epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

У ноч на Новы год

Сяджу я адзін у святліцы

З душою, агорнутай сумам.

Гадзіннік стары на паліцы

Ўтуруе самотлівым думам.

 

Усё прамінае у часе:

Няволя, самота, пакута,—

А йшчэ што у долі ў запасе?

«Дванаццаць гадзін і мінута».

 

Жыццё уцякае нязначна,

Па хвілечцы хвілька. Чаму ты

Не ловіш яго, неабачны?

«Дванаццаць гадзін, дзве мінуты».

 

Без следу, без знаку, цень ценню

Праз жыцце ідзеш у труну ты.

Якое ж найлепшае менне

Тваё, чалавеча? — «Мінуты!»


1916

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан