epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Якімовіч

Каваль Вярнідуб

I

 

Не далёка і не блізка,

Там, дзе сонца ходзіць нізка

Ды гамоняць між сабой

Неба сіняе з зямлёй,

Адным словам, за марамі,

За лясамі, за гарамі

Жыў ды быў найлюты цар,

Той краіны уладар.

Ў залатой сваёй кароне

Ён сядзеў сабе на троне,

Ад зары і да зары

Люльку срэбную курыў

І другой не ведаў працы.

 

А навокала палацаў,

Праліваўшы горкі пот,

Знемагаў яго народ:

Дні і ночы без спачыну

У няволі гнуў ён спіну,

Пад крывавым бізуном,

На цара

І на паноў.

 

Так жылі ды пажывалі, -

Гаравалі ды ўміралі...

Прамінаў за годам год.

Але вось -

Настаў няўрод...

Як агнём, шугае сонца,

Жарам дыхае бясконца,

Перасохла ўся зямля, -

Пуста, гола, дзе ні глянь:

Ні збажынкі,

Ані кветкі -

Зачарнеліся палеткі,

З дрэў апалі ўсе лісты,

Агаліліся кусты.

І ад лютай галадухі

Гінуць людзі, нібы мухі.

 

Напужаўся люты цар,

Выклікае ён баяр.

І такую рэч вядзе ён:

«Што рабіць нам, дабрадзеі...

Ўсіх нявольнікаў ад нас

Забірае смерць не ў час.

Страшна мне, баяры-слугі:

Каб праз гэту галадуху

Не прыйшлося нам самім

Працаваць гарбом сваім?..

Чуць хачу ад вас параду:

Што рабіць, якую раду,

Мае другі і браты,

Прыгадаць нам ад бяды?»

 

Апусціўшы ў зямлю твары,

Доўга думалі баяры,

Барадамі трасучы,

Як бядзе дапамагчы

Так, каб царскія каморы

Былі поўнымі, як горы,

І сваіх засекаў збожжа

Каб ніхто не патрывожыў...

«Што ж рабіць?» - пытае цар.

І ў адказ адзін з баяр

Бараду ўверх задзірае

Ды спаважна пачынае:

«Ты паслухай мяне, цар,

Найслаўнейшы гасудар,

Знаю спосаб я нядрэнны,

Самы просты, але верны:

Загадай знішчаць дзяцей

Ды карміць тваіх людзей!

І яды будзе даволі...»

 

«Дзякуй, дзякуй, лепш ніколі

Не прыдумаў з вас ніхто б!»

Стукнуў пальцам цар у лоб.

Пасля гэтакіх парадаў

Ён склікае сваіх катаў.

І для дзетак-малышоў

Час жахлівы надышоў...

 

II

 

А жыла-была ў тым краі,

Нібы ў лузе кветка-краска,

Прыгажуня маладая

Чарнабровая Параска,

Што, як смерці страшнай цень,

Катаў царскіх з дня на дзень

Засмучоная чакала.

Як жа быць ёй? - разважала.

Аддаць катам на пацеху

Сваю радасць і уцеху -

Сына слаўнага свайго

І не бачыць больш яго?..

Ці ж здалее сэрца маці

Смерць любімага дзіцяці

Перанесці, перажыць?

Што ж парадзіць?

Як жа быць?

Доўга думала Параска,

Сохла, вяла, нібы краска

У асеннія часы

Без цяпла і без расы.

Доўга думала, гадала,

Рэчкай слёзы пралівала,

Горку долю праклінала:

«Ой ты, доля ты мая,

Лепш не знала б цябе я!»

І наважыла Параска

Не здавацца катам царскім,

А, пакуль яшчэ ільга,

Ратавацца як мага.

 

Пазбіраўшы ўсе манаткі,

Яна ў пушчу, без аглядкі,

Паляцела як страла

З свайго роднага сяла.

Тут гадзіну і другую

Завіхаецца, будуе,

Так, на скорую руку,

Хатку з моху, лазняку.

Збудавала,

Паглядзела -

Ўся ад шчасця пасвятлела:

Згінуў сум і згінуў страх, -

Радасць свеціцца ў вачах.

І бяглянка маладая

Ружай-кветкай расцвітае:

Стала пушча ёй мілей

За сяло і за людзей.

 

Недалёка ля дупла

Тут мядзведзіца жыла.

Вось назаўтра, на світанні,

Звер сышоў на паляванне,

Каб дзе ежы раздабыць,

Медзвянятак накарміць.

А Параска-маладзіца

Гэтым часам да крыніцы

Па сцюдзёную ваду

Падалася. На хаду

Песні голасна спявае,

Ўся ад шчасця сонцам ззяе.

Раптам чуе: хтось вурчыць,

Дзікім голасам крычыць.

Азірнулася - што б гэта? -

Бачыць воўка-дармаеда.

Хвост прыціснуўшы да ног,

Разбурае ён бярлог;

Натапыраны, надзьмуты,

Вые люта,

Ходзіць крута

І намерыўся, відаць,

Медзвянятак пазнішчаць.

Тут Параска з-за лаўжка

Нечакана на ваўка

Калі крыкне,

Калі гукне

Ды нагамі калі тупне -

Воўк драпежны аж умлеў,

З перапуду скамянеў...

 

А тым часам поўным ходам

Мчыць мядзведзіца з паходу

Па імхах, па верасах

З зайцам шэрым у зубах.

Як убачыла Параску,

Прывітала яе ласкай

І падзякавала ёй,

Як сяброўцы дарагой.

«Што дзяцей адратавала

Ад зубастага нахала,

Не забуду век цябе,

Памагу ў бядзе й табе,

Калі толькі давядзецца

Ў час такі з табою стрэцца».

«Калі ласка,

Калі ласка!..» -

Адказала ёй Параска

Ды хутчэй да шалаша,

Да хлапчыны-малыша

Па сцяжынцы лесавой

Мчыцца подбегам з вадой.

Доўга песціць, забаўляе,

І цалуе, й абнімае

Там сынка яна свайго,

Не нацешыцца з яго.

 

III

 

І на славу рос хлапчына,

Не па днях,

А па гадзінах.

Ды такі стаў удалец,

Ды такі стаў маладзец,

Што ні ў казцы расказаць,

Ні пяром не апісаць.

Ўвесь праменіцца, іскрыцца, -

На яго не надзівіцца!

На чале бялявым хлопца

Зіхаціцца само сонца.

Ну, а сіла, сіла тая,

Што ні дзень, то прыбывае.

Цераз месяц, як грыбы,

Выварочваў ён дубы.

 

І Параска з той часіны

Вярнідубам свайго сына

Стала клікаць-называць,

Яшчэ болей шанаваць.

Проста воч не зводзіць маці

З дарагога ёй дзіцяці.

Дружна, ў згодзе з той пары

Зажылі ўсе, як сябры, -

І мядзведзіца старая,

І Параска маладая,

Медзвяняткі з Вярнідубам, -

Проста глянуць на іх люба!

З дуплаў, з пасечных калод

Залацісты свежы мёд

Ім мядзведзіца прыносіць,

Да стала ўсіх шчыра просіць.

Суравежкі і суніцы

Зарадзілі ля крыніцы.

Іх Параска падбірала,

Ўсю сямейку частавала.

Аж аблізавалі рот,

Калі елі з грыбам мёд,

Такі свежы і душысты,

Такі чысты,

Залацісты;

Сам у роце раставаў,

Без віна ён ап'яняў.

Не хапала толькі хлеба,

Круп ды солі на патрэбу.

Але ж гэта паўбяды

Для дружацкае яды.

І вяселіцца бяглянка

Да вячэрніх зор ад ранку,

Песні звонкія свае

Вольнай птушкаю пяе:

«Чаму ж мне не пець,

Чаму ж не гудзець,

Калі ў нашай пушчы

Парадак ідзець...»

Ёй мядзведзіца старая

Часам басам падпявае:

«Смачны заяц,

Смачны кот,

Ды смачней

Пчаліны мёд -

Такі свежы

І душысты,

Такі чысты,

Залацісты...»

Вярнідуб жа на дудзе

Як зайграе-загудзе,

Ажно пушча затрасецца,

Ўсё вяселіцца, смяецца.

Ад цудоўнае ігры

Моўкнуць птушкі і звяры

І падлеткі-медзвяняткі

Яму пляскаюць у ладкі.

 

IV

 

Гэтак лета пражылося,

А за ім, глядзіш, і восень

Ўсё хутчэй

Ды ўсё хутчэй

Павуцінне сваё тчэ.

Памярцвела ўся прырода,

Гразь і холад,

Непагода...

Дождж ліецца як з вядра -

Невясёлая пара...

У заморскія краіны

Гаманлівы рой птушыны

Адляцеў, і лес густы

Стаў маўклівы і пусты.

Мішукам дык мала гора -

Ім бы мёд у вуллях спорыў

Ды вялася дзічына -

Для абедаў свежына.

І завея снегавая

Іх таксама не спужае:

У бярлозе да вясны

Пераспяць зіму яны.

Замест мёду сваю лапу

Будзе Мішка касалапы

Ссаць і марыць аб вясне

У салодкім, як мёд, сне.

 

А Параску з Вярнідубам

Восень мачыхай нялюбай

Сустракае ў шалашы.

Сумна стала на душы.

Пушча хмурая, пустая

Жалем сэрца працінае...

Холад, голад гоніць іх

Прэч адгэтуль, як чужых.

І рашылі ўсёй нарадай,

Што не знойдзеш іншай рады -

Хоць бы што там ні было, -

Як вярнуцца у сяло.

Тут Параска-маладзіца

На мядзведзіцу садзіцца,

А сынок медзведзянят

Строем выстраіў у рад

Ды за маткай наўздагон

Паімчаўся з імі ён.

 

Вось і вёска.

Што за жахі?

Людзі валяцца ад страху.

Праўда гэта, а ці сны

Сняць у ясны дзень яны:

На мядзведзіцы жанчына?!

Што за дзіва, за прычына?

І ад страху ды бяды

Уцякаюць -

Хто куды.

Ледзь Параска іх спыніла,

Ледзьве іх угаманіла,

Ды, падзякаваўшы ўсім

Дружбакам сваім лясным,

Адпраўляецца яна

Ў хатку родную адна.

На канцы на самым вёскі,

Побач з белаю бярозкай,

Побач з кузняю старой,

Спарахнелай і гнілой, -

Там стаяла гэта хатка,

А ля хаткі -

Плоцік, градкі.

Трохі ўбок відаць здалёк

І палетак і лясок.

 

Тут Параска прала пражу,

А сынок у кузні пляжыў.

І магутны той каваль

Як ніхто другі каваў.

Калі зробіць далато -

Не паломіш нізашто.

А як выкуе тапор

Ці нарог альбо сахор -

Не нацешацца дзядзькі:

Вось каваль у нас які!

Свет прайдзі -

Няма другога

Каваля такога!

Пагалоска бегла ўдаль:

Цуда-дзіва - не каваль!

Ды аднойчы, напрадвесні,

Чуе ён благія весці:

Пра яго дазнаўся цар,

Той краіны уладар,

І на цэлую сталіцу

Ён ад гневу кіпяціцца

Ды раве на ўсіх, як звер...

Зажадаў ён хоць цяпер

Учыніці згубу -

Знішчыць Вярнідуба,

Бо куды ж той варт закон,

Што не выкананы ён?

Цар збірае сваё войска,

Каб паслаць яго у вёску

Каваля таго знайсці,

У сталіцу прывясці

І ля царскага двара

Як злачынцу пакараць,

А Параску-маладзіцу

Кінуць ў цёмную цямніцу.

 

Чарней хмар

І цяжэй гор

Стала маці з гэтых пор;

Жальбай горкаю заныла -

Жыць нявесела, няміла,

Слёзы рэчкамі цякуць

На завяўшую шчаку.

І яна загаласіла:

«Родны сынку,

Сынку мілы,

Чуе сэрцайка магілу,

Чуе чорную тугу.

Ой, куды ж я пабягу,

Каму выплачу душу

І пра гора раскажу,

Як не стануць твае вочы

Мне свяціць і ўдзень і ўночы?..»

 

Вярнідуб нахмурыў бровы

Ды адказвае сурова:

«Няма сілы такой,

Каб скарыўся я ёй!

А жыццё ў барацьбе

Я здабуду сабе.

Лепш у чэсным баю

Галаву я сваю,

Ведай, маці, складу,

Чым на ганьбу пайду!»

 

Так сказаў і паляцеў

Ён разгневаны, як леў,

Проста ў кузню,

У старую,

Спарахнелую, гнілую.

На царову галаву

Стаў каваць ён булаву.

 

Як маланкі з перунамі,

Несціхана дні за днямі

Гром ваколіцу трасе,

Іскры скачуць па страсе;

І за мілі чутна - глуха

Свішча мех, як завіруха.

Так каваў каваль, пакуль

Не скаваў жалезны куль

Сарака пудоў вагою,

З ручкай гладкаю, прамою.

А зрабіўшы ўсё як трэба,

Ён шпурнуў яго у неба...

Нібы водгулле гарматы,

Загудзела булава так,

Загрымела, быццам гром,

Скаланула ўсё кругом -

Ў небе хмары,

Ў лузе кветкі,

Пушчу цёмную,

Палеткі;

Вышай лесу,

Вышай гор

Прашумела, як віхор.

 

Вось назад яна нясецца.

Ў каваля заныла сэрца,

Бо рашыў каваль напэўна

Сустракаць яе каленам,

Каб дазнацца, што за гарт

І чаго мацунак варт.

 

Не пярун з-пад цёмных хмараў, -

І магутны дуб ударыў, -

То цяжкая, як зямля,

На калена каваля

Булава яго упала...

«Добра зроблена, удала! -

Пахваліў яе каваль.

Загартованая сталь,

Не пагнулася нідзе.

Паслужы ты мне ў бядзе!»

 

А як скончыў гэту працу,

Стаў да коней прыглядацца, -

Не ісці ж яму пяшком,

Нібы старцу з хатулём!

Але колькі бачыў коней,

Усе гнуцца пад далоняй,

Пад магутнаю рукой

Выгінаюцца дугой.

Ці то коні слабаваты,

Ці то рукі вінаваты?

І задумаўся хлапчына,

Зажурыўся малайчына.

Як развеяць тут яму

Сваю сумную думу?

Вось аднойчы бачыць гэта:

На кабылцы цёмна-гнедай,

Без паўшораў, без атос,

Перакупшчык цэлы воз

Па сяле ануч прывёз.

 

Пра кабылку скажам проста:

Як той бубен, ад каросты

Паліняў худы жывот;

Тры валоссі - яе хвост.

Як ражон, ўзнялася спіна,

Уваліліся пахвіны.

І без жадных без надзей

Да яе каваль ідзе.

На рабрыны, як драбіны,

На ражоністую спіну

Жартам ён далонь кладзе.

А кабылка - ані з месца.

«Ці то праўда, ці здаецца?

Гэта ж проста дзіва з дзіў!» -

Вярнідуб загаманіў.

І асілак ледзь не скача:

«Гэта шчасце мне, няйначай:

Я такой яшчэ не бачыў!

Ды, відаць, тут не памылка...»

Заплаціўшы за кабылку,

На яе каваль садзіцца

І ў дарогу едзе-мчыцца -

За плячыма з булавой

Ды з мятлой

Над галавой.

Рысяком яна сігае

Міма лесу,

Міма гаю,

Цераз поле і кусты,

Цераз межы і платы.

І нідзе не аддыхае...

Толькі ногі падгінае

Наш асілак у каленях,

Каб не стукаць аб каменні.

 

V

 

Ехаў шматён дзён ці мала,

Ды бяда яго спаткала:

Нібы ў госці, на паклон, -

К Салаўю прыехаў ён.

Той разбойнік-Салавей

У лясным шатры жыве

На дванаццаці дубах

Ды на тысячы суках.

Год за сотню таму болей

Тут ніхто яшчэ ніколі

Ні праехаў, ні прайшоў

Ля тых волатаў-дубоў.

Палыном ды дзікім мохам

Зарасла гэта дарога:

Бо як свісне Салавей -

Не стрывае чалавек,

І, аглушаны такою

Песняй дзікай, грамавою,

Ён назад ляціць стралою;

А як крыллямі ўзмахне -

Усю пушчу скалане,

Панагоніць вецер-буру

І шалёную віхуру.

Лес трашчыць тады, галосіць,

Усяму жывому грозіць...

Тут каваль наш палахліва

Паглядзеў на цуда-дзіва

І падаўся нацянькі

Пад дубовыя сукі.

 

Гром ды буры з перунамі

Загрымелі над дубамі, -

Салавей то засвістаў,

І магутнымі крыламі

Грозна ён залапатаў:

«Я люблю прастору

І сваё ўладарства.

Не сцярплю нікога

На маіх дарогах!

Завярніся, вораг,

Гэта - маё царства!

А не хочаш -

Плахай

На траве шаўковай,

На лістах дубовых

Ляжаш ты, бадзяга!

Не страчаў, мой мілы,

Я такой шчэ сілы,

Каб ёй пакарыўся.

Вораг, завярніся!»

 

І пачуў ён у адказ

Гэткі сказ:

 

«Ай ты, волат лясны,

Ай ты, буй-Салавей!

Страшны ты, грозны ты,

Для людзей - ліхадзей.

Ты дарогу закрыў

Да зладзея-цара

І на варце стаіш

А ці дзень, ці зара.

На магутных дубах

Ты, разбойнік, асеў,

І табе, як гразе,

Пакараліся ўсе.

Толькі ж я, ліхадзей,

Не скаруся табе:

На смяртэльны на бой

Выклікаю цябе!»

 

А за гэткім сказам,

За такім адказам

Вярнідуб-асілак

Распраўляе сілу,

Булаву кладзе,

Да дубоў ідзе.

 

То не гром грымеў

І не град шумеў, -

То сілач-каваль

Дуб за дубам рваў;

Дуб за дубам рваў,

Салаўя знімаў...

 

Вось і блізка перамога,

Ўжо апошні дуб павіс...

І, збянтэжаны, ў спалоху

Салавей ляціць уніз.

 

Распасцёршы свае крылы,

Распусціўшы кіпцюры,

Ён, здавалася, без сілы

Проста валіцца з гары.

 

Але вось зладзей раптоўна

Страпянуўся, нібы леў,

І з налётнага разгону

Кавалю на шыю сеў.

 

І дзяўбе, як ашалелы,

Вярнідуба Салавей...

З кавалёвай шыі белай

Кроў струменямі плыве.

 

А навокала - нікога,

Ні адной жывой душы,

Безнадзейнай дапамога

Тут здавалася ў глушы.

 

Раптам чуе:

Ў край ад краю

Зашумела ўсё кругом, -

То мядзведзіца старая

Падбягае да яго...

 

Напалохаўся драпежнік,

Кіпцюры свае разняў

Ды з бяды - ў густы алешнік,

Ратавацца сам пачаў.

 

Але позна: следам ззаду

Загудзела булава тут,

І, ударыўшы, як гром,

Скаланула ўсё кругом -

Ў небе хмары,

Ў лузе кветкі,

Пушчу цёмную,

Палеткі...

 

Нават свіснуць не паспеўшы,

Змоўк навекі Салавей.

Акрываўлены, самлеўшы,

Уздыхнуў каваль вальней:

«Спі, разбойнік

Неспакойны,

На зямлі сырой!

На касцях тваіх

Шлях вольны

Пракладу я свой.

Гэтым шляхам

Пойдуць людзі

У шырокі свет,

Сонца й месяц

Слаць ім будуць

Ласку і прывет.

Будуць смела

Крок за крокам,

Як адзін, шагаць.

Пойдуць людзі

Ў свет шырокі

Волю здабываць!..»

 

VI

 

Атрымаўшы перамогу,

Зноў збіраецца ў дарогу

У далёкую асілак.

Кліча шуструю кабылу:

«Кось-кось-кось!»

Яе - няма...

Ён туды, сюды - дарма!

Ён за лес бяжыць, імчыцца

Да высокае гары.

Раптам бачыць:

Кабыліцу

Спанавалі там звяры...

Адбіваецца кабылка

Капытамі ад ваўкоў...

Ахапіла злосць асілка,

Закіпела яго кроў.

Булаву тады знімае

Ён з шырокіх плеч сваіх,

Рукі ўгору падымае,

Размахнуўся - і уміг,

Нібы водгулле гарматы,

Загудзела булава так,

Загрымела, быццам гром,

Скаланула ўсё кругом -

Ў небе хмары,

Ў лузе кветкі,

Пушчу цёмную,

Палеткі

І разбіла, як пярун,

Напалам тую гару.

А драпежнікі-звяругі,

Колькі сілы,

Колькі духу,

З перапуду -

хто куды

Уцякаюць ад бяды.

 

Вось каваль сабе спаважна

Разглядзеў усё і важна

Зашагаў да той гары,

Да той шчыліны-дзіры.

Пад гарой жа той крутою

Бачыць ён перад сабою

Вузкі доўгі калідор,

Што вядзе ў глыбіні гор,

У сярэдзіну глухую,

Неразгадную, нямую.

«Што за дзівы там, цікава,

І якія там праявы?» -

Сам з сабой ёй разважае,

Далей вобмацкам ступае.

Там жа - цемень, нібы ўночы,

Хоць ты выкаль сабе вочы.

Што ж рабіць? Ды на хаду

Тут павязку Вярнідуб

З галавы хутчэй знімае -

І у цемры сонца ззяе...

Залатыя ўсё палацы,

Дзе ні глянеш, мігацяцца.

А ў палацах -

Ні цароў,

Ні баяраў,

Ні паноў...

Дзе ж падзеліся яны -

І баяры, і паны?

Вярнідуб далей ступае

І палацы разглядае.

Захапіўся дзівам-цудам -

Дзівам-горадам без люду.

 

Вось глядзіць ён на памост,

Бачыць: мышкі шэрай хвост

Пад нагамі каваля

Шустра-жвава завіляў.

«Э, дык вось хто тут гуляе,

Хто палацамі ўладае!»

І на хвост мышыны той

Наступае ён нагой:

«Пачакай жа, свет-сястрыца,

На цябе дай падзівіцца!»

Мышка дробна задрыжала,

Ледзь ад страху не сканала,

Ды, сабраўшы рэшту сілы,

Яна так загаварыла:

«Адпусці мяне, мой любы,

Што табе з мышынай згубы?

Адпусці, мой дабрадзей,

Паслужу й табе ў бядзе,

Калі толькі давядзецца

Ў час такі з табою стрэцца...»

«Ха-ха-ха! Ото ж пацеха! -

Задрыжаў каваль ад смеху. -

Дзе ж то відана, сястрыца,

Каб прыйшлося мне прасіцца

Дапамогі у мышэй?!»

«Эх, каваль,

Цішэй, цішэй...

Чуеш голас ты трывожны

Вунь на лузе на мурожным?

То без жалю воўк драпежны

Там кабылку тваю рэжа,

На зялёнай мураве

На шматочкі яе рве...»

 

Спахмурнеў каваль тым часам,

Павярнуўся і адразу

На трывожны голас той

Паляцеў хутчэй стралой.

Ды, прабегшы з паўгадзіны,

У палацах заблудзіў ён.

«Што ж рабіць?

Куды падацца?» -

Стаў навокал углядацца.

«Не журыся, мой нябога,

Усе сцежкі і дарогі

Мне знаёмы і вядомы

Ў гэтым горадзе, як дома.

Толькі знай -

Не адставай

Ды за мною патрапляй!» -

Раптам зноў ля каваля

Хвосцік мышкі завіляў.

 

І за мышкай па сляду

Мчыцца ён на ўсю хаду

Па завулках незнаёмых,

Ля палацаў залачоных.

Вось і выхад засвяціўся.

Глянуў ён і зажурыўся:

Перад самымі вачамі

Ўвесь аголены ваўкамі

І аб'едзены як след

Ля гары ляжаў шкілет

Кавалёвай кабыліцы.

 

«Ах, кабылка,

Ах, сястрыца,

Ах, мая ты небарака...» -

Не сцярпеў каваль - заплакаў

І гарачаю слязой,

Як жывіцаю-расой,

Акрапіў шкілет той белы

Кабыліцы амярцвелай.

Потым з мышкай развітаўся

І маркотны зноў падаўся

У дарогу - шлях далёкі -

Без кабылкі, адзінокі,

З неразлучнаю сваёй

Гартаванай булавой

Ды мятлой

Над галавой.

 

VII

 

Так ідзе сабе, шагае

Каля лесу, каля гаю,

Цераз поле і кусты,

Цераз межы і платы.

Раптам чуе - недзе збоку,

Ад дарогі недалёка,

Голас жаласны звініць.

Адвярнуўся ён - глядзіць:

Хто там? Што за дзіўны гук?

Бачыць - пчолку ссе павук:

Крыжавік, драпежнік люты,

Крывапіўца разадзьмуты,

Быццам шар,

Ад крыві сваіх ахвяр.

 

«Эх, пузаты ты страшыдла! -

Закрычаў каваль штосілы. -

Проста бі па галаве! -

Загадаў ён булаве. -

Ў пух і прах яго рассей,

Не шкадуючы касцей,

Каб не ўбачыў болей сонца

Гэты злодзей і забойца».

 

І, паслушная загаду,

Загудзела булава тут,

Загрымела, быццам гром,

Скаланула ўсё кругом -

Ў небе хмары,

Ў лузе кветкі,

Пушчу цёмную,

Палеткі...

Ад зладзея-павука

Не знайшоў ён і шматка.

«За ратунак, чалавеча,

Буду помніць цябе вечна.

Дзум-дзум-дзум! - пчала

запела. -

Што ты хочаш - кажы смела:

Паслужыць, браток, табе

Я гатова, як сабе».

 

«Пчолка, родная сястрыца,

Мне жывая трэ вадзіца.

Там, за лесам, пры мяжы,

Воўк кабылку задушыў.

Без кабылкі ж мне, нябога,

Невясёлая дарога.

Ты ж па свеце, моў, нямала,

Дарагая, палятала,

Многа бачыла краін,

Многа ведаеш навін:

Ці не чула ты, сястрыца,

Дзе жывая ёсць вадзіца?

Калі гэта ў тваёй сіле, -

Памажы мне смерць асіліць»,

 

«Добра! Знаю я такую

Ад смярцей ваду жывую, -

У адказ яму пчала

Зажужжэла, загула. -

На мае сядай ты крыллі,

І адсюль за сотні міляў

Паляцім у хмарны круг

На высокую гару.

Там б'е шумная крыніца

Ажыўляючай вадзіцы».

 

«Згодзен, пчолка, я. Ляці!

Ды, глядзі, не падвядзі!»

Пчолка крыллямі ўзмахнула

І у неба шуганула.

Дзень ляціць, і два, і тры, -

Даляцелі да гары,

Да крутой гары высокай,

Што ўзнялася за аблокі.

Там, начэрпаўшы вадзіцы

З ажыўляючай крыніцы,

Пчолка крыллямі ўзмахнула

І на землю шуганула.

Дзень ляціць, і два, і тры, -

Апусцілася з гары,

Села-пала без памылкі

Ля задушанай кабылкі.

«Ух, бяды набраўся колькі!» -

Праказаў каваль да пчолкі,

І на той шкілет худы

Узлівае ён вады.

Раптам: праўда то, ці сніцца?

Паднялася кабыліца...

Мігам мясам абрасла

І - такая ж, як была:

Ржэ, хвастом цярэбіць мух.

Акрыяў кабыльчын дух!

«Ото ж дзіва - ад вады

Я пазбавіўся бяды!

Дзякуй, пчолка,

Шчыра дзякуй!» -

Шле каваль пчале падзяку

І, сабраўшы з бочку духу,

Загрымеў па ўсяму лугу:

«Гэй, выходзь цяпер, ваўкі, -

Паламлю усім бакі!»

 

VIII

 

Падкарміўшы кабыліцу,

Адпачыўшы ад прыгод,

У далёкую сталіцу

Ён кіруе свой паход.

 

Пералескамі, лясамі,

Цераз поле, міма гор

Мчыцца рыссю дні за днямі

Кабыліца, як віхор.

 

Вось аднойчы па змярканні,

Як кругом сцямнела даль,

Сярод лесу, на паляне,

Адпачыць прылёг каваль.

 

Раптам чуе ён спрасонку

Не то лямант, не то плач...

«Што за дзіўная гамонка?

Чалавек там ці пугач?»

 

Вось ізноў... І голас ясны:

«Ах, за што?.. за што?.. чаму?..»

Хто ж такі гэты няшчасны

І што трэба тут яму?

 

Ўстаў каваль, працёршы вочы,

Пацягнуўся раз-другі

І ў густую цемень ночы

Накіроўвае шагі.

 

Ён ідзе і вострым слухам

Ловіць кожны шолах-гук:

Празвініць у сецях муха,

Або хрусне побач сук,

 

Ці запыхкаецца вожык

Над зямлёю у кустах,

Дробных птушак патрывожыць,

Наганяючы ім страх...

Ён ідзе і пільным вокам

Аглядае ўсё навокал.

 

Дзе ж падзеўся той няшчасны?

Голас змоўк яго цяпер.

Мо сканаў ён гэтым часам?

Мо дакончыў яго звер?

 

Ён спыніўся на хвіліну,

Прыслухоўвацца пачаў.

Раптам, нібы замагільны,

Той жа голас прагучаў.

 

І па голасу, налева

Углядаецца каваль:

Перад ім таўстое дрэва,

А ля дрэва галава,

Звяўшы, звешана на грудзі,

Рукі скручаны назад...

«Хто ж такі, скажы, ты будзеш?

Што з табою, мой ты брат?»

 

Да яго каваль з прамовай

Зварачаецца такой.

І ў адказ ён чуе словы:

«Дарагі збавіцель мой!

Ой, ратуй хутчэй, мне цяжка...

Не магу я больш цярпець.

Распраклятыя мурашкі

Загрызуць мяне насмерць...»

 

«Ты - ў мурашніку?! О, дзіва!

У смяртэльнай ты бядзе...

Гэткай лютасці жахлівай

Я не чуў яшчэ нідзе...»

 

І, падскочыўшы, умомант

Ён вяроўку адшукаў,

Нібы каліва саломы,

На кавалкі разарваў,

 

Ды, як хлопчыка малога,

Маладога дзецюка

Ён з мурашніка страшнога,

Падхапіўшы, на руках

 

Вымчаў. Сам дрыжыць ад гневу:

«Хто ж адважыўся пасмець

У мурашніку пад дрэвам

Для цябе прыдумаць смерць?

 

Люты ён, а ці шалёны?

Хто такі той ліхадзей?

І хто даў яму законы

Гэтак здзеквацца з людзей?»

 

«Не шалёны ён, а люты,

Ліхадзей, дык гэта так», -

Слабым голасам пакутным

Адказаў яму бядак.

 

«Ён - мой пан, а я - нявольнік,

Мошка я -не чалавек...

Ды няма ўжо сілы болей

Нам цярпець нялюдскі здзек!»

 

«А за што ж, скажы, саколе,

Пан цябе так пакараў?»

«За ката свайго», - нявольнік

З болем ў сэрцы адказаў.

 

«За ката свайго? Нічога

Не вазьму я да ладу:

Што ж зрабіць ты мог такога

Таму панскаму кату?»

 

«Я даглядчыкам кашачым

Быў служыў. Глядзеў, як мог.

Ды бяда прыйшла, няйначай:

Лепшы кот у пана здох...

 

А пасля - табе ўсё ясна:

Люты панскі быў прысуд...

Смерці я чакаў, няшчасны,

У мурашніку вось тут.

 

Ды не час, відаць, памерці:

Ты, збавіцель родны мой,

Мяне выбавіў ад смерці,

Ад пакутнай, нелюдской.

 

Хто ж ты будзеш, малайчына?

Чым аддзякаваць магу,

Дабрадзей, за твой учынак -

Чым табе дапамагу?»

 

«Ты - нявольнік, я - таксама,

З аднае сям'і.

Нас адна чакала яма,

З аднае зямлі.

Ды за здзек з людзей, пакуты,

Брат і дружа мой,

Нам адкажа пан твой люты

Галавой сваёй!»

 

IX

 

Па расправе ж з лютым панам -

Людаедам тым паганым -

Зноў пускаецца каваль

У нязведаную даль.

 

Ехаў шмат ён дзён ці мала,

Ды бяда яго спаткала:

Як раптоўны з неба гром,

Войска царскае кругом

Незлічонай грознай сілай

Вярнідуба акружыла,

Крумкачамі аблягло,

Шлях-дарогу заняло.

Уся зброя іх стальная,

Ўся адзежа блешаная,

Ўсе вяльможныя паны -

Проста рыцары адны.

А наперадзе сам цар,

Той краіны уладар,

З барадою па калені,

Росту з сажань ён - не меней.

Ўсе ваякі, хоць куды,

Нібы родныя браты.

Стаў каваль. Арліным вокам

Аглядае іх навокал:

Як тут справіцца яму

З гэткім войскам аднаму?

 

«Ай, куды ты, ай куды ты? -

Раскрычаўся цар сярдзіты. -

Мы ўсе едзем ла цябе -

Галаву знімаць табе!»

 

І ад злосці барадою

Ён трасе, нібы мятлою,

Ды грыміць на ўсе лады:

«Гэй, падаць яго сюды!»

 

Тут па царскаму загаду

Ўсе ваякі рад за радам -

Ўсе стральцы

І ўсе баяры

Грозна рушылі, як хмары,

Шаблі ўгору узнялі,

Загукалі, зараўлі

І ляцяць да каваля,

Аж гудом гудзе зямля...

 

«Будзь што будзе!» - вырашае

Сам сабе каваль.

Булаву з плячэй знімае,

Аглядае даль.

 

Развітаўся з светам белым,

З буйнай галавой

І віхром імчыцца смела

На смяртэльны бой.

 

Як махнуў ён булавою

Раз і два разы -

Галава за галавою,

Быццам гарбузы,

З плеч баярскіх паляцелі

На усе бакі,

Па каменнях затрупцелі

Проста як гаршкі.

 

Вось ізноў, ізноў заносіць

Булаву каваль...

Ды - рука спачынку просіць,

Звісла булава...

 

Больш не хоча узнімацца,

Стала, як гара,

Адмаўляецца змагацца

З войскамі цара.

 

Відаць, сілы ён не змераў

Маладой сваёй,

Булаву, відаць, не ў меру

Выкаваў цяжкой...

 

А баяры, нібы мухі,

Разгудзеліся над вухам:

«Ай і грозны ж ты, хлапчына,

Ай якія дзівы чыніш!..

Ды, малойчык, мы з табой

Зараз справімся, пастой!»

І сам цар да іх пад'ехаў,

Заліваецца ад смеху,

Аж калоцяцца бакі:

«Ух, ваяка ты які!

Замарыўся з булавою?

А цяпер, брат, галавою

Ты расплацішся сваёю!

Ты расплацішся - ха-ха!

Не сілач ты, а блыха...»

 

Ускіпеў каваль ад злосці,

Грозна глянуў на цара.

«Паміраць мне, ягамосцю,

Не прыйшла яшчэ пара!

Яшчэ рана, цар-страшыдла,

Смерць суліць мне ці палон!»

І, сабраўшы рэшту сілы,

За мятлу ўхапіўся ён.

 

Цар, і войкнуць не паспеўшы,

З ног зваліўся самы першы.

Паслухмяная мятла

Чыста-гладка памяла.

Нібы востраю касою,

Стаў касіць каваль мятлою.

І баяры, як клубкі,

Котам коцяцца ў бакі,

Крок за крокам так патроху

Ачышчаючы дарогу,

Дзе кавальская мятла

Прашумела, прагула.

 

І налева і направа

Косіць наш каваль на славу!..

Так да вечара мяла

Паслухмяная мятла,

Незлічоную ўсю сілу

Войска царскага злажыла.

Спяць ваяк на ваяку,

Як снапы на таку.

Ўзмах мятлы каваль спыняе,

Поле бітвы аглядае.

Вочы радасцю іскрацца:

Скончыў цяжкую ён працу

І на царскіх на касцях

Пралажыў да волі шлях!

 

X

 

Атрымаўшы перамогу,

Зноў пускаецца ў дарогу:

Да самой сталіцы

Ён цяпер імчыцца.

 

Едзе ён, ці ноч ці дзень,

Не спыняецца нідзе.

Раптам бачыць:

Пры гасцінцы,

Недалёка ад сталіцы,

Падарожныя сядзяць,

Сумна-жаласна глядзяць,

Апусціўшы ў землю вочы.

Твары ж іх

Чарней ад ночы...

 

«Што, малойцы, спахмурнелі? -

Запытаў у іх каваль. -

Не пілі вы

Ці не елі,

Скуль ваш гэты

Смутак-жаль?

Ці няшчасце вас якое

Стрэла лютае, ліхое?

Ці пакрыўдзіў лёс благі

Вашых родных, дарагіх?

Адкажыце мне, братове,

Вас паслухаць я гатовы».

Тут падняўся самы першы,

З падарожнікаў старэйшы,

Па празванню

Круцікамень,

Ды, махаючы рукамі,

Нібы крыллямі вятрак,

Пачынае мову так:

«Мы, наш добры чалавеча,

Каб сказаць табе дарэчы,

Без хлусні і без прыкрас,

Ўсе - асілкі.

Кожны нас

Добра знае ў гэтым царстве,

Ў гэтым царстве-гасударстве.

Вось бягун наш -

Буйны Вецер:

За яго ніхто на свеце

Не лятаў яшчэ хутчэй.

Ну, а той -

Граза Марэй,

Што ўзнімае ураганы

Над шырокім акіянам,

І усю ваду да дна,

Як захоча,

Будзе гнаць

На зямлю ён на сухую -

Мае сілу, бач, такую!

А вось гэты -

Наш Гарошак;

Сто пудоў падняць ён можа

Правым мезенцам сваім, -

Што усе мы перад ім?!

Самы ж крайні -

То Мікіта,

Не так дужы,

Як сярдзіты.

Хлопчык - будзе яму сын.

Росту - з шапкаю аршын.

Толькі ж сілы ён, саколе,

Мае з пуд,

Калі не болей.

Сум наш, добры чалавеча,

Каб сказаць табе дарэчы,

Не з бяды якой

Ці здрады,

А ад царскага загаду:

Нам ці голавы складаць,

Ці царэўну адшукаць,

Цара родную сястру...

Заўтра ў гэтую пару

Як не знойдзем той царэўны,

Дык загінем мы напэўна,

Свет цалюткі азванілі,

Горы-долы абхадзілі,

Ані чутак, ані слуху

Пра яе нідзе ні духу.

Кажуць, што мядзведзь Бурэй

Заўладаў царэўнай тэй,

І яна цяпер, саколе,

У чарнюсенькай няволі:

За жалезнымі дзвярамі,

За сталёвымі замкамі,

А на варце ля дзвярэй

Сам мядзведзь стаіць Бурэй.

Кажуць, нават

Нельга, дружа,

Адалець яго аружжам.

Толькі ж дзе ён,

Той мядзведзь, -

Цяжка гэта зразумець...

Свет цалюткі азванілі,

Горы-долы абхадзілі,

Дзе мы толькі ні былі, -

Ды царэўны не знайшлі...»

Злез каваль з сваёй кабылкі,

Булаву знімае з плеч.

Пакланіўся тым асілкам

І такую кажа рэч:

«Бачыць вас, сябры, я рады.

Рад сардэчна вас вітаць!

Кіньце ж гэты сум пракляты, -

Не пара вам паміраць!

Вы ж краса свайго народа,

Сіла вы, а не - нішто...

Слабым розумам прырода

Надарыла вас, ці што?

Цар з баярамі прад вамі -

Машкара!

Хіба не так?

Іх адзін ваш Круцікамень

Перацёр бы ўсіх на мак.

А калі яшчэ й Гарошак

Правым мезенцам паможа

Ды дыхне з сваіх грудзей

Хоць разок Граза Марэй, -

Дык ураз,

Як глянуць вокам,

Пазнішчалі б, нібы мух,

Вы цара свайго і слуг

Яго блізкіх і далёкіх.

Вось мая якая рада,

Хоць яна і пазнавата...»

 

І каваль ім па парадку

Расказаў усё спачатку -

Хто ён сам, адкуль ён едзе,

Як пазбавіўся ад смерці,

Як спаткаў цара й баяр,

Як загінуў люты цар

Разам з слугамі сваімі,

Ліхадзеймі нелюдскімі, -

Словам, як яго мятла

Войска царскае змяла

Са шляху, бы смецце тое,

Непатрэбнае, благое.

Як пачулі гэта слова

Тыя сілачы,

Узнялі вышэй галовы:

«Хлопцы, гэй, скачы!»

Ўсе рукамі замахалі,

Закрычалі, загукалі,

І, узяўшыся у бокі,

Дружна з радасці такой

Завярцеліся у скоках,

Закружылі талакой,

Толькі пыл віхрыць навокал,

Аж каваль наш не стрываў

Ды таксама ўзяўся ў бокі -

Разам з імі заскакаў.

 

XI

 

А размяўшы косці

Шчырай весялосцю,

Разам з сілачамі -

Вольнымі арламі -

Па гасцінцы бітым,

Па бялюткім свеце

На кабылцы гнедай

Едзе каваль, едзе,

Ўсюды праязджае,

Перашкод не знае,

Нібы вольны вецер,

Нібы птушка тая.

І паны-баяры,

І стральцы-гусары -

Царская ўся сіла -

Млеюць прад асілкам

Ад аднаго слова

Пра яго суровы

Гнеў на людаедаў

За бацькоў і дзедаў,

Імі рабаваных,

Гнаных, катаваных.

Па шляху-дарозе

Не было слупоў,

На якіх не вешаў

Панскіх ён галоў;

На шляху-дарозе

Не мінаў нідзе

Гнаных, катаваных,

Скрыўджаных людзей.

Скрыўджаным, нявольным,

Як братам сваім,

Ён заўжды гатоў быў

Памагчы усім.

Дзень за днём ён едзе,

Ноч за ноччу едзе,

Сонца яго грэе,

Месяц яму свеціць,

А вадою пояць

Чыстыя крыніцы.

Гэтак даязджае

Да самой сталіцы.

Мора мітусіцца

Ад галоў народу -

Цэлага паходу...

Спераду манахі

Ў чорных апранахах,

Як жукі, з папамі

Цягнуцца радамі, -

Па цару,баярах

Памінкі спраўляюць,

Тысячы кадзілаў

Хмарамі ўздыхаюць.

А за імі следам

У паходзе гэтым

Нехаця, павольна

Люд брыдзе нявольны,

Абшарпаны, голы,

Ды такі вясёлы,

Сэрцы шчасцем поўны,

Сэрцы ўсіх гавораць:

«Хто такі ваяка,

Хто такі сіляка,

Што забіў іх гора, -

Цара-людаеда,

Жалю хто не ведаў

Спакон веку-роду

Да свайго народу».

Тут асілак пад'язджае

І паход той прыпыняе,

На ўсе светлыя староны

Б'е ён нізкія паклоны

Ды такое слова кажа:

«Люд нявольны,

Воля ваша:

А ці жыць мне,

Ці памерці -

Я віноўнік

Царскай смерці...»

І каваль ім па парадку

Расказаў усё спачатку -

Хто ён сам,

Адкуль ён едзе,

Як пазбавіўся ад смерці,

Як спаткаў цара й баяр,

Як загінуў люты цар, -

Словам, як яго мятла

Войска царскае змяла

Са шляху, бы смецце тое,

Непатрэбнае, благое.

«А цяпер ўсяму народу

Абвяшчаю я свабоду!

Будзем самі,

Будзем самі

Над сабой

Гаспадарамі!»

 

Пасля гэтакай навіны

Усе людзі той краіны

Пазляталіся, як птушкі,

Вярнідуба сталі гушкаць,

За геройскі яго ўчынак

Велічаюць малайчынам.

Гонар, слава кавалю

На ўсю вольную зямлю!

І, паклікаўшы музыкаў,

Баль наладзілі вялікі.

Пілі, елі, што хацелі,

І скакалі, як умелі.

Вярнідуба частавалі,

Весяліліся, спявалі,

Як ніколі, ўсе уволю,

Аж грымелі лес і поле,

Ды палацаў камяніцы

Калаціліся ў сталіцы.

Адназгодна сюды з ласкай

Запрасілі і Параску.

Мышку шуструю,

Кабылку,

Пчолку слаўную, двухкрылку,

І мядзведзіцу з бярлогу, -

Весяліцца хай памогуць!

Ну, вядома, быў і я там,

«Казака» скакаў заўзята,

Мёд, віно і піва піў,

Толькі вусны памачыў.

 


1930-1936?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая