epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Якімовіч

Страх

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16


1

 

Зашпіліўшы замок сумкі, Святлана села каля Кастуся на канапу.

- Кастусь, прысядзем на дарожку і хвілінку памаўчым.

Кастусь абняў Святлану і кончыкамі пальцаў дакрануўся да плячэй, гарачых, гладкіх, загарэлых. Яму хацелася пагаварыць.

- Святланка, цяпер дамавік, які жыве ў нашай кватэры, за намі сочыць і жадае, каб ты і Наташа жывыя і здаровыя вярнуліся дамоў.

Святлана варухнула плячыма, імкнучыся скінуць Кастусёву руку.

- Няўжо?

- Я сам чытаў, што так заўжды адбываецца перад дарогай. Таму людзі, як мы цяпер, садзяцца і маўчаць, каб не ўгнявіць дамавіка, - сказаў Кастусь.

- Ты не маўчыш, ты балбочаш, - заўважыла Святлана.

- Дык ужо прайшла хвіліна, - апраўдваючыся, прагаварыў Кастусь.

- Мама! - данёсся з кухні голас дачкі Наташы. - Нам пара ісці. Вось-вось таксі прыедзе.

- Паспеем! - гукнула Святлана.

На бляшаны падаконнік села шэрая галубка з чорнай плямінкай на грудзях.

Тук-тук - дзюбай стукнула ў шыбу акна, патрабуючы сабе корму.

- Наша галубка прыляцела, - сказаў Кастусь, падумаўшы пра сябе: «Як прыемна сядзець са Святланай! Як цяжка, хоць і ненадоўга, разлучацца мне з ёю!»

Святлана пацягнулася і ўстала, нарэшце вызваліўшыся з абдымкаў.

- Пакорміш галубку. Не забудзься.

- Пакармлю, - паабяцаў Кастусь, як абяцае вучань строгай настаўніцы, што абавязкова падрыхтуецца да наступнага ўрока.

Святлана ўзяла са століка сумачку, дастала з яе люстэрка, глянула на свой прыгожы тварык і, задаволеная, усміхнулася сама сабе.

- Кастусь, мо і ты з намі паедзеш? Ты ж таксама, як і я, узяў адпачынак.

- Кватэру няма на каго пакінуць. Мы ўжо не раз і не два з табою пра гэта гаварылі, - нявесела сказаў Кастусь.

Святлана трубкай выцягнула намаляваныя губкі.

- Не бядуй. Я кожны дзень буду табе званіць.

- Мама, таксі прыехала! - гукнула з кухні Наташа.

Святлана вострым наском лакіраванага туфліка пхнула высокую, напакаваную рэчамі сумку.

- Кастусь, правядзі нас да таксі.

Кастусь устаў з канапы і падняў сумку.

 

2

 

Пыхнуўшы едкім шэрым дымком, таксі скранулася і паехала. Святлана і Наташа, высунуўшы рукі з акна легкавушкі, памахалі Кастусю на развітанне.

Да Кастуся падышоў ягоны аднагодак Павал, які жыў у суседнім пад'ездзе.

- Адпачываць паехалі? - пацікавіўся.

Кастусь кіўнуў галавою.

- Паехалі. На возера Нарач.

Павал усміхнуўся, паказаўшы белыя роўныя зубы.

- Цябе з сабою не ўзялі?

- Я не прасіўся, - неахвотна, каб толькі адчапіўся ад яго сусед, адказаў Кастусь.

Павал не пакрыўдзіўся.

- Кастусёк, давай замочым іхні ад'езд.

Кастусь зранку ніколі не піў. Здаралася, выпіваў з сябрамі пасля працы. Цяпер на душы ў яго было горка, нудна.

- Давай! - прамовіў ён.

 

3

 

Кастусь і Павал добра замачылі ад'езд Святланы і Наташы: выпілі дзве бутэлькі гарэлкі. З такой радасці Павал прызнаўся Кастусю, што паважае яго больш за ўсіх на свеце, а затым палез цалавацца.

Кастусь, хіснуўшыся, устаў з-за стала.

- Павал, хопіць піць. Будзем разыходзіцца.

Павал страсянуў лысаватай галавой і выйшаў з кухні.

- Кастусёк, дзверы замкні, не забудзься.

- Давай, Паўлік, давай! - Кастусь выпхнуў суседа на пляцоўку і пацягнуў на сябе дзверы. Гучна шчоўкнуў замок.

Галава ў Кастуся кружылася, цела пякло, як агнём.

Узяўшы ў кладоўцы байкавую коўдру, Кастусь накіраваўся на балкон. Два гады таму назад, калі атрымалі кватэру, ён на балконе паставіў зашклёную раму, наслаў падлогу.

«На балконе свежае паветра, там мне будзе лягчэй», - падумаў Кастусь і, разаслаўшы на падлозе коўдру, лёг на яе.

 

4

 

Сон быў неспакойны. Кастусь раз-пораз прачынаўся. Калі засынаў, то, як наяве, бачыў агідных чорных пацукоў, якія, прагна гледзячы на яго, спускаліся са сцяны.

- Пайшлі вон! - крычаў ён на іх, як на сабак, і расплюшчваў вочы.

На дварэ пачало цямнець. Кастусю здалося, што шчоўкнуў замок і, рыпнуўшы, адчыніліся дзверы. «Божа! Няўжо я вар'яцею?» - падумаў ён, павярнуўшыся на бок.

- Цішэй ты! Уваліўся як мядзведзь, - данёсся з калідора пісклявы мужчынскі голас.

- Не бойся. Ён спіць, напіўшыся! Глянь, што на кухні робіцца! Дзве бутэлькі гарэлкі асушыў! - там жа, на калідоры, басам прамовіў яшчэ адзін мужчына.

Кастусь абліўся ліпкім халодным потам. «У кватэру залезлі злодзеі. А на балконе ні малатка, ні сякеры няма, каб абараніцца. Малаток і сякера ў кладоўцы ляжаць», - прабегла ў галаве.

- Асцярожней ідзі, не спатыкніся. Ён, магчыма, на падлозе спіць, - прагаварыў пісклявы.

- Зараз ён вечным сном засне, - сказаў ягоны сябрук.

«Яны мяне шукаюць, каб забіць! - здагадкаю працяло Кастуся. - Што ж зрабіць? На двор праз балкон выскачыць? Рамы зачынены. Пакуль адчыніш, гэтыя двое расправяцца са мной».

Кастусь выцягнуў з-пад сябе коўдру і накрыўся ёю па шыю.

- У зале яго няма? - запытаўся пісклявы.

- Няма. Мабыць, у спальні адлежваецца.

У кватэры было тры пакоі: зал, Наташын пакой і спальня, якая выходзіла на балкон.

Неўзабаве Кастусь убачыў двух мужчын. Адзін з іх быў высокі, лысаваты, а другі - чорнавалосы, мардаты, адкормлены.

- І там няма, - заглянуўшы ў Наташын пакой, сказаў лысаваты. У ягоных руках бліснула лязо нажа.

Кастусь з галавою накрыўся коўдрай і скурчыўся. «Нездарма мне прысніліся пацукі, якія спускаліся па сцяне. Двухногія з'явіліся. Прыйшла мая пагібель», - прамільгнула ў галаве.

- Дзе ж падзеўся гэты казёл? - вылаяўся чорнавалосы.

- Правер на балконе. Можа, там спіць? - падказаў лысаваты.

«Калі чорнавалосы наблізіцца да мяне, то ўскочу і так закрычу, што ўвесь свет пачуе. А потым у горла яму ўчаплюся. Што будзе, то будзе», - падумаў Кастусь.

Пачуліся цяжкія крокі. Усё бліжэй і бліжэй. Кастусь локцем абапёрся аб падлогу, каб ускочыць.

- Там? - не церпіцца лысаватаму.

- Няма, - адказаў чорнавалосы і патупацеў назад.

«Няўжо пранесла? Няўжо пашанцавала мне? Божа, дапамажы! Выратуй мяне, Божа!» - зашаптаў пра сябе Кастусь.

- Гэты казёл, мабыць, пацягнуўся кудысьці, - сказаў лысаваты.

- П'яны?

- Яму цяпер мора па калена.

- Што будзем рабіць? - запытаўся чорнавалосы.

- Трэба ўцякаць, бо на нас хутка кайданы надзенуць, - прагаварыў лысаваты.

Кастусь далоняй затуліў рот. Ён баяўся, што яны пачуюць ягонае дыханне і вернуцца.

Глуха стукнулі дзверы, гучна шчоўкнуў замок.

Кастусь прыўзняў коўдру, трымаючы яе над сабою. Напружыўся, ён прыслухоўваўся, як прыслухоўваецца звер, загнаны паляўнічымі. Магчыма, гэтыя двое стаяць у калідорчыку, каля дзвярэй, спадзяюцца, што ён вылезе са свайго сховішча. Не, ён не паддасца на іхнюю вудачку, у яго ёсць вытрымка.

За акном зусім сцямнела. У кватэру даносіліся вясёлыя галасы людзей, якія жылі сваім, іншым жыццём.

Кастусь устаў, кінуў коўдру і, сунучыся каля сцяны, накіраваўся на калідор.

 

5

 

Замок у дзвярах быў цэлы, не зламаны. «Як жа яны адчынілі кватэру? - думаў Кастусь. - Няўжо ў іх ёсць ключ? Ключ... Ключ... Калі ў іх ёсць ключ, то яны зноў прыйдуць па ягоную душу. Яны не злодзеі. Злодзеі стараюцца ўкрасці, а гэтыя яго, Кастуся, стараліся знайсці. Пазваніць у міліцыю. Паведаміць, як было? Ну й што з таго? Ён не такая важная асоба, каб міліцыя ахоўвала яго круглыя суткі. Суседзям расказаць? Таксама не дапамогуць. Толькі перапалохаеш іх».

Кастусь пастаяў, паківаў галавою і зачыніў дзверы на засаўку. На душы крыху палягчэла. Засаўка яму дапаможа. Яна цяпер ягоны адзіны сябар і саюзнік. Вядома, яны не будуць ламаць дзверы, грукацець на ўвесь пад'езд. Але трэба перастрахавацца. Беражонага і Бог беражэ.

Кастусь узяў з кладоўкі сякеру і, глянуўшы на сябе ў люстэрка, якое вісела на сцяне, горка ўсміхнуўся. Сякера ў руках, валасы ўскудлачаныя, твар абліты ліпкім потам, вочы блішчаць, як у хворага. Ну й партрэцік!

Што ж яшчэ зрабіць, каб засцерагчыся ад бяды? Зачыніць на балконе дзверы - раз, занавесіць вокны - два.

Напіўшыся з-пад крана вады, Кастусь на балконе зачыніў дзверы, занавесіў вокны ў спальні, у Наташыным пакоі, на кухні, прыйшоў у зал.

На бляшчаным падаконніку, забіўшыся ў самы куточак, сядзела шэрая галубка з чорнай грудкай.

«Я ж цябе сёння не пакарміў, забыўся за гарэлкай», - падумаў Кастусь і, адчыніўшы фортку, паклікаў:

- Ляці да мяне, шэрая птушачка. Разам будзе весялей.

Галубка прыўзнялася, пратупацела лапкамі па падаконніку, узлецела і, пакружыўшыся, села на фортку.

- Разумніца ты мая! - пахваліў галубку Кастусь і, паставіўшы каля сцяны сякеру, узяў птушку, а затым зачыніў фортку і занавесіў акно.

Сэрцайка ў галубкі білася моцна-моцна і часта-часта. «І ў мяне сэрца б'ецца моцна, аж з грудзей вырываецца», - падумаў Кастусь.

На кухні ён узяў лустачку хлеба і, пакрышыўшы, рассыпаў па падлозе. Галубка зусім не баялася ў кватэры: перавальваючыся на лапках, хутка-хутка дзяўбла крошкі хлеба.

Кастусь сядзеў на табурэтцы і моўчкі глядзеў на галубку. Чаму яго хочуць забіць? Ён звычайны, маленькі чалавек. Не камерсант і не які-небудзь палітычны дзеяч: слесар камбікармовага заводзіка. Здаецца, нікому не залез пад пазногці. Жыў гэтак, як жывуць многія. Хадзіў на працу, грошы адкладваў, каб Наташы будучыню забяспечыць. Яна дзесяць класаў скончыла. Вырасла прыгажуняй, у Святлану ўдалася. Дзе яны цяпер? Чаму не звоняць? Магчыма, штосьці параілі б. Калі б раней яму хто сказаў, што так цяжка будзе ў сваёй кватэры, то нізашто не паверыў бы: пасмяяўся б з яго.

Кастусь вырашыў, што ляжа спаць на калідоры, каля ваннай. Магчыма, ноччу ягоныя ненавіснікі задумаюць залезці ў кватэру праз акно. З калідора ён пачуе іх і сустрэне як належыць.

Кастусь з зала прынёс сякеру, з ложка зняў матрац, паклаў яго на калідоры, каля ваннай, прымасціўшы каля сцяны падушку, а затым пайшоў на кухню, дзе была галубка. Яна сядзела на стале. Кастусь узяў яе і прытуліў да грудзей. «Ты мяне зусім не баішся, магчыма, адчуваеш, што ў мяне бяда, хочаш дапамагчы мне, - падумаў, - але ж ты маленькая, безабаронная. Яны і цябе не пашкадуюць, разарвуць, як галодныя бадзячыя каты».

Ён лёг на матрац, пальцамі пагладзіўшы галубку, і прамовіў, заплюшчыўшы вочы:

- Спі.

Нібы з таго свету, выплыў тоўсты мардаты твар чорнавалосага мужчыны. «Я яго недзе бачыў. Дзе ж? Дзе?» - падумалася Кастусю.

Але ён так і не ўспомніў, дзе бачыў мардатага мужчыну. Зняможаны, ён заснуў, трымаючы ў адной руцэ галубку, а ў другой - сякеру.

 

6

 

У дзевяць гадзін раніцы пазваніла Святлана.

- Кастусёк, як жывеш без нас? - пацікавілася.

- Святлана, мяне хочуць забіць! - выпаліў у трубку Кастусь.

Святлана аж папярхнулася.

- Цябе?

- Вечарам двое мужчын адамкнулі замок і ўлезлі ў кватэру. Мяне шукалі, - стаў тлумачыць Кастусь.

Святлана перапыніла яго:

- Ты ўчора выпіў?

Кастусь з ілба змахнуў пот. Трэба казаць праўду, як было. Няхай Святлана ўсё-ўсё ведае.

- Выпіў. А што?

- З гэтага і пачынаў бы, - з'едліва прагаварыла Святлана. - Кастусёк, калі вып'еш і сёння, то да цябе прыйдуць не двое, а трое. Двое з насілкамі.

- Я ў міліцыю заяўлю, - вырвалася ў Кастуся.

- Не ўздумай заяўляць. На ўвесь горад хочаш абняславіць мяне і Наташу? Наташа ўжо дарослая. Кастусь, яна каля мяне стаіць. Зараз пагаворыць з табою.

З трубкі данёсся голас дачкі:

- Добры дзень, татка.

- Добры дзень, - адказаў Кастусь.

- Татка, мы не паспелі паехаць, а ты напіўся як свіння і вярзеш абы-што!

Кастусь паклаў тэлефонную трубку. Спадзяваўся, што гэты тэлефонны званок прынясе яму палёгку, а стала яшчэ цяжэй. Ні жонка, ні дачка яму не вераць, лічаць, што зусім здурнеў. Што ж рабіць? Сядзець у кватэры, як у засадзе, зачыніўшыся на засаўку? Але ж рана ці позна прыйдзецца выйсці на двор.

На калідоры, каля матраца, сядзела галубка. Кастусь узяў яе і, зайшоўшы ў зал, праз фортку выпусціў на двор, сказаўшы:

- Ляці! Радуйся сонцу і свежаму паветру.

Зараз і ён выйдзе на двор, на злосць гэтым бандытам. Пры людзях яны пабаяцца нападаць на яго. Магчыма, у пад'ездзе сустрэнуць. Што ж, у яго будзе чым абараніцца. Цяпер ён падрыхтаваўся да сустрэчы. Востры нож ляжыць у кішэні.

 

7

 

Каля пад'езда на лаўцы сядзеў Павал, а непадалёку, каля спартыўнай пляцоўцкі, стаяў мужчына на падпітку ў сінім спартыўным касцюме.

- Добры дзень, - прывітаўся з Паўлам Кастусь, пра сябе падумаўшы: «Невядома, як ён скончыцца для мяне».

Павал зірнуў на Кастуся:

- Кастусь, у цябе вочы як у хворай каровы!

«Былі б і ў цябе такія, калі б пабыў на маім месцы. Мо ты мяне зразумееш: калі не дапаможаш, то параіш, што зрабіць», - падумаў Кастусь і расказаў Паўлу, як вечарам у кватэру ўлезлі бандыты, як шукалі яго, запытаўшыся ў канцы:

- Павал, ты мне верыш?

Павал устаў і паціснуў плячыма.

- Хацелася б верыць.

Выходзіць, і ён не верыць, лічыць, што ўсё гэта памроілася яму, Кастусю.

- Кастусь, не падай духам. - Павал вырашыў падтрымаць сябрука. - Схадзі да Васільеўны, да варажбіткі. Няхай на картах табе паварожыць. Яна жыве на нашай вуліцы: дом нумар шэсць, кватэра сем. Скажаш, што я цябе прыслаў.

Кастусь ні разу не варажыў на карты. Ён не верыў ні варажбіткам, ні знахарам, якіх за апошнія гады шмат развялося. А цяпер вырашыў: трэба паваражыць. Мо варажбітка яго супакоіць, зніме страх з душы.

 

8

 

Сёмая кватэра знаходзілася на другім паверсе. На дзвярах, абабітых дэрмацінам, алоўкам былі намаляваны крыжыкі.

Выдыхнуўшы з грудзей паветра, Кастусь націснуў на электрычны званок. Праз хвіліну за дзвярыма пачуўся старэчы голас:

- Хто там?

- Мяне прыслаў да вас Павал. Я хачу паваражыць, - прамовіў Кастусь і азірнуўся, каб праверыць, ці не падслухоўвае яго хто. Яму было няёмка, нават брыдка.

Шчоўкнуў замок, адчыніліся дзверы, і Кастусь убачыў перад сабою сухенькую, акуратна апранутую бабулю.

- Я хачу паваражыць, - паўтарыў Кастусь.

- Сыночак, сёння не змагу, - нечакана заявіла варажбітка. - Хворая я. Галава баліць. Заўтра прыходзь.

Кастусь вырашыў, што датуль не пойдзе дамоў, пакуль бабуля не паварожыць яму на картах. На калені стане, а даб'ецца свайго.

- Васільеўна, паваражыце, калі ласка! Я любыя грошы вам заплачу!

Васільеўна зірнула на яго вострымі птушынымі вочкамі і кіўнула галавою.

- Заходзь.

 

9

 

Варажбітка прывяла Кастуся ў зал, пасадзіла на канапу і ўзяла са стала калоду карт.

- Загадай жаданне і выцягні тры карты. Толькі не па парадку.

«Я хачу жыць. Што будзе са мною? Буду жыць ці загіну? Хачу жыць!» - загадаў жаданне Кастусь і, выцягнуўшы тры карты, аддаў іх Васільеўне.

Варажбітка пачала раскладваць карты на канапе.

- П'еш? - неспадзявана запыталася.

Кастусь пачырванеў:

- Здараецца, выпіваю.

- У цябе ёсць жонка і дачка.

- Ёсць, - глуха адказаў Кастусь.

- Ты іх нядаўна адправіў у санаторый.

- На возера Нарач, - удакладніў Кастусь.

Галава ў Васільеўны раптам затраслася.

- Міленькі, цябе ж хочуць забіць!

Кастусь адчуў, як сталі млець рукі і ногі.

- Хочуць. Учора вечарам прыходзілі да мяне, самі кватэру адкрылі.

- Цябе хоча забіць крэсцёвы. Ён цябе ненавідзіць. Асцерагайся яго. Ён вельмі гадкі.

Кастусь аблізнуў перасмяглыя губы.

- З крэсцёвым прыходзіў рыжы, лысаваты.

- Ты хутка сустрэнешся з імі.

Кастусю здалося, што правальваецца ў бездань.

- Яны мяне заб'юць?

- Міленькі, не пі. Як свайго сына, прашу цябе.

- Не буду, - паабяцаў Кастусь.

- Замок у дзвярах памяняй. Новы пастаў, - сказала варажбітка.

Кастусь устаў і, выняўшы з кішэні грошы, працягнуў іх варажбітцы.

- Вазьміце.

Варажбітка перахрысціла Кастуся.

- Міленькі, не пі, бо загінеш!

- Грошы вазьміце.

Варажбітка замахала рукамі.

- Грошы з цябе я не вазьму. Яны табе яшчэ спатрэбяцца. Ідзі! Замок памяняй і не пі! Ведай: за табою сочыць п'яны мужчына.

У Кастуся перахапіла дыханне.

- Той, з якім я ўчора выпіваў?

- Другі. Чарвёвы. Валасы ў яго такія ж, як у цябе. Успомні: ты яго нядаўна бачыў.

Кастусь наморшчыў лоб, успамінаючы. Так, калі ён нядаўна размаўляў з Паўлам, каля спартыўнай пляцоўкі стаяў мужчына ў сінім спартыўным касцюме. Выходзіць, нейкі алкаш сочыць. Відаць, тыя двое яго нанялі, заплацілі яму, а ён не сцярпеў і напіўся.

- Успомніў? - пацікавілася Васільеўна.

- Успомніў, - уздыхнуў Кастусь.

- Ідзі і замок памяняй.

 

10

 

У іхнім гарадку былі тры гаспадарчыя магазіны, у якіх прадаваліся замкі, але, як на тое няшчасце, ва ўсіх гэтых магазінах унутраныя замкі для дзвярэй раскупілі.

 

11

 

Стомлены, нібы пасля знясільваючай працы, Кастусь вяртаўся дамоў. «Магчыма, яны ўжо чакаюць мяне», - думаў ён, сціскаючы ў правай кішэні ручку нажа. Адно цешыла і падбадзёрвала: гэтых бандытаў ён ведае з твару. Значыць, ім не ўдасца знянацку напасці на яго.

Каля прадуктовага магазіна Кастусь нос у нос сутыкнуўся з мужчынам у сінім спартыўным касцюме.

- Сачы! Сачы! У турму сядзеш! А не сядзеш - я зарэжу! - не стрываўшы, са злосцю прагаварыў Кастусь.

Мужчына ў спартыўным касцюме штосьці працадзіў праз зубы і пайшоў, азіраючыся.

 

12

 

Каля пад'езда Кастуся сустрэў Павал. Ён ужо пахмяліўся: ад яго несла вінным перагарам.

- Кастусёк, паваражыў?

Кастусь скрывіўся, як ад зубнога болю.

- Замок трэба памяняць. Хацеў купіць, ды няма ні ў адным магазіне.

- У мяне ёсць! Праўда, стары. Стары пойдзе? - Павал (яму яшчэ хацелася выпіць) з надзеяй паглядзеў на Кастуся.

- Нясі, - узрадаваўся Кастусь.

- Я хутка вярнуся, - прамовіў Павал і пашыбаваў у свой пад'езд.

 

13

 

«Мае ненавіснікі могуць чакаць мяне ў кватэры», - падумаў Кастусь і выняў з кішэні нож.

Зайшоўшы ў кватэру, ён праверыў, ці не схаваліся яны на кухні. «Божа! У сваёй кватэры з нажом, як беспрытульны, хаджу», - падумалася яму.

Раптам настойліва зазваніў тэлефон. Кастусь падняў тэлефонную трубку і гукнуў:

- Алё!

З трубкі данеслася піпіканне. «Яны правяраюць, ці я дома. Напэўна, той, у сінім спартыўным касцюме, паведаміў ім, што я накіраваўся дамоў. Зараз з'явяцца тут», - падумаў Кастусь і, замкнуўшы дзверы, выбег на двор. Каля пад'езда сеў на лаўку, якая стаяла за кладоўкай. У гэтай кладоўцы дворнік захоўваў свой інвентар: шуфель, рыдлёўку, венікі.

Прайшло некалькі хвілін. Нечакана з-за кладоўкі выскачыў рыжы лысаваты мужчына. Кастусь яго добра запомніў, сярод тысячы пазнаў бы.

Убачыўшы Кастуся, лысаваты гучна мацюкнуўся і падбег да дзвярэй, на якіх вісела аб'ява домакіраўніцтва.

У грудзях у Кастуся затрымцела. Ён сціснуў у правай кішэні ручку нажа. «Ты спадзяваўся, што ў кватэры знянацку нападзеш на мяне. Не, проста так я табе не дамся», - думаў ён.

- Зноў напісалі, што гарачай вады не будзе! - усклікнуў лысаваты і схаваўся ў пад'ездзе.

Кастусь ведаў, што лысаваты неўзабаве выйдзе з пад'езда. У пад'ездзе ходзяць людзі. А яму, вядома ж, не хочацца, каб там яго бачылі.

Сапраўды, хвіліны праз тры лысаваты выйшаў з пад'езда. Як і Кастусь, правую руку ён трымаў у кішэні.

Кастусь, не адрываючыся, глядзеў на лысаватага, сачыў за кожным яго рухам. Лысаваты ступіў крок, наблізіўшыся да Кастуся. Кастусь прыўстаў. У ягонай душы змяшалася ўсё: і страх, і нянавісць, і боль, і адчай.

Лысаваты воўкам зірнуў на Кастуся і пакрочыў, схаваўшыся за сцяною кладоўкі.

«Цікава, з кім ты цяпер прыехаў па маю няшчасную душу?» - падумаў Кастусь і выйшаў на дарогу, якая вяла паўз іхняга дома.

Лысаваты ўжо схаваўся за рагом дома. Кастусь спусціўся ўніз і ўздрыгануў: з-за рага дома выбег чорнавалосы - крэсцёвы кароль, як назвала яго варажбітка.

«Крэсцёвы кароль», як відаць, не хацеў сустракацца тут з Кастусём. Затуліўшы твар рукою, ён павярнуўся і пабег назад. Кастусь накіраваўся за ім. Яму трэба было ведаць, што той будзе рабіць далей: схаваецца паблізу ці ўцячэ.

За домам стаяла іншамарка, у якой сядзеў лысаваты. «Крэсцёвы кароль» адчыніў дзверцы і сеў на задняе сядзенне. Іншамарка паімчалася, аддаляючыся.

Кастуся працяло як маланкаю. Ён нарэшце ўспомніў, што бачыў «крэсцёвага караля» на мясцовым маслазаводзе, дзе Святлана працавала бухгалтарам. Там «крэсцёвы кароль» займаў пасаду галоўнага энергетыка. Святлана неяк расказвала яму, Кастусю, што ў яго цяжка хварэе жонка: у бальніцы знаходзіцца больш, чым дома.

 

14

 

Кастусь вырашыў пайсці на маслазавод і падпільнаваць «крэсцёвага караля» ў ягоным кабінеце, які знаходзіўся не на ахоўваемай тэрыторыі завода, а ў канторы. Падпільнаваць і, калі ўдасца, забіць там. Ён здагадаўся, чаму той так заўзята палюе на яго.

Страх, боль, нянавісць і адчай гналі Кастуся на маслазавод.

 

15

 

У кабінеце, на дзвярах якога вісела шыльдачка «Галоўны энергетык», Кастусь «крэсцёвага караля» не застаў.

Кабінет быў прасторны, утульны. На вокнах вісеў прыгожы цюль, на сценах - люстра, штучныя кветкі. Букет жывых кветак стаяў на паліраваным стале, каля тэлефона. Каля сцяны, што злева, стаяла мяккая скураная канапа, а каля сцяны, што справа, у куце, - шафа для адзення.

«Навошта я прыйшоў сюды? Можа, уцячы, пакуль не позна?» - падумаў Кастусь.

Ён, напэўна, так і зрабіў бы: пайшоў бы адгэтуль, плюнуўшы напаследак, але з калідора данёсся голас «крэсцёвага караля», які размаўляў з нейкай жанчынай.

«Яшчэ яе тут не хапала», - падумаў Кастусь. Ён хуценька залез у шафу і дастаў з кішэні нож.

На стале працягла зазваніў тэлефон. У кабінет убег «крэсцёвы кароль» і, падняўшы трубку, гукнуў:

- Святланка, ты звоніш?

- Я так і думаў! - ледзь чутна прашаптаў Кастусь.

- Святланка, мы зноў не змаглі яго!.. Ды не! Не пашкадавалі і не спалохаліся. Ён заўважыў нас, ведае, што мы задумалі. Разумееш?.. - Седзячы ў шафе, Кастусь слухаў, як «крэсцёвы кароль» спавядаецца перад ягонай жонкай.

Потым тэлефонная трубка данесла да Кастуся голас Святланы:

- Толік, мы з ім развядзёмся, а ён у мяне палову кватэры адсудзіць і будзе сядзець як гаспадар.

«Крэсцёвы кароль» чмыхнуў, нібы вожык.

- Можа, пакіне і пойдзе?

- Не пакіне! Я яго ведаю як аблупленага. Ён нам усё жыццё сапсуе.

- Святланка, гэта не тэлефонная размова. Артур дзесьці прапаў.

«Артурам лысаватага зваць», - адзначыў пра сябе Кастусь.

- Святланка, перазвоніш праз дзесяць хвілін. Артура пашукаю. Яго бачылі на тэрыторыі завода.

«Крэсцёвы кароль» паклаў тэлефонную трубку і, штосьці буркнуўшы, выйшаў з кабінета.

Кастусь вылез з шафы, узяў са стала ключы, якія пакінуў «крэсцёвы кароль», замкнуў дзверы і сеў за стол. Ён будзе сядзець тут, у кабінеце, пакуль не дачакаецца Святланінага званка. Нават пажар яму не перашкодзіць. Няхай Святлана пачуе не Толікаў, а ягоны голас. Няхай здрыганецца яна.

- Колькі вяровачцы ні віцца, а канец будзе. Будзе! - уголас прамовіў Кастусь і паглядзеў на гадзіннік.

 

16

 

Тэлефон зазваніў роўна праз дзесяць хвілін.

«Крэсцёвы кароль» недзе затрымаўся», - падумаў Кастусь і падняў тэлефонную трубку.

- Толік! - гукнула Святлана.

У Кастуся зашчымела ў грудзях. Ён сказаў, ледзь стрымліваючы хваляванне:

- Слухаю цябе, Святлана.

Святлана адразу пазнала ягоны голас.

- Кастусь, ты?

- Я!

- Як ты трапіў у чужы кабінет?

Кастусь з усёй сілы, аж костачкі на пальцах пабялелі, сціснуў тэлефонную трубку.

- Святлана, ты даручыла свайму палюбоўніку мяне забіць, ключы ад кватэры яму дала, я гэта ведаю. Але чаму ты здрадзіла мне з ім?

- Чаму? - хрыпла засмяялася Святлана. - Ты мне надакучыў як горкая рэдзька. Ад сапраўдных мужчын пахне дэзадарантам, а ад цябе мазутам нясе.

На Кастусёвых вачах выступілі слёзы. Вось і атрымаў ён адказ на ўсе пытанні, якія ўчора і сёння мучылі яго. Хацелі забіць таму, што маленькі чалавек: без прэстыжнай пасады, без вялікага акладу. А ўчора яму думалася, што маленькіх людзей, звычайных, такіх, як ён, не забіваюць. Не, і маленькіх забіваюць, калі жонкі мараць аб вялікіх.

- Кастусь, дзе Толік? - зноў гукнула Святлана.

«Баішся за яго, шкадуеш?» - падумаў Кастусь. Яму вельмі хацелася аблаяць яе матам, але стрымаўся.

- Пакліч Наташу. Няхай яна пазвоніць мне.

- Ненавіджу! - данёсся з тэлефоннай трубкі злосны голас Наташы.

- Наташа, дачушка мая, каго ты ненавідзіш? - не дайшло да Кастуся.

- Ненавіджу! - паўтарыла Наташа і дадала: - У чужы кабінет залез і з мамы здзекуешся! Ненавіджу цябе! Ты нам з мамай шчасця не даў.

- Дык і ты з маці заадно? - крыкнуў Кастусь і, падняўшы над галавою тэлефон, з размаху кінуў яго на падлогу.

«Жыццё ўцякло, як вада праз пальцы», - падумаў ён і, адамкнуўшы дзверы, насцеж адчыніў іх. На парозе стаяў белы як мел «крэсцёвы кароль». Кастусь адапхнуў яго, ступіў на калідор і прагаварыў:

- Энергетык, слухай: я расказаў суседзям, як вы з Артурам да мяне прыязджалі. Кранеш хоць пальцам - у турме згінеш. А ты турмы баішся, бо ў мяккім крэсле прывык сядзець. Не зыркай вачыма, не зыркай. Цяпер не мяне, а цябе будзе мучыць страх. На сваёй скуры адчуеш, што гэта такое.

- Э! - экнуў «крэсцёвы кароль».

Кастусь махнуў рукою і пайшоў. Сёння ён сядзе на цягнік і паедзе ў вёску, да маці. Там, ён ведаў, чакаюць яго, зразумеюць.


2000-2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая