epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

«Разваж, гаю зеляненькі...»

Разваж, гаю зеляненькі,

Маё сумаваннейка!

Няма, чуеш, дзяўчынанькі,

Маёга каханнейка.

 

Жыве, праўда, няверная,

Мая прываротніца,

З другім недзе мілуецца,

За мной не маркоціцца.

 

А мне цяжка, убогаму,

Трываці самотнаму;

Хаджу, ліха шукаючы,

Па свеце журботнаму.

 

Разваж, гаю зялёненькі,

Маё сумаваннейка!

Спачыць дай стамлёнаму

Ад слёзаў каханнейка.

1914 г.


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан