Слова пра зборнік інтымнай лірыкі «Зорка Венера»
Каханне! Праз усё жыццё нясе яго чалавек, як свой самы дарагі скарб. Яно — агонь і полымя, спакой і любаванне, слёзы радасці і слёзы тугі. І чым вышэйшае яно, тым гарыць ярчэй, як зіхатлівая ранішняя зорка Венера.
Не раз любаваліся ёю закаханыя. Не раз загадвалі на яе свае самыя запаветныя надзеі.
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла...
Гэта... Максім Багдановіч, імклівы і няўрымслівы. І мо таму, што лёс адшкадуе яму кароткае жыццё, з такою прагаю будзе даражыць кожнай крупінкай вялікага пачуцця, углядацца ў неба і прасіць сваю каханую:
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
Глянь іншы раз на яе...
Неўзабаве і самога яго не стане... І на зорку Венеру будуць пазіраць іншыя...
Розны ў іх будзе лёс, па-рознаму праявяцца і пачуцці. «Песняй вясны лебядзінаю» загучыць каханне ў сэрцы маладога Янкі Купалы. Загучыць тады, калі жыццё не вельмі будзе песціць увагай яго самога.
І ўсё ж, не зважаючы на нягоды, на жыццёвыя «халады», каханне сагрэе яго нават «у палуцьме, у палусне». І пра сваю каханую ён напіша:
Гэткі ў сэрцы сваім збудаваў ёй пасад
І такую ўзлажыў ёй кахання карону,
Як і неба з зямлёю, на божы загад
Не прыдбаюць такіх ні кароны, ні трону!
Вершамі Янкі Купалы і адкрываецца кніга любоўнай лірыкі з нябеснай назвай «Зорка Венера».
Сэрцы дзевяноста сямі беларускіх паэтаў б’юцца пад яго вокладкай. І ў кожнага — свой характар, свой чалавечы лёс, сваё каханне. У ім і радасць, і смутак, і нават боль.
Год адзінаццаць, а можа, дванаццаць
Сэрца баліць, што не здолеў спаткацца...
Гэта з верша Петруся Броўкі «Пахне чабор». Годы не лечаць незагойныя раны. Гады не сціраюць і яркасці пачуцця, калі яно — сапраўднае, калі яно варта душэўнай малітвы.
Нат пад жалобнай вопраткай чорнай
Ты адгадаеш стан непакорны.
Ножкі, якімі б на карнавалах
І захапляла і чаравала,
Смуглыя рукі, грудзі тугія,—
Аvе Маrіа!
Гэта Максім Танк — пяшчотны і парывісты ў сваіх пачуццях. І тут жа побач вершы Пімена Панчанкі, чый лірычны герой гаварыў пра сябе: «Я спакойны юнак, можа, нават крыху сарамлівы...» Але і ён не ўбярогся ад звабы цёмных бяздонных вачэй.
Углыб, углыб усё імчалася
І за сабой мяне вяла:
Хавала вочы, і смяялася,
І нейкай дзіўнаю была.
...Забуду ўсё: сяброў і вершы я,
Ды зберагу да скону дзён
Гарачых вуснаў шчырасць першую,
Ігліцы пах і ліўня звон.
Крыху інакш і, можа, больш катэгарычна загавораць пра каханне паэты маладзейшага пакалення...
Упадзе на тваё плячо,
Галава —
як на плаху...
Гэта Васіль Зуёнак. І гэтак жа катэгарычна ад імя закаханых заявіць Вера Вярба:
Не любіце жанчын па міласці...
Можна бясконца прыводзіць усё новыя і новыя цытаты. Але яны не заменяць таго пачуцця, якое складзецца ад чытання ўсяе кнігі «Зорка Венера». Яна варта таго, каб узяць яе ў рукі і хоць некалькі гадзін пабыць сам-насам з каханнем. Магчыма, захочацца паспяваць — і тады да вашых паслуг будуць многія вершы, якія даўно ўжо сталі песнямі: «Дзе ты, чарнавокая», «Толькі з табою», «Ты мне вясною прыснілася», «Ручнікі», «Явар і каліна» і інш.
Першы крок зроблены. Тым жа, хто будзе рыхтаваць наступныя зборнікі такога плана, хочацца пажадаць большай жанравай разнастайнасці ў падборы вершаў. Чым больш розных кветак, тым ярчэйшы букет. А магчымасці для гэтага ёсць у беларускай паэзіі. Каханне — пачуццё шчодрае і багатае.
1972