epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Край няволі

Часам ноч бывае — воч не закрываю,

Не прыходзіць сон;

Бачу край далёкі — сумны, адзінокі

Мне здаецца ён.

 

Бачу горы-скалы, ад людзей завалы,

Што душу гнялі;

Бачу тыя воды, па якіх праз годы

Мае сны плылі.

 

Чуецца тайга мне, як на дзікім камню

Ад вякоў гудзе.

Песні больш тужлівай, скаргі больш праўдзівай

Я не чуў нідзе.

 

Дзён там шмат пражыта, цьма надзей разбіта

У бясконцы зім.

Сколькі летуценняў, думак і натхненняў

Пахавана ў ім!

 

Помню край далёкі... Сумны, адзінокі...

Не магу забыць!

Дораг сумны гэны край, дзе горы-сцены,

Край, дзе шчасце — сніць.


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан