epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Дудар

Пасеклі Край наш

Пасеклі Край наш папалам,

Каб панскай вытаргаваць ласкі.

Вось гэта - вам, а гэта - нам,

Няма сумлення ў душах рабскіх.

 

І цягнем мы на новы строй

Старую песню і чужую:

Цыгане шумнаю талпой

Па Бесарабіі качуюць...

 

За ўсходнім дэспатам-царком

Мы бегаем на задніх лапах,

Нью-Ёрку грозім кулаком

І Чэмберлена лаем трапна.

 

Засыплем шапкамі яго,

Ура, ура - патопім ў соплях.

А нас тым часам з году ў год

Тут прадаюць ўраздроб і оптам.

 

Мы не шкадуем мазалёў.

Мы за чужых праклёны роім,

Але без торгу і без слоў

Мы аддаем сваіх герояў.

 

Не смеем нават гаварыць

І думаць без крамлёўскай візы,

Без нас ўсё робяць махляры

Ды міжнародныя падлізы.

 

Распаўся б камень ад жальбы

Калі б ён знаў, як торг над намі

Вядуць маскоўскія рабы

З велікапольскімі панамі.

 

О, ганьба, ганьба! Ў нашы дні

Такі разлом, туга такая!

І баюць байкі баюны

Северо-Западного края...

 

Плююць на сонца і на дзень.

О, дух наш вольны, дзе ты, дзе ты?

Ім мураўёўскі б гальштук ўздзець,

Нашчадкам мураўёўскім гэтым...

 

Але яшчэ глушыце кроў.

Гарыць душа і час настане,

Калі з-за поля, з-за бароў

Па-беларуску сонца гляне.

 

Тады мы ў шэрагах сваіх,

Быць можа, шмат каго не ўбачым.

З тугою ў сэрцы ўспомнім іх,

Але ніколі не заплачам.

 

А дзень чырвоны зацвіце,

І мы гукнем яму: «Дабрыдзень».

І са шчытом ці на шчыце

Ў краіну нашу зноў мы прыйдзем.

 

1928

 

 

Каментары

 

Паводле выд.: Краса і сіла: Анталогія беларускай паэзіі XX ст. / Укл. М.Скобла. Мінск, 2003.

 


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Расстраляная літаратура. Менск, Кнігазбор, 2008
Крыніца: http://bk.knihi.com