epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Якімовіч

Наводчык

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14


1

 

Ігнат, як заўсёды, з камандзіроўкі прыехаў нечакана. Пераступіўшы парог кватэры, ён абняў Кацярыну і прашаптаў у самае вуха:

- Паўлік дома?

Кацярына, нібы дзяўчына на спатканні, зачырванелася ад радасці. Яе сэрца забілася часцей і мацней.

- Дома, мой любы.

- Без мяне двоек не нахапаў?

- Што ты! Пяцёркі прыносіць. - Кацярына лёгенька адштурхнула Ігната і з ласкай паглядзела на яго. Ён ўзяў Кацярыну за руку. Іх пальцы перапляліся.

- Кацярына, ты мяне чакала?

Ігнат цэлы тыдзень не быў дома. Ён працаваў у невялікай прыватнай фірме, якая выпускала мэблю. Сам ён не сталярнічаў, а па даручэнню гаспадара фірмы вазіў мэблю і ў Расею, і ў Польшчу, і нават у Германію. Такая праца прыносіла ім немалыя прыбыткі. Канешне, Кацярына баялася за яго. Часта і па тэлевізары, і ў газетах паведамляюць, што на замежных дарогах банды рэкеціраў бязлітасна распраўляюцца з камерсантамі з далёкага і блізкага замежжа. Яна не сказала аб гэтым Ігнату. Яна вырашыла перавесці гаворку на іншае:

- Ігнатка, у цябе вунь якія кругі пад вачыма! Аж сінія.

- Суткі не спаў, за рулём сядзеў. Не дзіва, - сказаў Ігнат.

Яны зайшлі на кухню. Кацярына падагрэла боршч, катлеты, наліла гарбаты, тонкімі скрылікамі парэзала каўбасу, памідоры, сыр, вяндліну і паставіла на стол. Ёй хацелася, каб муж яе пахваліў.

- Еш, - прамовіла, сеўшы на табурэтку насупраць Ігната.

А Ігнат неспадзявана заявіў:

- Кацярына, сёння я зноў паеду ў камандзіроўку.

У яе ёкнула сэрца, твар спахмурнеў, радасць згінула, як гіне, дагараючы, зорка на начным небе.

- Ігнат, ты ж цэлыя суткі не спаў! Не пушчу!

Ігнат вінавата ўсміхнуўся:

- Шэф просіць. Наша мэбля ў Польшчы нарасхват.

- Няхай сам едзе, - са злосцю прамовіла Кацярына.

- Шэф не паедзе. Шэф гаспадар. А я дзве тысячы баксаў прывёз. І яшчэ гэтулькі прывязу. Паўлік дзевяць класаў канчае, у тэхнікум збіраецца паступаць. Нам грошы спатрэбяцца. - Ігнат дастаў з кішэні пачак даляраў і паклаў на стол.

Кацярына ўзяла даляры і схавала ў сумачку. На душы ў яе пацяплела. Гэтыя зялёныя купюры з выявамі амерыканскіх прэзідэнтаў іх памірылі, спынілі спрэчку, якая вось-вось магла перарасці ў сварку.

- Ігнат, вечарам на дачу мяне завязеш. Я на свежым паветры хачу пабыць.

- Добра, Кацярынка, - узрадаваўся Ігнат, што скончылася мірам.

 

2

 

На кухню прыйшоў Паўлік. За апошні год ён выцягнуўся, пасталеў і стаў падобны на бацьку: і гэткі ж, як у бацькі, непаслухмяны віхор на галаве, і кірпаты нос, і нават бацькава прывабая ямка на барадзе.

- Прывітанне, бацька! - Паўлік, як дарослы, падаў Ігнату руку.

Ігнат прывітаўся з сынам і пахваліў яго:

- Малайчына, Паўлік. Ад мамы чуў, што пяцёркі прыносіш.

- Стараюся, бацька, - сціпла адказаў Паўлік, а затым, пераступіўшы з нагі на нагу, дадаў: - Я сёння вечарам з сябрамі на электрычцы за горад збіраюся паехаць. Раскінем палатку, адпачнём на прыродзе. Пусціце мяне? Заўтра канікулы ў нас пачынаюцца, у школу ісці не трэба.

Ігнат паглядзеў на Кацярыну.

- Пусцім?

Кацярыне, вядома ж, не хацелася, каб сын на ноч ехаў немаведама куды, але хіба ўтрымаеш яго ў кватэры? Усё роўна настаіць на сваім. Вунь які вымахаў!

- Пусцім, - уздыхнула яна.

 

3

 

Зазваніў электрычны званок. Дзверы адчыніў Паўлік і ўрачыста, як на сходзе, паведаміў:

- Госця сустракайце!

У госці завітаў сусед Мікалай, які працаваў будаўніком і кожны дзень быў на падпітку. Мікалай, відаць, нутром адчуваў, калі Ігнат вернецца з камандзіроўкі. У гэты дзень ён заўжды прыходзіў да іх у кватэру, каб папрасіць на бутэльку.

Мікалай стаў у дзвярах, затуліўшы іх сабою. Ад яго несла саляркай і церпкім вінным перагарам. Кацярына адышлася далей ад яго, стала каля акна. Яна не пераносіла віннага перагару.

- Як з'ездзіў, сусед? - Мікалай ашчэрыў ва ўсмешцы шчарбаты рот. Некалькі пярэдніх зубоў яму нядаўна выбілі ў бойцы.

- Дзякаваць Богу, - паморшчыўся Ігнат.

Мікалай, як сябруку, маргнуў Ігнату.

- Нешта зарабіў, прывёз?

- Нешта прывёз, - суха адказаў Ігнат.

Кацярына дэманстратыўна адвярнулася і пачала глядзець у акно. Мікалай, як вуж, выцягнуў галаву і прашаптаў:

- На бутэльку чарнільца ё?

Ігнат рукою затуліў нос.

- Але ж і саляркай нясе ад цябе, Мікалай!

- З трактарыстам вядзёрачка салярачкі загналі. Пералівалі, абліўся я. На чарнільца ё?

- Бацька, дай яму, бо маці ад ягоных пахаў самлее, - сказаў Паўлік і пайшоў, пасмейваючыся.

Ігнат дастаў з кішэні некалькі скамечаных купюр і працягнуў іх Мікалаю.

- На, гора ты маё!

 

4

 

Дача знаходзілася непадалёку ад горада, за невялічкай вёсачкай, якая насіла ласкавую назву Чапялёва.

Ужо звечарэла. Кацярына ў халаціку сядзела на мяккім скураным крэсле і, уключыўшы начнік, няспешна, каб расцягнуць асалоду, чытала верш свайго любімага расейскага паэта Апанаса Фета:

 

На заре ты ее не буди,

На заре она сладко так спит;

Утро дышит у ней на груди,

Ярко пышет на ямках ланит.

 

И подушка ее горяча,

И горяч утомительный сон,

И, чернеясь, бегут на плеча

Косы лентой с обеих сторон.

 

За адчыненым акном цвіў бэз. Ягоны пах даносіўся ў пакой. «Гэтыя замежныя паездкі стамляюць не толькі Ігната, але і мяне. Мяне, напэўна, яшчэ больш. Што ж рабіць, каб спыніць іх, каб Ігнат заўсёды быў побач? Як у пенным віры, круціць нас жыццё», - падумала Кацярына і, заплюшчыўшы вочы, прачытала радкі, вывучаныя на памяць:

 

А вчера у окна ввечеру

Долго-долго сидела она

И следила по тучам игру,

Что, скользя, затевала луна.

 

Кацярыне здалося, што за акном штосьці глуха стукнула. Яна расплюшчыла вочы, прыслухоўваючыся, а потым устала і на дыбачках наблізілася да акна.

- Хто там? - прамовіла.

За акном было ціха-ціха. Толькі на балоце, у кустах алешніку, чуўся пошчак салаўя, а ў вёсцы пераклікаліся жанчыны.

«Здалося мне, што нехта стукнуў. Мабыць, перанервавалася я», - сама сябе супакоіла Кацярына. Яна зноў села на крэсла спінаю да акна і прачытала, з асалодай вымаўляючы кожнае слова:

 

И чем ярче играла луна,

И чем громче свистел соловей,

Всё бледней становилась она,

Сердце билось больней и больней.

 

Оттого-то на юной груди,

На ланитах так утро горит.

Не буди ж ты ее, не буди...

На заре она сладко так спит!

 

Бом-бом-бом - гадзіннік на сцяне прабіў адзінаццаць гадзін.

У пакоі раптам патыхнула пахам саляркі. А праз імгненне Кацярына пачула з'едлівы голас:

- Вершыкі чытаеш?

Ад неспадзеўкі яна выпусціла кнігу. Кніга ўпала на мяккі нямецкі дыван, засланы на падлозе.

Паволі, нібы ў яе быў стопудовы цяжар на плячах, Кацярына ўстала з крэсла і, павярнуўшыся, убачыла двух мужчын у масках, размаляваных перакрыжаванымі касцямі. Адзін з бандытаў быў высокі, а другі - сярэдняга росту, каржакаваты. Высокі трымаў у руцэ тоўсты кій. Ад яго несла саляркай.

- Чаго вам трэба ад мяне? - як знячэўку спалоханая птушка, крыкнула Кацярына. Яна здагадалася, што бандыты ўлезлі праз адчыненае акно.

- Баксы давай! - сыкнуў каржакаваты.

- Няма! - у роспачы ўсклікнула Кацярына. Яна яшчэ спадзявалася, што бандыты пакінуць яе, згінуць, як гінуць на світанні казачныя нячысцікі. І тады для яе ўсё гэта застанецца кашмарным сном.

- Давай. Мы не жартуем, - настойваў каржакаваты.

Кацярына падняла левую руку, махнуўшы ёю, як у казках, здараецца, махаюць ад нячысцікаў, імкнучыся пазбавіцца ад іх.

Высокі, ад якога несла саляркай, чаго яна ніяк не чакала, стукнуў ёй па руцэ кіем. Пякучы боль працяў не толькі руку, але і душу. Кацярына закрычала, а яе перабітая рука бездапаможна апусцілася.

- Цішэй, бо атрымаеш па галаве! - папярэдзіў каржакаваты.

Кацярына перастала крычаць. Яна глядзела на бандытаў і ўсхліпвала, здароваю рукою прытрымліваючы пакалечаную руку. Яна зразумела, што з ёю не жартуюць, што гэта не сон і не казка.

- Дзе даляры? - патрос кулаком каржакаваты.

Кацярына кіўнула галавою, паказаўшы.

- Там, пад дываном.

Няхай забіраюць, абы не здекаваліся, не білі. За ўсё жыццё яе ніхто і пальцам не крануў: ні бацька, ні Ігнат. Вядома, шкада Ігната. Недасыпае, круціцца, каб зарабіць на жыццё, а гэтыя ўлезлі праз акно і забяруць гатовенькае.

Каржакаваты прыўзняў край дывана і дастаў пачак даляраў.

- Ёсць!

Ягоная жудасная маска, здалося Кацярыне, злавесна ўсміхнулася.

- У мяне больш няма грошай. Вы ўсе забралі, - прагаварыла яна.

- Сядзі і не высоўвайся, - папярэдзіў каржакаваты.

Яна апусцілася на крэсла, а бандыты таропка палезлі ў адчыненае акно.

 

5

 

Кацярына выйшла на двор. У некаторых дачных хатках, што стаялі паабапал вузкай вулічкі, у вокнах гарэла святло.

- Людзі, дапамажыце! - на ўсю сілу закрычала яна.

Зараз да яе збягуцца суседзі-дачнікі, каб дапамагчы ў бядзе: выклічуць «хуткую дапамогу», пазвоняць у міліцыю. Магчыма, удасца затрымаць бандытаў.

- Дапамажыце, людзі! - зноў крыкнула Кацярына.

Святло ў хатках як па камандзе стала тухнуць. Кацярына зразумела, што ёй тут не дапамогуць: ніводзін з дачнікаў не выйдзе на двор, хоць расперажыся ад крыку.

Яна не асудзіла суседзяў. Магчыма, сама б зрабіла так, як і яны, калі б раптам пачула чыйсьці адчайны лямант: хуценька патушыла б святло і, адвесіўшы краёчак фіранкі, з хаты пазірала б на двор.

Яе трасло, калаціла як у ліхаманцы і ад болю, і ад страху, і ад адчаю. Тулячы да грудзей перабітую руку, яна падалася ў вёску.

 

6

 

У вёсцы Кацярыне дапамаглі: завялі ў хату, выклікалі «хуткую дапамогу» і напаілі нейкімі супакойваючымі лекамі.

 

7

 

У прыёмным пакоі бальніцы, куды Кацярыну адвезла «хуткая дапамога», дзяжурны лекар наклаў ёй на перабітую руку гіпс. Неўзабаве з'явіўся капітан міліцыі, яшчэ малады, але ўжо з сівізною ў валасах.

Выслухаўшы Кацярыну, ён пацікавіўся:

- Хто-небудзь ведаў, што вы буйную суму ў далярах павезлі на дачу?

- Напэўна, сусед з дваццатай кватэры Мікалай Пшанічны. Ён бачыў, як муж павёз мяне на дачу. А перад гэтым прыходзіў да нас, на бутэльку прасіў. Таварыш капітан, ад яго саляркай несла так, быццам ён з цыстэрны вылез!..

Капітан зірнуў на Кацярыну і падахвоціў:

- Ну, ну...

- Ад высокага бандыта таксама несла саляркай, - прамовіла Кацярына.

- А ваш сын ведаў, што вы даляры павезлі на дачу? - нечакана запытаўся капітан.

- Таварыш капітан, я сыну давяраю, як сабе! - з дакорам прагаварыла Кацярына.

Капітан ледзь прыкметна ўсміхнуўся і папрасіў:

- Распішыцеся, што згодны з тымі паказаннямі, якія я запісаў з вашых слоў.

 

8

 

Кацярыну пакінулі ў бальніцы. Лекар сказаў, што ёй трэба палячыць не толькі руку, але і нервы. Вельмі ж шмат яна перажыла ў гэты вечар.

Яе, так сталася, паклалі ў аднамесную палату. Усю ноч ёй сніліся кашмары: нейкія агідныя пачвары з шырока разяўленымі ратамі, чарапы з перакрыжаванымі касцямі. А раніцаю прыехаў Паўлік. Ружовашчокі, вясёлы, ён прывёз маці вялікі букет белага што снег бэзу.

- Ма, гэта табе, - сказаў Паўлік і пацалаваў яе ў шчаку.

Кацярына ўзяла букет, асцярожна паклала яго на тумбачку. На хвілінку яна забылася пра боль у пакалечанай руцэ і пра той страшны вечар.

«Як добра, што ёсць сын, які мяне любіць і шкадуе!» - усцешаная, падумала яна.

Паўлік тым часам дастаў з поліэтыленавага пакета некалькі апельсінаў, два лімоны, напітак у імпартнай упакоўцы і каробку шакаладных цукерак.

- Сынок, дзе ты ўзяў грошы, каб купіць гэтыя прысмакі? - здзівілася Кацярына.

- Ма, я, як і бацька, камерцыяй заняўся. Таму і завяліся ў мяне грошы.

У Кацярыны зашчымела на душы. Яна не хацела, каб Паўлік займаўся камерцыяй. Няхай ён будзе вучоным, інжынерам ці лекарам. Толькі не камерсантам.

- Паўлік, учора міліцыянер мяне дапытваў. Ён і табой цікавіўся.

Твар у Паўліка адразу стаў жорсткі, а вочы калючыя. Кацярына адчула, як халадок варожасці прабег у пакоі і нібы сцяной раздзяліў яе з сынам.

- Ты што яму сказала?

- Сказала, што ты любіш мяне, - усміхнулася яна сыну, стараючыся разагнаць гэты нядобры халадок.

- Ма, пачакай. Мне трэба сябру пазваніць, - прамовіў Паўлік і выйшаў з палаты.

Каля поліэтыленавага пакета, на ложку, застаўся ягоны скураны кашалёк. Кацярыніна рука міжволі пацягнулася да кашалька. Раней Кацярына ніколі не корпалася ў Паўлікавых рэчах, а сёння вырашыла праверыць, што ляжыць у кашальку. «Паўлік сказаў, што заняўся камерцыяй, што грошы ў яго завяліся. Цікава: колькі ж ён іх зарабіў?» - думала яна.

У кашальку ляжала запісная кніжка ў чырвонай вокладцы, на якой былі намаляваны перакрыжаваныя косці. Кацярына страсянулася, убачыўшы гэты малюнак. Яна хуценька разгарнула запісную кніжку і на першай старонцы прачытала напісанае вялікімі літарамі: 7-40-92. Дзіма.

«Сем-сорак - дзевяноста два - нумар Дзімавага тэлефона. Чаму ж мне Паўлік не сказаў, што ў яго ёсць сябар Дзіма? Відаць, разам з Дзімам ён ездзіў за горад», - падумала Кацярына і схавала запісную кніжку ў кашалёк.

 

9

 

Паўлік пайшоў дамоў, на развітанне пажадаўшы маці хутчэй выпісацца з бальніцы, а ў яе на душы было неспакойна. Яна вырашыла пазваніць Дзіму, каб праверыць, ці сапраўды яе сын адпачываў за горадам.

Тэлефонны аппарат знаходзіўся побач з яе палатай. Кацярына падняла тэлефонную трубку і набрала нумар 7-40-92.

- Алё! - пачуўся ў трубцы юначы басок.

Кацярына набрала ў грудзі паветра і выдыхнула:

- Добры дзень. Вас зваць Дзіма?

- Ага, - упэўнена данеслася ў адказ.

- Дзіма, вам звоніць Паўлікава мама. Скажыце, Дзіма, Паўлік разам з вамі быў за горадам?

- Быў. А што тут такога? Мы някепска адпачылі. Цэлую ноч пад гітару спявалі.

Не развітаўшыся з Дзімам, Кацярына паклала тэлефонную трубку. Яе шчокі гарэлі агнём, а на вочы навярнуліся слёзы. Паўлік сказаў праўду, а яна яму не паверыла, убачыўшы перакрыжаваныя косці на запісной кніжцы. Ну й што? Цяпер падлеткі і не такое малююць. Канешне, Дзіма паведаміць Паўліку аб тым, што яна званіла. Што скажа яна сыну, як гляне яму ў вочы?

Каля Кацярыны прыпынілася працэдурная медсястра.

- Вы плачаце? Вам баліць?

- Баліць, - апусціўшы галаву, прамовіла Кацярына.

 

10

 

Кацярына ляжала на ложку. Успомніліся словы з верша Апанаса Фета, які яна чытала пад вясёлы спеў салоўкі:

 

На заре ты ее не буди,

На заре она сладко так спит;

Утро дышит у ней на груди...

 

Як хочацца заснуць, каб ні аб чым не думаць, не цвяліць сваю душу!

Дзверы раптам адчыніліся, і ў палату, як віхор, уляцеў Ігнат. Кацярына прыўзнялася на ложку.

- Ты-ы?..

Ігнат падскочыў да яе, стаў на калені і пацалаваў пакалечаную бандытам руку. Кацярына заплакала. Тое пякучае і горкае, што было на яе душы, прарвалася слязамі. Двума горкімі ручайкамі слёзы бесперапынна цяклі па шчоках.

- Кацярынка мая любая! - прашаптаў Ігнат.

- Ты з-за мяжы прыехаў? - праз слёзы прагаварыла Кацярына.

Ігнат шчакою пацёрся аб яе здаровую руку.

- Не. Палякі нас на мяжы сустрэлі і мэблю забралі.

Кацярына прыкусіла прыпухлую ад бясконцага болю губу.

- Я нічога не разумею, Ігнат.

- Кацярынка, не бядуй, што грошы прапалі. Грошы можна зарабіць, калі маеш галаву на плячах. - Ігнат дастаў з кішэні пачак даляраў. - Я яшчэ дзве тысячы табе прывёз.

Кацярына адхіснулася.

- Не хачу!

Ігнат схаваў даляры ў кішэню.

- Кацярынка, я цэлы тыдзень буду дома! Заўтра прыеду на машыне і забяру з бальніцы. Лекар абяцаў, што цябе заўтра выпішуць. Цэлы тыдзень будзем разам!

 

На заре ты ее не буди,

На заре она сладко так спит;

Утро дышит у ней на груди,

Ярко пышет на ямках ланит, -

 

у задуменні прамовіла Кацярына.

Ігнат, прытуліўшыся да яе, прашаптаў:

 

И подушка ее горяча,

И горяч утомительный сон,

И, чернеясь, бегут на плеча

Косы лентой с обеих сторон.

 

11

 

Паўлік пазваніў ёй.

- Ма, навошта ты да Дзімы званіла? - паўшчуваў ён.

У Кацярыны адлягло ад сэрца. Сын не злуецца на яе, дараваў.

- Не ведаю, - сказала яна.

- Ма, мы сёння зноў на электрычцы паедзем за горад. Пусціш, ма?

- Сынок, можа, дома з бацькам пабудзеш? - нясмела запярэчыла яна.

- Ма, мы ўжо дамовіліся.

«Яны дамовіліся. Без мяне», - падумала Кацярына і, апусціўшы галаву, прагаварыла:

- Едзьце, сынок.

 

12

 

Вечарам у палату ўваліўся Мікалай. Ад яго несла вінным перагарам. Паглядзеўшы на Кацярыніну загіпсаваную руку, ён паківаў галавою:

- Пацярпелі вы, Кацярына Іванаўна, як і я пацярпеў з-за вас.

Кацярына нахмурыла чорныя бровы.

- Хіба і ў вас рука пакалечаная?

- Душа пакалечаная, Кацярына Іванаўна, - прыцмокнуў языком Мікалай. - Сёння я быў на прыёме ў капітана міліцыі. За краты абяцаў пасадзіць мяне. Вы, Кацярына Іванаўна, сказалі яму, што я наводчык і налётчык. Я п'яніца, так, але не наводчык і не налётчык. Грэх на душу вы ўзялі. Непрыгожа, Кацярына Іванаўна.

Кацярына адчыніла тумбачку, схапіла грошы, якія пакінуў ёй Ігнат, і працягнула іх Мікалаю.

- Бяры!

Мікалай зашчаміў грошы ў жмені і задам, шчэрачы ва ўсмешцы шчарбаты рот, выйшаў з палаты.

 

13

 

Кацярына ніцма лягла на падушку і заплюшчыла вочы. Ёй прысніўся Ігнат. Твар у яго быў сумны-сумны. Працягнуўшы рукі, ён паціху звярнуўся да яе:

- Кацярынка, дапамажы мне! Дапамажы!

Кацярына павярнулася і ўстала з ложка. Божа, чаму такія мройныя сны ёй сняцца? Чаму так цяжка і трывожна на душы? Здаецца, нейкі мулкі камень ляжыць там, не дае спакойна дыхнуць.

Яна глянула на гадзіннік: стрэлкі паказвалі палову адзінаццатай. Хутка будзе адзінаццаць гадзін вечара. Учора ў адзінаццаць гадзін вечара на яе напалі бандыты, а перад гэтым Ігнат прывёз дзве тысячы даляраў; Паўлік папрасіўся, каб адпусціла за горад. Сёння Ігнат таксама прывёз дзве тысячы даляраў, і Паўлік папрасіўся, каб адпусціла за горад.

- Божа, дапамажы! - усклікнула Кацярына і, насунуўшы на босыя ногі тапкі, як была, у трыко, кінулася на двор.

Каля бальніцы стаяла таксі. Кацярына адчыніла дзверцы, села на пярэдняе сядзенне каля таксіста, якому было гадоў пяцьдзесят, не меней, і, назваўшы свой адрас, загадала:

- Хутчэй!

- Зразумела, - прамовіў таксіст і націснуў на газ.

Машына ляцела па вячэрнім горадзе. Кацярына сядзела, напружыўшыся, узіраючыся ўперад. Яна павінна паспець да адзінаццаці гадзін. Каб дапамагчы Ігнату. Адна паваротка, другая... Вось і іхні дом. Яна выскачыла з машыны і пабегла ў пад'езд.

- А грошы? - закрычаў таксіст.

 

14

 

Каля іхніх дзвярэй стаялі двое ў масках, размаляваных касцямі: высокі і каржакаваты. Высокі трымаў у руцэ тоўсты кій. Яны не бачылі яе. Каржакаваты націснуў на кнопку і пазваніў у дзверы.

Кацярына закрычала з усёй сілы, як крычала ў дачным пасёлку, клічучы на дапамогу:

- Ігна-ат!

Бандыты павярнуліся і сталі спускацца ўніз. Каржакаваты пхнуў яе ў грудзі. Яна балюча выцялася аб парэнчы.

Адчыніліся дзверы, і на парозе паказаўся Ігнат.

- Ігнат, тут бандыты! - усклікнула яна.

Ігнат затупацеў уніз па прыступках. Пачуўся чыйсьці крык, потым нейкі стук... Кацярына стаяла спалатнелая. Неўзабаве яна ўбачыла Ігната і таксіста, якія вялі пад рукі высокага бандыта.

- Я яго злавіў. Ад мяне не ўцячэ, - пахваліўся таксіст.

Ігнат сарваў з галавы бандыта размаляваную маску. Кацярына ўбачыла юначы твар з рэдкімі вусікамі.

- Малако на губах не абсохла, а маску на галаву надзеў! - Перад самым носам бандыта-падлетка патрос кулаком таксіст.

- У міліцыю пазваню. Там з ім разбяруцца, - сказаў Ігнат.

Падлетак вачыма прасвідраваў Кацярыну.

- Я - Дзіма. Вы сёння са мной размаўлялі па тэлефоне. Я вам не раю званіць у міліцыю: ваш Паўлік наводчык.

- Паўлік? Ад цябе ж учора саляркай несла! - усклікнуў Ігнат.

- Я кашулю саляркай абліў, каб вы падумалі, што ваш сусед Мікалай на дачу наведаўся. Паўлік нам ўсё расказаў.

- Я пазваніў бы ў міліцыю, - не стрываў таксіст.

Кацярына змахнула з вачэй дзве буйныя слязіны.

- Адпусціце яго і нікому пра гэта на кажыце. Як маці вас прашу.


1990-2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая