўды Аркуша, якога не прынялі ў СП.

 

Сьмерць «Тутэйшых» імкліва набліжалася. Сама форма дзейнасьці літаб'яднаньня сябе вычарпала. Ну, абмеркавалі творчасьць усіх сваіх сяброў. А што далей? Далей было два варыянты: або пачаць змагацца са старэйшымі пісьменьнікамі за часопісную «плошчу» і пазыцыі ў тэмпляне выдавецтва «Мастацкая літаратура», або заняцца палітыкай. Па гэтым пытаньні зноў адбыўся раскол: частка пачала ствараць «кантору» - з сакратарамі, намесьнікамі і намесьнікамі намесьнікаў, другая частка, разам з чальцамі «Талакі», пайшла на мітынгі. Любая «кантора» павінна мець свой статут. Вось радкі з праекту «Статута Таварыства Маладых Літаратараў»: «Таварыства ўтворана з ініцыятывы маладых творцаў у адпаведнасьці з пастановаю ЦК КПСС «Аб рабоце з творчай моладзьдзю» і дзейнічае пры Саюзе пісьменьнікаў БССР, каардынуючы сваю дзейнасьць з адпаведнымі ворганамі СП. (...) Таварыства мае права рэкамэндаваць сваіх членаў для ўступленьня ў Саюз пісьменьнікаў БССР і іхнія кнігі для выданьня. (...) Правадзейным членам Таварыства (з правам вырашальнага голасу) можа быць любы, хто мае ня меньш за 2 літаратурныя публікацыі ў рэспубліканскім друку. (...) Прыём у члены ТМЛ праводзіцца Радай ТМЛ на падставе пісьмовае заявы. Апроч заявы аўтар прадстаўляе Радзе публікацыі або рукапісы літаратурных твораў. Пытаньне аб прыёме ў ТМЛ вырашаецца Радай у адкрытым галасаваньні. Члены ТМЛ атрымліваюць членскія білеты. (...) Члены ТМЛ могуць быць выключаны з Таварыства рашэньнем Рады ТМЛ. Падставай для выключэньня ёсць дзейнасьць або ўчынкі, несумяшчальныя з прынцыпамі і задачамі, сфармуляванымі ў Статуце ТМЛ. (...) У пэрыяд паміж зьездамі кіраўніцтва Таварыствам належыць Радзе Таварыства маладых літаратараў». Ня ведаю, хто аўтар гэтага дакумэнта, але пра «Тутэйшых» у ім ужо ні слова.

Другая частка «Тутэйшых» занялася палітыкай. А якая палітыка без партыйнага друку?! З гэтае нагоды быў заснаваны бюлетэнь «Кантроль». Калі верыць зьвесткам з кнігі «Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі (1971-1990)» (Менск, БГАКЦ, 1998), выдавалі пэрыёдык Сяргей Дубавец і Алесь Бяляцкі. Першы нумар «Кантроля» (выйшаў прыканцы 1988 г.) пачынаецца вялікім артыкулам «Дзяды былі за намі», у якім падрабязна апавядаецца пра ўсе акалічнасьці, зьвязаныя са славутымі Дзядамі 30 кастрычніка 1988 г., якія былі жорстка разагнаныя менскай міліцыяй. Як сьведчыць бюлетэнь, Дзяды-88 ад пачатку рыхтаваліся «Тутэйшымі». Заяўку ў Цэнтральны райвыканкам Менску падавалі Алесь Бяляцкі і Анатоль Сыс. Дазволу апазыцыянэры на правядзеньне Дня памяці продкаў не атрымалі. Вось як ананімны аўтар артыкулу апісвае тыя падзеі: «Яшчэ да пачатку Дзядоў пачаўся «хапун». Людзі ў цывільным тыцкалі пальцам у мастакоў М.Купаву і А.Марачкіна. Была спроба затрымаць старшыню Мартыралёгу Беларусі З.Пазьняка. Ратуючы яго, «заляцелі» адразу аж трое «Тутэйшых»: В.Мартыненка, А.Дэбіш, А.Бяляцкі. Іх забралі, затое Пазьняка народ адбіў. А.Бяляцкага «апрацавалі» сьлезацечным газам з 10 сантымэтраў аэразолем проста ў вочы. Ужо на Курапатах, куды дабралася некалькі групаў, правёў Дзяды тутэйшавец І.Бабкоў, пасьля чаго яго таксама пасадзілі ў машыну. А.Сыс вырваўся з-пад кантролю і прыбег з працы, калі ўсе ўжо разыходзіліся. Астатнія «Тутэйшыя» хадзілі, рассыпаныя між народу. Бачылі, як у прастору паміж міліцыянтамі і народам нехта кінуў плястмасавую цацку-аўтамат: «Страляйце!» Бачылі, як курсанты, счапіўшыся і ціснучы людзей, білі дзяўчынак чаравікамі па лытках, а тыя крычалі. Бачылі, як у ланцугу з плястыкавымі шчытамі і каскамі нехта пасклізнуўся і чалавек пяць, як даміно, паваліліся адзін на аднога. Скандавалі разам з народам: «Ван-дэ-я! Ста-лі-ні-сты!» (...)

Тых жа, каго затрымалі, павезьлі ў міліцыю, склалі пратаколы. Бяляцкаму напісалі: «Выкрикивал антисоветские лозунги». Потым зразумелі, што перабралі, пратакол перапісаўся, і зноў пад подпісам сьведкаў пайшла стандартная фармулёўка: «Участие в митинге», за якую Бяляцкі атрымаў у судзе 200 рублёў кары. Пакаралі і І.Бабкова. Судзьдзя Менскага раёну Мышкавец павучаў яго, што ён ня мае права меркаваць пра Сталіна, а калі даведаўся, што І.Бабкоў антысталініст, уляпіў яму ўсе 200 р.»

Ёсьць у «Кантроле №1» і пра літаратуру: «Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» зьвярнуліся да ЦК ЛКСМ Беларусі і Саюза Пісьменьнікаў Беларусі з заявай наступнага зьместу:

«15 мая 1988 года на гадавой нарадзе Таварыства маладых літаратараў пры СП БССР мы - «Тутэйшыя» - прыйшлі да высновы, што нам патрэбны яшчэ адзін - свой - маладзёвы літаратурна-публіцыстычны часопіс. Чаму? Бо часопіс «Маладосьць», ворган ЦК ЛКСМБ і Саюза Пісьменьнікаў БССР разьлічаны пераважна на 30-40-гадовых. Збольшага, там друкуюцца людзі сярэдняга веку з поглядамі і псыхалёгіяй свайго пакаленьня».

Пра гадавую нараду «Тутэйшых» гутарка будзе ісьці ніжэй. Зараз працытуем яшчэ адно цікавае паведамленьне з жыцьця тутэйшаўцаў: «Яшчэ ўвесну сябры «Тутэйшых» А.Сыс, А.Мінкін, А.Глобус былі рэкамэндаваныя ў Саюз Пісьменьнікаў Беларусі. Усе трое пасьпяхова прайшлі абмеркаваньне на сэкцыі паэзіі СП. 17 лістапада адбылося тайнае галасаваньне прыймовае камісіі. Пераадолеў гэты бар'ер толькі А.Сыс. «Тутэйшыя» зьвярнуліся ў Прэзыдыюм СП з прапановаю перагледзець вырак камісіі. Пра кампэтэнтнасьць цяперашняга яе складу гаворыць тое, што ў СП разам з Сысам трапілі З.Марозаў, А.Камароўскі, К.Жук. Знаёмая пазыцыя апаратнага чыноўніка - новы работнік не павінен быць больш здольным і разумным, чым я, бо інакш ён можа адціснуць мяне ад карыта. І вось, у асобе Марозава, Камароўскага і Жука прыходзіць у літаратуру ня заўтрашні, а ўчорашні яе дзень». Такім чынам, у СП падаліся амаль усе лідэры «Тутэйшых». Ім Таварыства маладых літаратараў ужо не было патрэбнае. СП заставаўся адзіным легітымным шляхам у вялікую літаратуру. Альтэрнатыўны шлях нават не разглядаўся.

Бюлетэнь «Кантроль №2» (1.89) атрымаўся зусім не цікавым. Нумар сьведчыў аб хуткім заняпадзе Таварыства. «У канцы сьнежня прайшла вечарына «Тутэйшых» на філфаку БДУ. Слабая арганізацыя яе прывяла да сумнай колькаснай раўнавагі тых, хто выступаў, і тых, хто слухаў». Аднак «Тутэйшыя» працягвалі змагацца з «прыкарытнікамі». Хто гэта такія, тлумачылася наступным чынам: «ПРЫКАРЫТНІКІ. Так назвала літаратурная моладзь банду літаратурных дыназаўраў, акапаўшыхся ў Саюзе Пісьменьнікаў БССР, якія памагалі калянізатарам душыць Беларускую культуру і нішчыць Беларускую мову, ды галасілі ў сваіх творах нібы пра «росквіт» гэтай забіванай культуры, ды вясёлае жыцьцё падняволенага народу пад управай Крамлёўскіх стаўленікаў. Міхаіл Мінскі (пражывае ў СССР) апавядае аб тым, як жыў адзін з гэтых верных слугаў панявольніка - «беларускі пісьменьнік» Пятрусь Броўка: «Дом быў стараветны, з высачэзнымі столямі, з мармуровымі сходамі... На першым паверсе быў дзіцячы садок, другі паверх займаў вялікі паэт Пятрусь Броўка, на трэцім паверсе жыў акадэмік Мацэпура, а апошні займаў архітэктар і прафэсар Чантурыя... Кожнаму прыпадала па паверху, пакояў гэтак на 10-12... Стукаю да Петруся Броўкі. Адчыніла мне пакаёўка з чэпчыкам на валасах і павяла да памяшканьня. На ўсім шляху тоўстыя кілімы, гэткія хіба да рэвалюцыі тут ляжалі. Прывяла да вітальнага пакою і пасадзіла ў крэсла... У дзіцячым садку скардзіліся: яны ня могуць праводзіць музычную гадзіну, таму што паэт Броўка думае сваю вялікую думу і не дазваляе пяяць і граць на піяніне, таму што музыка адганяе ягоную музу... Броўка меў і некалькі дачаў, аўтар апісвае ягоныя ходаньні, каб адстаяць свае дачы, калі адну ў яго хацелі забраць. Так выглядалі і выглядаюць гэтыя так званыя «народныя паэты», верныя паслугачы Маскоўскага рэжыму. За верную працу калянізатар умее шчодра плаціць!» Кватэры, дачы й ганарары «прыкарытнікаў» не давалі спакою тутэйшаўцам. Але на іх долю гэтых шчадротаў ужо не хапіла. Як «чорная хмара», насоўваліся часы «перабудовы».

1988 год стаўся лебядзінай песьняй «Тутэйшых». Нават наладжаная гадавая нарада Таварыства не прынесла якіх-кольвечы вынікаў.

3-га траўня ў Наваполацку я атрымаў паштоўку ад Бяляцкага з наступным паведамленьнем: «Шаноўны Алесь! Мабыць табе У.Арлоў трохі нешта гаварыў, але я яшчэ хачу больш дакладна перадаць. 15 траўня (мая), у нядзелю, у 11.00, у Доме Літаратараў будзе праходзіць рэспубліканская нарада «Тутэйшых». Вырашылі праводзіць іх раз у год-два, каб спыніцца, паразважаць, паглядзець назад і падумаць аб будучым. Абавязкова прыяжджайце зь Сержуком, вазьміце Бурдыку, калі ён ня супраць. Праезд будзе аплочаны ў два бакі адразу ж. Трэба нам усім хоць зрэдку зьбірацца. Будзем мы тут прыймаць дэклярацыі, пастановы (наконт школак, мовы і г.д.), можа і ў вас ёсьць канструктыўныя ідэі - падумайце, калі ласка. Увечары будзе вечарына. Чакаем. Алесь Бяляцкі. Запрашаем гасьцей з Эстоніі, Латвіі, Літвы».

Ня памятаю, ці паехаў на нараду Сяржук Сокалаў-Воюш, а я з Бурдыкам на рэспубліканскім мерапрыемстве быў. Павал Бурдыка зьяўляўся сябрам наваполацкага літаратурнага аб'яднаньня «Крыніцы». Нейкі час я працаваў разам зь ім на адным прадпрыемстве - наваполацкім заводзе «Вымяральнік». У 1991 годзе ў Полацкай друкарні мы разам выдалі зборнік вэрлібраў «Тайніца», які стаў першым беларускамоўным выданьнем, што пабачыла сьвет у Полацку пасьля ліквідацыі Галоўліту. (Ці не апошняй беларускамоўнай полацкай кнігай быў альманах маладнякоўцаў «Зарніцы», 1928 г.)

На нараду сабралася багата маладых літаратараў, бадай з усіх куткоў Беларусі. На жаль, я не пакінуў падрабязных запісаў аб тым, што адбывалася падчас паседжаньня. У маім дзёньніку пазначана, што згадваліся Дзяды-88, ішла гутарка пра ўласны альманах, адбылася стыхійная дыскусія на тэму «Літаратура й грамадзкі абавязак». У дзёньніку я пакінуў прозьвішчы тых, хто выступаў: Глёбус, Мінкін, Акулін, Шалкевіч, Бабкоў... З таго дня помніцца зусім іншае. Па сканчэньні паседжаньня Сыс, Дранько-Майсюк, Вольга Куртаніч, Бурдыка і я выправіліся ў больніцу адведаць Пімена Панчанку. Ён неяк няўдала паваліўся (ці не ва ўласнай кватэры?), зламаў сабе скабы. Здаецца, прапанаваў схадзіць да клясыка Сыс. Шкадую, што я ў той день не сфатаграфаваў народнага паэта. Панчанка жартаваў і апавядаў пра сваё фліртаваньне зь дзяўчынай-мэдсястрой. Цытаваў напісаны ёй верш. У Панчанкі й Сыса былі на той час асаблівыя дачыненьні - яны сталіся апанэнтамі. Панчанка напісаў верш «Разьвітаньне», у якім казаў пра незваротны заняпад беларускай мовы.

 

Родны Янка Купала,

Вы пісалі:

«Я веру - настане...»

Дарагі мой Іван Дамінікавіч,

Не, не настане!

Гэта ўжо не сьвітаньне,

Гэта наша настала зьмярканьне,

Гэта з мовай маёй,

Гэта з песьняй маёй

Разьвітаньне.

 

Верш спачатку быў надрукаваны ў «ЛіМе», а затым у зборніку «Горкі жолуд» і выклікаў у беларускай сьвядомай інтэлігенцыі шок. Вядома, Панчанка на тое й разьлічваў. «Тутэйшыя» мусілі адказаць. Сыс напісаў верш «Прачытаўшы верш Пімена Панчанкі «Разьвітаньне».

 

Родны мой Пімен Панчанка,

Вы сказалі: настала зьмярканьне?

Вы сказалі на маці мачыха?

Бо настала Вам разьвітаньне?

(...)

Вы жывымі сьлязьмі заплачыце,

за паэтам народ убачыце

скрозь расстаньне і скрозь зьмярканьне,

Вам за сьмерць сваю прыкра стане,

бо пад небам Сафіі полацкай

на народных паэтаў моляцца.

 

Але ніякіх нацягнутых адносінаў паміж імі не паўстала. Сыс мне казаў, што прасіў прабачэньня ў Панчанкі за свой верш. Той, нібыта, супакоіў, маўляў, чакаў і спадзяваўся, што нехта падобным чынам яму запярэчыць. Калі з Панчанкам надарылася бяда, Сыс ледзь не штодня наведваў яго ў шпіталі. Пры нас ён размаўляў з Панчанкам па-сяброўску, як далучаны, як пераемнік. Калі наша дэлегацыя выйшла зь лякарні, я прапанаваў усім разам сфатаграфавацца на памяць, што мы й зрабілі.

 

Полацак, 2000


2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Аркуш А. Аскепкі вялікага малюнку. - Менск: Логвінаў, 2007