Алесь Якімовіч

Залатая дзіда

Частка першая. Вампір і наркамафія
  Спякота ў джунглях
  Калі сны збываюцца
  Праз сем гадоў
  Ён — гэта Траука?
  Папугай на водных лыжах
  Вампір Траука
  Спрэчка перарастае ў бойку
  Па тунелі
  З тунеля на… дрэва
  І сілай, і хітрасцю
  Зноў з Анту
  Вампір дапамагае
Частка другая. Праз джунглі
  Ці лёгка быць аптымістам?
  Кайф паказвае клас
  Каму пацеха, а каму і не
  Змяя з кветкі
  У дупле
  Нечаканае нападзенне
  Па джунглях
  Скарпіёны
  Каля ракі
Частка трэцяя. Правадыр Лінкан
  Каля паселішча мапучэ
  Пасвячэнне ў мачы
  Пераможаныя і пераможцы
  У хаціне мапучэ
  З пасудзіны ў… джунглі
  З Лінканам
  Пастка для Кайфа
  Ласо для Металіста
  У авечай шкуры
  З кавуном на галаве
  Нгенечэн?


Частка першая. Вампір і наркамафія

 

Спякота ў джунглях

 

Лінкан (хоць яму нядаўна і мінула трыццаць тры гады) такога спякотнага лета, як гэтае, не памятаў. Бязлітаснае сонца нерухома вісела над самымі джунглямі. Нават папугаі — гамонкія шчабетуны — схаваліся пад шырокімі лісцямі дрэў.

Лінкан моўчкі "пазіраў на шырокую, выпаленую сонцам паляну, на якой мужчыны ягонага племені мапучэ не раз гулялі ў чуэка. Падобную гульню — хакей з мячом — Лінкан бачыў у белых (тры гады пражыў ён сярод іх у чужым, няўтульным для яго горадзе). Праўда, у хакей з мячом белыя гуляюць клюшкамі і ярка-аранжавым мячом. А ў іх, у мапучэ, замест гэтага драўляны шар і доўгія кіі, закругленыя на адным канцы, якія, як і сама гульня, называюцца чуэка. Трэба мець вялікі спрыт, каб стукнуць чуэкай па маленькім шарыку і забіць яго ў вароты праціўніка. Не раз ён, Лінкан, падкідаў у паветра драўляны шар і штосілы біў па ім. Са свістам ляцеў шар, рассякаючы пругкае паветра.

Ды цяпер не да любімай гульні. Сонца спальвае кукурузу — маіс, на агародах гінуць пад спякотнымі промнямі фасоля, перац, бульба… Крадком выціраюць слёзы жанчыны.

З паселішча выйшаў Анту і накіраваўся да Лінкана. Яны разам раслі і сябравалі з дзяцінства.

— Правадыр, — прамовіў Анту, падышоўшы да яго, Лінкана.

Лінкан прамаўчаў, а Анту зноў прагаварыў:

— Ты наш правадыр.

Лінкан добра зразумеў яго. Так, ён правадыр племені. Не след правадыру апускаць рукі. Ён стаў правадыром неўзабаве пасля таго, як вярнуўся ад белых. Ці не таму, што лепей за ўсіх кідаў ласо, сама метка страляў з лука, умеў памірыць? А можа, таму, што не раз казаў: "Мы заўжды жылі па законах продкаў і цяпер павінны так жыць". Старэйшыя слухалі, казалі: "Так. Так".

Не адно лета мінула з таго часу, як белыя паляўнічыя, сустрэўшы яго ў джунглях, звязалі рукі і павялі. Сказалі тыя паляўнічыя яму: "Ты павінен жыць з намі, павінен жыць, як мы". А ён не хацеў хадзіць па асфальце. Яму хацелася ступаць па траве, якая так лашчыць ногі! Гэтая зямля і ён — адно-адзінае, як дрэва і плод, які трымаецца за сваю галінку. Ноччу ён уцёк з горада, каб дабрацца дамоў. Галодны, знясілены, вярнуўся ў сваё паселішча, у якім ні разу не быў чужы чалавек, дзе супляменнікі жылі так, як калісьці продкі. Ён вярнуўся і сказаў усяго два словы: "Я прыйшоў". Мажліва, і з-за гэтага выбралі яго правадыром.

Што ж цяпер рабіць? Як выратаваць племя? Белыя паляўнічыя, з якімі ў той нешчаслівы дзень сустрэўся ў джунглях, казалі, што індзейцы дзікуны, што даўно ў свеце не жывуць так, як тут. Сапраўды, мы не захацелі жыць з белымі, жыць так, як яны, але хіба кепскія нашы законы? У нас няма хлусні. Мы паважаем старасць. Мы беражом звычаі.

Праўда, быў час, калі мапучэ забыліся пра свае звычаі, але тады іх пакараў вышэйшы дух Нгенечэн.

Для пакарэння Нгенечэн склікаў сваіх пільяноў — багоў землятрусаў, маланак, разводдзяў, засухі, а таксама тых багоў, якія мелі сілу над вулканамі. Калі ўсе сабраліся, сказаў ім Нгенечэн: "Пакарайце мапучэ. Яны зняважылі нас, багоў. Яны забыліся пра звычаі продкаў. Няхай успомняць іх". Пільяны сабралі духаў зла, паклікалі змяю — пачвару Кай-кай-філу, якая жыла ў акіянскіх глыбінях. "Выканай наш прысуд", — загадалі яны ёй. Кай-кай-філу раздзьмулася, стала вялізная, што гара. Узняліся акіянскія хвалі і затапілі зямлю мапучэ. Людзі кінуліся на гару, каб там уратавацца, але Кай-кай-філу раздзьмулася яшчэ болей. Яшчэ вышэй узняліся хвалі, паглынаючы людзей. На гары, на высокай снежнай вяршыні, жыла добрая змяя Трэн-трэн. "Ратуй нас, Трэн-трэн!" — закрычалі мапучэ. Пашкадавала іх Трэн-трэн, нарасціла сярод вады высокі груд. На гэты груд пазалазілі жывыя. Ды Кай-кай-філу ўсё вышэй узнімала хвалі, якія змывалі з груда людзей. Трэн-трэн нарасціла новыя груды, але і іх затаплялі хвалі. Над акіянам узнялася адна-адзіная гара, вяршыня якой дасягала сонца. Сонечныя промні спапялялі людзей. Нарэшце злітасцівіўся Нгенечэн і загадаў Кай-кай-філу, каб вярнула воды ў акіян і высушыла зямлю. Трэн-трэн, пачуўшы гэта, паменшыла гару. Спусціліся людзі з гары. Выратаваліся тыя, хто не парушаў звычаяў продкаў.

— У маленстве нам расказвалі аб тым, як Кай-кай-філу затапіла нашу зямлю. Памятаеш? — прагаварыў Лінкан, звярнуўшыся да Анту.

Анту здрыгануўся.

— Памятаю.

— А ці не ўгнявілі мы зноў Нгенечэна? — Правадыр, мы…

Лінкан перапыніў сябра.

— Не толькі тут, у джунглях, жывуць мапучэ. Ёсць і тыя, якія жывуць там, дзе белыя. Ці не забыліся яны пра нашы звычаі?

Анту паціснуў плячыма.

— Выходзіць, і там смаліць сонца, і там засушвае агароды?

Што мог сказаць яму Лінкан? Зямля, дзе жывуць белыя, вялікая. Невядома, як там. А вось тут… Ён правадыр. Ён павінен выратаваць сваіх людзей. Можна падацца далей, уцячы адгэтуль, як уцякаюць звяры. Але ж тут магілы продкаў, у якіх побач з памерлымі збаны, гліняныя пасудзіны з ядой і напіткамі, ласо, лукі, дзіды. Хіба можна пакінуць магілы продкаў?

— Анту, дык мы не парушылі даўніх звычаяў?

— Не. Мы ніколі не хадзілі па засеяным полі, не чынілі зла жывёлінам, не бралі рэчы, якія хавалі разам з памерлымі. Мы не крыўдзілі духаў.

Лінкан здагадаўся, што трэба зрабіць. Трэба папрасіць вярхоўнага духа Нгенечэна, каб даў дажджу. Нгенечэн заступіцца, дапаможа. Племя мапучэ будзе жыць.

Лінкан уявіў, як збіраюцца людзі на рытуальную цырымонію нгільятун, як укопваюць у зямлю вялікую галіну карычнага дрэва і меншую — барбарысу, каб пасля прымацаваць іх да рытуальнага слупа.

Сёння ж будзе нгільятун. Сёння ж племя прынясе ў ахвяру Нгенечэну самых адкормленых ламаў, дасць самыя лепшыя напіткі. Вярхоўны дух не пакіне ў бядзе.

— Мы наладзім нгільятун. Мы папросім Нгенечэна, каб заступіўся за нас, — сказаў Лінкан.

Ен убачыў, што твар у Анту засвяціўся радасцю. Пасля чамусьці хмурынка прабегла па ім.

— Правадыр, трывожна на маёй душы. Мяне чакае няшчасце, — прамовіў Анту.

— Чаму?

— Мне прысніўся павук.

Лінкан спахмурнеў. Сапраўды, кепскі сон прысніўся Анту. Павук у сне — вястун няшчасця. Але ж яму, Лінкану, прысніўся бубен. Калі прысніцца музычны інструмент, то чакай удачы. Чаму ж яму, Лінкану, прысніўся бубен, а Анту — павук?

— Анту, не бойся. Нгенечэн нам дапаможа, — сказаў Лінкан.

— Неспакойна ў мяне на душы.

— Нгенечэн заступіцца. Мы дадзім яму добрую ахвяру. Анту ўвагнуў галаву ў плечы. Здавалася, што вось-вось заплача.

— Правадыр, мы разлучымся з табою. Я адчуваю. Нам трэба развітацца.

Лінкан насупіў бровы.

— Ты прыйшоў, каб суцешыць мяне, каб даць мне сілы, а цяпер хочаш развітацца.

— Гэты сон… Павук… Няма ў мяне спакою. Трывожна.

— Нгенечэн заступіцца.

Анту задраў галаву і нечакана крыкнуў:

— Правадыр!

Лінкан глянуў уверх, прыкрыўшы далонню вочы. Высока-высока ён убачыў маленькую кропку, падобную на чырвоны вугалёк.

 

Калі сны збываюцца

 

Маленькая кропка, падобная на чырвоны вугалёк, павялічвалася, станавілася ўсё большай. І вось Лінкан убачыў, што гэта вялізны шар, які свяціўся жоўта-чырвоным полымем.

— Што гэта? — падаў голас Анту.

Што мог сказаць яму Лінкан? Канешне, ён не раз бачыў, як над джунглямі пралятаюць самалёты, у якіх сядзяць белыя. Але ж гэты шар зусім не падобны на самалёт.

— Хаваймася, — прашаптаў Анту.

Лінкан пераступіў з нагі на нагу. Чаму ён павінен хавацца? Тут ягоная зямля. Жоўта-чырвоны шар паляціць далей, як пралятаюць белакрылыя самалёты.

— Апускаецца! — усклікнуў Анту.

І праўда, шар апускаўся ўсё ніжэй, павялічваючыся на вачах.

— Правадыр! — зноў усклікнуў Анту.

Лінкан хацеў ірвануцца ў кусты, ды нешта там, глыбока ў душы, узнялося, наплыло дрыготкаю хваляю, не дазволіла.

А жоўта-чырвоны шар апускаецца ўсё ніжэй і ніжэй. Лінкан глядзеў на яго, што заварожаны.

Шар раптам падскочыў, ірвануўся ўверх, пасля ўбок, нібы спалоханы звер.

З грудзей Лінкана вырваўся крык:

— Ён уцякае!

Шар павіс у паветры. Ён вісеў нерухома, як, бывае, вісіць аблачынка, калі няма ветру.

Лінкан моўчкі глядзеў на яго. Чаго ён вісіць? Чаму прыляцеў? Што, калі ўпадзе на джунглі? Відаць, усё згарыць у агні.

Неспадзявана пачуўся гул, быццам акіянскія хвалі набеглі на скалы. Шар зноў стаў спускацца.

— А-а-а!.. — закрычаў Анту і ніцма ўпаў на зямлю, абхапіўшы галаву рукамі.

А Лінкан глядзеў не адрываючыся. "Дык гэта ж Нгенечэн. Нгенечэн спускаецца з неба, — працяло здагадкаю. — Нгенечэн убачыў, што ў нас бяда, пачуў нас".

Лінкан нагнуўся, схапіў Анту за плячо.

— Да нас спускаецца Нгенечэн!

— У-у-у!.. — прамармытаў Анту.

Ён стаяў, нібы дзівак, і глядзеў. Раптам па вачах паласнула, быццам нясцерпна-яркім сонечным промнем. Галава ў Лінкана закружылася, і ён, ступіўшы ўперад, нязграбна, што паранены, паваліўся на бок.

Калі Лінкан расплюшчыў вочы, то ўбачыў перад сабою вярхоўнага духа, валадара людзей Нгенечэна, які ўзвышаўся, як скала. У Нгенечэна была вялізная круглая галава, усё цела блішчала, нібы луска ў рыбы, а вочы гарэлі, як маленькія ліхтарыкі, якія ён, Лінкан, бачыў у белых. У руцэ, падобнай на пальчатку, Нгенечэн трымаў залатую дзіду, якая зіхацела на сонцы.

Лінкан хацеў стаць на калені, хацеў папрасіць Нгенечэна, каб дапамог мапучэ, ды не мог прыўзняцца. Рукі, ногі быццам анямелі.

— Устань, — глуха прагаварыў Нгенечэн. "Вярхоўны валадар людзей звяртаецца да мяне! — здагадаўся Лінкан. — Ці маю я права стаяць з ім поруч? Не, не".

— Устань, — паўтарыў Нгенечэн. — Нягожа правадыру мапучэ ляжаць на зямлі.

Кажа, што так нядобра. Але ж рукі, ногі што волавам налітыя. Як устаць?

Лінкан варухнуў рукою (усё-ткі варушыцца, а думалася, што анямела), устаў.

Пасярод поля, на якім яны гулялі ў чуэка, стаяў жоўта-чырвоны шар. Цяпер Лінкан ведаў, што ў такім шары лятае сам Нгенечэн.

— Паднімі Анту, — сказаў Нгенечэн.

Лінкан стаяў як здранцвелы. "Нгенечэн ведае, што я правадыр племені, што майго сябра зваць Анту", — думаў ён.

— Паднімі Анту, — паўтарыў Нгенечэн.

"Які ж я дурань! Зусім ад памяці адбіла, — падумаў Лінкан. — Нгенечэн — вярхоўны дух. Ён ведае і пра тое, што адбываецца на зямлі, і пра тое, што пад зямлёю, што на акіянскіх глыбінях. Усе пільяны служаць яму".

— Паднімі Анту.

Лінкан падышоў да Анту, які нерухома ляжаў на зямлі, таргануў яго за плячо.

— Да нас прыляцеў Нгенечэн!

— Ы-ы-ы… — мармытнуў Анту, нібы з-пад зямлі. Лінкан нагнуўся.

— Нгенечэн прыляцеў! На тым круглым шары. Уставай. Ён загадаў.

— Н-не-э, — прамармытаў Анту.

Нгенечэн падышоў да Анту, прыўзняў яго, нібы пярынку, і паставіў на зямлю.

— Я не магу… Не магу-у стаяць, — наўсхліп прамовіў Анту.

Нгенечэн бліснуў на яго сваімі вачыма-ліхтарыкамі. "Нгенечэну не даспадобы, калі яго не слухаюцца", — зразумеў Лінкан.

— Анту, не плач, — папрасіў ён. — Стой і глядзі.

— Я стаю. На якім свеце я стаю? — зноў усхліпнуў Анту. Нгенечэн махнуў рукою, паказваючы на джунглі.

— На тым, дзе жывеш, дзе твае джунглі.

Анту хацеў упасці на калені, але Нгенечэн схапіў яго за плячо.

— Стой. Я вам не зраблю благога.

"Нгенечэн не пакрыўдзіць, благога не зробіць, як тады, калі паклікаў пільянаў, якія загадалі змяі Кай-кай-філу, каб затапіла землі мапучэ. Усё-ткі ён пачуў крык маёй душы, крык душы майго народа", — падумаў Лінкан.

— Я вам не зраблю благога, — паўтарыў Нгенечэн. — Зямля мапучэ гіне ад спякоты? Так?

— Гіне, — выдыхнуў Лінкан. І Анту кіўнуў галавою:

— Гіне.

Нгенечэн прыўзняў сваю залатую дзіду. Лінкан са страхам глядзеў на яго.

— Ты хочаш быць шчаслівым, правадыр? — бы здалёку, данёсся да Лінкана голас Нгенечэна.

Ці хоча? Вядома ж. Калі быў зусім малым, то вельмі хацеў навучыцца страляць з лука так, як страляў ягоны бацька. Тады гэта было для яго недасяжным шчасцем. Калі падрос, то стаў з нецярпеннем чакаць таго дня, калі прыме абрад, пасля якога юнакоў лічаць дарослымі, даюць права вырашаць усё, што звязана з жыццём племені, нароўні са сталымі мужчынамі. Ён, Лінкан, не раз уяўляў, як разам з іншымі юнакамі пераступіць парог хаціны, у якой збяруцца старэйшыя, як, седзячы на кукішках перад сваім хросным бацькам, будзе слухаць правадыра, які дзеля гэтага дня сваё цела пакрые чырвонай фарбай і размалюе чорна-белымі палосамі, як правадыр скажа, што яны, малодшыя, павінны шанаваць продкаў і паважаць багоў, абараняць жанчын, дзяцей, пераносіць боль, цярпець голад, добра працаваць, быць адданымі свайму племені. Яго не палохала, што ў хаціне прыйдзецца сядзець чатыры дні нічога не еўшы. Ён дачакаўся гэтага дня, прыняў абрад, але неўзабаве белыя паляўнічыя схапілі яго і прымусілі жыць у чужым горадзе. Як яму хацелася вярнуцца дамоў, у джунглі! Збылася і гэтая мара. Шчаслівым стаў той дзень, калі ўбачыў роднае паселішча. А цяпер… Цяпер ён сказаў:

— Усе мае родзічы ляжаць у гэтай зямлі. Але я не хачу, каб людзі племені дачасна палеглі. Я хачу чуць іхнія галасы, хачу бачыць іхнія твары. Я хачу, каб у нашых ачагах заўжды гарэў агонь. У мяне не будзе шчасця, калі ён патухне, калі попел стане халодным. Маё імя Лінкан, што азначае камень, але маё сэрца не каменнае.

Нгенечэн стукнуў залатой дзідай аб зямлю.

— Ты добра сказаў, правадыр. Вы ўсе заслужылі шчасце. Вось залатая дзіда. Яна дасць шчасце табе і твайму племені. Беражыце яе. Пакуль яна ў вас, з вамі ваша шчасце.

Нгенечэн працягнуў Лінкану залатую дзіду. Лінкан узяў яе і ледзь не выпусціў з рук: не чакаў, што такая цяжкая. Нгенечэн бліснуў на яго вачыма-ліхтарыкамі.

— Я даю вам залатую дзіду, а ты, правадыр, павінен аддаць мне каго-небудзь з вашага племені. Я забяру яго з сабою.

Вось яно што! Аддаць Нгенечэну — значыць аддаць назусім, як у ахвяру. Чаму ён не просіць самых найлепшых напіткаў ці самую сытую ламу? Каго ж яму аддаць? Мужчыну, жанчыну, дзіцё? Ці добра так будзе? Нехта ж пасля папракне.

Але ж усё племя загіне, калі будзе спякота. Загіне… Аддаць… Ці зразумеюць людзі?

У жоўта-чырвоным шары нешта піскнула, а пасля працягла загудзела. Нгенечэн тупнуў нагою.

— Правадыр, хутчэй вырашай. Мяне клічуць.

Яго клічуць. Выходзіць, нехта сядзіць у гэтым шары. Відаць, злыя духі. Ім не даспадобы, што Нгенечэн хоча дапамагчы мапучэ. А калі сябе прапанаваць у ахвяру? Але ж Нгенечэн сказаў, каб аддаў каго-небудзь з племені.

У жоўта-чырвоным шары зноў піскнула, загудзела. Лінкан пахіснуўся, быццам яму на спіну знячэўку ўзвалілі цяжар.

— Хутчэй, правадыр, — прамовіў Нгенечэн. "Валадар людзей, дазволь мне яшчэ крышку падумаць", — хацеў сказаць Лінкан, але наперад ступіў Анту.

Нгенечэн быццам чакаў гэтага. Ён узяў Анту за руку і павёў у жоўта-чырвоны шар. А ён, Лінкан, стаяў, бы аглушаны.

Нгенечэн і Анту ўжо каля жоўта-чырвонага шара. Анту азірнуўся. На ягоных вачах Лінкан убачыў слёзы. Нгенечэн абхапіў яго, пасадзіў у жоўта-чырвоны шар, залез сам. Дзверцы адразу ж зачыніліся. Нешта загудзела, і шар, скалануўшыся, панёсся ўверх. Лінкан задраў галаву, праводзячы яго вачыма. Калі жоўта-чырвоны шар стаў маленькай кропкай, падобнай на гарачы вугалёк, па небе паласнула маланка, зарагатаў гром, і на зямлю ўпалі першыя кроплі дажджу, забарабанілі па лісцях. А Лінкану здалося, што там, высока ўгары, мільгануў самотны твар Анту. Ледзь раскрываючы губы, Лінкан прашаптаў:

— Сны збываюцца.

 

Праз сем гадоў

 

Мінула сем гадоў пасля таго, як Нгенечэн павёз з сабою ў жоўта-чырвоным шары індзейца племені мапучэ Анту. У гасцініцы невялікага гарадка адной з краін Лацінскай Амерыкі сядзелі Алеся, Максім і я, Антось Маркевіч. Менавіта я расказваю вам гэтую гісторыю. Хтосьці з вас запытаецца: як жа ты, беларус, апынуўся ў Лацінскай Амерыцы? Што ж, здараецца. Паслухайце, як было.

Аднаго разу настаўніца іспанскай мовы нашай мінскай школы Ніна Іванаўна (у нашай школе іспанскую мову вывучаюць з першага класа) прачытала нам, што вядомая ў свеце лацінаамерыканская газета праводзіць конкурс пад назвай "Хто лепей ведае Лацінскую Амерыку?". Узнагарода пераможцам конкурсу — падарожжа па Лацінскай Амерыцы. Наш шосты клас, як гаворыцца, адразу ж уключыўся ў гэты конкурс і перамог. Мы думалі, што ў Лацінскую Амерыку адправімся ўсім класам, але нам сказалі, што могуць паехаць толькі чатыры чалавекі. Для паездкі выбралі Максіма, Алесю і мяне. І Ніна Іванаўна паехала з намі. Хіба адпусцілі б нас бацькі без настаўніцы? Чаму выбралі менавіта мяне, Алесю і Максіма? "Як лепшых знаўцаў іспанскай мовы", — так сказаў дырэктар школы Кузьма Ільіч. Мы ездзілі па гарадах, наведвалі музеі, паднімаліся на горы, ды на пяты дзень неспадзявана захварэла Ніна Іванаўна. Яе паклалі ў бальніцу, а мы адправіліся ў гэты невялікі гарадок. Спадзяваліся, што і тут нам пакажуць нешта незвычайнае. Але ж нас адразу з аэрапорта прывезлі ў гасцініцу і папярэдзілі, каб надвор не выходзілі, бо ў горадзе з'явіўся вампір, які нападае на людзей.

Другі дзень мы ў гасцініцы. З намі быў індзеец па імені Анту (яму даручылі ахоўваць нас). Але зранку ён пайшоў у горад, каб даведацца, што там робіцца.

А ў пакоі душна, кашуля прыліпае да спіны. Я, седзячы на крэсле, гляджу на Алесю. Яна, закусіўшы губу, пазірае ў акно. Насупраць мяне — Максім. Ён раз-пораз чухае свой кірпаты нос і моршчыць лоб: відаць, думае пра таго вампіра, які прагне чалавечай крыві. А можа, успамінае, як мы развітваліся з аднакласнікамі? Яны, вядома, цяпер зайздросцяць нам. Зайздросцяць… Ніна Іванаўна ў бальніцы, а дзесьці на вуліцы вампір.

— Антось, — звяртаецца да мяне Максім, — не верыцца, што ў горадзе вампір.

Алеся цяжка ўздыхнула.

Вядома, у яе цяпер душа ў пятках. Яна нават мышэй баіцца. Аднаго разу, восенню, калі наш клас дапамагаў калгаснікам капаць бульбу, я злавіў мыш, падышоў да Алесі (яна якраз сядзела, адпачывала) і непрыкметна паклаў ёй на калені. Не ведаю, чаму мыш адразу не пабегла. Мажліва, я крыху прыдушыў яе. А Алеся, убачыўшы мыш, піскнула, войкнула і давай скакаць, нібы на гарачых вуголлях.

Пасля таго Алеся доўга не размаўляла са мною. А хіба я быў вінаваты? Хіба я мог падумаць, што яе напалохае маленькая мыш?

— Антось, ты верыш, што ў горадзе вампір? — зноў прагаварыў Максім.

— Нездарма кажуць, — уздыхнуў я. Алеся раптам адскочыла ад акна.

— Алеся, чаго ты? — запытаў Максім.

— Там… Там… Нехта ў акно глядзіць. Максім устаў, падышоў да акна.

— Звычайны чалавек стаіць. Чаго спалохалася?

І я падышоў да акна, каб паглядзець, як сказаў Максім, на звычайнага чалавека. Сапраўды, звычайны: індзеец, якіх нямала ў гэтым гарадку. Чорныя, што смоль, валасы да плячэй, сам высокі, хударлявы. Чымсьці на Анту падобны. Стаіць, на гасцініцу пазірае. Заўважыў, што мы ў акно глядзім, памахаў нам рукою і няспешна пайшоў.

— Звычайны чалавек, — паўтарыў я. — А вампір сапраўдны страхалюд. Калі б табе, Алеся, прысніўся ён, то ты тры дні хадзіла б азіраючыся.

Чаму я гэтак сказаў? Чуў ад тутэйшых людзей, што ў гэтага вампіра нос, як у бабы-ягі, на барадзе ў яго рэдкае доўгае валоссе, вочы пукатыя, рачыныя, а сам малы, з дзіцё ростам, крываногі.

— Хоць і рэдка, але людзі-вампіры сустракаюцца на свеце, — кажу тонам знаўцы. — Сам пра іх чытаў. У газеце пісалі, чаму кроў смокчуць. Здаецца, гемаглабіну ім не хапае. Ад таго і такія страхалюды.

Алеся снапом апусцілася на ложак, заморгала вачыма. І хто ж мяне цягнуў за язык? Навошта сказаў ёй пра гэта? Яна і так не ведае, на якім свеце знаходзіцца.

Алеся апусціла галаву і раптам сказала:

— Хлопчыкі, калі я вучылася ў чацвёртым класе, то верыла, што ў Лацінскай Амерыцы ёсць краіна Біміне, у якой цячэ крыніца вечнай маладосці. Мне так хацелася ў тую краіну!

Краіна Біміне… Пра яе мы пачулі ад Ніны Іванаўны. Яна нам расказала, што ўпершыню пра краіну Біміне даведаліся еўрапейцы з напісанага на пергаменце. Вось што данёс да нас даўні пергамент.

Біміне — востраў. Туды ад нашай зямлі трэба плысці дзевяць дзён і дзевяць начэй. Здалёк ты ўбачыш вяршыню гары, а калі падплывеш бліжэй, табе адкрыецца бераг, увесь пакрыты зялёнымі дрэвамі. Ад берага ў глыбіню вострава вядуць ледзь прыкметныя сцяжынкі. Па адной з гэтых сцяжынак ідзі да падножжа гары, але не азірайся, бо крыніца вечнай маладосці страціць для цябе сваю цудадзейную сілу. Настане час — лес расступіцца, і ты ўбачыш раўніну. Тут б'е крыніца, якая дае вечную маладосць. Калі змачыць яе вадою засохлую кветку, яна зноў зацвіце і будзе гэткай жа вечна. Галінка, даўно адламаная ад дрэва, зноў зазелянее і дасць новыя парасткі. А калі стары і нямоглы вып'е той цудадзейнай вады, то праз імгненне стане маладым і поўным сіл. Алеся працягвала:

— Хлопчыкі, мне хацелася апусціць у крыніцу вечнай маладосці букет ружаў, каб заўжды ён быў такім, як на восьмае сакавіка.

Яна летуценна ўсміхнулася.

— Няма краіны Біміне, — сказаў Максім. — Яе шукалі, але не знайшлі іспанскія канкістадоры. Шмат іх загінула ў джунглях.

Я не сцярпеў, запярэчыў:

— Але ж губернатар вострава Пуэрта Рыка дон Хуан Понсе дэ Леон, які ў тысяча пяцьсот трынаццатым годзе адправіўся на пошукі вострава Біміне, адкрыў цёплае пячэнне — Гальфстрым. Яно сагравае Еўропу, дае ёй жыццё. Хіба гэта не цудадзейная рака?

— Дзе ж падзеўся Анту? Чаму так доўга яго няма? — уздыхнула Алеся.

Анту абяцаў нам, што хутка вернецца. Дзіўны гэты Анту. Расказваў, што яго забраў з сабою вярхоўны дух Нгенечэн, што іхняму племені мапучэ, якое жыве ў джунглях, Нгенечэн даў залатую дзіду. Хіба мажліва такое? Анту любіць цешыць казачкамі. Дзе ж ён? Страшнавата без яго. Чужы горад, а ў горадзе вампір. Ён можа і ў гасцініцу пракрасціся. Ведае, што тут шмат людзей.

Я хацеў сказаць Алесі, што Анту зараз прыйдзе, ды на калідоры пачуліся цяжкія крокі: туп-туп-туп… На крокі Анту яны не былі падобныя. Анту, ведалі мы, ступае ціха, амаль нячутна.

Я навастрыў вушы. "Туп-туп", — пачулася каля нашых дзвярэй.

Алеся падскочыла. Яе нібы спружына падкінула.

— Хлопчыкі, хто ж там? — мышкай піскнула яна.

— Тс-с, — прыклаў палец да вуснаў Максім. — Нехта каля дзвярэй стаіць, падслухоўвае.

Ну і ну! Каму ж мы спатрэбіліся? Няўжо вампір прабраўся ў гасцініцу?

Мы затаілі дыханне. А той, за дзвярыма, патаптаўся, уздыхнуў і патупацеў назад.

Алеся, націснуўшы на слова "ён", прамовіла:

— Ён пайшоў.

І я гэтак жа, як і яна, прамовіў:

— Ён пайшоў.

— Я адчыню дзверы, праверу, хто там, — сказаў Максім і накіраваўся да дзвярэй.

А на калідоры зноў пачулася: туп-туп-туп…

Максім стаў, застыўшы цыркулем.

Я ўжо не сумняваўся, што гэта вампір. "Ён слухае, ці ёсць хто ў пакоі", — думалася мне.

Вампір, пачулі мы, пракрактаў і патупацеў. Няўжо пранесла?

 

Ён — гэта Траука?

 

Некалькі хвілін мы сядзелі як здранцвелыя. А на калідоры зноў пачуліся крокі: ужо лёгкія, імклівыя. Я адразу пазнаў, што ідзе Анту. Нарэшце. Цяпер пракляты вампір не нападзе на нас.

Я падбег да дзвярэй, хацеў адамкнуць іх, а Алеся як замахае рукамі:

— Антось, не адмыкай! Мажліва, вампір, каб абмануць нас, знарок стаў па-іншаму хадзіць.

— Я адамкну, — кажу.

— Пачакай, — спыніў мяне Максім. Я зірнуў на яго:

— І ты баішся?

— Не задавайся. Сам нядаўна пад ложак заглядваў. Ведаю чаму. Шукаў месцейка, каб схавацца. Не след спяшацца. Крыху пачакаем.

Я хацеў сказаць Максіму, што не збіраўся пад ложкам пыл выціраць, ды з-за дзвярэй пачуўся голас Анту:

— Не заснулі?

Я павярнуў ключ у замку, адчыніў дзверы. Анту ўвайшоў у пакой. Да яго адразу ж кінулася Алеся.

— Дзядзька Анту, як добра, што вы прыйшлі! Па калідоры хадзіў вампір. Каля нашых дзвярэй крактаў, нагамі тупацеў. Ён хацеў у наш пакой улезці.

Анту пагладзіў Алесю па галаве.

— Не бойся. Няма яго тут. Нехта проста так хадзіў. Мабыць, свой пакой шукаў. Забыўся, у якім яго пасялілі.

Няма вампіра ў гасцініцы, не было. А мы ад страху калаціліся. Нездарма кажуць: баязліваму і корч мядзведзем здасца.

— Яго зусім няма? Выдумалі людзі? — запытала Алеся.

Анту сеў на крэсла, паглядзеў на нас. У некаторых дарослых у вачах можна ўбачыць затоеную злосць ці жорсткасць, у іншых гарэзлівасць ці неспакой, сумоту. А ў вачах Анту — нейкая незразумелая мне дзіцячая дабрыня. Гэта я прыкмеціў яшчэ раней, калі мы толькі сустрэліся з ім, калі ён расказваў нам, як спусціўся ў джунглі валадар людзей Нгенечэн.

— Людзі праўду казалі,— прамовіў Анту. — Траука ў горадзе.

— Які Траука? — здзівіўся я.

— У нашых джунглях жыве вельмі стары карлік. Ягоны твар як у дзіцяці, а галава павернута тварам назад. На нагах-абрубках, якія падобныя на лапы, няма пятак і пальцаў. Ён носіць сплеценае з травы адзенне і глядзіць так, што нават самаму смеламу становіцца не па сабе. У таго, хто сустрэнецца з ім, нямее шыя, вырастае горб. Вампір, які з'явіўся ў горадзе, — гэта не чалавек. Гэта страшыдла Траука.

Вядома, ні я, ні Алеся, ні Максім не паверылі, што дзесьці ў джунглях жыве карлік Траука. Ды мы не пярэчылі Анту, бо ведалі: колькі ні пярэч, ён будзе стаяць на сваім. Так было і раней, калі расказваў, як ляцеў разам з Нгенечэнам у шары.

— Дык вампір, — ў горадзе? — запытаў у Анту Максім.

— У горадзе. Нядаўна на хлапчука напаў. Ледзь абаранілі малога.

— А Траука ўцёк?

— З самых рук вырваўся. Вёрткі.

Усё-ткі ўцёк. Што ж было б, калі б на мяне напаў? Трапілі ў нерат! Вось табе і Лацінская Амерыка! Тут добрым спрынтарам трэба быць.

— Траука хлапчука моцна пакусаў? — пацікавіўся я. Максім, каб перапыніць гэткую гаворку, прамовіў:

— Дзядзька Анту, вы казалі, што ў джунглях была вялікая спякота, калі Нгенечэн спусціўся на жоўта-чырвоным шары.

— Яшчэ якая!

— Вы ўвесь час жылі ў джунглях? Вам не было сумна?

— Не. Мы працавалі, весяліліся.

— Дзядзька Анту, да гэтага вы ніколі не бачылі вялікага горада?

Анту паглядзеў на Максіма. У ягоных добрых дзіцячых вачах можна было прачытаць: "Які ж ты дзівак, хлопча!"

У школе нам расказвалі, што на тэрыторыі многіх лацінаамерыканскіх краін захаваліся асобныя групы індзейцаў, якія ніколі не мелі кантакту з цывілізацыяй, жылі, як і іхнія далёкія продкі, лавілі рыбу, палявалі. Здаралася, што да такіх паселішчаў дабіраліся еўрапейцы, каб азнаёміцца з першабытным жыццём. Ды не ўсе індзейцы былі згодныя на гэта.

Адзін бразільскі вучоны падлічыў, што за два апошнія дзесяцігоддзі ад індзейскіх стрэлаў толькі ў Бразіліі загінула больш як шэсцьдзесят даследчыкаў. Што ж, да індзейцаў часта ідуць не з дабром. Вось і Лінкана, цяперашняга правадыра племені мапучэ, казаў Анту, яны калісьці забралі з сабою.

Ды ўсё роўна не верыцца, што ў наш касмічны век ёсць індзейцы, якія наўмысна не выходзяць з джунгляў. Цяжка ўявіць іхняе жыццё без машын, без электрычнасці. Нездарма Максім здзіўляецца.

— Вы ніколі да гэтага не бачылі вялікага горада? — паўтарыў мой сябар.

— І не хацеў бы бачыць, — адказаў Анту.

— Тут лягчэй жыць, — паціху сказаў Максім.

— А мне цяжэй.

Анту хутка-хутка забарабаніў пальцамі па стале. Развярэдзіў яму душу Максім.

— Калісьці наш токі Лаутара ад белых уцёк, — прамовіў Анту. — Не захацеў жыць з імі. І Лінкан з горада ўцёк. І я ўцяку, пайду праз джунглі. Але што скажуць мне? Мяне ж забраў Нгенечэн. Ці павераць, што я жывы?

— Раскажыце нам пра токі Лаутара. Ён нікога не баяўся? — звярнулася да Анту Алеся.

— Нікога. У яго сігналам да атакі быў вокліч: "Амутуі!"

— Што значыць "амутуі"? — пацікавілася Алеся.

— Ідзем уперад. Цяжкі быў лёс у токі Лаутара. Яго — сына мясцовага правадыра — яшчэ малым забралі іспанскія заваёўнікі-канкістадоры. Ён рос у іх, вучыўся ваеннаму майстэрству, а пасля яму далі пад каманду атрад лучнікаў, каб ваяваў са сваім народам. Але Лаутара ў час бою перабіў вялікі атрад іспанцаў і перайшоў да сваіх. Мапучэ выбралі яго токі — ваенным правадыром, і неўзабаве ён паказаў, на што здатны. Калі вялікі атрад карнікаў выходзіў з цясніны, токі Лаутара падзяліў сваё войска на некалькі атрадаў. Першы атрад не даў развярнуцца канкістадорам, наляцеў на іх, а пасля адступіў, рассыпаўся ў розныя бакі і, зноў сабраўшыся, стаў за апошнім атрадам, каб адпачыць і з новай сілай наляцець на ворага. Так рабілі і іншыя атрады. Наляталі, біліся, а пасля, адступіўшы, станавіліся за апошнім. Іспанцы не вытрымалі гэткага націску і пабеглі. Кожны іспанскі заваёўнік ведаў кліч Лаутара: "Дзесяць перамог мы атрымаем над нашым ворагам!" А як баяліся карнікі балеадоры, якую ён упершыню прымяніў у баі! Здавалася б: ну што ж такое балеадора? Звычайная вяроўка і два круглыя камяні, прывязаныя да яе канцоў. Але ў руках вояў-мапучэ балеадора стала страшнай зброяй. Камяні, пушчаныя з яе, выбівалі з сёдлаў коннікаў. Шмат бяды прынёс ворагу токі Лаутара, але знайшоўся здраднік, які выдаў яго, і ў тысяча пяцьсот пяцьдзесят сёмым годзе токі Лаутара загінуў.

— Дзядзька Анту, вы расказвалі, як Нгенечэн спусціўся, — напомніў Максім. — Ён вас з сабою забраў. А што было далей?

— Не памятаю. Нават не ведаю, як у гэтым горадзе апынуўся. Я нібы з неба спусціўся. Мабыць, Нгенечэн мяне сюды прывёз. З таго часу тут жыву, працую.

Цікава выходзіць. Спусціліся, забралі, павезлі. Не, не Нгенечэн яго забраў, а іншапланецяне. Не раз яны прыляталі на Зямлю. Вось і ў нашых газетах пісалі, што аднаго дзядзьку з Украіны іншапланецяне з сабою забралі. Той дзядзька запомніў, як везлі яго, як паказвалі яму сваю планету. А пасля ён немаведама як апынуўся каля сваёй хаты. Як і Анту, не памятае, хто прывёз яго. Чаму ж Анту іншапланецяне забралі? Відаць, была нейкая прычына.

— Дзядзька Анту, вас іншапланецяне забралі,— кажу. — Хіба вы не чулі, што яны прылятаюць да нас?

Анту як адрэзаў:

— Нгенечэн мяне забраў.

— А залатая дзіда ў правадыра Лінкана засталася? — пацікавіўся Максім.

— Ніхто не верыць мне, — са скрухай сказаў Анту. — Калі расказваю ў горадзе, то ўсе смяюцца. А мапучэ не ўмеюць хлусіць. Закон продкаў не дазваляе нам хлусіць.

Я паверыў, што ў правадыра Лінкана залатая дзіда, што далі яе яму іншапланецяне. Ніхто ж не ведае, на якой планеце яны жывуць. Мажліва, там гэтулькі золата, што ходзяць па ім. Дык хіба цяжка зрабіць залатую дзіду?

— Ведаеш, чаму іншапланецяне далі правадыру Лінкану залатую дзіду? — звярнуўся я да Максіма.

— Чаму?

— Яна для іх як арыенцір.

— Але, — падхапіла Алеся. — Мажліва, у ёй знаходзяцца нейкія невядомыя нам прыборы, якія падаюць сігналы іхнім лятальным апаратам. Каб тыя не збіваліся з курсу.

— Чаму ж іншапланецяне менавіта мапучэ аддалі залатую дзіду? — запытаў Максім.

— Ведалі, што мапучэ будуць яе берагчы, што не павязуць у іншае месца на якую-небудзь выставу. Залатая дзіда для іншапланецян пастаянны арыенцір. Зразумеў? — сказаў я.

— Зразумеў,— буркнуў Максім.

— Не верыце мне. Тым, хто не нарадзіўся ў джунглях, цяжка зразумець нас, — паціху сказаў Анту.

Нядобра, што мы пры ім гэткую гаворку завялі. Усё-ткі пакрыўдзілі. Мне хацелася сказаць Анту штосьці добрае, цёплае, каб не крыўдаваў, ды з калідора данесліся гучныя воклічы.

— Ці не вампір Траука ў гасцініцы? — усклікнула Алеся.

— Зараз праверу, што там, — Анту ўстаў з крэсла, адчыніў дзверы і выйшаў на калідор.

Мы моўчкі пераглянуліся. Няўжо сапраўды нядаўна Траука, як назваў вампіра Анту, тупацеў каля нашых дзвярэй?

 

Папугай на водных лыжах

 

Нудна цягнуўся час. Нарэшце ў пакой увайшоў Анту. Мы ў адзін голас усклікнулі: — Траука?

— Злавілі Траука. Вось і радуюцца ў гасцініцы.

— Хто злавіў? — апярэдзіўшы мяне і Алесю, запытаў Максім.

— Нейкія чужыя людзі. Да гэтага іх у горадзе не бачылі. Яны самі сказалі, што злавілі Траука. Сказалі, што хутка пакажуць яго.

— Вось каб хоць адным вокам глянуць на яго! — вырвалася ў мяне.

Алеся аж прыжмурылася.

— Хочаце паглядзець, як папугай катаецца на водных лыжах? — усміхнуўся Анту.

Ці мажліва такое? Каб праехаць на водных лыжах, трэба трэніравацца. Спартсмены-вадналыжнікі не адзін год трэніруюцца. А тут папугай — птушка. Птушкам толькі на галінках сядзець.

— Папугай? На водных лыжах? Не веру, — сказаў я.

— Хадзем на наша возера. Паглядзіце, — сказаў Анту. Калі мы выйшлі з гасцініцы, Алеся пацікавілася:

— Дзядзька Анту, а тыя людзі, што злавілі вампіра, не баяліся, што ён іх пакусае?

— Пэўна ж, баяліся. Ён хітры, падобны на кажана-крывасмока.

— Хіба ёсць кажаны-крывасмокі?

— Ёсць. Яны на жывёлін нападаюць. Разцамі пракусваюць скуру і з ранкі п'юць кроў. Зубы-разцы ў іх вострыя, што брытвы.

— А дзе яны водзяцца? — запытала Алеся.

— У джунглях.

Кажаны-крывасмокі ў джунглях водзяцца. Пашанцавала, што туды нас не павезлі.

Перагаворваючыся, мы непрыкметна прыйшлі на тое возера, пра якое казаў Анту. Яно было тут жа, у горадзе. Вакол возера, цесна збіўшыся, стаялі людзі.

Мы праціснуліся праз натоўп. Па возеры на мініяцюрных лыжах куляй ляцеў папугай, учапіўшыся дзюбай за трос, прымацаваны да маленькай маторнай лодкі.

— Ну й малайчына! — запляскала ў ладкі Алеся. І вакол запляскалі, закрычалі:

— Трымайся, какаду!

— Не памачы лапы!

— Ні пуху, ні пер'я!

— Хто кіруе маторнай лодкай? — запытала ў мяне Алеся. Сапраўды, хто? Маторная лодка імчыцца, апісваючы кругі, быццам сама сабою, быццам нячыстая сіла яе нясе.

— Маторная лодка з дыстанцыйным кіраваннем, — сказаў Максім.

— З дыстанцыйным? — здзівілася Алеся. Максім тыцнуў пальцам, паказваючы ўлева.

— Вунь на беразе мужчына. Ён ёю кіруе.

Воддаль ад нас, шырока расставіўшы ногі, стаяў чарнявы мужчына. У ягоных руках была невялікая скрыначка з кнопкамі, рычажкамі. Мужчына, не зводзячы вачэй з маторнай лодкі, націскаў на кнопкі, пераключаў рычажкі. Маторная лодка насілася, што шалёная.

Я шчоўкнуў пальцамі.

— Какаду — майстар спорту міжнароднага класа.

— Заслужаны майстар спорту, — сказаў Максім. "Заслужаны майстар спорту" какаду ляцеў над вадою.

Цяпер я не думаў ні пра кажаноў-крывасмокаў, ні пра вампіра Траука.

Маторная лодка павярнула да берага. Імчыцца. Вось-вось урэжацца ў бераг. Не, спынілася каля самага берага. Чарнявы ўзяў папугая, пасадзіў сабе на плячо.

Людзі кінуліся да яго. Анту, я, Алеся і Максім таксама пабеглі туды.

Вось ён, "заслужаны майстар спорту" какаду. Пазірае на людзей, то ў адзін, то ў другі бок паварочвае галаву. Раптам, адкрыўшы дзюбу, як закрычыць:

— Чаго вочы вылупілі?

Я спярша не скумекаў, што гэта пра нас, пра ўсіх. Пасля дайшло, калі людзі на розныя галасы зарагаталі:

— Ха-ха-ха… Гы-гы-гы…

І какаду, як відаць, перакрыўляючы, загыгыкаў:

— Гы-гы-гы…

Вакол яшчэ мацней зарагаталі:

— Га-га-га…

Чарнявы чамусьці падышоў да Анту.

— Разумны мой папугай? Анту прыцмокнуў языком.

— Яшчэ які!

— Мяне зваць Санча, — сказаў чарнявы.

— А мяне Анту.

— Гэта ты пра залатую дзіду ўсім расказваеш? Анту апусціў галаву.

— Ніхто мне не верыць.

— Дзядзька, гэта вы вампіра злавілі? — вытыркнуўся наперад Максім.

— А гэта хто? — спытаў Санча і паказаў на мяне, Алесю і Максіма.

— Яны здалёку, з іншай краіны.

— З іншай? — працягла прагаварыў Санча.

— Вы доўга свайго какаду трэніравалі? — нясмела запытала ў яго Алеся.

— О-о! Ён яшчэ не на такое здатны. Ен нават да дзесяці ўмее лічыць, — прамовіў Санча і гучна сказаў: — Адзін!

— Два, тры, чатыры, пяць, шэсць… — пачаў лічыць какаду.

Людзі загаманілі. Хтосці зацягнуў песню. Яе падхапілі. Усе як адзін паддаліся нейкай незразумелай мне весялосці. Ці не таму, што некалькі дзён стрымлівалі яе, насілі ў сабе, напалоханыя вампірам?

А папугай пырхнуў, скокнуў на зямлю, перакуліўся, як сапраўдны акрабат, зноў узляцеў, сеў на плячо Санча, пазіраючы на людзей, як пераможца.

— Вы пыталіся, ці я вампіра злавіў? — звярнуўся да нас Санча. — Я. Прыйшлося павалтузіцца з ім.

Людзі, якія стаялі паблізу, прыціхлі.

— Ён страшны? — запытала Алеся.

— Страшнейшы за самую страшную гарылу, — прамовіў Санча.

Я не зводзіў вачэй з Санча. Вось ён, герой сённяшняга дня. Ён не толькі Траука адолеў, але і людзям даў радасць.

Ён як добры казачны джын, які зробіць усё-ўсё, што пажадаеш.

Санча пагладзіў папугая.

— Дужы гэты вампір. Пантэрай на нас кідаўся. Аднаго нашага за руку ўкусіў.

— Зубамі? — сказаў я ні ў пяць ні ў дзесяць.

— Канешне, зубамі. Ён…

Санча не паспеў даказаць, бо ззаду пачуўся прарэзлівы крык нейкага мужчыны:

— Вампір на вуліцы! Нядаўна на жанчыну напаў!

— Бандыты! — на ўсё горла закрычаў папугай. Людзей закруціла, як круціць у бяздоннай яме вір. Мяне, Максіма і Алесю натоўп пацягнуў за сабою. Мы не супраціўляліся, толькі, узяўшыся за рукі, стараліся трымацца разам. Анту застаўся дзесьці там, каля возера.

 

Вампір Траука

 

Не памятаю, ці доўга натоўп цягнуў нас за сабою. Нарэшце людзі сталі разбягацца. Мы таксама пабеглі, пакуль не апынуліся на нейкай ціхай вуліцы, дзе не было ні душы.

— Хлопчыкі, у якім баку гасцініца? Куды нам ісці? — запытала Алеся.

— Назад, — кажу я.

— Па-мойму, уперад, — запярэчыў Максім.

— Чаму ўперад? — пытаюся ў яго.

— Калі пойдзем назад, то вернемся на возера. Здаецца, лагічна ён разважае. Ад возера мы беглі. Можа, вярнуцца? Можа, Анту чакае нас каля возера?

— Хлопчыкі, невядома, ці трапім на возера. Мы ж не адну вуліцу прабеглі. Невядома, куды гэтая вядзе, — сказала Алеся.

І ў яе разважанні ёсць логіка. На возера, як помніцца, мы ішлі па прыгожай, шырокай вуліцы. А гэтая вузкая. І людзей не відаць. Мабыць, зноў пахаваліся. Каму ж хочацца сваім жыццём рызыкаваць? Тут трэба хадзіць з важкім кіем.

— Усё-ткі трэба ісці назад, — парушыў маўчанне Максім. Разумнік знайшоўся! То ўперад, то назад. Прывык, каб заўжды было па-ягонаму. Не выйдзе. Насуперак зраблю.

— Трэба ісці ўперад, — сказаў я і патэпаў, засунуўшы рукі ў кішэні.

А на душы неспакойна. Чужы горад, чужая вуліца, чужыя дамы. Што, калі раптам вампір Траука выскачыць?

Я азірнуўся, каб паглядзець, дзе Алеся і Максім. Валакуцца за мною. Відаць, і ім страшна. Траука… Чаму ж ён зноў на вуліцы? Анту казаў, што злавілі. І Санча пацвердзіў.

Я стаў, пачакаў Максіма і Алесю.

— Антось, — звярнулася да мяне Алеся, — што ты думаеш пра Санча?

— Санча — герой! — узняўшы ўверх руку, прагаварыў я. Максім хмыкнуў:

— За чужымі плячыма герой.

— Чаму за чужымі? Ён вампіра лавіў. Хіба ты не чуў, як Санча расказваў?

— У гэтага Санча язык, як малатарня… Злавілі… Калі б злавілі, то на жанчыну не напаў бы, — сказаў Максім.

Вуліца павярнула ўлева, і мы апынуліся ў двары, дзе квадратам стаялі трохпавярховыя дамы. Вокны, дзверы ў дамах павыбіваныя, дзе-нідзе забітыя дошкамі. Выходзіць, вуліца вяла да гэтых дамоў. Прыйшлі, называецца.

— Чаму дамы разбураныя? Хіба тут ваявалі? — усклікнуў я.

Алеся падняла кавалак аконнай рамы, кінула да сцяны.

— Думаюць рабіць рамонт. Відаць, яна адгадала. І ў нас таксама, бывае, думаюць, збіраюцца, пакуль дом не разбурыцца.

Максім, выглянуўшы з-за рога дома, усклікнуў:

— Э-э…

Што з ім? Экае, быццам костка ў горле засела… а на вуліцы бокам да нас стаяў вампір Траука. Я адразу скумекаў, што гэта менавіта ён: маленькі, крываногі, вочы пукатыя, губы тоўстыя, ніжняя адвісла, як у старога каня, рукі аж да кален.

— Траука? — дыхнула мне ў самае вуха Алеся.

— Ыгы, — адказаў я.

— Хаваймася, хлопчыкі.

Алеся павярнулася і пабегла з усіх ног. Я думаў, што пабяжыць у дом (там шмат пакояў, у любым можна схавацца), а яна чамусьці палезла ў сутарэнне, якое было пад домам. Мы з Максімам, вядома ж, таксама палезлі за ёю.

У паўзмрочным сутарэнні параскідана паламаная мэбля. Мы зашыліся ў самы цёмны кут, прыселі за драўляны ложак, у якім было толькі дзве ножкі.

З двара ў сутарэнне пранікалі промні сонца, у якіх круціліся, скакалі пылінкі, як бы даганяючы адна адну.

Мы баяліся паварушыцца. Не чакалі гэткай сустрэчы. Траука быццам па нашых слядах ішоў. Дзе ж ён цяпер? Што будзе, калі суне свой нос у гэтае сутарэнне? Ён і на дарослых нападае. А мы, дзеці, для яго добры ласуначак. Эх, каб дамоў цяпер! Што там мама робіць? Мабыць, па магазінах бегае. Казала, што трэба купіць тату падарунак на дзень нараджэння. І мяне папрасіла, каб з Лацінскай Амерыкі прывёз які-небудзь сувенір. Вядома, тут ёсць што выбраць. Але як нам з сутарэння вырвацца?

— Хлопчыкі…— пачала Алеся.

— Тс-с… — прыклаў палец да вуснаў Максім.

Там, на двары, нешта грукнула, і неўзабаве нехта затупацеў па прыступках, спускаючыся ў сутарэнне.

— Траука? — прамовіла Алеся і прыціснулася да мяне. Яе плечукі часта-часта дрыгацелі.

 

Спрэчка перарастае ў бойку

 

Алеся не памылілася. У сутарэнне ўвайшоў Траука, а за ім прасунуўся нейкі мужчына, яшчэ страшнейшы за вампіра. Вочы вялізныя, чырвоныя, нос тоўсты, як груша. Ад носа да падбародка цягнуцца, нібы бакенбарды, дзве чырвоныя лініі.

Хто ж гэты другі? Няўжо яшчэ адзін Траука? А можа, ён у індзейскай масцы? Так, у масцы. Калі мы толькі прыехалі ў Лацінскую Амерыку, то нас вадзілі ў музей старажытнага індзейскага побыту. Там былі падобныя маскі.

Чаму ж гэты адзеў маску? Каб Траука не ўкусіў за твар? Але ж ён можа ўкусіць за руку. Відаць, не хоча, каб бачылі ягоны твар. Дык хто ж ён? Напэўна, бандыт. Шанцуе нам. Не толькі з вампірам, але і з бандытам сустрэліся. Праўда, і Траука сапраўдны бандыт. Чаму ж яны разам? Добра, што мы ў цёмны кут схаваліся. Добра? А калі яны ведаюць, што мы ў сутарэнні?

— Эй, ты, — звярнуўся да Траука Страхалюд, як назваў я пра сябе чалавека ў масцы. — Сядай.

Траука сеў на крэсла, якое ляжала бокам. Страхалюд прысеў воддаль. Усё-ткі баіцца Траука, не давярае яму. Чаму ж разам спрагліся?

— Не стаміўся? — запытаў Страхалюд.

— Не, мяне ногі добра носяць, — пахваліўся Траука. Страхалюд ляпнуў рукою па калене.

— Яны ў цябе як у сабакі.

Голас знаёмы. Здаецца, недзе нядаўна чуў яго. Дзе ж?

— Ты чаму маску адзеў, калі ў скляпенне спускаліся? — прамовіў Траука.

— Мне трэба было яшчэ і жалезныя пальчаткі надзець. Шкада, што няма іх у мяне.

Усё-ткі знаёмы голас. Падобны на голас… Санча?

— Чаго маўчыш? Заняло? — запытаў страхалюд. Траука паплямкаў тоўстымі губамі і сказаў:

— Не даспадобы я табе?

— Табе толькі ў конкурсе прыгажосці выступаць, — зарагатаў страхалюд, выняў з кішэні апельсін і кінуў Траука.

Той злавіў яго, абгрыз шкуру зубамі, каўтнуў, пэўна, не пражаваўшы, плямкнуў губамі.

— Яшчэ хачу.

— І-і-і…— тоненька піскнула Алеся.

— Нехта пішчыць, — усхапіўся Траука.

Зараз яны правераць, хто пішчаў. Куды ж уцякаць? Калі падыдуць да нас, трэба з разгону пад ногі кінуцца. Пакуль будуць мітусіцца, хоць Алеся ўцячэ, выратуецца. Сказаць ёй, каб не марудзіла?

Я зірнуў на Максіма. Паказвае вачыма. Маўляў, сядзі. Цяжка выседзець. Падмывае ўскочыць.

— Мыш пішчыць. Сядай, — прамовіў Страхалюд.

Траука сеў. А Страхалюд, закінуўшы нагу за нагу, прагаварыў:

— Што, нядаўна на жанчыну напаў? Траука бліснуў на яго вачыма.

— Я яе толькі ўкусіў.

Ну і ну! Укусіў… Быццам яблык. Дык ён нібы звер, які ашалеў.

— Напалохалі цябе? — запытаў Страхалюд.

— Мужчыны ішлі. Пабаяўся я. Уцёк.

Дрыгацяць плечукі ў Алесі. Ніяк не супакоіцца. Дый хіба тут супакоішся? І ў самога сэрца б'ецца. Здаецца, вось-вось з грудзей выскачыць.

— Выходзіць, мужчыны цябе напалохалі. А калі б скруцілі?

Траука гучна засоп носам.

— Я іх пакусаў бы.

— Зубы павыбівалі б.

— Не даўся б. Мне не ўпершыню.

— Вельмі ж ты смелы. Я табе што нядаўна казаў? Каб ціха сядзеў, каб не высоўваўся.

Траука шчоўкнуў зубамі.

— Не магу стрымацца.

— Глядзі ў мяне! Я і не такіх ламаў,— патрос кулаком Страхалюд.

— Чаго ж ты мяне прывёз у гэты горад? Сам казаў, што добра заплаціш, калі хоць некалькі чалавек пакусаю.

— У гэтым горадзе я хацеў узяць банк. Хацеў, каб ты мне дапамог. Была ў мяне адна задумка. Таму і прывёз цябе. Кармлю, клапачуся.

— Ты казаў, каб я нападаў на людзей, а цяпер не дазваляеш, — усклікнуў Траука.

— У мяне планы змяніліся. Траука стукнуў кулаком па крэсле.

— У цябе свае планы, а ў мяне свае.

Страхалюд, вымаўляючы асобна кожнае слова, прагаварыў:

— Хачу папярэдзіць: не высоўвайся. Калі яшчэ раз пачую, што на некага напаў, то…

— То што? — не даў дакончыць Траука.

— Па галоўцы не пагладжу. Траука прыўстаў.

— Сядзець! — рэзка, як аддаюць каманду, крыкнуў Страхалюд.

Сварацца. Няма між імі міру. Ну і няхай сварацца. Нам гэта на руку. Цяпер не стануць натапырваць вушы, прыслухоўвацца.

— Не дазваляеш? — віскнуў Траука.

— Сядзець! — зноў крыкнуў Страхалюд.

Траука імгненна апусціўся на крэсла і лісліва сказаў:

— Чаго нервуешся? Я магу і пасядзець. Сядзець лепей, чым стаяць. Не трэба злавацца.

Страхалюд закінуў нагу за нагу.

— На мяне хацеў накінуцца, пачвара? Траука шмаргануў носам.

Страхалюд дастаў з кішэні рэвальвер, паклаў на калені.

— Што мне цяпер рабіць? — апусціў галаву Траука.

— Сядзі і не высоўвайся. Табе ўжо сказана.

— А калі не вытрываю і зноў каго-небудзь пакусаю?

— Тады кулю ў лоб.

Вунь ён як. Свайго хаўрусніка не шкадуе. А калі б нас убачыў, то пэўна перастраляў бы.

— Чаму кулю? Я ж табе патрэбны. Ты сам казаў,— прамовіў Траука.

— Пакуль патрэбны. Запомні.

— Запомню, — сказаў Траука і скокнуў на Страхалюда.

— Я болей не магу, — усхліпнула Алеся.

— Маўчы, — сказаў Максім.

— Не магу-у…

— Алеся, памаўчы, — папрасіў я.

А Траука, паваліўшы Страхалюда, стараўся зубамі дацягнуцца да шыі. Усё бліжэй, бліжэй ягоныя клыкі. Вось-вось дарвецца. Страхалюд намацаў рэвальвер, які ўпаў з каленяў, прыўзняў яго, цэлячыся ў Траука. Вампір стукнуў локцем па рэвальверы, і ў тое ж імгненне прагучаў стрэл. Куля, высекшы са столі іскры, са свістам праляцела над намі.

— Загрызу-у!.. — віскнуў вампір.

Страхалюд, злаўчыўшыся, стукнуў яму каленам у жывот. Траука, сагнуўшыся, упаў на бок. Страхалюд ускочыў і рукаяткай рэвальвера даў яму па галаве. Траука перавярнуўся на спіну, падкурчыў ногі.

— Здох. Туды табе і дарога, — прагаварыў Страхалюд і, схаваўшы рэвальвер у кішэню, выйшаў з сутарэння.

 

Па тунелі

 

Мы сядзелі, прыціснуўшыся адзін да аднаго, а непадалёку ляжаў вампір Траука. Ён і раней, як вядома, наводзіў на нас жах, а цяпер, беспрытомны, нерухомы, быў яшчэ страшнейшы. Мы глядзелі на яго, баючыся вымавіць слова. — Трэба ўцякаць адгэтуль, — нарэшце прамовіў Максім.

— Не магу… Я так не магу-у… — заплакала Алеся.

— Не плач, — пачаў я, каб супакоіць яе.

Мы вылезлі з-за ложка і пайшлі, ступаючы нібы па тонкім лёдзе. У мяне ў грудзях усё трымцела, калацілася. Так, мабыць, калоціцца рухавік трактара, калі працуе на самых высокіх абаротах.

Я зірнуў на Траука. Ляжыць, выскаліўшы жоўтыя шырокія зубы. Ускудлачаныя валасы ў крыві.

— Ну й зубы ў яго! Сапраўдныя кусачкі! — усклікнуў Максім.

— Гэтымі кусачкамі не толькі руку, але і нагу адкусіў бы, — дрыготкім голасам прамовіў я.

— Ён варушыцца! — усклікнула Алеся.

Сапраўды, Траука ўзварухнуўся, павёў на нас вачыма, нешта прамармытаў і прыўзняўся. Мы пачалі адступацца назад. Неспадзявана пад нагамі нешта трэснула, і мы зваліліся ў нейкую яму, у якой ляжала ці то сена, ці то салома, ці яшчэ што. Хіба разгледзіш у цемры?

— Вы жывыя? — запытаў Максім.

— Я жывы. Жывы я, — кажу яму. — А што з Алесяй?

— Я тут, — прамовіла яна.

Я прыгледзеўся. З яміны кудысьці ўдалеч вядзе шырокі тунель.

— А-а-а! — данёсся да нас голас Траука.

— Туды! Уцякайма туды! — тыцнуў я пальцам, паказваючы на тунель.

А што заставалася рабіць? Папрасіць Траука, каб не чапаў нас? Такога і не ўпросіш, і не ўмоліш.

Мы палезлі ў тунель. Па ім можна было ісці не прыгінаючыся, але навокал стаяла такая цемра, што хоць вока выкалі. Дый сцены ў тунелі мокрыя, слізкія, ліпкія. Непрыемна, калі дакранешся рукою.

Спярша я не адчуваў страху. Уперад гнала толькі адна думка: "Хутчэй. Хутчэй. Траука дагоніць". Пасля стаў баяцца, што наступлю на змяю. Мы ж не ў Мінску, а ў Лацінскай Амерыцы. Тут, як відаць, змеі не толькі ў джунглях. У гэтым сырым, змрочным тунелі някепскае сховішча-прыстанішча для змеяў. Тут, мажліва, яны клубком ляжаць, адпачываюць, затаіўшыся.

— Хлопчыкі, я стамілася. Давайце крыху пастаім, адпачнем, — папрасіла Алеся.

— Можна, — прамовіў Максім. Мы сталі.

— Гэты Траука жывучы як кот, — кажу. — Галава разбітая, а на нас вочы вылупіў.

— Што, калі ён нас дагоніць? — падала голас Алеся.

— Не. З разбітай галавой па тунелі не палезеш, — упэўнена сказаў Максім.

Мы ўжо колькі прайшлі, а канца-краю не відаць. Уваход ёсць, а выхада, мажліва, няма. Шанцуе нам.

— А ведаеце, хто той, у масцы? — прамовіла Алеся. Я натапырыў вушы.

— Хто?

— Санча.

— Ён, — падтрымаў Алесю Максім.

Не толькі мне. але і ім здалося, што голас Страхалюда на голас Санча падобны.

— Не, — сказаў я. — Санча рэвальвера не носіць. У яго…

— Кхе! Кхе! — пачулася ў тунелі.

— Траука! — прарэзліва, нібы перапалоханае птушанё, усклікнула Алеся.

Мы пабеглі па тунелі. Наперадзе пасвятлела. Значыць, непадалёку выхад. Там павінны быць людзі. Значыць, выратуемся.

Алеся ойкнула і прысела.

— Максім! — крыкнуў я. Максім стаў.

— Чаго?

— Нагу падвярнула. Не магу бегчы, — прастагнала Алеся.

Яшчэ адна бяда на нас звалілася. Вядома, мы не пакінем Алесю адну. Але ж што рабіць?

Я зірнуў уперад і ўбачыў у сценах з двух бакоў нейкія вузкія праёмы, падобныя на ўваходы ў манастырскія кельі. Што ж там?

— Максім, бачыш праёмы? — гукнуў я. Максім зазірнуў у бліжэйшы ад яго.

— Тут пакой. А цё-о-мны!

Ззаду: туп-туп-туп… Вядома, хто тупае. Траука. З Алесяй не паспеем уцячы, калі нават на плячах яе панясем.

— Давайце ў гэтым пакоі схаваемся, — махнуў рукою Максім.

 

З тунеля на… дрэва

 

Мы прытуліліся да сцяны.

— Навошта мы адпачывалі? — уздыхнула Алеся.

Сапраўды, даадпачываліся. Калі б не стаялі ў тунелі, то цяпер тут не хаваліся б. Мае выхад тунель. Нездарма пасвятлела. Стаялі… Адпачывалі… Хіба ведалі, што Траука так хутка ачухаецца, што пойдзе за намі? А можа, гэта не ён? Можа, хто-небудзь іншы?

— Кхе, кхе, — пачулася зноў.

Зусім побач няўпэўненыя крокі. Так ступаюць, калі ідуць вобмацкам, спатыкаючыся.

Мы сцішыліся. Крокі ўсё бліжэй, бліжэй.

— Тут яны. Чую. Чалавечынкай пахне.

Дык ён не толькі прыслухоўваецца, але і прынюхваецца! Няўжо знюхае, дзе мы?

— Пахне чалавечынкай. Смачна пахне. А можа, яны ўцяклі, дух пасля сябе пакінулі? Усё роўна знайду, даганю. Нядаўна прабягалі. Дух пакінулі. Кхе, — і Траука, спатыкаючыся, павалокся далей.

Ягоныя крокі неўзабаве заціхлі ўдалечыні. Мы нейкі час стаялі, прыслухоўваючыся, а пасля я выдыхнуў:

— Шкада, што якой-небудзь сеткі няма. Накінулі б вампіру на галаву і няхай трапятаўся б, як шчупак.

— Ён і сетку перагрыз бы, — уздыхнула Алеся.

— Што мы яму зробім? — сказаў Максім.

І праўда, што? Хоць ён ростам з карліка, але дужы, як вол. Яго нават Страхалюд ледзь перамог.

— Э-хе-хе-э… — паціху ўздыхнуў я.

— Антось, чаго ты? — пацікавіўся Максім. Я, каб толькі не маўчаць, сказаў:

— У Траука нюх як у сабакі.

— Хлопчыкі, а мне нага не так ужо баліць! — усклікнула Алеся.

— Можаш ісці? — узрадаваўся Максім.

— Магу!

Алеся можа ісці! Дык па тунелі можна вярнуцца ў сутарэнне. А з сутарэння выйдзем на двор. Няхай вампір лазіць тут, няхай нюхае, прыслухоўваецца.

— Максім, давай у сутарэнне, — ледзь стрымліваючы хваляванне, прагаварыў я.

Максім выглянуў з пакоя і адразу ж падаўся назад.

— Што там? — не стрываў я.

— Траука цягнецца.

— Кхе-кхе, — пачулася знаёмае.

Бач ты. Траука ступае ціха, асцярожна. Спадзяецца, што вылезем, што самі трапім у ягоныя рукі. Палюе за намі, што воўк.

Прайшоў, мінуў наш пакой. Вось каб далей пацягнуўся! Не. Стаў. Відаць, прыслухоўваецца, нюхае.

— Дзе ж яны? Пахне челавечынкай! Ох як пахне! — хрыпла прамовіў Траука. — Недзе тут, тут яны сядзяць. Пахне-э…

Зразумела, чаму вампір падаў голас. Ведае, што пачуем. Думае, што выскачым. Страх наганяе. Спадзяецца, што нервы слабыя.

— Сядзяць. Тут сядзяць. Зараз… Зараз вывалаку. З маіх кіпцюроў вам не вырвацца.

Я намацаў у цемры Алесіну руку, узяўся за яе. На руцэ трымціць, часта-часта б'ецца, пульсуе жылачка. Што ж рабіць? А калі крыкнуць: "Мы тут!" Няхай лезе. Будзем біцца.

— Вывалаку! Знайду! — са злосцю прамовіў Траука і патупацеў.

Максім выглянуў, махнуў рукою.

— Бяжым. Ён у суседні пакой павалокся.

Мы, што цені, выслізнулі з пакоя і асцярожна, на дыбачках, пайшлі туды, дзе святло, дзе выхад. Пасля, не стрымаўшыся, пабеглі.

— Уцякаю-уць! — данеслася да нас.

— Ён даганяе! — у роспачы ўсклікнула Алеся.

— Бяжы! — крыкнуў я.

Мы несліся як шалёныя. Відаць, любую перашкоду цяпер адолелі б.

Я не адчуваў страху. Ён як бы пакінуў мяне, застаўся там, ззаду, і гнаў, падганяў, нашэптваючы ў вушы: "Давай, давай!"

Мы мінулі паваротку і заўважылі прыступкі, якія вялі наверх, туды, дзе сонца, дзе людзі, дзе былінкі трапечуцца пад ветрам, дзе наш ратунак.

Узбеглі па прыступках і сталі, бо ўбачылі люк, накрыты рашоткай з тоўстых металічных прутоў.

Алеся прысела на прыступку.

— Максім, давай паспрабуем падняць рашотку, — кажу.

— Не ўцякайце! — пачулася ззаду.

Мы з Максімам уперліся рукамі ў рашотку. Яна зарыпела, прыўзнялася. Падскочыла Алеся, таксама ўперлася рукамі, стала дапамагаць. Нарэшце рашотка, зазвінеўшы, упала на зямлю.

Мы вылезлі наверх. Я азірнуўся. Удалечыні — горад. А непадалёку растуць дрэвы. Адразу ж за дрэвамі — вялізная піраміда. Чатыры тэрасы, пастаўленыя адна на адну, узнімаюцца высока ўверх. Шырокія каменныя прыступкі вядуць да піраміды. А вакол ні душы.

— Мы ў пірамідзе схаваемся? — запытаў я, звярнуўшыся да Алесі і Максіма.

— Не. Зноў у які-небудзь тунель залезем, — не пагадзіўся Максім.

— У горад пабяжым? Максім зірнуў на Алесю.

— Не.

Так, невядома, ці паспеем дабегчы да горада. Алеся зусім стамілася. Але ж і марудзіць няма як. Вось-вось Траука вылезе.

Я ўзяўся за рашотку.

— Дапамажыце. Трэба закрыць люк.

Алеся і Максім ухапіліся за рашотку. Мы прыўзнялі яе. Яна, грукнуўшы, закрыла люк.

— Давайце ўтраіх станем на рашотку. Вампір нас усіх не падніме, — кажу.

— А калі ўкусіць за нагу? — са страхам прамовіла Алеся.

Не падумаў я. Мажліва, укусіць. Між кожным сталёвым прутом сантыметраў дзесяць, не меней. Будзе нам, калі Траука да нагі дастане зубамі.

— Дык куды цяпер? — запытаў я.

— На дрэве схаваемся, — сказаў Максім.

І праўда, дрэвы густыя. Можна там схавацца. Іншага ратунку няма.

Мы падбеглі да дрэва, падсадзілі Алесю. Яна пераскочыла з галіны на галіну, нібы вавёрка. Ніколі не падумаў бы, што Алеся так спрытна ўмее лазіць па дрэвах.

Я ўбачыў, што каля дрэва ляжыць доўгі важкі кій. Схапіў яго, сціснуўшы ў руцэ.

— Антось, навошта табе кій? — пацікавіўся Максім.

— Калі Траука палезе на дрэва, то агрэю па галаве. Максім палез на дрэва, і я, узяўшы кій пад паху, падцягнуўся, сеў на тоўстую галіну.

— Ён нас тут не знойдзе? — запытала Алеся.

— Няхай паспрабуе залезці! — памахаў я кіем.

 

І сілай, і хітрасцю

 

Мы моўчкі глядзелі на люк, які закрываў выхад з тунеля. Упершыню я зразумеў Анту, які сказаў, што цяжка яму жыць у чужым горадзе. Нездарма яго цягне ў джунглі, да супляменнікаў. Вось і я, каб было можна, то што на крылах ляцеў бы дамоў.

— Памятаеце, як мы ў сваім двары збіраліся вечарам? — звярнуўся я да Алесі і Максіма.

— На гітары ігралі,— сказаў Максім.

— Песні спявалі,— дадала Алеся і хутка-хутка, як бы баючыся, што перапыняць, пралапатала: — А цётка Маруся, калі зайграем, акно адчыніць і магнітафон на ўвесь гук уключыць. Каб нам на злосць. Памятаеце?

Вядома ж, памятаю. Не раз і не два цётка Маруся, мая суседка, сварылася на нас, казала, што з-за нашай музыкі не можа паглядзець перадачу па тэлебачанні. Не раз і не два маёй маме на мяне скардзілася, нават бандытам мяне абзывала. Не бачыла яна сапраўдных бандытаў.

— Алеся, не зваліся. Мацней за лапу трымайся, — папярэдзіў Максім.

— Трымаюся.

На зямлю, грукнуўшы, упала рашотка. З люка вылез Траука. Цяпер ён мне здаўся яшчэ страшнейшым, чым у сутарэнні. Зарослы рэдкім рыжым шчаціннем твар, вялізная і прадаўгаватая галава, перавязаная нейкай бруднай анучай.

Траука, крыху пастаяўшы, паўзіраўшыся, нагнуўся і пачаў нюхаць зямлю, як сабака нюхае сляды. Пасля ляпнуў сябе па жываце.

— Ха-ха-ха… Тут! Яны тут!

Знюхаў. А дзесьці ў глыбіні душы цеплілася надзея, што не знойдзе.

Я мацней сціснуў у руках кій. "Лезь. Трэсну па галаве", — карцела крыкнуць.

Траука асцярожна, на дыбачках, падкраўся да дрэва, на якім мы сядзелі, задраў галаву і, загінаючы на руках пальцы, прабубніў:

— Адзін, два, тры. Два хлопчыкі і адна дзяўчынка. Тры чалавечынкі.

Максім замахаў рукамі.

— Ідзі, ідзі, адгэтуль. У нас свая дарога, а ў цябе свая. Траука пачухаў патыліцу.

— Злезьце. Ну, злезьце. Хіба вам цяжка? Адна секунда, і вы тут.

Просіць, нібы іншы раз нашы вучні, калі трэба спісаць задачку па матэматыцы. Няўжо думае, што мы з глузду з'ехалі?

— Дзядзька, адчапіся ад нас, — не сцярпеў Максім.

— Не, не адчаплюся. Ад душы прашу: злезьце.

Ну і ну! Хіба ёсць у такога душа? Такіх, як ён, нездарма называюць бяздушнымі.

— Па адным злазьце. Ну, хто першы? Га?

— Мы з вамі не дамовімся, — адказаў Максім.

— Не злезеце?

— Не злезем, — заявіў Максім.

— А калі я вас яшчэ лепей папрашу?

Здзекуецца з нас. Цешыцца, перш чым накінуцца. Бандыт. Садыст.

— Годзе прасіць! — крыкнуў Максім. Траука пырснуў слінай.

— Зараз я вас ссаджу. І заплачаце, і паскачаце. Калі не жадаеце па-добраму, то будзе па-кепскаму.

— На дрэва палезе, — усхліпнула Алеся.

Вампір ухапіўся за ніжнюю галіну. А я яму кіем па руцэ. Падзейнічала. Адбегся і давай хукаць на руку, прыгаворваючы:

— Біць мяне? Не дарую-у…

— Яшчэ і па галаве атрымаеш, — пасмялеўшы, сказаў я. "Не такі ты ваяка, як здавалася, — думаю сабе я. — І на цябе можна знайсці ўправу".

— Малайчына, Антось, — пахваліў мяне Максім. — Добра пацэліў.

Траука раптам падбег да дрэва, абхапіў ствол рукамі і палез, што малпа. Я, не разгубіўшыся, стаў тыкаць кіем у галаву.

— Куды лезеш? Куды?

Траука асунуўся на зямлю і са злосці давай грызці дрэва зубамі. Аж кара паляцела. Мне стала не па сабе. Да гэтага толькі ў казках чытаў, як Баба-Яга спрабавала перагрызці дрэва, на якім сядзеў казачны герой Іванка.

— Перагрызе, — спалохалася Алеся.

— Няхай грызе, калі зубоў не шкадуе, — сказаў Максім. Усё-ткі зразумеў Траука, што не перагрызці яму дрэва.

Прысеў на зямлю, ашчэрыў зубы.

— Зараз сякеру прынясу. Ссяку дрэва.

— Нясі,— прамовіў Максім.

— І прынясу. — Траука ўсхапіўся, накульгваючы, падбег да люка, спусціў ногі і знік, нібы здань.

— Давайце злезем з дрэва, — кажу.

— Жыць надакучыла? — накінуўся на мяне Максім. Я махнуў рукою.

— Траука па тунелі ў сутарэнне прабіраецца.

— Сядзі. Вельмі ж ты распетушыўся, — незычліва сказаў Максім.

Не спадабалася мне. Усё вучыць, усё выхоўвае, камандуе, нібы бацька. Чаму я павінен яго слухацца? Хіба не я перамог вампіра? Дакажу Максіму, што няма чаго баяцца.

Я, не доўга думаючы, саскочыў з дрэва.

— Антось! — крыкнула Алеся. Я махнуў рукою.

— Злазьце і вы.

— Лезь сюды! — паклікаў мяне Максім.

— Насядзеўся, — кажу.

А самога праймае дрыжыкамі. Там, на дрэве, было не так страшна. Можа, зноў залезці на дрэва? Не, не палезу. Калі б Траука схаваўся, то паказаўся б, галаву высунуў. Хіба не пачуў бы, што я злез?

— Няма яго. Злазьце. Годзе ў цяньку адпачываць. — Я, насвістваючы, адышоўся ад дрэва, сцёбнуў кіем па траве.

Неспакойна, трывожна на душы. Ды позна адступаць.

— Злазьце!

— Што рабіць? — запытала Алеся ў Максіма.

— Будзем злазіць, — уздыхнуў Максім.

— Максім, можа, ссадзіць цябе? — гучна сказаў я. Яны злезлі — спачатку Максім, потым Алеся — і падышлі да мяне. Стала крыху весялей.

— Няма яго. А вы баяліся, — кажу.

— Я тут! — пачулася раптам. З люка высунуўся Траука.

 

Зноў з Анту

 

— Хлопчыкі, уцякайма! — залямантавала Алеся і прыпусцілася да піраміды.

Мы з Максімам — за ёю. Канешне, маглі б на дрэва залезці, паспелі б. Але разгубіліся ад неспадзеўкі. Думалі, што вампір у тунелі, а ён каля люка сядзеў, падслухоўваў, чакаў, пакуль усе з дрэва злезем. Абвёў вакол пальца. Нездарма было трывожна на душы.

Мяне зноў працяло страхам. Я нават кій убок шпурнуў. Зусім забыўся, што і кіем можна бараніцца, што кій — першая зброя нашых прашчураў.

Падняўшыся па прыступках, мы праз уваход забеглі ў піраміду. Цемра, як у тунелі.

— Трэба ўзяцца за рукі, бо згубімся ў цемры, — сказаў Максім.

Узяўшыся за рукі, мы пасунуліся кудысьці ўперад, пралезлі праз нейкі вузкі лабірынт і сталі, аслепленыя святлом. Перад намі была невялікая зала. Сцены, столь, гладкія каменныя пліты пад нагамі — усё чырвонае, няйначай, як пафарбаванае. Зверху льецца святло, а вакол усё чырвонае. Белае і чырвонае…

Мы стаялі, быццам загіпнатызаваныя. Куды ж цяпер? Туды, да святла, ці, можа, назад, у цемру?

— Ён блізка, — прамовіла Алеся. — Чаго стаім?

— Ха-ха-ха… — пачулася ззаду.

Мы кінуліся ўперад, мінулі залу і зноў сталі бы ўкопаныя, бо ў сцяне адчыніліся нябачныя дзверы, і выйшаў Санча. Той самы добры Санча, які паказваў, як ягоны папугай катаецца на водных лыжах.

— А-а, знаёмыя! — усміхнуўся Санча.

— Вы… Мы… — пачаў я.

— Як вы сюды трапілі? — перапыніў мяне Санча. Я пераступіў з нагі на нагу.

— Нас вампір даганяе.

— Дык ён не здох? — са злосцю прамовіў Санча. Чаму ж так кажа? Ён жа не бачыў, як Страхалюд стукнуў вампіра ручкай рэвальвера па галаве. А можа, Страхалюд пахваліўся ў горадзе, што забіў вампіра? Але ж тады гараджане рынуліся б у тое сутарэнне, каб паглядзець на Траука. Штосьці тут не так.

Я зірнуў на Максіма і Алесю. Стаяць павесіўшы насы. Няўжо Санча той самы бандыт, які хацеў забіць Траука? Калі так, то трапілі з агню ды ў полымя.

— Ха-ха-ха… — зноў пачулася ззаду. Я азірнуўся і ўбачыў Траука. Стаіць, выцягнуўшы рукі. У вачах галодны бляск. Вось-вось накінецца на нас.

— Э-э… — экнуў я, адступаючыся назад. Траука страсянуў галавою.

— Санча, аддай іх мне.

Ведае вампір, як зваць Санча. Выходзіць, разам былі ў сутарэнні. Ну й Санча! Паказваў, як папугай катаецца на водных лыжах. Расказваў, як вампіра злавіў. Пускаў туман у вочы. І Анту, і нам, і гараджанам. Баяў баечкі, а сам думаў, як банк абрабаваць. У пірамідзе знайшоў сховішча. Відаць, тут не адзін. Дзесьці паблізу сядзяць гэткія ж, як і ён.

— Санча, аддай іх мне. Яны бачылі нас у сутарэнні. Яны хаваліся там. Усё чулі. Аддай.

— Кайман! Металіст! — гучна сказаў Санча.

З пакоя, з якога выйшаў Санча, выскачылі два барадатыя мужчыны. Адзін з іх трымаў у руках бізун, а другі быў увесь абвешаны зброяй: на грудзях аўтамат, на поясе дзве кабуры, з якіх вытыркаліся ручкі рэвальвераў.

Абвешаны зброяй наставіў аўтамат на Алесю і глуха прамовіў:

— Пуф!

Алеся адхіснулася, а ён, задаволены, зарагатаў.

"Ягоная клічка Металіст, — здагадаўся я. — Металістам назвалі не таму, што любіць такую музыку: зброю ён любіць. Нездарма ў яго і аўтамат, і рэвальверы. А другі, канешне, Кайман. У Амерыцы кракадзілаў называюць кайманамі. Напэўна, ён сапраўдны кракадзіл. Вось з кім мы сустрэліся. Не ведалі, што тут бандыты сваё гняздо звілі. Цяпер не вырвемся".

— Санча, што загадаеш? — запытаў Кайман. Санча тыцнуў пальцам, паказваючы на Траука.

— Прынясі наморднік. Гэтаму адзенеш. У яго джала змяінае.

Вампіра аж перакасіла.

— Не буду хадзіць у намордніку! Металіст наставіў на яго аўтамат.

— Стой, бо кульку ў лоб пушчу.

— Кайф, прынясі наморднік, — гукнуў Кайман.

З пакоя выйшаў худы, доўгі, што жэрдка, бандыт. У руках ён трымаў наморднік, падобны на сабачы.

— Морду настаўляй! — Кайф схапіў вампіра за бараду, прыўзняў галаву, адзеў наморднік, ззаду павесіў невялікі блішчасты замок, шчоўкнуў ключом.

— Ён цяпер не будзе кусацца.

— Калі не супакоіцца, я яго кулькаю застрэлю. Гы-гы, — гыгыкнуў Металіст.

Траука стаяў, сагнуўшыся. Цяпер, у намордніку, ён быў падобны на нейкую няшчасную дагістарычную істоту, якую выкапалі з заледзянелай зямлі, каб паказаць людзям. Санча зірнуў на Металіста і Каймана.

— Вядзіце яго ў машыну. Чакайце мяне там. Металіст і Кайман штурхнулі вампіра, павялі.

"У бандытаў ёсць машына, — падумаў я. — Спярша хацелі банк абрабаваць. Якія ж цяпер у іх планы?"

— Гэтых у расход? — перапыніў мае думкі Кайф. Няўжо нас застрэляць? Папрасіць Санча, каб адпусціў?

Такі толькі на той свет адпусціць. А здавалася, што добры…

— Пакуль не, — сказаў Санча. — Вядзі ў пакой.

У пакоі, у які прывялі нас Санча і Кайф, стаялі яшчэ два бандыты. У кожнага аўтамат. Адзін пабрыты нагала, а другі кучаравы. Абодва маладыя, шыракаплечыя.

Але я глядзеў не на іх. Я глядзеў… на Анту, які, выцягнуўшы ногі, сядзеў у куце. На руках у Анту былі наручнікі. Думалі, што Анту ў горадзе, што шукае нас. А ён тут. Як відаць, і яго схапілі. Звяла нас дарога.

Анту, убачыўшы нас, памкнуўся, каб устаць. Пабрыты піхнуў яго нагою.

— Сядзі!

— Піучэн, усё роўна індзеец не пагаджаецца? — запытаў Санча.

— Не. На сваім стаіць, — глуха прагаварыў пабрыты. Ягоная клічка Піучэн. Што ж яна азначае? Піучэн… Не памятаю, як на нашу мову перакладаецца гэтае слова.

— Санча, я яго крыху паказычу, — прамовіў кучаравы.

— Чон-чон, не трэба.

Мянушка кучаравага бандыта Чон-чон. На кітайскае імя падобная. Чаму ўсе яны такія лютыя? Аднаму карціць кулькай прастрэліць, другі бізун з рук не выпускае, трэці глядзіць рыбінымі вачыма, нібы павінны яму што-небудзь, чацвёртаму карціць паказытаць, пятаму… Усе яны як адзін. Аднаго балота чэрці.

— Я чорт! Я чорт! — неспадзявана ўсклікнуў Кайф, узняўшы ўгору рукі.

— Ён чорт? — вырвалася ў Алесі.

Не ведаю, ці сапраўды ёй здалося, што Кайф чорт, а не чалавек. Што ж, мы быццам да чарцей у пекла трапілі. Кайф ірвануўся, пабег, наляцеў на сцяну.

— Я чорт!

Санча схапіў яго за грудзі.

— Зноў наглытаўся?

— Я чорт, — прабубніў Кайф.

— Наркотыкаў наглытаўся?

— Я чорт.

Вось чаму яму далі клічку Кайф. Ен наркаман! Таму і вочы мутныя, рыбіныя. Санча страсянуў Кайфа.

— Каму казаў, каб выкінуў наркотыкі? А Кайф, што папугай, зноў прабубніў:

— Я чорт.

Санча адштурхнуў Кайфа ад сябе.

— Чон-чон, завядзі гэтага дурня ў машыну. Пасля разбяруся з ім.

Чон-чон узяў Кайфа за плячо, выпхнуў з пакоя. Мы моўчкі стаялі, а дзесьці там, у пірамідзе, раз-пораз усё чулася: "Я чорт! Я чорт!"

 

Вампір дапамагае

 

Санча падышоў да Анту.

— Пакажаш дарогу да твайго племені?

— Не, — сказаў Анту.

— І не скажаш, дзе залатая дзіда?

— Не.

Бандыты выйшлі з пакоя. Я запытаў у Анту, зірнуўшы на Піучэна:

— Чаму яго называюць Піучэнам? Што азначае гэтае слова?

Анту ўздыхнуў.

— Нашы людзі расказваюць, што ёсць змяя піучэн, якая, падрастаючы, ператвараецца ў птушку. У яе доўгая дзюба, маленькія крылы і гнуткі хвост. Калі яна поўзае па ствалах дрэў, то пакідае за сабою чырвоныя плямы.

— Дзядзька Анту, выратуйце нас, — паціху папрасіла Алеся.

— Усё зраблю, каб выратаваць.

Я ўбачыў, што на вачах у Анту бліснулі слёзы. Шкадуе нас. Няўжо пра сябе зусім не думае? Яму ж не лягчэй, чым нам. Чаму Санча не такі, як ён? Стаіць, з Піучэнам шэпчацца. Усмешка на вуснах. Радуецца, а ў Анту слёзы на вачах. Калі б па справядлівасці, то трэба, каб Анту ўсміхаўся, радаваўся. Трэба, каб дабро радавалася, трэба, каб у зла былі слёзы на вачах. Нейкі перавернуты наш свет.

— Дык як жа вы тут апынуліся? — запытаў Анту. — Хто мне раскажа?

— Я, — падаў голас Максім і пачаў свой аповяд.

— Дасталося вам, — выслухаўшы, прагаварыў Анту.

— А чаму кучаравага бандыта зваць Чон-чон? — пацікавіўся я.

— Чон-чон — жывёліна з чалавечай галавой і доўгімі вушамі. Вушы ў яе замест крылаў.

— Яна пры дапамозе вушэй лятае? — не паверылася мне.

— Па начах лятае. Махае імі, як птушка крыламі. Калі ляціць, то крычыць: туэ-туэ-туэ…

— А як вас бандыты злавілі? — запытаў Максім. Анту не паспеў адказаць, бо ў пакой увайшлі Санча і Піучэн. Санча стаў каля Анту.

— Па-добраму прашу: пакажы дарогу да свайго племені. Атрымаеш узнагароду. Будзеш жыць як чалавек.

— Не пакажу, — прамовіў Анту. Санча ўважліва паглядзеў на Анту.

— Можа, няма залатой дзіды? Можа, ты хлусіш? Анту падняў галаву.

— Мапучэ ніколі не хлусяць.

У Санча бровы прыўзняліся ўгору.

— З гонарам.

— Выб'ем гонар, — сказаў Піучэн.

— Не, мы зробім так, як цяпер дамовіліся. — Санча зыркнуў на нас вачыма. — Станьце ў рад. Адзін за адным. Першым — індзеец, за ім — хлапчукі, пасля — дзяўчынка.

Мы сталі ў рад.

— Цяпер пойдзеце за мною. Ззаду пойдзе Піучэн. Калі што, страляе без папярэджання. Зразумела? — прагаварыў Санча.

Анту, апусціўшы галаву, сказаў:

— Дзеці, не ўздумайце ўцякаць. Прашу вас.

Добры Анту… Ведае, што ў бандытаў няма літасці. Спадзяецца, што выратуе нас. Ці ўдасца?

— За мною, — скамандаваў Санча. — Крок управа, крок улева — страляем.

Мы выйшлі з пакоя, прайшлі праз залу, асветленую сонцам, ступілі ў цёмны лабірынт. Мне думалася, што будзем сунуцца ў цемры. Але Санча і Піучэн уключылі ліхтарыкі. Іх праменьчыкі бегалі па чырвоных каменных плітах, па сцяне.

Да горла падступіў даўкі камяк, на вочы навярнуліся слёзы. Я змахнуў іх рукавом. Ды ўсё роўна коцяцца.

Неўзабаве мы выбраліся з піраміды. Унізе, каля прыступак, стаялі два аўтамабілі, падобныя на нашы аўтобусы "пазікі". Каля іх сядзелі Траука, Металіст, Чон-чон, Кайман і Кайф.

— Ці павядзе індзеец у свае джунглі? — убачыўшы нас, пацікавіўся Металіст.

— Павядзе, — усміхнуўся Санча.

— Пагадзіўся?

— Пагодзіцца. У мяне ўсе пагаджаюцца.

— Я яму нагу кулькаю прастрэлю. Можна?

— Некаторыя і кулькі не баяцца. Мы з Піучэнам іншае прыдумалі,— сказаў Санча.

— Што прыдумалі? — разявіў рот Металіст. Санча павярнуўся да Анту.

— Калі не завядзеш у тое паселішча, дзе жыве тваё племя, то я аддам дзяцей вампіру. Знімем з яго наморднік і…

— У-у-у… — заплакала Алеся. Затуліла твар далонькамі, а плечукі калоцяцца, ходзяць ходарам.

— Не маеце права. Мы з іншай краіны, — ступіў наперад Максім.

Мой сябар нагадвае бандытам, што ёсць права. Для іх законы віламі па вадзе пісаныя. Ім усё роўна, з якой мы краіны. Звярыныя ў іх натуры. Хіба драпежны звер думаў бы, з якой краіны ахвяра, на якую ён збіраецца напасці? Цяпер нам адно застаецца: кінуцца ў розныя бакі. Няхай страляюць. Лепей легчы ад кулі.

Санча тыцнуў пальцам, паказваючы на Алесю.

— Яе першую аддам вампіру.

— У-у-у… — мацней заплакала Алеся.

— Аддай! Яе мне аддай, — заскакаў Траука.

Алеся плакала несціхана, наўзрыд. Я дакрануўся да пляча.

— Алеся, уцякай.

Плача, затуліўшы твар далонькамі. Зусім не чуе. Ці вытрывае маё сэрца, калі буду глядзець, як Траука накінецца на яе?

— Санча, знімі наморднік. Аддай мне дзяўчынку.

— Ну? — крыкнуў Санча, павярнуўшыся да Анту.

— Што ж, пакажу. Каб вы скрозь зямлю праваліліся! — прамовіў Анту.

— Не будзем сварыцца. Жывыя застануцца твае дзеці,— усміхнуўся Санча.

— Пашкадаваў,— адвярнуўшыся, прабурчаў Траука. Алеся апусціла рукі. Ужо не плача наўзрыд, але слёзы

ўсё коцяцца па шчаках.

— Антось, прабач. Я спалохалася.

Прабачэння просіць. Хіба яна вінаватая? Спалохалася… І мы з Максімам спалохаліся. Я ж таксама плакаў, калі выходзілі з піраміды. І ў Максіма вочы чырвоныя…

— Санча, адпусці дзяцей, — сказаў Анту. — Я адзін паеду з вамі. Няхай дзеці бягуць у горад.

— Вельмі ж ты хітранькі. Па дарозе скокнеш галавою ў цясніну, разаб'ешся. Бачыў я такіх. Дзеці з намі паедуць. Калі ты заўпарцішся, то мы з вампіра знімем наморднік. Няхай грызе дзяцей.

— Не адпусцяць вас, — сказаў Анту. — Цяжка ў мяне на душы.

Я, шчыра скажу, пашкадаваў яго. Вядома, чаму цяжка на душы. Да сваіх супляменнікаў павядзе бандытаў. Бандыты з індзейцамі не будуць разводзіць тары-бары. Пастраляюць, каб забраць залатую дзіду. І ўсё з-за нас. Якое ж слова знайсці, каб суцешыць Ату?

— Дзядзька Анту, ваш правадыр Лінкан не аддасць бандытам залатую дзіду, — сказаў я.

— А як я гляну яму ў вочы? Ён любіў мяне. А хутка… Хутка ён мяне пракляне. І ўсе мапучэ мяне праклянуць, — паціху прагаварыў Анту.

— Вы Алесю не аддалі вампіру. Вы нас ратуеце, — сказаў яму Максім.

— Нашы мапучэ заўжды давалі прытулак чужым людзям. Мапучэ ніколі не пакідалі ў бядзе. Хіба змог бы я глядзець, як Траука рве вас зубамі? Калі вы прыехалі, мне сказалі: "Анту, беражы дзяцей. Вампір у горадзе". Я даў слова, што буду берагчы. Я нешта прыдумаю, каб выратаваць вас. Абавязкова прыдумаю.

Потым нас загналі ў машыну. Уперадзе селі я, Алеся, Максім, Анту (яму звязалі ногі, каб не ўцёк), а ззаду — Траука, Санча і Металіст. За руль сеў Піучэн. У другую машыну залезлі Кайф, Чон-чон і Кайман. Калі я праходзіў каля гэтай машыны, то заўважыў, што там ляжаць рукзакі, а з-пад брызенту вытыркаецца ствол кулямёта.

— Паехалі,— гукнуў Санча.

Піучэн націснуў на газ, і машына, як спуджаная антылопа, ірванулася з месца, адлічваючы на спідометры першы кіламетр.

 

Частка другая. Праз джунглі

 

Ці лёгка быць аптымістам?

 

Наша машына вырвалася на дарогу, паўз якой цягнуліся горныя хрыбты, пакрытыя густымі сасновымі лясамі. Дарога, выбітая, калдобістая, то ўзнімалася ўверх, то спускалася ўніз. На паваротках моцна пішчалі тармазы. Халадзела сэрца, шчымела на душы. Здавалася: вось-вось паляцім у бездань, уніз.

Па дарозе нам насустрач на мулах, на аслах, нагружаных мяшкамі, галлём, ехалі мужчыны, жанчыны. Часам пастухі гналі статкі ламаў. Ламы ступалі зграбна, ганарліва ўзняўшы галовы. "Зараз крыкну, паведамлю людзям, што нас захапілі бандыты", — падумаў я.

Санча як бы адгадаў мае думкі.

— Не ўздумайце крычаць, прасіць, каб дапамаглі. Перастраляем усіх — і ў цясніну.

— Кулькамі паказычам, — зарагатаў Металіст.

Я зразумеў, што яны не жартуюць. Калі крыкнем, то застрэляць і нас, і тых індзейцаў, якія пачуюць наш крык.

— Што за людзі! — уголас выказаў я тое, пра што думалася.

— Можа, іх коло-коло нарадзіла, — заварушыўся Анту.

— Якая коло-коло? — пацікавілася Алеся.

— Коло-коло падобная на кажана ці маленькую птушку. Калі яна сваімі пукатымі чырвонымі вачыма, не мігаючы, як змяя, глядзіць на чалавека, то ў яго пачынае кружыцца галава. Коло-коло нападае на спячага, смокча кроў…

Я ведаў, што няма такой істоты, як няма чарцей, вадзянікоў, русалак, пра якіх дома чуў яшчэ змалку. Ды ўсё роўна было не па сабе. Чырвоныя вочы… Нападае на спячага… А тут яшчэ Траука варушыцца, крэкча. Не сядзіцца яму.

Дарога стала спускацца ў даліну. Паабапал — гліністыя схілы, парослыя кустамі, сям-там дрэвы. Вісіць бародамі мох на ствалах, ліяны аплятаюць іх, нібы гірлянды навагоднюю ёлку.

— Вунь паселішча індзейцаў! — усклікнула Алеся.

І праўда, непадалёку ад дарогі, узбоч, стаіць паселішча. Невялікія глінабітныя хаціны пакрытыя шырокімі пальмавымі лістамі.

— Прыпынімся? — азірнуўся Піучэн.

— Далей, за паселішчам, — прамовіў Санча. Хочуць спыніцца. Што ж яны задумалі? Відаць, збіраюцца напасці на індзейцаў. Ад іх усяго можна чакаць.

Наша машына спынілася за паселішчам. Праз некалькі хвілін пад'ехала і другая, у якой сядзелі Кайф, Чон-чон і Кайман.

— Санча, чаго сталі? — запытаў Чон-чон. Санча адчыніў дзверцы.

— Схадзіце да індзейцаў і папрасіце хлеба. Дарога ў нас далёкая. Спатрэбіцца.

— А калі індзейцы не дадуць?

— Тады мы ў іх папросім, — зарагатаў Кайман. Санча кіўнуў галавою.

— Папросіце.

Кайф, Чон-чон, Кайман вылезлі з машыны і, насвістваючы, падыбалі ў паселішча. Зразумела, як яны папросяць. Хто-небудзь скажа слова поперак — пусцяць кулю ў лоб. Прывыклі сілай забіраць.

— Анту, — паклікаў Санча.

— Чаго? — азваўся Анту.

— Сумуеш? Мне гэта не даспадобы.

— І мне не даспадобы, — адказаў Анту. Санча адкінуўся на сядзенне.

— Анту, няма ў цябе розуму Ведаеш, як трэба жыць? Убачыў, што ляжыць, — бяры. Ты не забярэш — іншыя забяруць. У людзей рукі доўгія, да сябе падграбаюць.

— Не кончыш ты дабром, — сказаў Анту. Санча махнуў рукою.

— Не першы раз чую. Анту прыўзняўся.

— Не адзін такі, як ты, уцякаў з нашых джунгляў.

— Санча, урэзаць яму па галаве? — падаў голас Піучэн. Санча штосьці буркнуў і вылез з машыны.

Бандыты з паселішча ўсё не вярталіся. Я чакаў, што вось-вось пачую стрэлы, крыкі, плач. Але было ціха. І гэтая цішыня асабліва трывожыла.

— Сядзім, як у клетцы, — не стрывала Алеся.

— Пацярпі,— папрасіў Анту.

Так, трэба сціснуць зубы і цярпець. Адно застаецца. Ніколі я не думаў, што цярпець так цяжка. Вядома, і раней прыходзілася цярпець, калі зуб балеў, напрыклад. Тады сярод ночы ўстаеш, па кватэры ходзіш, месца сабе не знаходзіш. Стогнеш, войкаеш, усё на свеце праклінаеш. І ў школе іншы раз прыходзіцца цярпець, калі ўрок нудна цягнецца. "Цік-цік-цік", — гадзіннік на руцэ. Ты на стрэлкі пазіраеш, хвілінкі лічыш. А гэткае цярпенне проста невыноснае…

Трэба цярпець. Трэба быць аптымістам, хоць і нялёгка. Быць — значыць верыць, што добра ўсё скончыцца.

Нарэшце мы ўбачылі Чон-чона і Каймана. За плячыма, у расшпіленых рукзаках, яны неслі хлеб.

— Дзе Кайф? — гукнуў Санча.

Чон-чон, падышоўшы бліжэй, выцер з ілба кропелькі поту.

— Кайф сказаў, што на пяць хвілін затрымаецца.

— Індзейцы адразу хлеб далі?

— Далі. Мы сказалі, што з паліцыі, што банду ловім. Санча кіўнуў галавою.

— Добра.

Бандыты выцягнулі з рукзакоў хлеб, адрэзалі некалькі лустаў. Санча адкрыў бляшанкі з кансервамі, даў і нам.

— Ешце.

Прайшло хвілін пятнаццаць.

— Дзе ж Кайф? — не вытрываў Санча. Піучэн правёў рабром далоні па горле.

— А калі яго індзейцы вось так? Бандыты пераглянуліся.

 

Кайф паказвае клас

 

Я глядзеў на скрыўленыя твары бандытаў і адчуваў, што неўзабаве можа здарыцца нешта страшнае. — Індзейцы забілі Кайфа! — першым закрычаў Чон-чон.

— Усіх перастраляю! — выскачыў з машыны Металіст.

— Бізуном спаласую! — вызверыўся Кайман.

— Спаліць іх, каб знаку не было, — буркнуў пад нос Піучэн.

Крычаць бандыты, не сціхаюць, шчоўкаюць затворамі аўтаматаў. Скажы слова супраць — зграяй накінуцца.

— Цішэй, — прамовіў Санча.

Бандыты сціхлі. Пазіраюць на Санча. Чакаюць каманды, каб паселішча знішчыць. Не церпіцца.

— Мы зараз пойдзем у паселішча і праверым, што там. Са мною пойдуць Металіст, Кайман і Чон-чон, — сказаў Санча.

— Індзейцы ведаюць, што мы прыйдзем на выручку. Агонь па нас могуць адкрыць, — звярнуўся да Санча Чон-чон.

— Мы дзяцей паставім уперад. За дзецьмі будзем ісці.

— Мяне замест дзяцей пастаўце. Я пайду ўперадзе, — крыкнуў Анту.

— Цябе-э? — Кайман ускочыў у машыну і паласнуў Анту бізуном па спіне. Вылез, задаволена пацёр рукі: — Болей не будзе гаўкаць.

— Яшчэ адальюцца вам чужыя слёзы, — зноў крыкнуў Анту.

— Маўчы! Шкада, што ты патрэбен нам, — з нянавісцю прагаварыў Піучэн.

Санча, зыркнуўшы на мяне, Алесю і Максіма, скамандаваў:

— Уперад! Хутчэй! Перастраляем!

Мы сталі побач і паціхеньку паклыпалі ў паселішча. Ішлі як па мінным полі. Дзесьці цяпер гуляюць у футбол, у кагосьці дзень нараджэння, яго віншуюць, падарункі нясуць, нехта чытае казку, разам з казачным героем падарожнічае па падземным царстве. А мы пад дуламі аўтаматаў. Чаму з намі так?

Вось і паселішча. З-за хаціны выбег сабака, стаў, пазірае на нас соннымі вачыма.

Дзе ж індзейцы? Чамусьці не страляюць. Чакаюць, калі падыдзем бліжэй?

Неспадзявана да нас данёсся гучны смех.

— Санча, Кайфа індзейцы да слупа прывязалі і здзекуюцца, — дрыготкім голасам прагаварыў Чон-чон.

— Страляць! Не шкадаваць! — працадзіў праз зубы Санча.

Мы павярнулі направа і ўбачылі ў натоўпе індзейцаў Кайфа. Ён крычаў, узняўшы ўгору рукі:

— Я велікан! Я жыву з веліканамі на вяршыні гары! Ніхто на гэтую вяршыню не залезе!

Мы сталі.

— Што з ім? — буркнуў Кайман.

Кайф, некалькі разоў падскочыўшы, галёкнуў:

— Вось які я вялікі! Вось які я!

А індзейцы — жанчыны, мужчыны, дзеці — аж за жываты бяруцца.

Алеся кранула мяне за руку.

— Антось, што з Кайфам?

Я і сам не мог даўмецца, што з ім сталася. Можа, яму захацелася павесяліць індзейцаў? Кайф прыгнуўся, пачухаў за вухам.

— Не, я не велікан. Я лама, я дамашняя лама.

— Ха-ха-ха… — зарагаталі індзейцы.

Кайф выцягнуў шыю, прыплюшчыў вочы і падыбаў, не разгінаючы ў каленях ног.

Хтосьці з індзейцаў усклікнуў:

— Зараз аслом стане!

Кайф глянуў на людзей мутнымі вачыма.

— Не хачу быць ламай. Надакучыла.

— Ха-ха-ха… — разнеслася навокал.

Кайф прысеў, узяў саломінку, якая ляжала на зямлі.

— Вось бервяно. Бачыце, якое тоўстае? Яго і ўтрох не паднімуць. А я адзін падніму. Ух і цяжкае-э!.. Падніму-у…

Крэкчучы, Кайф пачаў паднімаць с&іомінку. Ягоны твар пачырванеў, лоб пакрыўся кроплямі поту, на шыі ўздуліся жылы.

— Падніму-у… Цяжкае-э…

Кайф устаў, паклаў саломінку на грудзі, а пасля, што штангіст, штурхнуў яе ўгору і, крыху патрымаўшы, кінуў на зямлю.

Індзейцы запляскалі ў ладкі, а Кайф з гонарам заявіў:

— Я чэмпіён!

Ён усміхаўся, ківаючы галавою і направа, і налева.

— Зноў ужываў наркотыкі, — сказаў Санча. — Дзе ж ён іх бярэ? Нядаўна ўсё з кішэняў павытрасалі.

— Трэба застрэліць яго! — прапанаваў Кайман.

— Я сам даўно застрэліў бы, ды добры следапыт і хлопец-звер. Без яго нам будзе цяжка ў джунглях, — разважыў Санча.

Вось яно што! Вылецела з галавы, што Кайф наркаман. Каб бяды не нарабіў. Наркотыкі не даюць розуму, апошні адбіраюць.

— Глядзіце! Глядзіце! Кайф паказвае клас! — усклікнуў Максім.

Кайф, убачылі мы, прысеў, растапырыў рукі, стукнуў сябе па баках і, нібы певень, закукарэкаў:

— Кукарэку-у…

— Трэба яго забраць. Годзе яму дурня строіць, — звярнуўся да Санча Чон-чон.

— Трэба, — пагадзіўся Санча.

Кайф нешта прамармытаў і падышоў да хаціны, якая стаяла непадалёку.

— Вылазь! — закрычаў.

— Каму ён? — здзівілася Алеся.

— Думае, што там сябар-велікан сядзіць, — сказаў Максім.

— Вылазь! — у другі раз крыкнуў Кайф.

З-за хаціны выбег сабака. Стаў насупраць Кайфа і, віляючы хвастом, загаўкаў. Пачуўся стрэл. Сабака, заскавытаўшы, упаў на зямлю.

Я спярша не зразумеў, што адбылося.

— Кайф сабаку застрэліў! — усклікнула Алеся.

— Га-га-га… — зарагатаў Кайф і даў чаргу па хаціне. Страха загарэлася, ашчэрылася чырвонымі агенчыкамі.

Індзейцы кінуліся хто куды.

— Трэба схапіць яго! — гукнуў Санча і, прыгнуўшыся, пабег да Кайфа.

За ім кінуліся Чон-чон і Кайман.

— Уцякайма! — крыкнуў мне і Алесі Максім. Мы прыпусціліся па вуліцы, заскочылі за хаціну, за якой рос маіс. Ягоныя сцябліны высока ўзнімаліся ўгору.

— Давайце ў маісе схаваемся, — прапанаваў Максім. Я не пагадзіўся з ім.

— Трэба ў джунглях схавацца.

— У джунглях заблудзімся. А тут пераседзім. Калі бандыты пакінуць паселішча, вылезем і папросім індзейцаў, каб завезлі нас у горад.

— Давай, — махнуў я рукою.

Мы залезлі у маіс, селі на зямлю. Не верыцца, што выратуемся, што нарэшце пашанцавала. Вось каб адсядзецца тут! Індзейцы нам дапамогуць, завязуць у горад. Там пра ўсё-ўсё раскажам.

— Хлопчыкі, а Ніна Іванаўна, мабыць, і цяпер у бальніцы, — парушыла маўчанне Алеся. — Калі б яна не захварэла, то з намі такога не здарылася б. Яна, напэўна, у гасцініцу званіла, пыталася, дзе мы.

Відаць, званіла. Мажліва, ёй сказалі, што мы згінулі. Яна так хвалявалася, калі адпраўлялі яе ў бальніцу. Прасіла нас: "Дзеткі, глядзіце, каб усё было добра". "Не хвалюйцеся, Ніна Іванаўна. Усё будзе добра", — дружна паабяцалі мы. Такое дабро каб самаму лютаму ворагу ў рабро.

— Вылазьце! Буду страляць, — пачуўся голас Чон-чона. Вось дык пашанцавала! Няўжо Чон-чон убачыў, дзе сядзім? Мабыць, знарок палохае, як калісьці Траука ў сутарэнні. Спадзяецца, што вылезем.

"Тра-та-та…" — прагрымела аўтаматная чарга. Над галавою, збіваючы сцябліны, прасвісталі кулі. Мы ніцма ляглі на зямлю.

— Вылазьце!

Зноў прагрымела аўтаматная чарга. На мяне ўпала кукурузная, сцябліна. "Мы быццам на вайне", — прабегла ў галаве недарэчная думка.

— Схаваліся? — пачулася ўжо зусім побач. Я падняў галаву. Каля нас стаяў Чон-чон.

— Схаваліся. Бачыў, куды вы пабеглі. Ваша шчасце, што Санча паслаў сюды мяне, а не Каймана. Ён вас адлупцаваў бы бізуном.

Мы ўсталі. Я паглядзеў на перабітыя кулямі кукурузныя сцябліны. На іх, нібы слёзы, блішчалі кропелькі свежага соку.

Чон-чон прывёў нас на тую вуліцу, дзе нядаўна паказваў свае фокусы Кайф. Непадалёку дагарала хаціна, каля яе, выцягнуўшыся, ляжаў застрэлены сабака.

— Навошта Кайф сабаку застрэліў? — прамовіла Алеся.

— Каб не гаўкаў,— крыва ўсміхнуўся Чон-чон.

— Ён… — пачала Алеся. Чон-чон плюнуў пад ногі.

— Цьфу! Сабаку шкадуе. Лепей сябе пашкадавала б.

— А-а-а! — данёсся да нас дзікі крык.

Выйшаўшы з паселішча, мы ўбачылі, што Кайман хвошча бізуном Кайфа. Побач стаяў Санча і ў такт махаў рукою.

— Так! Так! Нам не патрэбна рэклама.

— Чаго анямелі? — зірнуў на нас Чон-чон. — Зараз і вам так будзе. Хі-хі-хі…

 

Каму пацеха, а каму і не

 

Чон-чон знарок нас напалохаў. Ні мяне, ні Алесю, ні Максіма не білі бізуном. А вось Кайфу дасталося добра.

Праз паўгадзіны мы зноў селі ў машыны і паехалі.

— Антось, што было ў паселішчы? — пацікавіўся Анту.

— Кайф наглытаўся наркотыкаў. Строіў дурня перад індзейцамі. Пасля сабаку застрэліў, хаціну падпаліў,— сказаў я.

— Гэта яны ўмеюць. Наркамафія, — прамовіў Анту.

— Чаму наркамафія? — здзівіўся я. — Яны ж хацелі банк абрабаваць. Яны проста бандыты.

— Яны не адзін банк абрабавалі. Ды гэта, як самі казалі, не іхняя спецыялізацыя. Яны тут наркотыкі дастаюць, а пасля ў іншыя краіны перапраўляюць. Шмат гадоў гэтым займаюцца. Вось і прывучыўся Кайф да наркотыкаў.

Санча пхнуў яго нагою.

— Закрый рот!

— Шкада, што ў мяне ногі звязаныя, — паціху сказаў Анту.

Што ж, звязаныя ногі ў Анту. Ляжыць на сядзенні. Успомнілася, як расказваў ён нам пра аднаго з правадыроў мапучэ. Калі іспанскія канкістадоры захапілі гэтага правадыра ў палон, то папрасіў іх, каб павесілі яго на самым высокім дрэве — каб народ ведаў, што ён не здрадзіў, што загінуў, змагаючыся за волю. "І Анту не пабаяўся б смерці,— падумалася мне. — Ні за якія грошы не павёў бы бандытаў. Ды нас пашкадаваў. Не, цяпер не застрэляць нас бандыты, будуць аберагаць, пакуль не знойдуць залатую дзіду. Мы для іх добрая прыманка. Едуць, прагнуць золата. А мапучэ не ведаюць, што бяда да іх прыбліжаецца".

Машына рэзка затармазіла. Я стукнуўся плячом аб дужку сядзення.

— Прые-эхалі,— працягла прамовіў Санча.

Я прыўзняўся і ўбачыў, што дарогу перасякае рачулка, праз якую ад берага да берага перакінута доўгае бервяно.

— Што будзем рабіць? — пазяхнуў Металіст.

— Вылазьце, — сказаў Санча. — Праверым, ці машыны праедуць праз раку.

Мы вылезлі з машыны, сталі на беразе, парослым чаротам. Над намі кружыліся стракатыя матылі: і маленькія, як жучкі, і крыху большыя, і незвычайна вялікія, быццам птушаняты. На ўскрайку джунгляў на дрэвах сядзелі маленькія смешныя ігрунковыя малпы.

Здалёку пачуўся магутны роў. Здавалася, што гудуць паравозы, быццам спаборнічаюць, хто мацней.

— Што гэта? — усклікнуў я.

— Не бойся, — супакоіла мяне Алеся. — Равуны крычаць.

— Равуны — гэта малпы? — запытаў я.

— Канешне, малпы.

— Гразка. Не праедуць машыны, — данёсся да нас голас Санча.

— Дый невядома, якая тут глыбіня, — уздыхнуў Чон-чон.

Санча тупнуў нагою па беразе.

— Глыбіню можна шастом вымераць. Але што нам гэта дасць? Не, не праедуць машыны.

— Санча! Санча! — пачулася з машыны.

Мы азірнуліся. Траука ў машыне стаіць, па шкле барабаніць.

— Санча! Санча! І я хачу да вас. Санча махнуў рукою:

— Няхай вылазіць.

Траука тут як тут. Высунуў язык, аблізнуўся, вакол мяне, Алесі і Максіма стаў кружыць нібы воўк.

— Чаго ён? — спалохалася Алеся. Траука плямкнуў губамі.

— Санча, знімі наморднік.

— Навошта?

— Зубы свярбяць.

Зубы яму свярбяць. Пэўна, хоча накінуцца на каго-небудзь. На каго ж? На бандытаў не накінецца. У іх аўтаматы. Выходзіць, хоча накінуцца на нас, на дзяцей.

— Дзядзька Санча, не скідайце з вампіра наморднік, — папрасіў я.

— Баішся?

— Баюся.

— Піучэн, знімі,— усміхнуўся Санча.

Піучэн падбег да Траука, шчоўкнуў ключом, зняў наморднік. Вампір аж праслязіўся.

— Добра без намордніка. Чалавекам сябе адчуваю.

— Ты казаў, што зубы свярбяць, — напомніў Піучэн.

— Яшчэ як свярбяць, — клацнуў зубамі вампір.

— Мамачка! — усклікнула Алеся.

— Эй ты, — звярнуўся да Траука Санча. — Хочаш напасці на дзяцей?

— Чаму ж не хачу. Я даўно на дзяцей не нападаў. Алеся наставіла рукі.

— Н-не-э…

Бандыты дружна зарагаталі. Пацеха ім. Не разумеюць, што мы адчуваем.

— Свярбяць мае зубкі, бо чалавечынкай пахне, — прамовіў Траука.

— Толькі падлезь! Не будзем стаяць, — не стрываў Максім.

— Санча, няхай ён пабарукаецца з дзецьмі. Скажы яму, — прамовіў Чон-чон.

— Што робіце, нелюдзі? — данеслася да нас.

Я ўбачыў у акне машыны Анту, які здолеў падняцца на сядзенне са звязанымі нагамі.

— Годзе здзекавацца! — крыкнуў Анту. Металіст наставіў на яго аўтамат.

— Пуф!

Анту, стукнуўшы плячом, выбіў шкло і — уніз галавою з машыны. Перакуліўся праз галаву, сеў, выцягнуўшы ногі.

— Годзе з дзяцей здзекавацца, — зноў сказаў. Кайман замахнуўся на яго бізуном.

— Не лезь, куды не просяць. Зараз як аперажу!

— Толькі паспрабуй. Задушу наручнікамі.

Кайман гыкнуў, але апусціў бізун. Пабаяўся, хоць у Анту ногі звязаныя. Спадылба пазірае.

— Ну, чаго ты? — прагаварыў Санча, звяртаючыся да Анту. — Чаго цябе так за душу ўзяло? Мы крыху пажартавалі. Ад няма чаго рабіць. А ты галавою на зямлю. Што мы зрабілі б, калі б ты сабе шыю скруціў? Не ведаеш? Скажу. Аддалі б дзяцей вампіру. Без цябе яны нам непатрэбныя. Пашкадуй дзяцей, Анту.

— Чалавечынкай пахне! Не магу-у стрываць! — віскнуў Траука і, прыгнуўшыся, кінуўся на мяне.

Я павярнуўся і пабег па бервяне на той бок ракі. Не памятаю, як пераляцеў.

— Антось! — данёсся голас Максіма.

Я азірнуўся і аслупянеў. На сярэдзіне ракі, ухапіўшыся рукамі за бервяно, вісеў Траука. Ён часта-часта махаў нагамі, стараючыся падцягнуцца.

"Бег за мною і паслізнуўся, — здагадаўся я. — Калі ўскарабкаецца на бервяно, не будзе сядзець спусціўшы ногі. Зноў за мною пабяжыць".

Я разумеў, што трэба ратавацца, уцякаць, але мае ногі быццам прыраслі да зямлі. Я стаяў і глядзеў ва ўсе вочы.

— Дапамажыце-э! — крыкнуў Траука.

— Сам упаў, сам і залезеш, — прамовіў Санча.

— Дапамажы… — Траука, сарваўшыся, плюхнуўся ў ваду. На імгненне схаваўся пад вадою, пасля выплыў наверх, замахаў рукамі, выплёўваючы ваду.

— Да берага плыві, дурань, — гукнуў Санча.

Траука, калоцячы рукамі па вадзе, паплыў да берага, а наперарэз яму — нейкае тоўстае бервяно. Плыве супраць цячэння. Чаму? Хіба яго пхае невядомая сіла? Плыве дзіўнае бервяно, усё бліжэй да Траука падплывае. Дык гэта ж кракадзіл! Рэжа ваду, нібы тарпеда.

— А-а-а!.. — залямантаваў Траука.

Кракадзіл, высунуўшы галаву, усім целам наваліўся на вампіра.

Як жа хутка ўсё адбылося! Быў і няма. На мяне вастрыў зубы, а сам загінуў ад зубоў кракадзіла. Няўжо так наканавана яму?

— Чаго стаіш? — гукнуў Санча, звяртаючыся да мяне.

— А што мне рабіць? — у роспачы ўсклікнуў я.

— Ідзі сюды.

Ісці па круглым бервяне! А калі паслізнуся як Траука? У гэтай рацэ, напэўна, не адзін кракадзіл. Дзесьці затаіліся, чакаюць. Чакаюць… Неяк дзіўна гучыць тут гэтае слова. Дома звычайна мяне мама чакае. Чакае, калі прыйду са школы ці ад сяброў. А тут кракадзілы чакаюць.

— Чаго стаіш слупам? — загарлапаніў Санча. — Ідзі! Я памахаў галавою.

— Не пайду.

— Зараз кулькамі прашыю, — наставіў на мяне аўтамат Металіст.

Хоча застрэліць. Няхай страляе. Чым такое цярпець, то лепей не жыць. Няхай…

Я сеў на траву і заплакаў. Слёзы цяклі па шчаках, спаўзалі на падбародак, капалі на рукі.

— Кулькамі прашыю! — на ўсё горла крыкнуў Металіст.

— Развяжыце мне ногі,— папрасіў бандытаў Анту.

— Пабегаць захацелася? — прамовіў Санча.

— Хіба не бачыце, што хлопец перапалохаўся? Развяжыце ногі. Я яго перанясу.

— Не ўцячэш?

— З вамі гэтыя дзеці застануцца, — кіўнуў галавою Анту, паказваючы на Максіма і Алесю. — Хіба я іх пакіну?

Санча нагнуўся, развязаў вяроўку, якая сціскала ногі Анту.

— Ідзі.

Анту ўстаў, крыху пастаяў, ступіў па бервяно і пайшоў, шырока расставіўшы рукі. Я ўсхапіўся.

— Дзядзька Анту…

А ён, саскочыўшы з бервяна, папракнуў:

— Антось, які ж ты дурань! Чаму сядзеў?

— Дзядзька Анту… — сказаў я, размазваючы па шчаках слёзы.

— Не трэба плакаць. Плачам іх не праймеш. Яшчэ болей узлуюцца. Паласнуць з аўтамата.

— Мне ўсё роўна.

— Антось, сядай мне на спіну.

— А калі звалімся? Кракадзілы ў рацэ.

— Сядай. Не бойся.

— Антось, не бойся, — гукнула Алеся.

Я абхапіў Анту за шыю, забраўшыся яму на спіну. Ён устаў і пайшоў па бервяне.

Унізе, пад бервяном, усплёснула.

— Кракадзіл! — крыкнуў Чон-чон. Я ўздрыгануў.

— Не бойся, — сказаў Анту і ступіў на бераг.

Я сядзеў на спіне, моцна-моцна абхапіўшы яго за шыю. Да нас кінуліся Максім і Алеся.

 

Змяя з кветкі

 

Калі я споўз са спіны Анту і стаў на зямлю, Максім абняў мяне.

— Антось, Металіст наставіў на цябе аўтамат, а я… Я хацеў накінуцца на яго. Абавязкова накінуўся б, калі б не Анту. Не верыш? Я верыў Максіму.

Мы адышліся ўбок, прыселі пад дрэвам, каля якога раслі архідэі. Востры пах гэтых кветак п'яніў, кружыў галаву.

— Цудоўная тут зямля, — прагаварыў Максім. — Можна сказаць, што для міру створаная. Каб любавацца, каб адпачываць, каб працаваць. Ці не так?

— Уся зямля створана для міру, — адказала Алеся.

Я цяпер неяк па-новаму глядзеў на прыроду, якая акружала нас. Вось муравей-садоўнік па ствале дрэва бяжыць, спяшаецца, трымае кавалачак зямлі. Гэтыя мураўі, ведаў я, носяць на вершаліны дрэў не толькі зямлю, але і насенне.

Зямля з насеннем перамешваецца, і пасля на вершалінах дрэў вырастаюць новыя дрэвы ці кусты. Нездарма такіх мураўёў назвалі садоўнікамі. Іх ніхто не просіць, не прымушае, а яны носяць зямлю, насенне, каб высока-высока вырасла дрэва.

Шмат хаваюць гэтыя джунглі. Невядома, што тут было шмат гадоў таму назад. Мажліва, у гэткі ж, як і сёння, сонечны дзень адпачывалі каля рэчкі іспанскія канкістадоры, а непадалёку сядзелі іх палоннікі — індзейцы.

Да нас падышоў Анту, прашаптаў:

— Паспрабуем уцячы.

— Калі? — выдыхнуў Максім.

— Калі сцямнее. Цяпер Металіст з мяне вачэй не спускае. Санча яму загадаў. Толькі без мяне не ўздумайце ў джунглі ўцякаць. Заблудзіцеся і загінеце. Джунглі чужых не любяць.

Праўду ён кажа. Мы ж у горадзе выгадаваліся. У лесе бывалі нячаста. Дый наш лес — не джунглі. У нас пералескі, вёсачка каля вёсачкі.

Я ўстаў, працягнуў руку, каб сарваць кветку архідэі, але тут з лісцяў высунулася тонкая зялёная нітка — варушыцца, выгінаецца, што жывая. Пасля я ўбачыў змяіную галаву, якая цягнулася да мяне.

— Змяя! — усклікнула Алеся.

— А-а! — закрычаў я.

Анту, адапхнуўшы мяне, схапіў змяю за галаву, прыўзняў. Тонкая зялёная змейка выгнулася ў паветры.

Зразумела, чаму я яе адразу не заўважыў. Злілася з зялёным лісцем. Кветку захацелася мне сарваць…

— Ядавітая, — прамовіў Анту. — Каб яшчэ імгненне, то ўджаліла б. Гэтыя змейкі доўга не раздумваюць.

Змяя выпускала джала, выгіналася, стараючыся абвіцца вакол рукі.

— Дзядзька Анту, выкіньце яе, — сказала Алеся.

— Няхай крыху патанцуе.

— Выкіньце.

Анту шпурнуў змяю праз галаву. Не ведаю, ці знарок так пастараўся, але змяя ўпала на плячо Металісту. Ён, заверашчаўшы, крутнуўся, змахнуў яе рукавом, а пасля выпусціў па ёй доўгую чаргу.

Аўтамат у ягоных руках дрыжаў, і сам ён, спалатнелы, калаціўся як у ліхаманцы. Затым падскочыў да Анту.

— Застрэлю сабаку!

У Анту на твары ніводзін мускул не здрыгануўся.

— Чаго шалееш?

Металіст яшчэ болей узбурыўся.

— Кулькамі прастрэлю! Сціхнеш.

Да яго падышоў Санча, адвёў убок ствол аўтамата.

— Супакойся.

— Ён на мяне змяю! Застрэлю-у… Санча ўзяў яго за локаць.

— Ты хацеў, каб ён цябе абдымаў? Не ведаў, на што і з кім ідзеш? Хіба першы раз?

— Ды я… Я…

Санча павярнуўся да Анту.

— Ідзі да машыны. Не мазоль нам вочы. Анту, плюнуўшы пад ногі, пайшоў.

— Піучэн, вартуй гэтага малойчыка, — загадаў Санча.

— Ад мяне ён не ўцячэ, — ашчэрыўся Піучэн.

Санча ўзяў Металіста за плячо і павёў, штосьці нашэптваючы яму на вуха.

— Ух, — уздыхнуў я.

— Пранесла, — сказала Алеся. — А магло немаведама як скончыцца.

Сапраўды, пранесла. Добра, што хоць так абышлося.

 

У дупле

 

Мы, крыху пастаяўшы, таксама папляліся за Анту. Зусім не шанцуе нам. Асабліва мне. Спярша Траука за мною пагнаўся, цяпер гэтая ядавітая змейка вылезла з кветкі. Быццам знарок там схавалася, каб мяне напалохаць. Што ж будзе далей?

— Не сумуйце, — прамовіў Анту, калі мы селі каля яго.

— Вы лоўка змяю схапілі,— пахваліў Анту Максім. Анту прылёг на бок.

— Змяя — гэта паўбяды. А вось бандыты… Бандыты — сапраўдная бяда. Я ўжо ўчора ведаў, што не мінуць бяды. Кепскі сон мне прысніўся.

— Які? — пацікавіўся Максім.

— Прыснілася, што іду па вадзе. Вада мутная-мутная. Спярша займала па калені, пасля па пояс, а затым і плечы ў вадзе схаваліся. Да самага горла падступіла вада. Я назад — каб вылезці на бераг — а тут змяя таўшчынёю з руку. Галаву з вады высунула, падняла і — проста на мяне…

Анту прылёг на бок. Маўчыць, пазірае на джунглі. Калі б не было бандытаў, то, вядома, радаваўся б і пра гэты сон не ўспамінаў, забыўся б пра яго.

— Калі прысніцца мутная вада ці змяя, то чакай няшчасця. Вось як, — прамовіў Анту.

Не пазайздросціш яму. Абы-што прыснілася. Пасля такога сну немаведама што ў галаву палезе. Я вырашыў суцешыць Анту.

— Дзядзька Анту, не збудзецца ваш сон. Паверце мне.

— Ужо збыўся. Бандыты мною камандуюць.

— І намі яны камандуюць, — заморгала вачыма Алеся.

— Бачыце, колькі ігрунковых малпаў сабралася на ўскрайку? — сказаў Анту.

— Давайце сходзім на ўскраек і паглядзім на іх, — загарэўся я.

— Не сядзіцца? — пачуў Чон-чон.

— Няхай ідуць, — дазволіў Санча.

— Не ўцякуць?

— Куды яны ўцякуць? Калі анаконда не задушыць, то ягуар разарве.

Бач ты! Падабрэў Санча. Вядома, у джунглі мы не палезем, на самым ускрайку пастаім.

Маленькія ігрунковыя малпы, абляпіўшы галіны, сядзелі адна каля адной. Калі мы падышлі да дрэў, то яны заскакалі, захваляваліся.

— Прыгожыя, — сказала Алеся.

— Няўрымслівыя. Не сядзіцца ім, — прамовіў Максім.

— Яны нібы школьнікі на перапынку, — усміхнулася Алеся.

Я зусім забыўся, што побач бандыты, што, мажліва, не ўдасца вырвацца з іхніх рук.

— Прывітанне, малпачкі! — галёкнуў я.

Ці то не спадабаўся малпачкам мой крык, ці то яшчэ чаму, але яны сталі крыўляцца, як бы дражнячыся са мною. Нечакана я чыхнуў. І малпы, нібы немаўляты, загугукалі на розныя галасы.

— Антось, яны табе добрага здароўя жадаюць, — усклікнула Алеся.

А Максім, пстрыкнуўшы пальцамі, сказаў:

— Яны смяюцца з цябе.

Сапраўды, быццам смяюцца. Крыўляюцца, зубы скаляць. Стараюцца адна перад адной. Я памахаў кулаком.

— Эй вы, перастаньце!

Усё роўна малпачкі крыўляюцца. А адна, найбольш жвавая, нарвала лісцяў і кінула мне на галаву.

— Антось, уцякай, пакуль не позна, — усміхнулася Алеся. Ад гэткіх маленькіх уцякаць! Нізавошта. Усё-ткі трэба злавіць адну. Няхай паглядзіць Максім, на што я здатны. Я ўхапіўся за галіну, падцягнуўся і стаў на сук. Малпачкі закрычалі на розныя галасы і як мага паскакалі ўгору.

Спалохаліся, уцякаюць. Ад мяне яны не ўцякуць. Хоць адну, але дастану, злаўлю.

Дрэва, на якое я залез, было незвычайнае. Над самаю маёю галавою ў розныя бакі разыходзіліся чатыры магутныя галіны. Здавалася, што яны вырастаюць не са ствала, а з тоўстага слупа, які трывала стаіць на зямлі.

— Антось, злезь. Галава гуза шукае? — крыкнуў Максім. І Алеся пачала прасіць:

— Злезь. Не палохай малпачак.

— Зараз злезу, — адказаў я і пакарабкаўся ўгору. Ступіў туды, дзе разыходзіліся чатыры галіны, і… паляцеў уніз. "Ратуйце!" — хацеў крыкнуць, ды праз імгненне адчуў, што стаю на нагах.

Дзе я? Што са мною? Куды праваліўся? Няўжо ў дупло? Відаць, у дупло. Зарасло мохам, а я не заўважыў.

Я стаяў, выцягнуўшыся, як салдацік з волава. Хацеў малпу злавіць. Вось дык злавіў! Максім і Алеся прасілі, каб не лез на дрэва. Не паслухаўся іх.

— Анто-ось, дзе ты? — данёсся да мяне Максімаў голас.

— Тут! Тут! — азваўся я.

— Дзе?

— У дупле.

— Вылазь!

Як вылезці? У дупле няма галіны, каб ухапіцца, каб падцягнуцца.

— Чаму не вылазіш? — зноў крыкнуў Максім.

— Не магу-у!.. Дупло глыбо-окае-э.

Што ж рабіць? Няўжо мне наканавана век векаваць у гэтым дупле? А калі змяя зверху на галаву клубком зваліцца?

Я ўявіў, як спускаецца ў дупло доўгая, тоўстая змяя. Мурашкі прабеглі па спіне.

— Ау-у!.. — вырвалася ў мяне.

Сам не ведаю, чаму крыкнуў. Мабыць, таму, што не мог маўчаць. Цяжка, нясцерпна стаяць моўчкі і чакаць немаведама чаго.

— Антось, ты паспрабуй! Паспрабуй вылезці! — гукнуў Максім.

— Не магу-у!..

— Антось, што ж ты нарабіў? — плаксівым голасам прагаварыла Алеся.

— Дзе ваш трэці? — пачуўся голас Санча.

І ён прыйшоў. Пачуў, што крычым. У яго, напэўна, вочы на лоб палезлі. Як жа! Нядаўна я стаяў на дрэве, а цяпер мяне няма. Нібы скрозь зямлю праваліўся. Так, праваліўся. Ды толькі ў дупло.

— Наш Антось у дупле, — пачаў тлумачыць Максім.

— У дупле?

— Антось палез на дрэва і праваліўся ў дупло.

— Я тут! У дупле! — не вытрываў я.

— Ну і сядзі там.

Бач, што Санча кажа. Калі б сам у дупло праваліўся, то па-воўчы выў бы.

— Дзядзька Санча, выратуйце Антося, — заступілася за мяне Алеся.

— Як? Самому ў дупло залезці?

— Прыдумайце што-небудзь.

— Вызвалім яго з дупла, калі назад будзем вяртацца, — гыгыкнуў Санча.

Няўжо пакінуць? Ды я тут за гадзіну ссівею. Буду крычаць, пакуль не ахрыпну.

— Я без Антося не пайду, — прамовіла Алеся.

— І я не пайду, — сказаў Максім.

Заяўляюць, што не пойдуць без мяне. Хіба Санча будзе ў іх пытацца? Сілком павалачэ. Не разумеюць гэтага Алеся і Максім.

— А калі ссячы гэтае дрэва? — прагаварыў Санча. Думае ссячы. Гэта не выйсце. Секануць па назе ці па спіне. Дый галаву сабе скручу, калі дрэва будзе валіцца.

— Не трэба ссякаць! — на усю моц крыкнуў я.

— Не трэба ссякаць, — пачуўся, як рэха, голас Анту.

— А што рабіць? — запытаў Санча.

— Знімі наручнікі. Я на дрэва залезу, падам хлопцу ліяну і выцягну яго з дупла.

— У наручніках лезь.

— Антось! — гукнуў Анту. — Я табе ліяну падам, выцягну. Зразумеў?

Я ціха, бо ўжо не ставала сіл, сказаў:

— Зразумеў.

Падняўшы галаву, я чакаў, калі Анту падасць ліяну. Ніколі нічога так не чакаў.

— Трымай, — Анту апусціў ліяну.

Я ўхапіўся за яе і стаў вылазіць, упіраючыся нагамі. Нарэшце высунуў галаву, адной рукой намацаў галіну, падцягнуўся і вылез. Аддыхваючыся, прысеў каля Анту.

— Антось, чаго маўчыш? — гукнуў Максім.

Я, затуліўшыся рукою, падставіў твар сонцу. А ўгары смяяліся ігрунковыя малпы — відаць, з мяне.

 

Нечаканае нападзенне

 

Пакрыўдзіўся я на Алесю і Максіма. Канешне, яны мяне ў бядзе не пакінулі, але ж і не здагадаліся, як з дупла вызваліць. Калі б не Анту, то я сядзеў бы ў дупле да скону.

— Анту! — гукнуў Санча.

— Чаго? — азваўся Анту.

— На машынах праз рэчку мы не пераедзем. Што будзем рабіць?

— Трэба назад вярнуцца.

— Зноў ты за сваё? Дзяцей пашкадуй. Пойдзем каля рэчкі, праз джунглі. Павядзеш?

— Павяду, раз вам так прыспічыла. Толькі каб пасля самі на сябе не наракалі.

— За нас не хвалюйся. Думай пра дзяцей. Крок управа, крок улева — страляем. Памятаеш?

Бандыты загналі машыны на ўскраек, замаскіравалі, накрыўшы іх галлём. Пасля мы паелі кансерваў з хлебам і, расцягнуўшыся ланцужком, пасунуліся праз джунглі. Уперадзе ішоў Кайман. Кароткім вострым нажом, падобным на кінжал, ён рассякаў ліяны, якія павуцінай аблытвалі дрэвы, пераплятаючы адно з адным. За Кайманам ішоў Анту, за ім — Металіст, я, Алеся, Максім, Санча, Кайф, Чон-чон, Піучэн. У бандытаў на грудзях віселі аўтаматы, а за плячыма — рукзакі, напакаваныя пад самую завязку. Чон-чон валок кулямёт.

— Добра яны ўзброіліся, — не сцярпеў Максім. Нічога не скажаш, узброеныя да зубоў. Нялёгкі бой прыйдзецца вытрымаць мапучэ.

Прыйшло на памяць, як расказваў нам Анту пра смелага токі Лаутара, які аднаго разу разбіў вялікі атрад іспанцаў. Лаутара ведаў, што іспанцы хочуць напасці на ягонае войска. Ён загадаў воям-індзейцам, каб яны замасцілі тоўстымі бярвеннямі і замаскіравалі ліянамі топкае балота, якое знаходзілася паблізу. На гэтых бярвеннях ён пастроіў сваіх вояў. Іспанцы на конях рынуліся ў атаку. Індзейцы адступілі, і коні пачалі правальвацца ў багну. Шмат канкістадораў загінула, шмат коней індзейцы забралі сабе. Гэта была апошняя перамога Лаутара.

— Правільна нас вядзеш? — запытаў у Анту Санча.

Не церпіцца яму. Залатую дзіду хоча схапіць. Калі схопіць, то са сваіх рук не выпусціць.

— Правільна вядзеш? Чаго маўчыш? Заняло?

— Калі такі разумнік, то сам вядзі,— агрызнуўся Анту.

— Дзядзька Анту не баіцца іх, — заўважыла Алеся.

— Яму цяпер усё роўна. Ён цяпер толькі дзеля нас жыве, — сказаў Максім.

Дзеля нас — гэта значыць дзеля Алесі, дзеля Максіма, дзеля мяне. Дзеля мяне… Як мае тата і мама. Мама мне аднаго разу так і сказала: "Сынок, мы з татам дзеля цябе жывем". Нялёгка ім так жыць. Калі, здараецца, пазней дамоў вярнуся, то месца сабе не знаходзяць.

Пачалося балота. Пад нагамі захлюпала вада.

— Куды вядзеш? — зноў запытаў у Анту Санча.

— Хіба не бачыш? — незычліва сказаў Анту.

— Чаму ў балота завёў? Хочаш, каб утапіліся?

— Іншай дарогі няма.

Мы пайшлі далей, а вады ўсё болей, пад нагамі — коўзкая гразь. "Хлюп-хлюп", — хлюпае ў чаравіках.

— Трэба адпачыць, — падаў голас Чон-чон. Санча сказаў як адрэзаў:

— Дойдзеш.

— Табе добра, — не стрываў Чон-чон. — У цябе аўтамат, а ў мяне кулямёт. Плячо ўжо як нежывое.

— Ажывеш, калі ўбачыш залатую дзіду.

— Невядома, што мы ўбачым.

Я азірнуўся, паглядзеў на Алесю. Пнецца. Аж сагнулася. Стараецца, каб не адстаць.

— Алеся, табе не цяжка? — пытаюся.

— Пакуль не вельмі.

Не прызнаецца, што цяжка.

— Стойце! — неспадзявана крыкнуў Анту і, кіўнуўшы галавою, паказаў направа. — Бачыце?

— Што? — не зразумеў Санча.

— На купіну глянь. Лягушка на купіне.

І праўда, на купіне сядзела невялікая лягушка, пазіраючы на нас.

— Хіба не ведаеце, што гэтая лягушка ядавітая? — прагаварыў Анту.

— Ядавітая?! — усклікнула Алеся.

— Вельмі ядавітая. Яе яду хопіць, каб знішчыць не адну сотню мышэй. Я далей не пайду, — сказаў Анту. — Тут яна не адна.

— Не пойдзеш — дзяцей пастраляем.

— Можа, вернемся? — азірнуўся Металіст.

— Не. Пойдзем.

Мы пацягнуліся далей. Я ўважліва глядзеў пад ногі, азіраўся па баках. А лягушкі знянацку, нібы з засады, выскоквалі з густой травы.

— Санча, трэба вярнуцца, — не выцерпеў Кайф.

— Мы павінны прайсці праз балота, — заўпарціўся Санча. Анту зноў стаў, крыкнуў:

— Жаба ага!

Непадалёку, на купіне, побач з маленькай ядавітай лягушкай сядзела вялізная светла-шэрая жаба з вялікімі цёмнымі плямамі на скуры.

— Гэтая пачвара заважыць кілаграм, не меней, — вырвалася ў мяне.

— Трэба вярнуцца, — сказаў Анту. — Жаба ага таксама ядавітая.

Жаба ага… Нібы баба-яга, далі ж ёй назву!

— Санча, давай вернемся, — папрасіў Чон-чон.

— Толькі ўперад.

Мы прайшлі яшчэ крыху і сталі. Перад намі на купінах, у траве сядзелі і вялізныя светла-шэрыя жабы, і маленькія лягушкі. Іх было безліч. Яны нібы знарок сабраліся ў адным месцы, нібы варожы атрад, які заманіў нас у засаду.

— Што будзем рабіць? — запытаў Металіст.

— Халера на іх! — вылаяўся Санча.

Раптам жаба ага, якая сядзела справа ад Металіста, скокнула на яго. Ён махнуў нагою.

"Тра-та-та…" — прагучала аўтаматная чарга.

Я не заўважыў, хто з бандытаў націснуў на курок аўтамата, але балота быццам ажыло. Трава заварушылася, бы ад моцнага ветру, і на нас скачкамі кінуліся жабы і лягушкі. Мы павярнуліся — і што ёсць сілы назад. Пад нагамі хлюпала вада, чорныя кроплі гразі заляпвалі нагавіцы, рукі, твар. А мы ляцелі на злом галавы.

Нарэшце выбраліся на грудок, селі зняможаныя. Санча, азірнуўшыся, патрос кулаком.

— Праклятыя жабы!

 

Па джунглях

 

Накінуліся бандыты на Анту.

— Знарок завёў у балота? — вызверыўся Санча.

— Яго трэба бізуном! Бізуном! — ускочыў Кайман.

— І кулькамі прастрэліць, — падхапіў Металіст.

— Я з-за яго ледзь кулямёт у балоце не ўтапіў! — залямантаваў Чон-чон.

— Давайце галавой уніз паставім, — прапанаваў Кайф.

— І кіем па голых пятах. І кіем! — дадаў Піучэн.

А Анту маўчыць, нават не глядзіць на іх. У другі бок галаву адвярнуў. Мажліва, знарок завёў бандытаў у балота. Шкада, што яны адтуль ногі вынеслі.

Нарэшце Анту, як відаць, надакучыла слухаць лаянку. Ён устаў:

— Трэба вам у горад вярнуцца. Будзе лепей для вас. Яшчэ болей узбурыліся бандыты. Крычаць, кулакамі размахваюць.

— Цішэй, — падняў уверх руку Санча.

Бандыты сцялі кулакі, зыркаюць на Анту, што галодныя ваўкі.

— Індзеец, ты доўга будзеш нас за нос вадзіць? — запытаў Санча.

— Вы самі сябе за нос водзіце, — адказаў Анту.

— Я не жартую.

— Джунглі — не горад. Гэта вам не па асфальце хадзіць. Тут… — пачаў Анту.

Санча перапыніў яго.

— Без цябе ведаем, дзе асфальт, а дзе без асфальту. Ты нам зубы не загаворвай. Вядзі, як дамовіліся.

Анту паціснуў плячыма.

— Што вам трэба ад мяне?

Санча схапіў за руку Максіма, пхнуў яго. Максім упаў і жаласна прагаварыў:

— Дзядзечка-а…

Санча наставіў на Максіма аўтамат.

— Індзеец, зараз застрэлю хлопчыка. Лічу да трох. Максім глядзеў на яго шырока расплюшчанымі вачыма.

— Не страляйце-э! — не сваім голасам закрычала Алеся.

— Адзін, — пачаў лічыць Санча.

— Хопіць здзекавацца! — усклікнуў Анту. Санча апусціў аўтамат.

— Ты павядзеш нас?

— Праз балота мы не пралезем. Вернемся назад. Прыйдзецца плысці па рацэ. Іншай дарогі я не ведаю.

— Даўно б так, — усміхнуўся Санча.

Я падбег да Максіма, дапамог яму ўстаць. Санча скамандаваў:

— Хадзем.

Расцягнуўшыся ланцужком, мы прабіраліся праз джунглі. Тут магутныя дрэвы, шырока расхінуўшы свае кроны, стаялі воддаль адно ад аднаго. Я ведаў, як называюцца некаторыя з іх — бачыў на малюнках у падручніку геаграфіі, але тут сустракаліся і зусім невядомыя.

Я дакрануўся рукою да нейкай ружовай кветкі, і руку апякло, што агнём.

— Ай! — усклікнуў я.

— Чаго ты? — азірнуўся Анту.

— Апякла, — тыцнуў я пальцам, паказаўшы на гэтую ружовую пякучку.

— Гэта фанціхулітра, — сказаў Анту.

— Няўжо яна пячэцца? — не паверыў Максім.

— Правер, — кажу яму.

— Ну і праверу. — Максім дакрануўся да фанціхулітры, айкнуў, як і я.

— Пячэцца? — пытаюся ў яго.

— Яшчэ як, — сказаў ён.

Раптам у кустах, паўз якія мы праходзілі, нешта затрашчала, а пасля пачуўся тупат. Спачатку мне падумалася, што на нас нападае гіганцкая змяя. Але ж ног у змяі няма, так што тупацець яна не магла.

Анту нас супакоіў:

— Не бойцеся. Дзікая свіння — пекары — пабегла. Яна ў кустах адпачывала, а мы яе напалохалі.

Незвычайная, своеасаблівая прырода вакол нас. Ды няма радасці — яе адабралі бандыты.

 

Скарпіёны

 

Не толькі Алеся, але і бандыты стаміліся.

— Адпачывайце, — скамандаваў Санча. — Даю паўгадзіны на адпачынак. Мы селі на траву.

Чамусьці зашчымела на душы. Вось-вось слёзы навернуцца на вочы і капнуць на далонь. Я прыкусіў губу, адвярнуўся.

— Сумуеце? — парушыў маўчанне Анту.

— Дзядзька Анту, як уцячы ад бандытаў? — шэптам запытала Алеся.

Я зірнуў на бандытаў. Сядзяць, надзьмуўшыся, што сычы. Чаму такія незадаволеныя, такія злосныя? За ўвесь дзень ані разу не ўсміхнуліся. Зыркаюць, буркаюць, шчэрацца.

— Паспрабуем уцячы, — прамовіў Анту.

— Дзядзька Анту, праўда, што вашы токі перад боем вешалі на шыю плоскі камень, падобны на сякеру? — запытаў Максім.

Анту павярнуўся да яго.

— Токікуру?

— Гэтакі камень называецца токікура? — запытала Алеся.

Анту кіўнуў галавою.

— Але, токікура. Токікурай змагаюцца з ворагам і душы нашых памерлых вялікіх токі. Здараецца, што ў час гэткіх завоблачных бітваў токікура падае на зямлю разам з маланкай. Калі яна набліжаецца да зямлі, то пачынаецца такая вялікая бура, што пад ветрам стогнуць, ломяцца векавыя дрэвы. Токікура — зброя нашых памерлых вялікіх продкаў. Яна жывым токі дае сілу і мужнасць.

— У час вайны ўсе вашы мужчыны змагаліся? — пацікавілася Алеся.

— Усе як адзін. Каму ж, як не мужчынам, бараніць зямлю і звычаі?

— І доўга будзем па джунглях бадзяцца? — перапыніў нас Чон-чон.

— Не даспадобы? — буркнуў Санча.

— Чаго мне радавацца? Сядзім у джунглях, як звяры. Многія цяпер на моры адпачываюць. А тут нават жабаў трэба баяцца, — са злосцю прагаварыў Чон-чон.

— Хіба вы першы раз узялі ў рукі аўтаматы? Я памятаю, як каля вашых вушэй свісталі кулі. Тады вы былі мужчынамі, а цяпер сталі бабамі. Не пазнаю я вас.

— Надакучыла ўсё гэта. Хочацца па-людску пажыць, — сказаў Чон-чон.

— Не апускай нос. Пажывеш, калі забярэм залатую дзіду. На ўсіх хопіць золата.

Бач ты. Санча кажа сваім сябрукам, што шмат золата атрымаюць. А ці надоўга яго ім хопіць? Прагуляюць, праматаюць. І да гэтага, як відаць, мелі немалыя грошы. Прагулялі, цяпер у іх пустыя кішэні. Нездарма аказаліся тут.

— Глядзіце! — тыцнуў пальцам Кайф, паказваючы на выварацень, які ляжаў непадалёку.

Я падняў галаву і ўбачыў, што там б'юцца два скарпіёны. Выгнуўшы кручком хвасты, на канцах якіх былі шыпы, яны адчайна размахвалі клешнямі.

"Шыпы ў скарпіёнаў ядавітыя. Імі яны наносяць смяротны ўдар", — успомніў я.

Скарпіёны наступалі адзін на аднаго, а бандыты, скупіўшыся каля вываратня, загаманілі:

— Не адступай!

— Бі, каб не ўстаў!

— Чаго марудзіш?

— Рэзні! Рэзні!

— Хвастом яму! Хвастом!

Скарпіён, які быў справа ад нас, наскочыў на таго, які быў злева. Хацеў стукнуць ядавітым шыпом, ды прамахнуўся. Бандыты загул і.

— Слабак!

— Яшчэ раз паспрабуй!

— Пастарайся!

— Дай яму па галаве!

— Хлопчыкі, мне страшна, — прызналася Алеся і штосілы ўчапілася за маё плячо.

Ні адзін са скарпіёнаў не збіраўся здавацца, адступаць. Яны наскоквалі адзін на аднаго, размахваючы клешнямі. Алеся затуліла далонямі твар:

— Я не магу на гэта глядзець.

Максім узяў яе за руку, адвёў убок. Я падышоў да іх, стаў побач. Металіст наставіў на нас аўтамат.

— Куды? Уцячы ўздумалі?

— Нам гэты спектакль не даспадобы, — кажу Металісту.

— Прывыкайце, — хіхікнуў ён.

— Не чапляйся да дзяцей, — заступіўся за нас Анту.

— Зараз кулькай прастрэлю, — прамовіў Металіст. Ягоныя паплечнікі-бандыты закрычалі:

— Усё!

— Яшчэ дрыгае!

— Добра яму даў!

Я зразумеў, што адзін са скарпіёнаў дамогся свайго, ядавітымі шыпамі забіў свайго праціўніка.

Да нас падышоў Санча. Ён жмурыўся, як кот, лежачы на сонцы. У ягоных вачах была асалода.

— Бачылі, як біліся скарпіёны? — звярнуўся Санча да сваіх сябрукоў.— Бачылі, якія яны зацятыя? А вы жабаў нейкіх спалохаліся.

— Не крыўдуй на нас. Мы пастараемся, — сказаў Піучэн.

Чон-чон узняў уверх аўтамат.

— Вядзі нас, Санча., Санча падышоў да Анту.

— Вядзі, індзеец. Вядзі нас да ракі.

 

Каля ракі

 

Мы выйшлі на бераг ракі. Я думаў, што ўбачу бервяно, па якім уцякаў, ратуючыся ад вампіра Траука, але тут яго не было. Мы выйшлі зусім на іншае месца. Тут рака разлівалася шырока, а каля самай вады раслі магутныя дрэвы і густыя кусты.

— Будзем рабіць плыт, — сказаў Санча.

Я адышоўся ўбок, прыхінуўся да ствала дрэва, падняў галаву і ад неспадзеўкі аж прысеў. Нада мною, на ніжнім суку, нерухома сядзела доўгая жывёліна велічынёю з кракадзіла. Сама сіне-зялёная, уздоўж спіны і хваста цягнецца высокі грэбень. Халодныя змяіныя вочкі пазіраюць проста на мяне, працінаюць наскрозь.

Няўжо гэта кракадзіл? Чаму ж ён залез на дрэва? Хіба кракадзілы ўмеюць лазіць па дрэвах? Як відаць, тут умеюць. Вось-вось наваліцца на мяне, схопіць і ў ваду пацягне. Не-э.

Наставіўшы рукі, я стаў паволі адступаць назад, а потым пабег з усёй сілы. Адбегшыся, выдыхнуў:

— Кракадзіл! Бандыты ўстрапянуліся.

— Дзе кракадзіл? — запытаў Санча.

І Максім з Алесяй у адзін голас усклікнулі:

— Дзе?

Я тыцнуў пальцам, паказваючы на дрэва:

— Там.

— Ха-ха-ха… — чамусьці зарагатаў Санча. А Анту, пагладзіўшы мяне па галаве, сказаў:

— Супакойся, Антось.

Ён падышоў да дрэва і махнуў рукою. Кракадзіл саскочыў з дрэва і знік у кустах.

— Вось і ўсё. Прагнаў,— падышоўшы да нас, прамовіў Анту.

— Вы ўмееце кракадзіламі камандаваць? — усклікнула Алеся.

І праўда, умее. Спалохаўся кракадзіл, уцёк, нібы авечка. Дзе ж Анту навучыўся кракадзіламі камандаваць? Напэўна, у сваім племені. Вось каб мне гэтаму навучыцца!

— Дзядзька Анту, вы махнулі рукою, і кракадзіл уцёк, — сказаў я.

— Гэта не кракадзіл. Я разявіў рот:

— А хто?

— Гэта яшчарка — ігуана. Яна баіцца чалавека, уцякае ад яго.

Дзіўная краіна! Жабы і лягушкі нападаюць на людзей, а яшчарка велічынёю з кракадзіла ўцякае ад чалавека.

— Масо! — неспадзявана крыкнуў Піучэн.

— Дзе? — запытаў Санча.

Піучэн нагнуўся і выцягнуў з кустоў нейкі драўляны молат.

— Дзядзька Анту, а што такое масо? — пацікавіўся я.

— Масо здавён рабілі мапучэ з карнявішча дрэў. Гэтай прыладай убіваюць палі, слупы, калы, калі будуюць хаціну.

Сапраўды, іхняе масо падобна на наш молат. Раней у нас молаты рабілі з дрэва. Тысячы кіламетраў аддзяляюць нашы вёскі ад тутэйшых, а людзі прыдумалі падобныя прадметы.

Піучэн кінуў масо на зямлю, ашчэрыўся:

— Індзейцы схавалі масо ў кустах.

— Ну і што? — прамовіў Санча.

— Трэба іх прымусіць, каб плыт нам зрабілі.

— Трэба, — падхапіў Чон-чон. Санча шчоўкнуў затворам аўтамата.

— Калі яшчэ раз пра гэта пачую, то пушчу кулю ў лоб. Чон-чон вылупіў вочы:

— Кулю?

Санча плюнуў пад ногі.

— Ніхто не павінен ведаць, што мы паплывем уніз. Мы павінны растварыцца ў джунглях. Зразумела?

— Зразумела, — працадзіў праз зубы Чон-чон.

— Мы абавязкова даплывем да паселішча мапучэ. Залатая дзіда будзе ў нашых руках.

— Адсохнуць вашы рукі,— паціху сказаў Анту. Бандыты селі на траву. Я ўзяўся за ручку масо, прыўзняў.

— Цяжкае, — кажу. — Не меней, чым дваццаць кілаграмаў. Трэба добрую сілу мець, каб падняць яго над галавою і кол забіць.

— У нас заўжды паважалі дужых людзей. У нас нават праводзілася спаборніцтва, у час якога можна было паказаць сілу, — сказаў Анту.

— Якое спаборніцтва? — пацікавілася Алеся.

— Хто даўжэй бервяно ўтрымае.

— Якое бервяно? — не зразумела Алеся.

— Выбіралі цяжэйшае, пад сто кілаграмаў вагою. Пераможцам станавіўся той, хто ўтрымліваў яго найдаўжэй, не сыходзячы з месца. Некаторыя мужчыны, бывала, усю ноч яго трымалі.

Я хацеў запытаць у Анту, якія яшчэ спаборніцтвы ў іх праводзілі, ды пачуў, як Кайф ціха сказаў:

— Кайман, давай адыдземся на хвілінку. Нешта скажу.

— Тут кажы, — пазяхнуў Кайман.

— Не хачу, каб чулі.

— Сакрэт?

— Сакрэт. Хадзем.

Кайф і Кайман усталі і пасунуліся ў кусты. Я моўчкі правёў іх вачыма. Што ж задумаў Кайф? Нездарма Каймана ў кусты павёў. Можа, вырашыў мяне, Алесю і Максіма са свету звесці? Ён наркаман. У яго, як кажуць, не ўсе дома. Можа, папросіць Каймана, каб дапамог яму? Кайман даўно на нас зуб точыць. Трэба паслухаць, пра што гамоняць.

Я ўстаў, узяўся за жывот і, сагнуўшыся, паціхеньку паклыпаў. Ці аклікне хто-небудзь з бандытаў? Маўчаць, ведаюць, што адзін не ўцяку.

Я палез у кусты. "Тук-тук, тук-тук-тук", — стукае сэрца. Так стукала і тады, калі сядзелі за ложкам у сутарэнні.

Я прайшоў яшчэ крыху і ўбачыў Кайфа і Каймана. Яны стаялі на самым беразе, які тут, за кустамі, строма падымаўся ўгору. Кайман стаяў спінаю да ракі.

Яны сварыліся. Зышліся, як тыя два скарпіёны, і зараз накінуцца адзін на аднаго.

— Ты думаеш, што мне не баліць? Думаеш, што ў мяне скура, як у індзейца? — зыркнуў на Каймана Кайф.

Вось ён аб чым! Аднак, які ж Кайф злапамятны.

— Чаго маўчыш? — зноў зыркнуў Кайф.

— Давядзеш ты мяне, — Кайман падняў бізун. — Зараз… Прагрымела кароткая аўтаматная чарга. Каймана быццам штурхнулі ў грудзі. Ён узмахнуў рукамі і паляцеў у ваду. Я кінуўся напралом, праз кусты. Падбег, упаў каля Алесі і Максіма.

— Хто страляў? — ускочыў Санча. З кустоў вылез Кайф.

— Я страляў.

— Ты-ы?

— Я.

— Дзе Кайман?

Я не спускаў вачэй з Кайфа. Ці скажа ён, што застрэліў Каймана? Будзе тарараму, калі прызнаецца. Кайф пераступіў з нагі на нагу.

— Кайман хацеў вады напіцца, нагнуўся, а тут кракадзіл. У раку Каймана пацягнуў. Я даў чаргу. Хацеў у кракадзіла…

Хлусіць і вокам не змаргне. Трэба сказаць, што ён застрэліў Каймана.

— У якога кракадзіла ты страляў? — закрычаў Санча, наступаючы на Кайфа. — У якога? Га?

— У таго, што ў рацэ плавае.

Твар у Санча пачырванеў, стаў бардовы, што чырвоны бурак.

— Што ў рацэ плавае? А не ў таго, што хадзіў па беразе? Не верыць Санча Кайфу. Здагадваецца, што адбылося.

Трэба расказаць. Няхай застрэліць Кайфа. Можа, у джунглі не палезуць, калі іх стане менш. Я зірнуў на Анту.

— Ты нешта хочаш сказаць? — запытаў ён.

— Угу.

— Маўчы.

— Чаму?

— Маўчы.

— Металіст! — гукнуў Санча. — Правер, што там, за кустамі.

Металіст кінуўся ў кусты. Праз хвіліну да нас данёсся ягоны голас:

— Няма Каймана. Толькі бізун па рацэ паплыў.

— Я што казаў? Кракадзіл схапіў Каймана, — усміхнуўся Кайф.

Санча нечакана стукнуў яму пад дых. Кайф сагнуўся.

— Ты застрэліў Каймана?

— Я ў кракадзіла страляў.

Санча зірнуў на бандытаў, якія скупіліся каля яго.

— Чаго раты разявілі? Бярыце сякеры і рабіце плыт. Хутчэй.

Кайф, Металіст, Піучэн і Чон-чон дасталі з рукзакоў сякеры і падаліся ў джунглі. Неўзабаве часта-часта застукалі сякеры. А па беразе, буркаючы пад нос, хадзіў Санча.

— Каймана Кайф застрэліў? — запытаў у мяне Анту.

— Ён.

— Свой свайго! — усклікнула Алеся.

— У іх няма сваіх. Яны без роду, без племені. Антось, ты не кажы ім, што бачыў, як Кайф Каймана застрэліў, бо Кайф і цябе са свету звядзе.

Я кіўнуў. Сапраўды, тут перш чым сказаць, трэба добра падумаць. Нарэшце бандыты зрабілі вялізны, трывалы плыт. Але гэта, канечне, нікога з нас не ўсцешыла. Мы павячэралі і селі на плыт.

— Паехалі,— скамандаваў Санча.

Металіст і Чон-чон адапхнуліся доўгімі шастамі. Плыт скрануўся і паплыў.

— Ох! — уздыхнула Алеся.

Вядома, чаму яна ўздыхае. Цяжка ёй. Пашчасціла ж нам. Што называецца, знайшлі сабе кампанію. Такіх, як гэтыя, трэба за вярсту мінаваць, а мы разам на адным плыце.

У джунглях прарэзліва, трывожна закрычала нейкая птушка. Пачало цямнець.

Я прыхінуўся спінаю да рукзака і непрыкметна заснуў.

 

Частка трэцяя. Правадыр Лінкан

 

Каля паселішча мапучэ

 

Ужо развіднела. На плыце сядзелі Анту, Алеся, Максім і Кайф, а Санча, Металіст, Чон-чон і Піучэн стаялі на беразе і, размахваючы рукамі, аб чымсьці паціху гаварылі.

— Мы ўжо прыплылі да паселішча мапучэ? — запытаў я.

— Прыплылі,— нявесела сказаў Анту.

Не верыцца, што побач племя індзейцаў, якое жыве так, як жыло сотні гадоў таму. Ці не сустрэнуць нас мапучэ стрэламі з лукаў, як калісьці сустракалі іспанскіх канкістадораў? Што скажа Анту свайму правадыру Лінкану? Як паглядзіць яму ў вочы?

— Гэй, — неспадзявана гукнуў Санча.

Прагучала хоць ціха, але выразна. Я ўздрыгнуў, бо мне здалося, што Санча кліча менавіта мяне. Я ніжэй апусціў галаву.

— Гэй, — у другі раз гукнуў Санча.

— Вы каго? — вырвалася ў мяне.

— Цябе.

Усё-ткі мяне. Навошта я яму спатрэбіўся? Хоча паздзекавацца? Калі пачне здзекавацца, то рвану ў джунглі, зашыюся ў гушчары. Годзе цярпець.

— Чаго сядзіш? Ідзі сюды.

— Ідзі, не бойся, — сказаў Анту.

Я ўстаў, саскочыў з плыта і паклыпаў, азіраючыся. Санча падышоў да мяне, узяў за руку, адвёў убок.

— Хлопчык, чаго так трасешся? Я апусціў галаву.

— Вам проста здаецца.

— Баішся? Мяне баішся? Я ж табе паказваў, як папугай катаецца на водных лыжах. Памятаеш? Тады ты не баяўся.

— Не баяўся, — мармытнуў я.

— І цяпер не бойся. Я не такі кепскі, як ты думаеш. Канешне, бывае, што ўзлуюся. Жыццё прымушае. Не я вінаваты, а жыццё вінаватае.

Санча адпусціў маю руку.

— Жыццё вінаватае. Яно робіць злым і кепскім. Не верыш? Думаеш, што мне лёгка? Мае сябрукі ўжо страляюць адзін у аднаго. Каймана Кайф застрэліў? Так?

Вось чаго Санча паклікаў. Дапытваецца, бачыў, што я быў у кустах. Зараз ірвануся, пабягу ў джунглі. Там не знойдуць.

— Чаго маўчыш? Ну-у…

Я падняў галаву. Перада мною джунглі. Чужыя, непрытульныя. Што буду рабіць, калі сцямнее? А есці што?

— Хлопчык, не бойся мяне. Ты бачыў, як Кайф застрэліў Каймана?

Я памахаў галавою.

— Не.

— Хлусіш.

— Нічога не бачыў. Я сядзеў у кустах. Кусты густыя. Я пачуў стрэл, спалохаўся і пабег, — пратарабаніў я, як з кулямёта.

— Не хочаш казаць. Пасля пагаворым. Пра нашу размову каб нікому ні слова. Запомні.

Я кіўнуў галавою.

— Запомню.

Хутчэй адчапіўся б ён ад мяне, а то прыкідваецца добранькім. Бачыў ягоную дабрыню.

— Кайф, вядзі сюды дзяцей і індзейца, — зноў паціху гукнуў Санча.

Анту, Максім і Алеся ўсталі і разам з Кайфам сышлі з плыта. Алеся і Максім кінуліся да мяне, ды Кайф спыніў іх.

— Стаяць!

Алеся і Максім сталі, а ён бокам-бокам да мяне.

— Аб чым Санча з табою гаварыў? — запытаў. Я пачухаў патыліцу.

— Сам не ведаю, што на яго найшло. Цікавіўся, як я ў школе вучыўся.

— Пра мяне не распытваў? Я чуў, што ты ў кустах сядзеў, калі Каймана схапіў кракадзіл, — сказаў Кайф.

Ствол аўтамата ў бок мне наставіў, у вачах злыя агеньчыкі. Зараз застрэліць… Чаму ж я ў джунглі не рвануў?

— Не распытваў пра мяне?

— Не, не, не, — занекаў я.

— У вочы глянь.

У мяне закружылася галава, стала млосна. Ногі трымцяць, вось-вось упаду.

— Адпусціце мяне, — папрасіў я. Кайф, не зважаючы, прагаварыў:

— Санча ўсё падкопваецца пад мяне. І ён заслужыць, калі не супакоіцца.

— Адпусціце, — у другі раз прамовіў я.

Кайф апусціў аўтамат ствалом уніз і пайшоў. Да мяне падбеглі Алеся і Максім. Максім абняў мяне за плечы.

— Антось, чаго яны да цябе прычапіліся?

— А няхай яны скрозь зямлю праваляцца! — у роспачы ўсклікнуў я.

— Няхай праваляцца. Няхай, — падхапіла Алеся.

Я хацеў падзяліцца сваёю бядою з Анту, ды да яго падышоў Санча.

— Індзеец, дзе твае супляменнікі? — запытаў ён.

— У джунглях, — сказаў Анту.

— Вядзі нас да іхняга паселішча.

— Не магу.

— Сюды прывёў, а далей баішся? Вядзі, бо дзяцей пастраляем.

— Не магу-у!

— Вядзі!

— Вось сцяжынка! — усклікнуў Кайф. — Яе індзейцы да ракі пратапталі. Яны непадалёку.

— Кайф, ты сапраўдны следапыт. Нездарма я цябе цаню, — усміхнуўся Санча.

— Праклятыя! — прамовіў Анту і, апусціўшыся на калені, заплакаў гучна, наўзрыд. Я яшчэ ні разу не бачыў, каб так плакаў дарослы мужчына.

— Сцяжынка ледзь прыкметная, а я заўважыў. Індзейцы яе пратапталі. Я заўважыў,— радаваўся Кайф.

— Малайчына, — пахваліў яго Піучэн. — Калі забярэм у індзейцаў залатую дзіду, то ты яе панясеш першы.

 

Пасвячэнне ў мачы

 

Нечакана з джунгляў данесліся крыкі, пачуўся грукат бубнаў. Анту перастаў плакаць, прыслухаўся.

— Што гэта? — разявіў рот Чон-чон.

Анту, ледзь-ледзь варушачы вуснамі, паведаміў:

— Пасвячэнне ў мачы.

— Пасвячэнне ў мачы — гэта іхняе дзікунскае свята. Святкуюць там, — сказаў Санча. — Значыць, усе разам сабраліся. Ну й добра, калі так. Усіх захопім. Не прыйдзецца гойсаць за імі па джунглях, лавіць па адным.

— Не нападайце цяпер! — Анту працягнуў да яго рукі.

— Чаму? — з пагардай прамовіў Санча.

— Не наносьце крыўду нашым духам.

Яшчэ перад ад'ездам у Лацінскую Амерыку Ніна Іванаўна нам расказвала, што мапучэ вельмі шануюць сваіх духаў. Найбольшым злачынцам яны лічаць таго, хто пакрыўдзіць духаў. Ніхто не мае права перапыняць магічныя рытуалы, смяяцца над імі ці перакрыўляць, а чужынцам забараняецца нават падыходзіць туды, дзе яны адбываюцца.

— Крыўду? Духам? А твае духі аддадуць нам залатую дзіду? — зарагатаў Санча.

Анту ўстаў.

— Не трэба смяяцца.

— Заткніся! — з нянавісцю прагаварыў Піучэн.

— Сёння ў майго народа пасвячэнне ў мачы. Вы гэта разумееце?

— Новага ведзьмака выбіраюць? — зноў зарагатаў Санча.

— Мы твайго ведзьмака пух-пух, — вылупіў вочы Металіст.

Пасвячэнне ў мачы… І пра гэта расказвала нам Ніна Іванаўна. Здавён у мапучэ быў злы вядзьмак — калку. Ён наклікаў бяду. Яго пазбягалі, баяліся, ненавідзелі. Але ж быў і добры вядзьмак — мачы. У мачы мапучэ пасвячалі не толькі мужчын, але і дзяўчат. Не кожнаму выпадаў гонар стаць мачы. Пасвячалі таго, хто чуў голас, які заклікаў яго выбраць гэты нялёгкі жыццёвы шлях. Спярша выбранніка ў мачы ў дзікіх, аддаленых мясцінах, у сваім непрытульным жытле, вучыў настаўнік-вядзьмак. Ніхто не парушаў іхняй адзіноты. А выбраннік еў толькі муку, замешаную на вадзе. Трэба было мець вялікае цярпенне, каб вытрымаць такое. І вось сёння мапучэ пасвячаюць у мачы. Каго ж? Каму сёння выпаў гонар?

Анту зірнуў на бандытаў.

— Вы не пойдзеце туды?

— У цябе не станем пытацца, — працадзіў праз зубы Санча. — Я цябе папярэджваў і яшчэ раз папярэджваю: маўчы, не ўздумай крычаць. Інакш канец і табе, і дзецям, і тваім мапучэ. У мяне рука не здрыганецца.

Што ж, у такога не здрыганецца рука, і сэрца не зойдзецца ад жалю.

— Нгенечэн вас пакарае, — прамовіў Анту.

— Заткніся, — сыкнуў Піучэн.

Мы пацягнуліся па сцяжынцы. За плячыма бандыты неслі рукзакі. Санча, Кайф, Піучэн і Металіст напагатове трымалі аўтаматы, а Чон-чон ствалом кулямёта час ад часу вадзіў па кустах.

Вузенькая сцяжынка ўецца змяёй. Паабапал магутныя дрэвы. Пахнуць кветкі, пераклікаюцца птушкі.

Вось і паселішча мапучэ. Воддаль адна ад адной стаяць хаціны індзейцаў. Прамавугольныя, востраканечныя стрэхі абапіраюцца на сцены, якія вышынёю каля двух метраў. У кожнай хаціне па некалькі дзвярэй. У адной, самай большай, я налічыў шэсць.

Успомнілася, як у музеі даўняга побыту індзейцаў нам расказвалі, што мапучэ каркас сценаў робяць з круглых бярвенняў ульмавых, дубовых ці іншых дрэў і пераплятаюць іх сцяблінамі ліян, жанкіля. Звычайная хаціна — на пяць метраў у даўжыню і на тры ў шырыню. Але ёсць і такія, якія дасягаюць пятнаццаці метраў у даўжыню, дзесяці — у шырыню, шасці — у вышыню. Гэткая вялікая хаціна называецца катан. У катане жыве не адна сям'я, а каля васьмідзесяці чалавек. Кожная сям'я мае свой асобны ўваход і свой асобны ачаг. Старэйшым у катане з'яўляецца гаспадар — іналонка. Хаціны мапучэ заўжды будуюць разам. Калісьці і ў нас, на Беларусі, будавалі разам, талакой. А вось мапучэ такую сумесную работу называюць словам "мінга". Каля хацін паважна хадзілі сабакі пароды трэгуа: шэра-карычневай ці бура-чырвонай масці, галовы падоўжаныя, вастрамордыя, вушы стаячыя, востраканечныя, хвасты доўгія, а поўсць кароткая.

Сабакі пачулі нас і дружна забрахалі.

— Пастраляю падлаў,— вылаяўся Металіст.

— Здурнеў? — прашаптаў Санча.

— Чаго яны разбрахаліся? Зараз індзейцы прыбягуць. З-за паселішча даносіліся крыкі, песні. Канешне, цяпер мапучэ весяляцца, чакаюць, калі іхні супляменнік стане мачы. А можа, ужо стаў?

— Назад, — скамандаваў Санча.

Мы павярнуліся і пайшлі назад. Прайшоўшы метраў пяцьдзесят, сталі.

— Што будзем рабіць? — запытаў Чон-чон.

— Трэба перастраляць сабак, — прапанаваў Металіст.

— А пасля што? — запытаў Піучэн.

— Пасля індзейцаў перастраляем. У мяне хопіць кулькаў і на сабак, і на індзейцаў.

Санча зірнуў на Металіста.

— Перастраляеш?

— Перастраляем і забярэм залатую дзіду.

— А калі яе тут няма? Калі індзейцы ў іншым месцы схавалі? Думаеш, што знойдзеш?

— Дык што? Не будзем страляць?

— Не балбачы, — незычліва сказаў Піучэн.

— Будзем дзейнічаць так: абкружым індзейцаў і ўсіх захопім у палон. Пасля даведаемся, дзе залатая дзіда. Прымусім, каб паказалі, дзе яна, — сказаў Санча.

— А калі хто-небудзь не захоча здавацца? — падаў голас Чон-чон.

— Тады кулю ў лоб. Хадзем.

Мы палезлі ў джунглі. Крыкі, песні, гукі розных музычных інструментаў чуліся ўсё выразней, усё мацней. Раптам сціхлі, нібы па камандзе.

— Няўжо індзейцы разышліся? — вырвалася ў Чон-чона.

— За мною, — паціху прагаварыў Санча.

Мы выйшлі на ўскраек і за паселішчам, на вялікай паляне, убачылі мапучэ. Іх было каля сотні, не меней.

Бандыты ўпалі на зямлю. Санча сыкнуў на мяне, Анту, Максіма і Алесю.

— Кладзіцеся!

Мы ляглі, схаваўшыся ў густой траве. Я глядзеў не адрываючыся. На паляне стаялі павеці, пасярод якіх быў укопаны тоўсты слуп, на вяршыні якога вісеў белы сцяг, прымацаваны да доўгіх галін карычнага дрэва. На ім было сем зарубін. "Гэтыя зарубіны — сімвалы сямі плоскасцей свету", — успомніў я.

Вакол слупа шчыльным колам сядзелі мапучэ. У самым цэнтры тварам да нас сядзеў прыгожы шыракаплечы мужчына. Час ад часу ён аддаваў нейкія каманды.

— Дзядзька Анту, той мужчына, які камандуе, — правадыр племені Лінкан? — не сцярпеў, запытаў я.

— Ён! — з болем прамовіў Анту.

— Маўчаць, бо перастраляем і вас, і індзейцаў,— папярэдзіў Санча.

А Лінкан падняў руку, штосьці крыкнуў. Індзейцы ўскочылі. Гулка загрукаталі бубны, зайгралі флейты, прарэзліва заскавыталі свістулькі.

Пад гукі гэтых музычных інструментаў пад павеці ўвайшла дзяўчына ў нябесна-блакітным адзенні. У руках яна трымала бубен з бразготкамі. Я ўспомніў, што такі бубен называецца культрун. Яго абцягваюць скурай гуанака — дзікай ламы — і размалёўваюць чырвонай фарбай. На бубне перакрыжаваныя лініі, падобныя на лапу пеўня. Яе індзейцы называюць крыжом Амерыкі. Дый сам культрун — своеасаблівы сімвал: барабанная скура сімвалізуе неба, крыж — чатыры бакі свету, лапа пеўня — чатыры слупы, якія абапіраюцца на зямлю і падтрымліваюць неба.

— Гляньце на дзяўчыну. Якая прыгажуня! — не стрывала Алеся.

— Гэта яе пасвячаюць у мачы? — падаў голас Максім.

— Яе, — сказаў Анту. Санча штурхнуў яго ў бок.

— Калі змоўкнеш?

Вітаючы прыгажуню дзяўчыну, індзейцы крычалі і спявалі. Выразна чуліся гукі гуада, падобныя на гучанне кастаньет. У музеі даўняга побыту індзейцаў нам расказвалі, як робяць гуада. Вычысцяць гарбуз, напоўняць яго каменьчыкамі і трасуць, каб гучала як мага мацней. Некаторыя мапучэ ігралі на трутрука, для чаго абапіраліся на зямлю расшыраным канцом ствала, даўжыня якога, як нам казалі, аж чатыры метры. Нізка, жаласна гучалі трутрука. Некалькі мужчын круцілі над галавою невялікія дошчачкі, якія вылі, нібы сірэны.

Рознагалосыя гукі музычных інструментаў зліваліся ў адзін, зразумелы, напэўна, толькі мапучэ. Над слупам узнімаўся белы сцяг.

Песні, крыкі, гукі музыкі нечакана абарваліся. Стала ціха-ціха. Дзяўчына-прыгажуня ў нябесна-блакітным адзенні ступіла на слуп. Мапучэ зноў закрычалі, кінуліся да яго. Кожны стараўся дакрануцца да яе адзення. Дзяўчына пайшла па слупе, паволі паднімаючыся ўгору. Яна ўжо на вяршыні слупа. Стукнула ў бубен палачкай з абцягнутым шкурай наканечнікам, заспявала, стала танцаваць.

— Ну-у… — прыўзняўся Санча.

— Не трэба! — паспрабаваў спыніць яго Анту. І Алеся ўсклікнула:

— Не трэба!

Я паглядзеў на Санча. Губы сцятыя, твар скамянелы. Вось-вось ускочыць.

 

Пераможаныя і пераможцы

 

Санча рвануўся на паляну, за ім — Піучэн, Чон-чон і Металіст. У імгненне вока яны з чатырох бакоў акружылі мапучэ. Чон-чон пусціў над натоўпам індзейцаў доўгую кулямётную чаргу. Кулі засвісталі, збіваючы лісты і галінкі. Індзейцы закрычалі. Чон-чон зноў даў чаргу.

— Усё племя перастраляюць! — прастагнаў Анту. Відаць, многіх індзейцаў пастралялі б бандыты, калі б не Лінкан. Ён падняў угору рукі і штосьці крыкнуў на незразумелай нам мове мапучэ. Людзі селі на зямлю. Толькі дзяўчына ў нябесна-блакітным адзенні, стоячы на слупе, усё біла ў бубен. Цяпер ён гучаў неяк трывожна.

— Правадыр Лінкан сказаў людзям, каб супакоіліся, каб не разбягаліся? — пацікавіўся я ў Анту.

— Сказаў, што пакуль трэба змірыцца, каб не было дарэмных ахвяр, — прамовіў Анту.

Кайф, які застаўся каля нас, наставіў на яго аўтамат.

— Замаўчы!

— Эй ты, правадыр! Ідзі сюды, — паклікаў Санча Лінкана. Лінкан зноў нешта крыкнуў і падышоў да Санча, а ён, адступіўшыся назад, папярэдзіў:

— Блізка не падыходзь, бо застрэлю.

— Чаго вам трэба ад нас? — па-іспанску звярнуўся Лінкан да Санча.

— Даведаешся. А пакуль трымай язык за зубамі. Тут я задаю пытанні.

— Вы нанеслі крыўду нашым духам, — не сцярпеў Лінкан.

— Ха-ха-ха… — зарагатаў Санча.

"Бум-бум-бум, бум-бум-бум…" — дзяўчына мацней застукала ў бубен, разносячы па джунглях трывогу.

— Металіст, скажы той вядзьмарцы, каб злезла са слупа, — скрывіўся Санча.

— У-у-у… — выдыхнуў Лінкан і памкнуўся да яго.

У руках Санча задрыжаў аўтамат. Кулі ўспаролі зямлю каля самых ног Лінкана. Ён стаў.

— Індзеец, прашыю кулямі. Беражыся! — папярэдзіў Санча.

— Чаго вам трэба? — зноў запытаў Лінкан. Санча махнуў рукою.

— Металіст, ссадзі вядзьмарку са слупа. Грукоча, як у пустую бочку. У вушах звініць.

Металіст наставіў на дзяўчыну аўтамат.

— Злазь, вядзьмарка, бо кулькамі прастрэлю.

Не ведаю, ці зразумела яго дзяўчына, але яна стала спускацца са слупа. Злезла, села на зямлю, затуліўшы твар рукамі.

— Кайф, вядзі сюды нашых палоннікаў,— гукнуў Санча. Мы ўсталі і выйшлі на паляну.

Калі Лінкан убачыў Анту, то спярша, відаць, не паверыў, што гэта ён, колішні ягоны сябар. Правадыр племені мапучэ колькі секунд глядзеў на яго, а пасля выдыхнуў:

— Ты-ы?

Анту апусціў галаву:

— Я.

— Цябе ж Нгенечэн забраў, з сабою павёз.

— Забраў, а пасля прывёз на зямлю. Я жыў у белых, у горадзе, як і ты калісьці.

Твар у Лінкана перасмыкнуўся, нібы па спіне яму бізуном паласнулі. Зараз закрычыць, назаве Анту здраднікам. Вядома, ён здагадваецца, хто прывёў сюды бандытаў. Але ж не ведае, што Анту нас ратаваў. Сказаць пра гэта Лінкану? Язык чамусьці не паварочваецца, колам стаіць у роце.

Лінкан не закрычаў, не назваў Анту здраднікам. Ён сказаў:

— Анту, лепей ты на свет не радзіўся б.

— Лепей я не радзіўся б. Ты праўду сказаў, правадыр, — прамовіў Анту.

— Чаго яны хочуць ад нас?

— Хочуць забраць залатую дзіду. Бровы ў Лінкана прыўзняліся.

— Але ж залатая дзіда аберагае наш народ. Нам яе даў Нгенечэн. Нгенечэн і забярэ, калі захоча. Хіба ты не ведаеш гэтага?

— Правадыр, даруй мне, — прашаптаў Анту. Лінкан кіўнуў галавою, паказваючы на супляменнікаў.

— А яны даруюць? У іх запытай.

— Правадыр, даруй мне, — паўтарыў Анту. — Я не хацеў весці сюды бандытаў. Тут дзеці. Бачыш? Яны з іншай краіны. Яны прыехалі як госці. Калі б я не паказаў дарогу бандытам, то яны застрэлілі б дзяцей. У іх няма душы. Правадыр, прашу цябе: выратуй дзяцей. Дзеці невінаватыя. Бандыты…

— Годзе малоць языком, — перапыніў Санча.

— Нягоднік! — крыкнуў Анту і кінуўся на яго. Металіст выпусціў па ім кароткую чаргу. Анту ніцма ўпаў на зямлю, раскінуўшы рукі.

— Балюча джаляць мае кулькі,— пахваліўся Металіст.

— Дурань! — накінуўся на яго Санча. — Навошта застрэліў індзейца? Ён нам яшчэ спатрэбіўся б.

— Ён на цябе хацеў напасці. Ён цябе мог задушыць, — пачаў апраўдвацца Металіст.

— Дурань! — вылаяўся Санча і, павярнуўшыся да Лінкана, запытаў: — Дзе залатая дзіда?

Лінкан падняў галаву.

— Не ты яе нам даваў.

— Хочаш, каб я табе даваў? — вылупіў вочы Санча. — Хочаш, каб я табе золата даваў? Я не даю. Я ніколі нічога нікому не даю. Я толькі забіраю. Запомні!

Бач, Санча хваліцца, што не дае, а забірае. За гонар гэта лічыць. А вось Анту за нас сваё жыццё аддаў, нас ратаваў як мог, папрасіў Лінкана, каб нас у бядзе не пакінуў. А цяпер ляжыць, раскінуўшы рукі, абдымае сваю зямлю. Чаму ён кінуўся на Санча? Хіба не разумеў, што бандыты яго застрэляць?

Я адвярнуўся. Я не мог глядзець на мёртвага Анту.

— У-у-у… — заплакала Алеся.

— Сціхні,— таўхануў яе Піучэн.

— Не распускайце рукі,— заступіўся за Алесю Максім. Піучэн замахнуўся на яго.

— Вось як дам, так сядзеш!

— Ну, годзе. Аднаму далі. Ляжыць. Годзе, — супакоіў яго Санча.

— Шкада, што мы вас раней не заўважылі,— прамовіў Лінкан.

— Дзе залатая дзіда? — вызверыўся Санча.

— Не ўбачыце вы яе.

— Не хочаш казаць? Ну й не кажы. Хто-небудзь іншы скажа. Тут ты не адзін.

Лінкан, не гледзячы на Санча, прагаварыў:

— Вам не знайсці залатую дзіду. Яе беражэ мачы, які жыве ў дзікім месцы. Толькі я ведаю, дзе ягонае жытло.

— Санча, скажы гэтаму дзікуну, што дзяцей застрэлім, калі не аддасць залатую дзіду. На Анту падзейнічала. Падзейнічае і на яго, — прамовіў Піучэн.

Санча наморшчыў лоб:

— Не выйдзе. Тут яны для ўсіх чужыя.

Пранесла. Ходзім па самым краечку бездані. Ці доўга яшчэ? Ці хопіць цярпення ў бандытаў? Ці хопіць у нас сілы, каб вытрываць?

— Дык што ж рабіць? — усклікнуў Піучэн. — Доўга будзем тут таптацца?

Санча павярнуўся да Кайфа.

— Кайф, узарві якое-небудзь дрэва. Няхай паглядзяць індзейцы, на што мы здатныя.

Кайф расшпіліў рукзак, дастаў з яго невялікую рыдлёўку і… міну.

— Бачыш міну? — звярнуўся Санча да Лінкана. — Я чуў, што ты жыў у горадзе. Разумееш, што такое міна?

Кайф падбег да ўскрайку джунгляў, прысеў каля магутнага дрэва, якое ўзвышалася над усімі, выкапаў каля яго ямку, паклаў у яе міну, прысыпаў зямлёю і хутчэй назад.

У мяне на лобе выступілі кропелькі поту. Выбух прагучаў нечакана. Магутнае дрэва ўзнялося ўверх і, ломячы галіны, няўклюдна павалілася набок. Суцэльны слуп пылу вырас там, дзе нядаўна яно стаяла.

— Бачыў, як мы ўзарвалі дрэва? — запытаў Санча ў Лінкана.

— Бачыў.

— Зараз мы ўсіх вашых індзейцаў пасадзім у хаціны, якія замініруем. Ні адзін ваш індзеец не вылезе. Калі хто-небудзь паспрабуе, то хаціна ўзарвецца. Ты не хацеў, каб твае людзі памерлі з голаду? Дык памруць. Мы не выпусцім іх з хацін датуль, пакуль ты не скажаш, дзе залатая дзіда. Выбірай адно з двух: альбо твой народ, альбо залатая дзіда. Ну як, правадыр?

Лінкан не адказаў.

 

У хаціне мапучэ

 

Санча махнуў рукою. — Правадыр не пагаджаецца… Заганяйце індзейцаў у стойлы.

Лінкан штосьці крыкнуў. Відаць, папярэдзіў супляменнікаў, каб не выходзілі з хацін. А Кайф, Металіст, Піучэн і Чон-чон падзялілі індзейцаў на дзве калоны і пагналі ў хаціны. Людзі моўчкі праходзілі каля свайго правадыра. І ён стаяў моўчкі, склаўшы рукі на грудзях. Пра што ён думаў? Цяжка сказаць. Людзей загналі ў хаціны, якія замбіравалі.

— Тут і ахова не патрэбна. Міны будуць ахоўваць. Лепшых ахоўнікаў не знойдзеш, — паціраючы рукі, прагаварыў Санча.

— Чаму вы мяне тут пакінулі? — запытаў у яго Лінкан.

— І табе туды хочацца?

— Дзе мой народ, там і я, — сказаў Лінкан.

— Не. Ты пабудзеш з намі. Мне хочацца з табою пагаварыць. Ні разу ж не даводзілася размаўляць з правадыром.

Мяне, Алесю, Максіма і Лінкана бандыты прывялі ў хаціну, якая стаяла воддаль ад тых, замініраваных. У хаціне ляжалі два вялікія квадратныя камяні, вакол якіх стаялі тоўстыя драўляныя калоды. "Гэта ж ачаг," — здагадаўся я.

Нагадалася, як расказваў нам Анту, што мапучэ вечарамі пяклі ў ачагу ляпёшкі, загарнуўшы іх вуглямі. Пакуль ляпёшкі пякліся, старэйшыя, сеўшы на калоды, расказвалі казкі, успаміналі пра сваіх родзічаў, пра сваіх герояў. Малодшыя слухалі іх уважліва, каб не прапусціць ні слова.

У куце, заўважыў я, стаялі пасудзіны з насеннем, з вадою, з ядою. Іх было шмат. Гуагі — пустацелыя пасудзіны з незвычайна цвёрдай кары, падобныя на кабачок, і тонкія драўляныя талеркі, і дунгі — падобныя на вядро для вады, і канчэа — карыта з ручкай, у якое звычайна кладуць пясок, каб падсмажыць манга, і ступы, у якіх расціраюць перац. Каля адной сцяны быў ткацкі станок. Такія станкі ў нас называюць кроснамі. Драўляная прамавугольная рама ткацкага станка па вуглах была замацавана жанкілем. Два яе больш доўгія бакі ўпіраліся ў падлогу і столь хаціны. На паліцах месціліся конусападобныя гліняныя збаны, талеркі, бутылі з ручкамі. Асобна стаялі дзве незвычайныя фігуркі: фігурка вадзянога змея і фігурка гарбуна з чашай на галаве.

— Бачыш фігурку гарбуна? — шапнула мне Алеся. — Гэта сімвал бога агню.

— А што сімвалізуе фігурка вадзянога змея? — запытаў я. На самым відным месцы была статуэтка дзвюхгаловай багіні. На галаве ў багіні — упрыгожанне, падобнае на карону, замест рота — гліняная палоска, а замест вачэй — гліняныя шарыкі.

На сцяне вісела скручанае ласо. Такое ласо, зробленае са скуры, як я чуў, дасягала пятнаццаці метраў. Побач вісеў лук. Анту нам расказваў, што з лука мапучэ страляюць на сто дваццаць метраў, што стрэлы копцяць, каб надаць ім цвёрдасць і трываласць, а калчан са стрэламі — вузкую карзінку з конскага воласу — носяць на спіне.

— Вунь макана — паліца, — тыцнуў рукою Максім, паказваючы на дубінку, вузкую на адным канцы і патоўшчаную на другім.

— Чаго пасталі? Сядайце, — прамовіў Санча.

Лінкан прымасціўся ў куце, на шкурах гуанака, бандыты, як гаспадары, селі на калоды каля ачага, а я, Максім і Алеся прыселі на ложку, каля якога ўзвышаліся тры гліняныя пасудзіны, падобныя на вялізныя бочкі.

Алеся нечакана ўсхліпнула.

— Чаго ты? — пацікавіўся Максім.

Алеся, размазваючы па шчаках слёзы, прагаварыла:

— Дзядзьку Анту шкада.

— Не раві,— зыркнуў на яе Піучэн.

— Даскакаўся твой Анту, — сказаў Кайф.

— Вы… Вы… — прамовіла Алеся.

— Хто мы? — падаўся наперад Чон-чон.

— Кракадзілы вы, — нечакана прагаварыла Алеся. Я думаў, што бандыты ўзлуюцца, а яны зарагаталі. Лінкан падаў голас:

— Хто вам даў права судзіць іншых? Вы не заслужылі. Санча стукнуў рабром далоні па прыкладзе аўтамата:

— Ён даў нам права.

— З гэтым правам вам доўга не пражыць.

— Індзеец з нас збыткуе! — ускочыў Піучэн. Металіст вытрашчыў вочы:

— Я яго застрэлю!

— Не, — сказаў Санча. — Мы зробім па-іншаму. Выводзьце яго з хаціны, а там убачыце.

Піучэн кіўнуў на нас:

— А гэтых?

— Няхай тут сядзяць. Калі высунуцца, страляй без папярэджання.

— Усіх перастраляю, — сказаў Піучэн і звярнуўся да Лінкана: — Уставай, індзеец.

Лінкан устаў. Бандыты вывелі яго з хаціны.

 

З пасудзіны ў… джунглі

 

Не чакалі мы, што так павернецца.

— Яны хутка вернуцца? — запытала Алеся.

— Хто ведае, — нявесела сказаў я.

— Паспрабуем уцячы?

— Заблудзімся ў джунглях, — сказаў Максім. Алеся сціснула рукі ў кулачкі:

— Лепей у джунглях блукаць, чым сядзець з бандытамі.

— Максім, навошта нам лезці ў джунглі? — кажу. — Каля берага стаіць плыт. Сядзем і паплывем па рацэ.

— А куды заплывем? — прагаварыў Максім.

— Куды-небудзь заплывем, — кажу яму. — Мажліва, людзей на рацэ сустрэнем ці якое-небудзь паселішча ўбачым. Людзі заўжды каля ракі селяцца.

— Правільна разважаеш, — пахваліў мяне Максім. — Але як з хаціны выбрацца?

— Паглядзі, дзе бандыты, — папрасіла яго Алеся.

Максім выглянуў з хаціны, і адразу ж прагрымела аўтаматная чарга. Кулі ўзбілі пыл каля самых дзвярэй. Максім, охнуўшы, зваліўся пры сцяне. Мы з Алесяй кінуліся да яго.

— Максім, цябе не паранілі? — усклікнула Алеся.

У Максіма белы-белы твар. Ляжыць нерухома, не адзываецца. Я страсянуў яго:

— Максім!

— Што? — ледзь чутна прамовіў ён. Потым паціху прыўзняўся, патрос галавою і здзіўлена сказаў:

— Не застрэліў? А мне думалася, што ён мяне забіў. Выходзіць, за намі сочыць Піучэн, не спускае вачэй з хаціны. Няма як выбрацца.

— Максім, а ты не заўважыў, дзе Лінкан? — спытала Алеся.

— Яго бандыты да рытуальнага слупа прывязалі. Вось што прыдумаў Санча! Прывязалі Лінкана да слупа, каб той пёкся на сонцы. Спадзяюцца, што не вытрымае, скажа, дзе залатая дзіда. Цяпер з яго здзекуюцца, а пасля возьмуцца і за нас. Як жа ўцячы адгэтуль? Няўжо мы не выратуемся? Я зірнуў на тры вялізныя пасудзіны, падобныя на бочкі, якія стаялі каля ложка, і ўсклікнуў:

— Мы выратуемся!

— Як? — запытаў Максім.

Я тыцнуў пальцам на пасудзіны:

— Туды схаваемся.

Алеся шырока раскрыла вочы:

— А калі знойдуць?

— Трэба рызыкнуць, — кажу. — Залезем і шкурамі гуанака накрыемся. Бачыце, колькі іх на ложку ляжыць?

— Хаваемся, — сказала Алеся і залезла ў пасудзіну.

Максім узяў шкуру і накрыў ёю Алесю. Мы з ім пераглянуліся і таксама залезлі ў пасудзіны. Толькі я паспеў прысесці, падціснуць ногі, як на двары пачуліся крокі і ў хаціну ўваліліся бандыты.

— Дзе яны? — адразу ж усклікнуў Санча. Чон-чон у тон яму:

— Няма?

— Шукайце, — прагаварыў Санча. Я сцяўся, затаіў дыханне.

— Дзе ж яны? — зноў усклікнуў Санча.

— Уцяклі. Піучэн правароніў,— прамовіў Кайф.

— Я вачэй не спускаў з хаціны, — стаў апраўдвацца Піучэн.

— Яны ў джунглях. З краёчку сядзяць. Пабаяцца лезці далей. Знойдзем, — прамовіў Санча.

Бандыты выбеглі з хаціны. Толькі цяпер я адчуў, што мяне калоціць, нібыта ў ліхаманцы.

— Антось, — паклікаў Максім.

Я ўстаў, адкінуў шкуру гуанака, вылез з пасудзіны. А Алеся і Максім ужо стаяць каля пасудзін, глядзяць на мяне так, нібы я з таго свету з'явіўся.

— Трэба ўцякаць, — сказаў Максім.

Я ўбачыў на паліцы каля сцяны вялізны нож, схапіў яго і разам з Алесяй і Максімам выбег з хаціны.

 

З Лінканам

 

Цела Анту на паляне ўжо не было (відаць, кудысьці завалаклі бандыты), а каля рытуальнага слупа стаяў Лінкан, прывязаны вяроўкаю. Мне здалося, што ён усміхнуўся, убачыўшы нас. Ён аблізнуў перасмяглыя губы, штосьці прашаптаў.

— Крышку пацярпіце. Зараз вызвалім вас. — Я ўзяўся за вяроўку, пацягнуў яе да сябе і паласнуў па ёй нажом.

Лінкан вызваліў рукі, разблытаў вяроўку, скруціў яе. Да яго падбег бура-чырвоны сабака, тоненька заскуголіў. Лінкан пагладзіў яго па спіне:

— Засумаваў без мяне? Ну, не бядуй. Цяпер не разлучымся.

— Трэба ратавацца, — не выцерпеў Максім.

— Бяжыце за мною, не адставайце.

Лінкан накіраваўся на ўскраек джунгляў, мы пабеглі па вузкай сцяжынцы, пасля павярнулі направа, пралезлі праз нейкія калючыя кусты. Лінкан стаў.

— Усё. Яны нас тут не знойдуць.

Не верыцца, што вырваліся, што ўцяклі ад бандытаў. Нядаўна былі палоннікамі, хаваліся ў пасудзінах, а цяпер на волі. Лінкан, вядома, пастараецца нам дапамагчы, не пакіне нас.

— І вас схапілі бандыты? — запытаў Лінкан.

— Схапілі,— кіўнуў галавою Максім. — Мы ў іх былі заложнікамі. Дзядзька Анту казаў вам. Ён не хацеў весці бандытаў сюды, у джунглі. Дзядзька Анту нас ратаваў. Ён добры. Ён і пра вас нам расказваў. І пра ваш народ, пра ваша жыццё ў джунглях таксама расказваў.

Лінкан прыхінуўся спінаю да ствала.

— А вы ведаеце, як раней жыў наш народ? Я засунуў за рамень нож і прагаварыў:

— Крышку ведаем.

— З самай раніцы пачыналі жыццё нашы продкі,— прамовіў Лінкан. — Жанчыны смажылі мяса, варылі бульбу. Мужчыны, паснедаўшы, ішлі ў джунглі. Хто на паляванне, хто па дровы, хто па ваду. А жанчыны глядзелі дзяцей, працавалі на агародах. І мужчыны, вярнуўшыся з джунгляў, ім дапамагалі. Вечарам усе збіраліся разам. Расказвалі пра тое, што бачылі, успаміналі аб тым, як жылі дзяды і прадзеды. Усё ў нас ладзілася, нікому мы не чынілі зла, пакуль на нас не напалі захопнікі. Яны не толькі рабавалі, але і хацелі прымусіць нас жыць па-новаму.

Лінкан уздыхнуў. Цяжка яму. Калісьці канкістадоры-заваёўнікі знянацку нападалі на ягоных продкаў, а цяпер з'явіліся бандыты.

Лінкан дакрануўся да майго пляча.

— Ты дапамог мне. Малайчына.

Я пачырванеў. Хіба калі-небудзь да гэтага мог бы падумаць, што сам правадыр племені мапучэ мяне пахваліць?

— Вы з іншай краіны? — запытаў Лінкан.

— З іншай. Мы сюды прыехалі на экскурсію, але нам не пашанцавала, — прамовіла Алеся і апусціла галаву.

Мне здалося, што яна вось-вось заплача, але яна сказала:

— Дзядзька Лінкан, бандыты могуць хаціны ўзарваць. А там людзі.

— Не ўзарвуць, пакуль мяне не зловяць.

Лінкан замаўчаў. Відаць, думае, як супляменнікаў вызваліць. Нялёгка яму прыйдзецца. У бандытаў аўтаматы, кулямёт. Іх пяцёра, а Лінкан адзін. Хіба мы чым-небудзь дапаможам яму? Дый бандыты, калі будзе нявыкрутка, адразу ўзарвуць замініраваныя хаціны. Напэўна, вярнуліся ў паселішча, здагадаліся, хто вызваліў Лінкана. Не даруюць нам.

— Наш народ здаўна жыў мірна. Але мы ўмеем ваяваць. Нашых юнакоў ад усіх работ вызваляюць, каб яны навучыліся зброяй валодаць, яны — абаронцы сваёй зямлі.

— Вы цяпер хочаце вызваліць сваіх людзей? — пацікавіўся Максім.

— Паспрабую.

— І мы з вамі пойдзем?

— Пачакайце мяне тут. Не бойцеся. Я хутка вярнуся. — Лінкан павярнуўся і знік у джунглях.

Сабака, усхапіўшыся, пабег за ім.

 

Пастка для Кайфа

 

Я сціснуў ручку нажа, азірнуўся. Лінкан паабяцаў, што хутка вернецца. А калі не? Што, калі бандыты падыдуць сюды?

— Хлопчыкі, Лінкан пайшоў у паселішча, — паціху прамовіла Алеся.

Яна, як і я, баіцца. Можа так стацца, што схопяць бандыты Лінкана. Тады хоць у палон здавайся. У палон… Не, нізавошта. Лепей па джунглях блукаць.

— Калі Лінкан праз паўгадзіны не вернецца, то пойдзем да ракі,— сказаў я.

Але вось у кустах трэснула галінка, і перад намі з'явіўся Лінкан. У руках ён трымаў вяроўку і індзейскую пастку уачы, на канцы якой была пятля. У музеі даўняга побыту індзейцаў нам казалі, што гэтая пятля зацягваецца, калі рэзка таргануць пастку за вяроўку.

— Ідзіце за мною, — паклікаў ён.

Мы выйшлі на знаёмую сцяжынку. Лінкан тыцнуў рукой, паказаўшы на высокае густое дрэва, якое расло непадалёку.

— Лезьце на дрэва. Там вас ніхто не заўважыць, калі нават сядзе пад самым дрэвам.

— А вы? — нясмела запытала Алеся.

— За мяне не бойцеся. Лезьце.

Мы залезлі на дрэва. Лінкан паклаў на сцяжынку пастку, замаскіраваў яе травою, пасля вяроўкай прывязаў да дрэва сабаку. Сабака загаўкаў, пачаў рвацца. Нацягваючы вяроўку, станавіўся на заднія лапы. Неўзабаве на сцяжынцы паказаўся Кайф. Ён ішоў з аглядкай, трымаючы напагатове аўтамат.

Убачыўшы Кайфа, сабака загаўкаў яшчэ мацней.

Кайф стаў.

— Хто тут сабаку прывязаў? Можа, Лінкан?

Стаіць, азіраецца. "Ну ідзі! Ступі нагою ў пятлю", — карцела крыкнуць.

Кайф прыцэліўся ў сабаку.

— Гаўкаеш? Застрэлю…

Сабака ашчэрыўся, заліўся брэхам.

Кайф ступіў наперад, і ў гэты момант Лінкан пацягнуў за вяроўку. Кайф, узмахнуўшы рукамі, упаў на зямлю. Лінкан наваліўся на яго, заламаў руку, выхапіў аўтамат.

— Маўчы!

— Я маўчу. Я буду маўчаць. Не бі,— пралапатаў Кайф.

— Злазьце, — махнуў нам рукою Лінкан.

Мы злезлі з дрэва. Кайф, убачыўшы нас, вылупіў вочы:

— І вы тут? Лінкан штурхнуў яго:

— Ідзі.

Кайф паплёўся, увагнуўшы ў плечы галаву. Лінкан адвязаў сабаку і пайшоў за Кайфам. І мы, пасмейваючыся, таксама пайшлі па сцяжынцы. Вось што прыдумаў Лінкан — выкарыстаць сабаку як своеасаблівую прынаду.

— Стой, — загадаў Лінкан Кайфу, калі мы прайшлі з паўкіламетра.

Кайф згорбіўся як стогадовы дзед.

— Застрэліш?

— Трэба было б.

— Я невінаваты. Санча ва ўсім вінаваты. Ён мяне прымусіў ехаць у джунглі. Дурань я, што паслухаўся яго. Няхай адзін ехаў бы.

На Санча верне — быццам Санча за каўнер яго сюды валок. Думаў, што азалоціцца. Пасля за золата наркотыкаў накупляў бы. Крычаў бы: "Я чорт! Я чорт!"

Лінкан з пагардай зірнуў на Кайфа. Той яшчэ больш сагнуўся, згорбіўся.

— Дык ты невінаваты?

— Санча вінаваты. І тыя, што з ім засталіся, таксама вінаватыя. Дай мне аўтамат. Я іх усіх перастраляю. Я застрэлю Санча. Я буду індзейцам. Я з вамі буду жыць, — і ён пацягнуўся рукамі да Лінкана. Той адхіснуўся. Упершыню ўбачыў я, як перакрывіўся ягоны твар.

— Не чапай мяне рукамі. Калі яшчэ раз дакранешся, то… Лінкан недаказаў да канца, ды Кайф добра зразумеў яго.

— Санча вінаваты. Я не-э…

— Санча вінаваты? — не сцярпеў я. — Кажаш, што Санча аддаваў загады? А чаму ты Каймана застрэліў? Таксама Санча загадаў? Таксама ён вінаваты?

У Кайфа задрыжала ніжняя губа.

— Усё-ткі ты бачыў?

— Бачыў,— сказаў я.

Лінкан зірнуў на мяне і падштурхнуў Кайфа:

— Ідзі.

— Куды вы яго? — запытала Алеся.

— У адно надзейнае месцейка завяду. Ёсць непадалёку. Няхай там пасядзіць. Пасля ўсім племенем будзем судзіць. А вы мяне тут пачакайце.

Кайф пасунуўся па сцяжынцы, паўтараючы, як заведзены: "Я невінаваты. Я невінаваты".

 

Ласо для Металіста

 

— Нешта даўно Лінкана няма, — занепакоілася Алеся. — Што, калі Кайф уцёк?

Мае рацыю Алеся. Кайф хітры, вераломны. На ўсё пойдзе, каб вызваліцца.

Як і ў першы раз, калі мы чакалі яго, Лінкан з'явіўся неспадзявана. У адной руцэ ён трымаў ласо і бохан хлеба, а ў другой нейкі пакунак, загорнуты ў зялёнае лісце.

— Дзядзька Лінкан! — узрадавалася Алеся.

Мы прыселі на траву, а Лінкан дастаў з-за пояса нож і парэзаў хлеб на тоўстыя лусты.

— Ешце. Такога хлеба, як гэты, вы не елі. Ён з зярнят расліны кіноа. Ён і за паўгода не пачарсцвее.

— Не верыцца, — вырвалася ў мяне.

Лінкан усміхнуўся краечкамі вуснаў, разгарнуў той пакунак, які прынёс з сабою. Мы ўбачылі мяса, парэзанае тонкімі доўгімі скрылямі.

— Бярыце чаркі,— сказаў Лінкан. Мы пераглянуліся.

— Якія чаркі? — запытаў я.

— Гэтае мяса ў нас называюць чаркі. Чаркі спярша наразаюць тонкімі доўгімі скрылікамі, а пасля сушаць на сонцы альбо вэндзяць у дыме.

Я думаў, што ўсё не з'ядзім, што хоць хлеб застанецца, але, на дзіва, мы з'елі і чаркі, і хлеб. Вядома, падзякавалі Лінкану за добры пачастунак. А ён прывёў нас на невялікую палянку, дзе раслі чырвоныя ягады, падобныя на нашы клубніцы.

— Гэта ягады міне-міне. Частуйцеся, — прагаварыў.

Мы сталі рваць гэтыя ягады. Не толькі смакам, але і выглядам яны нагадвалі клубніцы. Я так стараўся, што чырвоным сокам вымазаў і шчокі, і нос.

— Ну што, пойдзем? — спытаў Лінкан.

Мы кіўнулі. Ён прывёў нас да высокага дрэва.

— Зноў вам прыйдзецца залезці на дрэва.

З дрэва ўсё паселішча мапучэ было відно, як на далоні. Каля хацін ляжаць сабакі, грабуцца куры, на слупе, па якім узыходзіла дзяўчына-прыгажуня ў нябесна-блакітным адзенні, вісіць белы сцяг.

— Дзе ж бандыты? — не сцярпеў я.

— І я хацеў бы даведацца, дзе яны цяпер, — прамовіў Максім.

— Адпачываюць, — сказала Алеся.

Як відаць, сапраўды бандыты адпачывалі, бо з той хаціны, у якой некалі сядзелі мы, выйшаў Металіст. Ён пазяхнуў, пацягнуўся і накіраваўся ў бок джунгляў. Каля дрэва Металіст стаў, азірнуўся, а праз імгненне, нязграбна ўзмахнуўшы рукамі, упаў.

— Лінкан на Металіста накінуў ласо! — усклікнуў Максім.

Мы злезлі з дрэва, пабеглі па сцяжынцы. Насустрач ішоў Лінкан з Металістам. Мы адступіліся ў бок дрэў.

— Не адставайце, — гукнуў Лінкан. — Хутка гэтыя "сябры" сустрэнуцца.

І мы накіраваліся ў тое надзейнае месца, дзе ўжо знаходзіўся Кайф.

 

У авечай шкуры

 

Тым надзейным месцам была пячора. Лінкан завёў туды Металіста, а мы прыселі непадалёку. Хутка з пячоры выйшаў Лінкан. Ён нёс авечыя шкуры, а на іх ляжала бульба.

— Бульба! — узрадавана гукнула Алеся. Канечне, яна ўзрадавалася: мы даўно не елі бульбы.

— Дзядзька Лінкан, а можа, спячэм бульбу на цяпельцы? — папрасіў я.

— Спячэм, калі вам так хочацца, — усміхнуўся Лінкан.

Я глядзеў на яго і дзівіўся: правадыр племені, а зусім не ганарысты. Ен жа, калі лічыць па-нашаму, немалы начальнік, а вядзе сябе з намі як роўня.

— Дзядзька Лінкан, а бандыты з пячоры не ўцякуць? — пацікавілася Алеся.

— Не. Я іх звязаў.

Лінкан паслаў на зямлю авечыя шкуры, наламаў сухога галля. Прынёс з пячоры два кіі, у адным з якіх была невялікая адтуліна.

— Навошта вам гэта? — пацікавіўся я.

— Крыху пачакай і ўбачыш.

Лінкан адзін кій уставіў у адтуліну другога, заціснуў паміж далонямі і пачаў хутка-хутка круціць. Навошта ён так робіць? Можа, вырашыў фокус нам паказаць? Не! Ён здабывае агонь!

— Зараз агенчык успыхне! — усклікнуў я.

І праўда, па кіі, у якім была адтуліна, пабег агеньчык.

— Аж не верыцца! — падскочыла Алеся. Лінкан падняў кій вышэй:

— Ён называецца "дамарэпу".

— А як называецца той, які вы круцілі? — запытаў я.

— Рэпу.

Лінкан паднёс кій да сухога галля. Яно хутка загарэлася і затрашчала.

Мы селі на авечыя шкуры. Мякка, добра і зусім не страшна.

— Сёння будзем спаць каля цяпельца, — прамовіў Лінкан.

— Галлё за ноч згарыць, — заўважыла Алеся.

— Я ў агонь пакладу тоўстыя калоды. Яны будуць усю ноч гарэць.

Лінкан расхінуў кіем галлё, стаў кідаць у гарачы прысак бульбу. Падзеі сённяшняга дня праходзілі перад нашымі вачыма. Неўпрыкмет сцямнела.

Лінкан пачаў выграбаць з прысака бульбу.

— Частуйцеся.

Я ўзяў гарачую бульбіну, перакінуў з рукі ў руку.

— Хлопчыкі! Агні ў джунглях, — усклікнула Алеся.

Я азірнуўся. Сапраўды, у джунглях свецяцца, гараць нейкія агні. Ды так ярка, што хоць кніжку каля іх чытай.

— Гэта не агні,— сказаў Лінкан. — Гэта жукі зляцеліся. Яны свецяцца.

Дзіўна — жукі, а святло, як ад свечак.

— Падсілкаваліся? — запытаў Лінкан.

— Дзякуй, — адказала Алеся.

— Кладзіцеся спаць. Заўтра рана вас разбуджу.

Я лёг на авечую шкуру, падкурчыў ногі. Лінкан таргануў мяне за плячо.

— Як ты лёг?

— На бок, — кажу.

— Ты лёг галавою на поўдзень. Нельга так.

— Чаму? — здзівіўся я.

— Нельга класціся галавою на поўнач ці на поўдзень. Трэба галавою на ўсход. Хто спіць галавою на ўсход, той доўга жыве: такі сон жыццё падаўжае.

Я не стаў спрачацца з Лінканам і лёг так, як ён сказаў.

Назаўтра Лінкан накарміў нас грыбным супам. "Грыбы, з якіх я зварыў суп, называюцца умне, — сказаў ён. — Яны растуць на ствалах вечназялёнага дрэва ульма". Нам усім вельмі спадабаўся суп з грыбоў умне.

Незвычайны гэты Лінкан. Ён і правадыр, і вой, і нават кухар. Можна сказаць, майстар на ўсе рукі.

Лінкан падняў авечую шкуру, перакінуў яе цераз плячо.

— Хадзем.

— Куды? — запытала Алеся.

— На паляванне.

Я здагадаўся, што ён зноў хоча злавіць якога-небудзь бандыта. Але цяпер яны будуць асцярожныя. А Лінкан нават ласо не ўзяў. Толькі авечую шкуру.

Мы выйшлі на ўскраек джунгляў. Як і ўчора, убачылі перад сабою паселішча індзейцаў. Паблізу рытуальнага слупа, апусціўшы галаву, сядзеў Чон-чон. На ягоных каленях ляжаў аўтамат.

Нездарма Чон-чон тут сядзіць. Няйначай, Санча загадаў вартаваць.

— Чакайце мяне тут, — прашаптаў Лінкан.

Ён, чаго мы ніяк не чакалі, адзеў на сябе авечую шкуру, стаў на карачкі і папоўз на паляну, туды, дзе сядзеў Чон-чон.

— Лінкан у авечай шкуры як сапраўдная авечка, — не стрывала Алеся.

— Ён хоча схапіць Чон-чона.

І я здагадаўся, што Лінкан вось так, у авечай шкуры, хоча падкрасціся да Чон-чона і напасці на яго.

Чон-чон заўважыў Лінкана. Ён узяў у рукі аўтамат, устаў.

— Авечка?

— Мэ-э-э… — гучна мэкнуў Лінкан. Чон-чон махнуў рукою.

— Ідзі сюды, дурніца. Зробім з цябе шашлык. Ідзі. Будзе добры шашлык.

Чон-чон, размахваючы аўтаматам, як кіем, падышоў да Лінкана і замахнуўся нагою, а той, імгненна скінуўшы з сябе авечую шкуру, ускочыў і стукнуў яму кулаком па галаве. Чон-чон снопам асунуўся на зямлю. Лінкан падняў аўтамат, павесіў на грудзі, узваліў на плечы Чон-чона і пабег. Мы кінуліся за ім.

Каля пячоры Лінкан кінуў Чон-чона на зямлю, выцер з ілба пот.

— Яшчэ аднаго ўпаляваў.

Лоўка ў яго выходзіць. Здзівяцца Санча і Піучэн, калі ўбачаць каля рытуальнага слупа авечую шкуру. Быў Чон-чон, а засталася авечая шкура. Ім немаведама што здасца.

Чон-чон расплюшчыў вочы:

— Дзе я?

— Не пазнаў мяне? — нагнуўся над ім Лінкан. У Чон-чона аж твар перакасіўся.

— Правадыр?

— Я.

Чон-чон прыўзняўся, стаў на калені.

— Не страляй мяне! Толькі не страляй! Прашу-у-у! Не страляйце! Усіх вас прашу!

Выходзіць, ён просіць не толькі Лінкана, але і мяне, Алесю, Максіма? Баіцца, што мы застрэлім яго! Зусім з глузду з'ехаў.

— Правадыр, не страля-ай! Дзеткі, не страляйце мяне! Дзе-эткі-і! І ў мяне дома дзеткі-і…

Лінкан хацеў адпіхнуць Чон-чона, але ён абхапіў яго за ногі.

— Правадыр!.. Родненькі!.. Я хачу на сонца глядзець… Толькі не страляй!

Хоча на сонца глядзець. А хіба Анту не хацелася глядзець на сонца? Хіба не хацелася мне, Алесі, Максіму? Хіба мапучэ не хочацца?

Лінкан падняў Чон-чона і павалок у пячору.

— Агідна, — прамовіў Максім.

І ў мяне на душы было агідна.

 

З кавуном на галаве

 

Лінкан выйшаў з пячоры і сказаў:

— Я не хацеў быць для іх ворагам. Яны напалі на мяне і на маё племя. Сапраўды, напалі, перапынілі свята, людзей загналі ў хаціны, здзекаваліся. А кожны народ хоча, каб паважалі яго і ягоныя звычаі.

Нагадалася, як аднаго разу сказаў мне тата: "Нас, беларусаў, жменька на гэтай вялікай зямлі. Але ж мы нямала зрабілі. Мы сеялі, будавалі, стварылі сваю культуру, у нас ёсць свой лад жыцця. А калі раптам гэтага не стане, то апусцее наша зямля".

— Дзядзька Лінкан, яшчэ два бандыты сядзяць у паселішчы, — напомніла Алеся.

Лінкан чамусьці запытаў:

— Вы як сюды дабраліся?

— На плыце. Плыт стаіць каля берага ракі. Ад таго месца да вашага паселішча вядзе сцяжынка, — сказала Алеся.

— На плыце? Хочацца паглядзець мне на ваш плыт. Хадзем туды, — прамовіў Лінкан.

Шчыра скажу, я ўзрадаваўся, калі пачуў, што пойдзем да ракі. Надакучыла блукаць па джунглях. А раку я заўжды любіў. Любіў глядзець, як цячэ ўдалячынь, як віруе каля карчоў. Яшчэ мне падабалася ехаць на чоўне. Вядома, я ведаў, што тут няма чоўнаў. Ведаў, што індзейцы будуюць каноэ ці, як называюць іх мапучэ, — уампу. У адной кніжцы чытаў, што уампу, якія звычайна робяць з расшчэпленага бервяна, дасягаюць пяці метраў. "Вось каб пакатацца на сапраўдным каноэ!" — падумаў я.

— Дзядзька Лінкан, у вашай рэчцы водзяцца кракадзілы? — запытала Алеся.

— Няма. А вось у моры ёсць калеучэ.

— Што гэта такое?

— Падводная здань, якая нечакана з'яўляецца на паверхні, калі распачынаецца бура. Калеучэ свеціцца, выдае гукі, падобныя на музычныя, падплываючы да каноэ.

— І нападае на людзей? — запытала Алеся.

— Калеучы забівае людзей, а каноэ адносіць у яр ці на скалісты абрывісты бераг. Гора таму, хто ўбачыць, як калеучэ нясе каноэ.

— Чаму? — не стрывала Алеся.

— Той, хто ўбачыць, як калеучэ нясе каноэ, ператворыцца ў бервяно альбо скалу. А ў рачных завадзях водзіцца паўзмяя — нгурывіла-паўпіса. На канцы яе доўгага хваста ёсць кіпцюр.

— І яна нападае на чалавека?

— Нгурывіла-паўпіса абкручвае чалавека хвастом і цягне на дно.

Нагнаў на нас страху Лінкан. У моры водзіцца калеучэ, а ў рацэ — паўзмяя. Тут, як відаць, змеі не толькі на сушы, але і ў вадзе, вадзяныя. Яны і за кракадзіла страшнейшыя.

Мы непрыкметна падышлі да ракі, вылезлі з кустоў і сталі. Я адразу забыўся і пра калеучэ, і пра паўзмяю нгурывіла-паўпіса. На плыце, спінаю да нас, сядзеў Піучэн. Каля яго ляжалі рукзак і аўтамат.

— Хавайцеся, — шапнуў Лінкан.

Мы адступіліся назад, прыселі за куст. Чаму ж тут Піучэн? Не пабаяўся прыйсці на раку. Ён жа здагадваецца, чаму зніклі Металіст, Кайф і Чон-чон. А можа, прыйшоў разам з Санча? Дзе ж ён?

— Праклятыя джунглі! — раптам усклікнуў Піучэн, грукнуўшы кулаком па плыце.

— Не даспадобы яму тут, — паціху сказаў Максім. Канешне, не даспадобы. Не так складваецца, як хацелася.

— Паплыву! — зноў крыкнуў Піучэн. — Не магу тут заставацца! Няхай усё гарам гарыць! Няхай Санча сам гэтую кашу расхлёбвае! Ён яе заварыў!

Дык вось яно што! Піучэн уцёк з паселішча, пакінуў Санча. Баіцца, што будзе так, як з ягонымі сябрукамі. Ну і няхай уцякае. Памахаем рукамі на развітанне.

— Чакайце мяне тут, — прамовіў Лінкан і знік у кустах. Хутка ён з'явіўся з вялізным гарбузом. Дзіва, дый толькі!

Навошта яму спатрэбіўся гэты гарбуз?

Лінкан дастаў з-за пояса нож, адрэзаў гарбуз з аднаго боку, старанна яго вычысціў, выразаў у ім некалькі дзірак.

— Усё-ткі паплыву! — рассек паветра рукою Піучэн. — Годзе тут сядзець. Дасяджуся. Пракляты правадыр і мяне ў джунглі зацягне.

Тым часам Лінкан надзеў на галаву гарбуз і пабег ускрайкам, хаваючыся за дрэвамі, за кустамі. Калі б цяпер хто-небудзь убачыў яго з гарбузом на галаве, то здранцвеў бы.

— Лінкан з гарбузом на галаве — як старажытны вой, — сказала Алеся.

Лінкан, убачылі мы, лёг на жывот і папоўз да ракі. Пасля слізгануў з берага ў ваду і паплыў уніз па цячэнні, туды, дзе плыт. Ні спіны, ні плячэй не відаць. Толькі гарбуз над вадою. Плыве Лінкан, усё бліжэй да плыта. А Піучэн устаў, штосьці мармытнуў пад нос і стаў глядзець на раку, затуліўшыся далонню ад сонца. Потым нагнуўся, развязаў рукзак. У гэты час Лінкан падплыў да плыта і ўскочыў на яго. Піучэн скалануўся і спалохана закрычаў.

— Не крычы, — Лінкан нагою адкінуў убок аўтамат. Піучэн стаў адступацца назад, усё паўтараючы:

— Хто ты? Д'ябал ці чалавек? Хто ты? Лінкан схапіў яго за плячо.

— Стой. У раку звалішся і ўтопішся. Я не хачу, каб ты ўтапіўся. Ты мне жывы патрэбен.

— Ты — д'ябал? Маю душу хочаш забраць? Па маю душу прыйшоў?

Лінкан зняў з галавы гарбуз. Піучэн аж прысеў, а пасля з нянавісцю прагаварыў:

— Ты і мяне падмануў. Чаму я цябе не застрэліў? Чаму перад адыходам тваіх людзей не ўзарваў?

— Ідзі,— загадаў Лінкан.

Піучэн, апусціўшы галаву, сышоў на бераг. Мы вылезлі з кустоў.

— І вас трэба было застрэліць, — прагаварыў Піучэн.

— Ну й злосці ў яго! — адвярнуўшыся, прамовіў Максім.

— Схавайцеся і пачакайце мяне тут, — сказаў нам Лінкан.

 

Нгенечэн?

 

Нейкі час мы маўчалі. — Не ўдалося ўцячы Піучэну, — прамовіў я. — Не удасца ўцячы і Санча. Зловіць яго Лінкан. Неспадзявана пачуўся ціхі свіст. Мы выглянулі з-за куста і ўбачылі Лінкана. Ён стаяў на сцяжынцы.

— Дзядзька Лінкан, вы так хутка Піучэна ў пячору завялі? — запытала Алеся.

— Не. Звязаў і ў кустах пакінуў.

Я ўбачыў, як хмурынка набегла на твар Лінкана. Мне ўспомнілася легенда, якую яшчэ ў горадзе расказваў нам Анту.

Даўным-даўно побач з мапучэ, якія дружна працавалі на сваёй зямлі, жылі злыя, лянівыя і жорсткія людзі. Месячнымі начамі яны нападалі на мапучэ: рабавалі, забіралі ў палон жанчын. Шмат мапучэ загінула, змагаючыся з імі. Нарэшце мапучэ не вытрывалі, папрасілі ў Нгенечэна, каб пакараў рабаўнікоў. Нгенечэн паклікаў сваю жонку Антумальген, якая была на небе Месяцам, і сказаў ёй, каб суняла рабаўнікоў. Ды яна не здолела гэтага зрабіць. Нгенечэн, узлаваўшыся, узышоў на неба па Уэндлуфу — Млечнаму Шляху. Ён разбіў неба на кавалкі, частку якіх кінуў на зямлю. Яны ўтварылі горны хрыбет, адгарадзіўшы ім мапучэ ад ворагаў. Пасля гэтага мапучэ сталі жыць у міры.

— Дзядзька Лінкан, як вы думаеце Санча злавіць? — запытаў Максім.

— Я не стану яго лавіць.

— Чаму? — здзівілася Алеся.

— Я зараз пайду да яго і скажу, каб размініраваў хаціны.

— Не ідзіце! — усклікнуў я. — Ён вас застрэліць!

— Не застрэліць. Я яму скажу, што дапамагу выбрацца з джунгляў, калі размініруе хаціны. Мне людзей трэба выратаваць.

Паблізу паселішча Лінкан загадаў нам, каб засталіся на ўскрайку джунгляў, а сам пайшоў далей. Санча, як відаць, назіраў з хаціны, бо адразу выскачыў і, наставіўшы аўтамат, крыкнуў:

— Стой, пракляты індзеец! Лінкан стаў.

— Не страляй.

— І мяне хочаш схапіць? Не схопіш! Застрэлю!

— Я хачу з табою дамовіцца. Калі размініруеш хаціны, калі выпусціш маіх людзей, то не стану чыніць табе зла. Завяду цябе ў горад. Даю слова. Мапучэ ніколі не хлусяць.

Санча затупацеў нагамі.

— Не веру твайму слову. Цябе застрэлю і ўсіх узарву! Ха-ха-ха!.. Застрэ-элю-у!..

Я глядзеў на яго і не пазнаваў. Раней ён цярпеў, прытвараўся, хацеў паказаць сябе добрым, калі нават было не даспадобы, мог быць, як кажуць, і ваўком і лісіцаю. А цяпер зусім раз'юшаны.

— Ён звар'яцеў,— прашаптала Алеся.

Сапраўды, звар'яцеў. Мабыць, ад страху. Сядзеў і чакаў, што вось-вось Лінкан накінецца на яго.

— На калені! Стань на калені, пракляты індзеец! — пырснуў слінай Санча.

— Размініруй хаціны. Будзеш жыць, — спакойна сказаў Лінкан.

— Стань на калені! Я буду жыць! Буду! Буду! Цябе застрэлю! Стань на калені! Лічу да дзесяці!

— Гляньце! — усклікнула Алеся, задраўшы галаву.

Я таксама задраў галаву і ўбачыў вялізны жоўта-чырвоны шар, які імкліва спускаўся ўніз. Шар на імгненне павіс у паветры, а пасля, падскочыўшы, як мячык, апусціўся на зямлю.

Я паглядзеў на Санча і Лінкана, якія, застыўшы, пазіралі на жоўта-чырвоны шар.

Шар прарэзліва загудзеў. Праз секунду адчыніліся дзверцы, і з шара выйшаў чалавек у блішчастым скафандры, падобным на той, якія носяць касманаўты. Чалавек быў незвычайна высокі, а ягоныя вочы свяціліся, нібы маленькія ліхтарыкі.

— Нгенечэн! — усклікнуў Лінкан.

Ягоны крык быццам разбудзіў Санча. Ён, завішчаўшы, выпусціў па чалавеку ў скафандры доўгую аўтаматную чаргу. Кулі рыкашэтам адскочылі ад яго, як ад бетоннай сцяны. Чалавек у скафандры падняў руку і пайшоў уперад, ступаючы важна, упэўнена. Санча, адступаючыся, усё страляў па ім. Ды кулі, рыкашэцячы, са свістам прарэзвалі паветра.

Санча шпурнуў убок аўтамат і пабег да замініраванай хаціны.

— Узарву-у!

Чалавек у скафандры махнуў рукой-пальчаткай, падклікаючы яго да сябе, і Санча, павярнуўшыся, паслухмяна, што дзіця, пайшоў да яго. Чалавек у скафандры, тыцнуўшы рукой-пальчаткай, паказаў на шар:

— Лезь туды!

Санча пацёпкаў да шара, перавальваючыся з боку на бок, што гусак. Каля дзверцаў стаў.

Чалавек у скафандры ў другі раз тыцнуў рукой-пальчаткай, паказаўшы на шар:

— Лезь!

Санча, сагнуўшыся, палез у шар.

— Нгенечэн! — крыкнуў Лінкан. Чалавек у скафандры падышоў да яго.

— Табе цяжка, правадыр?

— Цяжка, — прамовіў Лінкан. — Мае людзі ў замініраваных хацінах.

Чалавек у скафандры, як здалося мне, засмяяўся. Вочы-ліхтарыкі засвяціліся ярчэй, і два промні, скрыжаваўшыся, пабеглі да тых хацін, у якіх сядзелі мапучэ. Пачуліся два гучныя шчаўчкі. Промні зноў скрыжаваліся, зайчыкамі заскакалі ў паветры і зніклі.

— Правадыр, я размініраваў хаціны. Можаш выводзіць сваіх людзей. Ты не радуешся?

Лінкан апусціў галаву.

— Я… Я…

Чалавек у скафандры перапыніў яго:

— Не трэба, правадыр. Я ведаю, што ты хочаш мне сказаць. Ты вытрымаў маё выпрабаванне. Ты заслужыў залатую дзіду. І тваё племя яе заслужыла. Залатая дзіда будзе ў вас вечна, пакуль зоркі будуць гарэць на небе.

"Хто ж гэты чалавек у скафандры? Чаму ён даў мапучэ залатую дзіду? Няўжо выпрабоўваў іх? Чаму выпрабоўваў? Няўжо для таго, каб быць шчаслівым, трэба прайсці праз выпрабаванні?" — думаў я.

Чалавек у скафандры, памахаўшы рукой-пальчаткай, павярнуўся і пайшоў да шара. Каля дзверцаў стаў, азірнуўся, паглядзеў на нас і знік у жоўта-чырвоным шары. Дзверцы зачыніліся, магутны гул скалануў джунглі. Шар падняўся ўверх.

— Нге-не-чэ-эн! — усклікнуў Лінкан…




Крыніца: http://lib.rus.ec/b/321021/read паводле Якімовіч, Алесь Мікалаевіч. Залатая дзіда : Аповесці,апавяданні: [Для дзяцей сярэд.шк.узросту] / Алесь Якімовіч. - Мн. : Юнацтва, 2001. - 268с. - ( Бібліятэка прыгод і фантастыкі).

Беларуская Палічка: http://knihi.com