Алесь Белы

Пад крыжом Святога Георгія

At Alisaundre he was whan it was wonne

Ful ofte tyme he hadde the bord bigonne

Aboven alle nacions in Pruce

In Lettow hadde he reysed and in Ruce

No Cristan man so ofte of his degree...

 

Больш за чатыры стагоддзі, з XII па першую чвэрць XVI, працягвалася эпоха Паўночных крыжовых паходаў. На фронце, які расцягнуўся ад Баранцава мора да Карпатаў, народы Ўсходняй Эўропы, далёка не ўсе з якіх сапраўды былі паганцамі, з пераменным поспехам стрымлівалі Drang nach Osten сваіх германскіх суседзяў. Гэтая экспансія, гэтак характэрная для сярэднявечнага эўрапейскага светапогляду, канешне ж, прыкрывалася рэлігійнымі мэтамі, але для немцаў, датчанаў і шведаў была перадусім добрым шансам пашырэння жыццёвай прасторы. Хіба толькі Англія, ледзь не адзіная хрысціянская нацыя, якая непасрэдна не межавала са светам іншаверцаў, не атрымлівала ад прасоўвання каталіцкага франтыру на Ўсход непасрэднай выгады. Аднак удзел брытанцаў у крыжовых паходах не толькі не саступаў іншым народам, але часта менавіта яны выступалі іх ініцыятарамі. Ці не тады зарадзілася ідэя аб неабходнасці несці берамя «белых - і лепшых сыноў»?

Усе ведаюць Рычарда Ільвінае Сэрца - але Палестына была не адзінай нагодай праявіць свае рыцарскія годнасці, адвагу, зух і імпэт. З гэтай мэтай ураджэнцы Брытанскіх астравоў наведваліся і ў госці да рыцараў Тэўтонскага Ордэну, дапамагаючы тым утаймаваць самых апошніх і самых зацятых паганцаў Эўропы, якімі лічыліся жыхары Вялікага Княства Літоўскага. Як і тых, з кім крыжакам даводзілася сутыкацца на Блізкім Усходзе, іх звычайна называлі сарацынамі - імя праціўніка Рычарда курдскага палкаводца Салах-ад-Дзіна перайшло спачатку на мусульманаў увогуле, а затым і на ўсіх некаталікоў.

Побач з ваярамі-брытанцамі бачым і святароў, пачынаючы яшчэ ад біскупа Турку Томаса, натхняльніка шведскай выправы ў 1240 г., у адбіцці якой удзел бралі і нашы зямлякі, узяць хоць бы Якава Палачаніна. Невядомы брытанскі манах прысутнічаў пры каранацыі Міндоўга ў 1253 г. Так што ангельцы пазнаёміліся з Вялікім Княствам Літоўскім з самога пачатку яго існавання. Яшчэ ў 1230-я гг. Барталамей Ангелец, напрыклад, пісаў пра ліцьвінаў, што тыя былі «цягавітыя людзі і моцныя ваяры... Глеба іх краіны дае шмат збожжа і розных пладоў, і поўная азёраў і балотаў, мноства лясоў і рэк, і жывёлы дзікай і свойскай... На іх нельга напасці інакш, як узімку, калі воды і рэкі замярзаюць».

Наколькі актыўнымі былі кантакты паміж Англіяй і ВКЛ, можна меркаваць хоць бы па тым, што ў 1342 г. Кейстут як валадар больш блізкай да Заходняй Эўропы Троцкай паловы Вялікага Княства заключыў з Англіяй дагавор аб вольным праездзе грамадзян абедзьвюх дзяржаў. Але неўзабаве прыязныя зносіны перапыніліся, і ўжо пад 1346 г., напрыклад, Кроніка Жана Фруасара паведамляе, што захопленыя пад Каэнню ў адной з сутычак Стогадовай вайны паўтузіна ангельскіх рыцараў сэра Томаса Холанда аказаліся добрымі знаёмымі французаў па ранейшых сумесных дзеяннях у Гранадзе і Літве. У славутай бітве на р. Страве 2 лютага 1348 г. сярод 800 рыцараў Тэўтонскага Ордэну, прынамсі, 40 былі ангельскага ды французскага паходжання - даволі вялікая лічба па тых часах. Дакладна невядомы зыход гэтае бітвы: ці яна была выйграная крыжакамі, як паведамляюць ордэнскія кронікі, ці, наадварот, перамагло войска Вялікага Княства, як схільныя лічыць сучасныя летувіскія гісторыкі. На другое ўскосна паказвае той факт, што пасля Стравы ангельцы і французы вырашылі выдаткаваць пэўную суму грошай, каб уфундаваць на прускай мяжы капліцу і замак для абароны ад «сарацынаў». Навошта было будаваць умацаванні, калі адчуваўся святочны настрой пасля бліскучай перамогі?

Трэба ўяўляць, што ў тыя часы дабрацца з Англіі да Прусіі было няпроста, шлях праз Балтыйскае мора быў недастаткова надзейны. Але нават трапіўшы сюды, шукальнік прыгод не мог быць упэўнены, што яму ўдасца паспрабаваць сябе ў «сапраўднай справе». Так, у 1352 г. Генры, першы герцар Ланкастэр, стрыечны брат караля Эдварда III, выправіўся ў Прусію, але ў тым годзе не было летняй «рэйзы», і, даведаўшыся аб гэтым у Штэцыне, ён мусіў адмовіцца ад дадзенай раней воты. А праз тры гады яшчэ адна яго спроба даехаць да тэатру ваенных дзеянняў скончылася няўдачай проста з-за дрэннага надвор'я. Зрэшты, магчыма, яму і пашанцавала: у 1362 г. Джэфры, сын барона Скроўп оф Мэшэм, загінуў у адной з «рэйзаў». Праз два гады ангельцы ізноў удзельнічалі ў выправе на Жамойць.

Асабліва актыўна ангельскія рыцары дзейнічалі ў Літве ў 1390-92 гг., калі Вітаўт абапіраўся на Тэўтонскі Ордэн у канфлікце з Ягайлам. Кароль Рычард ІІ (1377-1399), з 1383 г. жанаты з Аннай Чэскай (1366 - 1394), дачкой гарлівага прыхільніка Ордэна імператара Карла IV, лічыў удзел у хрысціянізацыі Літвы справай гонару. У войску, якое на чале з Вітаўтам і Конрадам Валенродам аблажыла Вільню 4 верасня 1390 г., было шмат ангельцаў, аб чым сведчыць і «Кроніка Літоўская і Жамойцкая»: Князь Витолт з трома великими войсками тягнул до Литвы; едно войско Витолтово, другое Конрада, мистра пруского, третее мистра листанского з Лянкастром, кролевичем Ангелийским... Наостаток жолнере кролевские и войско Скиргалово литовское, также княжата руские, литве албо Скиргалове помогаючее, от великости немецкого войска и ангелчиков переможены.

Як бачым, прадстаўніцтва ангельскіх ваяроў у гэтай кампаніі было настолькі значным, што летапісец згадвае іх нароўні з немцамі. Атрад, што змагаўся пад мурамі Вільні, узначальваў будучы кароль Генры ІV Ланкастэр (тады ўсяго толькі граф Дэрбі). Вясной 1390 г. па просьбе генуэзцаў, якія вельмі цярпелі ад берберскіх піратаў, французскі кароль Карл VI склікаў вялікую выправу ў Туніс на чале з герцагам Бурбонам. У яе збіраўся і Генры Дэрбі, але ў траўні даведаўся пра вялікую патрэбу ў рыцарах для абвешчанага крыжовага паходу на Вільню і ў апошні момант змяніў свае планы. Асноўную моц яго атраду складалі славутыя майстры longbow - доўгага лука. Віленскі Крывы замак быў захоплены не ў апошнюю чаргу дзякуючы іх высілкам. Адзін з ангельцаў першым узняў свой сцяг на сцяне замка. Тут жа былі ахрышчаныя 8 палонных ліцьвінаў (аднаго з іх Генры потым узяў з сабой у Англію).

Усяго з высадкі ў Гданьску ў жніўні 1390 г. па красавік 1391 г. Генры ўтрымліваў у Прусіі сваім коштам 13 рыцараў (knights), 18 сквайраў (squires), 3 герольды, 10 мінёраў і ваенных інжынераў, 6 менестрэляў і 60 асобаў іншых рангаў, не лічачы 50 валанцёраў. Агульныя яго выдаткі за гэты час склалі 4360 фунтаў стэрлінгаў, ці 13 000 прускіх марак (больш, чым каштавала Ордэну набыццё цэлага вострава Готланд). Жыць танней маладому арыстакрату не дазваляў гонар бацькі, герцага Джона Гонта, і стрыечнага брата - караля Рычарда ІІ. Двое з людзей Генры трапілі ў палон; потым Гонт з абурэннем пісаў каралю Ягайлу (5 сакавіка 1391 г. з Лінкольну), што нікчэмныя варвары пасмелі падступна захапіць бяскрыўдных хрысціянскіх пілігрымаў, і патрабаваў неадкладна вызваліць іх, пагражаючы ў зваротным выпадку ўсімі зямнымі і нябеснымі карамі.

У наступным, 1391 г. крыжакі зрабілі чарговую спробу авалодаць непрыступнай Вільняй. Аўтарытэт новага вялікага магістра Конрада Валенрода, падтрымка папскай курыі, як і грошы, атрыманыя Вітаўтам ад продажу Ордэну Жамойці, дазволілі сабраць у Караляўцы велізарнае войска, ў якім можна было сустрэць ваяроў са ўсіх куткоў Эўропы. Разам з вернымі Вітаўту жамойтамі яно налічвала 46 000 чалавек! Амаль ніхто не сумняваўся, што ўжо гэтым разам паганская сталіца, castrum de Welle, будзе ўзятая. Цяпер ангельскія атрады ўзначальвалі Генры Персі, граф Нартумберлэнд ды Джон Мантэгю, граф Сэлісбэры. Але яшчэ ў час побыту ў Караляўцы пачаліся традыцыйныя звады паміж ангельцамі і шкотамі, якія неўзабаве перараслі ва ўзброеныя сутычкі. Пад час адной з іх быў забіты ўлюбёнец шкотаў Уільям Даглас. Гэта, зразумела, не спрыяла падтрыманню баяздольнасці войска, хаця, пэўна, і не было асноўнай прычынай таго, што Вільню ўдалося адстаяць і на гэты раз.

Вялікае Княства Літоўскае таго часу ўспрымалася ў Брытаніі як паганская дзяржава. Такое стаўленне выразна адчуваецца не толькі ў Джона Гонта, але і ў вядомых тагачасных храністаў - Жана Фруасара і Томаса Ўолсінгэма. Першы, напрыклад, апісваючы падрыхтоўку да крыжовага паходу, які скончыўся трагічным паражэннем хрысціянскай арміі пад Нікапалем у 1396 г., пісаў, што «Баязід і Каліф паслалі да некалькіх сарацынскіх каралёў - у Персію, Мідзію, Татарыю і нават у Літву на мяжы з Прусіяй». Другі таксама лічыў «караля Літвы» (rex de Lettowе) «сарацынскім уладыкам» накшталт султана Вавілоніі, «караля», г.зн. султана, Турцыі і татарскага хана. У кроніцы абатства Сент-Олбанс чытаем: «Гэты кароль Літвы [які тут атаясамліваецца з Тамерланам - А.Б.] павярнуўся ў веру хрысціянскую з нагоды шчаслівай перамогі, дараванай яму небам, разам з 60 тыс. людзей сваёй секты, якія ў знак веры накладаюць на зброю белы плашч і прышываюць на тых шатах крыж чырвонага колеру». У свядомасці храніста вычварна спляліся самыя розныя падзеі: хрышчэнне Літвы, разгром Баязіда Тамерланам у 1402 г. і бітва на Ворскле ў 1399 г., хаця зыход апошняй зусім не быў для ВКЛ такім памысным. Але варта звярнуць увагу на апісанне храністам баявых колераў літоўскага войска. Гэта, бадай, самыя раннія згадкі пра іх у замежных крыніцах. Чырвоны крыж на белым тле - гэта сімвал Св. Георгія, які ў 1222 г. на Оксфардскім саборы быў абвешчаны патронам Англіі. Першы ангельскі ордэн, заснаваны Эдвардам III у той самы 1348 год, калі адбылася бітва на Страве, быў прысвечаны менавіта гэтаму святому і меў другую назву «Братэрства Св. Георгія». Тым самым падкрэслівалася, што самая далёкая ад нехрысціянскага свету краіна Эўропы лічыла сябе галоўным абаронцам хрысціянства. Такі самы, георгіеўскі, сцяг быў афіцыйным сімвалам і Ордэна. Дык і «паганскія» Русь-Літва, якія абралі сваім заступнікам Св. Георгія - Юрыя, карысталіся той самай сімволікай!

У чэрвені 1392 г. у Прусію ізноў прыехаў Генры Персі. Пры выступленні крыжакаў з Інстэнбурга ў бок Коўна ён хацеў разгарнуць ангельскі сцяг Св. Георгія ў дадатак да таго, які нёс ордэнскі сцяганосьбіт. Такі выпадак ўжо быў у 1364 г., і тады прусакі не дазволілі такога парушэння феадальнага этыкету. Тое ж паўтарылася і цяпер. Пачаліся ўзаемныя пагрозы, і толькі ўмяшальніцтва Вітаўта спыніла звады між ангельцамі і немцамі. У літоўскага князя былі свае прычыны для такой лагоднасці. Ён ўжо патаемна дамовіўся з Ягайлам аб прымірэнні і збіраўся пакінуць Прусію. На паўдарозе, над р. Шашупе, Вітаўт нейкім чынам пераканаў ангельцаў павярнуць назад, адвёўшы ўдар ад Літвы. Кажуць, што і пасля ўцёкаў Вітаўта на радзіму Персі адмовіўся браць удзел у выправе супраць ліцьвінаў. Ён растлумачыў, што пад час апошняй аблогі Вільні асабіста пераканаўся, што Вітаўт з'яўляецца добрым хрысціянінам. Такое прызнанне выглядае даволі пікантным, калі мець на ўвазе, што захопленыя пад час выправы 1390 г. стрыечныя браты Вітаўта на сабе спазналі ягоную «хрысціянскую літасць»: Нарымунта ён загадаў «за ногі на вязавым дрэве павесіць... і стрэламі сам уласнаручна яго расстраляў». А Карыгайлу загадаў адсекчы галаву і насіць яе на кап'і, паказваючы акружаным, які лёс іх чакае, калі не здадуцца. Зрэшты, такія ўчынкі ў дачыненні да «паганцаў» у тыя часы нібыта і не ганілі хрысціяніна.

У верасні таго ж году госцем Ордэну ізноў быў Генры Дэрбі. Ён мусіў выправіцца ў набег на падляшскі Сураж. Але ягоныя людзі забілі ў Гданьску памезанскага шляхціца Ганса, і граф быў вымушаны з'ехаць, баючыся помсты. У канцы 1392 г. герцаг Джон Бэдфард, будучы рэгент пры непаўналетнім Генры VI, узначаліў «рэйзу» ўглыб Вялікага Княства. Мінаючы ўмацаваную Горадню і пераправіўшыся ля Аліты цераз Нёман, яго атрад з ангельскіх, нямецкіх, французскіх і галандскіх рыцараў спаліў Лідскі замак. Так што ўспрыманне ВКЛ як часцінкі хрысціянскага свету запанавала зусім не адразу. Той жа Генры IV 10 кастрычніка 1409 г. заключыў ў Вестмінстэры пагадненне з паслом Тэўтонскага Ордэну Дзітрыхам фон Лагендорфам, паводле якога абавязваўся дапамагаць у непазбежнай вайне з Літвой. Калі вайна пачалася, вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген запрашаў караля асабіста ўзяць удзел у такой прыемнай забаве. Генры адказаў, што зрабіў бы гэта з прыемнасцю, але ў дадзены момант вельмі заняты ў Францыі. Ягоныя сімпатыі сапраўды былі на баку крыжакоў. Герольду Ягайлы, які пераконваў яго, што жамойты паўсталі супраць Ордэну таму, што ў ложку жонкі аднаго з іх знайшлі нямецкага рыцара, кароль адказаў: «Мой любы, у мяне ў падданстве шмат земляў, і што ж, мне іх губляць, калі майго рыцара знойдуць у нечым ложку?»

Яшчэ некаторы час Літва, як і Гранада, лічылася месцам, дзе неабходна пабываць кожнаму сапраўднаму хрысціянскаму рыцару - такое меркаванне знаходзім, напрыклад, у «Кентэрберыйскіх апавяданнях» славутага ангельскага паэта Джэфры Чосэра. Лічыцца, што ягоны вобраз дасканалага рыцара - ідэальны, ці, як лічыць Тэры Джоўнз, парадыйны, спісаны менавіта з Генры IV:

 

Быў у Александрыі, калі яе здабывалі,

На пачэсным месцы заўжды яго саджалі,

Пасярод рыцараў усялякіх нацый у Прусах,

Бо змагаўся рэдка на Літве і Русі

Роўны яму станам рыцар хрысціянскі.

 

Пасля Грунвальда адносіны да Літвы эўрапейскай хрысціянскай супольнасці істотна змяняюцца. У 1411 г. ангельцы адмовіліся вярнуць Ордэну даўгі, спаслаўшыся на тое, што грошы могуць трапіць у рукі няверных. Хаця на самой справе гэта рачэй сведчыла аб падзенні даверу да Ордэна і заняпадзе «цывілізатарскага» імпэту ўвогуле. А пры спадкаемцу Генры IV аднаўляюцца дыпламатычныя кантакты паміж Англіяй і Вялікім Княствам: у 1421 г. Вітаўта наведаў пасол Генры V бургундскі шэвалье Жыльбер дэ Лануа, які меў даручэнне заключыць з Вялікім Княствам саюз супраць Асманскай імперыі. Паводле трактату, заключанага ў 1420 г. у Труа, Генры V злучаў у сваіх руках уладу і над Англіяй, і над Францыяй, і гэтая спадчына мусіла быць канчаткова замацаванай юрыдычна за ягоным сынам, таксама Генры. Таму Генры-старэйшы быў зацікаўлены ў падтрыманні іміджу найвялікшага патрона хрысціянства, якой мэце і мусіў служыць амбіцыйны план усеэўрапейскага крыжовага паходу.

Супрацоўніцтва з Вітаўтам у выпадку такой выправы ўяўлялася тым больш неабходным, што ВКЛ, па-першае, па праву лічылася адной з самых моцных і ўплывовых дзяржаў Эўропы (дастаткова прыгадаць, што якраз у гэты момант гусіты прапанавалі Вітаўту чэскую карону), а па-другое, усюды хадзілі чуткі, якія распаўсюджваў імператар Сігізмунд, нібы вялікі князь літоўскі заключыў таемны хаўрус з туркамі. Так што місія Лануа насіла яшчэ і разведвальны характар. Бургундзец аб'ехаў блізу не ўвесь захад Вялікага Княства, вандраваў праз качэўі падуладных Літве татараў, быў сведкам таго, як на левым беразе Днястра пад кіраўніцтвам падольскага старасты Гедыгольда ўзводзіўся замак, на будоўлі якога на працягу месяца працавала 12 тыс. чалавек і 4 тыс. вазоў. Прычым з дзённіку ангельскага пасла вынікае, што гэтыя ўмацаванні былі прызначаныя для адбіцця турэцкага нападу з мора, і, значыцца, Вітаўт, нягледзячы на выдасканаленасць сваёй усходняй палітыкі, усё ж не збіраўся ўступаць з асманамі ў хаўрус.

Ці былі планы крыжовага паходу досыць рэальнымі, невядома, бо неўзабаве па пасольстве Лануа Генры V раптоўна памёр. Аднак гэтае падарожжа, бадай, падвяло рысу пад доўгім перыядам насцярожана-варожага стаўлення Англіі да ВКЛ і садзейнічала распаўсюджванню ведаў аб нашай дзяржаве ў Заходняй Эўропе. Генры VI у 1450 г. узнагародзіў караля і вялікага князя Казіміра тым самым ордэнам Падвязкі, які калісьці давалі за змаганне з яго паганскімі продкамі.




Крыніца: Алесь Белы. Пад крыжом Св. Георгія // Падарожнік. № 2, 1996.

Беларуская Палічка: http://knihi.com