epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Жыццё

Элегія

Жыццё — гасцінец, гады — як вёрсты,

Канец жыццёвы — то небаспад.

Ідзеш паволі, што далей — болей

Тых вёрст жыццёвых цячэць назад.

Што далей — болей... Сціха, паволі

Старэеш, слабнеш, цяжэеш ты,

Аж ўрэшце ледзьве нагі абедзве

Дацягнеш неяк да тэй вярсты,

Дзе гэным знакам, што ўсім аднакаў,

Ці хто ялмужнік, ці хто купец,

На страх выразна, для ўсіх паказна

Стаіць: «Спыніся, вось твой канец!»


1917

Тэкст падаецца паводле выдання: Беларуская літаратура : хрэстаматыя / [складальнікі: У. В. Адамчык, М. В. Адамчык]. - Мінск : Сучасны літаратар, 2004. - 1007 с.
Крыніца: скан