epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Якімовіч

Неразумныя людзі

1
2
3
4
5
6
7
8
9


1

 

На дачу Іван прывёз Мікіту і Сямёна на новенькім залацістым «мерседэсе», каб адзначыць першы здадзены экзамен за адзінаццаты клас.

Яны сядзелі на мяккіх крэслах у прасторным утульным пакоі. Гэты пакой называўся «блакітным». Тут усё было блакітнага колеру: і шпалеры на сценах, купленыя ў Германіі, і столь, і падлога, памаляваная блакітнай фарбай.

На стале стаялі бутэлька каньяку, дзве бутэлькі шампанскага і закуска: чырвоная і чорная ікра, вэнджаная каўбаса, шыначнае мяса, свіныя языкі, апельсіны, трускалкі, дзве каробкі шакаладных цукерак.

Іван падрыхтаваў гэты пачастунак, запрасіўшы да сябе сяброў-аднакласнікаў.

Высокі, шыракаплечы, пастрыжаны коратка, пад баксёра, ён аж свяціўся ад шчасця.

Калі выпілі па кілішку каньяку, Іван прагаварыў:

- Хлопцы, ведаеце, чаго не хапае на маім стале?

- На стале ў цябе, як у прэзідэнта, - азваўся Сямён, невысокі, благенькі, падобны не на выпускніка сярэдняй школы, а на замучанага вучобай васьмікласніка.

- Сала на стале не хапае, - сказаў рослы, танклявы Мікіта.

Іван зарагатаў:

- Во даеш! Я не калгаснік, каб сала есці.

- Табе можна смяяцца, - пакрыўдзіўся Мікіта. - Твой бацька - дырэктар мясакамбіната, а мой, як і Сямёнаў, на будоўлі гарбаціцца.

- Чаго надзьмуліся як мышы на крупы? - паўшчуваў Іван. - Баравічкоў у смятане на стале не хапае. Заўтра, калі пажадаеце, завязу вас па грыбы. Хто «за»?

- Я «за», - як вучань на ўроку, падняў руку Сямён.

- І я «за», - кіўнуў галавою Мікіта.

Іван колам выгнуў грудзі.

- Хлопцы, вы, як мне здаецца, сваім жыццём незадаволеныя, зайздросціце мне. Так, мой бацька начальнік. Але пасаду дырэктара яму на талерачцы не паднеслі. Не пасада ўпрыгожвае чалавека, а чалавек пасаду. Хочаш жыць - умей круціцца. Не будзеш круціцца - у нашым грамадстве прападзеш. Так было, так ёсць і будзе. Нагадаю вам, як вучыла гераіня рамана Чарнышэўскага «Што рабіць?» сваю дачку Верачку: «Эх, Верачка, ты думаеш, я не ведаю, якія ў вас у кнігах новыя парадкі распісаны? Ведаю: добрыя. Толькі мы да іх з табою не дажывём, вельмі неразумны народ. Дзе з такім народам добрыя парадкі завесці! Дык станем жыць па старых! І ты па іх жыві. А стары парадак які? У вас у кнігах напісана: стары парадак той, каб абдзіраць ды падманваць. А гэта праўда, Верачка. Значыць, калі новага парадку няма, па старому і жыві: абдзірай ды падманвай...»

 

2

 

Сябры-аднакласнікі ляглі спаць а палове другой ночы, а ў дзевяць гадзін раніцы Мікіту і Сямёна (яны спалі разам на шырокім драўляным ложку) разбудзіў Іван.

- Хлопцы, бяда! Маю машыну ўкралі!

«Твая бяда - ты і бядуй», - падумаў Мікіта, але, вядома ж, не сказаў аб гэтым. Соладка пацягнуўшыся, ён прагаварыў:

- Не хлусіш?

Іван пачырванеў ад злосці.

- З якой такой радасці стану вам хлусіць?

Сямён, які спаў з краю, устаў і сеў на ложку, звесіўшы ногі.

- «Мерседэс» табе бацька ў маі падарыў, а ў чэрвені яго ўжо ўкралі.

- Значыць, калі новага парадку няма, па старому і жыві: абдзірай ды падманвай... - працытаваў Чарнышэўскага Мікіта, напомніўшы пра ўчарашнюю размову, а потым дадаў: - Як ліпку, абадралі цябе, Іван.

- Не даводзьце мяне! - папярэдзіў Іван. - Хто-небудзь з вас чуў, як ноччу машыну заводзілі?

Мікіта пазяхнуў, прыкрыўшы рот далоняю.

- Я не чуў.

- Іван, ключы ад машыны ў цябе? - пацікавіўся Сямён.

Іван ляпнуў рукамі па кішэнях.

- Няма! З кішэні прапалі!

- Лічыш, што мы з Сямёнам ключы забралі і машыну ўкралі? Даражэнькі, мы разам з табою ляглі спаць. Так што галоўкай падумай, - прамовіў Мікіта.

- Я думаю! - агрызнуўся Іван. - Я добра памятаю, што дзверцы ў машыне замкнуў.

- Замкнуў, калі мы на дачу прыехалі, - уступіў у размову Сямён, - а ноччу ты выйшаў на двор і залез у свой «мерседэс». Мы з Мікітам цябе не пускалі: баяліся, каб на падпітку не разбіўся ты.

- Не пускалі, а ты на сваім настаяў, - падтакнуў Мікіта.

- Перад тым як вярнуцца ў хату, ты з машыны забраў ключы? - запытаўся Сямён.

Іван паціснуў плячыма:

- Не памятаю, з галавы вылецела.

- У машыне ты іх пакінуў, злодзею, - языком прыцмокнуў Мікіта.

- Мне ж у горад на аўтобусе прыйдзецца дабірацца! - у адчаі ўсклікнуў Іван.

- А што зробіш? - развёў рукамі Мікіта.

 

3

 

Іванаў бацька Канстанцін Францавіч у гэты дзень быў дома. Учора на мясакамбінаце праводзілі семінар, на якім прысутнічалі адказныя асобы з міністэрства. Пасля семінара да трох гадзін ночы гулялі ў рэстаране. У Канстанціна Францавіча балела галава, пякло ў грудзях. Не дапамагло і сухое італьянскае віно, якім пахмяліўся з самага ранку. А тут яшчэ сын прывалокся, паведаміў, што новенькі «мерседэс» у яго ўкралі.

«Расце балбес балбесам», - незычліва падумаў пра сына Канстанцін Францавіч і пачаў сароміць:

- Вымахаў, як хвоя, а розуму не маеш! У тваім узросце я слесарам працаваў, гайкі круціў, перад майстрам па струнцы хадзіў.

- Я сто разоў пра гэта чуў, - перапыніў бацьку Іван. - За «мерседэс» кучу даляраў мы аддалі!

Канстанцін Францавіч паморшчыўся. Сын не хоча слухаць, не хоча разумець. Невядома, хто з яго вырасце.

- Сынок, «мерседэс» вядома, нямала каштуе, але для нас гэта не трагедыя і нават не драма.

- Не разумею я цябе, - скрывіўся Іван. - То мараль чытаеш, то суцяшаеш мяне.

- Прынясі з халадзільніка бутэлечку піва, - папрасіў Канстанцін Францавіч.

Іван крыва ўсміхнуўся:

- Зноў галава баліць?

- Прынясі, табе сказана! - павысіў голас Канстанцін Францавіч.

Іван пастаяў, паўзіраўся на бацьку і няспешна накіраваўся на кухню. Канстанцін Францавіч павярнуўся на крэсле. Трэба даць сыну ўрок, каб ведаў, як жыць. Інакш багацце, якое ён, Канстанцін Францавіч, збірае па кропельках, як пчала нектар, расцягнуць, разнясуць розныя сынавы сябрукі.

З кухні вярнуўся Іван з адкаркаванай бутэлькай піва. З рыльца бутэлькі ішоў лёгкі дымок.

- Дай! - Канстанцін Францавіч выхапіў у сына бутэльку і прагна пачаў піць.

Піва забулькацела, пераліваючыся ў жывот. З двайнога падбародка пацякло на грудзі, пакрытыя сівымі валасамі.

- Дык што ты мне хацеў сказаць? - не сцярпеў Іван.

Канстанцін Францавіч паставіў бутэльку на адпаліраваны паркет і растапыранымі пальцамі правёў па грудзях, выціраючы піва.

- Значыць, у цябе спачатку ўкралі ключы.

Іван падышоў да акна і стаў глядзець на вуліцу, забудаваную цаглянымі двух- і трохпавярховымі катэджамі.

- Я іх, мабыць, у «мерседэсе» забыўся.

- Мабыць, мабыць! - перадражніў Канстанцін Францавіч. - Ключы ўкралі твае сябрукі. Як іх зваць? Га?

- Мікітам і Сямёнам, - неахвотна адказаў Іван.

Канстанцін Францавіч гучна плямкнуў тоўстымі сіняватымі губамі.

- Мікіту і Сямёна мы дапытаем, развяжам ім языкі.

Іван страпянуўся. Што гэта найшло на бацьку? Ён, відаць, лічыць, што Мікіта і Сямён ягоныя падначаленыя, з якіх можна вяроўкі віць.

- Бацька, Мікіта і Сямён - мае сябры. Мне з імі і ў школе, і ў горадзе прыйдзецца сустракацца.

Канстанцін Францавіч пальцамі, падобнымі на тоўстыя абрубкі, знізу ўверх правёў па рэдкіх сівых валасах, ускудлачыўшы іх.

- Сынок, запомні: цяпер няма сяброў. Ёсць толькі знаёмые і кампаньёны, якія здадуць цябе, як толькі ўбачаць, што ты аслабеў.

Іван успомніў, як Мікіта і Сямён цэлы вечар пілі і елі ў яго і нават «дзякуй» не сказалі. «Не сябры, а кампаньёны. Дзеля кампаніі сабраліся яны ў мяне», - падумаў ён.

Канстанцін Францавіч уважліва паглядзеў на сына:

- Сынок, твае сябрукі ў цябе машыну ўкралі, а ты маўчыш як вады ў рот набраўшы. Адзін раз прамаўчыш - усё жыццё будуць здзекавацца, затопчуць. Ты станеш нулём, пасмешышчам. Аб цябе кожны ногі вытра. Сынок, пакажы ім, што ты не ануча. Я цябе неўзабаве ва ўніверсітэт уладкую. Там новыя сябрукі з'явяцца ў цябе. А пра гэтых забудзься.

Іван скоса зірнуў на бацьку:

- Яны мне адпомсцяць.

Канстанцін Францавіч кулаком рассек паветра.

- Я іх у пыл развею, калі хоць пальцам да цябе дакрануцца! Пазвані ім. Няхай прыйдуць да нас.

- Пабаяцца, - сказаў Іван.

- Прыдумай што-небудзь, каб не адмовіліся.

Бровы ў Івана сышліся на пераноссі.

- Бацька, ты мяне ўгаварыў. Яны прыйдуць.

 

4

 

Іван спачатку пазваніў да Мікіты.

- Мікіта, прыходзь да мяне. Па грыбы паедзем.

- Не хочацца, - у трубку засоп носам Мікіта.

- Не адступайся, сынок, - падахвоціў Івана Канстанцін Францавіч.

- Мікіта, мы ж учора дамаўляліся!

- Учора было адно, а сёння іншае. Твой бацька ведае, што ў цябе «мерседэс» укралі?

- Ведае. У міліцыю заявіў, - схлусіў Іван. - Прыходзь. Нас бацька на службовай машыне па грыбы завязе. Я з ім дамовіўся.

- Прыйду, - паабяцаў Мікіта.

- Малайчына, сынок, - пахваліў Івана Канстанцін Францавіч.

Акрылены бацькавай пахвалою, Іван набраў нумар Сямёнавага тэлефона.

- Сямён, мы ўчора дамаўляліся, што па грыбы з'ездзім. Прыходзь. Бацька паабяцаў, што на службовай машыне нас завязе. Ты не бойся. Ён ведае, што ў мяне «мерседэс» укралі. У міліцыю заявіў. Сямён, прыйдзеш?

- Прыйду, - адразу пагадзіўся Сямён.

 

5

 

Канстанцін Францавіч устаў з крэсла.

- Цяпер я пазваню.

- У міліцыю? - пацікавіўся Іван.

- Да Артура. Каб да нас прыехаў.

Іван адчуў, як пахаладзела ў грудзях. Артур на мясакамбінаце працаваў метадыстам па фізкультуры, меў высокі разрад па каратэ. Не так даўно бацька пасылаў яго ў Германію, дзе праводзіліся нейкія зборы каратыстаў.

Артур верна служыў бацьку. У мінулым годзе ён так збіў аднаго супрацоўніка мясакамбіната, што той паўгода праляжаў у бальніцы. «Болей ніхто не будзе на мяне скардзіцца. Многім я даў урок», - аднаго разу пахваліўся бацька.

Іван крануў бацьку за плячо.

- Не звані да Артура.

Канстанцін Францавіч узяўся рукою за тэлефонную трубку.

- Я не буду пэцкаць свае рукі.

- Артур наб'е Сямёна і Мікіту? - ціха спытаў Іван.

- Наб'е, калі слова да іх не дойдзе. У дзярмо хочаш узлезці і не ўквэцацца? Так не бывае. Запомні, сынок.

- Бацька, ты яшчэ п'яны. Я баюся, - прызнаўся Іван.

- Я свой розум не прапіў і не збіраюся прапіваць, - сказаў Канстанцін Францавіч і, набраўшы Артураў нумар тэлефона, загадаў:

- Артур, прыязджай. Тэрмінова!

 

6

 

Артур прыехаў хвілін праз дзесяць. Сярэдняга росту, шыракаплечы, з пераламаным у адным з паядынкаў носам, ён нагадваў маладога, выгулянага на волі бычка.

Канстанцін Францавіч расказаў яму, як Іван з сябрамі паехаў на дачу і застаўся без машыны.

- Артур, ты, як і бацька, лічыш, што яны «мерседэс» у мяне ўкралі? - пацікавіўся Іван.

- Самі скажуць, - лагодна ўсміхнуўся Артур.

З ягоных вуснаў ніколі не сыходзіла гэтая лагодная ўсмешка. Ён усміхаўся заўжды: і калі быў у настроі, і калі злаваў. Нямногія ведалі пра гэта. Таму лічылі Артура добрым, памяркоўным хлопцам. А гэты памяркоўны хлопец, калі прыходзілася, жылы з жывога даставаў.

- Артур, ты іх моцна не бі, - папрасіў Іван.

Артур зноў усміхнуўся:

- Я толькі напалохаю.

- Скажы мне, - звярнуўся да Артура Канстанцін Францавіч, - дзе мы з імі пагаворым: тут, у хаце, ці ў лесе?

- У лесе, - адказаў Артур.

 

7

 

Седзячы ў службовым джыпе, Канстанцін Францавіч, Артур і Іван чакалі Сямёна і Мікіту. Яны прыйшлі разам (відаць, дамовіліся па тэлефоне) з кошыкамі ў руках.

- Хлопцы, сядайце, не саромейцеся, - запрасіў Канстанцін Францавіч.

Сямён і Мікіта селі на задняе сядзенне побач з Іванам.

Артур націснуў на газ і джып паехаў па вуліцы. Насцярожаныя і крыху разгубленыя, Мікіта і Сямён сядзелі моўчкі. Маўчаў і Іван, раз-пораз пазіраючы ў акно. А Канстанцін Францавіч разгаварыўся: жартаваў, сыпаў анекдотамі. Мікіта і Сямён павесялелі, заўсміхаліся.

Джып выехаў за горад і панёсся па шырокай шашы, абганяючы грузавікі і легкавушкі.

Мікіта таўхануў Івана локцем у бок.

- Яшчэ доўга нам ехаць?

- Ужо прыехалі, - пачуўшы, адказаў Канстанцін Францавіч і паказаў Артуру на лясную, парослую травой дарогу. - Артур, сюды кіруй.

Праехаўшы з паўкіламетра, джып спыніўся на невялікай палянцы.

Канстанцін Францавіч, Артур, Сямён, Мікіта і Іван вылезлі з машыны. Вакол палянкі раслі высокія стройныя бярозы. У траве пацеркамі чырванелі суніцы, пахла водарам лясных зёлак, над кусцікамі, трапечучы крыльцамі, ляталі рознакаляровыя матылі.

- Пр-рыехалі! - задаволена прамовіў Канстанцін Францавіч і, расшпіліўшы на грудзях кашулю, сеў на пень, паабапал якога раслі вялікія спелыя суніцы.

- Іван, дзе ж тут грыбы? - пачухаў патыліцу Мікіта.

- Хлопчыкі, мы прыехалі не па грыбы! - прамовіў Артур і выцягнуў з-за пояса невялікі блішчасты рэвальвер.

- Іван, ты прывёз нас сюды, каб забіць? - усклікнуў Мікіта. Твар у яго стаў шэры, як попел, губы задрыжалі.

А Сямён, як відаць, ніяк не мог уцяміць, што адбываецца: ён часта-часта моргаў вачыма, пазіраючы то на Івана, то на Артура, то на Канстанціна Францавіча.

Іван падышоў да бацькі і сціснуў губы. Яны ў яго сталі вузенькія, бяскроўныя, як перасохлыя травінкі.

Канстанцін Францавіч сарваў некалькі суніц і падкінуў іх на шырокай мясістай далоні.

- Не заб'ём, калі скажаце, дзе Іванаў «мерседэс».

- Не скажаце - закапаем. Ніхто не праведае, дзе магілка ваша, - лагодна ўсміхнуўся Артур.

- Іван, мы не кралі «мерседэс»! Скажы ім! - усклікнуў Мікіта.

- Іван, адпусці нас. Калі ласка! - падаў голас Сямён.

- Бацька, я не магу! Не магу! Разумееш? - крыкнуў Іван.

Шчокі ў Канстанціна Францавіча раздзьмуліся, і ягоная галава стала падобнай на вялікі шар з халоднымі вачыма.

- Ідзі ў машыну і сядзі там, калі такі далікатны.

Іван, спатыкаючыся, паплёўся ў джып. Сеў, на спінку пярэдняга сядзення паклаў галаву і абхапіў яе рукамі.

Канстанцін Францавіч паднёс да рота суніцы і... раздушыў на падбародку.

- Артур!

Артур узняў рэвальвер і навёў на Мікіту.

- Прызнавайся, хлопчык.

Мікіта наставіў перад сабой кошык, як быццам ён мог абараніць яго ад кулі.

- Я не краў! Слова гонару даю!

- Пляваць нам на твой гонар! - Як конь у гарачыню, страсянуў галавою Канстанцін Францавіч.

- Лічу на трох. Адзін, два... - на вуснах Артура застыла ўсмешка.

Канстанцін Францавіч прыўзняўся з пня.

- Прызнавайся, пакуль не позна! Хіба табе жыць надакучыла?

На Артура неспадзявана накінуўся Сямён. Артур рабром далоні стукнуў яму па патыліцы. Сямён упаў як падкошаны, нават войкнуць не паспеў.

- Што з ім? - пацікавіўся ў Артура Канстанцін Францавіч.

Артур нагою штурхнуў Сямёна.

- Няхай адпачне.

- Адпачне? Кажаш, адпачне? - крыкнуў Мікіта. - А, можа, ты яго забіў?

Артур тыцнуў Мікіту ў твар кулаком. З разбітай Мікітавай губы пацякла кроў. Мікіта хіснуўся і стаў на калені, нахіліўшыся над Сямёнам.

- Сямён, мяне таксама забіваюць!

- Бацька-а! - гукнуў з джыпа Іван.

Канстанцін Францавіч, як уджалены, саскочыў з пня.

- Артур, што будзем рабіць?

- Як загадаеце, - усміхнуўся Артур.

- Можа, сапраўды яны не кралі «мерседэс»?

- На лбе ў іх не напісана.

Канстанцін Францавіч у плечы штурхнуў Мікіту.

- Цябе, здаецца, Мікітам зваць?.. Запомні, Мікіта: калі каму-небудзь прагаворышся пра тое, што тут адбылося, не знасіць табе галавы.

- Закапаю. Так і свайму сябру перадай, - дадаў Артур.

- Ты верыш нам, Мікіта? - раздзімаючы ноздры, крыкнуў Канстанцін Францавіч.

- Веру, - не паварочваючы галавы, адказаў Мікіта.

- Канстанцін Францавіч, паедзем? - запытаўся Артур.

- Паедзем!

 

8

 

Джып схаваўся за кустамі. Мікіта ніжэй нагнуўся над Сямёнам.

- Сямён! Сямёнка! Уставай! Ну чаму ж ты ўсё ляжыш?

Сямён расплюшчыў вочы і заварушыўся.

- Дзе я?

- У лесе! Нас сюды прывезлі! Забыўся? - узрадаваўся Мікіта, што нарэшце ачнуўся сябар.

- А яны дзе?

Мікіта далоняю выцер разбітую губу.

- Паехалі. У-у, гады!

Сямён сеў і ўзяўся рукою за патыліцу.

- Патыліца баліць, шыю не павярнуць.

- Гэты гад цябе мог забіць, - сказаў Мікіта.

Сямён паморшчыўся ад болю:

- Іван таксама гад.

- Яшчэ які! - пагадзіўся Мікіта.

Сямён крыва ўсміхнуўся:

- Я ўкраў ягоны «мерседэс».

- Жартуеш? - не паверыў Мікіта.

- Не, - сказаў Сямён. - Калі вы з Іванам заснулі, я з Іванавай кішэні ўзяў ключы і выйшаў на двор. «Мерседэс» стаяў на пагорачку. Я спусціў яго з тармазоў, і ён сам пакаціўся. У канцы вуліцы завёў яго і паехаў.

- Ты так спакойна пра гэта расказваеш? Не баішся, што я цябе прадам? - прагаварыў Мікіта.

- Цяпер не баюся. Ты цяпер, як і я, ненавідзіш Івана.

Мікіта сцяў кулакі.

- Ненавіджу гада!

- А я ўчора вечарам яго ўзненавідзеў, калі ён нас, як жабракоў, напоямі і прысмакамі частаваў! - на шэпт перайшоў Сямён. - Калі Чарнышэўскага ўспомніў, калі сказаў, што мы неразумныя людзі, што нас можна падманваць і абдзіраць. Мікіта, у яго ўсё крадзенае: і напоі, і прысмакі, і «мерседэс»! Ягоны бацька простых людзей, рабочых, такіх, як мой бацька, як твой, абкрадае.

- Дзе «мерседэс»? - запытаўся Мікіта.

- Непадалёку стаіць, каля такой жа палянкі, як гэтая. Мікіта, давай яго разаб'ём!

- Ты ўкраў, каб потым разбіць?

- На запчасткі хацеў разабраць, а цяпер хачу разбіць. Разаб'ём?

Мікіта ўстаў і прагаварыў па складах:

- Ра-за-б'ём!

 

9

 

«Мерседэс» стаяў у маладым густым ельніку. Сямён узяў ключы, якія ноччу схаваў над лапістай елачкай, адчыніў дзверцы, сеў за руль і, прышпіліўшыся рамянём небяспекі, завёў машыну.

- Во! Працуе як звер! - падняў угору ўказальны палец Мікіта. Вочы яго гарэлі, а сам ён аж трымцеў ад хвалявання.

Сямён выехаў на палянку.

- Вунь на тую бярозу, якая ўзвышалася на ўскрайку палянкі.

- Угу, - кіўнуў галавою Сямён. Твар у яго быў што каменны.

- Давай! Давай! - падахвочваючы Сямёна, Мікіта пабег побач з «мерседэсам».

«Мерседэс» з разгону стукнуўся ў чорны ствол бярозы. Зазвінела, пасыпалася асколкамі шкло з разбітай правай фары.

- Ура-а! - Мікіта падскочыў, нібы малады козлік, і перакуліўся.

Сямён даў задні ход, а затым ірвануўся ўперад, зноў накіраваўшы «мерседэс» на бярозу. На гэты раз разбілася левая фара. Бяроза закалыхалася, незадаволеная, загудзела голлем.

- Добра ты яго аб бярозу пацалаваў! - гукнуў Мікіта.

Адчыніўшы багажнік, ён дастаў адтуль ломік і стукнуў ім па заднім шкле.

- Ты зусім здурнеў? - закрычаў Сямён і выскачыў з «мерседэса». - Мяне шклом ледзь не параніў.

- Сямён, у багажніку яшчэ адзін ломік ляжыць! Бяры і ты!

Сямён моўчкі ўзяў ломік, падняў яго над галавою і, прамовіўшы: «Дзед боб малаціў!», з сілай апусціў на «мерседэс».

- Баба падсявала! - крыкнуў Мікіта і стукнуў ломікам па машыне.

- Дзед боб малаціў! - зноў прамовіў Сямён і апусціў ломік на «мерседэс».

- Баба падсявала! - зноў крыкнуў Мікіта і стукнуў ломікам па пакалечанай легкавушцы.

Ломікі раз за разам узнімаліся ў паветра. Угінаючыся, грукацела жалеза, рассыпаючыся, звінела шкло. Змоўклі перапалоханыя птушкі, з дупла яліны выглянула рыжая вавёрачка. Падзівіўшыся на скалечаны «мерседэс», яна схавалася ў сваё гняздзечка. «Якія неразумныя гэтыя людзі!» - мабыць, падумала яна.


1990-2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая