epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Якімовіч

Лімонка

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13


1

 

Ноч выдалася ціхая, цёплая, лагодная. Стаміўшыся за дзень, хлопцы спалі нібы пшаніцу прадаўшы. Паціху, каб не разбудзіць іх, Ён выпаўз з палаткі і намацаў левай рукою шорты, якія віселі на жардзінцы.

У кустах спявалі, пераклікаліся птушкі, а ў возеры (яно цьмяна блішчала ў цемры), гуляючы, плёскала рыба.

Азірнуўшыся, Ён праваю рукою ўзяў рабрыстую лімонку, што ляжала каля палаткі на пяньку. Рука ўздрыганула, далоня пакрылася ліпкім потам, у грудзях моцна застукала сэрца. У палатцы хтосьці з хлопцаў гучна ўсклікнуў у сне.

Ён сцяўся, прыслухоўваючыся, а потым падняў лімонку і, затаіўшы дыханне, паклаў яе ў кішэню шортаў. Рана-раненька, перад усходам сонца, паветра скалане выбух, і аднаго з тых хлопцаў, што бестурботна спяць у палатцы, не стане. Хтосьці загалосіць, хтосьці выцісне слязу, хтосьці пашкадуе, а Яму стане лягчэй. Жыццё не спыніцца, будзе ісці гэтак жа, як і ішло. "На аднаго больш, на адного менш. Якая розніца для Зямлі, для Сусвету! Ад таго, што загіне адзін чалавек, Сусвет не пацерпіць", — падумаў Ён і па-змяінаму. запоўз у палатку, лёг, накрыўся прасцінай і заснуў.

 

2

 

Ужо каторы дзень стаяла спякота. Трава на ўзбочынах выгарэла ад сонца, пажаўцела. Стала жаўцець і лісце на дрэвах. Ветрык, які часам налятаў з-за дамоў, зрываў яго і кідаў на асфальт, пад колы імклівых аўтамабіляў.

У паднябессі, як бы пацяшаючыся з людзей, замучаных гарачынёю, патрэскваў гром, але дажджу не было.

Выпускнікі дзевятага класа Стась, Рыгор, Мітрафан і Яша на канцовым прыпынку вылезлі з аўтобуса, надзелі напакаваныя рукзакі і рушылі па шашы, уздоўж якой з абодвух бакоў рос лес.

Першым ішоў Рыгор. Высокі, даўганогі, ён, нягледзячы на гарачыню, ступаў размерана, шырока. Ад Стася стараўся не адстаць Мітрафан. Гэтаю вясною, перад выпускнымі экзаменамі, ён пастрыгся нагола. На ягонай лабаставай галаве, амаль на самым цемені, выдзяляўся чырванаваты шрам. Гадоў дзесяць таму назад п'яны бацька стукнуў яго па галаве табурэткай. Бацька неўзабаве памёр ад гарэлкі, а ягоны знак застаўся на Мітрафанавай галаве.

"Адзін-два, адзін-два", — аблізваючы перасмяглыя губы, лічыў пройдзеныя крокі Мітрафан, падахвочваючы сябе. Але цяжэй за ўсіх было Яшу, які ў рукзаку нёс палатку. Ён ішоў, моцна сціснуўшы тонкія, як нітачка, губы і раз-пораз рабром далоні выціраў мокры лоб. Яша злаваў на сяброў, якія ішлі не азіраючыся. Калі б хто-небудзь з іх азірнуўся і сказаў цёплае слова, падбадзёрыў, то Яшы, напэўна, стала б лягчэй.

Збіраючыся ў гэты паход, хлопцы надзелі белыя спартыўныя майкі, на якіх вялікімі блакітнымі літарамі была выведзена назва іхняй любімай каманды: "Дынама".

Хлопцы вучыліся ў розных школах горада, але ўсіх іх аб'яднала і пазнаёміла футбольная каманда "Дынама", на стадыёне якой яны часта збіраліся, бавячы вольны час. Пазаўчора Рыгор прапанаваў з'ездзіць за горад на возера, дзе ён не раз і не два адпачываў з бацькамі. Мітрафан, Стась і Яша, якім, як і Рыгору, надакучыла сядзець у душным горадзе, з радасцю яго падтрымалі.

— Начальнік! — звярнуўся да Рыгора Стась. — Нам яшчэ доўга топаць да возера?

— Кіламетр з гакам застаўся, — бадзёра адказаў Рыгор і збочыў направа, на пясчаную дарогу, што вяла праз лес на возера.

 

3

 

Адзін бераг гэтага ляснога возера быў нізкі, балоцісты, парослы аерам і асакою, а другі — высокі, пясчаны. Тут раслі кусты ядлоўцу, сасны і бярозы.

Пад купкай бярозак хлопцы раскінулі палатку, побач забілі два калкі, на якія павесілі трыко і шорты. Сінія трыко з жоўтымі лампасамі належалі Стасю і Яшы, а шорты — Мітрафану і Рыгору.

— Стась, вунь каля таго ядлоўца, — паказаў рукою Рыгор, — выкапай для смецця ямку.

Стась скрывіўся як серада на пятніцу:

— Я жардзінку з лесу прынёс, калкі прынёс. А цяпер і ямку капаць? Сам выкапай.

— Я выкапаю, — падахвоціўся Мітрафан, і ўзяўшы сапёрную рыдлёўку, з сілай загнаў яе ў дзірван.

Мітрафан капаў хутка, умела. На загарэлых потных руках выступалі пругкія мускулы. Непадалёку на жываце ляжаў Яша і, як заварожаны, пазіраў на Мітрафана.

— Мітрафан, а ты сапраўдны землякоп! — не вытрываўшы, пахваліў.

— Пасля горада мне здаецца, што ў рай трапіў! Хлопцы, у мяне душа спявае! — Мітрафан стукнуў сябе кулаком у грудзі і зацягнуў:

Падушачкі, падушачкі

Ды ўсе пухавыя.

Маладзічкі, маладзічкі

Ды ўсе маладыя.

Каго люблю, каго люблю,

таго пацалую,

пуховую падушачку таму падарую.

Голас у Мітрафана быў моцны, прыгожы. Рэха панесла песню па лесе.

— Проста беларускі салавей! — усміхнуўся Яша, паказаўшы шырокія, як долата, зубы.

— Бач, як распірае цябе ад радасці! Глядзі, не наспявай сабе на бяду, — заўважыў Стась.

Мітрафан набраў на рыдлёўку пяску і, прамовіўшы "Ціпун табе на язык!", кінуў на Стася. Пясок трапіў Стасю на галаву, пасыпаўся за вушы.

Вочы ў Стася сталі шкляныя. Ён сцяў кулакі і падскочыў да Мітрафана.

— Стасік, я не хацеў! — разгубіўся Мітрафан.

Стась моўчкі стукнуў Мітрафана кулаком у твар. Мітрафан адкінуў убок рыдлёўку і локцем даў Стасю па губе. З разбітай Стасевай губы на падбародак папаўзла кроў, падобная на сок спелай каліны.

Яша ўсхапіўся на ногі і замахаў рукамі:

— Рыгор! Рыгор! Яны б'юцца!

З-за палаткі выбег Рыгор і стаў між Мітрафанам і Стасем.

— Эх вы! На стадыёне найлепшыя сябры, а прыехалі на возера — і пабіліся.

— Хлопцы, у яме лімонка! — неспадзявана гукнуў Яша. Сапраўды, у яміне, якую нядаўна так старанна капаў Мітрафан, ляжала рабрыстая заіржавелая граната, прысыпаная пяском.

Рыгор, Яша, Стась і Мітрафан пасталі каля яміны і, не адрываючы вачэй, глядзелі на лімонку.

— Відаць, з самай вайны ў зямлі праляжала, а Мітрафан яе выкапаў,— парушыў маўчанне Яша.

— Яна нямецкая, — сказаў Стась.

— Не, наша, — не пагадзіўся з ім Рыгор.

— Можа, засыплем яе? — няўпэўнена прагаварыў Мітрафан.

Рыгор зірнуў на сяброў.

— Хлопцы, адыдзіцеся: я яе вазьму.

Яша, павярнуўшыся, падбег да бярозы, лёг за яе і замахаў рукамі, падклікаючы Мітрафана і Стася:

— Сюды! Сюды!

Яны нават не зварухнуліся. Рыгор зноў зірнуў на іх і, нагнуўшыся, трыма пальцамі ўзяў лімонку. Яны ў яго задрыжалі, а загарэлы твар пабялеў.

Стась далоняю выцер з падбародка кроў, як на нейкае дзіва, паглядзеў на яе і прашаптаў:

— Лімонка так доўга ў зямлі праляжала, а не ўзарвалася!

Рыгор перакінуў лімонку з рукі на руку, як звычайна перакідаюць гарачую, спечаную на цяпельцы бульбу, і хрыплым басам сказаў:

— Не ўзарвецца, бо наша.

— Рыгор, не жартуй, — папярэдзіў Мітрафан. Да сяброў падышоў Яша і прапанаваў:

— Сапёраў выклічам. Няхай яны і ўзарвуць.

Рыгор ухмыльнуўся і паклаў гранату на пяньку каля палаткі.

— Заўтра раненька ўстанем і рыбы наглушым.

 

4

 

Гэтай ноччу хлопцы доўга не маглі заснуць. Яны ляжалі ў палатцы і размаўлялі.

— Рыгор, як думаеш: вялікая рыба ёсць у возеры? — пацікавіўся Мітрафан.

— Канешне, ёсць. І карпы, і шчупакі,— упэўнена сказаў Рыгор.

— Вось каб злавіць шчупачка кілаграмаў на пяць! Здзівілася б мама, калі б убачыла, — выказаў жаданне Мітрафан.

— Хлопцы, калі б мы гэтую гранату з зямлі не дасталі, то, магчыма, нехта іншы яе дастаў бы і ў паветра ўзляцеў бы, — уступіў у гаворку Яша.

— Ад гранаты ў паветра не ўзляціш. Гэта табе не снарад, — не пагадзіўся Стась.

— Узляціш як міленькі,— на сваім стаяў Яша.

— Годзе спрачацца. Давайце спаць, пакуль не пабіліся, — перапыніў спрэчку Рыгор.

 

5

 

Рыгор, Стась і Яша прачнуліся, калі сонца ўжо ўзышло над лесам, які аж звінеў ад птушыных галасоў. Мітрафана ў палатцы не было. Стась кулакамі працёр вочы і пазяхнуў.

— Наш Мітрафан, мабыць, шчупачка пабег лавіць!

— Можа, ён каля палаткі сядзіць, на сонейку грэецца? Глянь, — папрасіў яго Рыгор.

— Усё я ды я, — пачаў Стась, але ўсё-такі выпаўз з палаткі і праз імгненне ўсклікнуў: — Хлопцы, граната прапала!

І праўда, лімонкі на пяньку не было.

— Лімонку, відаць, Мітрафан забраў,— выказаў здагадку Стась.

— Вунь ён! — усклікнуў Яша.

Мітрафан у шортах стаяў на беразе і глядзеў на возера. Заўважыўшы сяброў, ён узняў галаву і крыкнуў:

— Хлопцы! Прыгажосць якая! Сонца золатам разліваецца!

"Зо-ла-там! Зо-ла-там!" — панеслася па лесе рэха, а Мітрафан, як і ўчора, прыгожым голасам зацягнуў:

Падушачкі, падушачкі

Ды ўсе пухавыя.

Маладзічкі, маладзічкі

Ды ўсе маладыя.

Каго люблю, каго люблю,

таго пацалую,

пуховую падушачку таму падарую.

— Мітрафан, ты лімонку не браў? — гукнуў Рыгор.

— Не браў! — крыкнуў Мітрафан і ляпнуў рукамі па кішэнях…

Пачуўся выбух. Рыгор, Стась і Яша застылі як скамянелыя. Наўкола стала ціха-ціха. Толькі ў лесе ўсё яшчэ грымела рэха ды на беразе, там, дзе нядаўна стаяў Мітрафан, слаўся ці то дым, ці то ўзняты выбухам пыл.

— У яго граната ў кішэні ляжала. Ён узарваўся, — выціснуў з сябе Рыгор і прыпусціў па беразе. За ім пабеглі Стась і Яша.

 

6

 

Выбух не зачапіў толькі Мітрафанаў твар — на ім не было ні драпінкі, толькі чарнеў сіняк, які застаўся пасля ўчарашняй бойкі са Стасем.

Рыгор прамовіў:

— Калі б Мітрафан ведаў, што ў ягонай кішэні лімонка, ён бы не ляпнуў па ёй рукою. Значыць, хтосьці з нас непрыкметна паклаў яму гранату: Хто так з ім пажартаваў? Я пытаюся: хто?

Твар у Стася перасмыкнуўся, стаў калючы і злосны:

— Не я!

Рыгор моўчкі зірнуў на Яшу. Яша часта-часта заморгаў вачыма:

— Я ноччу спаў. Я не ўставаў, не выходзіў з палаткі. Можа, Стась паклаў? Учора ён пабіўся з Мітрафанам. Стась абедзвюма рукамі схапіў Яшу за грудзі.

— Ты што вярзеш?

— Перастаньце! Нябожчык перад вамі! — націснуўшы на слова "нябожчык", сказаў Рыгор.

Стась адпусціў Яшу і ўголас заплакаў. Плечы яго калаціліся, а па шчаках цяклі слезы.

— Рыгор, — нясмела пачаў Яша, — ты таксама з намі ў палатцы спаў.

Не адказаўшы, Рыгор зняў з сябе майку з надпісам "Дынама" і паклаў яе на твар Мітрафана.

Выцершы слёзы, Стась таксама зняў з сябе майку з надпісам "Дынама" і паклаў яе на грудзі Мітрафану.

— Даруй нам, Мітрафан, — сказаў Яша і, зняўшы з сябе майку з надпісам Дынама", паклаў яе на ногі Мітрафана.

Рыгор паглядзеў на Мітрафана, накрытага белымі майкамі, паківаў галавою і звярнуўся да Стася і Яшы:

— Трэба паведаміць ягоным бацькам і ў міліцыю. Каб не цягалі нас, скажам у міліцыі, што Мітрафан сам знайшоў гранату і ўзарваўся. Потым разбярэмся, хто з нас вінаваты.

— Няхай будзе так, — кіўнуў галавою Стась.

— Хто паведаміць бацькам? — выдыхнуў Рыгор. Стась і Яша прамаўчалі. Яны стараліся не глядзець Рыгору ў вочы.

Рыгор нагнуўся і вырваў тры травінкі: дзве меншыя і адну большую. Заціснуўшы ў кулаку, ён працягнуў іх Стасю і Яшу.

— Хто выцягне меншую, той пойдзе да Мітрафанавых бацькоў. Згода?

— Згода, — адказаў Стась і выцягнуў з Рыгоравага кулака травінку.

— Меншая, — адзначыў Рыгор. Стась апусціў галаву.

— Прыйдзецца ісці.

Рыгор пераступіў з нагі на нагу.

— Яша, твая чарга. Цягні.

— А! — як спрасонку, усклікнуў Яша і выцягнуў меншую травінку.

 

7

 

У дзверы Мітрафанавай кватэры пазваніў Стась. Ім адчыніла сухенькая бабулька ў сіняй спадніцы і кофце з вялікімі чырвонымі кветкамі.

— Добры дзень, — прывітаўся Стась і тут жа схамянуўся: "Не так я пачаў. Нядобрую навіну мы з Яшам нясем у гэтую кватэру".

— Добры дзень, — адказала бабуля, падазрона пазіраючы на хлопцаў.

"Цяпер людзі баязлівыя, нікому не вераць," — адзначыў пра сябе Стась і локцем штурхнуў Яшу: маўляў, давай, працягвай размову, падтрымай мяне.

Яша набраў у грудзі паветра і з шумам выдыхнуў яго:

— Мы разам з Мітрафанам ходзім на футбол, за адну каманду балеем.

— Мама, да нас Мітрафанавы сябры прыйшлі? Кліч іх сюды! — данёсся з залы прарэзлівы жаночы голас.

 

8

 

Зайшоўшы ў залу, Стась і Яша ўбачылі жанчыну гадоў сарака, якая сядзела ў інваліднай калясцы. Валасы ў яе былі сівыя, твар стомлены, пад вачыма — цёмныя кругі.

— Сядайце, хлопчыкі,— незвычайна ласкава запрасіла жанчына, паказаўшы на старэнькую канапу. — Я Мітрафанава мама. Нінай Іванаўнай мяне зваць.

Стась і Яша не селі, спыніліся каля дзвярэй. Акрамя канапы, у зале стаялі чатыры драўляныя крэслы, невялікі сервант з посудам, тэлевізар у кутку і бажніца, упрыгожаная штучнымі кветкамі і вышываным ручніком. За шклом серванта стаяў Мітрафанаў фотаздымак, на якім ягоныя вочы гарэлі, як дзве зорачкі, а твар свяціўся шчасцем.

"Беднавата тут жывуць. Нездарма Мітрафану так хацелася злавіць шчупачка", — прабегла ў Стася ў галаве.

— Мітрафанаў тата дома? — прагаварыў ён, каб толькі не маўчаць.

— Мітрафанаў бацька памёр, — паведаміла Ніна Іванаўна, а потым дадала: — Я кожны дзень малюся Богу, каб Мітрафан быў жывы і здаровы. Ён — мая надзея. Хлопчыкі, вы разам з Мітрафанам былі на возеры? Гляньце мне ў вочы! Ну!

Стась адчуў, што закружылася галава. Яму здалося, што ён ляціць, правальваецца ў бездань.

— Хлопчыкі, былі там? Хлопчыкі! — Ніна Іванаўна ўсклікнула, як тапелец, які просіць, каб яму дапамаглі.

Стась падняў галаву і зноў убачыў Мітрафанаў фотаздымак. Мітрафан усміхаўся яму, Стасю, і здалося, нават падміргнуў.

Стась павярнуўся і выскачыў з кватэры, ледзь не збіўшы з ног Мітрафанаву бабулю. На двары яго дагнаў Яша.

— Ты сказаў ім? — пацікавіўся Стась.

— Не змог. Я за табою пабег, — прызнаўся Яша.

— І я не змог, — сказаў Стась.

 

9

 

Мінуў тыдзень. Рыгор, Стась і Яша сустрэліся на стадыёне "Дынама".

— Хлопцы, давайце заўтра з'ездзім на возера, — прапанаваў Рыгор.

Стась пакруціў галавою.

— Мяне туды ўжо не цягне.

— І мяне не цягне, — сказаў Яша.

— А мне, думаеце, хочацца? Прайшоў тыдзень, як загінуў Мітрафан. Пасядзім, успомнім яго. Ці, можа, не жадаеце?

Стась цяжка ўздыхнуў.

— Трэба паехаць.

— Калі трэба, значыць, трэба, — прагаварыў Яша.

 

10

 

На возеры, як і тыдзень назад, было ціха, спакойна. Спявалі птушкі, свежы ветрык прабягаў па ўскрайку леса.

Хлопцы прывезлі з сабою тры букеты кветак і паклалі ў варонку ад гранаты, туды, дзе загінуў Мітрафан. Затым паставілі палатку. Рыгор выбраў месца для палаткі непадалёку ад варонкі.

— Пераначуем каля Мітрафана, — сказаў ён. Стась і Яша яму не пярэчылі.

Рыгор працягнуў Стасю сапёрную рыдлёўку і тупнуў нагою, паказаўшы:

— Тут выкапаеш ямку для смецця.

Стась узяў рыдлёўку і пачаў капаць. Рыгор стаяў непадалёку, а Яша корпаўся каля палаткі.

— Хлопцы, я выкапаў лімонку! — Стась разгублена пазіраў на сяброў.

— Хлусіш, — не паверыў яму Яша.

— А ты падыдзі і паглядзі,— з'едліва прагаварыў Стась.

 

11

 

Лімонка ляжала на самым дне. Яе ўзяў Рыгор і перакінуў з рукі на руку.

— Хочаш сам узарвацца і нас узарваць? — узлаваўся Яша.

— Што будзем рабіць з лімонкай? — пацікавіўся ў Рыгора Стась.

Рыгор моўчкі паклаў гранату каля палаткі.

— Заўтра рыбы наглушым.

 

12

 

Ноч выдалася цёплая, лагодная. Асцярожна, каб не разбудзіць сяброў, Ён выпаўз з палаткі і намацаў левай рукою шорты, якія віселі на жардзінцы, а праваю ўзяў рабрыстую лімонку. Рука ўздрыгнула, далоня пакрылася ліпкім потам, у грудзях моцна застукала сэрца. У палатцы хтосьці з хлопцаў заварушыўся.

Ен сцяўся, прыслухоўваючыся, а потым падняў лімонку і паклаў яе ў кішэню шортаў. Рана-раненька, перад усходам сонца, паветра скалане выбух, і аднаго з тых хлопцаў, што бестурботна спяць у палатцы, не стане. Хтосьці загалосіць, хтосьці выцісне слязу, хтосьці пашкадуе, а Яму стане лягчэй. Жыццё не спыніцца, будзе ісці так, як і ішло. "На аднаго больш, на аднаго менш. Якая розніца для Зямлі, для Сусвету! Ад таго, што загіне адзін чалавек, Сусвет не пацерпіць", — падумаў Ён і… убачыў перад сабою Рыгора, які трымаў у руцэ ліхтарык.

 

13

 

— Яша, цяпер мяне на той свет вырашыў адправіць? — ледзяным голасам прагаварыў Рыгор і ўключыў ліхтарык, накіраваўшы яго на сябрука. Яша затуліў твар рукамі, а ў палатцы заварочаўся Стась.

— Стась, вылазь! — гукнуў Рыгор. — Я злавіў забойцу! Праз хвіліну з палаткі вылез Стась і ўставіўся на Яшу.

— Ён забойца?

— Мы спалі, а ён не спаў. У мае шорты паклаў лімонку. — Рыгор зняў з жардзінкі шорты, выняў з кішэні лімонку і кінуў яе пад ногі Яшу.

Яша спалохана закрычаў і як падкошаны апусціўся на зямлю.

— Не галасі. Гэтая граната вучэбная, — супакоіў Яшу Рыгор. — Я яе ў школе ўзяў і пазаўчора тут закапаў.

Стась, як відаць, ніяк не мог зразумець, што адбываецца.

— Рыгор, ты знарок прывёз нас на возера?

— Знарок.

Рыгор з агідай паглядзеў на Яшу і плюнуў на яго:

— Я адразу здагадаўся, што ён забойца, але не мог даказаць. Ён хацеў забіць не Мітрафана, а мяне, ды ў цемры пераблытаў шорты. Не ў мае, а ў Мітрафанавы паклаў лімонку.

Стась нагнуўся і ўзяў Яшу за валасы, задзёршы галаву.

— Яша, гэта так? Праўду кажы.

— Так.

Стась расціснуў пальцы і павярнуўся да Рыгора.

— Чаму ён цябе на той свет хацеў адправіць?

— Мы з Яшам некалі пабіліся аб заклад, і ён праіграў. Нядаўна я нагадаў, што ён мне павінен, ды…

— Няма ў мяне чаго аддаваць! Няма! — выгукнуў Яша і паваліўся на бок. Ён ляжаў бездапаможны, як чарвяк на гарачым сонцы.

— Ты зусім здурнеў,— звярнуўся да Яшы Стась. — Уяві, што лімонка ўзарвалася тут! Асколкі і цябе ў палатцы дасталі б!

— Не дасталі б, Стасік. Я за цябе лёг, схаваўся.

— Цябе біць трэба, малаціць! — Стась азірнуўся, шукаючы кія.

Яша ўскочыў на ногі і панёсся ў лес. Стась ірвануўся за ім, але яго спыніў Рыгор:

— Няхай бяжыць. Далёка не ўцячэ. У горадзе сустрэнем і пагаворым.


1990-2001?

Тэкст падаецца паводле выдання: Якімовіч, Алесь Мікалаевіч. Залатая дзіда : Аповесці,апавяданні: [Для дзяцей сярэд.шк.узросту] / Алесь Якімовіч. - Мн. : Юнацтва, 2001. - 268с. - ( Бібліятэка прыгод і фантастыкі).
Крыніца: http://lib.rus.ec/b/321021/read