epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

«Дзіця! Ты бачыла траву...»

Дзіця! Ты бачыла траву,

Калі яна бліснець вясной

І чуць пакажа галаву

Над гладдзю поля ледзвяной.

 

Тагды ж здавалася ж табе,

Што, покуль жыў яшчэ мароз,

Ён гэту траўку заграбе,

Не дасць дажыць да цёплых рос.

 

Тагды ты думала: пары

Траве расці яшчэ няма,

Не грэець соўнейка згары,

І не спраглася йшчэ зіма;

 

І не убачыць траўцы дзён

Вясёлых, летніх дзён жыцця,

Якое б’ець з усіх старон.

Ты гэтак думала, дзіця?


1907-1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан