Беларусі паўстаўшай слава,
Беларусі - ў пояс паклоны.
Хай мінулае цемра заслала -
а змагання не забыць ніколі.
Эх, Кастусь... Балоты памераў,
а ў лясах,
як у бацькавай хаце.
Беларусь табе паверыла -
за табою пайшла змагацца.
Беларусь - не царам маскоўскім.
Беларусь - не варшаўскім панам!
Зазвінелі ў лесе бярозкі,
дуб стары галаву падняў.
Забуяніла ў полі рэхам:
- За мужычую праўду - у бой!..
Не Ілля па хмарах праехаў,
не Пятро зазваніў булавой...
А пасля - астрожныя краты...
Што з таго, што жыцця не стане.
Твае слёзы важыць на караты:
- Залілі, загасілі паўстанне...
Скалыхнуўся натоўп на Лукішках:
- На Беларусі няма шляхты!..
Можа, кат успомніў за кілішкам,
як памёр мяцежнік пракляты.
Маліцца - не наша справа.
Кастуся мы папросту ўспомнім:
Беларусі паўстаўшай - слава,
Беларусі - ў пояс паклон.
1925