epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Якімовіч

Квіток

1
2
3
4


1

 

Рука адчыніла шафу. У ёй ляжаў пасаг для дачкі Ларысы: на першай паліцы - ручнікі, на другой - прасціны, на трэцяй - рознакаляровыя посцілкі.

Вочы спыніліся на той паліцы, дзе ляжалі ручнікі, бо нечы таемны голас падказаў душы: «Тут ляжаць грошы. Тут іх шукай».

Сапраўды, пад ручніком пальцы намацалі стосік купюр. Яны ўздрыганулі, замерлі, сціскаючы шурпатыя паперкі, а потым хутка пачалі іх лічыць: адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем, восем...

- Хопіць, - шапнулі губы, і пальцы выцягнулі з шафы восем купюр.

- Ад мяне грошы не схаваеш! - хрыпла вырвалася з грудзей.

 

2

 

Пецю разбудзіў праменьчык сонца, які зазірнуў праз занавеску і, дражнячыся, заскакаў па ягоным твары.

З кухні даносіліся прыглушаныя галасы. Там, ведаў Пеця, ужо гаспадараць маці і сястра Ларыса. Ларыса старэйшая за яго. Гэтым летам яна скончыць дзевяць класаў. Сястра ўчора дамовілася з маці, што сёння яны пойдуць на рынак, каб купіць на выпускны вечар святочную сукенку.

- Мама, купім тую блакітную, што я табе паказвала, - пачуў Пеця, як сказала Ларыса.

«І ў старой цябе пазнаюць», - незычліва падумаў ён пра сястру.

У суседнім пакоі на ложку заварочаўся бацька. Учора ён прыйшоў дамоў п'яны. Давалокся да ложка, лёг, не распранаючыся, і адразу ж захроп.

Зараз бацька злезе з ложка, зойдзе на кухню і стане прасіць у маці грошай на піва. Яна абзаве яго алкаголікам, а ён пачне даказваць, што п'е рэдка, усяго раз у тыдзень, а іншыя мужчыны п'юць праз дзень, а то і часцей. Доўга будзе цягнуцца гэткая гаворка.

Зарыпеў ложак.

Пеця здагадаўся, што бацька ўстаў. Цяпер ён сядзіць на ложку і моршчыць лоб, стараючыся ўспомніць учарашняе.

- Дачушка, - пачуў Пеця матчын голас, - у нашым мікрараёне, я чула, адкрылі начны клуб толькі для дзяўчат. Мужчын туды не пускаюць. «Сябрынай» яго назвалі.

«Пускаюць і мужчын, ды не ўсіх. З тоўстым кашальком у любы клуб можна зайсці!» - ледзь не крыкнуў Пеця.

- Дачушка, ты туды не хадзі, - працягвала размову маці. - Я чула, што там збіраюцца адныя распусніцы.

- Мама, калі б я і захацела туды пайсці, то не змагла б, бо за ўваход шмат грошай трэба заплаціць! - абураная, усклікнула Ларыса.

Пеця сціснуў зубы. Грошы, грошы... Ён прадчуваў, што сёння з-за грошай у іхняй сям'і распачнецца моцная сварка.

«Я не вінаваты!» - чамусьці хацелася крыкнуць яму.

Бацька, седзячы на ложку, закашляўся. Кашляў ён доўга, хрыпла, як стары.

- Наш алкаголік прачнуўся, - моцна, каб пачуў бацька, прамовіла маці.

- Мама, я схаджу да сяброўкі, - падала голас Ларыса.

- Дачушка, са мною пабудзь, пасядзі.

«Маме патрэбна падтрымка. На Ларысу ўся надзея. А пра мяне яна зусім не думае, лічыць, што я малы», - з горкасцю адзначыў пра сябе Пеця.

Бацька чыркнуў запалкай, і ў пакой паплыў едкі цыгарэтны дымок. Пеця рукою затуліў рот. Сонечны зайчык, лашчачыся, ускочыў яму на руку, але Пеця яго не заўважыў.

«Грошы, грошы, грошы!..» - нібы на пласцінцы, якую заела, застукала ў скронях.

Бацька тым часам, крэкчучы, злез з ложка і, пыхкаючы цыгарэтай, падаўся на кухню.

З Пецевых грудзей вырваўся стогн, але гэты стогн бацька не пачуў.

- Дай на піва, - пачаў ён.

- Не дам!

- Я ж адзін раз у тыдзень выпіваю. Іншыя праз дзень п'юць. Вось Міцька, напрыклад...

- Не прасі, бо не дам! - перапыніла бацьку маці.

Ларыса не ўступала ў гаворку. Пеця ўявіў, як яна сядзіць за кухонным сталом, сціснуўшы тоненькія пальчыкі, з-пад ілба пазіраючы на бацьку.

- Ну, дай! Галава расколваецца. Зразумей.

Маці не хацела разумець:

- Алкаголік, не дам!

- Мама, дай, але няхай ён напіша распіску, - неспадзявана заявіла Ларыса.

Пеця напружыўся, сцяўся. Яму хацелася ўскочыць, пабегчы на кухню і грукнуць па стале кулаком так, каб з кухні разбегліся ўсе: і бацька, і маці, і Ларыса.

«Грошы, грошы, грошы», - стукала ў скронях.

Калі маці пагодзіцца з Ларысай і пойдзе па грошы, то...

- Якую распіску? - усклікнуў бацька.

- Звычайную, - сказала Ларыса. - Напішаш, што п'еш, што ў мамы грошы крадзеш. А ў канцы напішы, што больш не будзеш красці.

- Краў і больш не буду красці? - голас у бацькі задрыжаў.

- Ларыса, можа, не трэба? - глуха прамовіла маці.

- Трэба! - цвёрда прагаварыла Ларыса.

Пеця праглынуў даўкі камяк, які засеў у горле, і дастаў з-пад падушкі квіток. Зараз ён устане, прынясе гэты квіток на кухню і пакажа бацьку, маці, Ларысе. Рана ці позна, а ўсё роўна прыйдзецца яго паказаць.

- Дачушка, ты патрабуеш ад мяне распіску? - хрыпла засмяяўся бацька.

- Хочаш атрымаць на піва - пішы.

- Ну і напішу, калі вам так прыспічыла, - весялей засмяяўся бацька.

- Сам напішаш ці мне прадыктаваць? - запыталася Ларыса.

- Сам напішу.

Гарэзлівы праменьчык сонца заскакаў на Пецевай руцэ, у якой быў квіток. Пецева рука ўпала на ложак. «Ларыса палохае бацьку. На кухні адбываецца звычайная камедыя. А на піва бацька не атрымае, не. Біцца ж да Ларысы ён не палезе. Дый маці за Ларысу заступіцца, калі што. Крыху пакрычаць яны - і разбягуцца. І зноў да наступнай суботы будзе спакойна ў хаце», - падумаў Пеця і прашаптаў:

- Няхай будзе так. Няхай.

- Напісаў? - Ларысін голас другі раз прымусіў Пецю напружыцца, сцяцца.

- Напісаў. Бяры. А грошы дзе?

- Мама, прынясі яму на піва.

- Алкаголік! - крыкнула маці і, шлёпаючы тапачкамі па падлозе, накіравалася ў залу да шафы.

«Трэба спыніць яе», - падумаў Пеця і прыўзняўся.

- Ларыса, ён грошы ў мяне ўкраў! Я табе на сукенку сабрала, а ён украў! - з залы закрычала маці.

- Мама, я ў міліцыю пазваню! Няхай прыедуць і забяруць яго! - прыгразіла Ларыса.

- Звані. Мяне не забяруць, - гучна зарагатаў бацька.

Пеця ўскочыў з ложка, губамі і носам упёрся ў шыбу акна і затуліў вушы.

 

3

 

Міліцыя прыехала хутка, хвілін праз дзесяць. З легкавушкі вылез маладзенькі рыжы лейтэнант. «Я яго, здаецца, нядаўна з Ларысай бачыў», - тахнула Пецю ў галаву, і ён адняў рукі ад вушэй, каб зноў не толькі бачыць, але і чуць.

Рыжы лейтэнант задраў галаву, вачыма прабег па вокнах іхняй кватэры. Убачыўшы Пецю, скрывіўся і накіраваўся ў пад'езд, трымаючы пад пахай тонкую скураную папку.

Зазвінеў званок. Пецю здалося, што затрашчаў аўтамат і гарачымі кулямі прашыў ягоныя грудзі. Ён чакаў, што кроў вось-вось пырсне з грудзей. Дзверы адчыніла Ларыса.

- Заходзьце, - ветліва запрасіла яна лейтэнанта.

- Вы выклікалі міліцыю? - пацікавіўся лейтэнант.

- Забярыце яго. Ні мне, ні маме жыць не дае.

Пеця здагадаўся, што і бацька выйшаў у калідор, каб сустрэць міліцыянера.

«Ну чаго ж ты сам лезеш у нерат? З цябе ж пасля ўчарашняга прэ, як з віннай бочкі!» - падумаў ён пра бацьку.

- Вы не маеце права мяне з маёй кватэры забіраць! Я ў кватэры не дэбашыру! - расхрабрыўся бацька.

- Ён напісаў распіску, - з'едліва сказала Ларыса. - Прачытайце, таварыш лейтэнант.

Стала ціха. Пеця здагадаўся, што рыжы лейтэнант чытае бацькаву распіску. Занесці квіток і паказаць яму? Але што гэта дасць? Бацькава песенька ўсё роўна спетая. Што ж зрабіць? Вось каб стукнуць кулакамі па шыбе, каб шкло зазвінела, каб людзі выскачылі з пад'езда! А потым «Ратуйце!» на ўвесь голас закрычаць.

Пеця, напэўна, так і зрабіў бы. Ён стукнуў бы кулаком па шыбе, закрычаў бы, збіраючы людзей, але яму ў вочы засвяціў сонечны прамень, прымусіўшы зажмурыцца і адысціся ад акна.

- Грамадзянін, я прачытаў вашу распіску. Паедзеце з намі. Збірайцеся, - загадаў рыжы лейтэнант.

- Не паеду! Не маеце права! - цвярозым голасам крыкнуў бацька.

- Наручнікі надзенем, калі будзеце супраціўляцца, - папярэдзіў бацьку рыжы лейтэнант.

- Я пайду, але вы за гэта адкажаце.

Бразнулі дзверы.

- Відаць, ужо вядуць! - з чыйгосьці адчыненага акна данёсся тонкі жаночы галасок.

Пеця, ступаючы цвёрда, па-вайсковаму, як навучылі яго на ўроку фізкультуры, накіраваўся на кухню.

Маці сядзела на табурэтцы каля акна, а Ларыса стаяла каля газавай пліты. Увесь яе прыгожанькі тварык быў пабіты на чырвоныя плямы.

- Сынок, яго не пасадзяць. Толькі напалохаюць.

- Мама, пасадзяць. Рыжанькі лейтэнант ходзіць у «Сябрыну». Яго туды бясплатна прапускаюць.

- Ну і што? - паглядзела на брата Ларыса.

Пеця ўбачыў у яе вачах нянавісць.

- Мама, вось квіток. - Пеця распраміў пальцы і падаў маці той квіток, які ўсю ноч хаваў пад падушкай.

Ларыса кінулася да Пеці.

- Аддай!

Пеця плячом адштурхнуў сястру.

- Мама, гэта - білет ў «Сябрыну». Ларыса сёння ў дзве гадзіны ночы дамоў вярнулася, а я не спаў. Я квіток забраў з яе сумкі.

Маці злякнулася - ёй не хапала паветра.

- Ларыса, ты ўкрала грошы?

- Мама, яна даўно ходзіць у «Сябрыну».

- Дачушка, што ж ты нарабіла? Чаму ты так? - усклікнула маці.

- Мама, цяпер жыццё такое, - ухмыльнулася Ларыса і звярнулася да Пеці: - За бацьку заступаешся! А чаму ж ты не заступіўся за яго, калі міліцыянер быў у хаце? Духу не хапіла, спалохаўся?

- Шлюха! - крыкнуў Пеця і плюнуў Ларысе ў твар.

 

4

 

Пеця ляжаў на ложку і моўчкі глядзеў на белую столь. Сонечны зайчык бегаў па ім, лашчыў яго.

Ларыса, стоячы каля шафы, кусала доўгія наманікюраныя пазногці, а маці сядзела каля акна. Яе плечы калаціліся ад бязгучнага плачу.


2000-2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая