epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Якімовіч

Карп у футры

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12


1

 

Сябры-дзесяцікласнікі Сымон, Мікола і Валік сядзелі ва ўтульнай Сымонавай кватэры (ягоныя бацькі паехалі да сваякоў у вёску) і глядзелі амерыканскі баявік.

За акном стаяла летняя гарачыня, а на экране тэлевізара высокі мускулісты герой з даўганогай прыгажуняй купаўся ў басейне, дзе высока ўгору пырскамі ўзнімаліся блакітныя фантаны.

Фільм скончыўся. Скончыліся і шматлікія прыгоды галоўнага героя. Сымон націснуў на чырвоную кнопку пераключальніка і, пагладзіўшы па галаве непадатлівы віхор, уздыхнуў:

- Жывуць жа людзі!

Рыжавалосы Мікола разгарнуў газету, якая ляжала ў яго на каленях, і ўсклікнуў:

- Хлопцы, я хацеў вам адну заметку прачытаць, але забыўся!

- Ну, ну! - падахвоціў Міколу Валік, падобны на дзяўчыну-падлетка. Твар у яго быў бялявы, губы пульхныя, нос кірпаты.

- У нашых вадаёмах з'явіўся карп ў футры. Некаторым шчасліўчыкам ужо ўдалося злавіць такую рыбіну. Кіраўнікі сталічнай фірмы «Аметыст» згодны заплаціць чатыры тысячы даляраў таму рыбалову, які першым прывязе жывога карпа ў футры. Адрас фірмы вы знойдзеце на апошняй старонцы нашай газеты, дзе размешчана рэклама.

Зеленаватыя Сымонавы вочы шырока расплюшчыліся.

- Чатыры тысячы даляраў! Гэта ж такое багацце!

З крэсла ўскочыў Валік і, прытанцоўваючы, захадзіў па пакоі.

- Хлопцы, каля нашага горада ёсць вадаём - возера Бяздоннае. Давайце заўтра з'ездзім на рыбалку.

Мікола шмаргануў носам, на якім, як і на твары, былі рассыпаны рыжаватыя крапінкі-вяснушкі.

- Я «за».

- А што думае Сымон? - запытаўся Валік.

- Сымон думае так, - неяк па-вучонаму пачаў Сымон. - Мажліва, хтосьці з нас зловіць карпа ў футры. Тады разам завязём яго ў фірму «Аметыст» і пароўну падзелім даляры. Згодныя?

- Згодныя! - дружна адказалі Мікола і Валік.

 

2

 

Гэта было ў панядзелак, а ў аўторак рана-раненька хлопцы прыгарадным аўтобусам паехалі на возера Бяздоннае. Яно было прадаўгаватае і нагадвала вялікі мужчынскі туфель.

- Ні пуху ні пяра вам, - пажадаў сябрам Сымон і, набраўшы ў чырвонае поліэтыленавае вядро вады, закінуў лёску ў возера. Непадалёку ад яго размясціліся Мікола і Валік.

Час цягнуўся марудна. Сонца падымалася ўсё вышэй, прыпякала ў патыліцу. Паплавок нерухома, як прыкуты, стаяў на вадзе. Сымон раз-пораз пазіраў на сяброў. «Сёння не наш дзень. Сёння рыба не клюе», - падумаў ён.

- Я злавіў! - як гром з яснага неба, данёсся голас Валіка.

Да яго, шырока ступаючы, пабег Мікола, а Сымон, прыўстаўшы, гукнуў:

- Што злавіў?

- Карпа ў футры! - крыкнуў Валік.

Схапіўшы вядро з вадою, Сымон кінуўся да Валіка.

 

3

 

Карп ляжаў у траве, адкрыўшы рот і варушачы жабрамі. Замест лусткі на ім было футра чырвона-карычневага колеру, мокрае ад вады.

Сымон дакрануўся да карпа рукою. Той затрапятаўся, выгінаючыся.

- Мы яго ўсё-ткі злавілі, - прамовіў Мікола. Вочы ў яго блішчалі, а сам ён аж трымцеў ад хвалявання.

- Я злавіў, - удакладніў Валік.

- Ён жа здохне на сонцы, - сказаў Сымон. Дзвюма рукамі ён узяў карпа, кінуў у вядро з вадою і запытаўся ў сяброў: - Калі ў сталіцу яго павязём?

Мікола паглядзеў на наручны гадзіннік і прыцмокнуў языком.

- Сёння ўжо позна!

- Заўтра павязём, - уздыхнуў Валік.

- Давайце ў маёй кватэры пакінем вядро з карпам, - прапанаваў Сымон.

Валік пакруціў галавою.

- Ты яго прадасі, а потым скажаш нам, што кот з'еў.

Густыя Сымонавы бровы сышліся на пераноссі.

- Разам у мяне пераначуем. Згода?

- Згода, - сказаў Мікола.

 

4

 

- Прыпынак «Вуліца Лугавая», - стомленым траскучым голасам аб'явіў вадзіцель гарадскога аўтобуса.

- Нам выходзіць. - Валік таргануў за рукаў Сымона, які трымаў перад сабою вядро з незвычайным карпам.

Сымон, а за ім Валік і Мікола выйшлі з аўтобуса.

Па вуліцы, выкідваючы клубы едкага дыму, імчаліся легкавушкі, па тратуары доўгімі ланцужкамі, як прывязаныя адзін да аднаго, ішлі пешаходы.

- Хлопцы, пачакайце мяне. Я газету куплю, - сказаў Мікола і падбег да газетнага кіёска, у якім гандлявала прыгажуня брунетка, падобная на гераіню амерыканскага баевіка.

Мікола працягнуў грошы, узяў газету і штосьці прагаварыў. Дзяўчына-прыгажуня ласкава ўсміхнулася яму, паказаўшы роўныя белыя зубы.

Трубкай скруціўшы газету, Мікола падышоў да хлопцаў.

- А ты, як відаць, добра знаёмы з брунеткай! - пазайздросціў Валік.

Мікола на хвілінку разгубіўся, пачырванеў, а затым адказаў:

- Я яе зусім не ведаю.

- Чаго мы топчамся на гэтым тлуме і дыме? Хадземце, - нездаволена прамовіў Сымон і пакрочыў па тратуары.

 

5

 

Мінула дванаццаць гадзін ночы, а Сымон, Мікола і Валік усё яшчэ сядзелі на кухні. На самым відным месцы, на кухонным стале, стаяла вядро з карпам.

- Хлопцы, я сабе дзве тысячы даляраў вазьму з той суммы, якую нам заплаціць фірма «Аметыст», - раптам заявіў Валік.

Сымон заварушыўся на табурэтцы. Табурэтка пад ім зарыпела.

- А нам з Міколам па тысячы дастанецца? Хітранькі ты!

Валік нагнуў галаву і кашлянуў у кулак.

- Я злавіў карпа. Не вы.

- Мы ж дамаўляліся, што пароўну падзелім прэмію! - абурыўся Мікола.

Рэзка і патрабавальна зазваніў электрычны званок. Мікола аж падскочыў ад неспадзеўкі.

- Сымон, твае бацькі з вёскі прыехалі. Адчыні.

Сымон глянуў у вядро з карпам.

- Яны казалі, што праз тыдзень прыедуць.

- Хто ж тады так позна ў вашу кватэру звоніць? - глуха прамовіў Валік.

- Не ведаю, - паціснуў плячыма Сымон.

Зноў рэзка і патрабавальна зазваніў электрычны званок. Хлопцы пераглянуліся, усталі як па камандзе і выйшлі на калідорчык, спыніўшыся каля дзвярэй.

- Хто там? - запытаўся Сымон. Голас у яго здрадліва задрыжаў.

- Міліцыя! - данеслася з-за дзвярэй.

- У вочка глянь, правер, ці міліцыянеры, - падказаў Сымону Валік.

Сымон паморшчыўся:

- На лесвічнай пляцоўцы лямпачка перагарэла. Хлопцы, што рабіць? Адчыняць ці не адчыняць?

- Адчыняй, - вырвалася ў Валіка. - Мы ж траіх. Чаго нам баяцца?

Сымон два разы шчоўкнуў ключом, павярнуўшы яго ў замку, і адчыніў дзверы. На парозе стаяў хлапец у тэнісцы і сінім спартыўным трыко, падобны на каўказца. У руках ён трымаў пісталет.

- Т-ты ч-чаго? - заікаючыся, пачаў Сымон.

Незнаёмец махнуў пісталетам.

- Рукі ўгору і марш на кухню! Калі хочаце жыць!

 

6

 

Сымон, Мікола і Валік падпарадкаваліся, выканалі загад бандыта. З узнятымі рукамі зайшлі на кухню і сталі каля акна.

Бандыт зірнуў у вядро, выняў адтуль карпа і задаволена прагаварыў:

- Карп у футры, сёння вам пашанцавала!

- П-пакінь к-ватэру, - зноў, як і на калідорчыку, пачаў Сымон.

Бандыт апусціў карпа ў вядро і папярэдзіў:

- У міліцыю не званіце. Тэлефонны провад я перарэзаў. А калі крык падымеце, то вярнуся і супакою.

 

7

 

Узяўшы вядро з карпам, незнаёмец выйшаў з кватэры. Нейкі час на кухні панавала цішыня. Хлопцы ніяк не маглі прыйсці ў сябе. Першым падаў голас Сымон:

- Ён ведаў, што мы злавілі карпа ў футры. Хтосьці яму падказаў.

- Хто? - запытаўся Мікола.

- Не я, - пацепнуў плячыма Валік.

- Плакалі нашы грошыкі! - у адчаі ўсклікнуў Мікола і стукнуў кулаком па стале. - Гэты бандыт з пісталетам, відаць, бачыў, як мы карпа ў футры злавілі.

- Калі б бачыў, то там, на возеры, яго забраў бы, - прамовіў Сымон і павярнуўся да Валіка. - Ты мне сказаў, каб я дзверы адчыніў.

- Лічыш, што я згаварыўся з бандытам? Я? Я? - праз слёзы ўсклікнуў Валік і, як падмецены, выскачыў з кватэры, грукнуўшы дзвярыма.

- Сымон, Валік стараўся, карпа злавіў. Магчыма, ён зусім не вінаваты, - заступіўся Мікола.

- Магчыма, - суха прагаварыў Сымон.

Мікола пераступіў з нагі на нагу.

- Я пайду дамоў.

Сымон не стаў яго затрымліваць.

- Ідзі.

 

8

 

Сымон, Мікола і Валік памірыліся. Праз дзень яны зноў сабраліся ў Сымонавай кватэры.

Мікола з унутранай кішэні пінжака дастаў газету, разгарнуў яе і ўрачыста абвясціў:

- Слухайце ўважліва! Я прачытаю вам заметку «Узнагарода знайшла героя».

У пакоі стала ціха-ціха, як на могілках.

- Учора кіраўнік фірмы «Аметыст» заплаціў чатыры тысячы даляраў юнаку гадоў дваццаці пяці, які злавіў і прынёс жывога карпа ў футры. На жаль, юнак не назваў свайго прозвішча і не пажадаў сфатаграфавацца, - павольна прачытаў Мікола.

- Эх! - сціснуў кулакі Валік. - Чаму ж мы не пазванілі ў фірму «Аметыст» і не сказалі, што крадзенага карпа ім прывязуць?

- А хіба ў яго на хвасце напісана, што ён крадзены? - горка ўсміхнуўся Мікола.

Сымон устаў з крэсла, прайшоўся па пакоі і сказаў, гледзячы ў акно:

- Я знайду бандыта. Ён аддасць нам даляры.

 

9

 

На аўтобусным прыпынку, каля газетнага кіёска, у якім гандлявала прыгажуня брунетка, як заўжды, было мнагалюдна. Сымон сеў на лаўку, дзе звычайна адпачывалі пасажыры, чакаючы аўтобуса, і выняў з-за пазухі фотаапарат.

Гадзіны праз дзве да газетнага кіёска падышоў юнак, падобны на каўказца, той самы, што забраў карпа ў футры.

Сэрца ў Сымона трывожна ёкнула, забілася часта-часта, а бандыт, спыніўшыся каля кіёска, загаварыў з прыгажуняй брунеткай, прыязна ўсміхаючыся ёй.

Сымон паднёс да вачэй фотаапарат і, затаіўшы дыханне, шчоўкнуў раз, другі, трэці...

Усё. Як гаворыцца, палова справы зроблена. Цяпер можна адпраўляцца дамоў. Схаваўшы за пазуху фотаапарат, Сымон хацеў устаць з лаўкі, але заўважыў, што хлапец, перапыніўшы гаворку, накіраваўся на прыпынак. На душы ў Сымона пахаладзела. Няўжо бандыт заўважыў, што ён яго сфатаграфаваў? Што ж рабіць? Ускочыць і ўцячы? Але ж гэты налётчык і ў кватэры знойдзе, дастане.

Сымон апусціў галаву, цікуючы за незнаёмцам, які набліжаўся да яго. У гэты час да прыпынку пад'ехаў аўтобус, затармазіў, піскнуўшы тармазамі. Адчыніліся дзверцы. Прапусціўшы пасажыраў, бандыт ускочыў у аўтобус. Праз хвіліну ён крануўся, чыхнуўшы дымам, і паехаў, набіраючы хуткасць.

Сымон з сілай выдыхнуў з грудзей паветра, устаў і, ківаючыся, бы п'яны, накіраваўся дамоў.

 

10

 

Апоўдні Сымон пазваніў да Валіка і, прывітаўшыся з ім, сказаў:

- Тэрмінова прыйдзі да мяне.

- Не магу, - стаў аднеквацца Валік.

- Прыйдзі, - паўтарыў Сымон. - Цябе чакае вялікі сюрпрыз.

- Добра. Я неўзабаве прыйду, - паабяцаў Валік.

 

11

 

Валік прыйшоў хвілін праз дзесяць і адразу ж пацікавіўся:

- Які сюрпрыз мяне чакае?

Сымон моўчкі падняў тэлефонную трубку і набраў нумар Міколавага тэлефона.

- Алё! - данёсся з трубкі бадзёры Міколаў голас.

- Мікола, у мяне ёсць фотаздымкі налётчыка. Я яго сёння каля нашага газетнага кіёска сфатаграфаваў, - паведаміў Сымон.

- Якога налётчыка? - не зразумеў Мікола.

- Таго, што нашага карпа ў футры забраў.

- Жартуеш! - не паверыў Мікола.

- Мне не да жартачкаў, - прамовіў Сымон.

- Я хутка буду ў цябе, - сказаў Мікола.

Сымон паклаў тэлефонную трубку.

- Пакажы мне гэтыя фотаздымкі, - звярнуўся да сябра Валік.

- Потым пакажу. А цяпер ідзі ў спальню і сядзі там, пакуль цябе не паклічу. Зразумеў? - прагаварыў Сымон.

- Зразумеў, - нявесела адказаў Валік і, апусціўшы галаву, па калідоры паплёўся ў спальню.

 

12

 

Рэзка і патрабавальна зазваніў электрычны званок.

- Заходзь! - з выклікам гукнуў Сымон.

Адчыніліся дзверы, і ў кватэру зайшлі Мікола і... хлапец, падобны на каўказца.

Сымон стаў, скрыжаваўшы рукі на грудзях.

- Мікола, я ведаў, што ты прыйдзеш не адзін.

- Як ты здагадаўся, што я прыйду з ім? - кіўнуў галавою Мікола, паказаўшы на сябрука.

Сымон паглядзеў на Міколу, прасвідраваўшы яго вачыма.

- Калі мы вярталіся з возера, то ты падышоў да газетнага кіёска, каб паведаміць прыгажуні брунетцы, што мы злавілі карпа ў футры. Ты яшчэ раней ёй сказаў, што мы адправімся на рыбалку. Так?

- Няхай будзе так, - нахмурыўся Мікола. - А як ты праведаў, што я знаёмы з ёю?

- Навёў даведкі. Ты ж раней вучыўся не ў нашай школе, а ў суседняй, у пятай. І яна з табою там вучылася. Светай яе зваць. А гэты, - Сымон тыцнуў рукою, паказаўшы на Міколавага сябрука, - яе брат Юрка. Ён нядаўна з турмы вярнуўся.

На калідор выбег Валік. Твар у яго быў белы як палатно.

- Мікола! - крыкнуў ён. - Ты ж не выйграў. Усё роўна прэмію за карпа на траіх падзяліў.

Мікола крыва ўсміхнуўся:

- Выйграў. Света і Юрка мне дзве тысячы даляраў далі.

Падбародак у Валіка задрыжаў.

- І ты паквапіўся?..

- Дык і ты дзве тысячы даляраў сабе хацеў узяць, - напомніў Мікола.

- Гад! - вырвалася ў Сымона.

Налётчык Юрка, ступіўшы наперад, наблізіўся да яго.

- Фотаздымкі па-добраму аддасі?

- Аддам, - спакойна адказаў Сымон. - Толькі не вам, а тым маім гасцям, якіх я загадзя паклікаў.

Насцеж расчыніліся дзверы, і ў кватэру ўбеглі рослыя хлопцы ў міліцэйскай форме з аўтаматамі напагатове.

- Рукі ўгору! - скамандаваў адзін з іх.

Юрка павольна падняў угору рукі, а Мікола ў роспачы закрычаў:

- Сымон, гэтых гасцей ты загадзя запрасіў да сябе?

- Гэтых. Я ж ведаў, што ты прыйдзеш не адзін, - сказаў Сымон.


1990-2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая