Запляці залатую касу.
Выйдзі ў сад і вясне пакланіся.
Можа, ўспомніць былую красу
лістапада пажоўклае лісце...
Запляці залатую касу.
Дні і ночы развеюць туман...
На балоты, на росы развеюць...
Сож і Гомель!..
Краіна мая!..
Паглядзі, як зара ружавее...
Дні і ночы развеюць туман.
Так было...
Дык ці ж будзе так?..
Чуў я песні, і казкі чуў я.
Бачыў я тваіх рэк сінь і сталь,
думаў думу з табой залатую...
Так было, дык ці ж будзе так?
Праз палі, праз нізіны і ўзвышшы,
праз кудлатую сінь лясоў,
бачу, як навальнічыць выйшаў
з берагоў крутарогіх Сож
праз палі, праз нізіны і ўзвышшы.
Вецер, вецер! Рабінавы сум
над старым, над чужым і над новым...
Запляці ж залатую касу,
выйдзі ў поле спаткацца з вясною...
Вецер, вецер! Рабінавы сум.
Сож і Гомель!.. Краіна мая!..
Песням - шыр!.. Палынам - раздолле...
Разальюся песнямі я
пра тваю неапетую долю...
Сож і Гомель!.. Краіна мая!
Запляці залатую касу,
выйдзі ў свет і вясне пакланіся.
Можа, ўспомніць былую красу
лістапада пажоўклае лісце...
Запляці залатую касу.
1926