epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

Верх — за розумам

Не адно тысячагоддзе існуе на зямлі чалавек. Тысячамі гадоў мераецца і яго цывілізацыя. Калі ў думках акідваеш гэты шлях — дзівішся: колькі ж сапраўды каштоўнага створана людзьмі да нас. Сёе-тое ўжо і знікла з вачэй. І сёння мы адкопваем яго з-пад пяску і пылу стагоддзяў. Адкопваем цэлыя гарады. Адны з іх разбурыла стыхія, другія — сам чалавек, калі агнём і мечам заваёўваў чужыя землі. Заваёўваў, не думаючы, якія шэдэўры аддаваў забыццю.

Прага заваёўніцтва — самая вялікая чалавечая ганьба. Здавалася б, ну, навошта рабіць адзін аднаму шкоду, сілай навязваць свае парадкі і волю. Сіла ніколі не прыносіла дабра: ні тым, хто змушаў, ні тым, каго змусілі. Не паспявалі людзі забываць адной вайны, як тут жа ўсчыналася — новая. На вякі павінна было б хапіць гэтай навукі. Хапала ж яе толькі на кароткія гады. Таму так часта зямля ўздрыгвае ад выбухаў, так часта чалавек забівае чалавека.

Кожны раз, адзначаючы Дзень Перамогі, мы ўшаноўваем памяць загінуўшых, кладзём да іх магіл і абеліскаў жывыя кветкі. Гэта наш святы абавязак памяці.

Але ж... апрача гэтага абавязку, ёсць у нас абавязак і куды большы. І не толькі абавязак перад памяццю памершых, але і абавязак перад лёсам жывых.

Памятаю, калі грымелі баі на нямецкай зямлі, нам, хто чатыры гады дыхаў паветрам, атручаным парахавым дымам, думалася, што гэта будзе апошняя вайна, што людзі, якія такой цаною заплацілі за сваю раз’яднанасць, нарэшце апамятаюцца і зробяць усё магчымае, каб трагедыя не паўтарылася. І як шкада, што гэтая памяць аказалася кароткаю... Праўда, памяць не салдацкая. Тыя, хто вынес цяжар пакут на сваіх плячах, вайны не забыліся і сёння. Нетрывалая памяць аказалася ў тых, хто нажываўся на вайне і хто нажываецца на вырабе зброі сёння. Хто і сёння працягвае беспакарана тварыць зло. Тварыць, не адчуваючы за яго ніякай адказнасці.

 

Забіты адзін —

І забойцу законна

Імем народа судзіць народ.

Вайна...

Забіваюць дзесяткі мільёнаў —

І суддзі маўчаць, не скрыпіць эшафот.

 

Толькі аднойчы за ўсю гісторыю міжнародны суд судзіў не саму вайну, а канкрэтных яе віноўнікаў і вынес ім смяротны прыгавор. Толькі аднойчы людская воля заступілася сама за сябе — і вось ужо больш трэці стагоддзя зямлю Еўропы не трасуць бомбы, сіняе неба не засцілаюць горкія парахавыя дымы. Значыць, можна прадухіліць вайну, можна схапіць за руку злачынцаў і не даць ім ціснуць на курок. Можна! Вы чуеце, людзі?

Толькі тыя, хто адчувае сваю беспакаранасць, гатовы распачаць новую бойню. Гэта іх рукамі творацца правакацыі ў Афрыцы, Азіі, Паўднёвай Амерыцы, на Бліжнім Усходзе. Гэта яны ствараюць атмасферу трывогі і няўпэўненасці, гэта яны спараджаюць пачуццё разгубленасці, пры якім чалавек пачынае зайздросціць бесклапотным белым похмаркам.

 

Можа, хоць там,

Дзе ні пеклу, ні раю

Не наканована казкамі быць,

Трошкі спакою сабе адшукаю...

Вельмі ж абрыдла трывогамі жыць.

Веку ракетнаму

Не да любошчаў...

Мілыя похмаркі, знайце: калі

Па-чалавечы вам сёння зайздрошчу,

Значыцца, нешта не так на зямлі.

 

Не так, як хацелася б. Нездарма ж кажуць, што перш, чым пакараць чалавека смерцю, бог адбірае ў яго памяць.

Балючую памяць нядаўняй вайны адабраў у мільярдэраў страшны бог нажывы. Дзеля яе яны забыліся на ўсё: і на рэкі крыві, якую пралілі ў бітвах людзі, і на тыя пакуты, якія церпім мы, аддаючы лепшыя здабыткі працы не на дабро, а на вар’яцкую зброю. Аддаём, каб зноў пачыналіся кровапраліцці. І ўсё таму, што нас раздзяляюць межы дзяржаў, ідэалогій, рэлігій, а раздзеленыя, мы не пазбавімся небяспекі. І хай нікога з нас не суцяшае, што вайна зможа абысці некага стараной. Мы, былыя франтавікі, добра памятаем гэты самападман.

 

Пакуль гул смерці ў небе не кружыў

І кліч атакі не будзіў ракітаў,

Яшчэ прамень надзеі недзе жыў:

«Мо абміне... Не буду я забіты...»

А загуло... І белы-белы снег

Біць пачалі на воспіны снарады,

І кожны з нас пад гулкі грукат бег,

І нехта, не дабегчы... раптам падаў.

 

Сёння, калі чалавек, выкарыстаўшы адкрыцці навукі, прыдумаў не толькі ядзерную, але і яшчэ больш жахлівую нейтронную бомбу, не будзем паддавацца ілюзіі... У любы момант чалавецтва можа апынуцца на краі бездані. Тыя, каму выгадна вайна, менш за ўсё думаюць пра нас. Гэта з іх маўклівай згоды пачынае ажываць цень мінулага — неафашызм, адкрыта наладжваюцца зборышчы і выходзяць на вуліцы малойчыкі з чорнай свастыкай на рукавах... Яны не толькі мітынгуюць, але і беспакарана дзейнічаюць, пагражаюць сілай.

Я нагадваю пра гэта зусім не для бяскрыўднай інфармацыі. І не для таго, каб мы сядзелі склаўшы рукі... Калі дзейнічаюць яны, мы таксама павінны дзейнічаць. Мы павінны схапіць іх за руку перш, чым яна дацягнецца да курка. Схапіць у імя абавязку перад тымі, хто аддаў свае жыцці ў барацьбе з фашызмам. Схапіць у імя справядлівасці. Іншага выбару ў нас няма.

Нездарма ж мы, былыя франтавікі, і сёння ўсё капаем у сне брацкія магілы...

 

І мо датуль нам прыйдзецца капаць,

Пакуль з вайной не будуць людзі квіты,

Пакуль сабе не здолеюць сказаць:

«Нас абміне... Не будзем мы забіты...»

 

А сказаць такое мы зможам тады, калі будзем упэўнены, што нікому не ўдасца справакаваць нас узняць зброю адзін на аднаго. Запомнім жа гэта!

Верх павінен быць за розумам.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Бачыла А. Крыло неспакою. Пошук, роздум, палеміка, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 216-219
Крыніца: скан