epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Лісток і надзея

Высока-высока

На дрэва галінцы

Дрыжэў адзінока

Лісток на вярбінцы,—

Маленькі, зжаўцелы,

Ледзь-ледзь ён трымаўся,

Баязна, нясмела

Усцяж калыхаўся...

І неяк нат крыва

З галінкі вісеў,

І ветру парываў

Лісток не хацеў...

 

Глыбока-глыбока,

Бо ў душы аж недзе,

Дзе людскае вока

Ужо не загледзе,

Апошня надзея

Жыла ў чалавеку

На лепшыя дзеі

У гэнашнім веку...

Слабенька-слабенька

Трымалася сэрца,—

Ён сам нат ціхенька

Адкрыць свае дзверцы

Прад злосцяю свету

Баяўся, не смеў,

Надзею каб гэту,

Каб віхар не змеў...

 

Ды восені познай

Насталі дзянёчкі,

І сумнасцяй грознай

Навіслі і ночкі;

Ды ў цемры вялікай

Пачаліся гулі —

Асенняй музыкай

То ветры падулі.

 

Апошню надзею

ў душы чалавека

Зглуміла завея

Бед, гора і здзекаў...

І частка душы

Лягла у балоце

І гіне ў цішы

Пры жыцця паходзе...


1917

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан