epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Якімовіч

Бізнес

1
2
3
4
5
6
7
8
9


1

 

У кватэры гарэла святло. Стрэлкі гадзінніка паказвалі дзве гадзіны ночы. Адкінуўшы занавеску, маці з кухні праз акно ўглядалася ў цемру.

- Не відаць яе? - не сцярпеў бацька. У шапцы і ў чаравіках ён сядзеў на табурэтцы.

Плечы ў маці здрыгануліся.

- Няма! Божачка! На дварэ такая цямрэча!

Бацька ўстаў з табурэткі.

- Не хвалюйся. Кавалеры яе прывядуць.

Маці адступіла ад акна.

- Прывядуць? А чаму ж ты шапку надзеў і не скідаеш?

- Прападае наша Марына. Зусім ад рук адбілася, - з болем прагаварыў бацька.

Маці адчула, як у яе закружылася галава.

- Што ж нам рабіць? Га?

Ледзь стрымліваючы дрыжыкі, якія раптам прайшліся па ўсім целе, бацька сказаў:

- Мы з ёю ўжо нічога не зробім, а грошы зробяць.

- Ты так думаеш? - з надзеяй прамовіла маці.

- Так! - цвёрда адказаў бацька.

 

2

 

Марына была ў Косці, дзе, як звычайна, сабралася свая кампанія: Галка, Мілка, Пецька, Віцька. Гучала сучасная музыка. Яны танцавалі, пілі гарэлку, піва. Косця прынёс тры трохлітровыя слоікі піва. Потым зноў танцавалі і зноў пілі. Было вельмі весела. У чатыры гадзіны раніцы Косця прывёў яе дамоў.

- А твае старыя яшчэ не спяць, - сказаў ён. - У кватэры святло гарыць.

- Зараз выбегуць, каб прыняць мяне, як дарагі падаруначак, - засмяялася Марына.

Яна не баялася ні бацькі, ні маці, бо ведала, што яны яе любяць, апошняе гатовы аддаць. «Так і павінна быць, - іншы раз думала яна. - Яны ж мне жыццё далі. Я іх не прасіла. Дык няхай ім галава баліць».

- Ягадка, давай развітаемся. - Косця абняў Марыну і моцна пацалаваў у губы.

Яна адапхнула яго. Ёй ужо надакучыла цалавацца.

- Косцік, ідзі.

- Бывай, ягадка. - Косця памахаў рукою і пайшоў, насвістваючы.

«Добра Косцю. Ягоныя бацькі на заробкі ў Расею паехалі, аднаго ў кватэры пакінулі, а мае мяне неўзабаве сустрэнуць. Ім здаецца, што каля пад'езда на мяне маньяк з нажом накінецца. Не разумеюць, што я сама на любога магу накінуцца», - са злосцю падумала Марына. Так, яна не баялася бацьку і маці, але ёй не хацелася выслухоўваць нараканні, ад якіх становіцца прыкра на душы.

Дзверы ў пад'ездзе адчыніліся, і Марына ўбачыла маці. Маці была ў доўгай начной сарочцы, на якую накінула халат.

Марына, хіснуўшыся, усміхнулася.

- Дачушка, ты ж п'яная! - прашаптала маці.

- Я - п'яная? - вытрашчыла вочы Марына.

Не, яна не дазволіць, каб з яе здзекаваліся. Ну, крышку выпіла. Але ж на сваіх нагах прыйшла дамоў. На руках яе не неслі. З хлопцамі пасядзела, пагуляла. А хто цяпер не гуляе?

- Дачушка! - шэптам прагаварыла маці і, схапіўшы Марыну за руку, пацягнула па лесвіцы ў кватэру.

 

3

 

Бацька стаяў на калідоры. Марына з нянавісцю (сваёй нянавісці яна ўжо не хавала) паглядзела на яго. Бацька быў для яе перашкодай, ну, напрыклад, як камень на дарозе, які ні аб'ехаць, ні абысці. А ёй хацелася хутчэй дабрацца да ложка, легчы і заснуць. «Стаіць, як айсберг! Сам не спіць і мне не дае. Гаспадар! Не, я не твая ўласнасць, я не рэч. Я хачу пажыць!» - думала яна.

- Напілас-ся! - са свістам прагаварыў бацька.

Марына ведала, што бацьку можна супакоіць крыкам. Крык спалохае яго. Як і маці, ён не хоча, каб суседзі чулі сварку, каб праведалі, што ноччу адбываецца ў іхняй кватэры.

- Я - напілася? Я? Я магу хукнуць! Я не на-пі-ла-ся! - закрычала яна.

- Марынка, цішэй, цішэй! - замахала рукамі маці.

- Ты напілася! - тыцнуўшы на Марыну пальцам, у роспачы гукнуў бацька.

Марына сцяла кулачкі. Доўгія наманікюраныя пазногці ўпіліся ў далоні. Не дайшло да бацькі. Трэба агрэць яго, як калатушкай.

- Я - напілася! Я - кепская! Ну й добра! Я ў акно кінуся! Я ад вас уцяку!

Твар у бацькі пабялеў, губы задрыжалі. Марына глядзела на яго, як і раней: з нянавісцю. Няхай бачыць, што ён для яе - нішто. «Сапраўды, уцяку я ад іх. Косця мяне прыме, пашкадуе. Грошай няма, каб пражыць? Дасць гэты, у якога твар белы і губы дрыжачыя. Ён жа не захоча, каб ягоная дачка сядзела галодная», - прамільгнула ў Марыны ў галаве.

Невядома, чым скончылася б сённяшняя сварка, калі б не маці. Яна адштурхнула бацьку, і зноў схапіўшы Марыну за руку, завяла ў пакой.

Марына ніцма ўпала на ложак.

- Ён мяне абазваў! Мяне абазваў!

Маці дакранулася да Марынінага пляча.

- Супакойся. Прашу цябе.

- Выйдзі і дзверы зачыні! - крыкнула Марына.

Маці выскачыла з пакоя і асцярожна зачыніла дзверы.

Марына заплакала. Слёзы крыўды душылі яе. На каго яна пакрыўдзілася? Вядома ж, на бацьку і маці, якія яе не разумеюць. Яна здагадвалася, што яны лічаць яе прапашчай. Калі-небудзь, відаць, выкажуць ёй гэта. Іхнія словы цяжкім каменем лягуць ёй на сэрца.

Марыне захацелася, каб прыйшла маці. Каб прысела на краёчак ложка і пагладзіла яе, як у дзяцінстве, сказаўшы ласкавае слова. Час ішоў, а маці ўсё не прыходзіла. За акном пачало світаць.

Марына павярнулася на бок і, усхліпнуўшы, заснула.

 

4

 

Марыне не хацелася ісці ў вучылішча (туды яна паступіла, скончыўшы дзевяць класаў). Ёй балела галава. Ужо хвілін пяць каля ложка стаіць маці і паўтарае адно і тое ж:

- Дачушка, уставай! Уставай, дачушка!

- Ды не ўстане яна! Лягла, нават не раздзеўшыся, - данёсся з кухні бацькаў голас.

Марына адчувае, што бацьку хочацца абазваць яе якім-небудзь крыўдным словам, але страх яго стрымлівае. «Баіцца, што з хаты ўцяку», - думае яна.

- Уставай, дачушка!

Не, маці не адчэпіцца ад яе. Трэба ўставаць, ісці ў вучылішча, сядзець і слухаць нудныя лекцыі выкладчыкаў. А ёй будзе балець галава, мучыць смага. Вечарам яна зноў сустрэнецца з Косцем, Галкай, Мілкай, Пецькам і Віцькам. Маці зноў выбежыць з пад'езда, накінуўшы халат на начную сарочку. «Вось каб калі-небудзь заснуць і не прачнуцца!» - прамільгнула ў галаве.

- Дачушка, уставай!

Марына адкінула коўдру і ўстала з ложка.

- Устала! - узрадавана прагаварыла маці.

Марына, спатыкаючыся, паплялася ў ванную.

 

5

 

Каля пад'езда Марына ўбачыла Барыса. Барыс жыве ў іхнім пад'ездзе, на апошнім паверсе. Ён ужо трэці год вучыцца ў адной са сталічных навучальных устаноў. Марына не цікавілася, у якой. Яны, так павялося, не заводзяць гаворку. Выпадкова сустрэўшыся, адно аднаму кіўнуць галавою і разыходзяцца.

А сёння Барыс яе аклікнуў:

- Марына!

Марына паглядзела на яго, як на дыназаўра ў музеі.

- Ну!

- Марына, табе, напэўна, сёння галава баліць?

У Марыны кроў прыліла да шчок. Яшчэ адзін выхавацель знайшоўся. Яшчэ гэтага ёй не хапала.

«Ідзі сваёй дарогай і не лезь мне ў душу!» - ледзь не крыкнула яна, але стрымалася.

- Ты бачыў, як я ноччу дамоў вярнулася?

- Бачыў, - прызнаўся Барыс.

- За дзяўчатамі сочыш. У цябе, відаць, галоўка хворая, - з пагардай сказала Марына.

- Марына, не злуйся на мяне, - незвычайна ласкава сказаў Барыс. Гэтым ён яе і падкупіў, прымусіў застацца.

- Ну! - паўтарыла яна, чакаючы, што будзе далей.

Барыс выняў з кішэні бляшанку нямецкага піва і сказаў сарамліва, як дзяўчынка-пяцікласніца, якая з вялікай просьбай звяртаецца да дарослага:

- У мяне ў халадзільніку піва стаяла. Вазьмі, пахмелішся.

«Яшчэ адзін маім сябрам жадае стаць. Не, Косцю я не здраджу», - паразважаўшы, Марына ўзяла бляшанку і кінула яе ў сумачку, дзе ляжалі ручка, сшытак і памада.

- Марына, не думай кепска пра мяне. Ты мне даўно падабаешся, - сказаў Барыс.

- Можа, ты закахаўся ў мяне? - зарагатала Марына.

Яна ведала, чаго хочуць хлопцы, прапаноўваючы піва, цыгарэты ці яшчэ які-небудзь падарунак.

«За ўсё трэба плаціць», - гэта яна добра зразумела, хоць і не так шмат пражыла.

Барыс расціснуў кулак і працягнуў Марыне квадратную плітку жавальнай гумкі.

- Пасля піва жвачку пажуеш. Ніякага паху не застанецца.

Марына ўзяла жавальную гумку, кіўнула галавою (маўляў, на гэтым дзякуй табе, Барыс) і пайшла, цокаючы абцасікамі.

 

6

 

Калі Марына вярталася з вучылішча, Барыс зноў сустрэў яе каля пад'езда. Цяпер ён трымаў у руцэ букет агністых ружаў.

- Зноў мне? - кіўнула галавою Марына, паказаўшы на букет.

Яна глядзела на Барыса з насмешкай, нават з выклікам, каб паказаць сваю абыякавасць, але вельмі хацела пачуць ад яго: «Табе». Толькі цяпер Марына ўспомніла, што ніхто не дарыў ёй кветак.

Барыс працягнуў Марыне букет.

- Табе, Марына.

Марына ўзяла букет і прытуліла яго да грудзей. Пялёсткі ружаў прыемна лашчылі яе губы.

- Ну, дзякуй табе, Барыс.

Барыс пераступіў з нагі на нагу.

- Марына, сёння ў васемнаццаць гадзін у нашым тэатры паказваюць спектакль. Я буду чакаць цябе каля тэатра. Прыйдзеш?

Марына паморшчылася, яе курносенькі носік прыўзняўся.

- А ты багаценькі, як Бураціна!

- Бізнесам заняўся, - прамовіў Барыс.

«Няўжо ты бізнесменчык? У бізнесменчыкаў, вядома, грошы водзяцца. Барыс, ты мяне заінтрыгаваў», - падумала Марына і пацікавілася:

- Шмат зарабляеш?

- На жыццё хапае, - сціпла адказаў Барыс.

Марына кіўнула галавою. Маўляў, разумею цябе, Барыс. Хто я такая, каб ты перада мною ўсе свае сакрэты раскрываў?

- Марына, прыйдзеш?

У вачах Барыса было гэтулькі болю і суму, што яна здалася, не магла не здацца.

- Добра. Прыйду.

 

7

 

У тэатры (да гэтага Марына ў тэатры ні разу не была) ёй спадабалася. Многія ў тэатр, як і яна з Барысам, прыйшлі парамі. Кавалеры стараліся дагадзіць сваім дамам: і ўперад прапускалі, і тэатральныя праграмкі падавалі, і «калі ласка» не раз і не два чула яна. «Няўжо ўсе гэтыя людзі, якія тут сабраліся, заўжды жывуць у згодзе?» - думала Марына. Упершыню яна пазайздросціла.

Марыне спадабаўся і спектакль, крыху смешны і крыху сумны. Галоўную гераіню - жанчыну гадоў трыццаці - падмануў другі герой - мужчына сталага ўзросту. Каб завалодаць яе грашыма, ён падаў перад ёю на калені, стараўся даказаць, што кахае.

Марына разам з усімі смяялася, пляскала ў ладкі, а ў канцы спектакля непрыкметна змахнула з вачэй дзве слязінкі.

Потым яна з Барысам не спяшаючыся ішлі дамоў. Барыс, як іншыя, не чапляўся да яе, не цягнуў у рэстаран. Ён смяяўся, жартаваў, расказваючы анекдоты і займальныя гісторыі з жыцця вядомых артыстаў. Марына адчувала сябе крыху няёмка. Як жа! Барыс такі разумны, так шмат ведае, а яна перад ім сапраўдная дурніца.

- Барыс, ты чаму цяпер не вучышся? Можа, свой інстытут кінуў? - не стрывала, пацікавілася яна.

- Не, - сказаў Барыс. - Нашы ў калгас на бульбу паехалі, а мяне вызвалілі ад бульбы, бо летам працаваў у будаўнічым атрадзе.

Развітваючыся, Барыс назаўтра запрасіў Марыну паглядзець кінафільм. Яна ўсміхнулася:

- Добра. Я прыйду.

Затым яны наведалі заапарк, хадзілі на дыскатэку, па возеры каталіся на лодцы... Кожны дзень Барыс ёй штосьці дарыў: то каробку цукерак, то кветкі, то памаду. А на рынку купіў сярэбраны пярсцёнак. Некалькі разоў яны пілі шампанскае, але ні разу яна не была п'яная. Бацька і маці павесялелі. Аднаго разу бацька, падпіўшы, на ўвесь голас заспяваў.

- Цішэй, дурань, цішэй! - без злосці крычала на яго маці.

 

8

 

Праз тыдзень Марыне пазваніў Косця.

- Марына, дзе прападаеш? Да мяне прыходзь.

- Я захварэла. Тэмпература трыццаць дзевяць і пяць, - схлусіла яна.

- Вылечым, - рагатнуў Косця. - Марына, у мяне і Пецька, і Мілка, і Галка, і Віцька. Марына, мы цябе чакаем. Весела пагуляем. Думай. Табе вырашаць.

Марына ўспомніла нядаўняе і, як здалося цяпер, такое ўжо далёкае жыццё. Мілка і Галка, вядома, узрадуюцца, калі ўбачаць яе. Шмат чаго яны раскажуць. Чаму ж не пагуляць? Усяго адзін вечар, адну ноч. Барыс, магчыма, не праведае, што яна была ў Косці.

- Марына, падумала?

Зазваніў электрычны званок.

- Косця, пачакай. Мабыць, старыя вярнуліся, - сказала Марына і адчыніла дзверы. У дзвярах з букетам агністых ружаў стаяў Барыс. Як заўжды, ён прыязна ёй усміхаўся.

Марына моўчкі ўзяла букет, падышла да тэлефона і выцягнула з разеткі тэлефонны шнур.

 

9

 

Цэлы месяц Марына сустракалася з Барысам. Аднаго разу яны сядзелі ў гарадскім парку. Круціліся рознакаляровыя каруселі, гаманілі, смяяліся дзеці.

- Барыс, я ніколі не думала, што можна так моцна кахаць, як ты мяне кахаеш! - прамовіла Марына.

- Я цябе кахаю? Хм, - хмыкнуў Барыс.

Марына адчула, што лаўка, на якой яна сядзела, раптам стала мулкай.

- Ты... Ты ж не раз казаў, што кахаеш! І кветкі, і цукеркі мне дарыў, і шампанскае мы пілі...

Барыс забарабаніў пальцамі па лаўцы.

- Марына, мне хутка ехаць на вучобу. Праўду табе сказаць?

Марына напялася, як сталёвая спружына.

- Кажы. Горкая праўда лепей, чым салодкае махлярства.

- Марына, наша каханне - гульня, спектакль. Твой бацька мне грошы заплаціў. Каб я з табою сустракаўся. Ён даваў і на кветкі, і на цукеркі, і на шампанскае... Твой бацька хацеў, каб я выцягнуў цябе з той кампаніі, у якую ты трапіла. Марына, зразумей...

Марына глядзела на рознакаляровыя каруселі, але не бачыла іх.

- Ты ж хваліўся, што бізнесам заняўся.

- А гэта і ёсць бізнес.

Марына сядзела, кусаючы губы. Цяпер яна па-сапраўднаму была нешчаслівай. Гульня, спектакль... Як той спектакль, які яна глядзела ў тэатры разам з Барысам. У фінале галоўная гераіня плакала. Не, яна, Марына, не заплача. Можа, потым. Каб ніхто не бачыў яе слёз.


1990-2000?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая