epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Асіпенка

Мірная вайна

І
II
III
IV
V


На ўзгорку, пад стромкімі выносістымі соснамі - могілкі, звычайныя вясковыя могілкі з драўлянымі чорнымі агарожамі, чорнымі драўлянымі крыжамі і парослымі муравой курганамі, таксама чорнымі ад густых ценяў. Толькі тут, на самым высокім месцы, з якога відаць вёска са светлай школкай пад ліпамі, не пануе самотная чарната. Невысокі белы абеліск з зоркай наверсе ўвесь зіхаціць на сонцы. Пад ім пахавана Вера Мікалаеўна Смоліч, наша настаўніца. «Колькі ёй было б цяпер гадоў? - думаю я. - Мабыць, пад семдзесят. Магла б яшчэ жыць... Хай бы паглядзела, што сталася з нашай вёскай, з намі. Вось бы ўзрадавалася...»

Успаміны захопліваюць мяне, і я ўжо не магу стрымацца, каб не прыгадаць тое, пра што ведае ўся вёска.

 

І

 

Вёсачка наша Гнілавостраў, адрэзаная ад усяго свету балотамі і лясамі, рэдка калі здзіўлялася чуткам, што сяды-тады даходзілі да яе. Нават пра рэвалюцыю гнілавостраўцы пачулі праз год і не вельмі каб здзівіліся таму, што ў Расеі няма ўжо цара. Старыя пачухалі галовы і парашылі, што цар хітруе, схаваўся ў Сергіеўскай лаўры, каб людзі папрасілі яго, як Івана Жахлівага, вярнуцца на трон, а ён тады возьме ды і ўвядзе апрычніну.

Яшчэ адна падзея на кароткі час узрушыла была гнілавостраўцаў. Неяк гады праз тры пасля рэвалюцыі ў вёсцы паявіўся фокуснік-фальшываманетчык. Ён глытаў кінжалы і агонь, выцягваў з рота доўгія каляровыя стужкі і вельмі спрытна даставаў з чужых кішэняў грошы, якіх там ніколі не было. Знік ён нечакана, падарыўшы малодшаму сынку васпаватага Верамея Ерку-Чыжыку маленькую шпілечку, з якой можна было зматаць сотню аршын стужкі.

Дні беглі за днямі, складаліся ў тыдні, месяцы, гады, а ў Гнілавостраве нішто не мянялася. І хоць адны гнілавостраўцы паміралі, другія - нараджаліся, раслі, жаніліся, уклад заставаўся стары, дзядоўскі. А потым надышла пара, калі ўсё перайначылася на гэтым кавалачку сухадолу, што быў адрэзаны ад свету балотамі.

Пачалося з таго, што аднаго дня хлапчукі разнеслі па вёсцы незвычайную навіну, якая ўзрушыла нават абыякавых да ўсяго на свеце дзядоў. Здзіўляла не тое, што ў Гнілавостраве спынілася на сталае жыццё чужая жанчына. І раней бывалі выпадкі, калі тут хаваліся незнаёмыя людзі. Але ўсе яны былі падобны на саміх гнілавостраўцаў і таму не выклікалі асаблівай цікавасці. Жанчына ж, што паявілася ў вёсцы, была інакшая, як бы з другога свету. Па-першае, і гэта асабліва кідалася ў вочы, яна была коратка падстрыжаная і хадзіла без хусткі, з голай галавой. Па-другое, раніцай яна вядзьмарыла на Яўпраксіным гародчыку: махала рукамі, кланялася бярозе, не згінаючы ног у каленях, а пасля аблівалася халоднай вадой са студні. Мужчыны кляліся, што стрыжаная жанчына вядзьмарыць у чым маці парадзіла. Але мы аднойчы, перамагаючы жудасны страх, падгледзелі, што чужая цётка сяк-так прыкрытая. Па-трэцяе, і гэта было самае страшнае, яна была прыгожая, зграбная, насіла не саматканую вопратку, а крамную: белую кофтачку і кароткую сінюю спадніцу, і гэта вельмі абурала гнілавостраўскіх жанчын.

Дзён тры гнілавостраўцы толькі і гаварылі, што пра гэтую незвычайную жанчыну. І хоть усе ведалі, што жанчына прыехала вучыць дзяцей, што ў яе недзе ў горадзе ёсць муж і дачка, неспакой і трывога апанавалі людзей. Асабліва ўстрывожыліся людзі пасля таго, як Еркаў дзед, белабароды і лысы Купрыян, вычытаў у бібліі, што настаў канец свету і на Гнілавостраў паслана богам блудніца вавілонская, каб помсціць людзям за іх грахі.

Падвечар, калі чырвонае, яркае сонца хавалася за вяршаліны соснаў на Ведзьмінай выспе і мільярды камароў таўклі над балотам мак, гнілавостраўскія жанчыны рушылі да Яўпраксінай хаты выганяць блудніцу вавілонскую з вёскі. Мы, вясковыя хлапчукі ў даўгаполых кужэльных кашулях, хаваючыся за плятнямі, цікавалі за сваімі маткамі.

Жанчыны, усе ў чорным, у нізка павязаных хустках, з-пад якіх злосна зыркалі вочы, ішлі па вуліцы моўчкі; так ходзяць за труной. Наперадзе іх сунуліся па пяску такія ж чорныя злавесныя цені. На Яўпраксіным гуменцы яны спыніліся. Было вельмі ціха, нават глуха. Потым пранізліва зарыпелі дзверы, і на парозе Яўпраксінай хаты паявілася жанчына, Вера Мікалаеўна. Яна была ў той жа белай кофтачцы і ў кароткай, па калені, сіняй спадніцы.

Вера Мікалаеўна пайшла насустрач жанчынам, неяк вельмі лёгка прымінаючы доўгімі нагамі густую атаву гуменца. Крок у яе быў рашучы, а вочы жмурыліся, бо сонца сляпіла іх яркім святлом.

- Вельмі добра, што вы прыйшлі, - сказала Вера Мікалаеўна.

Голас у яе быў мяккі, напеўны, але не скрыпучы, як ва ўсіх вядзьмарак. Яна ішла проста на жанчын, і тыя пачалі адступаць, збівацца ў цесны, напужаны гурт. Тады Вера Мікалаеўна загадала ім:

- Прашу сесці. Мне трэба з вамі пагаварыць. Ну-ну, сядайце, расы яшчэ няма.

Падуладныя яе голасу, мяккаму, але настойліваму, жанчыны неахвотна селі. А яна стаяла перад імі, і сонца асвятляла яе прыгожую постаць. Потым яна падняла руку, паправіла валасы і пачала гаварыць ў меру гучна, але не крыкліва:

- Мяне паслаў да вас пралетарыят Расеі, што скінуў цара, выгнаў буржуяў і паноў, а іх фабрыкі і землі аддаў рабочым і сялянам. Буржуі ўсяго свету хацелі знішчыць пралетарскую ўладу. Яны чатыры гады лезлі на нас са зброяй у руках, але ім не ўдалося вярнуць цара і старыя парадкі: пралетарыят перамог. І вось цяпер ён паслаў мяне вучыць вашых дзяцей. Пралетарыят хоча, каб усе дзеці ўмелі чытаць, пісаць і лічыць.

Мы ўсё смялей высоўваліся з-за платоў, і Вера Мікалаеўна нарэшце ўбачыла нас.

- Хадзіце сюды, дзеці, - паклікала яна, і мы, яшчэ баючыся і чамусьці ўпершыню саромеючыся свайго несамавітага выгляду, нясмела падышлі да яе. - Хочаце вучыцца, дзеці?

Яна запыталася адразу ва ўсіх, і таму мы прамаўчалі. Вера Мікалаеўна адказала за нас:

- Вядома, хочаце. Вось вы, жанчыны, не ўмееце ні чытаць, ні пісаць. Усяго баіцеся, бо цёмныя людзі. У вас, Васіліна Захараўна, было адзінаццаць дзяцей, а засталося трое, - гэта яна сказала да маёй маці, і я вельмі здзівіўся, што настаўніца называе яе па імю і імю па бацьку. - А чаму яны памерлі? Бо вы іх не да ўрача, а да шаптухі насілі.

- Бог даў, бог і ўзяў, - сказала маці.

Настаўніца як бы не пачула гэтых слоў.

- Вывучыцца ваш сынок, Васіліна Захараўна, - гэта яна пра мяне сказала, і я затаіў дыханне, бо мне хацелася быць такім, як той гарадскі фокуснік, але Вера Мікалаеўна дадала, - на доктара. Будзе вас лячыць, каб вы і ў семдзесят бадзёра сябе адчувалі.

Потым Вера Мікалаеўна звярталася да кожнай жанчыны і абяцала вывучыць яе дачку або сына то на настаўніцу, то на швачку, то на лётчыка. Нашы маткі хутка заспрачаліся, бо ўсе хацелі, каб іх дзеці мелі самую выгадную прафесію, і ніхто не жадаў, каб сын лятаў у паднябессі, як анёл, таму што бог абавязкова раззлуецца і скіне на зямлю.

- Дык вось, жанчыны, рыхтуйце дзяцей у школу. Заўтра парты прывязуць, а паслязаўтра пачнём, - сказала яна на развітанне.

 

II

 

У школу нас не пусцілі. Помню, як мой бацька крычаў на маці, прыехаўшы з поля:

- ...А вы і раты паразяўлялі. Сягоння дзед Купрыян у скіце пабываў. Старац наказаў, каб нікога ў школу не пускалі. Усіх дзяцей на мыла варыць будуць, каб камісаравыя жонкі былі з белымі тварамі. Во яна і стараецца...

Мы ўсё ж пабывалі ля школы. Стаіўшыся за густымі агрэставымі кустамі, глядзелі, як доўга стаяла настаўніца на ганку, выглядаючы вучняў. Але ніхто не пайшоў, бо баяліся не скіцкага старца, які жывы ляжаў у труне, а тых, хто хаваўся пры ім у скіце. Не дачакаўшыся вучняў, Вера Мікалаеўна пайшла ў хату. Праз акно мы бачылі, як яна стала ля дошкі і нешта пачала пісаць на ёй. Мы здагадаліся, што яна вучыць аднаго Цімоха, Яўпраксінага сына, і трохі зайздросцілі яму, але больш злаваліся на яго - здраднік.

Людзі заўважылі таксама, што Вера Мікалаеўна раз у тыдзень некуды адлучаецца з вёскі. Неўзабаве нехта дазнаўся, што настаўніца ходзіць у воласць на сходы. Гэта зноў здзівіла ўсіх: «Жанчына ды каб парцейная. Чакай цяпер якога ліха».

Гнілавостраўцы стаіліся. Нас, дзяцей, не выпускалі на двор. Школа пуставала, і ўсе чакалі, што настаўніца доўга не ўседзіць без работы, уцячэ з вёскі. А выйшла не так, як думалі.

Аднаго разу ў вёсцы паявіліся старшыня валвыканкома Ясючэня, начальнік часці асобага назначэння латыш Ланге і барадаты ў пенснэ на ланцужку доктар Радзевіч.

Гнілавостраўцы сабраліся на Яўпраксіным гуменцы. Стаялі, зняўшы шапкі, чакалі, пра што будзе гаварыць начальства.

Першыя замаразкі пачарнілі ўжо лістоту і траву. Затое на сугрэве асабліва ярка чырванелі гронкі рабіны. Чырвоны колер як бы асвяжаў панылы гнілавостраўскі пейзаж.

Чакаць давялося не доўга. Хутка з хаты паявіліся прыезджыя, а з імі Вера Мікалаеўна. Камлюкаваты дзябёлы Ясючэня гаварыў мала, але людзі зразумелі, што ўпарціцца далей нявыгадна, бо можна зарабіць штраф, калі не пусціш дзяцей у школу. Затое другая аб'ява нарабіла шуму: Ясючэня абвясціў, што вось тут, проста на гуменцы, усе гнілавостраўцы павінны прывіць воспу.

Гэта, як і курэнне, лічылася ў гнілавостраўцаў вялікім грахом. Але мне здавалася, што людзі больш баяцца не граху, а болю і ўрача. Мабыць, адчула гэта і Вера Мікалаеўна, бо закасала рукаў блузкі і першая падышла да барадатага ўрача. За ёй зрабіў прывіўку Цімоша і яго маці Яўпраксія.

Навіны адна за другой абрушваліся на гнілавостраўцаў. Не паспелі яны ачомацца ад прывівак, як пранеслася чутка, што настаўніца пайшла ў скіт. Ніхто не хацеў верыць, што яна вернецца адтуль. Але назаўтра, у панядзелак, Вера Мікалаеўна, як і заўсёды, была ў школе. Мы пазіралі на яе з бояззю і недаверам: старыя людзі казалі, што ўсе, хто пабывае ў скіце, робяца інакшыя. Вера Мікалаеўна, здаецца, не пераіначылася.

А яшчэ дзён праз чатыры ў вёсцы паявіўся сівы і нейкі зеленаваты ад старасці скіцкі старац Амвросі. Ён ішоў з доўгай сукатавай палкай, і жанчыны, прыціскаючы да вачэй хусткі, кланяліся яму і галасілі на ўсю вуліцу.

Спыніўся дзед Амвросі ля хаты самага багатага ў Гнілавостраве мужыка Епафрадзіта Таркайлы, пастукаў кіем у сінія аканіцы. Спачатку ў акне паявілася доўгая белая барада Епафрадзіта, потым усе ўбачылі яго напужаныя шэрыя вочы.

Пасля, калі Епафрадзіт паявіўся на ганку - рукі за папругай, а на галаве малахай, - ён быў ужо спакойны, як бог перад сусветным патопам, калі загадваў Ною зрабіць каўчэг. Да самага таго часу Епафрадзіт быў для Гнілавострава богам, бо ён выконваў абавязкі стараверскага папа.

- Пашто мірам асквярняеш вочы свае і нагамі топчаш не кушчы райскія, а грэшную зямлю нашу? - пачаў ён і асекся, бо дзед Амвросі нечакана для ўсіх «асквярніў» вусны свае лаянкай, якой мы даўно ўжо не чулі.

Нас, дзяцей, прагналі, і толькі пазней мы даведаліся, што Амвросі са сваім братам Епафрадзітам у восьмым годзе абрабавалі і спалілі маёнтак панка Залуцкага. Іх злавілі, і тады Амвросі ўзяў усю віну на сябе. Яго саслалі на катаргу, а Епафрадзіта выпусцілі на волю. Золата памагло яму разбагацець, стаць папом у гнілавостраўскай царкве, рубленай з нячэсаных дубовых кражоў. Перад самай рэвалюцыяй Амвросі ўцёк з катаргі, і вось тады яго брат багацей пабудаваў яму скіт за Ведзьмінай выспай на ўскрайку Талынскага возера.

Амвросі не ведаў, што была рэвалюцыя, што цяпер яго не вернуць ужо на катаргу, таму і дажываў свой век, лежачы ў труне. Мабыць, Вера Мікалаеўна адкрыла яму вочы на праўду, і вось цяпер браты сышліся ў лютай сварцы.

 

III

 

Усю зіму гнілавостраўцы рубілі з соснаў будынак школы. Пасля ўрокаў мы беглі на будоўлю, збіралі тоўстыя смалістыя трэскі. Часам туды прыходзіла Вера Мікалаеўна. Яна моўчкі назірала, як доўгабародыя богападобныя браты Мініны распілоўваюць на высокіх козлах калоды. З-пад шырокай, крывазубай пілы сыпаліся на снег буйныя, як шрот, апілкі.

- Школа-та хвацкая будзе, на ўсю-та акругу, - крычаў зверху старэйшы Мінін, Нупрэй, і весела пабліскваў белымі зубамі. - Шкада, што самі-та павырасталі, а то добра было б пасядзець за кнігай.

- З новага года ўсе вучыцца будуць, - абяцала Вера Мікалаеўна.

- Нам-та ўжо трохі позна, - няўпэўнена адказваў малодшы Мінін. - Мы-та і так веку дажывём...

Будаўніцтва школы на доўгія гады раздзяліла гнілавостраўцаў. Адны, такія, як Мініны, Смірновы, Канавалавы, сталі на бок настаўніцы, другія - Таркайлы, Іпатавы - толькі сціскалі зубы ад злосці. У вёсцы ішла непрыкметная воку мірная вайна. Яе можна было заўважыць хіба па дзецях. Мы ваявалі ўсур'ёз, бо хітраваць, як дарослыя, не ўмелі. Напрадвесні, калі мякчэў хрусткі снег, мы зацята біліся снежкамі. Здаровыя камлюкаватыя іпатаўцы закатвалі ў снег ледзякі. Ад такіх снежак мы ўцякалі, алё не здаваліся.

Вайна спынілася нечакана, калі пачаліся работы ў полі. Школа таксама апусцела да самай восені. Вера Мікалаеўна паехала. Здавалася, усё вярнулася ў сваю звычную каляіну. Епафрадзіт Таркайла часцей, чым у мінулыя гады, правіў заутраны, абедні і навячэрні, а нас, хлапчукоў і дзяўчынак, што хадзілі ў школу, прымушаў спяваць трапары і каноны. Мы з нецярпеннем чакалі пачатку вучобы.

 

IV

 

Новая школа была адчынена на пакровы. Раней гнілавостраўцы не пусцілі дзяцей на вучобу - нельга, пакуль не кончыцца ўборка.

У той год ужо было два класы. Памятаю, Вера Мікалаеўна, як бы памаладзелая пасля адпачынку, доўга расказвала нам пра дзіўнае мора, і кожны падоўгу слухаў, як яно шуміць у гладкай ружаватай ракавіне. Потым яна гаварыла пра тое, што будзе на месцы Гнілавострава, калі мы вывучымся і станем дарослыя: палі без межаў, а на асушаным балоце будуць працаваць машыны, што самі ўмеюць араць, сеяць і малаціць. Мы гатовы былі хоць зараз ісці руйнаваць межы, і толькі Лістрат Іпатаў усміхаўся сваёй дурнаватай недаверлівай ухмылкай. На перапынку мы добра палічылі яму рэбры, і ён здаўся.

Вера Мікалаеўна засталася жыць у Яўпраксіі, і кожны дзень дзяжурны па школе памагаў ёй адносіць вучнёўскія сшыткі дамоў. У той пахмурны, слотны дзень дзяжурства выпала на маю долю. Не помню чаму, але мы затрымаліся ў школе. Я быў у баковачцы, ставіў у шафу чарніліцы-невылівайкі, а Вера Мікалаеўна збірала ў стосік сшыткі, калі ў школу прыйшоў Епафрадзіт Таркайла.

На ім быў шырокі парусінавы балахон з башлыком і балотныя, за калена, боты. Ён стаў ля дзвярэй, абапёршыся мокрым плячом аб вушак.

- Прыйшоў з вамі пагаварыць па-харошаму, - пачаў Епафрадзіт, і яго маленькія вочы прыкрыліся густымі вейкамі. - Мы з вамі, Вера Мікалаеўна, людзі разумныя, і таму хочацца пагутарыць без хітрыкаў, напрасткі, як кажуць.

- Ну што ж, давайце. Можа сядзеце?

- Нам стаяць больш спадручна, - але ён сеў на парту насупраць настаўніцы. Праз шчыліну мне добра відаць былі абое.

- Пра што ж мы будзем гаварыць, Епафрадзіт Міленьцевіч? - запыталася настаўніца.

- Хачу вам пра нашых людзей расказаць. Вы тут, Вера Мікалаеўна, чужая, законаў нашых не ведаеце. Дзяды нашы сюды, у Беларусь, з Клязьмы ад ганенняў на веру нашу стараверскую даніканіянскую ўцяклі. Звычкі нашы свой пачатак ад самога Ўладзіміра святога Кіеўскага бяруць. Яны, як скала, вякі мінулі, а не змяніліся. Ні цар, ні яго міністры і генералы разам з папамі-ніканіянцамі нічога зрабіць не маглі. Гэта вы помніць павінны.

- Я знаю гісторыю старавераў, але не разумею, навошта вы мне яе расказваеце?

- А вось навошта. Я, канечне, добра разумею, што і кнігачытанне, зноў жа пісьменнасць і арыфметыка чалавеку патрэбныя і богаўгодныя. Вось і давайце дамовімся, што гэтаму будзеце вучыць дзяцей. А супраць веры нашай нічога не кажыце. І парадкі не чапайце. Мы вам будзем павек жызні дзякаваць, і жыць вы ў нас будзеце ціха і мірна. Потым, чуў я, што вы пра камунію людзям гаворыце... Не трэба... У нас свая камунія, стараверская, і другой мы не хочам. Вы, значыцца, сваёй мяжы не пераступайце, а мы сваёй. Людзям трэба ў міры і згодзе жыць.

- А калі я не згодна? - запыталася Вера Мікалаеўна, і твар яе пабляднеў.

- Ну, тады наракайце на сябе. Край у нас цёмны, глухі. Адзін бог за людскія справы і помыслы ў адказе.

- Значыць, вайна?

- Чаму ж, мірна трэба дамовіцца.

- Мірная вайна... Ну што ж, я згодна.

- А дазвольце пацікавіцца, навошта вам рызыкаваць? Што за карысць? Можа вы пагарачыліся, дык я не падганяю. У такіх справах не трэба спяшацца.

- Не, я ўсё абдумала. І я раю вам, грамадзянін Таркайла, не стаяць упоперак на нашым шляху. А што папярэдзілі, дзякую...

Епафрадзіт Таркайла ўстаў. Ягоны голас стаў рыпучы і незнаёмы:

- Толькі не ўздумайце скардзіцца: я начыста адракуся ад сваіх слоў, а сведак у нас няма.

Ён пайшоў. Было чуваць, як там за сцяной гулка чаўкаюць ягоныя цяжкія боты. Я нясмела зазірнуў у клас. Вера Мікалаеўна, быццам нічога не здарылася, складала сшыткі ў брызентавую сумку.

 

V

 

У канцы сакавіка, апошнімі маразамі, у вёску прыехаў дзіўны, доўгі, як жэрдка, чалавек у бліскучай хромавай скуранцы. Быў ён калючы, як ажынавы куст. Нізка прыгінаючы галаву на парозе школьных дзвярэй, ён укуліўся ў клас на апошнім, чацвертым уроку. Мы, як і належыць, гулка загрукалі вечкамі парт - усталі. Даўгалыгі махнуў рукой.

Такога цікавага, трохі страшнаватага дзядзьку мы бачылі ўпершыню. Ён дыбаў па класе, смешна прысядаючы ў каленях, кудлаціў чорныя пакручастыя валасы і ўвесь час дудзеў, быццам гаварыў у пустую бочку. Нам здавалася, што ад гэтага гучнага голасу пачала глухнуць Вера Мікалаеўна: яна, абапёршыся падбародкам на далоні, пальцамі закрыла вушы.

З усёй крыклівай размовы мы зразумелі не багата: наша Вера Мікалаеўна - гнілая інтэлігентка. Яна міндальнічае, баязліва нечага чакае, а не ўзрывае знутры сялянскую абыякавасць, а гэта пахне правым ухілам.

Вера Мікалаеўна ўвесь час апраўдвалася.

- Вы - дзівак, Маркаў, - казала Вера Мікалаеўна. - Вялікія справы так не робяцца... Вы, Маркаў, забываецеся, што Ленін вучыў цярплівасці... Царкву няхай людзі закрываюць, а не мы з вамі... Ды баюся, Маркаў, іншага, што гэта перашкодзіць галоўнай задачы... Слухайце, Маркаў, камунізм ад вашай паспешлівасці не наблізіцца хутчэй... І вось што, Маркаў, вы мяне на левы загіб не збівайце... Я гатова, вядома, выконваць указанні, толькі баюся, што на гэта не партыя, а вы, павятовыя кіраўнікі, скіроўваеце...

Нарэшце яна змоўкла. Нас распусцілі, загадаўшы аб'явіць бацькам, каб прыходзілі ў школу на сход.

Вёска трывожна гула, бо людзі пачулі, што прыезджы збіраецца закрываць стараверскую царкву. Яшчэ нядаўна, калі стварыўся калгас, у вёсцы было шумна. Спрэчкі паступова аціхлі. І вось цяпер яны ўзгарэліся зноў.

У Гнілавостраве рабілася нешта недарэчнае. У стараверскай царкве з васьміканечным крыжам на вільчыку маліліся жанчыны і старыя дзяды. Гарэлі свяцільнікі і васковыя свечкі. Цяжкі лампадны дух быў чуцён за вярсту. Епафрадзіт Таркайла чытаў дванаццаць апосталаў - жахі пра пакуты Хрыста, - і хворыя жанчыны падалі ў непрытомнасці на земляную падлогу. Быў чысты чацвер.

Позна ўвечары, калі маці вымятала памялом печку, а бацька рыхтаваў снасці для рыбалкі, у нас паявіўся Яўпраксін Цімох.

- Куды ты? - здзівілася маці, калі на Цімохаў кліч я сабраўся ўцячы з хаты.

Давялося схлусіць. Мы выскачылі на вуліцу. Яркія, на мароз, зоркі мігцелі ў небе, як свечкі ў царкве. З поўначы, з-за Талыняў, дзьмуў марозны сівер, апякаў твар. Недзе на тым канцы вёскі вылі сабакі, як галодныя ваўкі.

- Слухай, царкву патрашыць будуць...

- Хто? - напалохаўся я.

- Маркаў і настаўніца. Яна не хацела, але ён прымусіў яе. А Епафрадзіт, помніш, казаў, што царква - святое месца, калі хто дакранецца, дык яго адразу заб'е... Давай паглядзім.

Мы баяліся падыходзіць блізка. Прытуліліся пад плотам, але і адсюль былі добра відаць невыразныя постаці. Яны нешта выносілі з царквы і зноў знікалі ў ёй. Іх было больш як двое. Цімох сказаў, што Маркаву памагаюць пільшчыкі Мініны, якія і раней не вельмі паважалі бога і нават паціху курылі. Бог не адважыўся пакараць бязбожнікаў, можа ён спаў у той час. Назаўтра ўся вёска была ўзрушана тым, што з царквы зніклі старыя абразы і бронзавыя падсвечнікі. Знік некуды і даўгалыгі Маркаў, пакінуўшы Веру Мікалаеўну сам-насам з разгневанымі жанчынамі-багамолкамі.

Нават на цяперашні розум цяжка зразумець, чаму такі сур'ёзны, сталы чалавек, як Вера Мікалаеўна, пайшла ўночы «патрашыць» царкву. Чалавек, падуладны свайму часу, бывае, робіць зусім не тое, што хацеў бы рабіць, што трэба было рабіць. Чаму яна паддалася тады на ўгаворы Маркава? Яна хацела дабра, а наклікала бяду, і хтосьці, можа той самы Епафрадзіт Таркайла, выкарыстаў яе адзіную памылку. Мірная вайна аказалася зусім не мірнай. Помню той адліжны вясновы дзень. Звонкія капяжы са стрэх будзілі вясну, і раннія жаўрукі ўжо весела і радасна вызвоньвалі гімны сонцу. Мы ішлі па расквашанай, чорнай ад смецця дарозе ўслед за санямі, на якіх стаяла белая труна. Было вельмі ціха, як перад навальніцай, бо невядомае прымушала задумвацца. Сярод людзей крочыў за труной і стараверскі поп Епафрадзіт Таркайла. Мне здавалася, што па яго твары блукае пераможная ўсмешка. Я чамусьці верыў і веру, што наша настаўніца загінула праз яго, хоць і да сённяшняга дня ніхто не ведае, чыіх рук была тая крывавая справа.

А пасля вось што адбылося ў нашай вёсцы. Царкву зачынілі, і не ўночы, а ўдзень. І хоць багамолкі лямантавалі, іх ніхто не хацеў слухаць. Казалі яшчэ, што Маркаў аказаўся ворагам народа, і яго след назаўсёды згубіўся.

У той пагодлівы вясновы дзень мёрзлыя камякі, што гулка бухалі аб труну, як бы адкрылі людзям вочы: мірных войнаў не бывае. Яшчэ трыццаць чатыры сям'і парашылі тады жыць па-новаму, разам. Так хацела Вера Мікалаеўна.

 

1963 г.


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае