epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

У прыпар

Прыпарыла,

Нахмарыла

I ўдарыла!

— Святы Ілля...

Маланка ўраз з'явілася,

Мільгнула і звалілася,

I дожджыкам аблілася

Гарачая зямля.

Кроплі разам, згодна, жвава

Пояць ўсё, што хоча піць:

Збожжа, дрэвы, кветкі, травы,

Вулкі хочуць затапіць,

Б'юць у стрэхі, мыюць шыбы,

Мыюць хаты, мочуць сад,

Ў рэчцы спожыў маюць рыбы...

— Хто ў прыпар дажджу не рад?

Сцішаецца,

Змяншаецца,

Ўнімаецца.

— Няма!

I слонка паказалася,

Маўляў, само купалася;

Прыемна усміхаецца,

Блішчыць, пераліваецца,

Яскрава адбіваецца

На траўцы, на лісточку,

У рэчцы, ў раўчачочку,

На вулачцы, ў садочку,

Зямля ўздыхае поўнымі,

Шчаслівымі, чароўнымі

Грудзямі усіма.


1907-1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Беларуская літаратура : хрэстаматыя / [складальнікі: У. В. Адамчык, М. В. Адамчык]. - Мінск : Сучасны літаратар, 2004. - 1007 с.
Крыніца: скан