epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Песня

За рэчкай, за рэчкай

Шуміць, шуміць бор,—

Прыехаў Ясечка

У панскі двор...

Цёмны ходзяць хмары

Па небе высокім,—

Ці будзе ён ў пары,

Ці мо адзінокім?..

Грозна б’юць пяруны,

І зіхціць маланка,—

З конікам-скакунам

Стаў ён каля ганку...

Шуміць навальніца

З неба палавога,—

Вокны ў вакяніцах,

На ганку нікога...

У дзверы пастукаў

Сільнаю рукою,—

Толькі пярун грукаў

Недзе за гарою...

Зразумеў нядолю,

Нядолю сваю,—

Неба, плач ты болей,

Мый чорну зямлю...

Сталася, як людзі —

Суседзі казалі,—

Бура усцяж гудзе:

Няма яго кралі...

Вывез бацька дочку

Недзе за граніцу,

Вывез ў цёмну ночку —

Ў буру-навальніцу...

Дык грымі ты, неба,

Свяціце ж, маланкі,—

Нічога не трэба,

Калі няма Ганкі...

Дык шумі за рэчкай,

Бор, шумам вялікім,—

Каб зглушыць у Ясечкі

Сэрца болю крыкі!..


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан