epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Людзям

Вершы, умешчаныя у зборніку «Матчын дар», напісаны аутарам у няволі,— у пэрыодзе 1907 — 1914 г.г.У пачатку ліпня 1914 году зборнік быу перасланы с Сыбіры для друку у Вільню, дзе яго выданнем хацело заняцца «Беларускае Выдавецкае Таварыство». Але паустаушая тагды вайна адсунула выйсьце кнігі на цэлых 4 годы.

Выдавецкая Комісія

 

Гэту першую кніжку думак і песьняу сваіх матцэ сваей прысьвячаю.

 

Люблю і я скляпенне зор,

Люблю зямлі абшар,

І роуны луг, і узгібы гор,

І шум лясны, і гвар.

Люблю жыцце, а у ім людзей

І кшталты іхніх душ,

Люблю вянкі плясьці з надзей,—

А ні поэт. — Чаму-ж?

Часамі праца у дзень кіпіць,—

Цярплю і я прыгон,—

Аж косьць аб косьць у плячу рыпіць..

Пачуеш у сэрцы звон...

Ухопіш зык, за ім другі,

За тымі больш ідуць,

Зліюцца у шых даугі-даугі

І цэлы дзень гудуць.

Загасьне дзень, іду дамоу,

Кладуся спаць, — і у ноч

Цякуць радкі зьвінючых слоу

І сон адходзіць проч.

Тагды пішу. Перад вачмі

Нясецца зданняу рой

І хтось стаіць па-за плячмі,

Здаецца, блізкі, свой.

Абыйме шыю пара рук

І кос дзявочых шоук,

Узмацніцца у сэрцы мерны стук,

А звон у душы ні змоук...

Зірну: пакой пусты, німа...

А час сьлізнуу, як вуж.

І за вакном радзее цьма...

А ні поэт...—Чаму-ж?

Бо мой прыгон глытае час,

Мне воля — рэдкі дар.

Такіх поэтау шмат у нас,

Дзе сам народ — песьняр.

Сваіх тут жменьку я сьпісау

Маркотных песьняу-дум;

Маей душы іх сам сьпевау

Па краю родным сум.

Скажу ішчэ чаго-б хацеу:

З дзявочых вуст пачуць

Хаця-б адзін мой бедны сьпеу,

Хаця-б калі нібудзь!


1907; 1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Матчын дар. Думы і песьні 1907 - 1914. Менск, 1918.
Крыніца: скан