epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

Дарогамі Максіма Багдановіча

У дарозе
Скарбы куфра Багдановічаў
Пасля дарогі
Першая дарадца паэта
Карэнні радаводнага дрэва
Старэйшы брат паэта
Вераніка. Выдумка? Сапраўднасць?
Максімаў сад


 

У дарозе

Максім Багдановіч...

Кароткі быў яго жыццёвы век. Ён вымяраецца дваццаццю пяццю гадамі. Многія літаратары ў такім узросце толькі пачынаюць тварыць. Ён жа — закончыў. І можа, таму, што прадчуваў блізкую развязку, спяшаўся, працаваў не шкадуючы сябе: абы паспець сказаць тое, што хвалявала яго сэрца і што не магло не выліцца ў творы.

У яго не было зацягнутага перыяду вучнёўства. Пра сябе як паэта ён заявіць адразу і адразу ж упэўненай хадой пойдзе наперад, пераадольваючы цяжкасці. А іх было нямала.

Толькі пяць гадоў жыў ён на Беларусі. Астатняе жыццё прайшло па-за яе межамі. Таму родную мову, на якой рашаецца тварыць, давядзецца вывучаць па бацькавых этнаграфічных запісах ды па кнігах. І наперакор вялікадзяржаўным скептыкам, якія не прызнавалі за беларускай мовай яе самастойнасці, дакажа, што яна ніколькі не бяднейшая і не горшая за іншыя мовы, што ёй падуладны ўсе віды і жанры, зведаныя і асвоеныя высокаразвітымі літаратурамі, і што на ёй можна паспяхова перадаваць найтанчэйшыя адценні чалавечых пачуццяў.

Давядзецца пераадольваць і такую спадчынную цяжкасць, як туберкулёз. Хвароба, якая на нейкі час зрэдку прытухала, ніколі не пакідала яго і давала адчуваць сябе.

«Не дзівіцеся, што ў мяне літары выходзяць дзіцячыя,— прызнаваўся ён у адным з лістоў да супрацоўнікаў газеты «Наша ніва»,— пішу я лёжачы, бо моцна хварэю — інфлюэнца ці запаленне лёгкіх; тэмпература ў мяне падымаецца да 40°, а 39,5° бывае кожны дзень...»

Якія ж трэба было мець тытанічную сілу волі і мужнасць, каб, будучы хворым, адважыцца і на літаратурны подзвіг. Бо тое, што рабіў ён, інакш, як літаратурным подзвігам, і не назавеш. Упарта і няспынна высякаў ён са сваіх слабых грудзей гарачы агонь пачуццяў. Тварыў, памятаючы самім ім вызначаны беларускай літаратуры запавет: несці не толькі роднаму народу, але і «ўсясветнай культуры свой дар».

І як жа шчыра радаваўся, калі бачыў, што гэты дар з кожным годам усё большаў і большаў, што цяпер ужо «не трэба... ісці ў чужыя людзі, шукаючы глыбокіх і трывожных дум, чулага і хвалюючага пачуцця, душу радуючай красы. Не трэба, бо і ў саміх ёсць. Мала таго, самі яны могуць да нас звярнуцца, бо іншы раз таго, што маем мы, не знойдзецца ў іх».

Для такога заключэння беларуская літаратура ўжо давала падставы. Пра гэта засведчыць у сваім лісце да М. Кацюбінскага і блізкі сябра сям’і Багдановічаў вялікі Максім Горкі, які, пазнаёміўшыся з творамі Я. Купалы і Я. Коласа і ацаніўшы іх здаровы народны дух, зазначыць:

«Так прымітыўна-проста пішуць, так ласкава, сумна, шчыра. Нашым бы трошкі гэтых якасцей!

О, божа! Вось бы хораша яно было!»

Шмат часу мінула з тае пары. Шмат новых літаратурных імён заззяла на небасхіле нашай прыгожай пісьменнасці. Шырокай магутнай хваляй б’ецца яна ўжо не толькі ў родныя берагі. І гэта таксама вынік той працы, якую вельмі хораша здзейсніў вечна малады Максім Багдановіч, паэт, пазначаны знакам генія.

Сёння мы ўжо не баімся даваць яму найвышэйшую ацэнку, не баімся ставіць яго імя побач з імёнамі выдатных еўрапейскіх пісьменнікаў. Створанае ім вытрымала выпрабаванне часам і не толькі не паблякла, а, наадварот, яшчэ ярчэй зазіхацела, здзіўляючы сваім хараством увесь славянскі свет.

Прырода надзяліла яго шматгранным талентам, дазволіла паспяхова праявіцца як паэту і празаіку, перакладчыку і крытыку, публіцысту і гісторыку. Яго поўнае неаслабнага гарэння жыццё было ўзорам высокага служэння роднай літаратуры, роднаму народу. І гэтым ён будзе таксама радаваць, вабіць і здзіўляць нас.

Я — не літаратурны крытык. У маю задачу не ўваходзіць аналізаваць творчасць паэта, якога вельмі шаную і люблю. Напісанне гэтай кнігі выклікана іншай прычынай.

Неяк з кампазітарам Юрыем Семянякам нам давялося бачыць у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача спектакль «Зорка Венера» — першы сцэнічны твор пра Максіма Багдановіча. І калі ў самых драматычных сітуацыях да падзей падключалася цудоўная музыка Яўгена Глебава, недзе ў глыбіні маёй душы пачынала варушыцца думка: які гэта каларытны матэрыял для оперы! Уголас гаварыць пра гэта я тады не асмеліўся. Больш таго, калі пасля спектакля падобную думку выказаў і Юрый Семяняка, з якім у мяне ўжо быў вопыт творчага супрацоўніцтва, я пастараўся адгаварыць яго: маўляў, ці варта пісаць яшчэ адзін твор? Кампазітар не стаў настойваць на сваім, і гэта гаворка на пэўны час забылася.

Але толькі на пэўны час. Неўзабаве яна ўзнікла зноў. І колькі я не адганяў прэч, яна ніяк не хацела пакідаць мяне. Я зразумеў, што цяпер ужо трэба брацца за працу. Тым больш, што многае ў паказе вобраза паэта мяне не задавальняла, не адпавядала лепшаму разуменню Багдановіча і яго месца ў духоўным жыцці народа. Пачаў нанава перачытваць яго вершы, крытычныя працы і мемуары, каб па крупінцы вылаўліваць факты, якія могуць спатрэбіцца для лібрэта. Але, на вялікі жаль, прыдатных мне фактаў знайшоў я небагата. І можа, толькі цяпер упершыню па-сапраўднаму адчуў, да чаго ж мы мала ведаем пра жыццё сваіх песняроў, наколькі бедна распрацаваны іх біяграфіі. Як адказ на гэту крыўду адразу ж узнікла рашэнне: пакуль яшчэ жывыя сведкі і ёсць магчымасць пахадзіць тымі сцежкамі, якімі хадзіў паэт, трэба збірацца ў дарогу.

* * *

На дварэ стаялі апошнія майскія дні. У гэткія дні ў 1917 г. у Ялце дажываў свой век Максім Багдановіч, 25 мая яго не стала. І менавіта ў апошнія дні мая мне і хацелася пабываць там.

І вось пасля доўгай дарогі з-за ўзгорка паказаліся невысокія ялцінскія будынкі. Таксі паварочвае ў бок порта і спыняецца на адной з людных вуліц каля атэля «Крым», дзе мне давядзецца некалькі дзён жыць.

Толькі цяпер, апынуўшыся ва ўтульным, прасторным пакоі атэля, я зразумеў, што дапусціў недаравальную памылку: забыўся распытаць у Мінску, як знайсці той дом, у якім правёў свае апошнія дні Максім. Я ведаў, што ён жыў па Мікалаеўскай вуліцы ў доме № 8. Але ў каго з ялцінцаў я ні пытаў, усе паціскалі плячамі: такой вуліцы яны нават не чулі. Давялося звярнуцца ў экскурсійнае бюро. Там знайшоўся чалавек, які добра ведае горад, ён расказаў, што Мікалаеўскай называлі да рэвалюцыі вуліцу, якую потым перайменавалі ў вуліцу Камунараў і зусім нядаўна — на Набярэжную Леніна. Памяняўся і нумар дома. Замест васьмёркі — двойка. Для лепшай арыентацыі ён на аркушыку паперы намаляваў мне падрабязны план Набярэжнай і расказаў, як лепш туды трапіць. З гэтым планам мне ўжо няцяжка было знайсці дом Марыі Цямко.

Па ўсходцах падымаюся на другі паверх. Стукаю ў дзверы і трапляю ў кватэру да Надзеі Андрэеўны Андэрсен. У гутарцы высвятляецца, што Максім жыў не ў іхнім пакоі, а насупраць. Цяпер ужо стукаю ў дзверы насупраць і чую: «Заходзьце». З расчыненых на балкон дзвярэй на мяне пазірае пажылая жанчына, якая, седзячы на невялічкім зэдліку, грэе на сонцы хворыя ногі. Тлумачу, хто я і чаго прыехаў. Пра Багдановіча яна амаль нічога не ведае, хоць жыве ў гэтым пакоі каля сарака гадоў.

Пакой даволі прасторны і светлы. Пры ўваходзе направа некалі стаяла вялікая печ, яе разабралі і паставілі невялікую пліту. Злева і насупраць — вокны. Хоць дзень і сонечны, паветра ў пакоі вільготнае — блізка мора. Відаць, і сапраўды для Максіма гэты пакой быў занадта сыры.

Раней з балкона, расказвае гаспадыня пакоя Тарасюк, добра быў відаць бераг. Цяпер жа яго засланілі вершаліны кіпарысаў і алычы. Мора віднеецца толькі ўдалечыні. Азіраюся па баках. Вось тут, каля сцяны, стаяў яго ложак. Тут, лежачы, саслабелай рукой гартаў ён старонкі зборніка «Вянок», нядаўна выдадзенага ў друкарні Марціна Кухты. Згадваецца, колькі клопатаў і турбот давялося яму зазнаць пры выданні зборніка. Не было грошай. Разлічваць на бацькаву дапамогу не мог, бо той, як відаць з паэтавых лістоў, жыў «ад 20-га да 20-га, да таго ж і вінен шмат каму». Заставалася адно: пазычыць пад кніжку грошы ў знаёмых. «Калі Вам тыя займы здадуцца прыдатнымі,— піша ён да рэдакцыі «Нашай нівы»,— дык напішыце мне».

Нам невядома, што адказалі з рэдакцыі, як і невядома, пазычаў ён грошы ў знаёмых ці не. Але да грашовага пытання ён будзе вяртацца не раз. У другім лісце ён паведаміць «Нашу ніву», што ў яе адрас павінны пераслаць грошы з аднаго ўкраінскага часопіса, для якога ён рабіў «пераклад з беларускага на расійскі». «Гэта на зборнічак»,— ласкава дадасць паэт.

Доўга і цярпліва ён будзе чакаць яго выхаду. А калі нарэшце дачакаецца — на радасць застанецца мала часу. Вельмі мала. Аднак і пры гэтым выхад «Вянка» з’явіцца для яго самай значнай падзеяй у жыцці. Такой падзеяй, якая скрасіць неадольны сум і адзіноту паэта ў самую трагічную хвіліну, калі ён адчуе і зразумее, што яна такі — апошняя.

 

У краіне светлай, дзе я ўміраю,

У белым доме ля сіняй бухты,

Я не самотны, я кнігу маю

З друкарні пана Марціна Кухты.

 

Шапчу незабыўныя словы. У гэтым пакоі яны кранаюць асабліва балюча... І калі потым па сходцах сыходжу ўніз, ніякае сонца яго «светлай краіны», ніякая сіняя бухта не могуць развеяць неадольнай тугі... Яму было толькі дваццаць пяць... Праклятыя сухоты! Як рана звялі яны яго ў магілу...

...Іду нешырокай травяністай сцежкай, шукаю месца вечнага прытулку паэта. Нарэшце спыняюся перад купкай высокіх кіпарысаў, дзе за жалезнай агароджай, пафарбаванай у чорны колер, відаць шэры помнік. Здалёку цяжка разабраць літары — яны такога ж колеру, як і камень. Толькі зблізку можна прачытаць:

 

Хоць зернейкі засохшымі былі,

Усё ж такі жыццёвая іх сіла

Збудзілася і буйна ўскаласіла

Парой вясенняй збожжа на раллі.

 

А далей надпіс растлумачвае, што тут пахаваны беларускі паэт Максім Багдановіч, які памёр 12 мая 1917 г. у Ялце. Дзень смерці даецца ў старым стылі. Па новаму стылю гэта будзе 25 мая...

У галавах абапал магілы стаяць два маленькія кіпарысы, якія некалькі гадоў назад пасадзіла паэтэса Еўдакія Лось. На самой магіле — шыракалістыя касачы. Не хапае толькі беларускіх васількоў, якія так горача любіў паэт і з якімі, як з землякамі, не раз вітаўся, жывучы далёка ад бацькаўшчыны. Хай бы яны хоць колерам сваім напомнілі тут чыстую сінь беларускага неба. Ды па васільках і магілу б лягчэй было адшукаць беларусам, якія ўсё часцей і часцей прыходзяць на паклон да свайго паэта.

Цішыня магілы абудзіла шчымлівыя пачуцці недаўгавечнасці чалавечага жыцця. Сама сабой у душу пачынала закрадвацца нейкая трывога. Яшчэ да паездкі ў Ялту я ведаў, што на Волзе жыве яго брат Павел і што ён хворы. Цяпер я асабліва адчуў, што нельга адкладваць сустрэчу з ім. Час не чакае, ён не даруе тым, хто позніцца.

Пасля вяртання з Крыма я пастараўся доўга не заседжвацца ў Мінску. Як-ніяк Паўлу Адамавічу было ўжо за шэсцьдзесят. Гэта той узрост, калі не толькі год, але і кожны дзень дораг.

І вось я зноў у дарозе. Вечарам ад’язджаю з Мінска, а назаўтра раніцай раблю перасадку ў Маскве і праз чатыры гадзіны ступаю на перон Яраслаўскага вакзала...

Пакуль уладкаваўся ў гасцініцы, сцямнела. Пошукі вуліцы і дома, у якім жыве Павел Адамавіч, давялося адкласці на заўтра.

Вуліца Юнацтва зусім не нагадвала вуліцу. Хутчэй за ўсё гэта быў засаджаны маладымі дрэвамі пляц, на якім стаялі шматпавярховыя будынкі. На бакавой сцяне кожнага дома былі намаляваны вялікія нумары. Вось паказаўся трэці нумар, затым — пяты, сёмы... І нарэшце на жоўтым фоне — нумар дзевяць. Знаходжу патрэбны пад’езд і на таблічцы, прыбітай справа, дзе выпісаны нумары кватэр і прозвішчы кватарантаў, перад лічбай 48 чытаю: Багдановіч Павел Адамавіч. Падымаюся на другі паверх. Званю. Дзверы адчыняе пажылая жанчына і здзіўлена пазірае на незнаёмага ёй чалавека. Здзіўлена, бо, едучы ў Яраслаўль, я не даваў тэлеграмы і з’явіўся туды без папярэджання. Называюся — хто я і адкуль, і мяне запрашаюць зайсці.

Павел Адамавіч ляжаў на ложку ў другім пакоі. Я ведаў пра яго цяжкую хваробу і думаў, што ён увогуле не ўстае. Аднак гляджу — спускае ногі і садзіцца на край ложка, пры якім стаіць прысунуты стол. Мяне запрашае на крэсла, дзе да гэтага сядзеў пляменнік: з ім Павел Адамавіч займаўся матэматыкай.

Гаворка спачатку не вельмі ладзіцца. Каб крыху яе разварушыць, я расказаў пра сваю паездку ў Ялту, пра домік, у якім правёў свае апошнія дні Максім. Павел Адамавіч ажывіўся. Цяпер ужо загаварыў і ён. Успомніў, што расказваў бацька пра гэту апошнюю паездку сына ў Крым. Ён лічыў, што Максім выбраў не вельмі добрае месца. Блізка мора. Сырасць. А яму патрэбен быў сухі, стэпавы клімат, такі, як у Старым Крыме, куды ён ездзіў перад гэтым і дзе вельмі добра паправіўся. Можа, і з Мінска яму трэба было ехаць толькі туды, а не ў Ялту.

На хвіліну Павел Адамавіч змаўкае. Вельмі цяжка ўспамінаць пра той час і тую непапраўную бяду. І я спяшаюся перавесці гаворку на іншае. Прашу расказаць пра жыццё Максіма ў сям’і, пра яго інтарэсы і побыт. Мне здавалася, што сваімі пытаннямі я скірую размову ў патрэбны бок. Аднак зрабіць гэта не ўдалося. За доўгія гады педагагічнай працы Павел Адамавіч прывык, што пытанні яму задаюцца пасля таго, як ён закончыць расказваць. Мне заставалася толькі слухаць.

Паводле апісанняў некаторых даследчыкаў у мяне складалася ўражанне, нібы Максім па натуры быў чалавек спакойны, нават крыху флегматычны. Слухаючы Паўла Адамавіча, я пераконваўся, што такая характарыстыка не адпавядае сапраўднасці. Максім быў чалавекам вельмі страсным, поўным душэўнага парыву. Калі патрэбна было даказваць правату ці адстойваць сваю пазіцыю, ён горача спрачаўся і ў запале мог грукнуць кулаком па стале. Калі ж спрэчка канчалася, хутка астываў, рабіўся замкнёным, негаворкім. Асабліва гэта адчувалася дома, дзе ён увесь час праседжваў за кнігамі, ні з кім не дзелячыся сваімі задумамі.

А дзяліцца задумамі такі і не было з кім. Старэйшы брат Вадзім рыхтаваўся да працы над манаграфіяй пра Германа Лапаціна — перакладчыка твораў К. Маркса на рускую мову. Малодшы брат Лёва ўвогуле быў далёкі ад літаратуры, яго цікавіла толькі матэматыка — у гэтай галіне выкладчыкі прарочылі яму вялікую навуковую будучыню.

Шчырым дарадчыкам мог стаць бацька — этнограф, добры знаўца беларускай мовы і народнай творчасці. Але бацьку было не да высокіх памкненняў паэта. І Максім душэўна замыкаўся ў сабе. Замкнёнасць яго характару Павел Адамавіч спрабуе тлумачыць спадчыннасцю. «Гэта,— гаворыць ён,— хутчэй ад нашых мацярок, якім у дзяцінстве давялося зазнаць шмат несправядлівасці. Сірочы дом, дзе яны выхоўваліся, не вельмі спрыяў развіццю ў іх даверлівасці, сяброўства. Увогуле, і нашы маці, і мы мала з кім блізка сыходзіліся. Пра ўсё, што творыцца на душы, прывыклі ўголас не расказваць. Стрыманасць ва ўсім была амаль сямейнай рысай характару. Я, напрыклад, імкнуўся свой побыт зрабіць найбольш прымітыўным, быў зусім абыякавы да вопраткі, яды. Мы з тых людзей, якім вельмі патрэбна была пабочная дапамога».

На апошніх словах Павел Адамавіч зрабіў асаблівы акцэнт. І я зразумеў, што ў іх была разгадка многіх трагічных падзей, у тым ліку і смерці Максіма. Яму, як, можа, нікому з іншых, патрэбна была гэта пабочная дапамога, асабліва тады, калі ён быў там, адзін ля сіняй бухты...

Мімаволі гаворка пераключаецца на бацьку. Высвятляецца, што Адам Ягоравіч гаспадарчымі справамі амаль не займаўся. На яго абавязку, улічваючы тое, што дзеці хварэлі на сухоты, ляжаў выбар кватэры: каб не была сырая, каб у пакоях як мага даўжэй свяціла сонца. Карміць, абуваць, абшываць дзяцей — гэта быў клопат маці. І яна прыкладвала нямала старання, каб як-небудзь выкруціцца з даўгоў і звесці канцы з канцамі.

Бацька меў вялікі аўтарытэт у сям’і. Нават маці, калі трэба было паўшчуваць малых, гразілася: «Вось пачакайце — скажу бацьку...»

Адам Ягоравіч прыходзіў са службы пасля чатырох гадзін дня. К гэтаму часу накрываўся стол, і ўсе садзіліся абедаць. Пасля абеду дзве гадзіны ён аддаваў заняткам з малодшымі дзецьмі. Чытаў ім спецыяльна падабраныя творы з народнага эпасу, рускай мастацкай літаратуры, шмат расказваў пра старажытнагрэчаскую міфалогію, паэзію, гісторыю. Гімназічным ведам ён не надаваў асаблівага значэння і таму заахвочваў дзяцей да самаадукацыі — дома была вялікая бібліятэка, дзе мелася ўсё патрэбнае для гэтага. Калі дзеці вырасталі і станавіліся самастойнымі, бацька іх больш не апекаваў. Яны ўжо самі памагалі ў вучобе малодшым: Лёва займаўся па матэматыцы, Максім — па рускай мове і літаратуры. Праўда, Максім займаўся з малодшымі братамі без вялікай ахвоты, бо меў вельмі мала вольнага часу. Ён тады ўжо друкаваўся ў «Нашай ніве», супрацоўнічаў у шмат якіх рускіх і ўкраінскіх выданнях. А для гэтага патрэбен быў час, і немалы. Вось чаму Максіма больш за ўсё можна было бачыць за кнігай. Кола яго інтарэсаў было надзвычай шырокае. Апрача рэцэнзій на кнігі, ён пісаў артыкулы па гісторыі славянства, аглядавыя артыкулы па беларускай літаратуры.

Уздоўж волжскага берага раскінуўся старажытны Яраслаўскі крэмль. Некалі ў сутарэннях аднаго з яго манастыроў быў знойдзены рукапісны спіс «Слова аб палку Ігаравым». Пра гэта гаворыць і мемарыяльная дошка, прыбітая злева ад крамлёўскіх варот. Не адзін раз у крамлі бываў Максім. Падзеі далёкай мінуўшчыны настолькі ўсхвалявалі паэта, што ён, жывучы ў Яраслаўлі, бярэцца перакладаць на беларускую мову «Слова аб палку Ігаравым».

«Максім рабіў празаічны пераклад,— зазначае Павел Адамавіч.— Я добра памятаю, як ён часта звяртаўся да бацькі, каб папытаць пра тое ці іншае старажытнае слова, і раіўся, якім беларускім словам яго найлепш перадаць. Над перакладам ён працаваў старанна і доўга... Дзе цяпер гэты пераклад — я не ведаю. Магчыма, варта яго пашукаць у прыватных архівах».

Павел Адамавіч успамінае і яшчэ аб адной братавай працы. Максім шмат часу аддаў складанню беларускага буквара. Ён лічыў, што беларускія дзеці павінны мець буквар не перакладны, а арыгінальны.

«Я сам бачыў гэты буквар,— расказвае Павел Адамавіч,— ужо у выглядзе кніжачкі. Нават шрыфты былі адпаведна падабраны: напачатку больш буйныя, а пад канец — драбнейшыя. У якасці ілюстратараў Максім падахвоціў братоў Гапановічаў, якія вельмі хораша малявалі. Яны і зрабілі яму патрэбныя малюнкі, прычым малюнкі каляровыя — чорнай і чырвонай тушшу. Па-мойму, калі мяне не падводзіць памяць, гэта была першая спроба даць дзецям каляровы буквар на роднай мове».

Я прашу Паўла Адамавіча ўспомніць пра тагачасную абстаноўку ў сям’і, пра інтарэсы і звычаі Максіма. Мой субяседнік задумваецца. Праз пяцьдзесят з лішкам год шмат што сцерлася з памяці. Трэба ўлічыць і тое, што Павел Адамавіч намнога маладзейшы за Максіма. З братам яму даводзілася мець справу часцей за ўсё тады, калі трэба было рыхтавацца да ўрокаў па рускай мове ці літаратуры. У астатні ж час Максім зачыняўся ў пакоі і працаваў. Трэба было пісаць артыкулы для газеты «Голос», для «Русского экскурсанта» і іншых выданняў. А колькі часу забіралі ўласныя творы... Таму вялікіх кампаній не заводзіў, на вечарынках бываў рэдка. «Пісаў заўсёды чарнілам і лежачы»,— дадае Павел Адамавіч.

Некаторыя даследчыкі тлумачаць гэта яго ляжанне хваробай і слабым здароўем. На самай жа справе, як расказвае брат, такая была звычка ў сям’і, яна перайшла да дзяцей ад бацькі — сам Адам Ягоравіч пісаў таксама лежачы. Характару Максім быў незласлівага, меў схільнасць да гумару лёгкага, з усмешкай, ці, як яго называе Павел Адамавіч, далікатнага гумару. Атрымліваў і чытаў «Сатирикон». Не выключана магчымасць, што тое-сёе і сам пісаў туды. Характарыстыка, якую дае Павел Адамавіч гумару Максіма, вельмі трапная. I сапраўды, у яго творах няцяжка заўважыць гэты далікатны гумар, прасякнуты светлай усмешкай. Згадаем хоць бы тую ж «Мушку-зелянушку»...

Захапляўся Максім і музыкай. Яго любімымі творамі былі раманс «Я адзін выходжу на дарогу» на словы М. Ю. Лермантава. «Элегія» Маснэ, паланез «Развітанне з радзімай» М. Агінскага, дзявочы хор з «Аскольдавай магілы» А. М. Вярстоўскага, творы А. С. Даргамыжскага. М. І Глінкі, народныя песні. Бацькаў пакой упрыгожвалі рэпрадукцыі з карцін «Ранак стралецкага пакарання» В. I. Сурыкава, «Хрыстос у пустэльні» І. Крамскога і «Партрэт Дастаеўскага» В. С. Пярова, «Тры волаты» В. М. Васняцова, «Мадонна» Рафаэля. У свой час гэтыя карціны падараваў ім Максім Горкі, з якім Адам Ягоравіч праз другую жонку быў у сваяцтве. Рафаэлеўская «Мадонна» і цяпер захоўваецца ў Багдановічаў. Хто ведае, магчыма, гэта карціна, якая вісела ў пакоі Максіма, натхніла яго да напісання ўласных вершаў пра мадонну. Катэгарычна сцвярджаць нельга. Але ж... натхнілі слуцкія паясы, якія ён упершыню ўбачыў у Вільні падчас свайго першага прыезду ў Беларусь, на стварэнне цудоўнага верша «Слуцкія ткачыхі». Чаму ж тады рафаэлеўская «Мадонна» не магла зрабіць гэткага ўплыву? Да яе вобраза паэт часта звяртаўся ў сваіх вершах. Успомнім апісанне вясковай дзяўчынкі-нянькі з верша «У вёсцы». Паэту яна здаецца маці з воблікам дзяўчыны, поўнай да краёў «радзімаю красою».

 

А можа, не краса была ў дзяўчынцы той,—

Дзяўчынцы ўпэцканай, і хілай, і худой,—

А штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі

Стараўся выявіць праз маці божай лікі.

 

Да вобраза рафаэлеўскай мадонны вяртаецца паэт і ў вершы «Вераніка», малюючы партрэт каханай.

Думаецца, што многія вершы, у якіх падаецца вобраз вагітнай, таксама навеяны канкрэтнымі падзеямі. Згадаем гісторыю з Аляксандрай Паўлаўнай Волжынай — другой жонкай Адама Ягоравіча. Яна памерла пры родах, пакінуўшы пасля сябе маленькага Шурыка.

Трагічны лёс Аляксандры Паўлаўны ўгадваецца ў вершах «Смертию смерть поправ» і «Тым вянкі суворай славы», дзе вырашаецца тая ж тэма:

 

Ў муках памерла сама,

Але дзіцё спарадзіла.

 

І ці не яе мацярынскі лёс ляжыць у аснове радкоў:

 

Слава тым, хто сілу мае

Смерць, не дрогнуўшы, спаткаць,

Хто ў мучэннях памірае,

Каб жыццё дзіцёнку даць!

 

Для аналогій тут шмат падстаў.

Але я крыху ўхіліўся ад асноўнага. Гэтыя думкі прыйшлі да мяне пазней, калі я ужо быў у Мінску. Тут жа, пры сустрэчы, мне даводзілася больш за ўсё слухаць і занатоўваць пачутае. Праўда, у першы дзень Павел Адамавіч адчуваў сябе крыху ніякавата, бо не быў падрыхтаваны да гутаркі. На другі ж дзень ён адчуваў сябе вальней і расказваў больш падрабязна.

Гаворка зайшла пра маці Паўла Адамавіча — Аляксандру Панасаўну Мякота (родную сястру Максімавай маці). Паколькі з Аляксандрай Панасаўнай бацька не быў павянчаны, яе дзеці насілі прозвішча не Багдановіч, а Мякота. На прозвішча Багдановіч, як зазначае Павел Адамавіч, яны былі перапісаны толькі пасля рэвалюцыі, калі быў афіцыйна аформлены шлюб. Такім чынам, становішча Аляксандры Панасаўны, асабліва на людзях, было вельмі сумным і незайздросным. І хто ведае, што больш паўплывала на яе характар: гаротнае маленства (пасля смерці бацькі яна доўгі час выхоўвалася ў прытулку) ці яе «незаконнае» замужжа. Можа, усе гэтыя абставіны і зрабілі яе, гаворачы словамі роднага сына Паўла Адамавіча, «дзікункай». Яна ні з кім з суседзяў не сябравала, цуралася кампаній, разам з мужам нікуды не хадзіла, нават не паказвалася, калі ў дом прыходзілі госці. А калі што трэба было падаць гасцям на стол, памагалі дзеці. Дзяцей Аляксандра Панасаўна вельмі любіла, хоць напаказ гэта любоў і не выстаўлялася. Затое, калі хто крыўдзіў іх, адразу ж кідалася бараніць. Праз гэта нярэдка і сварылася з суседзямі. Па свайму культурнаму ўзроўню магла б прымаць удзел у кампаніях, якія запрашаў дадому Адам Ягоравіч, але гэтага не рабіла. Дома, апрача радні, нікога не прымала.

Здавалася, такі лад жыцця павінен быў выпрацаваць у яе характар дамаседкі. Але гэтага не здарылася. Яна была заўзятай тэатралкай. Не прапускала ніводнага спектакля, хоць хадзіла у тэатр заўсёды адна.

Як жа ставіўся да яе Максім? Канкрэтнага адказу на гэта пытанне Павел Адамавіч не дае. Ды відаць, яму нялёгка даць такі адказ. Справа ў тым, што ў сям’ю Аляксандра Панасаўна прыйшла тады, калі Максіму было дзевяць гадоў. I хоць да ўсіх дзяцей — сваіх і сестрыных — яна ставілася аднолькава, усё ж Максім ніколі не называў яе мамай, а толькі цёцяй Шурай ці проста цёцяй. Відаць, дзіцячая душа не магла так лёгка прыняць тыя змены, на якія рашыўся бацька. А можа, прычынай непрыняцця было і тое, што мачахай стала родная сястра яго маці. Можа, ён лічыў, што тым самым Аляксандра Панасаўна кідала цень на памяць сваёй сястры, і душэўна не мог не пратэставаць супраць гэтага. Што было на самай справе, не гавораць ні творы, ні жывыя сведкі. Сваю родную маці Максім любіў горача. У доме зберагаліся ноты, на якіх яна іграла на фартэпіяна, любімыя яе творы былі адначасна і любімымі творамі Максіма. Вобраз той, хто даў яму жыццё, вечна жыў у Максімавым сэрцы, як вобраз радзімы, які і зачароўваў і клікаў да сябе, абуджаў неадольную прагу да беларускай зямлі, яе народа і мовы. Далёка ад родных мясцін па бацькавых этнаграфічных запісах, кнігах, успамінах ён вывучае матчыну мову. Бацька не вельмі ўхваляе сынава захапленне, але ж і не становіцца ўпоперак дарогі, хоць... Можа, гэта і дробязь, можа, у тым і не было наўмыснасці, аднак... калі прафесар Шахматаў папрасіў «Нашу ніву» рэкамендаваць яму маладога чалавека, які б прысвяціў сябе вывучэнню мовы, этнаграфіі і гісторыі Беларусі, каб потым заняць у Пецярбургскім універсітэце спецыяльную кафедру па беларусазнаўству, а «Наша ніва» рэкамендавала Максіма Багдановіча, бацька не адпускае сына... Пазней гэта ён вытлумачыць слабым Максімавым здароўем, кепскім пецярбургскім кліматам і тым, што не меў магчымасці вучыць у розных гарадах адразу двух сыноў. Усё нібыта правільна. Але ж перавагу ён аддае не Максіму, а малодшаму сыну Лёву. Не будзем прыдзірацца да дробязей. Пецярбургскі клімат і сапраўды не для хворага на сухоты. Але ж як быць, калі гэты хворы жыве толькі паэзіяй і хоча стаць толькі беларускім паэтам. І як кампраміс і ўзнагароду за паспяховае заканчэнне гімназіі бацька дазваляе Максіму ўлетку 1911 года з’ездзіць у Беларусь.

Паездка на радзіму нібы сон. Столькі ўражанняў, столькі сустрэч. Вільня! Рэдакцыя «Нашай нівы». Ужо не па газетах, а на свае вочы ён бачыць тых, хто стварае беларускую літаратуру, дбае пра яе росквіт. У рэдакцыі яго прымаюць як свайго аўтара, раяць на ўсё лета паехаць у фальварак Ракуцёўшчына, каб бліжэй пазнаёміцца з вёскай, пачуць жывую беларускую мову. І Максім з ахвотаю прымае гэту прапанову.

Ракуцёўшчына — маляўнічы куток непадалёку ад Маладзечна. Раней, як сведчыць стары жыхар Вінцук Есьмановіч, лес падступаў да самых хат і фальварка.

За панскім домам на схіле ўзгорка быў сад. Канчаўся ён якраз у тым месцы, дзе каля каменя з-пад зямлі б’е крыніца.

Ніжэй — вузкая палоска лугу, перарэзаная ручаём, які ціха булькае паміж альховых кустоў. Злева і справа— высокія ўзгоркі, на якіх некалі цямнелі шумныя векавыя бары, якраз такія, якія навеялі паэту радкі і пачуцці верша «Нашых дзедаў душылі абшары лясоў».

І сапраўды, тыя зялёныя бары як бы заціскалі ў нешырокай лагчыне і сам фальварак, і вузкія вулачкі невялікай — у некалькі хат — вёскі, дзе ў агародах цвілі маку «яркія цвяткі, рознакалёрныя, як тыя васількі», дзе можна было «там-сям пабачыць грушу, крывую, старую...», дзе абапал вулкі стаялі шэрыя струхлелыя хаты са стрэхамі з пачарнелай саломы. Тут і сустрэў паэт летняй парою, калі ўсе былі на полі, сваю мадонну — год васьмі дзяўчынку, якая, выціраючы слёзы хлопчыку, «штось пачала казаць, каб заспакоіць плач...».

 

<...> І ў гэты час яна,

Здавалася, была аж да краёў паўна

Якойсь шырокаю, радзімаю красою,

І, помню, я на міг пахарашэў душою.

 

Пахарашэў, не зважаючы на тое, што ўбранне дзяўчынкі гаварыла пра беднасць і гаротнасць яе жыцця. Аднак сам вобраз, у якім як бы зліліся ў адно рысы дзяўчынкі і маці, нагадаў паэту тую душэўную красу, якую «Рафаэль вялікі стараўся выявіць праз маці божай лікі».

Будзённая сустрэча — а колькі пачуццяў абудзіла яна ў сэрцы Максіма. Толькі вялікі паэт мог убачыць у звычайных клопатах дзяўчынкі пра свайго меншага браціка вышэйшую праяву душэўнай чысціні і прыгажосці народа. Пазней ён напіша:

 

Хай шмат чаго <ўжо> з тых гадоў крыніца змыла

У памяці маёй, хай тэй дзяўчынкі мілай

Ужо воблік губіцца ў цёмнай глыбіне,

Я веру, ў цяжкі час ён гляне на мяне.

 

Два месяцы мінулі, як адзін дзень. Поўны сіл і жывога адчування роднай мовы, вяртаецца Максім у Яраслаўль. Цяпер яго ўжо ніхто не саб’е з вернага шляху. Ён сам бачыў і край свой, і народ, чуў яго мову і песні, бачыў яго песняроў і здабыткі культуры. Народ жыве і жыць будзе. І ён сам зробіць усё магчымае для росквіту роднай літаратуры.

У Багдановічаў у той час кватараваў стрыечны Максімаў брат Пётр Гапановіч, сын цёткі Магдалены. Гадамі ён быў старэйшы ад Максіма, але росту невысокага. Працаваў справаводам у тым жа сельскім банку, што і Максімаў бацька. Асвету меў гімназічную, шмат чытаў і шмат чаго ведаў. Ён і быў асноўным апанентам у спрэчках. Пятру, як зрэшты і Адаму Ягоравічу, здавалася, што беларуская мова — не мова для сапраўднага паэта. Хто на ёй чытаць будзе?

«Аднойчы,— расказвае Павел Адамавіч,— мой ложак паставілі ў пакой да Пятра і Максіма. І не паспеў я заснуць, як разгарэлася спрэчка. Пётр даводзіў сваё, Максім — сваё. Ён гарачыўся, выкладваючы ўсё новыя і новыя факты. Асабліва пасля паездкі ў Беларусь ён стаў гарачым прыхільнікам і абаронцам беларушчыны».

Пераконанасць і сіла волі шмат памагалі паэту ў яго працы, у набыцці патрэбных ведаў і нават у авалоданні беларускай мовай. Не кожны б рызыкнуў на такі подзвіг: стаць менавіта беларускім паэтам, пісаць на той мове, якую да рэвалюцыі ганьбавалі і якую чуў толькі прыхапкамі.

Неўзабаве пачалася сусветная вайна. Частка беларускай зямлі апынулася пад ворагам. Пацягнуліся на ўсход бежанцы. Бежанцы паявіліся і на вуліцах Яраслаўля. Паблізу дома Нашанскіх, у якім жылі Багдановічы, у толькі што пабудаваным двухпавярховым драўляным будынку знайшлі часовы прытулак бежанцы. Быў сярод іх і нехта з Халопеніч — бацькавай радзімы. Як сведчыць Павел Адамавіч, Максім прападаў там цэлымі днямі, памагаючы бежанцам наладзіць іх нялёгкі побыт. Яму хацелася не толькі зменшыць іх пакуты, але і слухаць тую мову, да якой так прагна цягнуўся.

Вайна не абмінула і сям’ю Багдановічаў. Максіма не маглі прызваць у армію з-за хваробы, затое Лёва, які вучыўся тады ў Маскоўскім універсітэце і меў адтэрміноўку па мабілізацыі, добраахвотна пакідае універсітэт і паступае ў Аляксандраўскае афіцэрскае вучылішча. Вучыцца вельмі старанна і толькі на вышэйшую адзнаку. Перад апошнім экзаменам у яго горлам пайшла кроў. Выклікалі бацьку, ён прывозіць Лёву з Масквы на насілках — такі той быў слабы. А праз некалькі дзён, пачуўшы сябе крыху лепш, Лёва адпрошваецца пагасцяваць да Гапановічаў у Ніжні Ноўгарад. Неўзабаве адтуль прыходзіць ліст, у якім паведамляецца, што Лёва знік з Ніжняга. Толькі пазней высветлілася, што ён запісаўся ў добраахвотнікі і паехаў на фронт. У часе Брусілаўскага прарыву Лёва быў паранены разрыўной куляй у нагу. Трапіў у кіеўскі шпіталь, дзе і памёр.

Павел Адамавіч на момант змаўкае. Я ж, акідаючы поглядам пакой, заўважаю злева ў кутку два куфэркі — адзін большы, другі меншы. У іх, як потым высветлілася, захоўваліся рэшткі сямейных рэліквій. Такі, як той меншы, куфэрак, расказвае Павел Адамавіч, быў і ў Максіма. Ад’язджаючы ў 1916 г. у Беларусь, Максім навёў у куфэрку парадак: тое, што трэба, забраў з сабой, а астатняе пакінуў дома. Пакінуў непрыбранымі і непатрэбныя яму чарнавікі вершаў, над якімі працаваў апошнім часам. Чарнавікоў было вельмі шмат. Як засведчыць Павел Адамавіч, яму некалькі разоў па поўным кошыку давялося выносіць іх, каб выкінуць на сметнік.

Выкінуць такую каштоўнасць, такое багацце! І нікому з хатніх не прыйшла тады ў галаву думка пакінуць чарнавікі некранутымі. Які б гэта быў цяпер каштоўны матэрыял пры даследаванні творчасці М. Багдановіча! Красамоўнае сведчанне, якой цаной даставаліся яму канчатковыя радкі ўласных твораў.

Пра куфэрак, відаць, ведалі і некаторыя дзеячы з беларускіх нацыяналістаў, бо неяк улетку 1918 г. у Яраслаўль завітаў прадстаўнік БНР (Беларускай народнай рады) і, прад’явіўшы свае дакументы, хацеў забраць рукапісы Максіма. Адам Ягоравіч не згадзіўся іх аддаць. Аднак ён разумеў, што спадчынай сына могуць зацікавіцца, і таму загадаў Паўлу Адамавічу паставіць Максімаў куфэрак у пограбе, дзе была лядоўня.

А назаўтра ў Яраслаўлі пачаўся белагвардзейскі мяцеж. Хадзіць па вуліцах было небяспечна. Асабліва жорсткі характар набыла страляніна ў апошні дзень мяцяжу. У горадзе ўзніклі пажары. Загарэўся і дом, у якім жылі Багдановічы. Трэба было ратаваць пажытак. А тут, як на тое ліха, Адама Ягоравіча хапіў радыкуліт, ён не мог нават паварушыцца. Тушыць полымя палез на страху малодшы сын Мікалай.

«І ледзь ён паказаўся на страсе,— расказвае Павел Адамавіч,— як куля прашыла яго навылёт. Я кінуўся памагаць яму. Нейкімі шматкамі рыззя сяк-так перавязаў рану. Мы спусціліся ўніз. На шчасце, у гэты час па вуліцы праходзіла сястра міласэрнасці. Яна і адвезла брата ў лазарэт, дзе яго і вылечылі».

Цяпер Павел Адамавіч кінуўся памагаць бацьку. Адшукаў у хаце ментолавую мазь, нацёр сярэдзіну і, калі боль сціх, памог яму пакінуць дом. Сам жа прыняўся ратаваць хатнія рэчы: вынес на двор самавары, два куфры з зімовым адзеннем і з бацькавымі паперамі. Усё гэта і ўцалела ад пажару. Вялікую бібліятэку выратаваць не ўдалося. З хаты полымя перакінулася на пограб. Растаў лёд, утварыўшы лужыну, у якую асеў Максімаў куфэрак. Рукапісы абгарэлі толькі па краях. Пазней, калі куфэрак дасталі з пограба, убачылі, што тая ж выратавальная вада зрабіла і непапраўную шкоду. Чарніла — а Максім пісаў толькі чарнілам — расплылося, і многае з напісанага нельга было разабраць. Праз некалькі год, калі Адам Ягоравіч адвёз куфэрак у Мінск, у Інбелкульце знайшліся спецыялісты, якія здолелі рэстаўрыраваць рукапісы, і яны саслужылі сваю добрую службу пры выданні першага двухтомнага Збору твораў Максіма Багдановіча. Праўда, лёс не пашкадаваў гэтыя рукапісы пазней. Яны загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Але мы забеглі крыху наперад... Калі назаўтра Павел Адамавіч з бацькам вярнуўся дадому, то быў здзіўлены такім відовішчам: на папялішчы адзінока ляжала цалюсенькая рафаэлеўская «Мадонна». Адразу мільганула думка: «Няўжо мадонна і сапраўды святая, калі агонь і той не ўзяў яе?» І можа б, гэта думка і надоўга ўсталявалася ў галаве, калі б не расказ бацькі... Вандруючы па бліжэйшых сёлах, ён знаходзіў асобныя кнігі са сваёй бібліятэкі. Значыцца, нехта ж пакарыстаўся адсутнасцю гаспадароў і сёе-тое прыбраў да рук, у тым ліку «Мадонну». А калі ўбачыў, што вяртаюцца гаспадары, падкінуў яе на папялішча.

З сям’ёй Багдановічаў звязана жыццё і яшчэ адной жанчыны — Аляксандры Паўлаўны Волжынай, другой жонкі Адама Ягоравіча. Пражыла яна нядоўга — толькі да родаў. Пасля сябе пакінула сына — Шурыка, які выхоўваўся ў сям’і Пешкавых і ў дзіцячым узросце памёр. Партрэт Аляксандры Паўлаўны — роднай сястры жонкі М. Горкага — да апошняга часу захоўваў Павел Адамавіч. І калі пры развітанні дазнаўся, што я з Яраслаўля еду ў Горкі, папрасіў перадаць гэты партрэт або стрыечнай пляменніцы Максіма Багдановіча Наталлі Глебаўне Кунцэвіч, або горкаўскаму музею. Наталлю Глебаўну я дома не застаў (яна ў гэты час была ў Ленінградзе), і партрэт давялося перадаць у музей. Там вельмі ўзрадаваліся, бо такога партрэта Аляксандры Паўлаўны яны не мелі.

З Горкага я ад’язджаў поўны ўражанняў...

Бясспрэчна, гарады цяпер не такія, як да рэвалюцыі. Выраслі новыя дамы, вуліцы, а на ўскраінах — цэлыя раёны. Але гарады не настолькі змяніліся, каб у іх не засталося некранутых мясцін, якія наведваў некалі Максім. Такімі ж, як і тады, выглядаюць цэнтры абодвух гарадоў, набярэжная Волгі, абодва крамлі — Яраслаўскі і Ніжагародскі. Здаецца, іх не крануў час, і зусім лёгка ўявіць, з якім адчуваннем хадзіў тут наш Максім. Затое ў Мінску час і бязлітасныя разбуральныя войны назаўсёды сцерлі з зямлі ўсё тое, што было звязана са знаходжаннем паэта. З зямлі, але не з памяці людской...

Памяць аказалася больш даўгавечнай, чым нават будынкі. Яе не маглі знішчыць бомбы ці спапяліць шматлікія пажары. Праз доўгія гады людзі збераглі ў сваіх сэрцах і данеслі да нас светлыя ўспаміны пра паэта.

У Вільнюсе на ўскраі горада ў лясным зацішку жыве Людвіка Антонаўна Войцік (пры знаёмстве з паэтам насіла прозвішча Сівіцкая). У свой час яна актыўна ўдзельнічала ў беларускім нацыянальным руху, рэдагавала і выдавала часопіс для дзяцей «Заранка», сама выступала ў друку пад псеўданімам Зоська Верас. Увосень 1916 і ўзімку 1917 года яна разам з Максімам Багдановічам працавала ў Камітэце дапамогі ахвярам сусветнай вайны. Да яе і накіраваўся я. І хоць на руках у мяне быў дакладны адрас — праспект Чырвонай Арміі, 180 а, давялося доўга паблукаць па горадзе, перш чым натрапіць на верны след. Маючы такое пазначэнне, як праспект, хіба ж мог я падумаць, што адрасата трэба шукаць за горадам, за некалькі сот метраў ад чыгункі, у гушчары сасновага бору. Да хаты вяла вузкая лясная сцежка, якую ў сваю чаргу перасякалі новыя сцежкі, збіваючы мяне з дарогі. Гадзіны паўтары папахадзіўшы па лесе, я нарэшце натрапіў на невялікі ўзгорак, на якім віднелася вясёлая хатка, абнесеная плотам.

У варотцах мяне сустрэла даволі рухавая і ўжо ў гадах жанчына. Пазнаёміліся. І ледзь толькі дазналася пра мэту майго прыезду, як твар адразу ажыў і засвяціўся ўспамінамі маладосці. Жыла яна тады разам з маці ў Мінску, у драўляным доме № 18 па Захар’еўскай вуліцы, які зваўся «Беларуская хатка». Тут размяшчалася сталоўка Камітэта Таварыства дапамогі ахвярам вайны.

— Дом меў,— расказвае Людвіка Антонаўна,— чатыры пакоі. У першым была сталоўка, у другім — канцылярыя Камітэта Таварыства дапамогі ахвярам вайны; трэці, доўгі, займала я з маці, якая апекавала над сталоўкай Камітэта; у чацвёртым жыла кухарка. Пазней, вярнуўшыся з сібірскай высылкі, у гэтым пакоі кватараваў Алесь Гарун. У камітэцкай сталоўцы тры разы на дзень харчаваўся і Максім Багдановіч. Паколькі хворы паэт быў чалавекам абыякавым да свайго здароўя, то маці вельмі пільна сачыла, каб ён своечасова харчаваўся і не забываў прыняць патрэбныя лекі. Яна яго вельмі шкадавала і даглядала, як сына.

Увечары сталоўка ператваралася ў клуб. Сюды прыходзілі Ядвігін Ш., Уладзіслаў Галубок, Фларыян Ждановіч, сёстры Змітрака Бядулі. Сюды ж заглядаў і Максім, які падоўгу заседжваўся ў пакоі канцылярыі Камітэта. Пачыналася вечарынка. Абмяркоўваліся грамадскія падзеі, дэкламаваліся вершы, спяваліся беларускія народныя песні. Можа, тут, як нідзе больш, Максім уволю наслухаўся прыгожых беларускіх песень.

Максім працаваў у Камітэце дапамогі ахвярам вайны, заснаваным яшчэ з восені 1915 г. падчас нямецкага наступлення, якое выклікала новую хвалю бежанцаў. Большасць з іх, як пісаў паэт, не мела нават кавалка хлеба. А ім трэба было даць прытулак і накарміць. Зрабіць гэта ва ўмовах вайны было надзвычай цяжка. Дзеячы беларускай інтэлігенцыі ўзяліся за гэту работу. Яны засноўвалі платныя і бясплатныя начлежкі і сталоўкі, ткацкія майстэрні і майстэрні па рамонту вайсковага адзення, каб заняць працай бежанцаў, якія не жадалі есці дармовы хлеб. Пазней Камітэт наладзіў курсы па садаводству, агародніцтву і пчалярству і заснаваў непадалёку ад Мінска прытулак для бежанскіх дзяцей. На ўсё патрэбны былі грошы. А грошай, як заўсёды, не хапала.

«Існаваць даводзілася,— як зазначаў Максім Багдановіч,— на выпадковыя субсідыі. Дзякуючы гэтаму ў камітэцкай працы адсутнічала не толькі належная планамернасць, але нават і простая ўпэўненасць у заўтрашнім дні, наставалі перапынкі ў працы, даводзілася ліквідоўваць многія пачынанні... І калі пры такіх умовах камітэт мог усё ж весці сваю дзейнасць, дык гэта тлумачыцца толькі вялікаю працай, укладзенай у справу колам асоб, згуртаваных вакол камітэта».

У ліку гэтых нястомных працаўнікоў быў і сам паэт. Пра яго самаахвярнасць гавораць многія факты. Яму, хвораму на сухоты, больш, чым каму іншаму, патрэбна было ўзмоцненае харчаванне. Аднак ён нават чай не піў з цукрам, не мог, калі бачыў галодных дзяцей. І ўсю сваю пайку — а на працы выдавалі па кілаграму і дзвесце грамаў цукру-рафінаду на месяц — перадаваў у дзіцячы прытулак.

Паэт паводзіў сябе надзіва сціпла, нічым не вылучаючы сваёй асобы. Ён быў, як расказвае Людвіка Антонаўна, вельмі простым і таварыскім, хутка сыходзіўся з людзьмі. Праз некалькі гадзін гаворкі здавалася, што вы ўжо з ім даўно знаёмы. Размаўляў ён ціха. Адзін час у маці жылі дзеці стрыечнай сястры. І здаралася так, што яны вельмі шумелі. Людвіка Антонаўна адразу накідвалася на іх і прасіла, каб яны не перашкаджалі працаваць дзядзьку Максіму. Неўзабаве ў дзвярах паказваўся і сам «дзядзька» і, звяртаючыся да яе, заспакойваў: «Хай гуляюць, мне гэта прыемна».

Абыходзіўся з людзьмі Максім вельмі далікатна, стараючыся нават у дробязях нічым не пакрыўдзіць чалавека. Яшчэ тады, калі ён жыў у Яраслаўлі, з ім завочна перапісвалася бліжэйшая сяброўка Людвікі Антонаўны. Адзін час яна перапісвалася таксама з Максімам Гарэцкім, і даволі доўга. Перапіска спынілася толькі пасля таго, як яны абмяняліся фотакарткамі. Багдановіч, відаць, фотакарткі не прасіў, і сувязь у іх працягвалася аж датуль, пакуль ён не прыехаў у Мінск. Сустрэча не прынесла радасці Максіму. Па лістах ён уяўляў яе не такой. Фантазія паэта, відаць, малявала яе аблічча больш прывабным. Адносіны набылі фармальны характар.

Неяк позна ўвечары, вяртаючыся з вакзала пасля праводзін на фронт сястры міласэрнасці, якая гасцявала ў Сівіцкіх, Максім прызнаўся Людвіцы Антонаўне, што не мае да яе сяброўкі ранейшых пачуццяў, але і не можа пакрыўдзіць чалавека.

Ён стараўся рабіць людзям толькі дабро. І ўсе, хто яго ведаў, душою і сэрцам гарнуліся да яго. І калі ўзімку 1917 г. Максіму зноў стала горш, сябры сабралі грошы, каб адправіць паэта на лячэнне ў Крым.

«Тады мы апошні раз яго бачылі,— з сумам у голасе заканчвае Людвіка Антонаўна.— Калі б ведалі, што там ён не паправіцца, то, можа б, не выпраўлялі ў такую далёкую дарогу. Хай бы ён правёў свае апошнія дні сярод блізкіх людзей, а не там... у поўнай адзіноце...»

Ракуцёўшчына. Моўчкі іду па вузкай сцяжынцы міма вечна жывой крыніцы, да якой не раз прыходзіў Максім. За крыніцаю, звесіўшы долу каласы, дрэмле спелае жыта. Сінімі вачамі пазіраюць з яго васількі.

Хутка ў маіх руках набіраецца вялікі букет васількоў. Мяркую высушыць і сабраць з іх хоць жменьку насення, каб пасеяць на магіле ў Ялце.

Хай там, далёка ад Беларусі, зацвітуць нашы васількі і напомняць кожнаму, хто будзе прыходзіць пакланіцца Багдановічу, аб вечнай красе роднага краю паэта.

 

Скарбы куфра Багдановічаў

Першае падарожжа па мясцінах, звязаных з жыццём Максіма Багдановіча, падарыла мне шмат уражанняў. Асабліва сустрэча з яго братам Паўлам Адамавічам, які жыў у Яраслаўлі. Едучы ў Яраслаўль, я меркаваў, што не толькі здолею распытаць у Паўла Адамавіча пра Максімава жыццё, але і пазнаёмлюся з некаторымі сямейнымі дакументамі. Я ведаў, што яны ёсць, нават бачыў, дзе яны ляжалі...

Аднак Павел Адамавіч абмежаваўся тады толькі размовай. Прасіць было няёмка — і я выехаў з Яраслаўля, так і не дазнаўшыся: а што ж захоўваецца ў куфрах...

І вось праз чатыры з паловай месяцы я зноў у хаце Багдановічаў. Пакоі без гаспадара здаюцца нейкімі апусцелымі. Удава, гаротная Аўгуста Іванаўна, пацішэлым голасам расказвае пра хваробу і апошнія дні мужа і тут жа запрашае ў яго пакой.

— Мы нават нічога яшчэ не перастаўлялі. Усё тут засталося, як пры ім.

Я разумею яе. Не так лёгка прывыкнуць да таго, што здарылася. Не так лёгка змірыцца з нечаканай адзінотай. Яшчэ ў лісце з Нясвіжа, дзе ў кастрычніку застала мяне вестка пра смерць Паўла Адамавіча, я прасіў Аўгусту Іванаўну зберагчы сямейныя архівы. Мая просьба не засталася без увагі. І цяпер, поўны хвалявання, я прыступаю да справы. Асцярожна выношу бліжэй да акна спярша маленькі куфэрак. Ён лёгкі. Скарбаў у ім небагата: некалькі матэматычных кніг і папак з рукапісамі — архіў самога Паўла Адамавіча, які пры жыцці выкладаў у тэхнікуме матэматыку. Таму тут сабрана толькі тое, што датычылася яго прадмета.

Аўгуста Іванаўна прапануе заняцца другім куфрам:

— Галоўнае, відаць, там...

Разам з ёю падносім ладна напакаваны куфар да акна. З выгляду ён нічым не адрозніваецца ад тых куфраў, якія не раз даводзілася бачыць у вясковых хатах ці каморках. Звычайна ў іх гаспадыні трымалі свой самы каштоўны скарб — сувоі палатна, сукенкі, спадніцы, крамную вопратку. Тут жа, у Багдановічаў, зберагалася іншае. Куфар меў як бы тры ярусы, у якія былі беражліва ўкладзены кнігі, папкі, пакеты... Сярод кніг — шмат вядомага: першае выданне «Вянка», двухтомны Збор твораў Максіма Багдановіча, творы паэта ў рускіх і ўкраінскіх перакладах, літаратуразнаўчыя працы, прысвечаныя жыццю і творчасці паэта...

Паклаўшы гэта збоку, дастаю перавязаны вяровачкай пакет з надпісам: «Перапіска з Кацярынай Пешкавай». Лістоў няшмат. У адным з іх упамінаюцца імя Максіма і Адама Ягоравіча Багдановічаў і гаворыцца, што яны вельмі любілі Беларусь. Па перапісцы відаць, што Кацярыну Паўлаўну цікавілі толькі матэрыялы пра М. Горкага. Яна паведамляла, што прышле па іх спецыяльнага чалавека. Пасланец, відаць, прыязджаў, бо горкаўскіх матэрыялаў, за выключэннем некалькіх фатаграфій, у куфры не знайшлося... Зрэшты, на іх горкаўскі музей меў поўнае права...

Першы ярус не вельмі цешыў: вядомыя кнігі, вядомыя артыкулы. Затое другі... Перад маімі вачамі — аж не верыцца! — тоўсты, у скураной вокладцы, з бліскучай зашчапкай сямейны альбом. Бяру яго ў рукі, асцярожна націскаю знізу кругленькую галоўку спружыновай зашчапкі, якая нагадвае малюсенькую гантэлю, і альбом раскрываецца. На мяне пазіраюць добрымі вачамі знаёмыя па прозвішчах людзі.

Найбольш за ўсё здымкаў самога Адама Ягоравіча, ад ранніх, якія рабіў мінскі фатограф М. Страшунер, да ніжагародскіх, якія належаць вядомаму майстру фатаграфіі М. Дзмітрыеву (дарэчы, у гэтага фатографа здымаўся часта і М. Горкі), і аж да апошніх, аматарскіх. Некаторыя з іх вядомыя па ранейшых публікацыях, а некаторыя яшчэ не публікаваліся.

Вось перад намі здымак мінскага перыяду жыцця Адама Ягоравіча, калі ён працаваў у прыходскім вучылішчы. Ён сядзіць у цэнтры, а збоку і наперадзе — настаўнікі і вучні. На класнай дошцы, якая служыць як бы фонам, каліграфічным почыркам выведзены словы: «Да будет свет!» Гэтыя словы напісаны не выпадкова. Яны былі дэвізам тых, хто нёс народу святло адукацыі.

Наступны здымак пераносіць нас ужо ў Гродна. Туды Адам Ягоравіч змушаны быў выехаць не па сваёй волі. У яго пачаўся крывацёк з горла, і дактары забаранілі працаваць у школе.

«З усіх магчымых пасад,— пісаў ва ўспамінах Адам Ягоравіч,— я выбраў службу ў Сялянскім банку, як такую, дзе я мог працаваць на карысць народа. Я прасіў, каб прызначылі мяне ў Мінскае аддзяленне банка. Мне абяцалі, бо была ваканскія, але яна была заменена стаўленікам новапрызначанага ўпраўляючага аддзяленнем, і мне прапанавалі Гродна».

Давялося ехаць — іншага выбару не было.

У Гродна Адам Ягоравіч заводзіць новыя знаёмствы і адразу ж уключаецца ў культурна-асветніцкую дзейнасць. Арганізоўвае народную бібліятэку. Але( жыць і працаваць у Гродна давялося нядоўга. Адама Ягоравіча падпільноўвае страшны лёс — памірае жонка, якую ён вельмі паважаў і заўсёды ласкава называў Марылькай. Зноў пераезд. На гэты раз — за межы радзімы, у Ніжні Ноўгарад. Збіраючыся ў дарогу, Адам Ягоравіч запасаецца ў Мінску рэкамендацыйнымі пісьмамі ад таварышаў да розных асоб, у тым ліку пісьмом да М. Горкага. Гэта пісьмо і было прычынай іх знаёмства, якое затым вылілася ў сардэчную і доўгую дружбу.

У альбоме мы бачым фотакарткі, на якіх Максім Горкі сфатаграфаваны са сваёй жонкай Кацярынай Паўлаўнай, асобна Кацярыну Паўлаўну, калектыўны здымак Адама Ягоравіча з Горкім і дырэктарам Ніжагародскай гімназіі і побач ялцінская фатаграфія, дзе Аляксей Максімавіч зняты з Кацярынай Паўлаўнай. Пра гэту фатаграфію хочацца расказаць больш падрабязна.

Гэта было ў 1897 г. Тады М. Горкі цяжка хварэў. Дактары разумелі, што адкрыліся каверны ў лёгкіх, і таму параілі неадкладна ехаць лячыцца ў Крым. Хоць Аляксей Максімавіч і не вельмі верыў у папраўку, аднак паехаць на лячэнне згадзіўся. Праводзіць Максіма Горкага і Кацярыну Паўлаўну ў гэту далёкую паездку прыйшоў толькі Адам Ягоравіч. Было гэта 14 студзеня. Аляксей Максімавіч выглядаў вельмі хваравіта: «Бледны, з сінізной пад вачамі,— як апісвае А. Багдановіч,— ён злёгку ківаў галавой, калі крануўся цягнік. Відаць, ён лічыў гэта развітанне апошнім...»

Але на поўдні здароўе Аляксея Максімавіча пачало паляпшацца. Праз тры месяцы ён у знак удзячнасці прысылае А. Багдановічу сваю фотакартку. На адвароце робіць надпіс:

«І Вы нам прышліце тое ж — г. зн. сваю картачку.

А. Пешкаў».

Тут жа, ніжэй, прыпіска ад Кацярыны Паўлаўны:

«Пасылаем картачку, каб не забылі нашых фізіяномій, бо мы, напэўна, прабудзем да наступнай вясны на поўдні.

к. п. 18 23/IV 97».

І сапраўды, на поўдні яны затрымаліся, але — не ў Ялце. Праз чатыры месяцы, па запрашэнню былой княгіні Хвастовай, Аляксей Максімавіч з жонкай пераязджае на Палтаўшчыну ў яе маёнтак Мануйлаўку. Прырода і ваколіцы Мануйлаўкі вельмі спадабаліся Аляксею Максімавічу, а клімат Палтаўшчыны здаўся больш прыдатным для яго здароўя, чым ялцінскі.

У Ніжнім заставалася малодшая сястра Кацярыны Паўлаўны — Аляксандра Паўлаўна, адзіны чалавек, хто рэгулярна перапісваўся з Пешкавымі. Да яе за навінамі часта заходзіць Адам Ягоравіч. І не толькі за навінамі. Хутка іх сустрэчы перарастаюць у шчырае каханне, і яна становіцца яго жонкай.

Па ўсім відаць, што новы шлюб прынёс нямала радасці Адаму Ягоравічу. У альбоме шмат здымкаў з новай жонкай. Але радасць была кароткая. Не прайшло і года, як Аляксандра Паўлаўна памірае пры першых родах. У альбоме побач з яе здымкам і фота яе сына Шурыка. На здымку хлопчыку на выгляд, пэўна, больш за год. Шурыка мы бачым яшчэ на адной фатаграфіі, дзе ён стаіць на крэсле, прытуліўшыся да бабкі (Аляксандры Волжынай), якая левай рукой абдымае свайго другога ўнука — Максіма (сына М. Горкага).

Да ніжагародскага перыяду жыцця Багдановічаў адносяцца і многія здымкі Аляксандры Панасаўны Мякота. На здымку яна такая, якой прыйшла ў дом Багдановічаў з сіроцкага прытулку,— у форменнай сукенцы.

Па фотаздымках мы знаёміліся з родзічамі Адама Ягоравіча: яго бацькам Ягорам Лук’янавічам, роднымі сёстрамі, жонкай Марыляй, Максімавымі роднымі братамі Вадзімам і Лёвам, стрыечнымі сёстрамі Нютай Гапановіч і Ганнай Гразновай і інш.

Пра Нюту Гапановіч варта расказаць больш падрабязна. З ёю Максім меў вельмі прыязныя і шчырыя адносіны. Жывучы ў Яраслаўлі, нярэдка прыязджаў да яе ў Ніжні Ноўгарад. Доўгі час яны перапісваліся.

Нюта валодала немалымі матэматычнымі здольнасцямі. Перад імперыялістычнай вайной яна некалькі гадоў, як матэматык, нават займалася на вышэйшых жаночых курсах у Маскве.

Любоў да матэматыкі не замінала ёй захапляцца літаратурай, якую добра разумела. З яе густам лічыўся Максім і неаднойчы чытаў ёй свае вершы. Праўда, поўнасцю ацаніць вартасць братавай паэзіі яна не магла — не хапала ведання беларускай мовы. І яна шчыра прызналася ў гэтым Максіму. Тады брат спецыяльна для яе перакладае свае вершы на рускую мову, перапісвае ў асобны сшытак і пад назвай «Зеленя» дорыць ёй. Цяпер яна ўжо мела магчымасць па-сапраўднаму ацаніць, чаго варта паэзія яе «катаржніка», гэтак у жарт называла яна Максіма за яго сапраўды катаржную працу над шліфоўкай уласных вершаў.

Сшытак «Зеленя» Нюта Гапановіч беражліва захоўвала ўсё сваё жыццё. Толькі дзякуючы ёй мы маем магчымасць чытаць вершы паэта ў цудоўным аўтарскім перакладзе.

Здымкаў самога Максіма ў альбоме няшмат — толькі два, ды і тыя вядомыя па публікацыях. Відаць, астатнія былі адвезены бацькам у 1923 г. у Мінск разам з рукапісамі паэта і беззваротна загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Затое шчаслівая знаходка — фатаграфія Максіма, зробленая з малюнка, дзе невядомы мастак здолеў вельмі трапна перадаць рысы характару паэта. Паглядзіце на яго вочы — гэта не перадае ні адна вядомая фатаграфія. Колькі ў іх агню, тэмпераменту, жвавасці! І як да гэтага партрэта стасуюцца словы бацькі, у якіх ён апісвае характар сына: «Максім — гарачы, страсны, амаль апантаны ў захапленні вобразамі, прыгажосцю, формаю, сілаю пачуцця, а не лагічнымі пабудовамі і таму бязладны, бурны, імклівы».

Застаецца высветліць: у якім жа годзе намаляваны з натуры гэты партрэт? Даты на фотарэпрадукцыі няма. Відаць, яе не было і на арыгінале, таму фатограф не меў магчымасці зрабіць адпаведную паметку. Паспрабуем устанавіць дату па ўскосных прыметах. Паводле ўспамінаў сяброў мы ведаем, што Максім заўсёды насіў форменнае адзенне: гімназічнае, калі вучыўся ў гімназіі, і ліцэйскае, калі паступіў у юрыдычны ліцэй. Ні на адной фатаграфіі мы не бачылі яго інакш апранутым. А тут раптам на ім — белая сарочка пры гальштуку, фуражка і лёгкая накідка з башлыком.

Мусіць, доўга давялося б ламаць галаву над разгадкай таямніцы, калі б не выпадкова знойдзены асабісты дзённік паэта, пісаны ім падчас лячэння ў Старым Крыме, куды ён, як нам вядома, ездзіў у 1915 г. У дзённіку ёсць упамінанне пра тое, што ён, ідучы гуляць, браў з сабой накідку. Пра гэту накідку не ўпамінае ніхто, апісваючы знешні выгляд паэта. Відаць, Максім не апранаў яе ў Яраслаўлі, бо калі б апранаў, дык хто-небудзь пра гэта абавязкова ўспомніў бы. Хутчэй за ўсё паэт набыў накідку перад ад’ездам у Стары Крым і насіў толькі там. А паколькі мы ведаем, калі гэта было, дык можна, не сумняваючыся, сцвярджаць, што партрэт маляваўся з натуры ў Старым Крыме ўлетку 1915 г. Нельга не адзначыць такой акалічнасці: калі б партрэт пісаўся ў Яраслаўлі, дык бацька ці хто з радні ведаў бы прозвішча мастака і, магчыма, пазней зрабіў бы адпаведную паметку на арыгінале ці рэпрадукцыі.

Не магу не звярнуць увагі яшчэ на адну фатаграфію ў альбоме. Спярша мне здалося, што гэта невядомае фота Максіма Багдановіча. Але, перавярнуўшы картку на другі бок, я прачытаў: «Андрэй Андрэевіч Галаван» — унук Адамавай сястры Марыі. У маіх руках была картка таго чалавека, пра якога Павел Адамавіч расказваў, што ён і тварам, і постаццю быў вельмі падобны да Максіма. Калі Павел Адамавіч упершыню яго ўбачыў, дык аж здрыгануўся ад нечаканасці, нібы сустрэўся з жывым братам: і голас такі ж, і такія ж каштанавыя валасы. Вось з каго можна было ляпіць скульптурны партрэт паэта!

Я адбіраю тыя матэрыялы, якія мяркую забраць з дазволу Аўгусты Іванаўны з сабою ў Мінск. На стол адкладваю альбом, канверт з апошнім лістом малодшага Максімавага брата Лёвы... а сам зноў нагінаюся над расчыненым куфрам. Дастаю шкатулку кітайскай работы. Якраз у ёй і была захавана найбольшая колькасць дакументаў. Разгортваю пакет, на якім па-руску напісана: «Документы Марильки». Ласкавым імем «Марылька» заўсёды называў сваю першую жонку Адам Ягоравіч. У пакеце — два пасведчанні, выдадзеныя Марыі Панасаўне Мякота (дзявочае прозвішча Максімавай маці), з якіх відаць, што яна вучылася ў С.-Пецярбургскай земскай настаўніцкай школе, і білет, выдадзены ёй Мінскай гарадской паліцэйскай управай 28 жніўня 1888 г. на права свабоднага пражывання ва ўсіх гарадах Расійскай імперыі тэрмінам на адзін год. На адваротным баку білета — даведка свяшчэнніка Хмарына-Гарадзецкай царквы Мінскага павета Пашкевіча, з якой відаць, што ён 30 кастрычніка 1888 г. павянчаў Марыю Мякота з настаўнікам І-га прыходскага Мінскага вучылішча Адамам Ягоравічам Багдановічам.

Па датах, якія стаяць на дакументах, высвятляецца, што ў першы год свайго замужжа Марыя Панасаўна вымушана была разлучыцца з Адамам Ягоравічам, каб закончыць вучобу ў Пецярбургу. Відаць, яны падтрымлівалі перапіску, але лістоў таго часу не захавалася.

У сваіх успамінах Адам Ягоравіч расказвае, што Марылька была вельмі здольная вучаніца. Шкада, што не захавалася атэстата аб заканчэнні С.-Пецярбургскай земскай настаўніцкай школы. У шкатулцы захоўвалася толькі фотакопія пасведчання аб заканчэнні Мінскага трохкласнага жаночага вучылішча. Але і з гэтага дакумента відаць, што яна ўсе прадметы (рускую мову, арыфметыку, рускую гісторыю, геаграфію, чыстапісанне, закон божы, рукадзелле, спевы) здала на «выдатна».

Марыльчыны дакументы я зноў акуратна складаю ў той пакет і адкладваю ў стосік. Затым бяру ў рукі пажаўцелы ад часу экземпляр газеты «Гродненские губернские ведомости» № 102 за сераду 29 снежня 1893 г. (неафіцыйная частка). Недаўменна паціскаю плячамі: чаму тут апынуўся гэты нумар газеты? Выпадковасці быць не магло. Перачытваю першую старонку — нічога такога, што магло б прыцягнуць увагу. Разгортваю газету і — бачу развярстанае на два высокія падвалы апавяданне «Накануне рождества» і подпіс «М. Б.».

Першая думка — невядомае апавяданне Максіма Багдановіча. Але дата, 1893 год, адразу ж ахалоджвае мяне. Не мог жа ён у два гады пісаць апавяданні... Што ж тады хаваецца за гэтым «М. Б.»? Відаць, нехта з родзічаў, інакш газета не збераглася б у сямейным архіве. Можа, Марылька?..

І толькі пазней, ужо дома, я прачытаў на 97-й старонцы кнігі ўспамінаў Адама Ягоравіча: «Адзінае апавяданне, напісанае ёю, якое знаходзіцца сярод матэрыялаў, паказвае, што яна валодала выяўленчым дарам, а пры гэтай умове з яе магла б выпрацавацца добрая пісьменніца».

Дык вось хто аўтар гэтага апавядання! Вось ад каго атрымаў свой пісьменніцкі дар Максім Багдановіч. Вось чаму сярод сямейных рэліквій захоўваўся гэты нумар газеты. Паколькі ні ў адной з беларускіх бібліятэк няма гэтага нумара, я дазволю сабе спыніцца на апавяданні больш падрабязна. Па свайму характару— гэта тыповае навагодняе апавяданне, якія ахвотна друкавалі газеты таго часу. Аднак настрой яго — не зусім святочны. У цэнтр увагі пісьменніца, як бы прадчуваючы і свой лёс, паставіла хворую на сухоты жанчыну.

«Не один раз в отчаянии билась она головой о холодные стены своей убогой конуры, прося ў бога смерти, лишь бы не слышать этих надрывающих душу детских воплей о хлебе! Не один раз, заломивши руки в смертельной тоске, она, как безумная, металась по комнате, ища ине находя выхода из своего положения! Как утопающий хватается за соломинку, так она хваталась за всякую возможность раздобыть какой-нибудь грош: за работой не различала дня от ночи, шила и мыла на господ и всячески угождала их прислуге, от которой нередко зависело получение заработка. О, она не боялась труда! Она то задыхалась в душной, как баня, прачечной, то мерзла на речке, полоща белье, то слепила глаза за вышивкой или вязаньем, не чувствуя усталости и не замечая, как угасали ее силы и здоровье...»

Гераіні апавядання хочацца пад Новы год узрадаваць дзяцей падарункамі, а грошай няма. І яна вырашае расстацца са шлюбным пярсцёнкам, каб на атрыманыя грошы купіць цацкі і сказаць дзецям, што і ім Хрыстос прынёс апоўначы падарункі. Але пярсцёнак не ўдалося прадаць. Большы сын, Міша, не дачакаўшыся абяцанага падарунка, думае, што Хрыстос заблудзіўся, не знайшоў іхнюю хату, і ўгаворвае меншага брата, Колю, пайсці шукаць яго.

«Дойдя до конца улицы, они вдруг остановились как вкопанные перед большим одноэтажным домом, глядевшим на них всеми своими широкими, ярко освещенными окнами. Громадная зала, вся залитая светом, была видна, как на ладони. Посредине ее красовалась вся в огнях, богато усыпанная золотом и серебром, нарядившаяся во все цвета радуги роскошная елка. Из-под каждой ее ветки выглядывали апельсины, яблоки, орехи, разноцветные коробочки, а на самой верхушке, как будто собираясь лететь, расправлял свои серебряные крылья ангел.

...Миша... судорожно ухватился руками за выступ стены, прильнул к стеклу своим посиневшим от стужи лицом и широко раскрытыми глазами так и впился в представившуюся его взорам картину: прямо против него, почти у самого окна, стояла чудная гнедая лошадка с настоящею шерстью и гривой; а перед ней на корточках сидел мальчик его лет и одной рукой гладил лошадку по спине, а другой — старался запихнуть ей в рот пряник.

«Ведь это моя лошадка! — промелькнуло в голове у Миши: — Я такую именно хотел иметь. Как же она сюда попала?» И он хотел было закричать, чтобы отдали ему его лошадку. Но смутно сообразив, что это было бы бесполезно, он удержался от крика. Тут его охватило отчаяние: лицо его передернулось, как будто от сильной внутренней боли, глаза съежились, и все его маленькое тельце заколыхалось от неудержимых рыданий....»

На плач выходзіць швейцар і праганяе бедных сірот. Багатая ёлка не для іх. Шчасце бядняк можа бачыць толькі ў сне. На той час такая думка абуджала спагаду да пакут простага люду і гаварыла пра гуманныя погляды аўтара. І як шкада, што раптоўная смерць абарвала гэты талент на самым пачатку.

Побач з «Гродненскими губернскими ведомостями», дзе надрукавана апавяданне, у шкатулцы захоўвалася і копія апошняга Марыльчынага пасведчання за № 842.

«Дадзена гэта ад Гродзенскага Сафійскага Сабора ў тым, што ў копіі метрычнай кнігі гэтага Сабора за 1896 г., у ІІІ частцы «аб памёршых» пад № 85 жаночага роду значыцца: 1896 г. кастрычніка чацвёртага дня памерла ад скарацечных сухотаў жонка памочніка бухгалтара Гродзенскага аддзялення Сялянскага банка Адама Ягоравіча Багдановіча Марыя Панасаўна 27 год ад нараджэння і шостага таго ж кастрычніка пахавана на гарадскіх могілках».

Адам Ягоравіч у сваіх успамінах удакладняе месца пахавання: «Пахавана яна на Гродзенскіх праваслаўных могілках перад царквою, направа ад галоўных варот і дарогі ў царкву».

Я прывёў гэта ўсё для таго, каб можна было нарэшце адшукаць магілу маці паэта і ўзяць, каму належыць, на сябе клопаты пра яе догляд.

Пасля смерці Марылькі Адам Ягоравіч, як нам вядома, з сям’ёй пераязджае ў Ніжні Ноўгарад. Пра яго жыццё і сямейныя перамены можна скласці ўяўленне па дакументах, якія ў пэўнай меры характарызуюць норавы таго часу.

Вось пасведчанне, выдадзенае Сялянскім пазямельным банкам, дзе каліграфічным почыркам напісана:

«Дадзена гэта ад Сялянскага пазямельнага банка бухгалтару Ніжагародскага аддзялення гэтага банка, калежскаму рэгістратару Адаму Ягоравічу Багдановічу ў тым, што ён, як з фармулярнага аб службе яго спіска відаць: 34 год ад нараджэння, веравызнання праваслаўнага, удовы і што да ўступлення яго ў другі законны шлюб з дзяўчынай дваранкай Аляксандрай Паўлаўнай Волжынай з боку Сялянскага банка перашкод не сустракаецца, што і сведчыцца належным подпісам з прыкладаннем казённай пячаткі».

Тут мы павінны сёе-тое ўдакладніць. Даведка выдадзена была 20 студзеня 1899 г., а Адам Ягоравіч нарадзіўся 20 сакавіка 1862 г., дык яму ў той час было не 34 гады, а без двух месяцаў 37 год. Нявеста ж Аляксандра Волжына мела не больш за 20 год. Розніца ў 17 год кідалася ў вочы, і таму Адам Ягоравіч палічыў патрэбным крыху падмаладзіцца.

Увогуле звычаі таго часу прыносілі людзям нямала турбот, сваімі недарэчнасцямі ўскладнялі сямейныя адносіны. Гэта на сабе адчуў Адам Ягоравіч пасля смерці другой жонкі.

Вось чаму вянчанне з Аляксандрай Панасаўнай не адбылося і яе дзеці доўгі час лічыліся бязбацькавічамі, нават не былі запісаны на прозвішча Багдановіча. Падчас майго першага прыезду ў Яраслаўль Павел Адамавіч, відаць не надаючы асаблівай увагі дакладнасці, сказаў, што на прозвішча Багдановіч ён і яго меншыя браты перайшлі толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Знойдзеныя ў шкатулцы дакументы ўносяць поўную яснасць. Высвятляецца, што справу аб пераводзе дзяцей ад трэцяй жонкі на сваё прозвішча Адам Ягоравіч узняў яшчэ ў 1914 г., падаўшы 19 лістапада ў Яраслаўскі акруговы суд адпаведнае прашэнне. Чаму ён наважыўся ўзаконіць сваіх дзяцей так позна — мы не ведаем. Магчыма, паўплывала тое, што пачалася вайна і трэба было неяк узаконіць сям’ю. Так у судзе за № 1024 узнікла справа. Яна пэўным чынам закранула і старэйшых сыноў — Максіма і Лёву. Паколькі яны ўжо былі паўналетнімі, суд запатрабаваў ад іх адпаведнай згоды на ўсынаўленне бацькам астатніх дзяцей.

Такая згода, бясспрэчна, была, і ў выніку:

«1914 г. снежня 16 дня, па ўказу яго імператарскай вялікасці, Яраслаўскі акруговы суд па грамадзянскаму аддзяленню ў публічным судовым пасяджэнні, пад старшынствам старшыні суда Н. А. Манасеіна, у складзе членаў: М. С. Лачынава і С. А. Рыкуніна, пры тав. пракур. С. Н. Архангельскім, пры памочніку сакратара Аранскім 2-м, слухаў справу аб усынаўленні надворным саветнікам Адамам Ягоравічам Багдановічам дзяцей, народжаных дачкою губернскага сакратара Аляксандрай Панасаўнай Мякота,— Паўла, Мікалая, Аляксея, Вячаслава і Рамана...»

Паколькі факты, дакументы і паказанні сведак не выклікалі сумненняў:

«...Акруговы суд, кіруючыся 1460—1460 і 2 арт. Уст. Гр. Суд., вызначае: усынавіць надворнаму саветніку Адаму Ягоравічу Багдановічу дзяцей, народжаных дачкою губернскага сакратара Аляксандрай Панасаўнай Мякота: Паўла, Мікалая, Аляксея, Вячаслава і Рамана, з прысваеннем ім імя па бацьку «Адамавічаў» і прозвішча «Багдановічы».

Як бачым, суд вырашыў толькі адну справу — узаконіў дзяцей Адама Ягоравіча. Становішча ж жонкі заставалася ранейшым.

Чым бліжэй я дабіраўся да дна куфра, тым большая нецярплівасць агортвала мяне: няўжо тут няма Максімавых дакументаў? Часам мне здавалася, што я няўважліва праглядаю матэрыялы. І я тады зноў вяртаўся да перагледжанага.

Толькі над раскрытым перабраным куфрам да мяне пачынае прыходзіць думка, што я дарэмна шукаю Максімавы дакументы. Яшчэ перад сваім ад’ездам у Мінск паэт акуратна ўсё сабраў і склаў у свой куфэрак. Магчыма, ён меркаваў, што некалі ў мірны час прыедзе па іх з Беларусі. Але... прыехаць ужо не давялося. Яго цудам уцалелы ад пажару куфэрак па просьбе ўрада Савецкай Беларусі адвозіў на радзіму бацька. Гэта было ў 1923 г. Вось перад намі дакументы за № 583 і 584, выдадзеныя Адаму Ягоравічу 2 траўня Паўнамоцным Прадстаўніцтвам Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі ў РСФСР і перасланыя ў Яраслаўль. Першы дакумент без пячаткі, другі з урадавай пячаткай. Прыводжу іх тэксты, якія падаюцца адначасова на беларускай і рускай мовах:

«Грамадзяніну Адаму Юркаву Багдановічу.

Паважаны грам. Адам Юркаў!

Адсылаючы Вам пры гэтым Ахранную грамату на Ваша імя з мэтаю аблягчэння Вашага пераезду з м. Яраслаўля ў м. Менск і перавозу вельмі каштоўных для Беларусі рукапісных матэрыялаў Вашага памершага сына — выдатнага беларускага паэта Максіма Багдановіча, Паўнамоцнае Прадстаўніцтва БССР пры Урадзе РСФСР прапануе Вам таксама сваю дапамогу пры спатканні.

Калі Вы маеце затрымацца ў Маскве, не адмоўцеся паведаміць аб гадзіне прыбыцця Вашага цягніка на Яраслаўскі вакзал для прысылкі за Вамі аўтамабіля і адвозу Вас і рэчаў у памяшканне Прадстаўніцтва (Мал. Мікіцкая, 18. Тэлефоны: Крамлёўскі 3-15; гар. 2-88-00)».

А вось і тэкст «Ахраннай граматы»:

«Паўнамоцнае Прадстаўніцтва Беларускай ССР у РСФСР гэтым сведчыць, што паказчык гэтага, грамадзянін Адам Юркаў Багдановіч, бацька выдатнага беларускага паэта Максіма Багдановіча, па запрашэнню Урада Беларускай ССР пераязджае на жыхарства з м. Яраслаўля ў м. Менск.

Грамадзянін Багдановіч вязе з сабою захованыя ім рукапісы, перапіску і іншыя нявыданыя матэрыялы свайго памершага сына — паэты для перадачы іх навуковым установам Беларускай Рэспублікі.

Памянёныя матэрыялы маюць для Беларусі вельмі высокую культурную каштоўнасць і ніякім чынам не могуць быць аддадзены ў багаж альбо на захаванне без асабістых гарантыяў у іх захованасці.

Паўнамоцнае Прадстаўніцтва БССР у РСФСР просіць усе грамадзянскія і чыгуначныя ўлады РСФСР і БССР, па тэрыторыі якіх мае ехаць грамадзянін Багдановіч, рабіць яму ўсякую дапамогу, дабрачыннасць, ні ў якім разе не чыніць якіх-небудзь перашкодаў і па ўсіх паўстаўшых у звязку з яго праездам пытаннях звяртацца ў Прадстаўніцтва (Масква, М. Мікіцкая, 18, тэл. гар. 2-88-00; Крамлёўскі 3-15) альбо ў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт Саветаў БССР (Менск)».

Далей ідуць подпісы паўнамоцнага прадстаўніка БССР у РСФСР тав. Мароза і сакратара (подпіс невыразны). «Ахранная грамата» змацавана пячаткай Прадстаўніцтва.

Што ж прывёз тады ў Мінск бацька паэта? У сямейным архіве копіі вопісаў не засталося. Амаль не засталося і жывых сведкаў. А калі б яны і былі, дык хіба ж магла чалавечая памяць утрымаць усё, што было ў Максімавым куфэрку! Але ў сямейным архіве захоўваліся нумары газеты «Савецкая Беларусь» ад 16 і ад 20 чэрвеня 1923 г., у якіх шырока асвятляўся бацькаў прыезд у Мінск. З газет мы даведваемся, што 16 чэрвеня 1923 г. у Доме працаўнікоў асветы адбыўся вечар памяці Максіма Багдановіча. Калі слова далі Адаму Ягоравічу, дык, як зазначае аўтар рэпартажу: «Уся зала зашугала бурнаю авацыяй». Газета цытуе і словы, сказаныя тады Адамам Ягоравічам: «Я некалі адарваў свайго сына ад радзімы, цяпер я звяртаю ўсё, што ён па сабе пакінуў. Аддаю ўсё тым людзям, якіх любіў мой сын і якія яго любяць».

Мы ведаем, што рукапісы, прывезеныя бацькам, саслужылі добрую службу пры выданні першага двухтомнага Збору твораў паэта. Ведаем і тое, што не ўсё з прыхаванага Максімам было апублікавана. Застаецца толькі высветліць: а што ж там было ўвогуле?

Газета «Савецкая Беларусь» у № 134 ад 16 чэрвеня 1923 г. друкуе артыкул Наз. Бываеўскага (Язэпа Дылы) «Скарбы творчасці Максіма Багдановіча», дзе даецца падрабязнае апісанне матэрыялаў, прывезеных з Яраслаўля Адамам Ягоравічам.

Язэп Дыла быў тады членам камісіі Інбелкульта па прыёмцы спадчыны Максіма Багдановіча, і таму ён меў поўную магчымасць падрабязна расказаць пра ўсё, што прывёз Адам Ягоравіч. Паколькі гэты нумар газеты стаў цяпер бібліяграфічнай рэдкасцю (яго не мае нават Дзяржаўная бібліятэка БССР імя Леніна), я пастараюся болей шырока расказаць пра артыкул і падаць адпаведныя цытаты. Вось што піша аўтар артыкула:

«...Найбольш усяго мы маем перад сабою вершаў М. Багдановіча. Цэлыя сшыткі спроб накідаў і выпрацаваных тэкстаў; дзесяткі лістоў, чацвёртак, паўлістоў і цэлых аркушаў паперы, занятых таксама радкамі вершаў. Тут мы маем першабытныя варыянты як друкаваных яго вершаў, так яшчэ і нідзе не надрукаваных. Прыглядзеўшыся к таму ці іншаму паэтычнаму твору паэты, відаць, як упарта і старанна працаваў Багдановіч над сваімі вершамі, шліфуючы не толькі змест, паасобныя выразы, але аддзельныя словы і нават падлічваючы прыгоднасць асобных складоў... Сярод чарнавікоў ёсць і першая рэдакцыя «Мушкі-зелянушкі», варыянты «Веранікі», «Максіма і Магдалены» і іншых больш выдатных паэтычных твораў песняра. Асаблівую ўвагу зварочваюць на сябе вершы першага перыяду творчасці, калі яшчэ слоўнікавы матэрыял вершаў не даваўся пісьменніку ў сэнсе чыстаты беларускай мовы; затым ёсць папачка вершаў, якія падбіраліся Максімам для сшытка «Палын-трава», новага збору яго паэтычных твораў. Ёсць таксама цікаўная цетрадка вершаў-перакладаў з беларускае на расейскую мову пад назваю «Белорусские поэты», дзе змешчаны пераклады Максіма Багдановіча з Марцінкевіча, Неслухоўскага, Я. Купалы, Я. Коласа і іншых. Не выкарыстаўшы белавік гэтых сваіх перакладаў для надрукавання ў расейскіх журналах (на рукапісы ёсць адзнакі, што сшытак вярнулі), Максім карыстаецца гэтым сшыткам для сваіх чарнавых накідаў беларускіх вершаў і кожны шматок чыстае паперы напаўняе сваёю «бісернаю» рукою новых арыгіналаў. У гэтым якраз сшытку змешчан вельмі цэнны аўтабіяграфічны нарыс — ліст да рэдакцыі «Нашай нівы», арыгінал якога, мабыць, не захаваўся, бо беларускія культурнікі і дагэтуль яшчэ не навучыліся шанаваць матэрыялы, уласнаручна пісаныя нават выдатнейшымі беларускімі пісьменнікамі».

Цяжка ўсведамляць, што ўсё гэта назаўсёды страчана, што нашы даследчыкі пазбаўлены магчымасці дэталёва знаёміцца з чарнавымі накідамі паэта, сачыць за развіццём думкі, вывучаць і аналізаваць сутнасць яго правак.

«...З асаблівай горыччу,— зазначае далей аўтар артыкула,— прыходзіцца тутака адзначыць, што маецца цэлая пачка (да 30—40 штук) чыставікоў вершаў, якія да прачытання пад павялічваючым шклом прыйшлося пакуль што не рэгістраваць, бо з краю пачка гэтых рукапісаў настолькі абгарэла (скрынка ж з рукапісамі хоць і была затоплена ў ваду, але потым вада выпарылася і верх абгарэў), так што магчыма адзін толькі раз іх чытаць. Па першаму ж асцярожнаму азнаямленню гэтая пачка ў большасці змяшчае якраз творы новыя, не друкованыя яшчэ...»

Мяркуючы па двухтомніку Збору твораў Максіма Багдановіча, памянёныя вершы былі ўсё ж прачытаны і надрукаваны. Яны бясследна не загінулі для чытача.

Н. Бываеўскі затым пераходзіць да апісання празаічных твораў паэта.

«Што ж датыча да мастацкай прозы, то мы маем толькі 10 пакуль што занатованых твораў гэтага характару, у большасці на беларускай мове, але незакончаных. Кончана цалкам апавяданне «Марына», ды ёсць яшчэ два арыгіналы яго далейшых нарысаў для гістарычнае хрэстаматыі. Найдзены таксама план і пачатак гістарычнага рамана з часоў XVI в. Драматычных твораў не маем у М. Багдановіча зусім».

Далей аўтар артыкула робіць падрабязны пералік рукапісаў публіцыстычных і літаратуразнаўчых прац М. Багдановіча. Сярод гэтага пераліку значацца рукапісы такіх артыкулаў паэта, як «Забыты шлях», «Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да XVI сталецця», аб Ф. Скарыне, аб Ратамскім прытулку дзяцей бежанцаў, аб мове ў мясцовай школе, а таксама шмат незакончаных артыкулаў на этнаграфічныя, сацыяльныя і іншыя тэмы. Вялікую цікавасць уяўлялі рукапісы слоўнікавых матэрыялаў для буквара. Захоўваўся сшытак чарнавых выпрацаваных тэкстаў і шэсць ужо зусім белавых старонак гэтай работы. Рукапісны архіў меў і каля дзесяці лістоў паэта, галоўным чынам «не адасланых па адрасе», сярод якіх два перадсмяротныя, напісаныя алоўкам: адзін — бацьку, другі — Гапановічу. Меўся ліст, у якім былі змешчаны заўвагі аб змесце «Вянка», і ліст, у якім пісьменнік збіраўся расказаць прыяцелям, над чым ён працуе.

Значную частку архіва складалі лісты да Максіма Багдановіча. Іх было 194. Сюды ўваходзіла перапіска «Нашай нівы», «Украинской жизни», «Украі’ньской хаты» з паэтам, а таксама 9 лістоў ад С. Палуяна, 4 — ад Я. Хлябцэвіча, 2 — ад Я. Купалы, 2 — ад Б. Эпімаха-Шыпілы, 12— ад В. Лявіцкай, 7 — ад А. Бурбіса і 1 — ад Цёткі. Ліст Цёткі — адзіны на той час захаваны рукапіс выдатнай паэтэсы-рэвалюцыянеркі.

Колькі б новага расказалі гэтыя лісты, калі б дайшлі да нас!

І тут міжволі ўзнікае пытанне: чаму ж яны не трапілі на старонкі першага двухтомнага Збору твораў М. Багдановіча? Ці не было тут якой наўмыснасці? Скажам адразу, ніякай наўмыснасці не было. Пра гэта мы ўскосна даведваемся з заявы Адама Ягоравіча ў Прэзідыум Акадэміі навук БССР (у куфры захоўваўся толькі чарнавік гэтага дакумента). Заява пісалася як адказ на прапанову Акадэміі — вызначыць канчатковую суму ганарару за выданне твораў М. Багдановіча. Паводле заявы перапіску паэта, накіды, успаміны пра Максіма і іншае бацька адносіць да катэгорыі матэрыялаў, якія маюць падсобнае значэнне. Ён піша, што яны «ў свой час былі прынесены мною як дар Інбелкульту і на іх аплату я ні ў якай меры не прэтэндую. Адзіную ўмову, якую ставіў і стаўлю адносна падобных матэрыялаў,— гэта, каб лісты да паэта розных асоб маглі быць апублікаваны толькі з іх згоды...».

Такая згода, відаць, не была атрымана, і лісты засталіся неапублікаванымі. А вельмі шкада...

Памагаючы Інбелкульту ў выданні Збору твораў свайго сына, Адам Ягоравіч звернецца з лістом да Аляксея Максімавіча:

«Максім у 13 ці 14 годзе пісаў Вам і верагодна паслаў кніжку сваіх вершаў. Ці не захавалася ў Вас яго пісьма? Ці не дасце Вы аб ім ці яго вершах кароценькага водгуку? Беларусы былі б вельмі ўзрадаваны».

Для радасці не было падставы. Кароценькага водгуку Аляксей Максімавіч прыслаць не мог, бо, як засведчыць у сваім адказе: «Максім не пісаў мне і кнігі сваёй не прысылаў».

І ў гэтым таксама праявіцца характар паэта, яго незвычайная сціпласць.

Рукапісныя матэрыялы, прывезеныя бацькам, дапаўнялі адзінаццаць фотаздымкаў і зборнік «Вянок» з аўтарскімі праўкамі вершаў, зробленымі алоўкам.

З пераліку матэрыялаў відаць, які багаты архіў прывёз тады бацька. Думаецца, што не ўсё загінула.

Не выключана магчымасць, што ў дні Вялікай Айчыннай вайны, калі гарэў будынак Акадэміі навук БССР, сёе-тое з гэтага архіва магло трапіць да прыватных асоб.

Неяк паэт С. Новік-Пяюн, прачытаўшы мой артыкул «Максімавымі сцежкамі», пазваніў па тэлефоне і паведаміў, што ў дні Вялікай Айчыннай вайны (ён жыў тады ў Слоніме) да яго прыходзіў незнаёмы чалавек і хваліўся, што мае рукапісы Максіма Багдановіча. Незнаёмы расказаў, што гэтыя рукапісы ён выхапіў з палаючага будынка Акадэміі навук БССР і намерваўся даць іх публікацыю.

Паступова шкатулка пусцее. Большая палова яе скарбаў адкладзена на стол. Туды трапляе і пасведчанне, выдадзенае Яраслаўскім дзяржаўным мастацкім тэхнікумам, з якога мы даведваемся, што брат паэта Аляксей Багдановіч вучыўся на мастака, што ён валодаў і пэўнымі літаратурнымі здольнасцямі — захаваліся рукапісы яго перакладаў з грэчаскіх паэтаў. Адкладзена таксама і пасведчанне № 157, выдадзенае Мінскім дзіцячым прытулкам Аляксандры Панасаўне Мякота, з якога відаць, што яна «знаходзілася ў прытулку са снежня месяца 1881 г. да 1 чэрвеня 1889 г., дзе навучалася ўсім прадметам па праграме, устаноўленай Міністэрствам народнай асветы для пачатковых народных вучылішчаў, а таксама навучалася рукадзеллю».

Пяць дакументаў адносяцца і да асобы самога Адама Ягоравіча, ці інакш — Адольфа Рыгорава, як запісана ў пасведчанні, выдадзеным 6 жніўня 1878 г. Халопеніцкім валасным праўленнем Барысаўскага павета Мінскай губерні за № 475. Імя Адам яму далі пазней, калі трэба было атрымліваць метрыку, без якой ён не мог падацца ў навуку. Да 16 год ён — Адольф, жыхар Халопеніч. Пра гэта сведчыць і дакумент, тэкст якога прыводзім поўнасцю:

«Дадзена гэта ад Халопеніцкага валаснога праўлення селяніну Мінскай губерні Бабруйскага павету Ляскавіцкай воласці Адольфу Рыгоравічу Багдановічу ў тым, што ён сапраўды жыве ў м. Халопенічах гэтай жа воласці і мае сталую аседласць, да якога на паступленне ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю з боку гэтага Праўлення перашкод не маецца, у тым подпісам з прыкладаннем казённай пячаткі сведчыцца».

Далей ідуць подпісы старшыні воласці Е. Скалубовіча, валаснога пісара (подпіс разабраць нельга) і стаіць пячатка.

Па бацьку Адольф названы Рыгоравым, хоць у наступным дакуменце, выдадзеным духоўнай кансісторыяй, яго ўжо называюць Адамам Георгіевым. Што ж, блытаніна для таго часу, улічваючы пісьменнасць пісарчукоў, была з’явай пашыранай. Аднак у пасведчанні імя пастаўлена правільна — Адольф. Так яго звалі ў Халопенічах. Але...

Мы ведаем, што Адам Ягоравіч збіраўся паступаць у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю — семінарыю праваслаўную. Ён ужо меў пасведчанне, выдадзенае Халопеніцкай воласцю. Засталося толькі атрымаць метрыку. А яе якраз і не магла выдаць Халопеніцкая царква, бо там запісаў пра яго нараджэнне і хрышчэнне не было. Бацькі лічыліся католікамі і хрысцілі Адольфа хутчэй за ўсё ў касцёле, магчыма, у Дашкавічах, па месцы сваёй прыпіскі,— Ягор Лук’янавіч працаваў кухарам у маёнтку пана Лапо. А атрымліваць дакумент, у якім бы значылася каталіцкае веравызнанне сына, бацьку, відаць, не хацелася, і ён звяртаецца па метрыку ў Мінскую духоўную кансісторыю. Сваю просьбу тлумачыць тым, што ў метрычных кнігах Халопеніцкай царквы няма запісу пра хрышчэнне сына. Кансісторыя наладжвае следства, якое цягнецца нешта каля года. На год адкладваецца і паступленне Адольфа ў семінарыю. І вось праз год яму вылаецца наступнае пасведчанне:

«Па ўказу яго імператарскай вялікасці Мінская духоўная кансісторыя за належным подпісам і прыкладаннем казённай пячаткі выдала гэтае пасведчанне аб тым, што па неадшуканню ў метрычных кнігах Халопеніцкай царквы Барысаўскага павета артыкула аб нараджэнні і хрышчэнні Адама Георгіевіча Багдановіча, духоўная кансісторыя, з прычыны прашэння бацькі яго Георгія Лук’янава Багдановіча аб выдачы памянёнаму Адаму метрычнага пасведчання пра яго паходжанне прызначала аб тым следства, якое і зроблена. Пасля разгляду гэтага следства і адпаведнасці яго з царкоўнымі і грамадзянскімі дакументамі кансісторыя гэта вызначэннем 15 сакавіка 1879 г. адбыўшымся і яго прэасвяшчэнствам Яўгеніем епіскапам мінскім зацверджаным, заключыла: прызнаць памянёнага Адама законным сынам селяніна Георгія Лук’янава Багдановіча і яго законнай жонкі Ганны Фаміно», народжаным дваццатага сакавіка тысяча восемсот шэсцьдзесят другога года і хрышчаным дваццаць пятага таго ж сакавіка свяшчэннікам Уладзімірам Чаховічам, пры хросных бацьках каталіцкага веравызнання: памешчыку Дамініку Аляксандравым Лапо і Ганне Свенскай. Г. Мінск. Сакавіка 21 дня 1879 г.».

Пазней пра гэты дакумент Адам Ягоравіч напіша ў сваіх успамінах:

«У ім я быў пераіменаваны з Адольфа ў Адама. Гэта была кансісторская выдумка ў інтарэсах праваслаўя і абрусення... Так вось, пасля шаснаццаці год я меў два імя (бо ў валасных, г. зн. грамадзянскіх, дакументах я ўсё ж лічыўся Адольфам), цэлых тры імя па бацьку (Юр’евіч, Георгіевіч, Ягоравіч) і два прозвішчы, калі заглядаць у далёкае мінулае».

Як бы там ні было, а ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю ён паступіў ужо Адамам. Дакумента аб заканчэнні семінарыі ў шкатулцы не было, аднак як сведчанне яго настаўніцкай прафесіі захавалася прадпісанне дырэктара 1-га Мінскага прыходскага вучылішча ад 15 кастрычніка 1886 г. за № 3438, з якога відаць, што 15 кастрычніка ён быў прызначаны в. а. настаўніка гэтага вучылішча і павінен быў прыняць ад былога настаўніка Анісімава паводле вопісаў і каталогаў бібліятэку, справы і маёмасць вучылішча, а таксама грошы, якія адпускаліся на ўтрыманне гэтага вучылішча.

Наступныя два дакументы адносяцца да паслярэвалюцыйнага часу, калі ўжо Адам Ягоравіч працаваў у Яраслаўскім абласным музеі — і гаворка ў іх ідзе аб прызначэнні яму пенсіі: у 1928 г.— персанальнай (60 рублёў у месяц) і ў 1931 г.— акадэмічнай — па хадайніцтву Наркамасветы РСФСР (100 рублёў у месяц).

Сямейны куфар перагледжаны. У свой партфель я забіраю тое, што адклаў, каб завезці ў Мінск, а астатняе зноў кладу на ранейшае месца. Хоць і не пра ўсе падзеі мог расказаць сваімі дакументамі куфар, аднак мы не маем права крыўдаваць на яго. Дзякуй яму і за тое, што ён захаваў для нас многія матэрыялы, якія пашыраюць нашы ўяўленні пра побыт і жыццё сям’і Багдановічаў.

Гэтымі словамі і закончыўся б другі раздзел, калі б не адна акалічнасць. Праз некаторы час я атрымаў ліст з Яраслаўля ад Аўгусты Іванаўны. Яна паведамляла, што сярод папер Паўла Адамавіча знайшла ўспаміны пра Максіма Багдановіча. Я папрасіў пераслаць іх у Мінск. І вось перада мною адбітак двухпадвальнага артыкула «Максім Багдановіч», напісанага Л. 3-цам і надрукаванага ў газеце «Іскра» ў Вільні 31 мая 1925 г. (Як потым стала вядома, гэты адбітак у свой час пасылала Паўлу Адамавічу Н. Ватацы.)

Калі чытаеш артыкул, высвятляецца, што яго аўтар таксама лячыўся ў Ялце. З Максімам ён пазнаёміўся ў «Беларускай хатцы» ўвосень 1916 г.

«Худы, высокі, трохі сутулаваты,— піша Л. 3-ц,— вечна ў расхрыстаным студэнцкім паліто, без усялякіх прэтэнзіяў у адзежы (большай часцю насіў «касаваротку» і зялёную студ. тужурку),— ён адразу звяртаў на сябе ўвагу белавасковым тварам і, асабліва, светлымі бяздоннымі вачыма, глыбока пасаджанымі пад высокім і ясным лобам, над якім высілася капа валос. Калі ён глядзеў на вас, то здавалася, што ён вас саўсім не бачыць, такі ў яго быў нейкі глыбокі ўнутраны пагляд. Гаварыў заўсёды ціха і мала».

Л. 3-ц, ведаючы, што паэт часта недаядаў, спрабаваў угаварыць яго лепш харчавацца.

«І ўсягды,— піша далей аўтар,— атрымоўваў адзін і той самы характэрны адказ: «Чаму гэта васпана больш мусіць цікавіць такое глупства, чым мяне самога?!»

Калі ж Л. З-ц, разумеючы, да чаго гэта можа прывесці, не ўступаў, тады Максім «рабіўся такім непрыемна-зімным, што далей на гэтую тэму не было ніякае ахвоты гутарыць».

Тут жа ў сваіх успамінах Л. 3-ц, як бы між іншым (а можа, і знарок), задае і такое пытанне: «Пры якіх варунках памёр М. Багдановіч?»

Відаць, у аўтара было нейкае яшчэ поўнасцю не ўсвядомленае падазрэнне. Справа ў тым, што ён, знаходзячыся ў 1916 г. на лячэнні ў Ялце, чуў, што ў прыватных дамах, якія бралі да сябе цяжкахворых (не бралі гэткіх хворых да сябе лепшыя пансіянаты, баючыся страціць сваіх кватарантаў), панавалі, як ён піша, дрэнныя «звычаі». Ён «не раз чуў, што адзінокіх безнадзейна хворых часта абіралі гаспадыні пансіёнаў, дрэнна іх кормячы і тым самым прыспяшаючы іх смерць, пасля якой звыкла самае цэннае з рэчаў кватаранта «прыліпала» да рук гаспадыні».

Адзінокім, безнадзейна хворым прыехаў у Ялту і Максім Багдановіч. Мы ведаем, што ў яго былі рэкамендацыі, але чамусьці імі ён не пакарыстаўся. Пасля доўгага блукання (чатыры дні шукаў кватэру), стомлены і знясілены, ён спыняецца ў Марыі Цямко. Месца — не з лепшых, блізка мора. А тут яшчэ і надвор’е сапсавалася.

«Надвор’е мярзотнае,— піша з Ялты Максім,— дождж, вецер, холадна...

Аслаб я к гэтаму часу вельмі. Думаю, справа ў тым, што гаспадыня на паліве эканомію наганяла».

Цяжка чытаць гэтыя радкі. А яшчэ цяжэй падумаць, што тут была нейкая наўмыснасць ці нават звычайная абыякавасць да чужога лёсу. Як ні змякчай вызначэнні, як ні ўцякай ад узнікшага падазрэння, але ніяк ад яго ні ўцячы, ні адмахнуцца. Відаць жа, нездарма ўспомніў Л. 3-ц пра дрэнныя «звычаі»? Нешта ж ён падазраваў?

* * *

Гэта падазрэнне доўга не выходзіла з галавы. Я неаднойчы вяртаўся да ўспамінаў Л. 3-ца, уважліва іх перачытваў, стараючыся адшукаць хоць якое-небудзь пацвярджэнне. Але, як ні ўчытваўся, нічога не знаходзіў. Л. 3-ц асабіста не ведаў М. Цямко і таму абмежаваўся толькі падазрэннем. Патрэбна было шукаць людзей, якія добра ведалі Максімаву гаспадыню. Такім чалавекам была Тарасюк. Яна шмат гадоў наймала ў гаспадыні «Максімаў» пакой. І я з горыччу пашкадаваў, што, размаўляючы з ёю, падрабязна не распытаў пра М. Цямко. Не прыдаў значэння тады і фразе, якая характарызавала М. Цямко ўскосна, бо гаварылася ў ёй пра адну з суседак, якую Тарасюк параўноўвала з былой сваёй гаспадыняй: «Нашто ўжо тая была гадасць, а гэта яшчэ горшая за яе». Цяпер гэтыя словы пралівалі першае святло на сутнасць справы. Успомнілася і сведчанне самога Максіма, якім ён тлумачыў прычыну пагоршання свайго здароўя:

«Думаю, справа ў тым, што гаспадыня на паліве эканомію наганяла».

Жахлівая здагадка. І жахлівая тым больш, што мы ведаем з таго ж пісьма, да чаго ўсё гэта прывяло:

«Макрот пайшло больш, хадзіць цяжка... А ў завяршэнне пайшла кроў дні на чатыры».

Вось у што вылілася гаспадыніна «эканомія». І тут ужо міжволі ўзнікае і такое пытанне: а можа, гэта была і зусім не «эканомія»? Нездарма ж Л. 3-ц, ведаючы норавы ялцінскіх гаспадынь, яшчэ тады нешта няладнае падазраваў. І тут мы павінны сабраць як мага больш фактаў, каб адказаць: ці меў падставу Л. 3-ц для падазрэння? А заадно разабрацца і ў характары самой М. Цямко. Для гэтага мы павінны паслухаць тых, хто з ёю сустракаўся.

Пачнём з самога Адама Ягоравіча Багдановіча. Ён прыязджаў у Ялту, каб забраць у гаспадыні рукапісы сына. Вось што ён піша ў пісьме да Язэпа Дылы: «...гаспадыня звалася Марыя, здаецца, Цямко, жанчына зусім простая». Словы «зусім простая» мы выдзелілі спецыяльна. Відаць, гэтым Адам Ягоравіч хацеў падкрэсліць яе душэўную нячуласць, чэрствасць. Такой было ўсё роўна, хто яе кватарант. Ім мог быць не Максім. І з тым бы яна абышлася не лепш. Ёй — абы выгада, абы нажыцца. Таму не скажаш, што яна не разумела, што рабіла і да чаго гэта магло прывесці. Разумела, але, аслепленая карыслівасцю, думала: а можа, сыдзе з рук, ніхто не заўважыць яе ўласніцкай хітрасці, і «эканомія» ператворыцца ў спажыву. Аднак «эканомія» ператварылася не ў спажыву, а ў трагедыю. Мы не ведаем: раскайвалася потым гаспадыня ці не, зразумела сваю прычыннасць да трагедыі ці не зразумела? А што засталася раўнадушнай да трагедыі — мы гэта ведаем. І выявілася гэта якасць крыху пазней.

У 1924 г. паэты Уладзімір Дубоўка, Андрэй Александровіч і Анатоль Вольны спецыяльна ездзілі ў Ялту, каб адшукаць і прывесці ў парадак магілу Максіма Багдановіча. Звярнуліся яны за дапамогай і да М. Цямко. Але тая ўхілілася ад такой дапамогі. Вярнуўшыся з Ялты, паэты пра ўсё расказалі Язэпу Дылу, які тады займаўся спадчынай Максіма. І вось што піша Язэп Дыла Адаму Ягоравічу:

«Я сёння быў да глыбіні душы парушан іхнімі апавяданнямі, як яны шукалі магілу. Цямко аказалася бабаю несімпатычнаю і фактычна ні ў чым не памагла. Не дала і вартых даных аб апошніх днях жыцця Максіма».

Так... яна маўчала. А можа, таму і маўчала, што адчувала сваю віну. Нездарма ж гэтулькі год хвалявала Л. 3-ца пытанне: «Пры якіх варунках памёр М. Багдановіч?» Відаць, нездарма...

 

Пасля дарогі

Праглядаючы падарожныя-блакноты і перачытваючы запісы гутарак з людзьмі, якія мелі дачыненне да Максіма Багдановіча, я кожны раз заўважаў, што не ўсё запісанае мне ўдалося поўнасцю выкарыстаць. Сёе-тое выпадала з таго плана, якім я кіраваўся пры падачы матэрыялаў у папярэдніх раздзелах, тым больш што друкаваліся яны з перапынкам у некалькі месяцаў. За гэты час накапляліся новыя матэрыялы, адкрываліся новыя факты, узнікалі новыя думкі і меркаванні.

Ужо ў Мінску сляды навялі мяне на асабісты дзённік паэта, які знаходзіўся ў рукапісным аддзеле Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР сярод матэрыялаў, пазначаных «Архіў Язэпа Дылы».

Пра існаванне гэтага дзённіка ведала вельмі абмежаванае кола людзей. Нават многія з даследчыкаў творчасці Максіма Багдановіча, калі я напамінаў пра дзённік, паціскалі плячамі і дзівіліся: «Няўжо ёсць такі дзённік?» Так і ляжаў ён амаль нікім дагэтуль не чапаны ў інстытуцкіх шафах. Я ўжыў слова «амаль» не выпадкова, бо ўсё ж да дзённіка—уцалелых рукапісаў паэта няшмат — дакраналіся цікаўныя рукі тэатральнага даследчыка Алега Саннікава. Больш за месяц праседзеў ён з павелічальным шклом у руках над невялікімі аркушыкамі паперы, спісанымі бісерным почыркам, каб прачытаць тэкст. Расшыфраваныя словы і цэлыя сказы ён старанна заносіў у асобны сшытак. Але да канца расшыфраваць тэкст, напісаны алоўкам пяцьдзесят чатыры гады назад, так і не ўдалося. Паколькі дзённік пісаўся не для пабочных вачэй, таму яго аўтар не клапаціўся пра выразнасць почырку, а шмат якія словы падаваў у скарачэннях, зразумелых толькі яму самому.

І ўсё ж месяц карпатлівай працы не прапаў марна. Нават па тым, што расшыфравана, а расшыфравана крыху больш за трэць тэксту, мы можам скласці ўяўленне пра паэтаў характар, пра яго погляды на жанчын і пра адносіны з Клавай, якую ён сустрэў улетку 1915 г. у Старым Крыме падчас свайго лячэння там.

Якім было гэта захапленне: выпадковым ці не? Адказаць цяжка. Хутчэй за ўсё невыпадковым, бо пазней, як сведчыць бацька, ён перапісваўся з ёю. Праўда, бацька, які «не ўчытваўся ў гэту перапіску, а толькі бегла праглядзеў яе», палічыць гэты эпізод выпадковым, нехарактэрным. Што ж, бацькам заўсёды дзеці здаюцца толькі дзецьмі. А дзеці тым часам становяцца дарослымі і па-даросламу і мысляць і адчуваюць.

 

Забудется многое, Клава.

Но буду я помнить всегда,

Как в сердце шипела отрава

Любви, и тоски, и стыда. <...>

 

Гэта ўжо прызнанне сталага юнака, якому давялося адчуць, перажыць і атруту кахання, і сум, і нават сорам. Чым больш учытваешся ў старонкі дзённіка, тым больш разумееш характар паэта — яго дабрату, мяккасць і разам з тым парывістасць і настойлівасць. Сустрэча з Клавай прынясе Максіму нямала душэўных перажыванняў. Будуць у яго і дні светлых, радасных узлётаў, і дні пакутлівага разладу. Тады ён запіша ў дзённіку (дзённік пісаны па-руску: «Я не вытрымаў, устаў, да сябе пайшоў. Да трох гадзін ночы сядзеў, пісаў. На другі дзень не размаўляў, пішу. Ноч сяджу, пішу. На наступны дзень ізноў. Іду ў чацвер абедаць — Клава кажа: «Чаму вы мяне пазбягаеце?..» Слёзы нагарнуліся...»

А хто ж хоча бачыць слёзы, асабліва жаночыя? Ды яшчэ калі ён паэт, чалавек надзвычай мяккага і чулага сэрца... Ізноў у іх наладзяцца добрыя адносіны. Ізноў яны да позняе ночы будуць разам бавіць свой час, не ў сілах сказаць адзін аднаму «да спаткання».

 

Ужо пара мне дадому збірацца,—

Вечар позны, а час не стаіць.

Ах, калі б ты магла здагадацца,

Як не хочацца мне ухадзіць.

 

Невядома, ці адрасаваліся гэтыя словы менавіта Клаве ці не, але напісаны яны былі ў той перыяд.

Хто ж яна, тая Клава,— віноўніца і паэтавых пакут, і паэтавай радасці? На гэта пытанне дзённік не дае адказу. Мы так і не ведаем ні яе ўзросту, ні прафесіі, ні занятку. Ведаем толькі, што «Клава на венецыянку з карціны М. А. Урубеля «Венецыя» падобна». Яе партрэт дапаўняюць яшчэ і радкі з верша, дзе паэт, звяртаючыся да Клавы, гаворыць, што будзе заўсёды помніць: «Тебя в темно-синем платочке И песню, что пела мне ты». Відаць, яна была асобай даволі інтэлектуальнай. З Клавай пазнаёміўся паэт на другі дзень свайго прыезду ў Стары Крым. «Тады ж вечарам разгаварыўся з Клавай. Знаёмых у мяне не было, і я кожны вечар з ёй сядзеў, гутарыў...»

Напачатку — сумесныя гутаркі вечарамі, потым — вандраванне па ваколіцах Старога Крыма і нарэшце — адносіны, вынікам якіх і былі вышэйпамянёныя радкі верша, прысвечанага Клаве.

Дзённік падрабязна расказвае пра іх інтымныя адносіны, і таму мы не маем права цытаваць тое, што пісалася для сябе, што з’яўляецца таямніцай за сямю замкамі.

Клава не была адзіным паэтавым захапленнем. Яшчэ падчас першай сваёй паездкі ў Крым у 1909 г. Максім рамантычна закахаўся ў Кіціцыну — дзяўчыну містычна настроеную. Пра гэта першае захапленне ведаў бацька па расказах і па перапісцы сына. М. А. Кіціцынай прысвечаны, як зазначае Адам Ягоравіч, трыялет, які пачынаецца словамі «Я бальны, бескрыдлаты паэт». Трыялет, напісаны на адвароце гімназічнай фотакарткі, так і застаўся па невядомай прычыне неадасланым. Магчыма, к гэтаму часу адрасата ўжо не было ў жывых? Канкрэтна сказаць мы не можам, бо не маем адпаведных матэрыялаў. Аднак для здагадак падставы ёсць. Нагадаем адзін з лепшых лірычных вершаў «Цемень», пад якім рукою паэта ў дужках напісана: «Ахвярую М. А. Кіц-най». Па часе ён напісаны пасля трыялета. А па настрою — гэта крык паэтавай душы, вялікі боль сэрца. Такім болем хутчэй за ўсё магла быць смерць блізкага чалавека. Яна і нарадзіла пачуцці, поўныя безвыходнай тугі і жалю, за якімі — душэўная пакута.

 

Я сяджу без агню. Я стаміўся, прамок.

Над зямлёю — імгла, у душы маёй змрок.

О, як пуста у ёй! О, як холадна жыць!

 

Кожны раз, калі глыбокае пачуццё трывожыла паэта, яно абавязкова вылівалася ў вершы. Так было з Кіціцынай, так было і з Клавай. Толькі аднойчы паэт знарок адвёў нас ад пошукаў адрасата. Я маю на ўвазе вершаванае апавяданне «Вераніка». Чамусьці аўтар палічыў патрэбным забяспечыць «Вераніку» эпіграфам: «Яна — выдумка маёй галавы». Бацька ў сваіх успамінах выкарыстае гэта для сцвярджэння, нібы яго сын увогуле стараніўся інтымных пачуццяў і паставіў эпіграф для таго, «каб тут не западозрылі жывой сардэчнай прывязанасці», якой, на яго думку, ва ўсе часы быў пазбаўлены Максім.

Мілыя, добрыя бацькі! Як вам хочацца, каб вашы дзеці заставаліся дзецьмі. Што ж, даруем вам ваша заблуджэнне. І не будзем вас дакараць за гэта. Мы разумеем, што кожны вобраз — стаіць за ім канкрэтны прататып ці не — выдумка пісьменніка. Але ж на гэтай падставе не будзем катэгарычна сцвярджаць, што персанаж твора не меў прататыпа, што за вобразам Веранікі не стаяла канкрэтная асоба.

Чытаючы апісанні прыроды ў «Вераніцы», мы нагадваем Ракуцёўшчыну, дзе былі

 

<...> І вулка, веючая сном,

І ціхі старасвецкі дом

З цяністым, адзічэлым садам;

Над ім шпакоўніца ў гары,

А ўкруг схіліўся тын стары.

 

Праўда, «ціхі старасвецкі дом», абнесены старым тынам, цяпер ужо раскіданы, на яго падмурку стаіць новая хата, не стала і адзічэлага саду. Старэйшыя з жыхароў Ракуцёўшчыны В. Есьмановіч і яго жонка не памятаюць, каб у фальварку была паненка з імем Вераніка. Але ж неабавязкова, каб яна жыла ў Ракуцёўшчыне. І неабавязкова, каб яна звалася Веранікай. Паэт мог даць ёй сваё імя. В. Есьмановіч і яго жонка ўспамінаюць, што па суседству быў яшчэ адзін фальварак і там таксама жылі паненкі. І хоць гэта неабавязкова, каб вершаванае апісанне поўнасцю адпавядала жыццёваму, аднак не лішне нагадаць і такія радкі з «Веранікі»:

 

І толькі ўжо тады я ўгледзеў,

Што поруч, як цвяток лясны,

Узрасла ў красе сваёй вясны

Дачка самотная суседзяў.

 

Нельга не заўважыць і такую акалічнасць. Аблічча Веранікі, як і дзяўчынкі з верша «У вёсцы», нагадвае паэту вобраз рафаэлеўскай мадонны. Відаць, час і абставіны выклікалі і аднолькавае ўяўленне аб красе — і паэт, не задумваючыся, паўтарае выкарыстанае параўнанне.

Падзеі, апісаныя ў «Вераніцы», па часу ахопліваюць значны перыяд, ён вымяраецца гадамі, а не тымі няпоўнымі двума месяцамі, якія прыпадаюць на жыццё паэта ў Ракуцёўшчыне. Магчыма, таму ён і палічыў патрэбным паставіць пад «Веранікай» эпіграф: «Яна — выдумка маёй галавы», каб не было ніякай неадпаведнасці. Бацька ж зразумее гэта па-свойму і растлумачыць эпіграф як сведчанне «целомудренности» сына, які не хацеў, каб яго западозрылі ў «жывой сардэчнай прывязанасці».

Думаецца, што Максіма ў гэты час не магло б збянтэжыць западозранне. Як-ніяк, яму ішоў дваццаты год — і ён меў права самастойна рашаць свае, самыя далікатныя, справы. Хавацца за эпіграф не было ніякай патрэбы.

Лірычны герой — заўсёды часцінка аўтарскага Я, яму аўтар давярае свае самыя запаветныя думкі і пачуцці, яму аддае, як законнаму нашчадку, і частку сваёй біяграфіі. Неабавязкова, каб яна паўтаралася ў тых формах, у якія вылілася ў самім жыцці. Формы могуць мяняцца. Аднак сутнасць падзеі ад гэтага не страціць сваёй канкрэтнасці. Вось чаму мы ўсё ж прытрымліваемся тае думкі, што за вобразам Веранікі стаяла канкрэтная асоба. Яна яшчэ і пазней напомніць паэту пра сябе.

 

Я ў сад пайшоў. Усё глуха, дзіка,

Усё травою зарасло.

Няма таго, што раньш было,

І толькі надпіс «Вераніка»,

На ліпе ўрэзаны ў кары,

Казаў вачам аб тэй пары.

 

А што да эпіграфаў, дык іх, як і самі вершы, не заўсёды трэба разумець просталінейна. Гэта просталінейнасць — і яшчэ, я дадаў бы, адчуванне непагрэшнасці — неаднойчы падводзіла Адама Ягоравіча. Яму здавалася, што сваіх дзяцей ён разумее лепш за ўсіх. І таму так безапеляцыйна распараджаўся іх лёсам, не зважаючы на тое, што часам самі дзеці не пагаджаліся з яго рашэннем. Успомнім, як не хацеў ісці вучыцца ў юрыдычны ліцэй Максім, як ён горача пратэставаў: «Пракурорам не хачу, адвакатам не хачу, суддзёй не хачу, хачу быць літаратарам ці вучоным». І ўсё ж бацька, насуперак волі сына, пасылае Максіма вучыцца ў Яраслаўскі юрыдычны ліцэй. Пасылае, хоць пазней напіша: «Я не перашкаджаў сваім дзецям быць, чым яны хочуць...» Аднак тут жа дадасць: «...хоць, па сутнасці, ніколі не быў задаволены тым, хто яны ёсць».

Сказаць, што не быў задаволены ўсімі дзецьмі, нельга. Лёвам і яго матэматычным дараваннем бацька захапляўся, ён рабіў усё магчымае, каб вучыць сына далей, тым больш што і настаўнікі прарочылі Лёву вялікую навуковую будучыню як матэматыку. Хутчэй за ўсё бацькаву незадаволенасць выклікаў Максім. І тут нам трэба разабрацца больш дэталёва, нічога не ўтойваючы і нічога не пакідаючы без увагі. Мы ведаем, што бацька не рабіў неабдуманых учынкаў. І вось, каб зразумець стаўленне Адама Ягоравіча да сынавай паэтычнай працы, трэба перш за ўсё зразумець яго самога і яго стаўленне да «беларусікі» наогул.

Ні для каго не сакрэт, што Адам Ягоравіч у свой час нямала сіл і энергіі аддаў на збіранне і вывучэнне вуснай творчасці беларусаў, што ён выдатна валодаў роднай мовай. Выдатна ведаў тое, чаго так не хапала сыну, па што сын звяртаўся чамусьці не да бацькі, а да старонніх людзей. Відаць жа, нешта стрымлівала сына і не давала яму магчымасці ва ўсім раіцца з бацькам. На першых кроках Максімавай паэтычнай дарадцай становіцца хросная маці Вольга Епіфанаўна Сёмава. Не бацька, а яна выпісвае Максіму беларускія газеты «Наша доля» і «Наша ніва». З ёю паэт доўгі час перапісваецца, пасылае на прагляд свае вершы. А бацька пазней толькі засведчыць:

«Я не спрабаваў ахалоджваць яго парыву, хоць, вядома, ясна сабе ўсведамляў тыя вялікія цяжкасці, якія належала адолець нешматлікай беларускай інтэлігенцыі, што працавала ва ўмовах выключна цяжкіх».

У другім месцы ён гаворыць больш катэгарычна:

«...карціна беларускага адраджэння была даволі бязрадаснай», тут жа з пачуццём шкадавання дадасць, што Максім «нібы не заўважаў гэтай бязрадаснасці», што ён «быў поўны бадзёрасці і веры ў светлую будучыню свайго народа, да якога ён не ўспеў нават як след прыгледзецца».

Чытаеш такое і дзіву даешся: як жа гэта ён, хто столькі папахадзіў па роднай зямлі, столькі панаслухаўся родных песень і казак, так і не адчуў, не зразумеў будучыні свайго народа? А пры больш пільным жаданні мог бы зразумець, успомніць і тых, хто змагаўся ў атрадах Каліноўскага за гэту будучыню, і тых, хто пачынаў ужо і літаратуру на беларускай мове. Аднак усё гэта нібы прайшло міма ўвагі Адама Ягоравіча, не пакінуўшы ў яго душы прыкметнага следу. Па-сапраўднаму не ўсхвалявала яго і творчасць пазнейшых паэтаў, якія ўздымуцца на хвалі рэвалюцыі 1905 г.

Погляды і перакананні чалавека фарміруюцца пераважна ў юнацкім узросце. А ён, як вядома, у Адама Ягоравіча прыпадае на перыяд вучобы ў настаўніцкай семінарыі. Там верныя служкі царызму стараліся ўчаўпці яму ў галаву, што няма ніякай Беларусі, ніякага беларускага народа, ніякай беларускай мовы, а ёсць толькі «наречие», толькі «Северо-Западный край». Такія разважанні, як туман, засланялі свядомасць чалавека, які тады яшчэ не валодаў самастойнасцю мыслення. Праўда, пазней найбольш дальнабачным семінарыстам, людзям крытычнага складу мыслення (такім, як Канстанцін Міцкевіч — Якуб Колас), і семінарыя не здолее затуманіць позірк і прывіць скепсіс да лёсу і будучыні беларускага народа. Больш таго, яны самі стануць змагарамі і песнярамі гэтай будучыні. Яны... але не Адам Багдановіч. Адам Багдановіч погляды семінарскіх настаўнікаў зробіць сваімі поглядамі і на поўным сур’ёзе будзе пісаць пра беларускі народ у прадмове да сваёй кнігі «Пережитки древнего миросозерцания у белорусов», выдадзенай у Гродна ў 1895 г.: «І жыццё беларуса, і яго творчая дзейнасць рэзка пазначаны пячаткай няразвітасці, адсталасці, забітасці».

Пра песні:

«Амаль усе яны бляклыя, адрывістыя, нявытрыманыя, аддаюць нейкай прыбітасцю творчасці, духоўнай беднасцю... Мелодыі іх, відавочна, яшчэ бяднейшыя за змест».

Пра мову:

«...Беларуская мова, перш за ўсё, небагатая словамі... Яна таксама бедная формамі выяўлення і формамі мовы».

Пра духоўнае развіццё:

«...Справядлівасць патрабуе паставіць беларуса па тыпу душэўнага развіцця ніжэй яго братоў з вялікай рускай сям’і».

А, маючы тады такія погляды, хіба ж мог ён ухваляць сынава захапленне «беларусікай»? Які ж гэта бацька жадае горшага сваім дзецям? І ён, перакананы, што робіць толькі дабро, рабіў адваротнае. У гэтым была не віна яго, а яго бяда, яго самая найбольшая душэўная трагедыя.

Без бацькавай падтрымкі і заахвочвання беларускую мову сын вывучае па кнігах. Якога ж напружання патрабавала ўсё гэта ад хворага чалавека! Не ўтойвае гэтага і сам бацька. Пазнаёміўшыся з сынавымі рукапісамі і сшыткамі, ён засведчыць:

«...Колькі там выпісак са слоўнікаў, зборнікаў і старадрукаваных кніг! Які з паэтаў, увабраўшых беларускую мову з малаком маці, падымаў гэту цяжкую, карпатлівую, па крупінцы працу? А ён, слабагруды, хілы, падняў. І нёс яе цярпліва, упарта, і для мяне, і для ўсіх навакольных непрыкметна, ён рэдка звяртаўся да мяне за парадай і растлумачэннем. А больш не было да каго звяртацца, і, праўду кажучы, ні да кога ён і не звяртаўся».

Шкада, што гэта разуменне прыйдзе да бацькі занадта позна. Як яно патрэбна было раней, і асабліва тады, калі рашалася, куды паступаць Максіму вучыцца.

Сына вабіла не юрыспрудэнцыя, а літаратура, беларускае зямляцтва, дзе наладжваліся лекцыі па гісторыі роднага краю, чыталіся беларускія вершы і спяваліся беларускія песні.

Там ён жыў паўнакроўным жыццём. А дома зноў адчуваў сябе адзінокім. Душою адчуваючы бацькава стаўленне да «беларусікі», ён і не імкнуўся зблізіцца з ім, бо збліжаюцца людзі аднолькавых поглядаў. Аднолькавых поглядаў у іх не было, і яны з кожным годам аддаляліся адзін ад аднаго... усё далей і далей. Гэту душэўную далёкасць няцяжка заўважыць і ва ўспамінах Адама Ягоравіча, калі чытаць іх больш уважліва.

Згадаем 1917 год. Цяжкахворы Максім у канцы лютага вымушаны тэрмінова выехаць у Ялту на лячэнне. Ён спісваецца з бацькам, і яны дамаўляюцца сустрэцца ў Сімферопалі. Аднак абставіны склаліся такім чынам, што ў Сімферопалі яны не сустрэліся.

«У Сімферопалі я атрымаў ад яго некалькі лістоў,— піша Адам Ягоравіч,— ...тон быў самы спакойны, нічога трывожнага. Але калі б і было што-небудзь трывожнае, дык я наўрад ці змог бы паспяшацца яму на дапамогу».

Гэта кажа бацька... Іншы б усё кінуў, толькі б дапамагчы сыну, а ён... Але не будзем загадзя дакараць яго, бо ўсё ж.. тон сынавых лістоў быў спакойны, а падзеі пасля Лютаўскай рэвалюцыі — вельмі неспакойныя.

«Вялікае аддзяленне Сялянскага банка,— пісаў ён,— больш за 150 службоўцаў,— бурліла і хвалявалася...»

Мы не ведаем, як доўга цягнуліся гэтыя хваляванні і ці быў у іх нейкі спад або заспакаенне. Але ўсё ж, відаць, за два месяцы можна было знайсці час, каб праведаць хворага сына, тым больш што Ялта не так ужо і далёка ад Сімферопаля.

Такога часу не знайшлося. І толькі ў канцы мая, калі не атрымаў ад Максіма адказу на два лісты, Адам Ягоравіч захваляваўся. І ...зноў не мог выехаць у Ялту, бо ў гэты час заехаў з фронту Лёва — і бацькава ўвага і клопат былі аддадзены яму.

Лёва прыязджаў да бацькі не для лячэння, а на пабыўку і пры жаданні мог бы з’ездзіць у адведкі да Максіма.

«А Максім у гэты час дажываў свае апошнія дні, паміраючы ў поўнай адзіноце»,— толькі і засведчыць потым Адам Ягоравіч. '

І пахаваюць паэта чужыя людзі, для якіх ён быў усяго толькі нейкім студэнтам. Яны ж у паперах сына знойдуць адрас і выклічуць бацьку, каб перадаць рукапісы і рэчы, якія засталіся пасля смерці Максіма.

Чаму так паводзіў сябе Адам Ягоравіч у тыя дні, зразумець немагчыма. Немагчыма знайсці і прычыны, каб нейкім чынам калі не апраўдаць, дык хоць бы зразумець бацькавы паводзіны. Відаць, таму і не бяруцца за гэту вельмі далікатную справу даследчыкі. Пра адносіны з бацькам нідзе не абмовіўся і сам Максім, разумеючы, што скаргамі нічога не палепшыш.

Так і разышліся яны, не развітаўшыся...

Смерць забірала ў Адама Ягоравіча аднаго сына за другім. Праз год не стане Лёвы. Загіне ён пасля ранення на фронце. Гэта будзе для бацькі самы цяжкі душэўны ўдар. Са смерцю Лёвы адыдзе ў нябыт яго самая светлая надзея. Іншы б пасля такіх удараў лёсу аслабеў, душэўна занямог і перастаў бы займацца культурна-асветніцкай дзейнасцю. Іншы... але не Адам Ягоравіч. Жыццёвыя выпрабаванні не зломяць яго волі, не асудзяць на творчую бяздзейнасць. У яго быў, як справядліва зазначае ў адным з лістоў Кацярына Паўлаўна Пешкава, «невычэрпны запас жыццёвай энергіі». І ўсю яе ён аддасць на карысць грамадскай справе, ён засядзе за аб’ёмістую працу «Язык землі», зацікавіцца водна-рачнымі і азёрнымі назвамі — дадатковым сведчаннем побыту і гісторыі славянскіх народаў. Працу не ўдалося выдаць пры жыцці, нягледзячы на станоўчыя водгукі вучоных і старанні Максіма Горкага. І ўсё ж да апошніх дзён не пакіне ён пісьмовага стала: напіша ўспаміны пра сваё дзяцінства, пра сына Максіма і вялікія ўспаміны пра М. Горкага.

З імем Горкага звязана ў Адама Ягоравіча шмат светлых дзён. Вялікі пісьменнік не пакіне свайго сябра і тады, калі той апынецца ў цяжкім становішчы. На невялікім аркушы паперы Адам Ягоравіч запіша «для памяці»:

«Істотную матэрыяльную дапамогу на працягу маіх даследаванняў у галіне геаграфічнай наменклатуры, як этналагічнага матэрыялу («Язык земли»), атрымаў ад А. М. Горкага, які прадставіў мне права, у імя старой дружбы, звяртацца да яго па субсідыю, каб я мог спакойна працягваць свае даследаванні; за 5 год, пасля выхаду майго ў адстаўку (1930 г.), я атрымаў з яго сродкаў 7100 р.».

У сямейным архіве ёсць паштовыя квіткі, з якіх відаць, калі і якую грашовую суму высылаў Адаму Ягоравічу праз сакратароў М. Горкі. Пасля смерці Аляксея Максімавіча клопаты пра свайго даўняга сябра і родзіча бярэ на сябе Кацярына Паўлаўна Пешкава. Пра гэта сведчаць захаваныя дакументы. На адвароце аднаго з квіткоў, датаваных 2.11.34 г., яе рукой напісана: «Дарагі Адам Ягоравіч, адначасова з пасылкай, у якую Е. Н. паклала талакно, а я нарэшце атрыманыя лекі, перавожу Вам крыху грошай на Таргсін.

Прывітанне. Пешкава».

Сума ні на квітку, ні на паштовай картцы агенцтва Таргсін не прастаўлена. Ды ўрэшце справа і не ў суме, а ў той увазе і клопатах, якія праяўляла Кацярына Паўлаўна ў тыя не вельмі багатыя гады. Вельмі балюча ўспрыняла яна і вестку пра смерць Адама Ягоравіча. У сваім лісце яна пісала:

«У мяне з Ад[амам] Ягор[авічам] адышоў апошні чалавек, які звязваў мяне з ніжагародскім мінулым.

Шмат тады было перажыта разам радаснага, потым шмат цяжкага.

Напішыце мне аб яго апошніх днях».

Павел Адамавіч Багдановіч у адказ напісаў ёй вялікі ліст. Спярша пісаўся чарнавік, які займае 12 старонак-чацвярцінак, а затым — белавік. Гэты чарнавік, напісаны сінім чарнілам, дробным бісерным почыркам, і захаваўся ў сямейным архіве.

З ліста мы дазнаемся, што зіму 1939/40 гг. Адам Ягоравіч перанёс добра. Сёмага красавіка яму споўнілася 78 гадоў. Улетку марыў наведаць радзіму — Халопенічы.

«Яму вельмі хацелася пабыць там,— піша Павел Адамавіч,— паглядзець на родныя мясціны, дзе прайшло яго маленства». «А тады можна і памерці»,— казаў ён.

Сын, улічваючы слабае здароўе, пачаў адгаворваць бацьку ад такой паездкі. Адам Ягоравіч настойваў на сваім. Ён лічыў, што ў яго хопіць сіл з’ездзіць на радзіму.

«Ды чым я рызыкую,— нарэшце сказаў ён,— што, прыехаўшы туды, памру? Дык мне і хацелася б там памерці».

І ўсё ж сын пераканаў бацьку — і яны не паехалі ў Халопенічы. Сілы Адама Ягоравіча таялі. Ён нікуды не выходзіў з кватэры, зрэдку ўставаў з ложка, каб сесці за свой рабочы стол. Яго вельмі радавалі весткі з Беларусі.

«Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Саюз пісьменнікаў БССР,— піша далей Павел Адамавіч,— можна сказаць, наладзілі аднаўленне яго ў правах спадчыны на ганарар за творы Максіма. Гэта заспакойвала бацьку, дазваляла лягчэй глядзець у будучыню. Сардэчная ўвага да яго скрашвала яго апошнія дні. Яго радавала ўсё, што сведчыла пра ўзрастаючае прызнанне Максіма».

Няхай у апошнія дні, але нарэшце сынава імя прыносіла бацьку душэўную раўнавагу і суцяшэнне. Зорка Максімавай славы ярка ўзыходзіла на літаратурным небасхіле, і ўзыходзіла, каб свяціць не толькі роднаму краю, але і ўсім людзям, якія ўмеюць разумець і цаніць прыгожае.

На дварэ пачынала гаспадарыць вясна. І чым большую сілу набірала яна, тым больш слабелі Адамавы сілы. Усё часцей у дом запрашаецца доктар Емяльянаў. Усё часцей прыносіцца кіслародная падушка. І ўсё ж, калі аднойчы ўвечары доктар сказаў: «Жаваранкі прыляцелі, Ад[ам] Ягор[авіч]», хворы ажывіўся і ціхім голасам вымавіў: «Хацеў бы я іх паслухаць...»

Кожнае раніцы ён пытаўся ў сына, які сёння дзень, відаць, прыдаваў гэтаму нейкае значэнне. А незадоўга да смерці спытаў, у які дзень памерла Аляксандра Паўлаўна.

14 красавіка прыйшло пісьмо ад Зм. Бядулі. У ім паведамлялася пра матэрыяльную дапамогу Адаму Ягоравічу, пра помнік, які будзе пастаўлены на магіле Максіма.

Адам Ягоравіч уважліва праслухаў пісьмо, якое прачытаў сын, і прамаўчаў. Ён ужо нічога не мог адказаць, бо, відаць, разумеў, што яго гадзіны злічаны.

Сваю смерць Адам Ягоравіч сустракаў спакойна.

«...78 гадоў пражыў,— сказаў ён,— ідзе 79-ты год. Гэта не кепска. Не многія могуць гэтым пахваліцца».

16 красавіка 1940 г. ён памёр, 18-га яго пахавалі.

«Было шмат сонца, якое так любіў бацька, і шмат жывых кветак,— піша Павел Адамавіч.— Сціпла, прыгожа, высакародна жыў бацька — сціпла, прыгожа і высакародна пакінуў ён жыццё. Пахавалі тату на могілках пад вялікай бярозай. На пахаванне прыехаў з Масквы мой стрыечны брат Барыс Галаван і з Горкага стрыечная сястра Нюта Гапановіч. Я быў гэтаму страшэнна рад, бо бацька ёй казаў: «Паміраць я прыеду ў Ніжні. Ты, Нюта, здолееш пахаваць мяне так, як хацеў бы я».

Спакойна адышоў у нябыт чалавек, які меў «невычэрпны запас жыццёвай энергіі». Не ўсё яму ўдалося ў жыцці, не заўсёды ён разумеў, дзе ляжаць яго сапраўдныя скарбы. Але ж ён хацеў зрабіць людзям як мага больш дабра. І самым вялікім дабром, вянком дабра, з’яўляецца Максім — яго сумесны з Марылькаю сын.

 

Першая дарадца паэта

У Ніжнім Ноўгарадзе, побач з сям’ёй Адама Ягоравіча Багдановіча жылі сем’і дзвюх яго сясцёр — Марыі і Магдалены. Сем’і дружныя, працавітыя. Апынуўшыся далёка ад родных мясцін, яны настолькі зблізіліся, «зрасліся», што, па сутнасці, як зазначае Адам Ягоравіч, былі адной сям’ёй, толькі «ў трох розных кватэрах».

Нідзе сваё роднае, прывычнае, блізкае гэтак не кранае і не расчульвае, як удалечыні ад радзімы. Здавалася б, і людзі вакол цябе такія ж, як і ты, і гаворка іх зразумелая, і ставяцца да цябе яны прыхільна, аднак нечага ўсё ж не хапае.

Неадольнае пачуццё радзімы! Яно і тут напамінала пра сябе неадчэпна, упарта, патрабавала адпаведнага выйсця. Асабліва пільна аберагала і захоўвала звычкі продкаў цётка Магдалена — цудоўная спявачка беларускіх песень. Дастаткова было хоць аднойчы пабыць на свяце ў Магдалены, успамінаў пазней бацька паэта, каб у душы абудзілася асаблівае пачуццё, асаблівы настрой захаплення сваім родным — далёкай і мілай бацькаўшчынай. А Максім увесь свой вольны час бавіўся тут і, слухаючы шчырую ціхую песню, жывое беларускае слова, як бы дыхаў паветрам роднага краю. Перад яго вачамі ажывалі ў новай красе далёкія вобразы, якія заставаліся да канца неспазнанымі на той зямлі, дзе ў магіле ляжала яго маці, дзе лёс рана прымусіў спазнаць сіроцкую долю.

І хоць яго дзяцінства не было такім бесклапотным, як у іншых, але яно нарадзіла нямала светлых мар. І адну з іх — на ўсё жыццё. Мару — служыць той зямлі, адкуль яго продкі.

Цяпер гэта жаданне распалілася з новай сілай.

І распалілася не без уплыву ўсяго таго, што ён бачыў тут, на кватэры ў цёткі Магдалены. Гэта яна, сама таго не заўважаючы, абуджала ў свайго пляменніка шчырую любасць да роднай зямлі, нанава ўваскрашала тое прыгожае і прывабнае, што зберагалася і перадавалася вякамі як неацэнны духоўны скарб народа. Астатняе ўжо ён спазнаваў і засвойваў сам — фальклор, гісторыю, культуру, чытаючы спярша беларускія казкі, затым знаёмячыся па бацькавых і не толькі бацькавых запісах з беларускімі песнямі, загадкамі, крылатымі словамі, прымаўкамі і нарэшце з творамі мастацкай літаратуры.

Нялёгкі гэта быў шлях. Але іншага шляху ў яго не было. Іншага не існавала. Маючы чулае сэрца, валодаючы мастацкім дарам уяўлення, паэт нябачнае робіць бачным, кніжнае — жывой рэальнасцю і жыве ёю. Больш таго, пачынае тварыць, ужо не па-дзіцячы аддаючыся гэтай справе.

«Свае вопыты пісання на беларускай мове ён пачаў вельмі рана,— сведчыць бацька,— прыблізна з 10—11год».

Да нас гэтыя вопыты не дайшлі. Наўрад ці чытаў іх і сам бацька. Хутчэй за ўсё — не чытаў. Сын мог паказаць іх толькі таму чалавеку, які блізка прыняў бы яго памкненні. Бацька ж быў далёкі ад сынавых памкненняў, таму і не мог разлічваць на ягоную даверлівасць. Адам Ягоравіч пазней прызнаецца, што сына ён «не штурхаў на гэту дарогу, хоць, зразумела, і не перашкаджаў».

Калі б была родная маці, напэўна, свае першыя паэтычныя вопыты Максім паказаў бы ёй. Яна ж таксама пісала, няхай не вершы, а апавяданні.

«Яго заняткі беларусікай,— піша ва ўспамінах Адам Ягоравіч,— ішлі зусім непрыкметна для мяне і навакольных...»

Магчыма, гэта дзіцячая замкнёнасць працягвалася б надта доўга, калі б не адна акалічнасць. У 1901 г. у Ніжні Ноўгарад прыязджае з Беларусі хросная маці Максіма — Вольга Епіфанаўна Сёмава. Прыязджае, каб адведаць свайго хроснага. Вольга Епіфанаўна на той час была жанчынай вельмі адукаванай. Жыла спярша ў Мінску, затым пераехала ў Пінск. У абодвух гарадах трымала прыватнае вучылішча: спярша двухкласнае, затым — трохі чатырохкласнае і нарэшце пяцікласнае. Яна вельмі спагадна ставілася да пашырэння асветы сярод простага народа, давала магчымасць дзецям сялян і рабочых атрымліваць належную адукацыю.

Гэта, так сказаць, яе службовая характарыстыка, яе грамадскае аблічча. Максіму ж яна была тады тым чалавекам, якога ён мог назваць словам «мама», і ўжо таму адчуваў да яе асаблівы давер. Немалаважнае значэнне мела і тое, што яна паўставала перад ім увасабленнем яго далёкай бацькаўшчыны. Таму і адважыўся паказаць ёй свае першыя вершы, пісаныя па-беларуску. І не памыліўся ў сваіх надзеях.

Якія вершы паказваў хроснай Максім, мы не ведаем. Не ведаем і таго, якую ацэнку дала ім Вольга Епіфанаўна. Думаецца, што ацэнка была самая прыхільная, інакш бы паміж імі не было такога кантакту.

«З гэтай пары,— піша бацька,— ён вёў з ёй даволі дзейсную перапіску... Пасылаў свае вопыты».

Аднак Адам Ягоравіч тут жа, як бы спахапіўшыся, не прамінае напомніць, што «ёй былі чужыя нацыянальна-беларускія тэндэнцыі». Для чаго? Для аб’ектыўнасці? Ці, можа, каб у нейкай ступені апраўдацца і самому, што не мог стаць сыну тым, кім павінен быў стаць. Ды і ў ацэнцы Вольгі Епіфанаўны, здаецца нам, ён занадта катэгарычны.

Ці такія ўжо «чужыя» былі Вользе Епіфанаўне тыя тэндэнцыі? Каб адказаць на ўсе гэтыя пытанні, патрэбны факты, а іх мы не маем, ды і сам Адам Ягоравіч нічым не падмацоўвае свайго сцвярджэння.

Дапускаю і такое: тады, калі Адам Ягоравіч і Марыя Панасаўна запрашалі Вольгу Епіфанаўну хрысціць іх Максіма, яна і сапраўды яшчэ не разумела ўсёй складанасці жыцця ў Паўночна-Заходнім краі, як тады афіцыйна называлася Беларусь. Больш таго, як гаспадыня вучылішча, яна абавязана была трымацца афіцыйных поглядаў. Інакш бы ёй не дазволілі займацца педагагічнай дзейнасцю. Але погляды — рэч не пастаянная. Пад уплывам тых ці іншых абставін (а мы ведаем, што наперадзе яшчэ будзе рэвалюцыя 1905 г. і іншыя не менш важныя падзеі) яны могуць мяняцца. Тым больш што і сама грамадская думка не стаяла на месцы, яна з кожным годам станавілася больш ліберальнай. Да таго ж мы яшчэ не ведаем, што прымусіла Вольгу Епіфанаўну пакінуць губернскі горад Мінск і пераехаць у глухі, закінуты сярод балот Пінск. Ці не было тут якіх-небудзь меркаванняў іншага характару?

Адно нам ясна: што пасля пераезду Сёмавай у Пінск мінае амаль дзесяць год. Час даволі працяглы для чалавека, для ўсталявання або змены перакананняў. Зразумела, што ў Ніжні Ноўгарад Вольга Епіфанаўна магла прыехаць, маючы зусім не тыя погляды, чым падчас свайго знаёмства з сям’ёй Багдановічаў. Ды і як жанчына хіба ж магла яна пагасіць першыя, самыя чыстыя душэўныя парыванні хроснага сына? На яго даверлівасць яна адказвала сваёй спагадай, разумеючы, што абраны Максімам шлях не будзе ўсцілацца ружамі. А можа, калі цяжэй, дык лепш, хутчэй прыйдзе канчатковая яснасць, канчатковае рашэнне? І калі зразумела, што ў выбары змен не будзе, імкнулася памагаць хросніку. Доўгі час паэт з ёю перапісваецца, пасылае свае вершы. Калі б была знойдзена гэта перапіска, шмат чаго новага адкрыла б яна для даследчыкаў творчасці Максіма Багдановіча. Але ўжо адно тое, што хросная выпісвае сыну «Нашу долю», а затым і «Нашу ніву», сведчыць пра многае.

Не выключана і такая акалічнасць: калі хросная зразумела, што яе магчымасці ў дапамозе Максіму вычарпаны, яна параіла яму паслаць што-небудзь са сваіх твораў у «Нашу ніву». Не будзем катэгарычна сцвярджаць, што гэта было менавіта так, але такое магло быць, і ён успрыме гэта як штуршок да самастойнага ўзыходжання на літаратурны Парнас без нянек і памагатых. Ужо ў «яраслаўскі перыяд жыцця Максіма,— як зазначае бацька,— перапіска паміж імі спынілася». На яго запытанне, чаму сын не піша хроснай, апошні адкажа ў тым сэнсе, што «не было жывых агульных інтарэсаў, на якіх яна магла б трымацца». Не будзем лічыць гэта чорнай няўдзячнасцю: маўляў, пакуль ты мне была патрэбна, я перапісваўся з табою. Птушаняты таксама з цягам часу пакідаюць гнёзды, каб выпрабаваць свае сілы ў палёце. Так і паэт. Ён, відаць, адчуў, што перарос магчымасці Вольгі Епіфанаўны і мае права больш не турбаваць яе. Трывалая сувязь з «Нашай нівай» дазволіла яму вызваліць блізкага чалавека ад лішніх клопатаў.

Нашы ж клопаты з гэтага меркавання, па сутнасці, толькі і пачыналіся. Бо, намацаўшы першыя ніці, трэба было ісці далей у высвятленні асобы Вольгі Епіфанаўны.

У сваіх успамінах Адам Ягоравіч піша пра Сёмаву вельмі мала і скупа. І гэта зразумела. Яго прасілі напісаць успаміны пра сына. Асоба Сёмавай усплыла ў іх толькі ў сувязі з Максімам, з яго першымі літаратурнымі крокамі. На гэтым ён і абмежаваўся. Нам жа захацелася пра яе ўведаць і расказаць чытачу як мага больш.

Я ўжо ў каторы раз пераглядаў прывезены мной з Яраслаўля сямейны альбом Багдановічаў: не верыў, што там няма здымкаў хроснай. Але як было даведацца, калі подпісы стаялі не пад усімі фатаграфіямі.

Пры першым праглядзе альбома мне кінуліся ў вочы дзве фатаграфіі: адна, меншая — мінская, фатографа Страушнера, таго самага фатографа, у якога здымалася і родная Максімава маці; другая — большая, зробленая фатографам Рэндэлем у Пінску. Ведаючы, што спачатку Сёмава жыла ў Мінску, а затым пераехала ў Пінск, можна было б лічыць, што перад намі здымкі Вольгі Епіфанаўны. Але такое заключэнне адразу ж развеяў подпіс на адвароце пінскай фотакарткі, з якога вынікала, што гэта М. А. Волжына — цешча М. Горкага і А. Багдановіча па другой жонцы. Праўда, у канцы подпісу стаяў пытальнік. Відаць, той, хто падпісваў фотакартку (а подпісы рабіліся пасля смерці Адама Ягоравіча), і сам сумняваўся ў правільнасці падпісанага. І тады я рашыў паслаць гэту фатаграфію для праверкі ў Маскву, у архіў М. Горкага. Неўзабаве адтуль прыйшло пісьмо ад загадчыцы архіва С. С. Зіміной з такім заключэннем: «На дасланай Вамі фатаграфіі, несумненна, не М. А. Волжына, але хто — устанавіць не ўдалося».

Цяпер ізноў узніклі падставы для першапачатковага меркавання, што гэта В. Е. Сёмава. Але толькі падставы, і падставы для версій, а не для заключэння. Каб зрабіць заключэнне, трэба мець дакументальнае пацвярджэнне асобы. Але ніякіх дакументаў Сёмавай знайсці не ўдалося. Заставалася адно: шукаць яе былых вучаніц. У іх маглі захавацца і калектыўныя фотакарткі, якія рабіліся пры пераходзе з класа ў клас і пры заканчэнні вучылішча. Але дзе знайсці гэтых людзей? І з якога горада пачынаць свае пошукі? Мінск, дзе Вольга Епіфанаўна жыла ў дзевяностых гадах мінулага стагоддзя, бясспрэчна, адпадаў. Бліжэй за ўсё да нашага часу быў пінскі перыяд жыцця Сёмавай. І я рашыў звярнуцца за дапамогай у Пінскі краязнаўчы музей. Маё пісьмо трапіла да вопытнага работніка музея пінскага старажыла Б. Міралюбава. Ён жыхароў горада ведаў, бадай, больш за ўсіх. Але і ён не мог адразу натрапіць на след.

«Колькі ні шукаў былых вучаніц прагімназіі Сёмавай,— пісаў Б. Міралюбаў,— знайсці так і не ўдалося. Пра Сёмаву нам вядома тое, што вядома Вам... Вядома, што яна эвакуіравалася ў 1915 годзе перад здачай немцам Пінска... Далейшы яе лёс згубіўся ў віры першай сусветнай вайны. Але ж, апрача сусветнай вайны, былі яшчэ і грамадзянская і Вялікая Айчынная, якія раскідалі пінскую інтэлігенцыю па ўсім свеце. А пакуль паведамляю Вам адрас сваячкі В. Е. Сёмавай. Наколькі мне не здраджвае памяць, яна даводзілася Вользе Епіфанаўне пляменніцай. Гэта — Тамара Паўлаўна Мядзведзева. Жыве яна ў г. Данецку, 9, па Партызанскаму праспекту, у доме № 29, кв. 19».

І хоць ад Б. Міралюбава я чакаў большага, аднак і тое, што ён паведамляў, мяне вельмі ўсцешыла і абнадзеіла. Усе ж такі ёсць хоць якая магчымасць шукаць далей. І я ў той жа дзень пішу ліст да Тамары Паўлаўны.

Той, хто займаўся пошукамі, зразумее, якімі неспакойнымі былі дні майго чакання. Колькі разоў, вымаючы з паштовай скрынкі чарговую пошту, я першым чынам праглядаў, ці няма таго доўгачаканага пісьма-адказу. Але пісьма ўсё не было. Не адзін раз у сэрца закрадалася сумненне — і тады здавалася, што адказу не будзе. Але вось нарэшце пісьмо ў маіх руках. Нецярпліва разрываю канверт, чытаю:

«Паважаны Аляксандр Мікалаевіч!.. Не адкладваючы, спяшаюся адказаць і паведаміць, што былыя мае калегі з Пінскага краязнаўчага музея памыліліся ў адносінах маіх сваяцкіх сувязей з В. Е. Сёмавай, якая цікавіць Вас».

Недзе ў глыбіні душы пачынае варушыцца расчараванне і невытлумачальная крыўда. А на каго ж крыўдаваць? Людзі ж хацелі зрабіць як лепей. І, нібы апярэджваючы гэта маё пачуццё, Тамара Паўлаўна заспакойвала:

«Крыўдзіцца на іх не варта, бо размова, якая нейкім чынам краналася прыватнага вучылішча для дзяўчынак, сапраўды была, але гэта было даўно, у 1955-— 56 гг., і таварышы маглі забыцца.

У гэтыя гады да нас у Пінск прыязджала мая стрыечная сястра Ніна Андрэеўна Жукоўская, ёй вельмі хацелася адшукаць каго-небудзь са знаёмых, з кім вучылася...

Н. А. Жукоўская, жывучы ў Пінску, сапраўды вучылася ў прыватным вучылішчы. Ці належала яно В. Е. Сёмавай, не ведаю, але, здаецца, так, бо, калі Ніна Андрэеўна нядаўна ізноў гасцявала ў нас і расказвала пра дзяцінства, здаецца, упамінала імя В. Е. Сёмавай.

І зноў няпэўнасць. І зноў невядома, ці ўдасца адшукаць што-небудзь істотнае. Суцяшала толькі канцоўка пісьма:

«Не засмучайцеся, калі ласка, сёння ж напішу Н. А. Жукоўскай і папрашу ўспомніць пра Сёмаву, можа, яна пралье хоць нейкае святло, тады паведамлю Вам. Цяпер адраса Н. А. Жукоўскай не пішу, каб зварот да яе не быў нечаканым,— яна ж пажылая, хворая і можа ўстрывожыцца. Прабачце, што я «не апраўдала» Вашых надзей.

З павагаю

Т. Мядзведзева».

Значыць, не ўсё яшчэ і страчана. А раптам Ніна Андрэеўна і сапраўды вучылася ў Сёмавай!.. Расчароўвацца яшчэ рана. Даследчык павінен быць аптымістам. Аптымізмам жыў і я. І, як высветлілася потым, не дарэмна. Ніна Андрэеўна Жукоўская і сапраўды вучылася ў прагімназіі Сёмавай. Добра памятае тыя гады. Але з Вольгай Епіфанаўнай сустракалася рэдка. У іх класе яна не выкладала. Аднак памятае, што пра яе ўсе гаварылі толькі добрае. Нікога з вучаніц яна не карала, ставілася да ўсіх з павагаю. Аднойчы, калі прышчаплялі воспу — а было гэта на кватэры Сёмавай у будынку прагімназіі,— Жукоўская самлела. А калі апрытомнела, дык убачыла, што каля яе стаялі медсястра і Вольга Епіфанаўна. Дзверы ў калідор і на балкон былі адчынены...

Нічога больш Ніна Андрэеўна не ўспомніла. Але я быў удзячны ёй і за тое, што яна расказала. Паколькі яна была пакуль што адзінай вучаніцай прагімназіі, якую ўдалося адшукаць, я рызыкнуў запытацца ў яе пра стаўленне Сёмавай да беларускай мовы. Прасіў паведаміць, ці мелася ў бібліятэцы што-небудзь з беларускіх кніг або газет. На маё пытанне Ніна Андрэеўна адказала так:

«Кніг і газет на беларускай мове не бачыла. Можа, у старэйшых класах? Нешта крыху ўспамінаецца, што нібы быў нейкі шумок з гэтага...»

Я папрасіў яе напісаць пра «шумок» больш падрабязна. І вось што яна паведаміла ў наступным пісьме:

«Успамінаю, што пасля заканчэння ўрока ўсе выйшлі ў калідор. Некаторыя дзяўчынкі выбеглі раней, я крыху пазней. У калідоры паміж навучэнцамі адчувалася нейкая разгубленасць, рух, усе тоўпіліся каля настаўніцкай, якая знаходзілася насупраць старэйшых класаў.

Калідор у нас у школе быў цёмны. Асвятляўся толькі верхнімі шыбамі класных дзвярэй. Як толькі я выйшла ў калідор, не разабраўшыся нават, у чым справа, нам загадалі настаўнікі ісці назад у класы.

На чарговы ўрок настаўнік прыйшоў з вялікім спазненнем, а мы ўсе сядзелі па сваіх класах... размаўлялі паміж сабой пра здарэнне, і нехта з дзяўчынак сказаў, што забралі нейкія цікавыя кнігі, якія павінны былі даць нам чытаць.

Хто забраў — мы так і не ведалі, толькі казалі, што тыя, хто забіраў кнігі, былі ў форме. Відавочна, з аддзела асветы».

Што гэта былі за кнігі —засталося таямніцай. Але ўжо тое, што вучаніцам збіраліся даваць для чытання кнігі, не дазволеныя афіцыйнымі ўладамі, само сабой сведчыла пра пэўныя погляды Вольгі Епіфанаўны, бо без яе згоды гэтыя кнігі ў вучылішча трапіць не маглі.

Так па крупінцы ўзнаўляліся факты з жыцця Вольгі Епіфанаўны. Мяне ж, апроч фактаў, цікавіла і яе фатаграфія. Але фотаздымка Сёмавай Жукоўская не мела. У яе захоўвалася толькі калектыўная фотакартка вучаніц іх класа з класнай дамай. Гэту картку з надпісам усіх прозвішчаў і прыслала мне: з разлікам, што каго-небудзь з іх удасца адшукаць. Я зрабіў копію здымка і зноў звярнуўся за дапамогай да работнікаў Пінскага краязнаўчага музея, прыклаўшы і яшчэ дзве копіі фотакартак з сямейнага альбома Багдановічаў, сярод якіх, паводле маіх меркаванняў, магла быць Сёмава.

Трэба сказаць, што работнікі музея вельмі ўважліва аднесліся да маёй просьбы, але...

«На жаль,— пісалі яны ў адказе,— нам удалося ўведаць няшмат: многіх дзяўчынак, вучаніц Сёмавай, ужо няма ў жывых, не ўсе вярнуліся ў Пінск пасля эвакуацыі 1915 г., за гэтыя гады людзі пагублялі старыя архівы, фатаграфіі. Так, нічым не маглі памагчы родзічы Уваравай і Чаркашынай (Уварава і Чаркашына зняты на калектыўнай фатаграфіі). Акрамя таго, дасланыя фатаграфіі мы паказалі Паповай, Макарэвіч, Янцэвіч — вучаніцам прагімназіі Сёмавай ранейшых выпускаў. Усе яны помняць Сёмаву жанчынай гадоў 60, вельмі поўнай, і ім цяжка пазнаць яе на гэтых здымках. Праўда, Вользе Пятроўне Янцэвіч выгляд твару жанчыны на пазнейшай фатаграфіі напамінае Сёмаву...»

Слова «напамінае» адразу ж прыцягнула маю ўвагу — надзея ўсё яшчэ жыла. А тое, што «не ўсе вярнуліся ў Пінск», падказала і новую думку. Значыцца, трэба шукаць не толькі ў Пінску, але і ў іншых гарадах. І вядома, не без дапамогі Пінска. І я вяртаюся да ранейшага намеру: самому наведаць гэты горад, каб на месцы наладзіць жывыя сувязі з людзьмі і падключыць іх да пошуку. Адных пісем тут мала. Для ажыццяўлення майго намеру надарыўся зручны выпадак: Бюро прапаганды літаратуры пры Саюзе пісьменнікаў БССР папрасіла мяне з’ездзіць куды-небудзь на літаратурныя выступленні. Я пагадзіўся, а месцам выступленняў выбраў Пінск.

На адным з літаратурных вечароў, які праводзіўся ў інтэрнаце педвучылішча, я расказваў слухачам, як збіраў матэрыялы для кнігі і опернага лібрэта пра Максіма Багдановіча. На гэтым вечары быў і выкладчык беларускай літаратуры Пінскага мяса-малочнага тэхнікума Аляксандр Баніфатавіч Альпяровіч, ён падключыўся да гаворкі і запрапанаваў мне свае паслугі.

«Я чалавек мясцовы, і мне хутчэй удасца сёе-тое знайсці,— сказаў ён.— Ды і ўвогуле мне часам шанцуе».

Што ж, і гэта не выключана ў пошуку. Ды і лішні чалавек справе не пашкодзіць.

Перад адлётам з Пінска я наведаў яшчэ і мясцовы архіў, мяркуючы што-небудзь знайсці там. Але там нічым парадаваць мяне не змаглі. Супрацоўнік архіва растлумачыў, што ўсе дарэвалюцыйныя пінскія архівы цяпер знаходзяцца ў Мінску і, калі што ў іх мелася пра Сёмаву, яно павінна быць толькі там. І ў заключэнне дадаў, што матэрыялы аб прыватных вучылішчах увогуле не збіраліся і мне наўрад ці ўдасца што знайсці. Пасля такога заключэння я не вельмі спадзяваўся на гістарычны архіў у Мінску. Таму туды і не спяшаўся. Я разважаў так: калі што-небудзь там ёсць, дык яно нікуды не дзенецца. У першую чаргу трэба шукаць людзей, якія ведалі Сёмаву, марудзіць нельга, бо час працуе не на маю карысць. Больш таго, у архіве маглі захоўвацца звесткі архіўнага парадку, вядома, важныя для даследчыка, але не ўсеабдымныя. Пра жывога чалавека, яго характар, схільнасці і погляды могуць расказаць толькі жывыя людзі, а тых, хто ведаў Вольгу Епіфанаўну, паводле папярэдніх звестак, засталося ўжо не вельмі многа. Таму сваю ўвагу я засяродзіў галоўным чынам на пошуку людзей. Вялікія надзеі ўскладаў на Аляксандра Баніфатавіча. Ён быў на месцы. Ды і сувязі ў яго куды шырэйшыя, чым у мяне. І сапраўды, гэтыя сувязі неўзабаве прынеслі свой плён. Праз два з паловаю месяцы, якраз пад Новы, 1973 год, я атрымаў ад яго першую вестку.

«Пасля Вашага ад’езду ў Мінск,— пісаў ён,— я заняўся навядзеннем даведак, сустракаўся з многімі жыхарамі Пінска. Памятаеце, я гаварыў Вам, што мне шанцуе. І вось — поспех: у маіх руках групавая фотакартка 1900 г. са здымкам Сёмавай у цэнтры».

Пасля столькіх няўдач — і раптам такое... І так хутка. Аж не верылася. Хацелася хутчэй самому глянуць на гэту знаходку, каб пераканацца, што яна сапраўды ёсць.

Аляксандр Баніфатавіч пісаў таксама, што ён меў гутарку з былой вучаніцай прагімназіі Вольгай Пятроўнай Янцэвіч: гэта ёй прыслала вышэйпамянёную фотакартку з горада Капусціна Яра Астраханскай вобласці Марыя Ігнатаўна Гарэльчанка. Марыя Ігнатаўна ў дзевяностых гадах мінулага стагоддзя вучылася ў прагімназіі Сёмавай, потым працавала там выкладчыцай, разам з Сёмавай эвакуіравалася ў 1915 г. у Пераяслаў-Хмяльніцкі, нават прысутнічала пры яе пахаванні. Яна шмат магла расказаць пра Сёмаву.

«Толькі вельмі трэба спяшацца з пісьмом,— напамінаў мне Альпяровіч,— ёй ужо 86 гадоў, яна хварэе...»

Пісьмо ў Капусцін Яр я паслаў неадкладна. Аднак, на вялікі жаль, яно ўжо Марыю Ігнатаўну не застала ў жывых.

«Мама памерла 5 студзеня 1973 года,— пісала дачка Марыі Ігнатаўны В. Шлыкава.— На вялікі жаль, амаль нічым памагчы ўжо не можам... Я толькі добра ведаю, што мама заўсёды з глыбокай любоўю ўсё жыццё адгукалася аб В. Е. (Вользе Епіфанаўне) як аб вельмі чулым, добрым, справядлівым чалавеку, клапатлівым настаўніку, якую любілі і дзеці, і педагогі».

У другім сваім пісьме В. Шлыкава дадае:

«Гэта, відаць, быў чалавек вялікай душы. Мама ж была выключана з кансерваторыі... за дапамогу ў рэвалюцыі 1905 года, а яна яе ўзяла на працу... У прагімназіі навучаліся дзеці рабочых і яўрэяў. Гэта я добра помню па маміных расказах».

Так, вельмі шкада, што маё пісьмо запазнілася на некалькі дзён. Прыйшло б яно раней— і мы мелі б найбольш поўныя ўспаміны пра Вольгу Епіфанаўну.

Дачка нябожчыцы, жадаючы хоць чым-небудзь памагчы справе, пераслала маё пісьмо і анкету з пытаннямі ў Маскву сваёй роднай цётцы Сцепанідзе Адамаўне Пранікавай і яе дачцэ Галіне Сямёнаўне Казанскай, якія таксама вучыліся ў Сёмавай, з просьбай прыслаць свае ўспаміны.

Сцепаніда Адамаўна, спаслаўшыся на свой узрост, паведаміла, што яе памяць амаль нічога не ўтрымала пра той час і яна нічога канкрэтнага расказаць не можа.

Затое Галіна Сямёнаўна добра помніла і тыя гады, і саму Сёмаву.

«Гэта была прадстаўнічая дама,— піша Г. С. Казанская,— вышэй сярэдняга (як мне здаецца) росту, у меру поўная, зграбная і заціснутая ў гарсэт... Яна была шатэнкай, прычоска даволі пышная — валасы падабраны вакол галавы ў валік, з вузлом у цэнтры... На адной з дасланых Вамі фатаграфій, відаць, Вольга Епіфанаўна... Але на картачцы яна менш прадстаўнічая, чым я памятаю... Жыла яна ў тым жа доме, дзе была прагімназія».

Далей Галіна Сямёнаўна спыняецца на некаторых асаблівасцях характару і побыту Вольгі Епіфанаўны, падрабязна апісвае выгляд будынка і двара прагімназіі, расказвае аб навучальным працэсе.

«Плата за навучанне была зусім даступнай. Мая маці з мнагадзетнай сям’і сялян, і вучыцца ў В. Е. ёй было мажліва.

Выкладанне, відавочна, было пастаўлена выдатна, тыя, хто канчаў гімназію, былі... абсалютна пісьменнымі і выхаванымі людзьмі, з прыстойным веданнем французскай і нямецкай моў...

Дзякуючы ініцыятыве В. Е. у першыя дні вайны на абавязковых уроках рукадзелля ўсё было падпарадкавана клопатам аб раненых. Нават падрыхтоўчы клас вязаў шкарпэткі. Кожная дзяўчынка павінна была звязаць адну шкарпэтку. Старэйшыя што-небудзь шылі. Гатовую сваю працу кожная дзяўчынка дарыла раненаму салдату.

Выкладанне вялося, вядома, толькі на рускай мове... В. Е., як і ўсе, размаўляць па-беларуску не імкнулася, беларуская мова была мовай вёскі...»

Відаць, гэта акалічнасць і дала падставу Адаму Ягоравічу Багдановічу напісаць пазней, што «ёй былі чужыя нацыянальна-беларускія тэндэнцыі». Аднак ніхто з тых, хто ведаў Вольгу Епіфанаўну па Пінску, не выказвае такой думкі. Тое, што яна не «імкнулася» размаўляць па-беларуску, яшчэ не азначае, што яна не паважала гэту мову. У сценах вучылішча яна павінна была трымацца афіцыйнай мовы навучання. Інакш бы ёй не мінуць непрыемнасцей. Даволі было ўжо таго выпадку з кнігамі. Трэба было асцерагацца. І ў меру магчымасці яна, відаць, асцерагалася. Больш таго, калі б ёй беларуская мова была нялюбай, яна б здолела і свайго хросніка адгаварыць ад абранага ім шляху. Аднак гэтага яна не зрабіла. Наадварот, нават заахвочвала яго, пасылаючы з Палесся беларускія выданні.

Ёсць ускосныя меркаванні і пра тое, што беларускае слова не было чужым сярод людзей, якія яе абкружалі. У сваім пісьме дачка М. І. Гарэльчанка В. Шлыкава прызнаецца: «Я крыху разумею па-беларуску ад мамы». А мама ж была блізкім чалавекам Сёмавай, знаходзілася пры ёй да апошніх дзён, удзельнічала ў яе пахаванні. Думаецца, што для адназначнага адказу, як гэта зрабіў Адам Ягоравіч, падстаў няма. Магчыма, у сваіх вывадах ён кіраваўся нейкімі старымі фактамі. А новых падчас кароткіх сустрэч з Сёмавай у Ніжнім Адам Ягоравіч не меў.

Усе, хто ведалі Сёмаву, характарызуюць яе як чалавека перадавых поглядаў. Яна магла дазволіць у сваім вучылішчы тое, чаго нельга было рабіць у казённай гімназіі. Былая вучаніца яе вучылішча Вольга Пятроўна Янцэвіч расказвае, як праводзіліся ўрокі па рускай літаратуры, калі да іх прыходзіў інспектар народных вучылішчаў Русецкі — чалавек з універсітэцкай асветай. Звычайна ён садзіўся на апошнюю парту,

«Але гэта працягвалася нядоўга. Праз дзесяць хвілін у яго лопалася цярпенне, ён мяняўся месцамі з настаўнікам, сам станавіўся каля настаўніцкага століка і вёў урок. Ён не толькі бліскуча вёў урок, а шырока развіваў тэму, уцягваў у працу ўвесь клас. Ніводзін вучань не заставаўся па-за ўвагай, раўнадушным да абмяркоўваемай тэмы. Такія ўрокі былі для нас, вучаніц, святам.

У малодшых класах прагімназіі ён увёў нядзельныя чытанні».

Як сведчаць факты, В. Е. Сёмава была чалавекам хоць і строгім, але добрым і чулым. Відаць, гэтыя якасці і ўлічваў Максім, калі паказваў ёй свае першыя беларускія вершы.

Ці разумела тады Вольга Епіфанаўна, якую вялікую справу рабіла яна, падтрымліваючы Максіма ў яго слаўных намерах? Ці думала яна, што некалі і яе імя будзе з удзячнасцю ўспамінацца ўсімі, хто шануе і любіць паэзію Багдановіча?

Пошукі вяліся доўга. Спатрэбіліся нават не месяцы, а гады, каб натрапіць на правільны след. І тут я адразу павінен прызнацца, што мая першая версія наконт мінскай і пінскай фатаграфій не пацвердзілася. Усе, каму я пасылаў копіі гэтых здымкаў, напісалі, што гэта не Вольга Епіфанаўна. Тады я паслаў копію яшчэ адной фотакарткі з альбома Багдановічаў, на якой не было ні подпісу, ні прозвішча фатографа, ні ўпамінання горада, дзе рабіўся здымак. Якраз на гэтай фотакартцы і пазналі Сёмаву яе былыя вучаніцы В. П. Янцэвіч і Г. С. Казанская.

У некаторых чытачоў можа ўзнікнуць пытанне: а навошта было шукаць дадатковыя фатаграфіі Сёмавай? Хапіла б і адной калектыўнай. І тут я павінен тое-сёе патлумачыць. Сапраўды, Вольгу Епіфанаўну мы ўжо бачылі на калектыўнай фатаграфіі. Тое, што там была Сёмава, не выклікала ніякіх сумненняў. Але ці тая Сёмава, якую шукаў я? Мы знаем, згодна перапісу, што сёння ў Маскве адных толькі Іванаў Іванавічаў Івановых жывуць тысячы. А ці не магло здарыцца так, што ў Беларусі тады жыла і яшчэ адна жанчына з такім жа прозвішчам, імем і імем па бацьку? Каб канчаткова выключыць такую акалічнасць, трэба было знайсці неабвержнае пацвярджэнне, што пінская Сёмава і ёсць тая Сёмава, што хрысціла будучага паэта Максіма Багдановіча. Такім пацвярджэннем магла быць толькі яе фатаграфія, падараваная сям’і Багдановічаў. А ў іх сямейным альбоме, як вы ведаеце, не ўсе фотаздымкі былі падпісаны. Больш таго, асобныя подпісы пры праверцы не пацвердзіліся. Вось чаму, каб не дапусціць якой памылкі, трэба было правесці дадатковыя пошукі.

Прозвішча Сёмавай не вельмі распаўсюджанае. Праглядаючы «Памятную книгу Минской губернии» за 1891 год (год нараджэння паэта), я знайшоў упамінанне гэтага прозвішча толькі аднойчы. Затым гэта прозвішча знікае са спіса жыхароў Мінска і з’яўляецца ўжо ў Пінску. З’яўляецца таксама сярод пераліку асоб, якія трымалі прыватныя вучылішчы. Сумненняў не было, гэта — адна і тая ж асоба. Але ж гэта яшчэ трэба было даказаць. Такім доказам магла быць толькі апазнаная яе фатаграфія з багдановічаўскага альбома. А апазнаць фатаграфію маглі толькі яе былыя вучаніцы. Ім я і паслаў копіі трох фотакартак з багдановічаўскага альбома.

Неўзабаве прыйшлі адказы. Вольга Епіфанаўна была апазнана. Цяпер ужо можна было рабіць і канчатковы вывад. Але я і на гэты раз устрымаўся ад яго. Устрымаўся, бо разумеў, што памяць людская таксама можа падвесці: усё ж з таго часу мінула больш за паўвека і шмат што, зразумела, забылася. І, каб выключыць усялякую недакладнасць, я звярнуўся за дапамогай да экспертаў-спецыялістаў. Яны і далі сваё аўтарытэтнае заключэнне, пацвердзіўшы паказанні В. П. Янцэвіч і Г. С. Казанскай. Цяпер ужо можна лічыць канчаткова ўстаноўленым, што перад намі фотаздымкі той Сёмавай, якую мы шукалі.

З пачуццём палёгкі я адпраўляюся ў Дзяржаўны Цэнтральны гістарычны архіў БССР: асноўнае, што шукаў, было ўжо знойдзена. Аставалася толькі сёе-тое ўдакладніць, пацвердзіць дакументамі.

На маё шчасце, у Цэнтральным гістарычным архіве захаваліся «Памятные книги Минской губернии» за даволі працяглы час. Па іх мне ўдалося зверыць некаторыя даты і сабраць звесткі пра адукацыю і пачатак працоўнай дзейнасці Вольгі Епіфанаўны. Тое, што не ўтрымалася ў памяці людзей, утрымалася ў кнігах. Запісы ў іх вельмі кароткія і сціплыя. З іх мы дазнаемся, што ў 1879 г. Вольга Епіфанаўна скончыла Мінскую жаночую гімназію і атрымала званне хатняй настаўніцы. У гэтым жа годзе, ужо будучы жонкай калежскага асэсара, яна становіцца гаспадыняй прыватнага двухкласнага вучылішча, якое існуе на сродкі, атрыманыя ў якасці платы за навучанне. На першым часе яно змешанае — вучацца ў ім разам і хлопчыкі, і дзяўчынкі. З 1889 г. яно ўпамінаецца ўжо толькі як двухкласнае вучылішча для дзяўчынак.

Звыш дзесяці год працуе ў Мінску Вольга Епіфанаўна. На гэты час прыпадае і яе знаёмства з сям’ёй Багдановічаў. У 1891 г. яна становіцца хроснай маці будучага паэта. Аднак па невядомай прычыне неўзабаве пакідае губернскі горад і пераязджае ў Пінск.

Уважліва праглядаючы кароткія звесткі пра гэты перыяд працы, я заўважыў такую акалічнасць: чамусьці не ўказваецца яе сямейнае становішча. Словы «ж, кол. ас.» (жонка калежскага асэсара), якія раней стаялі перад яе прозвішчам, зніклі. І тут само па сабе адразу напрошваецца такое пытанне: а ці не было ў знікненні гэтага «ж. кол. ас.» разгадкі тае прычыны, па якой яна пакінула Мінск? Ці не была прычынай гэтага пераезду якая-небудзь сямейная драма?

Змена месца жыхарства ўносіць і пэўныя змены ў яе службовае становішча. Цяпер яна не толькі гаспадыня вучылішча, але і выкладчыца спярша французскай, а пазней — французскай і нямецкай моў. Магчыма, узяць урокі яе прымусіла не вельмі трывалае матэрыяльнае становішча. Але гэта нашы здагадкі.

З Пінскам звязана самая плённая дзейнасць Вольгі Епіфанаўны. Яе вучылішча набывае папулярнасць сярод гараджан, асабліва сярод той часткі насельніцтва, якая не мела магчымасці вучыць сваіх дзяцей у казённых установах. З гадамі ўзнікае неабходнасць пашырыць колькасць класаў. І нарэшце ў 1908 г. яе вучылішча ператвараецца ў прагімназію. 6 сакавіка дырэктар народных вучылішчаў Мінскай губерні за № 3387 выдае ёй наступнае пасведчанне:

«Упраўленнем Віленскай Вучэбнай Акругі на падставе паст. Апякунскага Савета ад 25 студзеня 1908 г. (пратакол З арт. 8) дазволена маючай званне хатняй настаўніцы Вользе Сёмавай утрымліваць у г. Пінску, Мінскай губ. прыватную пяцікласную, з падрыхтоўчым класам, жаночую прагімназію».

Разам з адкрыццём прагімназіі ўстанаўліваецца за ёю і нагляд. Наглядчыкам прызначаецца інспектар народных вучылішчаў 6-га ўчастка Мінскай губерні Р. А. Русецкі. Гэта і ёсць той Русецкі, пра якога піша ў сваіх успамінах былая вучаніца прагімназіі В. П. Янцэвіч.

Але, відаць, не адны педагагічныя якасці Русецкага цікавілі Сёмаву. Набліжаючы Русецкага да сваёй прагімназіі, Вольга Епіфанаўна пэўна мела на ўвазе і іншае — прыбліжаны чалавек не пра ўсё будзе даносіць начальству. А мы з успамінаў той жа Н. Жукоўскай ведаем, што з прагімназіі былі канфіскаваны і забраны кнігі, якія нельга было даваць чытаць вучаніцам. Аднак колькі ні гартаў я папак, слядоў гэтай «канфіскацыі» нідзе не знайшоў. Магчыма, інспектар, дзеля сваёй рэпутацыі, утаіў гэты факт і не данёс начальству.

Прыватная прагімназія В. Сёмавай лічылася па тым часе праваслаўнай, ці, інакш кажучы, рускай. Але вучыліся тут дзеці не толькі рускіх. Сярод вучаніц была значная колькасць дзяўчынак польскай нацыянальнасці. І вось спецыяльна для іх Вольга Епіфанаўна ўводзіць ва ўсіх класах выкладанне польскай мовы. Уводзіць, вядома, не без згоды начальства, але ж і не па яго ініцыятыве. У папках архіва захоўваецца яе перапіска па гэтаму пытанню.

Ужо адзін гэты факт гаворыць шмат аб чым. Куды лягчэй і спакайней было адмахнуцца ад выкладання польскай мовы ў прагімназіі, лішні раз прадэманстраваць сваю вернасць, адданасць імперыі. Іншы на гэтым бы нажыў сабе адпаведны палітычны капітал. Аднак Вольга Епіфанаўна робіць інакш. Больш таго, не выказвае ніякай нязгоды і тады, калі бацькі яе вучаніц сумесна з бацькамі і апекунамі дзяцей гарадскога вучылішча хадайнічаюць перад міністэрствам народнай асветы аб дазволе дзецям рымска-каталіцкага веравызнання выкладаць закон божы на польскай мове.

Як вядома, гэта просьба не была задаволена начальствам — у царскай Расіі дзейнічалі яшчэ законы 1905 г. Кіраўнік канцылярыі папячыцеля Віленскай вучэбнай акругі 12 сакавіка 1913 г. пісаў дырэктару народных вучылішчаў Мінскай губерні:

«Разгледзеўшы гэта хадайніцтва і дадзены мною па гэтаму хадайніцтву водгук, Міністэрства Народнай Асветы прапановай ад 7 гэтага сакавіка, за № 1037, паведаміла мне, што, маючы на ўвазе п. 14 Імяннога Найвысачэйшага Указа кіруючаму Сенату ад 17 красавіка 1905 г. аб выкладані Закона Божага інакшых веравызнанняў на прыроднай мове навучэнцаў, памянёнае хадайніцтва прызнана быць адхіленым.

Аб выказаным паведамляю Вашаму Высакароддзю, для выканання і аб’яўлення бацькам і апекунам вучняў-католікаў Пінскага гарадскога вучылішча і вучаніц-каталічак Пінскай жаночай гімназіі з правамі для навучэнцаў В. Е. Сёмавай.

Папячыцель Акругі А. Астраумаў.

Кіраўнік канцылярыі Даўгяла».

Мы звяртаем увагу на гэты факт таму, што ён у нейкай ступені памагае нам зразумець Сёмаву. У яе прагімназіі вучыліся дзеці розных нацыянальнасцей: рускія, беларусы, яўрэі, палякі. І да ўсіх яна ставілася з аднолькавай увагай. Не дзіва, што яна блізка да душы прымае жаданне Максіма. Інакш бы, добра ведаючы становішча спраў у краі, яна адгаварыла б свайго хросніка ад выбранага ім шляху. А яна ж добраахвотна бярэ на сябе ролю дарадцы і ўсім, чым толькі можа, памагае Максіму ў яго першых паэтычных кроках. І нясе свой абавязак спраўна аж да таго часу, пакуль сам паэт не становіцца на ўласны цвёрды грунт.

Пасля таго як ён пачаў друкавацца ў «Нашай ніве», іх перапіска слабее.

Вось цяпер, здавалася б, можна было і ставіць кропку. Аднак ставіць кропку яшчэ ранавата, бо не ўсё высветлена да канца. Трэба думаць, што хросная берагла пісьмы паэта і яны яшчэ дзе-небудзь захоўваюцца. З матэрыялаў Цэнтральнага гістарычнага архіва вядома, што ў прагімназіі Сёмавай выкладала рукадзелле Марыя Епіфанаўна Лук’янава — родная сястра Вольгі Епіфанаўны. Жылі яны тады разам. Разам у 1915 г. пакінулі Пінск і пераехалі ў Пераяслаў-Хмяльніцкі. Там неўзабаве Вольга Епіфанаўна і памерла. А што сталася з яе архівам? Дзе ён? Ці не забрала яго Марыя Епіфанаўна або хто-небудзь з блізкіх? Трэба шукаць! А раптам знойдзецца... І тады мы зможам аднавіць у паэтычнай біяграфіі Максіма Багдановіча самыя першыя старонкі.

 

Карэнні радаводнага дрэва

 

— Малевіч — называў я яго ў жарт па прозвішчу яго бабкі з матчынага боку...

Адам Багдановіч. Матэрыялы да біяграфіі Максіма Багдановіча

 

Гэта пісалася пра сына. Пісалася, калі яго не было сярод жывых. Не было сярод жывых і самой Таццяны Восіпаўны Малевіч. Яе імя ўсплыло ў сувязі з імем Максіма.

«Па характэрных рысах твару,— засведчыць потым бацька,— і ён, і яго маці былі падобны на бабку».

І сапраўды, пра гэта нагадвае нам фатаграфія. Яна не перадасць толькі бабчынага характару. Але пра характар не забудзецца напісаць сам Адам Ягоравіч: «Хваравіта неўраўнаважаны і надзвычай эксцэнтрычны». Астатняе мы будзем дапаўняць асаблівасцямі характару тых, хто быў на яе падобны, і ў першую чаргу характару дачкі Марылькі — Максімавай маці. Яна таксама была і вельмі эксцэнтрычная, і мела павышаную адчувальнасць. Праўда, мела і большае, тое, што Адам Ягоравіч ахарактарызуе як прыроджанае пачуццё праўды і любоў да справядлівасці. І зноў жа, прыроджанае, г. зн. атрыманае ў спадчыну ад той жа Таццяны Восіпаўны Малевіч. Значыцца, яна перадала ў спадчыну і вельмі станоўчыя чалавечыя якасці.

І ўжо мянушка «Малевіч», дадзеная жартам, пачынае набываць нежартоўныя якасці. І нам захочацца больш падрабязна ведаць жыццё той, хто перадаў Марыльцы, а праз яе — і Максіму «пачуццё праўды і любоў да справядлівасці».

Вось толькі за якую нітачку ўхапіцца, каб дайсці да патрэбнага клубочка?

Нарэшце знайшлася і гэта нітачка. У 1971 г. наш оперны тэатр быў запрошаны на творчую справаздачу перад сталічным слухачом. І адкрываліся гастролі операй пра Максіма Багдановіча «Зорка Венера». Паколькі аўтарам опернага лібрэта быў я, дык і стрыечную сястру паэта Ганну Купрыянаўну Гразнову, якая жыла ў Горкім і вельмі хацела паслухаць оперу, давялося запрашаць таксама мне.

Маё запрашэнне было прынята, тым больш што тэатр дакляраваў і месца ў гасцініцы. Суправаджаць Ганну Купрыянаўну падахвоціўся сын, бо дачка, ведаючы здароўе маці, не хацела адпускаць яе ў Маскву. І, каб трохі запалохаць і астудзіць яе жаданне, папярэдзіла, што дастаць гасцініцу ў Маскве не так лёгка і камандзіровачным, а «ты ж едзеш не па справе». І, каб дапячы за легкадумнасць, пакпіла:

— Можа, табе яшчэ і гасцініцу «Расія» дадуць...

На такое, вядома, Ганна Кіпрыянаўна не разлічвала, таму і прамаўчала. Аднак душою яна ўжо была ў Маскве. І, можа, гэта размова і забылася б, калі б не цікавае супадзенне. Сустрэўшы яе з сынам на вакзале і пасадзіўшы ў таксі, я сказаў вадзіцелю:

— У гасцініцу «Расія»...

Ганна Кіпрыянаўна ад здзіўлення аж праяснела.

— Мы будзем там жыць?

— Там. Тэатр забраніраваў для вас асобны нумар.

І Ганна Кіпрыянаўна не ўцярпела, каб тут жа не расказаць пра сваю размову з дачкой.

— Цяпер я напішу ёй пра «Расію», хай ведае, як мяне паважаюць і шануюць беларусы.

Павагу і любоў «беларусаў» яна адчула адразу, як пазнаёмілася з акцёрамі опернага тэатра. Яны ахвотна з ёй размаўлялі, ім і самім было цікава выпытаць што-небудзь пра паэта ад чалавека, які даводзіўся яму сваяком і не раз сустракаўся з ім.

Усе гэтыя дні Ганна Кіпрыянаўна жыла Максімам Багдановічам. Не прапусціла і другога паказу спектакля. Ёй здалося, што ў другі раз «Зорка Венера» прайшла з большым поспехам. Магчыма, гэта так і было. Пры адкрыцці гастроляў, ды яшчэ ў прысутнасці вядомых майстроў сталічных тэатраў, акцёры хваляваліся. Адчувалася пэўная скаванасць, якая знікла толькі к сярэдзіне спектакля, калі ўстанавіўся жывы кантакт паміж залай і сцэнай, калі публіка, улавіўшы сутнасць падзей, пачала хвалявацца за лёс героя.

У тыя дні я стараўся часцей сустракацца з Ганнай Купрыянаўнай. І пры кожнай нашай сустрэчы, вядома, гаворка краналася асобы паэта. Ганна Кіпрыянаўна прыгадвала тыя ці іншыя факты з яго жыцця, жыцця маці, яе сясцёр. Субяседніцы вельмі хацелася падкрэсліць, што і ў іх родзе былі таксама таленавітыя людзі. І я адчуў, што гэтым яна як бы развейвала сцвярджэнні некаторых сваякоў пра адаронасць толькі родзічаў Адама Ягоравіча. Відаць, гэта кранала самалюбства тых, хто належаў да роду Мякотаў, і тады я рашыўся нагадаць, што сама Максімава маці была пісьменніцай і што адно з яе апавяданняў, падпісанае ініцыяламі М. Б. (Марыя Багдановіч), друкавалася ў 1893 г. на старонках газеты «Гродненские губернские ведомости». Калі ж затым пераказаў змест апавядання, Ганна Кіпрыянаўна, доўга не думаючы, адразу ж заўважыла, што ў сваім апавяданні Марыя Панасаўна апісала лёс роднай маці Таццяны Восіпаўны Мякота, дзявочае прозвішча якой было Малевіч.

Я разумеў, што мастацкі твор — не дакумент, і ўсё ж не мог застацца абыякавым да прататыпа гераіні.

Я папрасіў Ганну Кіпрыянаўну больш падрабязна расказаць пра Таццяну Восіпаўну. Тым больш што яна доўгі час жыла ў іх сям’і, і адзінай жывой сведкай яе жыцця засталася толькі яна, Ганна Кіпрыянаўна.

Уважліва лаўлю кожнае слова. Субяседніца шмат чаго пра бабку помніць сама, тое-сёе згадвае паводле ўспамінаў сваёй маці Ганны Панасаўны.

Таццяна Восіпаўна паходзіла з папоўскай сям’і. Жылі яны нябедна. І хоць сям’я была вялікая, усе браты мелі магчымасць вучыцца ў семінарыі, сёстры ж вучыліся ў хатніх настаўнікаў. Падчас зімовых ці летніх вакацый, калі сям’я збіралася разам, у хаце не змаўкала песня. Асабліва вясёлай была Таццяна Восіпаўна. Яна мела прыгожы голас, добра іграла на гітары і любіла танцаваць. І, можа б, яе лёс склаўся шчасліва, калі б не смерць маці.

Напачатку Таню, як меншую, стараюцца аберагаць старэйшыя сёстры. Але, зразумела, трэба ж і самой мець нейкае рамяство, каб потым жыць з працы сваіх рук. Хутка яна ўжо добра ўмела вышываць гладдзю і бісерам, вязаць, прасці, ладзіць кросны.

Аднак смерць маці пакінула глыбокі след у яе душы, зрабіла яе больш ранімай, запальчывай. А тут надышло і першае каханне — высокае, неўтаймоўнае. І невядома, хто з двух закаханых быў таму віною, але неўзабаве Таццяна Восіпаўна пасварылася са сваім абраннікам — семінарыстам Рубяроўскім. Нейкі час абое, вытрымліваючы характар, не сустракаюцца... І трэба ж, каб менавіта ў гэты час да яе пасватаўся ўдавец Панас Іванавіч Мякота, чалавек намнога старэйшы за дзяўчыну, больш сталы і ўраўнаважаны. І, як бывае ў людзей запальчывых, Таццяна Восіпаўна Малевіч дае яму сваю згоду, хоць у глыбіні душы па-сапраўднаму кахае толькі Рубяроўскага.

Родзічы адчулі яе гарачнасць, спрабавалі адгаворваць ад паспешлівага рашэння, але нічога не памагло. Настойлівым адгаворваннем яны нібыта падлівалі масла ў агонь. Нічога гэтага не ведаў сам Рубяроўскі і таму не мог паўплываць на рашэнне каханай.

Больш за ўсіх перажываў бацька — сумленны сельскі свяшчэннік, які на сваім вяку перабачыў нямала падобных трагедый, у памяці якога была свежай і свая рана — смерць жонкі. Калі ж настаў час бласлаўляць дачку, ён некалькі разоў браў ікону і ўсё ніяк не мог выканаць знаёмага рытуалу: дрыжалі рукі і самі апускаліся долу.

І ўсё ж вянчанне адбылося. А вечарам, у самы разгар вяселля, з’явіўся Рубяроўскі. Позна перадалі яму вестку...

Першай яго заўважыла старэйшая сястра Таццяны Восіпаўны. Яна тут жа адвяла ўбок маладую і, ведаючы яе характар, папярэдзіла:

— Глядзі, Танька: ранейшае ўжо скончана, ты цяпер павянчана і нічым не павінна паказаць, што ўсё яшчэ любіш яго.

Што тварылася тады на душы ў маладой — ніхто не ведаў... Аднак... Яна падпарадкавалася — каб не сарамаціць сябе і, галоўнае, бацьку, які так настойліва адгаворваў яе ад неабдуманага ўчынку. Толькі шмат пазней яна прызнаецца ў сваёй памылцы і, цяжка ўздыхаючы, скажа:

— Калі б Рубяроўскі прыехаў на некалькі гадзін раней, вяселле раскідалася б: я выйшла б замуж толькі за яго. Ні перад чым бы не спынілася.

І трэба было ведаць яе, зазначае Ганна Кіпрыянаўна, каб упэўніцца, што так бы яна і зрабіла.

Мы нейкі час маўчым. Мне ж карціць хутчэй запытацца: а як склаўся яе далейшы лёс. І я неўзабаве задаю такое пытанне Ганне Кіпрыянаўне. Але і яна не ўсё ведала. Пра сваё жыццё з Панасам Іванавічам Мякотам Таццяна Восіпаўна не любіла расказваць. Ды і не вельмі радасным быў бы той расказ. Вядома адно, што жылося ёй не вельмі соладка. Сям’я расла хутка, а з ёю — і матэрыяльныя нястачы, бо зарабляў Панас Іванавіч, наглядчык Ігуменскай бальніцы Мінскай губерні, не так ужо і многа, каб заўсёды ў хаце быў патрэбны дастатак. Пра гэта засведчыць у сваіх успамінах і Адам Ягоравіч. Ён назаве яго заробак «грошовым жалованьем». Значыцца, ніякіх сродкаў пра запас не было. А тут, як на ліха, цяжкая хвароба прыкоўвае Панаса Іванавіча да ложка. І даволі надоўга. А ў ноч на 25 студзеня 1879 г. ён памірае, пакідаючы сіротамі пяцярых дзяцей.

І пачынаецца для Таццяны Восіпаўны такое жыццё, што лепей яго не ўспамінаць. І яна нікому пра гэта асабліва і не расказвала. Прыгадвала толькі, як напярэдадні смерці горка плакала і скардзілася Панасу Іванавічу на тое, як яна будзе жыць без яго, ды яшчэ з маленькай Анечкай, якая надоўга звяжа ёй рукі. Панас Іванавіч, як мог, суцяшаў яе і, нібы прадбачачы фінал, сказаў перад смерцю:

— Глядзі маленькую — пры ёй ты дажываць будзеш...

Прарочымі аказаліся яго апошнія словы. Дажываць свой век Таццяне Восіпаўне і сапраўды давялося ў сям’і Ганны Панасаўны, па мужу Валасовіч (маці Ганны Кіпрыянаўны).

А пакуль тое будзе, самой ёй давядзецца гадаваць і даглядаць дзяцей, выкручвацца з незайздроснага становішча. Дваіх — Марыльку і Аляксандру — удасца з часам уладкаваць у дзіцячы прытулак. Туды ж трапіць і хлопчык і там закончыць свой дзіцячы век. Астатнія двое застануцца на руках — іх па ўзросту (не дасягнулі сямі год) не могуць прыняць у дзіцячы прытулак. І тут Ганна Кіпрыянаўна папраўляе недакладнасць ва ўспамінах Адама Ягоравіча, які пісаў, што «дзеці яшчэ перад смерцю бацькі былі адвезены ў Мінск у дзіцячы прытулак».

— Як жа іх усіх маглі адвезці, калі не ўсе мелі адпаведны ўзрост? А самай меншай нават пасля смерці бацькі было крыху больш за два гады. А туды ж бралі толькі з сямі год.

З дваімі дзецьмі, без свае гаспадаркі і сродкаў для існавання засталася Таццяна Восіпаўна пасля смерці мужа. Пастаяннай работы ў такім невялікім мястэчку, як Ігумен (цяпер г. Чэрвень), не знойдзеш. І давялося брацца за любую работу, якая траплялася: прала кудзелю, ткала, вязала, мыла бялізну багатым. Як гэта ўсё падобна на жыццё гераіні з апавядання Марылі Багдановіч «Накануне рождества». Так і хочацца ўслед за Ганнай Кіпрыянаўнай сказаць, што гэта пра лёс сваёй маці напісала дачка. Напісала, каб вызваліцца душэўна ад тых уражанняў, якія стаялі ў яе перад вачамі з таго часу, як яна ўбачыла і зразумела, у якіх умовах жыў блізкі ёй чалавек. Каб уявіць тыя абставіны, прывядзём невялікія ўрыўкі з апавядання. Яны дапамогуць нам узнавіць атмасферу жыцця, падобную да той, у якую трапіла сама Таццяна Восіпаўна.

«Тогда еще жив был их отец, состоявший на службе в одной из канцелярнй и получавший хоть и маленькое (згадаем сведчанне Адама Ягоравіча — 25 рублёў у месяц), но все-таки давшее им возможность не знать нужды жалованье. Мать тогда не надрывалась над работой, стоя по целым дням за стиркой белья,— была здорова и весела...

Она и не подозревала, что через два месяца вынесут отсюда ее мужа холодным трупом на кладбище. Он всегда был человеком болезненным, да к тому же два раза страдал воспалением легких, а тут как нарочно,— не поберегся, простудился после инфлюэнцы и схватил скоротечную чахотку, от которой в два месяца его не стало».

Як гэта блізка да таго, што адбывалася ў сям’і Малевічаў. І як усё, далей расказанае, падобна на лёс Таццяны Восіпаўны.

«Пойти в прислуги? Да кто же возьмет ее с детьми? Остается одна последняя работа... Как утопающий хватается за соломинку, так она хваталась за всякую возможность раздобыть какой-нибудь грош: за работой не различала дня от ночи, шила и мыла на господ и всячески угождала их прислуге, от которой нередко зависело получение заработка. О, она не боялась труда! Она то задыхалась в душной, как баня, прачечной, то мерзла на речке, полоща белье, то слепила глаза за вышивкой или вязаньем, не чувствуя усталости и не замечая, как угасали ее силы и здоровье...»

Мы разумеем, што мастацкі твор — гэта вымысел, а ўсё ж і ён мае пад сабою рэальныя факты. І не выключана магчымасць, што такой рэальнай асобай, прататыпам апавядання і была Таццяна Восіпаўна.

Далейшы жыццёвы лёс наклаў адбітак на яе характар, зрабіў яе нервовай, запальчывай. Куды дзелася былая гарэзлівасць!

— У маладосці яна хораша іграла на гітары і спявала,— расказвае Ганна Кіпрыянаўна.— Але я ні разу не чула, каб яна спявала, жывучы ў нас, ці калі-небудзь узяла гітару. Калі ж я спыталася: «Чаму?» — яна адказала: «Пасля 25 студзеня 1879 года (дня смерці мужа) не такое было жыццё, каб спяваць...»

І сапраўды ёй было не да песень. Аднак Таццяна Восіпаўна не здалася, не апусціла рук. А пасля таго як апякунка прытулку, уражаная здольнасцямі Марылькі, рашыла вучыць яе далей і паслала за свой кошт у Пецярбургскую земскую настаўніцкую школу, і ўвогуле ажыла надзеяй. Думалася: вось вывучыцца Марылька, пачне працаваць настаўніцай і забярэ яе з багадзельні.

Якім чынам трапіла яна ў багадзельню, Ганна Кіпрыянаўна не расказвала, а можа, і не ведала. Аднак не ад добрага жыцця. А пазней... рушыліся надзеі і на Марыльку. Будучы на вакацыях у Мінску, яна знаёміцца з Адамам Ягоравічам Багдановічам і... неўзабаве становіцца яго жонкай. Не дачакаўшыся нават заканчэння настаўніцкай школы. Маладосці заўсёды не церпіцца. А нецярплівасць параджае і новую неспадзяванку: у яе павінна быць дзіця. У такім становішчы яна ўжо не можа працягваць далей вучобу і таму пакідае Пецярбург.

Вось цяпер мне стала зразумелым, чаму ў паперах Марылькі, якія беражліва захоўваліся ў сямейным куфры Багдановічаў, я не адшукаў атэстата аб заканчэнні ёю Пецярбургскай земскай настаўніцкай школы.

— Усё жыццё,— зазначае Ганна Кіпрыянаўна,— Таццяна Восіпаўна крыўдавала на Адама Ягоравіча за тое, што ён сарваў Машу з вучобы.

Ды і як ёй было не крыўдаваць: канулі ў нябыт яе надзеі — на доўгія гады яна зноў застаецца ў багадзельні. Аднак ніколі за гэта не дакарала дачку. Трэба думаць, што Марылька хацела забраць да сябе маці (і апошняя ведала пра гэта), але не сустрэла падтрымкі ў мужа. Ды, відаць, і жылі яны не гэтак багата, як хваліўся ў сваіх успамінах Адам Ягоравіч. А Таццяна Восіпаўна не хацела парушаць іх сямейнага шчасця. Хай хоць Марылька не зазнае матчынай нядолі. І яна змірылася са сваім лёсам, ёй яшчэ трэба было ўладкоўваць у жыцці астатніх дачок, даць ім хоць якую асвету. І яна не грэбавала ніякай працай, каб зарабляць свае, аблітыя потам капейкі.

Падрасла і самая меншая — Анюта. Больш трымаць яе ў дзіцячым прытулку не маглі. Не было за што наняць і прыватную кватэру — і яна змушана была нанач прыходзіць да маці, крадком, каб не ведала начальства багадзельні.

А гады бралі сваё. Не-не ды і Анюта кідала ўжо цікаўныя позіркі на юнакоў, і яны з той жа цікаўнасцю глядзелі на яе. А калі хто наважваўся праводзіць дадому, дык рабіла ўсё так, каб той не ведаў, што яна жыве ў багадзельні. Бывала, падвядзе кавалера да багатай брамы — маўляў, я тут жыву,— развітаецца, шусне за варотцы, стоіцца і чакае, пакуль кавалер не знікне з вачэй, а тады ўжо цёмнымі завулкамі подбегам — да маці ў багадзельню.

У 1891 г. у сям’і Багдановічаў нараджаецца другі сын — Максім. Цяпер ужо і самой Марыі Панасаўне стала цяжэй упраўляцца па хаце. І Багдановічы ўгаворваюць Таццяну Восіпаўну, каб часова адпусціла да іх у нянькі Анюту. Тым больш што яна пакуль не была ўладкавана і не мела свайго кутка. І хоць у душы Таццяна Восіпаўна і злавалася на Адама Ягоравіча, але шкада было і Марылькі. І яна пагадзілася. Было дамоўлена, што замест платы Адам Ягоравіч будзе вечарамі займацца з Анютай, каб падрыхтаваць яе для паступлення на вучобу. Аднак, калі Анюта перайшла да Багдановічаў, на яе ўзвалілі ўсю хатнюю работу. Пра вучобу не магло быць і гаворкі. Да таго ж і самога Адама Ягоравіча вечарамі амаль ніколі не было дома: то бег на рэпецітарства, то на нейкія сходы, то на пасяджэнні гурткоў і таварыстваў, пастаянным удзельнікам якіх ён быў. І дадзенае Таццяне Восіпаўне абяцанне так і заставалася толькі абяцаннем. Дайшло да таго, што яна вымушана была забраць ад іх Анюту. І калі, пераязджаючы на працу ў Гродна, зяць у другі раз папрасіў адпусціць з імі Анюту, Таццяна Восіпаўна катэгарычна адмовіла, заявіўшы:

— Такую ласку я і ў чужых людзей знайду.

І знайшла. Дачку ўзялася вывучыць на краўчыху вядомая тады ў Мінску Акуліч, у якой была кравецкая майстэрня. Тут дзяўчына атрымала належную спецыяльнасць.

Але вернемся да жыцця Багдановічаў. Пазней, успамінаючы мінскі перыяд працы, Адам Ягоравіч будзе пісаць, што ўмовы яго жыцця былі: «... не из плохих. Я зарабатывал довольно много, до 1500 рублей в год, при готовой квартире с отоплением и освещением». Ці столькі ён зарабляў, ці не — невядома, але, як расказвала Ганне Кіпрыянаўне яе маці (тая ж Анюта), настаўніцкага жалавання хапала толькі на першыя тыдні месяца. У канцы ж — не было нават чым разлічыцпа за прадукты, якія бралі ў лаўцы. Даводзілася прасіць лавачніка, каб сёе-тое адпусціў напавер. Здаралася, што і напавер не давалі.

— Таму часам сумняваешся,— дадае Ганна Кіпрыянаўна,— ці ў такім дастатку жылі Багдановічы, як пра гэта піша Адам Ягоравіч. Калі б ён быў так матэрыяльна забяспечаны, дык, відаць, не кідаўся б на рэпецітарства і іншыя пабочныя заробкі.

Для такой логікі ёсць усе падставы. Нават пазней, калі жыў у Ніжнім і Яраслаўлі і меў больш высокую пасаду, сям’я не ведала поўнага дастатку. Лішняга ніколі не было, бо (яшчэ раз нагадаем сведчанне самога Максіма) бацька «жыў ад 20-га да 20-га, да таго ж і вінен шмат каму». Як бачым, усё выглядала крыху інакш.

Як жа склаўся далейшы лёс самой Таццяны Восіпаўны? Дачка Анюта, каб аддзякаваць маці за ўсе турботы і клопаты, калі выйшла замуж за Кіпрыяна Валасовіча, забірае яе да сябе. Кончылася доўгае і гаротнае жыццё ў багадзельні. Паступова забываліся і даўнія крыўды, якія прычыніў ёй Адам Ягоравіч. А пасля раптоўнай смерці Марылі прасяклася жаласцю і да яго. Як-ніяк, а на яго руках заставалася трое сірот. Разумела, што нялёгка будзе з імі ўпраўляцца ўдаўцу. І таму нічога не сказала, дачуўшыся пра яго новую жаніцьбу. Захацелася толькі наведаць унукаў, каб пераканацца, якая іх напаткала доля з прыходам мачыхі.

Аляксандра Паўлаўна сустрэла яе вельмі сардэчна, кінулася на шыю, назвала «мамачкай». І прыняла, як родную. Вярнуўшыся з Ніжняга Ноўгарада, Таццяна Восіпаўна вельмі хваліла Аляксандру Паўлаўну, казала, што яе адразу ж палюбілі дзеці, асабліва Максім. І калі праз некалькі месяцаў пры родах сына Шурыка трагічна абарвецца яе жыццё, Таццяна Восіпаўна адразу ж пашле туды сваю незамужнюю дачку Шуру. І, каб не здарылася непрадбачанае, можа б, з гэтага часу і пачалося новае ў адносінах паміж цешчай і зяцем. Жаночае сэрца — не камень. Аднак непрадбачанае здарылася. Пасланая дачка Шура праз некаторы час нараджае ад Адама Ягоравіча, не будучы з ім у шлюбе, сына Паўла. Вестка была такой нечаканай, што Таццяна Восіпаўна разгубілася. Пачуцці болю і крыўды, а заадно і ганьбы скаланулі яе сэрца. Такога яна не магла зразумець.

Гэта вестка балюча зачапіла і гонар сваякоў Аляксандры Паўлаўны — Кацярыну Паўлаўну і яе мужа Аляксея Максімавіча Пешкава (М. Горкага). Яны забіраюць да сябе Шурыка Багдановіча і часова парываюць добрыя адносіны з Адамам Ягоравічам.

Доўга будзе маўчаць і пакутаваць Таццяна Восіпаўна. Не пашкадуе і роднай дачкі, якой пасля родаў вельмі б спатрэбілася яе дапамога. На гэты раз Таццяна Восіпаўна пакажа сваю непрымірымасць да канца. Больш чым год яна будзе караць сябе пакутай, але так і не адважыцца паехаць на адведкі ў Ніжні. Не можа са спакойным сэрцам ехаць да таго, хто прычыніў ёй такую вялікую знявагу. Ды і дачка ў яе вачах выглядала таксама не анёлам, калі рашылася на такое. Маці ж не ведала тады ўсяе праўды, як што адбылося.

А неўзабаве ў Аляксандры Панасаўны народзіцца і другі сын — Мікалай. Не лічыцца з гэтым ужо нельга. І Таццяна Восіпаўна, прыглушыўшы на нейкі час сваё ранейшае абурэнне, асмеліцца паехаць да зяця. Праўда, паедзе не адна, а разам з дачкой Анютай — усё ж смялей пераступаць той парог.

Зразумела, настрой цешчы Адам Ягоравіч ведаў добра, таму, каб не выслухоўваць папрокі ў свой адрас, з’ехаў у камандзіроўку.

— Уцёк, каб не сустракацца, бо ж сорамна глядзець у вочы,— скажа Таццяна Восіпаўна, вярнуўшыся з Ніжняга.

Не з пахвалою будзе гаварыць і пра сваю дачку.

— У Таццяны Восіпаўны,— працягвае Ганна Кіпрыянаўна,— чамусьці склалася ўражанне, што Шура не глядзіць за дзецьмі. «Добра, што цёткі ёсць — хоць пляменнікі будуць пад прыглядам»,— са шкадаваннем скажа Таццяна Восіпаўна. І ў госці да Багдановічаў ніколі больш не паедзе.

На маё пытанне: «Чаму?» — Ганна Кіпрыянаўна адкажа:

— Ні ў якім разе гэта нельга тлумачыць учынкам Аляксандры Панасаўны. Яна і без таго была пакарана тым, што заставалася на становішчы незаконнай жонкі. А ў тыя часы гэта было незайздроснае становішча. Таму і на людзі ніколі не паказвалася разам з Адамам Ягоравічам. А ўзаконіць шлюб было не так і проста. Ёй, як роднай сястры першай жонкі Адама Ягоравіча, паводле царкоўных правіл трэба было атрымаць на гэта дазвол ад вышэйшай духоўнай асобы. А магла яна і не атрымаць дазволу. Разумела гэта і Таццяна Восіпаўна. І ўсё ж у душы не магла прымірыцца і ўхваліць паводзіны дачкі. Вельмі строгіх правіл прытрымлівалася. Праз іх і сама нямала гора зачарпнула ў жыцці. Мела б іншы характар, інакш бы склаўся і яе лёс, не давялося б раскайвацца потым, што так крута абышлася са сваім першым каханнем... Але тое было ўжо даўно прыглушана часам. А гэта свежай крыўдай сціскала сэрца, падагравала яе неўтаймоўны гнеў.

Не шукаў замірэння з цешчай і зяць. І не таму, што з ёй нельга было ладзіць. Жыла ж Таццяна Восіпаўна ў свайго другога зяця К. Валасовіча, і ніколі між імі не было ніякіх непаразуменняў.

— У майго бацькі,— расказвае Ганна Кіпрыянаўна,— было вельмі развіта пачуццё пашаны да родзічаў. Ажаніўшыся з маёй мамай, ён адразу ж забраў Таццяну Восіпаўну з багадзельні.

Тое ж самае ў свой час мог бы зрабіць і Адам Ягоравіч. Але чамусьці не зрабіў, хоць сам бачыў, у якой беднасці жыла тады цешча. Ніхто з родзічаў не памятае, каб ён памагаў ёй матэрыяльна. А сама прасіць яна не магла — не дазваляў характар. Не звярталася за дапамогай і да суседзяў. Чаго ж ёй было чакаць ад чужых людзей, калі гэтак абышліся блізкія? Таццяна Восіпаўна, вядома, не маўчала і не давала спуску зяцю. А каму ж прыемна было ўсё гэта выслухоўваць? З цягам часу іх адносіны горшаюць і нарэшце ўвогуле паміж цешчай і зяцем спыняецца ўсялякая сувязь.

І, можа б, Таццяну Восіпаўну не вельмі і ўпамінаў бы Адам Ягоравіч, калі б не... Максім, не яго неўтаймоўны нораў. Такая ж запальчывасць і няўступчывасць, такое ж непрыняцце ўсяго, што лічыць несправядлівым. З гадамі гэтыя якасці перарастаюць у характар. Ужо і сына нярэдка ён называе «Малевічам» — паводле дзявочага прозвішча Таццяны Восіпаўны. Называе як бы ў жарт, але ўкладае ў гэты жарт не лепшы сэнс. Цень бабкі міжволі кладзецца ценем і на ўнука. А там, дзе цень, цяпла не адчуеш. Туды хутчэй за ўсё закрадваецца холад. Холад адносін. І гэты холад, відаць, адчуваў на ўсім працягу свайго жыцця Максім. Але нідзе пра гэта і словам не абмовіўся. Скардзіцца — не ў характары «Малевічаў». Калі цяжка, яны замыкаюцца самі ў сабе, каб нікому і выгляду не падаць, што ім цяжка. Таму і сын, як засведчыць бацька, «рэдка звяртаўся... за парадамі і растлумачэннем» да яго. А калі звяртаўся, дык толькі да хроснай — Вольгі Епіфанаўны Сёмавай. Хросная аказалася больш роднай па духу. У адносінах бацькі ён як бы адчуваў нейкі фальш, а фальшу не цярпелі «Малевічы».

Пішучы гэта, мы не хочам кідаць цень на Адама Ягоравіча. Наша задача іншая: разабрацца ў іх адносінах, нічога не паляпшаючы і не пагаршаючы. Супастаўляючы факты, нам хочацца больш правільна зразумець іх абодвух і, зразумеўшы, больш аб’ектыўна ацаніць іх учынкі. Пакуль што ясна адно: чым больш «малевічаўскае» праступала ў характары Максіма, тым больш астываў да яго Адам Ягоравіч. Сталеючы, сын бачыў, якія яны розныя з бацькам. І не толькі характарамі, а, галоўнае, поглядамі. Таму і аддаляўся ад бацькі, не жадаючы нічым напамінаць пра сябе. І толькі зімой 1917 г., калі ехаў лячыцца ў Ялту, магчыма, прадчуваючы развязку, рашыўся напомніць пра сябе. Захацелася сустрэцца. Нават спісаліся пра дзень сустрэчы, але... не сустрэліся. Пазней, у маі месяцы, калі Максіму стане вельмі кепска, ён адважыцца яшчэ раз напомніць пра сябе (праўда, перад гэтым таксама пісаў, але пісаў толькі пра лячэнне, «без падрабязнасцей»). Аслабелаю рукою, з уласцівым яму жартам — хоць самому не да жартаў — выведзе на паперы: «...Добры дзень, стары верабей. Маладому вераб’ю блага. Урач гаворыць так: працэс у правым лёгкім закончаны; яно зарубцавалася і, калі ёсць у ім крыху макроты, месцамі — шорсткае дыханне, то гэта справа трэцярадная. Але туберкулёз, як звычайна, перайшоў у левае лёгкае і развіваецца таксама, як звычайна; у больш вострай форме. Макроты ў мяне шмат, тэмпературы высокія, два разы ішла кроў, другі раз адпляваў я яе дзён за дзесяць, але з гэтага крывацёку з ложка ўжо не ўстаю — аслабеў канчаткова. Хутка пачнецца спёка, трэба будзе выязджаць з Ялты, а як ў такім стане паедзеш?..» І пісьмо чамусьці не адашле. Ці мо сіл не хопіць, ці мо... і тут праявіцца «малевічаўскі» характар.

Ах, «Малевічы, Малевічы»! Да канца жыцця вы заставаліся самімі сабою...

 

Старэйшы брат паэта

За Максіма Вадзім быў старэйшы на няпоўныя два гады. Розніца ва ўзросце не такая ўжо вялікая. Розніца заключалася ў іншым: маючы неспакойны характар, Вадзім заўсёды знаходзіўся ў гушчыні бурных падзей у гімназіі, якія асабліва шырока разгарнуліся падчас рэвалюцыі 1905 г. «Яго лаўры і Максіму спаць не давалі»,— засведчыць потым бацька, Адам Ягоравіч Багдановіч. Ён жа дасць яму і такую характарыстыку: «Не па гадах развіты і начытаны», з «несумненным і публіцыстычным, і аўтарскім талентам».

Гледзячы на фотаздымак Вадзіма, на яго кароткую густую бародку да вушэй, на спакойны выраз твару, нават і не падумаеш, што ён сваімі выступленнямі некалі захапляў шматлюдную аўдыторыю. А між тым гэта было так. Вось невялічкая сцэнка, пададзеная ў адным з лістоў Паўла Адамавіча Багдановіча:

«Ідуць сумбурныя сходы гімназістаў. Вадзім Багдановіч — галоўны прамоўца. Выступае ён з кіпаю кніг. Калі цытаты не дзейнічаюць на аўдыторыю, то тамы Міхайлоўскага ляцяць на галовы слухачоў».

Рэдка якія сходы ў гімназіі абыходзіліся без яго палымяных выступленняў. Па прыкладу старэйшага брата ўжо і Максім спрабуе падключацца да ўдзелу ў грамадскім жыцці гімназіі. На адным са сходаў ён выступае як дэлегат ад 4-га класа з патрабаваннем змяніць гімназічную канстытуцыю, каб і чацвёртакласнікі мелі права наладжваць свае мітынгі. Праўда, дагаварыць гарачую прамову яму не далі — сцягнулі са стала і выпіхнулі за дзверы. Аднак і пасля гэтага ён не перастае захапляцца братавай дзейнасцю, стараецца ва ўсім быць падобным да яго. Вось чаму ўсе тыя, хто займаецца біяграфіяй паэта, не могуць ды і не маюць права абысці няўрымслівую асобу гэтага юнака.

Вучыўся Вадзім Багдановіч някепска, больш на пяцёркі і чацвёркі. Горш было з дысцыплінай. Яго неспакойнае сэрца не магло мірыцца з казённай руцінай. Тыя ўрокі, якія яму не падабаліся, ён або зусім не наведваў, або пакідаў раней званка. А калі і не пакідаў, дык слухаў няўважліва, перагаворваўся з сябрамі, даючы зразумець, што змест урока яго не цікавіць. І настаўнікі не прапускалі ніводнага выпадку, каб не адрэагаваць на непаслушэнства гімназіста. У графе аб паводзінах, асабліва за 1907 г. і першы квартал 1908 г., часта з’яўляюцца такія характарыстыкі, як «непрыстойна вёў сябе на ўроках, дурэў, крычаў і нават біўся».

Аднак не будзем просталінейна чытаць афіцыйныя характарыстыкі. Напалоханыя рэвалюцыяй 1905 г. і хваляваннямі гімназістаў таго часу, верныя трону настаўнікі і гімназічнае начальства стараліся прыдушыць нават самыя бяскрыўдныя праяўленні вольналюбівай натуры і таму пра ўсё даносілі па інстанцыі. Не раз у гімназію запрашалі і бацьку. І толькі яго сувязі і ўменне ўладжваць канфлікты здымалі небяспеку выключэння дзяцей з гімназіі.

1907 і 1908 гг. вонкава былі як бы гадамі нейкага зацішша. Зацішша, але не для ўсіх, а тым больш — не для Вадзіма. Няхай не стала сходаў і мітынгаў, дзе праяўляўся яго прамоўніцкі талент, затое заставалася само жыццё, дзе мог праявіцца яго другі талент, талент публіцыста. На жаль, да нас нічога не дайшло з таго, што было напісана Вадзімам у гэтым жанры. Не захаваліся і рукапісы. Праўда, рукапісы гэтыя былі, нават да 1918 г. захоўваліся ў невялікім куфэрку (пра гэта пісаў Павел Адамавіч), але згарэлі падчас пажару ў Яраслаўлі ў дні белагвардзейскага мяцяжу. Што было ў тых рукапісах, мы не ведаем. Пра іх нічога не гаворыцца ні ва ўспамінах бацькі, ні ва ўспамінах Паўла Адамавіча.

Засталося невядомым і тое, друкаваўся Вадзім ці не. А калі друкаваўся, дык у якіх выданнях, як падпісваўся: сваім прозвішчам ці псеўданімам? Павел Адамавіч схіляецца да думкі, што Вадзім усё ж друкаваўся і падпісваўся не ўласным прозвішчам. Бадай, гэта так і было, бо, калі б не друкаваўся, дык на якой падставе бацька характарызаваў бы яго як таленавітага публіцыста? Для станоўчага адказу тут, як мне здаецца, ёсць усе падставы.

Але вернемся да таго, што нам вядома і што намі ўжо знойдзена ў архівах. Я маю на ўвазе задуманую Вадзімам біяграфію вядомага рэвалюцыянера, члена Генеральнага савета І Інтэрнацыянала, аднаго з перакладчыкаў твораў Карла Маркса на рускую мову, чалавека незвычайнага лёсу і мужнасці Германа Аляксандравіча Лапаціна. Яго асобай у свой час цікавіліся, асабіста былі з ім знаёмы такія сусветна вядомыя рускія пісьменнікі, як І. Тургенеў, Л. Талстой, М. Горкі. Максім Горкі, які не раз сустракаўся з Германам Аляксандравічам, пісаў у 1909 г. пісьменніку А. Амфітэатраву:

«Трэба, каб ён [Лапацін] напісаў нататкі, аўтабіяграфію — не напіша — абярэ бедную Русь, якая стогне, і вые, і пакутуе, і не ўмее радавацца».

Двума гадамі раней падобная думка ўзнікла і ў Вадзіма Багдановіча. Захоплены легендарнай дзейнасцю Лапаціна, ён наважыўся сам напісаць біяграфію Германа Аляксандравіча. Засталося толькі сабраць матэрыялы, каб засесці за працу. Не ведаю, як каго, а мяне нават сам гэты намер наводзіць на думку, што нейкі літаратурна-публіцыстычны вопыт Вадзім Багдановіч ужо меў. Не мог жа ён адважыцца на такое, не будучы ўпэўненым, што справіцца з задуманым. І 24 сакавіка 1907 г. Вадзім Багдановіч звяртаецца з адпаведным лістом-просьбай да Германа Лапаціна. Самога ліста нам знайсці не ўдалося. Але змест яго поўнасцю высвечваецца з адказу Германа Аляксандравіча. Вось поўны тэкст гэтага адказу (арыгінал захоўваецца ў Маскве, у архіве А. М. Горкага).

«Шаноўны васпан

Вадзім Адамавіч!

У мяне выклікае неадольную хваравітую агіду адна думка пра тое, каб выступаць са сваёй асобай на сцэну і займаць ёю чытацкую публіку. Вось чаму я ўпарта адмаўляюся да гэтага часу ад настойлівых прапаноў розных рэдакцый (напр., «Былого», «Русск. Бог» і іншых) надрукаваць у іх мае мемуары ці хоць урыўкі з іх, нягледзячы на спакуслівыя грашовыя ўмовы, вельмі і вельмі неабыякавыя для мяне.

Я не магу ні «дазволіць», ні забараніць каму-небудзь пісаць і друкаваць пра мяне. Сёе-тое з гэтага ўжо траплялася мне на вочы ў розных часопісах і зборніках. Фактычныя і псіхалагічныя недакладнасці гэтых твораў не раз прымушалі мяне са шкадаваннем пачэсваць патыліцу, але даводзілася мірыцца з тым, чаму не ў сілах перашкодзіць...

Але зусім іншая справа — забеспячэнне майго будучага біёграфа пісьмовым дазволам і як бы бласлаўленнем на яго працу. Гэта азначала б: 1) публічна выказаць пыхлівае жаданне, каб такая праца з’явілася,— жаданне, якога я зусім не адчуваю; 2) узяць на сябе загадзя адказнасць за будучую працу чалавека, якога я не маю гонару і задавальнення ведаць; 3) а разам і за фактычную і псіхалагічную дакладнасць усяго ім напісанага; 4) дзеля чаго мне давялося б супрацоўнічаць з ім, дасылаючы яму матэрыялы і праглядаючы яго працу, на што я не маю ні часу, ні ахвоты, ні энергіі.

Таму даруйце, калі я — падзякаваўшы Вам за Вашу прыемную для мяне прапанову — рашуча адмоўлюся ад выканання Вашай просьбы.

Ваш пакорны слуга

Герман Лапацін.

Р. S. Ваш ліст ад 24-га атрыманы мною толькі сёння, 31-га».

 

Ліст Германа Лапаціна цікавы ў двух аспектах. Па-першае, ён пралівае святло на асобу самога Германа Аляксандравіча, які, будучы вядомым рэвалюцыянерам (пра яго подзвігі хадзілі легенды), заставаўся чалавекам вельмі сціплым. Па-другое, гэты ліст ускосным чынам раскрывае і змест ліста Вадзіма Багдановіча, які звяртаўся да Германа Аляксандравіча, як цяпер мы бачым, па біяграфічныя матэрыялы, а не пасылаў яму рукапіс біяграфіі, як пра гэта пісаў у адным з лістоў да Н. Ватацы Павел Адамавіч Багдановіч. Цытую яго тэкст: «Ведаю толькі, што ім была напісана біяграфія Германа Лапаціна.

Нейкім шляхам ён хацеў яе выдаць і запрашваў на гэта дазвол у самога Лапаціна».

Публікацыяй лапацінскага ліста мы выпраўляем гэту недакладнасць.

Прадчуваю, што мне могуць задаць і такое пытанне: а ці не мог Вадзім здзейсніць сваю задуму без дапамогі Лапаціна? Словы «я не магу ні «дазволіць», ні забараніць каму-небудзь пісаць і друкаваць пра мяне» не накладвалі вета на ажыццяўленне падобнай задумы. І яе, відаць, можна было ажыццявіць, сабраўшы з розных крыніц адпаведныя матэрыялы. Але на такі шлях хутчэй за ўсё Вадзім не рашыўся: такі шлях не застрахоўваў ад «фактычных і псіхалагічных» недакладнасцей, пра якія напамінаў яму ў сваім лісце Герман Аляксандравіч. Больш таго, на яго ажыццяўленне спатрэбіліся б гады карпатлівай і ўпартай збіральніцкай працы. А гэтых гадоў жыцця ў Вадзіма ўжо амаль не заставалася: у 1908 г. яго не стане.

Даводзіцца толькі пашкадаваць, што высакародны намер юнака не атрымаў адпаведнай падтрымкі. Была б яна — і, магчыма, мы б мелі цікавую біяграфію вядомага рэвалюцыянера Расіі, а заадно — і новага літаратара з сям’і Багдановічаў.

Ліст Г. Лапаціна не астудзіў няўрымслівую натуру юнака, ён бярэцца за новую працу.

У архіве М. Горкага я натрапіў на ліст, атрыманы Вадзімам ад Мікалая Францавіча Даніэльсана — сацыёлага і публіцыста, карэспандэнта Карла Маркса і перакладчыка на рускую мову другога і трэцяга тамоў «Капітала». На лісце стаіць дата 22 лістапада 1907 г. Значыць, да М. Даніэльсана Вадзім звярнуўся праз сем месяцаў пасля атрымання адказу ад Г. Лапаціна. Вядома, за такі час Вадзім не змог бы сабраць матэрыялы для напісання біяграфіі. Таму з поўнай упэўненасцю можам сцвярджаць, што яна не была напісана, бо, калі б была напісана, не думаю, што пра яе дзе-небудзь не ўспомніў бы бацька.

Аднак вернемся да ліста М. Даніэльсана. З яго відаць, што да Мікалая Францавіча Вадзім звярнуўся з прапановай выдаць збор яго твораў. Ад чыйго імя звяртаўся Вадзім, нам невядома: Вадзімавага ліста мы не адшукалі. Невядома і тое, ці быў там указаны выдавец, даручэнне якога выконваў Вадзім. Відаць, быў, інакш бы Даніэльсан не стаў пісаць адказ невядомаму чалавеку.

Падаём тэкст гэтага ліста з невялікімі скарачэннямі:

«Шаноўны васпан,

На Вашу прапанову выдаць збор маіх твораў адкажу:

Большая частка таго, пра што мне давялося пісаць, мае часовы характар... Так што паўтарыць усё гэта цяпер, калі прайшло ў некаторых выпадках амаль трыццаць год, наўрад ці варта.

Калі б нават хто-небудзь знайшоў у маіх артыкулах цікавасць чыста гістарычную, дык — на мой погляд — і ў такім выпадку нельга было б перадрукаваць іх у першапачатковым выглядзе, бо па маёй поўнай пераконанасці яны запатрабавалі б дапаўненняў за перыяд, які прайшоў з часу іх з’яўлення. А калі гэта так, дык спатрэбілася б праца не некалькіх месяцаў...

Усе з’явы з таго часу вельмі і вельмі ўскладніліся. Тым не менш, на мой погляд, пра тое, што мы перажываем у цяперашні час, гаварылі з’явы, якія вылучаліся некалі мною. Вось для доказу гэтага, для таго, каб адказваць на запатрабаванні бягучага часу, патрабуецца, паўтараю, звязаць непарыўным ланцугом перажытыя з’явы са з’явамі, якія мы перажываем. Толькі пры гэтай умове можна было б апраўдаць перавыданне папярэдніх маіх прац. А гэту ўмову, скажу яшчэ раз, сіламі аднаго чалавека выканаць нельга.

Не вы першы робіце мне такую прапанову: мне ўжо не раз даводзілася ад яе адмаўляцца. Да таго ж, калі б я палічыў зручным перавыданне, дык ахвотней бы яго зрабіў сам.

Прымаючы пад увагу ўсё сказанае, я вымушаны адмовіцца ад Вашай прапановы, падзякаваўшы Вам за яе.

М. Даніэльсан».

Хто ж стаяў за спіной Вадзіма Багдановіча? Ад чыйго імя звяртаўся ён да М. Даніэльсана? Ні ён сам, ні бацька сродкаў на ажыццяўленне такога выдання не мелі. І не маглі мець. Хутчэй за ўсё, за спіной Вадзіма Багдановіча стаяла нейкая арганізацыя. Якая? Гэтага мы пакуль што не ведаем. Патрэбны далейшыя пошукі. Адно зразумела, што такая арганізацыя мела прагрэсіўны кірунак. Нездарма ж і сам Вадзім Багдановіч быў на прыкмеце ў пільных агентаў царскай ахранкі. А яны ўжо не выпускалі з-пад сваёй «увагі» тых, хто памагаў расхістваць палі падгнілага моста самаўладства. Не выпускалі да самага канца. І нават у канцы, калі трэба было аддаваць юнаку апошняе зямное ўшанаванне, не забыліся напомніць пра сябе. Асцерагаючыся хваляванняў гімназістаў, паліцыя загадала бацьку хаваць сына ўночы. Вось як піша пра гэта Павел Адамавіч у пісьме да Н. Б. Ватацы ад 19.03.1965 года: «Мой старэйшы брат Вадзім... памёр у Ніжнім Ноўгарадзе, там жа пахаваны на могільніку, які цяпер не існуе. Захаваліся два дрэвы, што стаялі над яго магілай. Брат Вадзім быў сацыёлагам, публіцыстам, захапляўся Міхайлоўскім. У адзін час з Якавам Свярдловым ён быў важаком вучнёўскай моладзі ў Ніжнім. У 1905—1906 гг. ён прымаў актыўны ўдзел у яе руху. Пасля гэтага мае браты былі выключаны з гімназіі (брат Максім узарваў бомбу ў будынку гімназіі).

Калі Вадзім памёр, паліцыя, баючыся хваляванняў, загадала бацьку хаваць брата ўначы. Дзень пахавання добра захаваўся ў маёй памяці. Перад домам сабраўся агромністы натоўп, шмат навучэнцаў у гімназічных шынялях, дом ачэплены пешай і коннай паліцыяй, у кватэру дапускаюцца толькі асобы, якія прыносяць вянкі. Малюнак жахлівы. Бацька выходзіць на вуліцу і просіць прысутных не парушаць парадку пахавання. Бацька вяртаецца з групай гімназістаў, якія выносяць труну... Хаваў брата адзін бацька, усе родныя засталіся дома».

Цёмнай красавіцкай ноччу сырая магіла навекі забрала Вадзіма. Забрала, у васемнаццацігадовым узросце, не даўшы на ўсю моц раскрыцца яго магчымасцям, яго здольнасцям. Толькі недзе ў паліцэйскіх дасье засталіся матэрыялы аб яго грамадскай дзейнасці. Наша задача: адшукаць іх, каб узнавіць праўдзівы партрэт таго, хто быў Максіму Багдановічу ўзорам служэння дабру і справядлівасці. Узнавіць у імя ісціны і абавязку, бо старэйшы брат заслугоўвае таго, каб у нашай памяці стаяць побач са сваім малодшым братам — вялікім паэтам.

 

Вераніка. Выдумка? Сапраўднасць?

Гэтыя пытанні хвалявалі мяне яшчэ тады, калі я збіраў матэрыялы для опернага лібрэта, калі ўважліва перачытваў і саму паэму, якую аўтар назваў вершаваным апавяданнем. Але для пэўнага адказу тады ў мяне не было канкрэтных фактаў. І толькі пасля, калі я пабыў у Ракуцёўшчыне, калі на свае вочы ўбачыў фальварак і вузкія вулачкі вёскі, адразу нагадаў радкі з «Веранікі»:

 

<...> І вулка, веючая сном,

І ціхі старасвецкі дом

З цяністым, адзічэлым садам;

Над ім шпакоўніца ўгары,

А ўкруг схіліўся тын стары.

 

Ухапіўшыся за гэтыя радкі і не прыдаўшы належнага значэння словам «кіпіць шум месца [горада] дзесь там далі», я зрабіў вывад, што падзеі, апісаныя ў паэме «Вераніка», адбываліся ў Ракуцёўшчыне, што тут або недзе паблізу магла жыць абранніца паэтавай душы. А ў тым, што за вобразам Веранікі павінна стаяць канкрэтная асоба, я быў цвёрда перакананы.

І можа б, гэта мая думка (дарэчы, выказаная ў друку), што месца дзеяння паэмы — Ракуцёўшчына, так і засталася б неаспрэчанай, калі б не адна акалічнасць.

З Ленінграда ад Мікалая Іванавіча Лілеева — сына Ані Какуевай — Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У. І. Леніна атрымала ў дар зборнік вершаў М. Багдановіча «Вянок» з надпісам: «Николаю Рафаиловнчу Кокуеву от автора. М. Богданович. Яросл. 1914» і фотакартку паэта, на адвароце якой дробным почыркам занатаваны радкі:

 

«Я вспоминаю дом старинный,

На тихой улнце фасад,

И небольшой уютный сад,

И двор просторный и пустынный.

На нем кипели игры наши:

При общем шуме взмах руки

Вдруг «брал на вынос» городки,

И смех звучал при виде «каши» и т. д. и т. д.

Конец остается за мной.

Не поминай лихом!

 

 

Яросл. 19//24// VIII//11г. М. Богданович».

 

Фотакарткаю і «Вянком» зацікавілася даўняя даследчыца творчасці Максіма Багдановіча Ніна Барысаўна Ватацы. Вершаваныя радкі, пададзеныя на картцы, адразу нагадалі Ніне Барысаўне пачатак паэмы «Вераніка»:

 

Вясёла йшлі гулянкі нашы:

Пад шум і гук размах рукі

Збіваў здалёку гарадкі,

Быў чутны смех пры відзе «кашы». <...>

 

Праўда, у беларускім варыянце паэмы не было некаторых радкоў, якія меліся ў рускім варыянце, але гэта не мяняла сутнасці справы. Стала відавочным, што падзеі, апісаныя ў паэме, адбываліся не ў Ракуцёўшчыне, як падалося мне пры паездцы туды, а ў Яраслаўлі.

Гэту думку яшчэ больш умацаваў і пацвердзіў ліст, які ў хуткім часе атрымала Ніна Барысаўна ад Мікалая Іванавіча. Вось што ён пісаў:

«Каб вершы М. Багдановіча загаварылі, Вы павінны сабе ўявіць стары багаты дом таго часу. Гэта быў дом маёй бабулі Таццяны Рафаілаўны Какуевай у Яраслаўлі...

Дом быў вельмі гасцінны, і таму там заўсёды збіралася моладзь. Любімымі гульнямі на двары тады былі лапта і гарадкі. Вясёлая кампанія гімназістаў напаўняла шумам і смехам вялікі двор».

У другім лісце да Н. Ватацы М. Лілееў напіша і такое:

«Я доўга думаў над паэмай «Вераніка». Сапраўды ў яе ўвайшоў пасланы мной незакончаны верш. Гульню ў лапту пацвярджаюць радкі: «І кожны стрымліваў свой плач, калі ўразаўся ў плечы мяч»... Я ўспамінаю, што і пра галубоў мне нешта расказвала мама».

Такім чынам, месца, дзе адбываліся падзеі, апісаныя ў паэме «Вераніка», не выклікалі ўжо ніякіх сумненняў. Гэта быў Яраслаўль.

Значыць, не ўсё ў паэме — выдумка. Значыць, эпіграф падбіраўся знарок, каб адвесці чытацкія здагадкі (перш за ўсё тых, хто ведаў Аню Какуеву) ад сапраўднай асобы юнацкага захаплення паэта, імя якой ён не хацеў нікому выдаваць. Тым больш што паэма пісалася для надрукавання ў зборніку. Пазней мы ўбачым, што ў тых вершах, якія ён не збіраўся друкаваць, імя Ані Какуевай будзе пісацца адкрыта.

Але гэтых фактаў нам яшчэ недастаткова, каб цалкам адкінуць эпіграф «Яна — выдумка маёй галавы». Над намі яшчэ вісіць і такое сцвярджэнне Мікалая Іванавіча, выказанае ім у лісце да Н. Ватацы і апублікаванае ёю:

«Што датычыць аўтабіяграфічнасці паэмы, мяне бярэ сумненне, таму што ніхто з Какуевых, па-мойму, не можа служыць правобразам Веранікі».

Відавочна, на падставе гэтага сумнення і прыйшла Ніна Барысаўна ў артыкуле «Яна — выдумка маёй галавы» да вываду, што «вобраз Веранікі сапраўды «выдумка галавы» паэта».

Такога вываду яна будзе трымацца нядоўга. Пазней, калі перапіска з М. Лілеевым дасць ёй новыя факты, яна выступіць з артыкулам «Зноў пра Вераніку», у якім наконт правобраза гераіні паэмы выкажацца не адмоўна, а станоўча. Прыведзеныя ёю новыя факты не пакінем па-за ўвагай і мы.

А спярша, не спяшаючыся, спакойна супаставім усе «за» і «супраць» на падставе таго, што вынікае з апублікаваных успамінаў асоб, якія ведалі паэта, і з тэксту самой паэмы.

Наконт назвы ясна: назваў іменем пляменніцы свайго сябра Д. Дзябольскага, маленькай Веранікі, якая, седзячы на сваім высокім крэселку... калі прыходзіў Максім, гаварыла глыбокім шэптам «Махім прыйшоў».

Цяпер паспрабуем выверыць вобраз Веранікі фактамі з жыцця Ані Какуевай. ёй прысвечана нямала радкоў, напісаных у яраслаўскі перыяд жыцця паэта. Гэта было яго першае сур’ёзнае каханне, якое працягвалася не адзін год. Каханне шчырае, светлае, поўнае захаплення і надзей. Другой асобы, якая б займала ўвагу і сэрца паэта, у гэтыя гады ў яго не было.

Пачатак кахання прыпадае на апошнія гімназічныя гады, калі Максім пазнаёміўся, як засведчыць Д. Дзябольскі, «з сям’ёй свайго аднакласніка Рафаіла Какуева і стаў часта там бываць, пасябраваўшы не столькі з братамі Рафаілам і Мікалаем, як з дзвюма іх сёстрамі Ганнай і Варварай... Абедзве добра ведалі мовы і былі вельмі прывабнымі, асабліва Ганна, стройная, з тонкім тварам і цёмнымі вачамі». І далей працягвае:

«Вясной Максім амаль кожны вечар бываў у іх: на вялікім двары какуеўскага дома па вечарах гулялі ў гарадкі. Максім быў захоплены гульнёй...»

На гэтых словах мы спецыяльна абрываем цытату, паколькі далей аўтар успамінаў адхіляецца ад гаворкі, якая цікавіць нас. Нам жа думаецца, што паэт «амаль кожны вечар» прыходзіў сюды не толькі, каб пагуляць у гарадкі. На какуеўскі двор яго прыцягвала, відаць, нешта большае, чым гульня. І ці не была тым большым — «яна, «вельмі прывабная... стройная, з тонкім тварам і цёмнымі вачамі»?

Паспрабуем нанава перачытаць паэму «Вераніка», не пакідаючы па-за ўвагай ніякай дэталі, якая ў той ці іншай ступені можа памагчы нам у раскрыцці таямніцы.

Партрэта Веранікі аўтар у сваёй паэме не дае.

І гэта зразумела: яго задача — адвесці нас ад аб’екта свайго захаплення, збіць з тропу, заблытаць сляды. Пачатак гэтаму зроблены ўжо самім эпіграфам. Аднак не ўсе канцы ўдаецца яму схаваць у ваду. Пры больш уважлівым чытанні паэмы мы знаходзім і такія дэталі, якія пры супастаўленні пачынаюць праліваць святло на шмат якія факты з біяграфіі Ані Какуевай.

Мы ведаем, што дзяўчынка расла і выхоўвалася ў доме сваёй цёткі Таццяны Рафаілаўны Какуевай, што пасля заканчэння гімназіі яе аддалі вучыцца ў «институт благородных девиц», што кожны раз, калі канчалася лета, яна пакідала Яраслаўль. Як гэта супадае з наступнымі радкамі паэмы:

 

Калі ж асеннія навіны

Змянялі сад, калі з бяроз

Рваў лісце вецер, а мароз,

Наліўшы ягады рабіны,

Траву губіў і мы нагой

Узрывалі прэлых лісцяў слой;

                                          <...>

Калі асенні вецер дзіка

Стагнаў і глуха па начах

Грымеў у наш жалезны дах,—

Тады да лета Вераніка

Ад нас знікала ў інстытут

І не будзіла згадак тут.

 

Паводле статута інстытут быў установай закрытага тыпу. Туды прымалі толькі дваранак і толькі сірот. Какуевы, як мы ведаем, паходзілі з багатых дваран. Гэта адпавядала інстытуцкаму статуту. Відаць, адпавядала статуту і другая ўмова — сіроцтва. І, трэба думаць, гэта не было сакрэтам, пра гэта ведаў Максім. Адсюль і такія радкі ў апісанні дзяцінства сваёй гераіні:

 

Жылося цяжка Вераніцы. <...>

Яе памерла рана маць. <...>

А бацька сэрца хоць і меў,

Ды прытуліць яе не ўмеў.

 

Наколькі радкі біяграфіі Веранікі адпавядаюць біяграфіі Ані Какуевай, без адпаведнага фактычнага пацвярджэння мы не можам сказаць. Аднак перакананы, што ў паэму яны трапілі не выпадкова. Сіроцтва адкладвае адбітак на характар чалавека. Гэта ведаў Максім з уласнага вопыту. Уласны вопыт падказваў яму і памагаў у адлюстраванні гэтай асаблівасці ў характары гераіні:

 

Таму з маленства палюбіла

Хавацца ў сад стары яна,

Дзе веяла дыханне сна

І цішыня ў паветры плыла.

                                          <...>

І забывала Вераніка

Між зёлак з кніжкай аба ўсём.

 

Знешняга партрэта гераіні ў поўным значэнні гэтага слова ў паэме няма. На пачатку знаёмства сваю гераіню ён параўноўвае з лясным цвятком, што вырас «у красе сваёй вясны». Параўнанне нічога адметнага ў сабе не заключае. Яно магло быць дапасавана да любой маладой дзяўчыны. І толькі адзін раз, захоплены свежасцю аблічча Веранікі, ён міжвольна падасць і канкрэтную дэталь:

 

Уся пад срэбнаю расой

Са йстужкай скромнай між касой.

 

Прачытаўшы гэтыя радкі, я пачаў уважліва пераглядаць фотакарткі. Патрэбны здымак знайшоўся. На ім мы бачым і Максіма, і Аню, і яе сястру Вару. Вара сфатаграфавана ў профіль — добра відаць яе зачэсаныя ўверх ад патыліцы валасы, замацаваныя шпількамі. Аня з кошыкам і конаўкай стаіць, прысланіўшыся спіной да сцяны дома, з-за шыі віднеецца стужка ў валасах, завязаная бантам.

Такім чынам, памянёная ў творы стужка знайшлася. На мове юрыстаў гэта называецца «ўлікай». Мы ж яе назавём прасцей — супадзеннем.

Знаёмячыся з успамінамі людзей, якія ведалі Аню Какуеву ў юнацкія гады, я заўважыў і такую акалічнасць: ніхто з іх не гаворыць пра яе ўзрост. Напрыклад, Д. Дзябольскі, пішучы адразу пра дзвюх сясцёр, зазначае: «Яны вучыліся ў жаночай гімназіі і з Максімам былі прыкладна аднагодкі». Слова «прыкладна» можна разумець і як крыху маладзейшыя, і як крыху старэйшыя. А колькі ж год было на самай справе? Самы дакладны адказ на гэта пытанне дае супастаўленне даты смерці Ганны Рафаілаўны з яе ўзростам. Памерла яна ў 1961 г. ад запалення лёгкіх на 72-м годзе жыцця. Такім чынам, яна нарадзілася ў 1890 г. і была старэйшая за Максіма. Адзін год — розніца невялікая, але ўсё ж розніца. Яна дазваляла Ані як бы крыху зверху глядзець на закаханага, хоць той «ужо шчыпаў вусы і лічыў іх гарой красы». І калі апошні напісаў ёй вершаванае прызнанне, яна адрэагавала на яго бязвінным смехам. Вось як пра гэта гаворыцца ў паэме:

 

Калі ж я неяк з ёй спаткаўся,

Загаварыўшы, як у сне,—

Яна зірнула на мяне,

І раптам з вуст яе сарваўся

Такі бязвінны, чысты смех,

Што на яго злавацца — грэх.

 

Тым больш што гэта быў смех дзявочай сур’ёзнасці з юнацкага нясмелага прызнання. Смех не крыўдны, спагадлівы. І, калі заўважыла, што смех прычыніў боль каханаму, яна адразу ж спахмурнела.

 

Накрыла ясны твар дзявочы

Задумы сумная імгла,

На плечы ручка мне лягла,

Спагадліва зярнулі вочы,

І даляцеў к маім вушам

Ласкавы шэпт: «Мо больна вам?»

 

Усё выпісана псіхалагічна дакладна. Пытанне «мо больна вам?» ускосна сведчыла, што і ён не быў ёй абыякавы, інакш не глядзела б яна на яго спагадлівымі вачамі. Таму «бязвінны смех» не мог прычыніць душэўнага болю.

 

Не, зорка, мне было не больна,

Бо бачыла адно душа,

Як ты свяжа і хараша,

Як рада ты жыццю нявольна. <...>

 

Паводзіны дзяўчыны, якая спярша сваім смехам, што звінеў, «як жаваранак той», нішчыла «кахання сеці», пасля «трывожнай ласкай» абнадзеіла юнака, і абудзілі ў яго сэрцы толькі захапленне.

 

І прад высокаю красою,

Увесь зачараваны ёй,

Скланіўся я душой маёй,

Натхненнай, радаснай такою,

І ў сэрцы хораша было,

Там запалілася цяпло.

 

Дасюль яшчэ яно пылае;

Здаецца — ўмёрла, але ўраз

Праб’ецца зноў, і прошлы час

Прад ім у згадках праступае,

Як пры агні ці цеплаце

Таемны подпіс у лісце.

 

Услаўленнем пачатку кахання, па сутнасці, і заканчваецца паэма. Які яго працяг і чым яно закончыцца, пакажа час. Ён яшчэ наперадзе.

Паэт уключае «Вераніку» ў зборнік «Вянок» як бы незакончанай. Гэта ён адчувае і сам, і калі ў яго адносінах з Аняй наступіць пэўнае праясненне, ён вернецца да паэмы і напіша эпілог. Цяпер жа ў адносінах з Аняй было нібы ўсё спакойна, і ён не ведаў, чым закончыць твор, бо было невядома, чым закончыцца само каханне.

Ну, вось і закончана прачытанне паэмы. Зроблены і вывады. І ўсё ж не да канца ясным засталося адно пытанне: ці меў эпіграф пад сабой які-небудзь грунт. Адкажам адразу: меў, і меў, як нам здаецца, толькі ў дачыненні да аднаго факта. У тым месцы паэмы, дзе аўтар падае біяграфічныя звесткі пра Вераніку, за словамі «яе памерла рана маць» ідуць словы: «І не было саўсім сястрыцы». На самай жа справе ў Ані Какуевай была не толькі сястрыца Вара, а нават і два браты. Гэту недакладнасць, нам здаецца, аўтар увёў знарок, каб з самага пачатку паэмы тыя, хто ведаў Аню Какуеву, не пазналі яе ў вобразе Веранікі, бо ўсё ж твор прызначаўся для абнародавання.

Заадно выкажам і сваё меркаванне наконт тае часткі ліста Мікалая Іванавіча, дзе ён гаворыць: «Што датычыць аўтабіяграфічнасці паэмы, мяне бярэ сумненне, таму што ніхто з Какуевых, па-мойму, не можа служыць правобразам Веранікі».

Што ж, у сцвярджэнні Мікалая Іванавіча ёсць свая логіка, ён, хто «доўга думаў над паэмай», шукаў у вобразе Веранікі характэрных рыс сваёй маці. І зразумела, знайсці не мог. Не мог па той прычыне, што добра ведаў не Аню Какуеву пары яе знаёмства з Максімам, а Ганну Рафаілаўну Лілееву, жанчыну «надзвычайную», якая «адрознівалася выключнай акуратнасцю. Ужо будучы сямейнай, яна сама вяла гаспадарку, мела шырокую перапіску, вельмі многа чытала і даволі часта хадзіла на канцэрты і ў оперу».

Максім жа Багдановіч у паэме ствараў іншы вобраз, вобраз сваёй каханай, поўны высокай красы і чароўнасці. І абрысы гэтага вобраза ніяк не маглі супасці з абрысамі вобраза маці. Таму Мікалай Іванавіч і не ўбачыў таго, што нельга было ўбачыць.

Захапленне Аняй жыло ў сэрцы паэта не адзін месяц. У тое лета 1911 г., калі ён ездзіў на радзіму, захапленне было ў самым зеніце. І відаць, ён ведаў, што Аня пасля інстытута будзе паступаць у Пецярбургскую кансерваторыю. Таму, калі па просьбе акадэміка А. Шахматава «Наша ніва» назвала яго кандыдатуру для паступлення ў Пецярбургскі універсітэт, каб потым узначаліць там кафедру беларусазнаўства, Максім быў вельмі ўзрадаваны. Яшчэ б! Надаралася магчымасць не толькі займацца любімай справай, але і вучыцца ў тым горадзе, дзе вучыцца і каханая. Вось толькі б атрымаць бацькаву згоду на паступленне ва універсітэт. І калі Адам Ягоравіч не пагадзіўся і запрапанаваў яму Яраслаўскі юрыдычны ліцэй, не мог утрымацца, каб не ўскіпець: «Пракурорам быць не хачу, суддзёй не хачу, хачу быць літаратарам ці вучоным».

Мары паэта не збыліся. Па-ранейшаму з каханай ён мог сустракацца толькі ўлетку, калі яна прыязджала да цёткі. Пра тое, што тады было ў яго на душы, лепш за ўсё раскажуць яго творы, напісаныя ў гэты час. Паколькі аўтар не збіраўся іх друкаваць, не было і патрэбы хаваць імя каханай.

 

Ах, как умеете Вы, Анна,

Не замечать, что я влюблен.

Но все же шлю я Вам не стон,

А возглас радостный: осанна!

 

Напісана па-руску і, відаць, паслана адрасату як прызнанне. Аднак большасць вершаў пішацца па-беларуску — для сябе.

 

Халодная, ясная ноч...

Звонка хрумчыць сняжком,

Ідучы мне насустрач, дзяўчына,

«Як Вас завуць?» —

Пытаюся я.

<Сягоння ж усе гадаюць>

І яна няголасна кажа:

«Аня».

 

З Аняй звязваў і свае больш далёкія жаданні.

 

Больш за ўсё на свеце жадаю я,

Каб у мяне быў свой дзіцёнак —

Маленькая дачушка — немаўляшка,

Аня Максімаўна. <...>

З чорнымі валосікамі і броўкамі,

З цёмна-карымі вочкамі,

А ручкі, як перацягнутыя ніткамі.

Зусім такая, як Вы,

Калі вы былі маленькай дзяўчынкай.

 

Мары! Светлыя мары! Нядоўгі век мелі яны. Усё часцей у душу паэта закрадваецца трывога.

 

Усё адна цяпер мне думка сэрца сушыць,

Як пабачыцца з табой, к табе <прыйсці>,

А палын-трава няхай сабе заглушыць

Пазабытыя даўнейшыя пуці.

 

Часам яго пачуцці апаноўвае адчай.

 

Буду сніць і днямі, і начамі.

І прыйду. Што ўздумаеш, <рабі>.

Хочаш — душу растапчы нагамі,

Хочаш — мучай, хочаш — загубі.

 

На змену веры прыходзяць сумненні. Яму і самому няўцям, што ж такое з ім адбываецца.

 

Толькі чаму ж гэта ў ночы глыбокія,

Даўшы спачынак стамлёным вачам,

Я шапчу цераз сны адзінокія:

«Аня... мая... нікаму не аддам».

 

Была ж прычына такога нервовага кахання. «Знаёмства з сям’ёю Какуевых,— успамінае Дзябольскі,— і пастаянныя наведванні... вялікага какуеўскага дома былі, магчыма, лепшым часам яго не вельмі радаснага юнацтва, таму што хвароба ўвесь час напамінала аб сабе».

Хвароба... Яна непакоіла не толькі яго. Яна была прычынай насцярожанасці да яго з боку Таццяны Рафаілаўны, якая апекавала Аню і пільна сачыла за развіццём іх адносін. Відаць, Аня не ва ўсім прызнавалася сваёй цётцы. І той нічога не заставалася, як паспрабаваць (можа, не зусім далікатна) сёе-тое выпытаць у Максіма.

 

Вашай цётцы, здаецца, вельмі прыемна

Рабіць обыск у маім сэрцы.

Яшчэ ўчора яна мне казала:

«Прызнайцеся, што Вы палюбілі Аню!»

 

Чым больш відавочнымі станавіліся сімпатыі Максіма да Ані, тым з большай настойлівасцю ўмешвалася Таццяна Рафаілаўна ў іх пачуцці. І гэта адразу ж выклікала ў Максіма адпаведную водпаведзь.

 

Мая гаспадыня,

Таццяна Р<афаілаў>на!

У адным музеі я бачыў

Над японскаю вазаю надпіс:

«Просяць рукамі не датыркацца».

Тое ж скажу і аб каханні,

Бо гэта — задушэўная справа,

А чалавецкай душы таксама

Няхораша мацаць рукамі.

Далікатныя людзі самі ведаюць гэта,

А недалікатным аб гэтым напамінаюць.

 

Думаецца, гэты напамін не быў пасланы цётцы.

А далей... Далей Аня паступіла ў Пецярбургскую кансерваторыю і выехала на вучобу. У Пецярбург, у політэхнічны інстытут, паехаў вучыцца і ўдзельнік вясёлых гульняў какуеўскага двара Іван Лілееў, які таксама дамагаўся Анінага сэрца. І відаць, не без дапамогі цёткі шаля вагаў пачынала перавешвацца ў яго бок. І гэтага не мог не адчуць Максім.

 

Муар

Двума колерамі

Пераліваецца.

І бачна ўсім,

Дзе пачынаецца і дзе канчаецца каторы;

А ўсё ж такі мяжу між імі

Чэртою цвёрдай

Не правесці.

У сэрцы — боль:

Ніколі

З душою Вашай так не сальецца

Мая душа.

Канец.

 

Розумам ён адчуваў заканамернасць такога зыходу. Розумам, але не душой. Душою ён не быў падрыхтаваны да яго.

У 1914 г., скончыўшы кансерваторыю, Аня выходзіць замуж за Івана Лілеева. Пра тое, як ён сустрэў гэту вестку, паэт раскажа сам у апавяданні «Марына». Апавяданне, відаць, аўтар не збіраўся друкаваць, таму пакінуў сапраўдныя імёны герояў, памяняўшы толькі сваё імя, час і месца дзеяння. Сам назваўся Базылём, а месцам дзеяння выбраў Вільню.

Вось урывак з гэтага апавядання:

«...Усе мы з гоманам памкнулі ў Бернардынскі сад. Невясёла пазіраў ён: вільготны гразны пясок выглядаў з-пад снегу на дарожках, мокрымі былі зялёныя лаўкі, дрыжэлі і хісталіся голыя галіны дрэў.

...Нудна было глядзець на ўсё гэта,— і мы, патаптаўшыся, павярнулі назад. Але тут нас аклікнулі; з бакавой дарожкі набліжалася панна, каторая, павітаўшыся, заглянула да аднаго з нас — да Базыля — у вочы і сказала з вясёлым смехам: «Вы чулі, Ганна Рафаілаўна выходзіць замуж за Яна? Шлюб прызначаны на заўтра».

Пасля гэтых слоў сталася нешта зусім неспадзяванае. Базыль нязграбна ўзмахнуў рукамі, немаведама чаму пачаў папраўляць сабе белы каўнерык, ды, скончыўшы, апусціўся на лаўку і закрыў далонямі твар, схіліўшы галаву амаль не да каленяў. Напружыліся жылы на яго шыі, і як затрасліся, так і не пераставалі трасціся вузкія плечы. Мы стаялі вакол, не ведаючы, што сказаць, што зрабіць».

Ён плакаў. Крыўдная сляза замест кропкі была пастаўлена на канцы яго любоўнай аповесці. Інакш гэта аповесць, улічваючы ўсе акалічнасці яго жыцця, і не магла закончыцца.

Сведкамі яго перажыванняў заставаліся творы ды сама Аня. І хоць іх дарогі разышліся, юнацкія пачуцці не памерклі. Яны перайшлі ў памяць. Нездарма ж у апошнія гады жыцця Ані захацелася мець пры сабе «Вянок», менавіта той экземпляр, дзе ёсць надпіс (хай не ёй, а брату Мікалаю), зроблены рукою дарагога ёй чалавека, адносіны з якім яна раўніва аберагала ад старонніх вачэй.

«Калі я спытаў маму пра «Вянок»,— прыгадвае ў лісце да Н. Ватацы Мікалай Іванавіч,— яна адказала неяк неахвотна і нават крыху рэзка. Відаць, гэта тэма была для яе цяжкая».

Вельмі красамоўнае сведчанне. Яму не патрэбны дадатковыя тлумачэнні.

Калі ж сын спытаўся: «Чаму кніга ў нас, а не ў дзядзі Колі?» — яна адказала так, як адказваюць дзецям: «Дзядзя Коля яе нам пакінуў».

Зборнік «Вянок» яна зберагала да апошніх дзён свайго жыцця — і як кнігу, і як вянок іх светлых пачуццяў.

 

Максімаў сад

Кожны раз, калі ў памяці ўсплывае імя Максіма Багдановіча, два пачуцці агортваюць мяне.

Першае — светлае, радаснае: ад таго, што наша літаратура мае такога выдатнага паэта, якім можа ганарыцца перад усім светам і ганарыцца без перавелічэння.

Другое пачуццё — шчымлівае, поўнае жалю і шкадавання. Пачуццё крыўды за тое, што гэтак незайздросна склаўся яго лёс. Не паспеўшы ўволю нацешыцца шчаслівым дзяцінствам і ласкай, страчвае маці, а ўслед за ёй — і мілыя родныя мясціны, па якіх будзе гадамі сумаваць далёка на Волзе. Не лепшым чынам здзейсняцца і яго мары. Ён, хто ўсёй душой імкнуўся стаць літаратарам або вучоным, змушаны будзе вучыцца на юрыста, каб потым ні дня не працаваць па гэтай спецыяльнасці. Ніколі не загоіцца і яго боль па радзіме. Ён, хто лічыў, што толькі Беларусь і здолее вылечыць яго, памірае на чужыне. Нават смерць і тая не дала яму вечнага прытулку ў роднай зямлі.

Няроўна складваліся і адносіны да яго творчасці. Былі ў іх свае ўзлёты і спады. Узлёты — у дваццатыя гады, гады выхаду яго першага Збору твораў, і спады — калі вульгарызатарская сацыялагічная крытыка трыццатых гадоў неабгрунтавана абвінавачвала яго ў фармалізме, эстэцтве, сімвалізме і іншых «ізмах». Рэха той крытыкі яшчэ доўгія гады чулася і ў пасляваенны час. І імя яго не ставілася ў адзін рад з Янкам Купалам і Якубам Коласам, а адсоўвалася на другі план. Ушанаванне яго памяці нават у круглыя даты праходзіла занадта сціпла, насцярожана, як бы з аглядкай на трыццатыя гады, без адпаведнага размаху.

Спатрэбілася яшчэ адно дзесяцігоддзе, каб канчаткова паставіць імя Максіма Багдановіча на тое месца, якое ён заваяваў сваімі творамі і грамадскай дзейнасцю. Васьмідзесятыя гады сталі гадамі радаснага ўзвышэння паэта да вяршыні яго пашаны і славы. І памаглі гэтаму ўзыходжанню шматлікія даследаванні, якія з’явіліся ў гэты час у друку.

І вось надышоў 1981 год, год, які беларускія літаратары назвалі «годам Максіма Багдановіча». Такім і быў гэты год на самай справе. Яшчэ з вясны пра паэта загаварылі газеты і часопісы. Да гэтай гаворкі падключылася тэлебачанне і радыё. У школах, на заводах, ва ўстановах праходзілі вечары яго памяці. А 24 красавіка нас, групу пісьменнікаў на чале з Нілам Гілевічам, маладзечанцы запрасілі на пасадку саду ў Ракуцёўшчыне, той Ракуцёўшчыне, у якой семдзесят гадоў назад амаль два месяцы жыў і тварыў паэт. Тут ім напісаны вялікі верш «У вёсцы», тут абдумваў і пачаў ён сваю «Вераніку».

У Ракуцёўшчыну выязджалі мы позняй раніцай.

За гады, якія прайшлі пасля майго наведвання гэтых мясцін, сёе-тое змянілася. На некалі пустым пагорку высіўся памятны знак — камень-валун з прымацаванай да яго плітой, якая гаварыла, што сюды ўлетку 1911 г. прыязджаў Максім Багдановіч. Устанаўленне памятнага знака — сведчання любові да — паэта — зроблена па ініцыятыве мясцовых партыйных і савецкіх работнікаў. Гэта ж любоў падахвоціла іх і на закладку саду, прыняць удзел у якой прыехалі і мы.

І вось ужо мы — у акружэнні вучняў Красненскай і Чысценскай сярэдніх школ. Гэта іх рукамі загадзя былі падрыхтаваны і ямкі, і дрэвы-саджанцы. А як яны стараліся пры пасадцы, як ахвотна кідаліся памагаць нам, пісьменнікам: ці то патрымаць дрэўца, каб раўней расло, ці памагчы прывязаць яго тонкі стволік да ўбітага калка, каб вятры не пахілілі і не зламалі, каб лепш прыжылося.

Не прайшло і гадзіны, як семдзесят дрэў (адзнака тых сямідзесяці гадоў, што мінулі з часу прыезду сюды паэта) былі пасаджаны і паліты вадой. Дамовіліся, што кожны год сад гэты будзе папаўняцца новымі дрэвамі, пакуль не зойме ўвесь схіл пагорка.

І, калі, закончыўшы працу, паэт Ніл Гілевіч запытаў: «А як жа мы яго назавём?» — ні ў кога не было іншых прапаноў, апрача гэтай, вельмі сціплай і дакладнай — Максімаў сад.

Хай ён пакуль што невялікі — не бяда. З гадамі разрасцецца і высока ўскіне ў неба свае густыя кроны. І можа, не раз прыляціць сюды яго «шэрая зязюля», каб сваім кукаваннем адлічваць ужо не сумныя, а радасныя падзеі. Тым больш што гэтыя падзеі не прымусілі сябе доўга чакаць.

Першай з іх было вялікае свята паэзіі, праведзенае напярэдадні юбілею ў сталічным кінатэатры «Кастрычнік». Свята вельмі шырокае і прадстаўнічае. На ім, апрача беларускіх паэтаў, выступілі і пасланцы ад літаратурных арганізацый Масквы, Ленінграда, Кіева, Вільнюса, Рыгі, Горкага. І ва ўсіх выступленнях гучала вялікая павага да паэта, яго творчага подзвігу, вернасці служэння радзіме.

І, як бы падводзячы рысу пад усім сказаным, хораша прагучалі на свяце радкі з верша Яўгеніі Янішчыц «Ялта — 1917»: :

 

Смерці ў Паэта няма —

Ёсць нараджэнне.

 

90-годдзю з дня гэтага нараджэння і быў прысвечаны ўрачысты літаратурны вечар, які адбыўся 9 снежня 1981 г. у памяшканні тэатра оперы і балета. Зала набіта да адказу. Ніводнага вольнага месца.

Важнасці культурнай падзеі надае і тое, што на яе прыйшлі кіраўнікі партыі і ўрада рэспублікі, лепшыя прадстаўнікі ад рабочых, служачых, інтэлігенцыі.

Над сцэнай партрэт Багдановіча, па баках — палотнішчы з маляўнічым перапляценнем пялёсткаў, кветак, траў роднай зямлі.

Ва ўрачыстай цішыні гучыць голас Максіма Танка, які адкрывае юбілейны вечар:

«Ёсць паэты, якія пішуць творы, каб потым з іх выдаць выбранае, але ёсць і паэты, што пішуць толькі выбранае. Да такіх і належыць Максім Багдановіч».

Запеў зроблены. Ён адразу настроіў аўдыторыю на пэўны лад, і гэты лад не парушаўся да канца ўрачыстасці.

Асабліва ўзрадаваў прысутных сваёй шчырасцю і глыбокім пранікненнем у сутнасць з’явы даклад паэта Ніла Гілевіча, даклад, у якім на ўвесь голас было сказана пра тое, што значыў для нашай літаратуры і культуры Максім Багдановіч.

«У творчым абліччы Максіма Багдановіча,— гаворыць дакладчык,— было штосьці ад выдатных дзеячаў культуры эпохі Адраджэння, ён вызначаўся незвычайнай шырынёй духоўных даляглядаў. Яго веды ў розных галінах культурнай гісторыі беларускага і іншых народаў былі энцыклапедычна грунтоўныя. Па глыбіні пранікнення ў духоўную спадчыну стагоддзяў з Багдановічам маглі параўнацца нямногія... Ён быў адзін з першых, хто ўчытаўся ў гераічныя старонкі нацыянальнай гісторыі і глянуў на свой народ, як на народ з эпічным мінулым. Гэта быў прынцыпова важны крок наперад у развіцці нацыянальнай самасвядомасці і гістарычнай думкі на Беларусі».

Дакладчык вельмі пераканаўча вызначае характар паэтавай дзейнасці.

«За кожным яго радком — крыштальная чысціня помыслаў і памкненняў, апантанае, самаахвярнае служэнне літаратуры, народу, радзіме — і нічога больш».

У імя гэтых задач ён не шкадаваў ні сваіх сіл, ні здароўя. Чытаючы творы Янкі Купалы і Якуба Коласа, ён убачыў, «як моцна і пераканаўча беларуская паэзія можа выкрываць, пратэставаць і клікаць на змаганне — ад імя прыгнечанага народа, а дакладней — ад імя беларускага селяніна...»

Аддаўшы належную дань гэтай тэме, Багдановіч у сваёй практыцы пайшоў далей.

«Ён загаварыў,— зазначае Н. Гілевіч,— непасрэдна ад свайго імя і пра сябе, пра свае асабістыя ўзаемадачыненні са светам, у якім жыў, і загаварыў некалькі іншай — таксама больш «асабістай» — мовай, больш рэалістычнай і псіхалагічна дакладнай. Гэта быў пэўны крок наперад у эстэтычным асваенні рэчаіснасці беларускай паэзіяй».

Так яшчэ ніколі літаратурная крытыка не гаварыла ў нас пра творчасць Максіма Багдановіча. Цяпер усе, хто сядзеў у тэатральнай зале, увачавідкі ўбачылі паэта на поўны рост. Убачылі яго і як паэта, і як перакладчыка, які старанна наводзіў масты дружбы паміж літаратурамі. Пра гэта вельмі хораша сказаў рускі паэт Ігар Шклярэўскі, які ахарактарызаваў М. Багдановіча, як «паэта, які болем, крывёй, словам злучыў дзве культуры — рускую і беларускую».

З выступленняў гасцей мы ўбачылі М. Багдановіча як паэта-інтэрнацыяналіста, паэта, блізкага ім духам сваёй творчасці.

«Я пераканана,— прызнаецца пісьменніца з Вільнюса Эмілія Легутэ,— што ўнутраны агонь паэзіі Максіма Багдановіча з цягам часу не згасне... і ў будучым мы ў яго паэзіі знойдзем сябе, таму што «ўсе разам ляцім да зор».

Выказванні гасцей можна было б і прадоўжыць, але і з тых, што мы падалі вышэй, відаць, як высока цэняць нашага Максіма Багдановіча ў братніх рэспубліках.

Пра сам жа вечар і той настрой, які панаваў у зале, лепш за ўсё гавораць словы з выступлення львоўскага паэта Рамана Лубкіўскага:

«Я дзякую той зямлі і людзям, што ад свяшчэнных зямных глыбінь да касмічных вышыняў узнеслі праметэеўскую славу свайго сына».

Сын Беларусі, паэт Максім Багдановіч даўно ўжо пераступіў абсягі роднай зямлі. Як свайго, яго прымаюць і за межамі Беларусі. Пра гэта засведчылі юбілейныя літаратурныя вечары, якія прайшлі ў Маскве, Горкім, Яраслаўлі, Харкаве, Львове і іншых гарадах.

У заключэнне хочацца сказаць некалькі слоў пра горад, у якім паэт нарадзіўся.

Два разы Максім пакідаў Мінск: першы раз — у дзіцячым узросце, калі бацька з-за хваробы і месца працы павінен быў пераехаць з сям’ёю ў Гродна, і другі раз — з-за сваёй хваробы, каб ехаць на лячэнне ў Крым.

Доўгім было яго другое развітанне. У свой родны горад вернецца ён толькі праз шэсцьдзесят чатыры гады. Вернецца ўжо... у бронзе... І застанецца навечна...

Вось ён з букецікам сваіх любімых васількоў застыў перад будынкам опернага тэатра, задуменны, прыгожы і нязменна малады. І вусны самі міжвольна шэпчуць словы:

 

Будзь жа, век малады,

Поўны светлымі днямі.

Пралятайце, гады,

Залатымі агнямі.

 

1968-1981


1968-1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Бачыла А. Крыло неспакою. Пошук, роздум, палеміка, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 3-110
Крыніца: скан