epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

«Брацця, к агульнаму шчасцю...»

Брацця, к агульнаму шчасцю

Трэба жыццё кіраваць.

Роўнасць, братэрства і згода

Будуць нам шлях асвятляць.

Згоднай, вялікай сям’ёю

Пойдзем к дзяньком залатым,

З думаю ў сэрцы святою,

З нашым жаданнем адным.

Крыўды людской нам не трэба,

Слёз не бажаем ніч’іх,

Хочам, каб з яснага неба

Слонца свяціла для ўсіх.

Досыць было панавання

Квотнікаў1 злых, махляроў,

Досыць для нас гаравання,

Новых паклічам майстроў.

Мусім народ абудзіці,

Голасна мусім пазваць:

Гэй, хто работнік? Хадзіце

Новы ўсім лад будаваць!

Будуць для ўсіх там палацы,

Стане на ўсіх там цяпла,

Ў панстве2 братэрства і працы,

Вольнасці, хлеба й святла.

1 Квотнікаў — ліхвяроў.

2 У панстве — у дзяржаве (паланізм).


1919

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан