epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

Юнацкі свет Валодзі Ульянава

Гэтым вызначэннем, бадай, вычэрпваецца змест паэмы Анатоля Вялюгіна «Вецер з Волгі». У цэнтры аўтарскай увагі — жыццё юнака, якога гісторыя паставіць на чале рэвалюцыйнага руху Расіі, на чале вялікай партыі камуністаў. І ўжо адно гэта выклікае ў нас павышаную цікавасць да кожнай драбніцы жыцця, да кожнай рысы характару героя. Аднак герой існуе не ізалявана ад жыцця, а ў самім жыцці, фарміруецца пад яго ўплывам. І аўтар у першых раздзелах паэмы знаёміць нас з тагачасным жыццём правінцыяльнага Сімбірска, уводзіць у атмасферу, у якой пазнаваў навакольны свет Валодзя Ульянаў. Гэты свет напоўнены ўспамінамі пра «мужыцкага гасудара» Пугачова, пра падкоп, які вялі прыхільнікі Амяльяна, каб выратаваць яго ад смерці. Гэты свет бурліць рэвалюцыйнымі падзеямі, пратэстам супраць самаўладства. У правінцыю даходзіць вучэнне К. Маркса. І Валодзя разам з сябрамі-гімназістамі ўпотай чытае і перакладае прывезены з Пецярбурга старэйшым братам Сашам «Капітал».

Так паступова перад намі раскрываецца атмасфера, у якой жыў гімназіст Валодзя. Аднак аўтар ні на хвіліну не забывае, што яго герой — яшчэ юнак і што ў яго ўспрыманні свету і паводзінах шмат чаго ідзе ад узросту. Паэт не надае свайму герою арэолу выключнасці і не ставіць яго на катурны. Мы бачым, як Валодзя разам з гімназістамі бяжыць «па лужынах» «наросхрыст» глядзець крыгалом. І мы верым, што ўсё яно было так. Шчыра верым і ў тое, як Валодзя бурна рэагуе на словы важнага чыноўніка са сталіцы, які, даведаўшыся, што дзеці Ульянавых няспраўна ходзяць у царкву, робіць вывад: «патрэбна біць, хвастаць як след!»

 

Валодзя выбег са сталовай,

Ад ганка з ветрам — сугрунём.

«Патрэбна біць, хвастаць...» —

                        тры словы

гнялі, палілі, як агнём.

І там, дзе звоніць дзень нядзельны,

крыніцай точаны сумёт,—

сарваў на шыі крыж нацельны

і кінуў, слёзны, у гарод.

 

І хоць гэты пратэст яшчэ наіўны, дзіцячы, але і ў ім мы ўгадваем рысы характару, якія скіруюць юнака на шлях рэвалюцыйнай барацьбы супраць сацыяльнага прыгнёту і несправядлівасці. Вялікі душэўны пералом у Валодзі надыдзе пасля арышту брата, пасля турэмнага спаткання маці з сынам. Валодзінага брата чакае смерць за падрыхтоўку замаху на цара. Сам Валодзя з братам напярэдадні пакарання смерцю не сустракаецца, але ўся фактура твора гаворыць, што ён ганарыцца мужнасцю брата.

 

Пачаткам з’явіцца канец,

не будзе плачу і тугі:

калі ўпадзе адзін баец —

заменіць паўшага другі.

 

Аднак не будзем забываць, што наш герой — яшчэ юнак, што фарміраванне яго характару шмат у чым залежыць ад той атмасферы, якая пануе ў сям’і.

І знаёмства з сям’ёю мае вельмі важнае значэнне.

Аўтару ўдалося стварыць у паэме вельмі абаяльны вобраз Марыі Аляксандраўны — маці Ульянавых. Надзвычай інтэлігентная жанчына, якая прывівала дзецям павагу да людзей працы, выхоўвала шчырасць і справядлівасць, якая сутыкнулася ў жыцці з варварствам і несправядлівасцю законаў і парадкаў. Мы прысутнічаем у турме, на апошнім яе спатканні з сынам. Ёй вельмі цяжка. І калі яна гаворыць:

 

«Прашэнне, Сашанька, падай,

І цар памілуе... пішы...» —

 

мы разумеем, на што гатова пайсці яна, каб толькі выратаваць сына. Гэтыя словы прадыктаваны не пакорнасцю, не слабасцю, а «адчаем, мальбой збалелае душы».

 

Былі абдымкі іх без слёз,

Спакойна выйшла ў калідор...

 

Спакойна перад душыцелямі свабоды. Толькі гэта была вонкавая спакойнасць. Не прараніўшы ніводнай слязы тут, яна не магла стрымацца дома, дзе кожная рэч напамінала пра сына, якога ўжо не было ў жывых. Вось фарфоравы кубак... З яго «Саша піў сцюдзёны квас». Узяла... І здалося ёй: «смяюцца вочы Сашавы на дне...». І слёзы, слёзы... І гэтак усю ноч, аж да рання. А там...

 

Між белых яблынек,

                дзе грады з краю,

адна,

        на ўсёй зямлі цяпер адна,

у чорнай сукні,

                ціхая,

                        сівая,

з рыдлёўкаю схілілася яна.

Пялёсткі на раллі...

                Духмяна... Сіне...

Такой парой

                цябе не стала,

                                сыне.

Калісьці ў грады,

                покуль спяць малыя,

па раннюю радыску бег наўскач...

 

Як пазбыцца вас, свежыя, горкія ўспаміны!..

 

...Лягла пад прас бялюткая

                        сарочка.

Падшыты закаўрашыкі...

                        Чыя?

І слёзы лінулі

                на холад палатняны:

насіў яе... насіў неўратаваны.

 

Тут кожны штрых, кожны крок намаляваны аўтарам надзвычай пранікнёна і праўдзіва.

Паэма заканчваецца сімвалічнай сцэнай прыходу новага дня. У пакой, прачнуўшыся, забягае Валодзя. Чуваць словы суцяшэння, якія ён гаворыць маці:

 

Прашу цябе,

                харошая,

                        не плач.

 

І на змену пакутлівай роспачы да маці адразу прыходзіць іншае, больш насцярожанае адчуванне.

 

Яна глядзіць

        на сына-гімназіста,

адразу —

        радасць

                і раптоўны страх:

пушок на падбародку залацісты,

а востры розум

                свеціцца ў вачах,

прыпухлыя сурова

                сціснуў губы;

прыходзіць мужнасць

                у семнаццаць год...

— Глядзі, не рызыкуй дарэмна,

                                любы,

жыццё — няўмольны страшны

                                крыгаход.

Не толькі я малю — сям’іска наша.

«Асцерагайся»,— з цемры просіць

                                        Саша...

 

І матчына перасцярога, і матчына трывога ў падтэксце чытаюцца як мацярынскае блаславенне сына на подзвіг. Так, ён смела пойдзе на вялікую справу, але не тым шляхам, якім ішоў старэйшы брат Аляксандр:

 

Інакшым шляхам трэба нам ісці!

 

Гэтымі словамі заканчваецца твор.

Напісаць паэтычную біяграфію ўвогуле, а ў дадзеным выпадку — біяграфію асобы гістарычнай, справа і нялёгкая і адказная. Яна патрабуе добрага ведання гісторыі, пільнага адбору матэрыялу, канкрэтнага вобразнага асэнсавання падзей. З усім гэтым аўтар справіўся паспяхова. Хвалюючае апавяданне пра юнацтва Леніна не можа пакінуць чытача абыякавым.

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Бачыла А. Крыло неспакою. Пошук, роздум, палеміка, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 183-186
Крыніца: скан