epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Камароўскі

Ахілесава пята

Усё, гэта была перамога! Апошні сапернік нават не паспрабаваў скочыць праз такую вышыню: зрабіўшы імклівы разбег, раптам, як перад нябачнай высоразнай сцяной, спалохаўся ў апошні міг перад штуршком, прабег ля правай стойкі, запаволіў аслабленае цела — відаць, скарыўся паражэнню — і, не азірнуўшыся, пайшоў пад свой парусінавы грыбок забіраць трыко. А хто з гледачоў чатыры гадзіны назад мог сказаць, што ён, Рэй Крокас, чэмпіён свету, рэкардсмен, прайграе? І прайграе каму? Гэтаму даўганогаму, як пісала адна газета, “загадкаваму хлопцу з далёкай Беларусі...”

Так, гэта была перамога і — залаты медаль. Аляксей адчуў гэта, адчуў нават раней, калі глянуў на амерыканца: рукі быццам маліліся, прыкушаная ніжняя губа... “Не, не возьме...”

Суддзя дакрануўся рукой да пляча, паказаў на планку — колькі ставіць? Аляксей схамянуўся. Гэты дотык спыніў хвалю млявасці, якая пасля апошняй спробы Крокаса пачала здрадліва і прыемна разлівацца па целе. Як быццам нехта нашэптваў: “Усё, ты выйграў, золата — тваё... Расслабся... Ты — алімпійскі чэмпіён... Нашто табе рваць жылы?”

Суддзя чакаў. Аляксей думаў — колькі ж? Два сорак пяць? На пяць сантыметраў больш, чым сённяшні алімпійскі рэкорд... Але не сусветны... Падняць яшчэ на сем? Паўтарэнне рэкорду свету... Але ўсяго толькі паўтарэнне.

Аляксей паказаў суддзі далонь з пяццю растапыранымі пальцамі, і той кіўнуў галавой: так, усё зразумеў.

Планку паднялі, яшчэ разоў шэсць перамералі. Аляксей зірнуў на светлавое табло — два сорак пяць.

Не, гэта не тое, што ён хоча. Падышоў да столікаў і паказаў дзесяць пальцаў — два пяцьдзесят. Перакладчыца перапытала па-руску — ён кіўнуў: так, два з паловай метры, рубеж, які не браў ніхто ў свеце.

Пакуль ніхто...

Стадыён, убачыўшы змену электрычных лічбаў ля сектара, заапладзіраваў: спачатку цэнтральная трыбуна, пасля — па меры павароту табло — апладысменты пабеглі далей, па бакавых сектарах, быццам нехта нябачны прыадкрываў занавеску перад гледачамі, і яны, убачыўшы заказаную вышыню, ахалі, дзівіліся смеласці гэтага русявага юнака...

Быццам адламаны кавалак сонечнага промня, ляжала фібергласавая планка. У водсвеце вечаровага свяціла яна блікавала, і толькі там, на самым подступе, за крокаў пяць, яна раптам гасла, як бы цяжэла на вачах, палохаючы высотнікаў сваёй непрыступнасцю. А яшчэ яна нагадвала прамы востры меч, халодная сталь якога магла парэзаць тую частку цела, што збівала яе...

Страху перад вышынёй не было. Аляксей на трэніроўках даўно прымерваўся да гэтых сантыметраў, сотні разоў ішоў на пругкае нацяжэнне рызінкі, часта зрываў яе, але часам і браў. Праўда, Сяргей Панасавіч не дазваляў мераць трэніровачныя скачкі, але па ўзнятых зажымах Аляксей адчуваў, што гэта — у межах рэкорду...

Стадыён затаіўся, быццам дыханнем баяўся здзьмухнуць гэтую лёгкую, кідкую ад першага дотыку, планку.

Алясей зняў трыко, акуратна паклаў яго на лаўку, лёгка далонямі масажнуў бёдры... “Усё нармальна... Сёння або ніколі!” Заплюшчыў вочы, да дробязей пракручваючы ў думках усе фазы разбегу і скачка: пружыністая ступня, тры апошнія нарастаючыя крокі, штуршок з махам бядра, пераход планкі з глыбокім закідам галавы, пераход не ўсляпую, а відушча, і — паспець выкінуць ногі ўверх!

Трыбун як не было. Чорная злітая маса стадыёна замерла. Высвечаны сектар для скачкоў, як у фокусе, звёў да сябе ўсё электрычнае святло. Нават судзейскія столікі, здаецца, адступілі ў паўпрыцемак, затоена глядзелі зводдаль. Усё чакала гэтага скачка: трыбуны і суддзі, каментатары і эфір... Чакала гарысполавае пакрыццё сектара — наструненага, упэўненага разбегу красовак, магутнага штуршка левай нагі... Чакала планка...

Аляксей страсянуў кісцямі рук, як бы скідаючы з іх нябачныя пылінкі, пачаў разбег... Пачаў імкліва, быццам яму трэба было пераскочыць не планку, а ўсю заходнюю трыбуну стадыёна...

 

Батальён — дзевяноста змарнелых, знясіленых непагаддзю салдат — выйшаў на пясчаную касу знянацку. Праўда, пасля двух апошніх наступленняў гэта быў ужо нават не батальён (калі лічыць пагалоўна), а звычайная рота. Засталіся толькі наміналы: камбат і тры камандзіры рот.

Здавалася, канца не будзе гэтым праклятым Ведзьмаковым балотам з нечаканымі абрывамі і раптоўнымі праваламі, з дрыготкімі пераходамі ад аднаго чэзлага дрэўца да другога, з гідкімі ямамі застаялай вады, пацягнутай рудой раскай; з кшакамі і бульканнем, дзе ў твані быццам нешта варушылася і чвякала; з падманнымі астраўкамі журавін, пад якімі таіліся засмяглыя прорвы... Тры дні па пояс, а то і па пахі ў вадзе яны прадзіраліся праз чэпкія патырчакі і слізкае карчэўе, зняможаныя да страты памяці ад нявер’я, што калі-небудзь выйдуць, вырвуцца з гэтай балаціны, узаб’юцца на тупкае.

На кожнай спіне на падцягнутым рамяні тырчэў аўтамат. Толькі трое, надрываючыся, моўчкі неслі ручныя кулямёты. Патроны і гранаты, падвязаныя, віселі на шыях. З такім грузам, чабултыхнуўшы ў чортава акно, амаль не вырвацца: бы з каменем на шыі, зацягне, усмокча, сляпуча атуліць здрадлівая багна. Наперавес, у двух руках перад сабой, як адзіны ратунак, кожны нёс даволі ёмкую альховую паўжардзіну. Толькі яна і магла ўратаваць: гнутка вісла на краях прорвы, не даючы праваліцца глыбей, пакуль нечая рука не падавала тапельцу канец сваёй лясіны. А там, дзе трэба было ўперціся і перабрацца да новай купіны, яна зноў жа надзейна пасабляла. Некаторыя, цярэбячы свае алешыны, прадбачліва пакінулі ніжнюю на паўтары пядзі галіну. Праваліўшыся, ёю можна было ўчапіцца за блізкі корч ці дрэўца і самога сябе выцягнуць.

Уперадзе, лоўка ступаючы сплеценымі з лазы шырокімі ступакамі, прывязанымі к пад’ёмам кірзавых ботаў, у ватоўцы, у зімовай шапцы-аблавушцы ішоў вясковы праваднік. Наўрад ці сказаў бы хто зараз, як яго завуць. От сабе, ішла ўперадзе, як здань, як прывід, шэрая постаць, раз-пораз спыняючыся, чакаючы, калі расцягнуты ланцуг патроху зблізіцца, сціснецца ў адлегласці. Ён, чалавек вясковы, узгадаваны і пракормлены гэтымі балотамі, ведаў, як страшна разарвацца жывому ланцугу, калі з нечаканай бяды можа выбавіць толькі блізкая рука. Таму і не спе'шыў, спагадліва ўзіраўся ў змучаныя, учарнелыя ад шчаціння і гразі твары вайскоўцаў. Тры дні назад і ў іх на нагах былі такія ж лазовыя ступакі, але ад няўмення хадзіць па хісткім дыване, — калі праваліўшыся, ног не выцягнуць, — не засталося ні ў кога. Ды і з непрывычкі хадзіць у іх уроскідку вельмі ж балелі ногі.

Апошнім ішоў камбат. Невысокі, каржакаваты і жылісты, ён на левым плячы нёс кулямёт. На расхістанай грудзіне, злева ад скаткі, вісеў кабур з трафейным парабелумам. У правай руцэ, трохі карацейшая, чым у іншых, торкалася абсечаная алешына. Спружыніста кідаючы моцнае цела па разбітай вадзяністай каламуці, камбат трывожна ўглядаўся ў млявы гарызонт трыснягу, не ведаючы, калі ж закончыцца гэтае пекла. Блізіўся адвячорак, а Ведзьмаковым балотам не было канца. Па ўсіх падліках — праваднік так і запэўніў — на сконе трэцяга дня яны павінны выйсці да Мёртвай касы.

Спераду, ля зарасніку чарота, нешта застапарылася. Салдаты, выбраўшыся на трохі тупкі ўзлобак, бяссільна падалі, чакаючы іншых. Тыя ж, хлюпаючы вадой у ботах, выкараскваліся са смярдзючай твані і таксама падалі ніцма. Сёй-той з пярэдніх сцягваў разбухлыя кірзачы, выліваў глейкую ваду, выкручваў чорныя анучы.

Камбат пялёхнуў палкай па мутнай вадзе і, не вылазячы на сухое, узрушана зірнуў на правадніка:

— Што?

Дзядзька тыцнуў пальцам вышэй чароту.

Камбат зразумеў: нарэшце яны выйшлі. Там, за прысохлым чаротам, — Мёртвая каса. І хоць ён чакаў гэтага, усё ж нутро неяк сцялася: канец нечага — пачатак новага, можа, больш цяжкага. Атупела брыдучы па гразі, упарта выцягваючы ногі з дрыгвы, ён згубіў лік гадзінам, страціў адчуванне канца балоцістай розвадзі. Таму і здаўся выхад з балота раптоўным.

— Ну, то я назад... — Мужык нагнуўся, каб мацней заціснуць завязку на правай назе.

— Дзякуй табе. Дасць Бог — сустрэнемся...

Праваднік выпраміўся, зірнуў у затуманены абсяг балота, лоўка слізгануў з цвердзі ў вадзяную каламуць, паскакаў па рудых купінах, зліўся з шэранню багны...

Камбат павярнуўся к салдатам: трэба было рушыць далей.

 

Дровы былі нялёгкія: кручаныя бярозавыя камлюкі пры ўдары калуна пускалі сок ці набрынялую ваду, але калоцца не хацелі. Аляксей біў штосілы, біў спачатку па краях, потым — па цэнтру, клаў цурбэлак на бок і роўна гахаў па адной лініі ўздоўж, жыўцом рвучы белыя пакручастыя валокны. Трэба было патраціць удараў дзесяць, каб расчапіць папалам такі выкруцень. Дубовыя грапякі разбіваліся і то лягчэй. Пасля магутных двух-трох удараў яны трэскалі знячэўку, як быццам лопала нябачная повязь, што трымала аснову дубовага здаравяка. Альховыя калодкі разляталіся пры першым удары. Чырвоная абалонь паддавалася лязу калуна лёгка, калолася без усякага супраціву, сыплючы пад ногі трухлявую гніль асяродка...

— Ты б электрычны калун зрабіў, — дзядзька Вінцэсь па-цыганску хітра ўсміхнуўся, — тады і махаць рукамі не трэба: падстаўляй толькі калодкі...

— А куды мне спяшацца? — Аляксей разагнуўся, рукавом ацёр на лбе пот. — Ды і размінка — аж рукі гудуць.

Дзядзька Вінцэсь скурыў самакрутку, паспачуваў, што не прыехаў старэйшы брат, схадзіў дадому і прынёс молат і жалезны клін:

— Вазьмі, бяроза лягчэй паддасца.

І праўда: клін развальваў бярозавыя камлюкі за тры-чатыры ўдары. Праца пайшла спарней.

Аляксей любіў секчы дровы. Тут, у вёсцы, не трэба было рабіць зарадку, бо праца заўсёды знаходзілася. А калун і важкія калодкі давалі такую нагрузку, якой не атрымаеш і за дзве гадзіны самай напружанай трэніроўкі. Смалісты пах сасны будзіў у душы далёкі ўспамін...

Ён, жаўтароты “салага”, не дабраўшы адзін бал пры паступленні, адгукнуўся на пісьмо дзядзькі Колі з Петразаводска: “...а не паступіць, хай прыязджае да мяне, мужчынскай работы тут поўна”. І як не адгаварвалі маці з бацькам — “свая ж цагельня ёсць”, “заб’юць шчэ дзе”, — упарта не паслухаў, купіў білет на самалёт і праз двое сутак апынуўся ў сталіцы Карэліі. Раскашаваць у гасцях асабліва не давялося. На трэці ж дзень скалочаная наспех брыгада выязджала на лесапавал.

Аляксей трапіў у брыгаду Івана Маклаша, унука гродзенскага хутараніна, сасланага ў гэты лясны край у саракавых гадах. Брыгадзір, гадоў на сем старэйшы за Аляксея, вылучаўся ў брыгадзе нейкай ранняй самавітасцю, сталай няспешнасцю. У руках яго, упэўненых і лоўкіх, відаць была бацькоўская практыка і звычка, перададзеная або выпакутаваная сялянская мудрасць і разважлівасць. Рана пазнаўшы цану нялёгкага хлеба, ён ведаў і любіў тайгу. У развароце яго плячэй драмала прытоеная сіла, якой, адчувалася, пабойваўся нават Мішка Пшык, былы зэк, каржакавата-пануры, вечна не задаволены буркун.

Тыдзень Аляксей церабіў паваленыя сосны. І калі сякера трохі прывыкла да яго намазоленых рук, а ён да яе, Маклаш паставіў ля сябе вучыцца правіць бензапілой.

Восень выдалася шчодрай на сонца. Рэдкія хмурыны паволі калыхаліся над кронамі, няспешна сплываючы за Анегу. Пад нагамі цвіў верас, сям-там чырванела марошка. А грыбы так і прасіліся ў рукі...

— Ды не туды, а сюды глядзі! — перабіваў светлую плынь думак Іван. — Выкруціцца ствол — не ўспееш і ахнуць, як накрые.

Піла роўна ўядалася ў шырокі смалісты камель, без рыўкоў уваходзіла ў сэрцавіну. Пырскі апілак асыпалі гумовыя боты.

— Глядзі, як правільна лажыць, — ледзь прыглушаючы матор, гукаў у вуха брыгадзір, затым, націскаючы левым плячом на ствол, даразаў абалонь. Яна трэскала. Сасна, роўна пушчаная з пня, бухала на такія ж сосны, ламаючы свае і чужыя галіны. — На, паспрабуй сам.

Аляксей з асцярогай браў за ручкі бензапілу, даваў газу і з сілай уразаўся ў дрэва. Матор роў, ланцуг закліняла, а Іван зноў крычаў у вуха:

— Не рві! Спакойна, спакойна, пускай лёгка... З наскоку яе не возьмеш, яна ласку любіць. І глядзі, куды валіш, падпілоўвай роўна з двух бакоў.

Нарэшце, хіснуўшыся, сасна ляцела на лесасеку, але не прама, а трохі наўскасяк.

— Зірні, як ты рэзаў, — Іван паказваў на пень.

Быццам няўдалыя прыступкі, танцавалі на сарцавінных кругах няроўныя зрэзы пілы.

— Нічога, не бядуй, — паляпваў па плячы Іван, — навучышся.

І сапраўды, праз тыдні два піла паслухмяна, без выкрунтасаў, запрацавала ў чэпкіх Аляксеевых руках, робячы зрэз роўна, як бы за адзін раз. Нават вершалінай сасны ён навучыўся біць у месца, якое задумваў.

— Во-во, на такім пяньку і пасядзець прыемна, — задаволена ўсміхнуўся брыгадзір. — Цяпер будзеш адзін на павале.

Лесасека, прамая, як страла, была падзелена на дзялянкі. Выпілаваная, вывезеная, выпаленая кастравішчамі, яна некалі стане дарогай. А пакуль... Пакуль што сосны калыхалі пакінутыя гнёзды і веснавыя надзеі, тулячыся адна да адной ад пахаладалага ветру, атрасаючы залубянелую ігліцу. Многія, высмактаныя падсочкай, як лагерныя вязні з рабрыстымі двухбаковымі проразямі, чакалі пілы як збавення. Ствалы іх, абяскроўленыя і чэзлыя, не маглі ўжо легчы ў вянкі новай хаты. Шчасце, калі лесасека ішла праз іх, ратуючы ад маруднага скону і заўчаснага атрухлення.

І вельмі добра помніў Аляксей той пераломны дзень.

 

Трэба было рушыць далей. Камбат адчуваў гэта. Але што там, на Мёртвай касе? Можа, нямецкі заслон, а мо мінная паласа? Пакладзеш і тых, што ўратаваліся, выйшлі з халодных зеўраў Ведзьмаковых балот. Не, без разведкі не абыдзешся.

— Красовіча ка мне! — упаўголаса загадаў бліжэйшаму ад сябе.

— Красовіча к камбату! Красовіча... Красовіча... — загад пайшоў ад аднаго да другога на дальні край узлобка.

Праз хвіліну шэрая постаць, угнуўшыся, пераступаючы праз разамлелыя ногі і целы, узнікла перад камбатам.

— Пойдзеш са мной... — Камбат зноў зірнуў на бліжняга. — А тут каб было ціха. — Ён ведаў: людзі, уратаваўшыся ад смерці, не пададуць голасу, не распаляць касцёр, бо асцярога — іх памочніца. Ды і сіл не было, каб што-небудзь рабіць. Лепш паляжаць на зямлі вось так — ніцма, без напругі, адчуць як паволі вяртаюцца сілы, адыходзяць здранцвелыя ногі, крыяюць зацёкшыя рукі...

Асцярожна, адхінаючы чарот, яны падпаўзлі да краю балота. Мёртвая каса пясчаным языком цягнулася сярод багны, а там, далей, метраў праз сто, ішла ўгару, стварыўшы даволі ладную вышыню, зарослую лазняком. Зусім блізка, перад вачыма, бухта калючага дроту густымі віткамі перакрывала голы пясок, уразаючыся ў рудую ваду з аднаго і другога боку касы.

— Во гады! Голымі рукамі не возьмеш... — выдыхнуў на вуха камбат і ўзняў бінокль.

За калючым валам, крыху далей, блішчалі густа напятыя правады. “А гэта яшчэ што за ліха? — бінокль паволі ішоў па сцяжынках бліскучага дроту. — Відаць, нейкая сігналізацыя...” Дзве апоры стаялі ў балоце, а адтуль напятыя струны ішлі на адзін і другі бок вышыні.

— Ох ты! — ні то сам сабе, ні то Красовічу выдыхнуў камбат. — Дзот... На, зірні.

Красовіч асцярожна ўзяў бінокль, напружана ўгледзеўся ў схіл вышыні. Калыхаліся пад ветрам гнуткія дубцы лазняку, пад імі чарнелі выпетраныя калівы быльніку.

— Не бачу...

— Глядзі па цэнтру, пад карані...

Так, пад лазняком, старанна замаскіраваны, смерцю прытаіўся дзот. Як невялікая засланка ў печы, ледзь прыкметна чарнела яго амбразура. Вытыркніся толькі, ступі на плыткі пясок і нябачнае вока кулямёта касяне рэзка і пякельна, уцісне ў сыпкі пясок... І тады не знойдзеш збавення ад куль на гэтым пустэльным языку касы. Не, тут ратунку няма. Перціся нават ноччу пад вогненнае нёба кулямёта — рызыка пустая. Высвецяць зямлю ракетамі і пакладуць усіх, хто бяздумна ткнецца прайсці да вышыні...

— Мне здаецца, за гэтымі правадамі — міны, — Красовіч вярнуў бінокль камбату.

— Можа быць... Дый выгарадка драцяная не падабаецца мне... — Камбат зноў пільна ўгледзеўся ў акуляры бінокля, быццам натужна шукаючы выйсце. Яшчэ малады твар, зарослы шчаціннем, відаць, хваляваў бы не адну маладзіцу ў бяссонных мроях. Хіба толькі лёгкі шрам наперакос ілба рабіў яго больш сталым, а мо і суровым. — У нас ёсць дзве ночы і дзень. А там — наступленне.

Красовіч маўчаў. Схінуўшы голаў на падстаўленую далонь, ён ці то спаў, ці то проста замружыў сонныя вейкі, выкарыстоўваючы міг перадыху.

— Аляксей, ты што, заснуў? — камбат далікатна крануў за локаць.

Красовіч ссунуў каску на патыліцу:

— Думаю...

Камбат яшчэ раз угледзеўся ў калючы вал дроту, ад пачатку да канца, як бы размагнічваючы, прайшоўся па напятых струнах неразгаданай загарадкі, зрокава прыкінуў адлегласць ад бліскучага дроту да амбразуры:

— Метраў сорак... Не больш.

Красовіч прыўзняў галаву.

— Толькі тудой, левым бокам балота... Там — вышай. І зручней правай гранату кінуць.

— А дрот, дрот як ты адолееш?

— Калючы па дрыгве аппаўзу, а той — ліха яго ведае... Там відаць будзе.

Камбат схамянуўся: яшчэ толькі разведка, першая прыкідка, а быццам вырашыў ужо, што папаўзе ён, Красовіч:

— Каго ж паслаць?

Аляксей здзіўлена ўскінуў бровы:

— Я! А хто ж іншы? Ды і бацькі, жонкі, дзеці ў іх. Я, толькі я.

Камбат моцна паціснуў яго локаць, як бы перадаючы падзяку, што не прыйдзецца весці сюды некага другога, паказваць, зноў уталкоўваць... Ды і хто, як не Красовіч, мог пераадолець і калючку, і хітры заслон; мог віжам, зліўшыся з балотнай травой, неўпрыкмет дапаўзці да пэўнага рубяжа, з якога можна было шыбануць гранату ў жарало дзота?

— Ідзі, Аляксей, паспі. Я цябе разбуджу.

Красовіч адпоўз, дабраўся да ўзлобка, разаслаў шынель. Заснуў імгненна, як праваліўся ў чортава вока, не паспеўшы ні ўсхрапнуць, ні ўскрыкнуць.

Камбат яшчэ доўга ўглядаўся ў прыцемак Мёртвай касы.

 

І вельмі добра помніў Аляксей той пераломны дзень.

Уся брыгада к абеду збіралася ў прасторнай бытоўцы. Тут было цёпла і ўтульна. Разгарачаныя хлопцы скідалі прасмоленыя робы, ватоўкі, са смехам мылі рукі. У гадзіну дня прыязджала машына з абедам. Усе высыпалі на паляну, каб дапамагчы маладзенькай сімпатычнай Тані прынесці бачкі, каструлі, хлеб і посуд. Таня, румяная, з бялёсай стрыжкай, здавалася, яшчэ больш прыгажэла пад нахабнымі позіркамі лясных, як яна казала, ваўкалакаў.

— Ну-ну, не лапай, а то чарпаком трэсну! — яна порстка налівала ў міску суп, дабаўляла мяса. — Хлеба — колькі каму трэба, самі возьмеце.

Аляксей глядзеў на Таню і ўспамінаў выпускны вечар і цёплы дотык рукі аднакласніцы, якую так кахаў яго лепшы сябра: “Пайшлі куды-небудзь...” Яны ішлі па вуліцы, гаварылі, пасля селі на лаўку пад гронкамі навісі язміну. Аляксей маўчаў, а яна шчасліва нешта шчабятала... Захмялелыя губы яе чакалі пацалунка, манілі, неадольна вабілі к сабе... Язмін пахам спелых суніц кружыў галаву... І ён мог прыпасці, зацалаваць яе, захлынуцца ў абдымках, бо ведаў — падабаецца ёй, але ў апошні момант адкаснуўся, прыўстаў, адламаў важкую галінку язміну: “Пайшлі назад, нас, відаць, шукаюць... Вазьмі на шчасце...” Яна ўзяла язмін, адламала ля злому сухі сучок, кінула яго пад лаўку: “Пайшлі...”

— Аляксей, давай яшчэ далью, — Таня паднесла напоўнены чарпак.

— Бач ты! Як Аляксею — дык налью, — здзекаваліся размораныя галасы, — а нам?

— Сораму на вас няма. Гляньце — тонкі які, худзенькі. — Не саромячыся, адбівалася Таня. — Адны костачкі...

— Ля касцей — і мяса смачнейшае!

— Добры певень — заўсёды худы!

Брыгада рагатала. Нават брыгадзір не пярэчыў, з усмешкай дахлёбваў суп. Аляксей чырванеў, але не злаваў, смяяўся разам з усімі. Толькі Мішка Пшык з кожным жартам хмурнеў, набычваўся, з-пад ілба глядзеў на Таню, бы распранаў яе вачыма, соп, моўчкі жуючы мяса.

— Аляксей, гушчы паўчарпака... — Таня зноў павярнулася да яго.

— ...каб лыжка стаяла... — дабавіў нечы голас.

— І не толькі лыжка... — прадоўжыў другі.

Новы выбух смеху яшчэ ніжэй прыгнуў Пшыка.

— Мужыкі, канчай трэп! — брыгадзір устаў, даючы знаць, што абед закончаны.

Лёгкія сняжынкі закружылі паляну, паплылі ў кругаверці разлапістыя сосны, як бы радуючыся зімовай пярыне.

— Салага, адвалі ад Тані, — Мішка Пшык насуплена глядзеў не на Аляксея, а недзе туды далей, — а то прышыю як піць даць.

— Ты што, аб’еўся? Я тут прычым?.. — Аляксей ускінуў бензапілу на правае плячо. — Дурань ты!

Спакою на душы не было, быццам туды кінулі брудны камень, і кругі трывогі ніяк не маглі пагаснуць. “І што гэта яму стрэльнула? Каб я да яе заляцаўся, а то...”

Сосны падалі цяжка, выбухамі ўскідаючы з зямлі супакоеныя сняжынкі. “І чалавек, відаць, падаў некалі так, як сасна, прабіты кап’ём...”

Аляксей нутром, а хутчэй спінай адчуў, што ён не адзін. Нечыя вочы праціналі яго. Рэзка рвануўшы пілу, павярнуўся. Крокі за два з паўузмахам фінкі стаяў Пшык. Аляксей міжволі націснуў на рычажок газу. Піла раўнула, кінуўшы пад ногі клубок смярдзючага дыму. Зэк баязліва адступіў.

— За што? — Аляксей пабялеў ад уяўлення таго, што магло здарыцца, ступіў яшчэ крок наперад, не збаўляючы газ.

— Я... я нічога, — апусціў руку Пшык.

— А фінка?

— Магу табе падарыць...

— Кінь пад ногі мне... — Аляксей прыўзняў разак пілы. Ланцуг роўна накручваў кругі.

Фінка шмякнулася ля бота.

Аляксей збавіў газ, апусціў разак, але пілу не адводзіў:

— Дурань ты! У мяне дзяўчына ёсць у Беларусі. Бачыў, колькі мне пісьмаў прыходзіць?

Пшык маўчаў, цярэбячы рукавіцу.

— Ты думаеш, яна сур’ёзна ка мне? Яна ж, як і ўсе мы, жартуе... А любіць шафёра, відаць...

— Ну не скажы... — Пшык аж змяніўся з твару, быццам дайшло да яго нешта.

— І я ж мог папалам цябе перарэзаць, — Аляксей паставіў пілу на мох.

— Дурань я, ты праўду сказаў.

— Ладна, ідзі...

У той жа дзень Аляксей закінуў фінку ў таёжнае возера. А праз два тыдні Таня распісалася з шафёрам, які развозіў з ёй абеды.

 

Камбат яшчэ доўга ўглядаўся ў прыцемак Мёртвай касы. Заціхла далёкая кананада. Толькі зрэдку двух-трохпатронным тахканнем агрызаўся кулямёт. У поўнач з-за вышыні пачалі ўзлятаць ракеты, аддаляючы на колькі секунд прыцемак, быццам фатограф разводзіў і зводзіў чорныя завесы аб’ектыва. Яны ўзляталі роўна, праз пяць хвілін, як бы нябачная стрэлка гадзінніка, дайшоўшы да патрэбнага дзялення, тузала спуск катапульты.

— Драмануў трохі?

— Выспаўся...

— Гранаты ўзяў?

— Дзве супрацьтанкавыя.

— Пярэрва між ракетамі — пяць хвілін. Як адгараць — перакідай боты і адзенне. Кідай у траву. Не паспееш абагнуць калючку — замры, пачакай другой ракеты. Гранаты — з сабою.

— Добра...

— Перапаўзеш — адзенься-абуйся. Знайдзі сушэйшае месца. Замаскіруйся, затаіся. Думай, як прайсці блішчасты дрот.

— Мне б што цвёрдае для апоры...

— На ліха?

— Ёсць адна задума...

— Пусты дыск з-пад кулямёта — пойдзе?

— Пойдзе.

— Я думаю — лішняе. Цягнуць толькі.

— Потым пакіну яго за калючкай.

— Ну, табе відней...

— Хай будзе...

— Вазьмі мой парабелум. І гадзіннік — Сяргей трафейны перадаў.

— Нашто парабелум?

— А раптам што?..

— Што?

— Ну, скажам, кінеш — прамахнешся...

— Яны не прамахнуцца.

— І ўсё ж хай будзе.

— Хай...

— Гадзіннік вечарам накруці: спыніцца — згубіш час.

— Накручу...

— Днём — не варухніся. Чорт іх ведае, колькі ў іх там вачэй. І не засні... Заснеш — гэта навечна.

— Ведаю...

— Тры кулямёты будуць напагатове. Калі што — падстрахуем.

— У колькі наступленне?

— У шэсць. Як пачне развідняцца...

Яны памаўчалі. Кожны думаў аб сваім.

— Схаджу, вазьму пусты дыск...

— Схадзі...

Красовіч нырнуў у сляпіцу, праз мінут пяць быў поруч.

— Узяў?

— Узяў.

— І нашто ён табе?

— Там відаць будзе...

— Што яшчэ...

— Вось дакументы мае. Калі што — ясна куды...

— Ведаю...

— Або Сяргею Гораву перадай.

— Мо вернешся шчэ...

Красовіч змаўчаў.

Ракеты ўзмывалі ўверх, віслі на колькі секунд у сполахах неба, ахопліваючы святлом шэра-сіні пясок Мёртвай касы, уздыбленыя грывы чаротаў, і, гаснучы, падалі ў морак. Вецер, нагойсаўшыся за дзень, сцішыўся, недзе злёг. Было золка. Ці, можа, ад напругі і ўяўлення нялёгкага шляху цела прабіралі дрыжыкі. “Сто метраў за паўтара сутак... Лягчэй бы сто кіламетраў за гэты ж час...”

— На пясок не вытыркайся... Больш чым упэўнены — там міны.

— Не палезу. Хіба што дзе з краю...

— І з краю не лезь.

— А драцяныя гуслі?

— Мо паднырнеш...

— А як зачэпіш? Яны ж не проста так...

— Відаць, не проста...

Яшчэ колькі мінут памаўчалі.

— Ну, Аляксей, пара...

— Пара...

Камбат левай рукой абняў за плечы:

— З Богам!

Хвост ракеты захлынуўся ў дыме, нырнуў у цемру. Красовіч слізгануў з чароту, зліўся з сажай начы. Сэрца камбата адлічвала секунды. Нарэшце новая ракета завісла ў бяздонні неба. Але як не ўглядаўся ён у той бок, куды папоўз Красовіч, нічога не ўбачыў. “Як праваліўся... Малайчына”. Пачакаў, пакуль яшчэ адзін водбліск рассунуў цемру, да колікаў у вачах утаропіўся ў балаціну, шукаючы хоць што прыкметнае, але зноў зрок не зачапіўся за тое адметнае, што цьмяна акрэсліла б затоеную постаць.

 

Перад чэмпіянатам Еўропы нагрузкі ўзраслі. Аляксей адчуваў, што пара б спыніцца, даць перадых навярэджанаму целу, але трэнер зноў і зноў прымушаў яго пракручваць фазы скачка. Аляксей разбягаўся — які, ці не соты раз? — і бяздумна ўзлятаў над планкай.

— Цярпі, цярпі, казак, атаманам будзеш! — трэнер паляпаў па плячы. — Давай яшчэ разоў дзесяць.

Аляксей зноў ішоў на планку, як галавой у сцяну — падаў на мяккі паралон.

— Усё... Больш не магу... — хацелася праваліцца праз мякаць матаў, праваліцца ў гаючую прахалоду басейна і ніцма ляжаць датуль, пакуль вада не адцягне стому і млявасць.

— Ну-ну, стары! Расслабіўся, разлёгся, як сасіска... Нас жа Еўропа чакае. Майфарт, Вшола, Крупек... Ты іх павінен пабіць!

Аляксей ляжаў, шырока раскінуўшы ногі. Што яму гэтыя маральныя бязбольныя цвікі, якія заганяў у спіну трэнер? “Чым перамагчы? Аднаго жадання мала...”

— Ды ты падумай: Рым, Пантэон, амфітэатр, Ватыкан... Можа, і не выйграеш... Але ж пабудзеш... І сёе-тое купіш — відэамагнітафон, шмоткі... Шык! Можа, і мне перападзе...

“Толькі і чуеш: шмоткі, відэа... Гары яны гарам! Я не дарос яшчэ да Еўропы”.

— Давай, стары, яшчэ два разы. Штуршок мацней, магутней! Выкладзіся.

Аляксей нехаця ўстаў, выйшаў на адметку разбегу, зірнуў на планку. Прыўзняўшыся колькі разоў на насках, пачаў разбег пругка, быццам укладаў у кожны ціск ступні нарастаючую злосць. Апошнія тры шырокія і — штуршок! Боль працяў нагу страшна, быццам у бядро ўсадзілі вострае кап’ё, і яно, прабіўшы правы бок, вылезла аж у перадплеччы. Збітая целам планка адляцела за стойку. Аляксей упаў на бок, ухапіўся за бядро і, каб хоць трохі адагнаць боль, пачаў масажыраваць вялікую мышцу. Сутарга прайшла, але бядро гарэла, быццам з яго выцягвалі гарачыя жылы.

— Што, што з табой? — замітусіўся трэнер.

— Нага... — ледзь выдыхнуў Аляксей, скрыгітнуўшы зубамі.

— Дзе?

— У бядры...

— Сядзь... Ну сядзь, супакойся.

Аляксей прыўзняўся, сеў на левы бок, апёршыся на руку, расслабіў правую нагу. Боль памалу, як пажар, пачаў распаўзацца па ўсёй назе — у сцягно, у калена, у ікру...

Інін быў старэйшы за Аляксея гадоў на дзесяць. Белая густая канадка — у ёй і сівізна не відаць — прыгожа адкрывала аскетычныя лініі шчок, прамы нос, прыпухлыя губы. Сіняя адзідасаўская масцерка з чырвона-белымі палоскамі на рукавах яшчэ больш падкрэслівала яго эфект. Такое ж трыко, белыя красоўкі... І нават рухі яго ішлі прыгожа і грацыёзна, быццам разлічаны былі не на вучня, а на таго, хто падглядаў, любаваўся ім. Такіх любілі.

Так здавалася Аляксею. Не раз у падтрыбунным буфеце, п’ючы апельсінавы сок, чуў Аляксей, як нафуфыраныя прадаўшчыцы змоўліва шапталіся, адорвалі трэнера вабнымі ўсмешкамі, ківалі адна адной: “Красаве'ц!” Гадоў пятнаццаць назад ён быў чэмпіёнам рэспублікі, выступаў на Еўропе, але больш двух дваццаці ні разу не ўзяў. Завочна закончыў інстытут фізкультуры, стаў трэнерам “Дынама”. Да яго прыходзілі недаспелыя высотнікі, якіх трэба было, як ён казаў, даводзіць да міжнародных вышынь. Малодшыя групы ён не вёў.

У арку стадыёна заехалі белыя “Жыгулі”. Той, што быў за рулём, вылез, памахаў рукой, зноў сеў у машыну. Інін, паказаўшы, што бачыць, прывітальна павёў даланёй у адказ.

— Ну што, Лёша, сёння закончым, — трэнер зірнуў на электронны гадзіннік. — Ты зайдзі ў медпункт, пакажыся Зоі. Хай паглядзіць... А заўтра раніцай пазвані.

“Жыгулі” прасігналілі.

— Ну, бывай! Я пабег.

Аляксей асцярожна ўстаў, дакульгаў да лаўкі, забраў спартыўны касцюм і, не адзеючыся, пачыкільгаў да трыбуны. Кожны крок аддаваўся болем. “Хоць бы не пералом...”

Спрытная і ўвішная Зоя ўважліва агледзела нагу, некалькі разоў націснула на бядро:

— Скінь шыпоўку, выпраміся. Не-не, не ўставай! Аляксей, перасільваючы боль, нагнуўся, сцягнуў з запятка шыпоўку, скінуў мокрую ад поту гетру.

— Цяпер сагні нагу і выпрамі.

Аляксей сагнуў нагу і выпраміў. Трохі атупелы боль зноў выпырснуў з бядра, як ток, разбегся па ўсіх мышцах.

— Дзе?

— Тут, — паказаў Аляксей і зірнуў на бядро: сіні падцёк даўжынёй з пядзю пухлінай расплыўся на верхнебакавым схіле вялікай мышцы.

— Я думаю, пералому няма. Парыў звязак ці расцяжэнне. Але ты прайдзі рэнтген. На ўсякі выпадак... Зоя туга перабінтавала бядро. Аляксей адзеў трыко, абуў красоўку, узяў сумку:

— Усяго добрага!

Над стадыёнам у блакіце неба купаліся галубы. Па дарожцы адмервалі кругі два юныя бегуны.

 

Да калючай спіралі дроту ён дапоўз за два заходы. Калі ўзляцела трэцяя ракета, Красовіч пільна ўгледзеўся ў балота па той бок, вызіраючы месца, куды лепей можна было кінуць адзенне і боты. Метры за тры ад калючкі чарнела як выскубеная ўпадзінка, прыкрытая з боку дзота сухім травастоем. “Сюды, толькі сюды... Яно і відаць не будзе”. Лежма, калі апошні блік святла патануў у сутонні, скінуў маскіровачны халат, сцягнуў гімнасцёрку, разам са світэрам зняў кашулю. Па целу ад начной прахалоды пабеглі дрыжыкі, скура пайшла гусінай шорсткасцю. “Ахалодае трохі — пройдзе...” Павярнуўшыся на спіну, левым наском нагі ўпёрся ў заднік правага бота. Набрынялая халява не паддавалася, але калі натужыўся мацней — з рыпам памалу пайшла на пятку. Аляксей накінуў гімнасцёрку паверх голага цела, не паспеўшы сцягнуць бот, — новы зніч ракеты ўзмыў у бездань. “Нехта ж там ёсць, за ўзгоркам, не спіць, пускае, як заведзены...” Тут, за валам дроту, ён не баяўся, што ўбачаць. Днём будзе цяжэй, калі магутныя цэйсаўскія лінзы бінокля пачнуць абмацваць кожную купіну, недаверліва ўглядацца ў пудлівыя ківанні травы, весці зірк па кожным метры багны.

Ракета пагасла. Аляксей прыўзняўся, сцягнуў правы бот. Левы сышоў лягчэй. Хуценька разматаў анучы, накруціў іх на боты: чорныя ад гразі — ён гэта ведаў, — яны змекчаць падзенне на зямлю. Скінуўшы штаны, прыкрыў ногі... Сполах ракеты застаў яго на спіне. “Засталося перакінуць і апаўзці... — нешта калючае ўперлася ў хрыбет. Ён перасмыкнуў лапаткамі. — Трэба хутчэй, а то пачне развідняцца”.

Доўга, ой як доўга — ці яму здалося — зырка палала ракета. Нарэшце нехаця счаднела ў дыме. Аляксей похапкам згарнуў халат і гімнасцёрку, стаў на калені і кінуў іх на той бок, у нябачную ўпадзіну. Туды ж паляцеў світэр з кашуляй. Штаны накруціў паверх анучы, каб мягчэй было, кінуў у цемру. Шпурнуў услед другі бот. Правай рукой намацаў пару звязаных гранат, левая — між падушачкай вялікага пальца і астатнімі — заціснула ствол парабелума і кулямётны дыск...

“Та-та... Та-та-та...” — вопытны кулямётчык удалечыні вытрымліваў рытм.

Аляксей спехам папоўз па слізкім куп’і. Каб не ўкалоцца якім старчаком, заплюшчыў вочы, бо ўсё адно нічога не бачыў. Пад левай рукой хлюпнула вада і ён падаўся бліжэй да дроту. Рэскруць калючак уразалася ў балота метраў на дзесяць, але ці ляжала на хісткім покрыве, ці прытопленая ў вадзе, ён не ведаў. Адтуль, калі назіраў з камбатам, ды і тут, побач, нельга было вызначыць.

Выплеск ракеты прыціснуў к траве. І ўсё ж скошанымі вачыма за метр ад сябе ўбачыў канец калючкі. Ля яе, пацягнутая раскай, блікавала вада. “Апаўзу далей вунь па тым куп’і...” Здаецца, гэтая ракета гарэла яшчэ даўжэй за папярэднюю.

Прыцемак зноў расслабіў плечы. Аляксей узяў трохі лявей, асцярожна, як яшчарка, перабіраючы рукамі, цягнучы ногі, падаўся ўперад. Праз метры чатыры павярнуў управа, метры праз два, агнуўшы па яго разліках калючую рэскруць, павярнуў зноў направа, папоўз, як здавалася яму, у цемры, па другі бок паралельна дроту. Каб не збіцца, рашыў праверыць свае разлікі: паклаўшы гранаты, асцярожна пацягнуўся правай рукой убок, трохі пасунуўся яшчэ і, як некалі перад вожыкам, хіба што цяпер у прыцемку, далікатна паварушыў пальцамі, быццам хацеў казытнуць калючы роскід дроту... Як не сцярогся, усё ж дотык быў нечаканым і балючым. Але ў думках парадаваўся: “Усё нармальна”. Папоўз далей.

Ракета высвеціла ўпадзіну, скамечанае адзенне, боты... — усё ляжала кучна. “Трэба спяшацца... Хутка пачне развідняцца”. Аляксею здавалася, што кожны ўсплёск ракеты разаграе неба, няўмольна набліжае раніцу, і яна, разагнаўшы шэрань, вось-вось зацепліцца на захадзе зыркім полымем. Аляксей заплюшчыў вочы, каб адкрыць іх, калі пагасне пушчаны россып святла. Так з цемры лягчэй было разгледзець цемру. Калі зірнуў — супакоіўся: паспее адзецца і адпаўзці. Як і былі, так і нацягнуў кашулю са світэрам, а пасля, не сціраючы ліпкую гразь з каленяў і бёдраў, адзеў штаны. Вільготныя парцянкі лезлі ў боты гэтак жа цяжка, як і вылазілі. Але, намогшыся, усё ж нацягнуў халявы, амаль імгненна ўлез у маскхалат. Падцягнуўшы пад сябе дыск і парабелум, акуратна прытуліў гранаты, затаіўся тут жа, ва ўпадзіне, за чубам кусцістага сіўцу. І ў час: ракета пырхнула — мо ад спеху падалося — крыху раней, палюбавалася сваімі яркімі блёсткамі і, не праляцеўшы ўніз трэцяй часткі свайго шляху, сканала.

Аляксей спахапіўся, слізгануў за жарству ўпадзіны, папоўз трохі лявей па ўзбалотку, туды, дзе за метраў сорак напята блішчалі ў водблісках асвятлення таямнічыя струны загароды. Тры разы, пакуль дапоўз, расцвіталі і вялі ў небе кветкі ракет. “Трэба далей у балота зашыцца, дзень праляжаць, а там — відаць будзе...” Ён, апіраючыся на дыск, а правай — на локаць, пакараскаўся ўлева, у балаціну. Тое, што парабелум мог замокнуць, яго не хвалявала. Наўрад ці ён спатрэбіцца. А вось гранаты трэба берагчы. У іх — усё. Пры святле чарговай ракеты ўбачыў учарнелы, перасохлы метры на тры раўчук, з аерам вакол, запоўз у яго адтуль, з боку балота, каб не прымяць спаўбуцвелую травяную заслону.

Калі да шасці гадзін засталося хвілін дзесяць, ракеты перасталі бударажыць морак. Пачало развідняцца.

 

Па дарожцы адмервалі кругі два юныя бегуны. У сектары для скачкоў, правёўшы размінку, выдурняліся падлеткі: з разбегу падалі спінай на маты з пераваротам на ногі.

Аляксей, накульгваючы, зайшоў сёння ў медпункт, сказаў, што пералому няма, а толькі расцяжэнне звязак. “І гэта не падарунак, — паспачувала Зоя. — У цябе ж правая — штуршковая?” — “Штуршковая”. — “Глядзі, калі-небудзь ад перанагрузкі можаш і звязкі парваць...”

“Магу і парваць... — ён прысеў на лаўку пад казырком цэнтральнай трыбуны. — Адны скачкі — ці ж гэта трэніроўкі?”

Аляксей зразумеў, што ў яго няма яшчэ той асновы, якая магла б выкінуць і ўзнесці яго вышэй двух дваццаці. Прыродныя даныя? Іх малавата. Вунь колькі цыбатых хлопцаў, можа, нават і магутнейшых, ходзяць на стадыён, але... На спаборніцтвах ён апярэджвае іх. У чым жа тады загваздка?

“Можа, зусім кінуць? — Аляксей нагнуўся, перавязаў шнурок левай красоўкі. — А што скажа Сяргей Панасавіч?” “Слабак! Здрэйфіў! Я табе, як сыну, верыў... Першая траўма, а ты зламаўся, раскіс, сябе шкадаваць пачаў. У спорце трэба ўмець цярпець... Цярпець і ўкалваць. Да сёмага поту. Эх, ты...”

Аляксей усміхнуўся, успомніўшы, што Сяргей Панасавіч таксама злёгку накульгвае на правую нагу: вайна ўсё-ткі пакінула яму асколачную адмеціну. А тут — “пад мірным ясным небам...”

Міжволі ўспомнілася родная школа ў надрэчнай, атуленай лесам, вёсцы. Там яны, басаногія бэйбусы, як казала маці, з абеду да вечара насіліся за гумовым літым мячом, збіваючы да крыві пальцы. Аляксей не адставаў ад сваіх аднагодкаў. У шостым класе, вясной, калі май зманлівым цяплом зводзіў некалькі гуртоў хлапчукоў на прырэчны поплаў, Аляксей запусціў вучобу, схапіў некалькі двоек па нямецкай мове. Уладзімір Іванавіч, худы, з прысіплым голасам настаўнік, прыехаў на веласіпедзе к яму дадому, нагаварыў пра яго вучобу. “Як, — завойкала маці, — ніводнай двойкі не бачыла я... Адны чацвёркі і пяцёркі”. “І я ж дзённік падпісваю...” — здзівіўся бацька. Уладзімір Іванавіч доўга разглядаў дзённік, пасля вярнуў яго бацьку: “А вы добра пашукайце, павінен яшчэ адзін быць...” Другі дзённік знайшоўся пад сурвэткай на этажэрцы. У ім выкручаста сінелі двойкі, і не толькі па нямецкай. “Ах, злыдзень! — шкуматнуў бацька дзённік, разгадаўшы падлог. — Хай толькі з’явіцца!” “Во-во, мала вы яго б’яце”, — падтрымліваў бацьку Уладзімір Іванавіч, сядаючы на веласіпед. Вечарам Аляксею перапала. Забіўшыся ў куток на печы, ён пакрыўджана шморгаў носам. Баба Юля гладзіла па галаве, але маўчала, тым самым не апраўдваючы яго двойкі. На другі дзень ён адпомсціў “немцу”: заняў з сябруком чараду чужых гусей і загнаў у яго гумно. Раніцай, калі гусінае гергатанне прывяло росшук цёткі Адэлі да настаўніцкага гумна, жаночы лямант і праклёны ўспалашылі ўсю вуліцу. А праз дзень Аляксей запісаўся ў лёгкаатлетычную секцыю, бо яго — помнілася, як школьны фізрук з’едліва ўсміхаўся, — “абстаўлялі дзяўчаты”. І вучобу падцягнуў па ўсіх прадметах.

З Сяргеем Панасавічам спаткаліся яны на абласной спартакіядзе, калі Аляксей, порсткі дзевяцікласнік, выйграў стометроўку. Пажылы мужчына з кучомкай сівых аж да белізны валасоў утаропіўся, як Аляксей далікатна скідаў шыпоўкі, пасля падышоў, сеў побач.

— Пераязджай к нам, у спартыўную школу-інтэрнат.

— Мяне бацькі не пусцяць...

— Я ўсё ўладжу, была б твая згода.

— Я не супраць.

Праз два тыдні Аляксей прыехаў у школу алімпійскага рэзерву. -

Двухразавыя трэніроўкі, заняткі са штангай, здачы розных нарматываў, залікаў — усё гэта, як у віры, закруціла Аляксея, прыціснула строгім рэжымам, навучыла ашчадна цаніць час. Вечарамі, зрабіўшы ўрокі, ён адольваў млявае жаданне сну, уключаў настольную лямпу і падоўгу чытаў.

Тры месяцы праляцелі для яго незаўважна. Хіба што трэнер успалашыўся: Аляксей пахудзеў да шасцідзесяці кілаграмаў. І так не малы, ён яшчэ больш выцягнуўся, быццам у арганізме драмалі нейкія нябачныя, падспудныя сілы, якія пры павышаных нагрузках ажылі, штурхнулі цела ўверх аж на пятнаццаць сантыметраў. Для спрынтэра, якому не шкодзіла маса і сярэдняя прыземленасць, гэта было смерці падобна. Баскетбаліст, валейбаліст, гандбаліст... — гэта было нармальным, трэнеры такіх шукалі. А вось бягун на сто-дзвесце метраў павінен валодаць выбуховай сілай і, вядома ж, не ўзвышацца на дарожцы пад два метры. Кантрольныя вынікі на дыстанцыях не раслі, і трэнеры, паспачуваўшы, прызналі яго для спрынту бесперспектыўным. Сяргей Панасавіч і тут не пакінуў, перавёў яго ў сваю групу — групу высотнікаў.

Спакваля, пазнаючы азы адолення вышыні, Аляксей асвоіў “нажніцы”. Ад паветранага пераступання планкі перайшоў да “хвалі”, затым — да “перакату”. Сяргей Панасавіч не гнаў вынікі, даючы хлопцу адчуць смак вышыні, уменне ўзяць яе па-рознаму. І толькі тады, калі Аляксей даволі тонка авалодаў гэтымі трыма спосабамі скачка, трэнер даў магчымасць яму перайсці на “перакідны”. Сантыметры пайшлі ўверх, уздымаючы планку ўсё вышай і вышай, нарэшце дабраліся да той рыскі, за якой, праз дзесяць сантыметраў уверх, чырванеў жаданы рубеж многіх — два метры.

Аляксей пацёр скроні, быццам разганяючы ўспаміны, сціснуў правае бядро. Боль, трохі ўціхаміраны павязкай, глуха азваўся, перайшоў у тупое паколванне... “Тыдні два, не меней, пакуль аціхне...”

На новым табло то загараліся, то гаслі кропкі, літары, лічбы, беглі і знікалі яркія радкі квадратаў... — ішла наладка ці апрабаванне гэтай складанай электроннай сістэмы.

Раптам нечая рука легла на плячо. Аляксей, быццам заспеты на нечым саромным, уздрыгнуў, зірнуў праз плячо...

 

Пачало развідняцца. Неба, як велізарнае сіта, паволі прасейвала прыцемак, і наваколле стала раз’ясняцца: размытыя лініі вышыні сышліся ў акрэсленыя берагі абрысаў. Сталі відаць дубцы лазняку. Хмары адсунуліся ад небакраю, быццам вызваляючы прастору сонцу. І яно прачнулася, раздзьмухала прысак хмурай навісі. Барвяныя падпалы пачалі шырыцца, ахопліваючы кудзелістыя пасмы прасвятлелых аблок, пагражаючы вось-вось успыхнуць малінавым полымем. Нарэшце сонца вызірнула з-за небакраю, пекна выкацілася на відавок, не зыркае і па-асенняму не рассыпістае.

І як не было вайны, як не было калецтваў, ран і смерці, быццам ахалодалі бязлітасныя баі, дзе ў кожны міг траса твайго жыцця магла сысціся з трасай кулі ці асколка і рэзка абарвацца... Аляксей як забыў усё, праваліўся ў тое, такое ж вераснёўскае ранне, калі яго бацька, узараўшы ладны кавалак поля, прывязваў каня ля частаколу, браў саламяны кораб, веялкай насыпаў у яго жыта і падвешваў на шыю. Як у вялікае свята, зачынаў сеяць, ступаючы роўна і важка, як на касьбе, адводзячы руку для замаху. Зярняты веерам ляцелі з далані, пырскалі ад неразбітых грудак. Аляксей жа ўпотайкі вымаў з-за пазухі ўкрадзены акраец хлеба, працягваў на руцэ каню. Той, адарваўшыся ад вядра з аўсом, з недаверам касіў вокам на пачастунак, цягнуўся вільготнай храпай і, каб не прыхапіць дзіцячую руку, далікатна браў хлеб.

Конь у іх быў свой. Дзед Нупрэй, выжыльваючыся на вясковым руме, ад ранняй вясны да прымаразкаў цягаў цяжкія бярвенні са шліхтаў, скочваў іх з гары ў халодную нёманскую ваду, вязаў плыты, а пасля гнаў іх аж у Балтыю. Сяк-так і наскроб ён трохі грошай. А калі застудзіў навярэджаныя ногі, кінуў рум, тупаў ля дому. Гектар жаўтапёсу, што застаўся яму з малодшым сынам пасля жаніцьбы старэйшых сыноў, змушваў да цяжкай падзённай працы. І без каня немагчыма было ўрабіць гэтыя, палітыя потам, соткі. Вось тады і купіў дзед Нупрэй на Зырчанскім хутары гнядога Фірку. Чаму так назваў каня дзед, Аляксей не ведаў. Мо ад таго, што конь, часта ўпінаючыся за плугам або цягнучы воз, выскальваў храпу і гучна фыркаў, а мо ў гэтым слове, трохі нязвычным для мужыцкага вуха, дзед чуў нейкую, толькі яму зразумелую, музыку аб лепшай долі і багацці. Як бы там не было, але конь спраўна падсабляў ва ўсёй працы па гаспадарцы.

Да прыцемкаў адсеяліся і ўсё забаранавалі. А раніцай дзед збіраўся ехаць на кірмаш у Нясвіж, каб прадаць з дзесятак выдубленых аўчын, пару сувояў палатна, купіць парася, дзве касы-літоўкі, ды яшчэ сякой-такой драбязы ў хату. Аляксей завіхаўся каля дзеда, падлабуньваўся да яго, памагаючы збірацца, каб заўтра — захапіў з сабой.

“Ідзі, ідзі, Лёксачка, спаць. Вазьму я цябе з сабой”, — гаварыў дзед Нупрэй, перабіраючы вупраж.

Выехалі на кірмаш рана. Да Нясвіжа было вёрст дваццаць пяць — дарога няблізкая. Фірка жвава і цупка перабіраў нагамі, цягнуў не асабліва цяжкі вазок пад гару, лёгка бег па ўезджанай дарозе, мінаючы сям-там купы хутарскіх прысаддзяў. Колы, добра змазаныя дзёгцем, круціліся без віску, толькі рыпелі наструненыя пастронкі ды час ад часу магутны “фырр-рк” даваў знаць Аляксею, што ўсё ідзе па дзедаваму плану. Скруціўшыся клубочкам на ахапцы сена, накрыты дзедавым кажухом, ён дамройваў недагледжаныя сны, спуджана прыўзнімаў галаву, калі кола трапляла ў выбоіну ці на ўляжалую камянюку.

Калі пачало світаць, мінулі хваісты засценак. Дзед выцягнуў люльку, разгарнуў капшук з табаком, выняў з кішэні крэсіва і трут, пачаў прыкурваць. Нарэшце злавіў іскру, падпаліў табак. Уедлівы дым запяршыў у дзедавым горле, выбіў з грудзіны зляжалы кашаль. Конь, адчуўшы па кашлі гаспадарскі настрой, апярэдзіў падганятае “но пся крэў!” і рвануў хутчэй. “Чуе воўчае мяса, што пуга пад рукой...” — дзед Нупрэй азірнуўся. Аляксей прыўзняўся, сеў, накінуў на плечы кажух: “Дзед, нешта смярдзіць...” — “От сядзі сабе каменем, покуль сядзіш. А то аперажу пугай ды пешшу дадому адпраўлю”.

Аляксей маўчаў, бо ведаў дзедаў нораў. Але праз якога паўкіламетра, адчуўшы ў смуродным дыме не пах табака, не выцерпеў: “Дзед, надта ж смярдзіць нешта...” — “Сядзі, табе сказаў, а то даскачашся”, — дзед махнуў пугай ля крыжа Фіркі, але не сцебануў: от, так сабе, для большага страху для каня і ўнука.

Метраў праз дзвесце дзед Нупрэй раптам падскочыў, з мацюкамі і лаянкай пачаў пляскаць па зашмальцаваных ватовых штанах, якія пасля прастуды былі яго нязменнай формай ва ўсе поры года. “Фу-фу, цьфу-цьфу!” — дзед круціўся як апечаны, развязваў на поясе паскі. Са штаноў ішоў дым. Нарэшце паскі паддаліся, штаны з’ехалі на валёнкі, агаліўшы дзедавы палавінкі.

Аляксей рагатаў, аж заходзіўся, паваліўшыся на сена.

Дзед нарэшце патушыў тлелую вату, падцягнуў штаны. Дзірка, велічынёй з кулак, агаляла бядро. Чорныя касмылі ваты тырчалі з абпаліны. Дзед змаўчаў колькі хвілін, а пасля павярнуўся і балюча сцебануў канчуком пугі па Аляксеевай спіне: “А чаго не гаварыў, паршывец, чаго ж маўчаў? О табе, о!”

Слёзы смеху пераліліся ў слёзы крыўды і нявіннай горычы...

Аляксей помніў, як дзед Нупрэй перавязаў бядро жаночай касынкай, каб — барані Божа! — кабеты на кірмашы не выглядзелі мужчынскі грэх, сутуліў плечы і моўчкі ехаў аж да Нясвіжа. Люльку больш не вымаў. Тады яны прадалі і купілі ўсё, што наважыліся, і пасля палудня былі ўжо дома.

 

Раптам нечая рука легла на плячо. Аляксей, быццам заспеты на чымсьці саромным, уздрыгнуў, зірнуў праз плячо...

— Ну, што нос павесіў? — Інін шмякнуў на лаўку побач з Аляксеем адзідасаўскую сумку, прысеў з другога боку.

— Не так нос, як нагу...

Аляксей чуў, што не так даўно з маладым трэнерам развялася жонка. Можа, і не ведаў бы, але насмешлівыя плёткі стадыённых работнікаў дайшлі і да яго вушэй. Як звычайна, інфармацыя трапляла ад нечых знаёмых таго, каго абгаворвалі, пераходзіла ад прыбіральшчыц да трэнераў, пасля трапляла на язык спартсменаў. І міжволі ў хвіліны перадыху Аляксею хто-небудзь са знаёмых спрынтэраў ці высотнікаў выкладаў тыя тонкасці і падрабязнасці. Нехта, быццам бачыў сам, расказваў, што Барыс Інін кожную раніцу бегаў на зарадку. Не так на зарадку, як у суседскі дом да палюбоўніцы. І вось аднойчы сабраўся ён быццам бы ў камандзіроўку дні на тры. Касцюм прыгожы адзеў, гальштук павязаў, сумку са спартыўнай формай захапіў. Усё, як кажуць, чын-чынам. Але не ў камандзіроўку паехаў ён, а ціха лёг на дно ў каханкі. Піў, еў, гуляў... А вечарам перад апошняй ноччу маладзіца тая рашыла даць яму развітальны бэнц. Нарабіла салаты рознай, прысмакаў мучных напякла, напоі замежныя на стале выстраіла. А ў духоўку на бутылку з півам курыцу запякацца паставіла. Пакуль пякла, варыла-парыла, поўнае вядро з верхам розных ачыстак назбіралася. Папрасіла Барыса вынесці ў кантэйнер, бо сама ад пліты адвінуцца не магла. Ды і хто мог бачыць яго каля дванаццаці гадзін ночы? Барыс у трыко хуценька пасігаў з вядром у двор. Дабег да кантэйнера і нос у нос сутыкнуўся з жонкай, якая таксама вынесла выкідваць ачысткі, бо гэтак жа жарыла і варыла, каб заўтра сустрэць мужа з камандзіроўкі. Жонка ўбачыла яго ў трыко з вядром і анямела: як, адкуль, з чыім вядром? Адправіла яна яго туды, адкуль прыйшоў, а сама назаўтра падала заяву ў суд на развод.

Аляксея не асабліва хвалявалі перапетыі чужога жыцця, бо і сваіх клопатаў хапала. Але апошнім часам ён пачаў заўважаць, як да Ініна на стадыён заязджалі машыны замежных марак. Выглянцаваныя хлопцы, відаць, далёкія ад спорту, падоўгу шапталіся з трэнерам, нешта прапаноўвалі, клікалі з сабой. Час ад часу з машыны выпырхвалі расфуфыраныя, як райскія птушкі, фасоністыя маладзічкі, гучна смяяліся, бессаромна абдымалі Ініна... Потым з’язджалі. Хто ведае, можа, трэнеру прапаноўвалі які-небудзь камерцыйны зговар ці бізнес. Але бачыў Аляксей, як вяртаўся Барыс Іванавіч, вяртаўся не з іскрынкамі ў вачах, а нейкі спустошаны, здавалася, нават пастарэлы. А яшчэ ранкам, калі пачыналася першая трэніроўка, да стадыёна ліха падлятаў новенькі “мерседэс”, прывозіў аднекуль трэнера. Аляксею здавалася, што Інін прыехаў хутчэй за ўсё з якога-небудзь банкета ці гуляння. Прыкметныя мяшкі пад вачыма, асалавелыя вочы паказвалі на тое, што трэнеру не шкодзіла б гадзіны тры-чатыры драмануць...

— Дык што будзем рабіць? — Інін крутнуў на пальцы брэлок з ключамі.

— Перш адляжацца, а там — відаць будзе.

— А Еўропа?

— Пачакае год. Ды і не гатовы я да яе яшчэ.

— Чакаць якраз і няма калі. Мне хутка — трыццаць пяць. Няблага б заслужанага к гэтаму часу мець.

— А я прычым? — іранічна зірнуў Аляксей.

— Ты — мая падпора.

— А калі я не хачу быць ёй?

— Знойдуцца іншыя.

— Ну і шукайце! — Аляксей рэзка ўстаў і, кульгаючы, пайшоў між лавак да бліжэйшага выхаду.

— Пастой, пастой, стары! — Інін падхапіў сумку і рынуўся ўслед. — Не кіпяціся ты.

Аляксей павярнуўся і, можа, нават шкадуючы трэнера ў душы, цвёрда выгаварыў:

— Барыс Іванавіч! Я да вас больш ніколі не вярнуся.

Інін, відаць, не чакаў ад гэтага ціхмянага “салагі” такога павароту, але, каўтануўшы слюну, злосна кінуў:

— Ну і прападай! Чорт з табой! Вольнаму — воля...

На электронным табло беглі вогненныя пункціры.

 

Красовіч адмружыў вейкі, са страхам падумаў, што ад тых цёплых дзіцячых успамінаў мог заснуць. І ўсё ж падспуднае адчуванне блізкага ворага, трывога за тых, хто застаўся за трыснягом, не давалі сну перарэзаць свядомую нітку кантролю і зрынуць цела ў мройную бездань. Ды і тры гадзіны бяспамятнага перадыху на ўзлобку балаціны трохі падмацавалі сілы, акрыяла адвярэдзілі сонныя магніты вачэй. І цяпер, пакуль зырылася сонца, трэба было вывучаць кожную пядзю зямлі, прыкінуць усё ў думках, зрокава прачарціць будучую сцежку да дзота. Калі рэскруць калючкі засталася ззаду, трэба было думаць, як адолець меднае нацяжэнне тонкіх правадоў, якія струменілся глыбока ў балота. І не толькі думаць, але ноччу адолець іх, адолець знізу ці зверху, не патрывожыўшы гэтыя, магчыма, напоўненыя токам ніткі.

Дзот з лазовым кустом наверсе нагадваў вялізнага вожыка, які жаралом мог смяртэльна ўкалоць любога, хто ступіў бы на Мёртвую касу. Там, у яго лабірынце, затаіліся адзін ці два вопытныя кулямётчыкі. Хутчэй за ўсё — два. А, можа, вартуюць яны пазменна: адзін ноччу, другі днём. Ноччу падарваць дзот было б лягчэй. Ды і наўрад ці чакае вораг, што нехта зможа перабрацца праз Ведзьмаковы балоты, ахінуць калючы дрот. Калі і здолее, то наўрад ці пройдзе незаўважаным праз хітры невад медных струн. А што яшчэ можа быць за імі? Міны? Ліха яго ведае. А мо і не ставілі іх, спадзеючыся на непраходнасць балот...

Красовіч асцярожна адвёў рукой лязо аерыны, ахапіў вачыма Мёртвую касу. Яна, пясчаная і таямнічая, цягнулася метраў на сто ўдаўжкі і метраў пад трыццаць ушырыню. Яшчэ ўчора ён заўважыў, што нечым яна нагадвае ступню магутнага велікана, які некалі паставіў адну нагу сярод балота і жоўты след ад яе так і застаўся сярод глухамані. Метраў за трыццаць ад дзота след праразала неглыбокая ўпадзіна. А на самай пяце зеўраў — пракляты дзот. Красовіч утаропіўся ў яго, быццам вачыма хацеў пранізаць бетоннае нутро. Раптам сярод дубцоў лазняку нешта бліснула. Пальцы лёгка адпусцілі аерыну, цела міжволі шчыльней прыціснулася да зямлі. Быццам куля, мільганула думка: “Снайпер!” Так, відаць, гэта быў снайпер, які неасцярожна павярнуў вінтоўку і акуляр прыцэла схапіў сонечнага зайчыка. Іншага там быць не магло. Значыць, баяцца ўсё ж удару ў спіну, хоць і не вераць, што нехта рынецца сюдою.

“Трэба быць асцярожным... — Красовіч палажыў галаву на зямлю. — Што не ўбачыць кулямётчык, тое агледзіць снайпер”.

Лёгкія аблокі закучаравілся на гарызонце, паплылі, засланяючы сонца, на Красовіча. І амаль тут жа з’явіўся іх паганяты — вецер. Нябачнай расчоскай прайшоўся па грыве аеру, шабуршнуў у прысохлым бадыллі трыснягу, закалыхаў, затрапятаў, гайдаючы кожнае каліва травы. “Шчасліваму сам чорт дзяцей калыша, — узбрыла на памяць Красовічу даўнішняя бабуліна прымаўка. — Ды і вока варожае не надта выхапіць мяне ў гэтай варушлівай мітульзе. Толькі б дождж не прыгнала”.

Красовіч узняў галаву, яшчэ раз агледзеў напятыя струны загарадзі, зрокава прыкінуўшы іх вышыню. “Крыху больш за паўтара метра. Браў жа такую некалі. Нават і болей. Але то ж было да вайны, а цяпер... Адзін неасцярожны дотык — і загудзе, зазвініць дрот... А дзот сыпане трасерамі, касяне няшчадна, што і не ўтулішся ў зямлю...” Думкі праплывалі, як аблокі, вышугвалі іскрынкамі, шукаючы выйсце з гэтай пасткі, беглі то ў бок трыснягу, дзе затаіўся батальён, то сігалі да пяты касы. А выйсця, як і сонца, пакуль не было.

 

На электронным табло беглі вогненныя пункціры. Як і дзесяць дзён назад. Як і тады, некалькі стайераў накручвалі кругі. Як і тады, хлапчукі выдурняліся ля скачковай ямы з паралонавымі матамі.

Боль у назе амаль прайшоў. Аляксей выняў з сумкі цюбік фіналгону, выціснуў сантыметры два і асцярожна расціркай пачаў масажыраваць жаўтлявы падцёк на правым бядры. Светлыя мазкі мазі роўна разыходзіліся па скуры, кругляшык расціркі тарачкай наганяў кроў і тая ўбірала гаючыя дары югаслаўскіх лекаў. Праз колькі хвілін прыемнае цяпло ахутала нагу. Цяпер можна было бегаць, скакаць, куляцца, па-ранейшеаму адчуваючы здароўе і спрыт у нагах. Але — Аляксей ведаў гэта — штучная эйфарыя таіла і небяспеку. Пакуль была пярэрва ў трэніроўках, адвыклыя мышцы якраз маглі не вытрымаць і парвацца ад рэзкай нагрузкі. Таму ён спакойна адзеў трыко, перавязаў красоўкі і лёгка, на першы погляд нават ляніва, пабег па тартанавай дарожцы стадыёна. Ля выяздных варот, убачыўшы Зою, усміхнуўся, памахаў ёй рукой. Тая таксама асвяціла яго кіўком галавы, адкінуўшы назад роспадзь русявых валасоў:

— Ну як?

— Нічога, жыць буду...

— Не перасільвайся!

— Ведаю.

Аляксей бег і думаў: навошта ён бяжыць і куды? Каму гэта трэба і для чаго? Каму? Відаць, трэба, па-першае, самому сабе. Наматаць сотні кругоў, падняць тоны жалеза, зрабіць тысячы скачкоў на трэніроўках, каб скочыць вышэй галавы. Па-другое, не толькі пераскочыць сябе, але і дасягнуць той вышыні, якую яшчэ не браў ніхто, адолець яе, парваўшы магнетычныя сілы зямнога прыцяжэння. Вось так некалі рваліся ў неба людзі, ламалі ногі, рукі, гінулі, зайздросцячы птушкам, зноў пачыналі спачатку, пакуль не скарылі неба, не выйшлі ў апраметную Сусвету. Але то ж іх узнялі машыны — магутныя, крылатыя. А чаго можа дасягнуць чалавек сам? Дзе той рубеж, дзе тая мяжа — канечныя, пасля якіх у вяках ніхто больш не прыбавіць сантыметр, грам? Дасюль устанаўліваліся рэкорды, ды яшчэ якія! Скачок у даўжыню — пад дзевяць метраў, сотня метраў — за дзевяць з паловай секунд! Ім маглі пазайздросціць кенгуру і антылопа. Але чалавек упарта рвецца да новых імгненняў і даўжынь. Таму і жыве, жыве надзеяй. А калі знікне мэта — знікне і ён, ператворыцца ў рахманую, лянівую жывёліну...

Аляксей бег і адчуваў, як ранейшая сіла вяртаецца ў наспружыненае цела, дыханне памалу становіцца роўным і глыбокім, хваля цяпла падымаецца вышай і вышай, нарэшце кропелькі поту праступаюць на лбе. “Хопіць для сугрэву...” Ля сектара для скачкоў ён перайшоў на хадзьбу, некалькі разоў глыбока ўдыхнуў і выдыхнуў, адначасна ў нахіле страсянуў расслабленымі рукамі і пачаў размінку. Хлапчукі з зайздрасцю пазіралі, як ён шырока круціў рукамі ўправа-улева, разаграючы мышцы спіны, размашыста біў паклоны падстрыжанаму газону футбольнга поля, а пасля, падышоўшы да белай стойкі варот, рабіў махі вышэй галавы, прысядаў у глыбокай разножцы, апускаючыся ніжай і ніжай... Яму, Аляксею, хацелася трэніроўкай заглушыць непрыемны асадак ад нядаўняй сваркі з трэнерам, адчуць, што ногі і цела яшчэ не згубілі ранейшыя навыкі і здатныя калі-небудзь выбухнуць магутным скачком уверх. А яшчэ хацелася вярнуць тую ўпэўненасць у сябе, якая была раней, бо без яе, гэтай апоры, вышэй галавы не скокнеш, а калі і скокнеш, то не намнога.

 

А выйсця, як і сонца, пакуль не было. Праўда, Красовіч і не чакаў сонца. Хутчэй чакаў вечара, ночы, каб неяк адолець гэтыя хітрыя правады і затаіцца ў балаціне насупраць пясчанай упадзінкі, а ранкам за хвіліну-дзве да наступлення выскачыць знянацку на пясок і шыбануць дзве супрацьтанкавыя гранаты ў самы рот дзота, каб замоўк навечна...

Лёгкі вятрыска калыхаў аер. Думкі, як і шапаткія павевы, плылі ў даўніўшняе, далёкае і мінулае дзяцінства, паўгалоднае, цяжкае, але памяткае сваёй уражлівасцю, пазнаннем свету і прыроды. Помнілася, быццам было гэта ўчора, як брала яго баба Наста з сабой, збірала розныя карані і травы, паказвала і расказвала пра лясныя і лугавыя дзівосы. Ці ж ведаў бы ён, што вось гэты аер вякоў сем назад завезлі ў Белую Русь татара-манголы? Баючыся атручанай вады, кідалі яны сухія калівы з бурымі губкаватымі каранямі ў азярыны, старыцы і тыя размакалі, ляпіліся к берагу, учэпіста пускалі ў глеістае дно доўгія мочкі, выстрэльвалі трохграннымі мячамі лістоў, і — як казала баба Наста — ачышчалі ваду. Бывала прыносіла яна цэлае бярэмя аеру перад Сёмухай, утыкала яго пад бэлькамі, абвівала абразы, клала на падаконнік. П’янкі водар напаўняў хату, з ім лёгка дыхалася і спалася. Карані ж аеру баба Наста сушыла, пасля рабіла настоі, лячыла ў хворых усякія ўнутраныя хваробы.

Ранняй вясной, калі сплывалі з Нёмана крыгі, а разводдзе памалу ўтаймоўвалася, уваходзіла ў берагі, на сугрэвах узвышаных астраўкоў, што туліліся сярод лугавой вады, зелянілася трава і выпстрыквала чарамша — мядзведжая цыбуля. Баба Наста, худая, прыгорбленая вечнай працай на зямлі, дужымі жылістымі рукамі закідвала ўнука сабе на шыю, высока закасвала падол палатнянкі і сцярожка брыла па халоднай вадзе да тупкага долу. Удваіх яны хутка нарывалі торбу чарамшы, падобнай на лісты ландышу, і баба Наста, перакінуўшы почапку торбы праз плячо, зноў уздзябурвала Аляксея на каршэнь, валакла аж да сухой сцежкі. Хлопец саскокваў на пясок і пытаўся: “Баба, і табе не холадна?” — “Не, унучак, кроў у мяне гарачая. Ды і звыклая я”. Аляксей дзіву даваўся, што ў бабы Насты кроў гарачая. Чаму ж тады ў яго халодная? Але думаць было не надта калі. Ступаючы ўслед за босымі, закарэлымі пяткамі бабы Насты, ён слухаў лясныя перапевы птушак, пераскокваў на сцежцы жука-паўзуна, накрываў даланёй якую-небудзь кузурку, поркаў у сухія купіны, вышкільваючы адтуль яшчарку, прыпыняўся перад мурашнікам... “Мурашы, як і людзі — руплівыя, разумныя. У іх — свае дазорныя, як і ў нас, нават могілкі за мурашнікам ёсць”, — паказвала патырчакай недзе ўбок баба Наста.

Дома дзед Нупрэй адразаў кожнаму па скрылі сала, лусце хлеба. З імі чарамша ўпляталася так смачна, што аж за вушмі трашчала...

Аднойчы баба Наста ў лесе вывела яго на пажарышча. Абвугленыя камлі соснаў абступілі ўзлобак ляснога гала. А пасярод яго высіўся куст ні то асоту, ні то чартапалоху. ‘Гэта, унучак, мардоўнік. Ён — для сілы мужчынскай. Найбольш яе — у насенні. Запомні гэта месца”. Аляксей не вытрымаў тады, катурхнуў бабу пад бок: “А давай дзеду Нупрэю нарвём!” — “Хай ён выпражацца, жарабец гэты!” — баба Наста ведала не толькі замовы, але і кленічы. Тады яму, малому, няўцям было пра гэты мардоўнік і бабіну кляцьбу. Адным вухам чуў ён, што дзед Нупрэй кожным адвячоркам выходзіў на двор, быццам яшчэ раз зірнуць ці закрыты весніцы і брама, ці замкнёны ўсюды дзверы. Але ж адзін раз нешта надта доўга затрымаўся ён. Баба Наста, відаць, нутром адчуваючы нешта паганае, ціхенька шуснула з хаты, прывідам слізганула каля ёўні і ўбачыла паўрасчыненыя дзверы адрыны. Прыглушаныя галасы дзеда Нупрэя і суседскай Адэлі ў такі час не збілі з панталыку бабу Насту: як раз’юшаная квахтуха, уляцела яна ў прыцемак, ды так накулдэшыла дзедаву абранніцу, што тая, хоць і дзябёлая, стралой пераімчала пляц. А назаўтра дзед па мяжы ўкопваў слупы, прывязваў жэрдкі, гнуў між імі лазовыя пруты — ставіў нечаканы плот.

 

Аляксей прыйшоў на стадыён рана, але малодшыя групы працавалі ўжо. Сектар для скачкоў мільгацеў разнафарб’ем спартыўных касцюмаў. Цыбатыя падлеткі са смехам куляліся праз планку на мат, падбіралі разбег, білі паклоны футбольнаму полю. Сяргей Панасавіч раз-пораз падыходзіў то да аднаго, то да другога, нешта падказваў, папраўляў, уталкоўваў. Адышоўшы, пільна назіраў за трэніроўкай.

Аляксей лёгка збег па прыступках сектара, зайшоў да Сяргея Панасавіча са спіны. Трэнер, быццам адчуваючы, раптам азірнуўся:

— А-а, Андрэевіч? Ну-ну, ідзі, садзіся...

— Добры адзень!

— Добры, добры... — Сяргей Панасавіч паціснуў яго руку, лёгка абняў, павёў да лаўкі. — Я ведаў, што прыйдзеш. Адчуванне такое было сёння.

— Адкуль жа?

— Чуў у федэрацыі. Кажуць, Інін там цябе з гразёй мяшаў.

— Хай сабе лясы точыць, людзей марочыць. Я не баюся гэтага.

— I я так думаю: паплявузгае ды перастане. Але іншае мяне бянтэжыць: з табой як далей будзе?

— Да вас вярнуся... Самахоць займацца буду...

— Пачакай мяне трошкі, — Сяргей Панасавіч лёгка ўзняўся, — дам заданне ім, а то размагнічвацца пачалі...

Рэзкі свісток мігам сабраў падлеткаў вакол трэнера. Яны, некаторыя роўныя з ім, а другія вышэйшыя за яго, уважліва слухалі, не перабівалі. Відаць, кожнаму трэнер даваў асобнае заданне.

— Ну, што задумаўся? — Аляксей не заўважыў, як падышоў трэнер.

— Ды так, пра жыццё...

— Гэта няблага. Пра жыццё трэба думаць. Маё ўжо амаль мінула, а вось пра тваё — ох як трэба думаць! — Сяргей Панасавіч прымасціўся побач, зірнуў на гадзіннік. — Час ідзе, як і жыццё.

Аляксей вінавата маўчаў. Ды і не любіў ён апраўдвацца. Што зроблена — тое зроблена!

— Ведаеш, сынок, — Сяргей Панасавіч абняў Аляксея за плечы, — я і сам шкадаваў, што перадаў Ініну. Спалохаўся, што не выцягну цябе да той вышыні, якую ты можаш узяць. Ды і няма каму ў нас перадаць. Быў адзін — Роберт Шавакадзэ, алімпійскі чэмпіён... У Грузію з’ехаў. А больш хто? Не было іх больш, высотнікаў. Я даскочыў да майстра спорту і — усё: вайна падкасіла, застуджаныя ногі пачалі балець. Перайшоў на трэнерскі хлеб.

— Сяргей Панасавіч, я сам буду трэніравацца, самастойна буду ўкалваць...

— Не, сынок... Укалваць трэба разумна, прадумана. Укалваць і вучыцца. Вось, дарэчы, што ты ведаеш пра “фосбюры”? Так сабе, у агульных словах... А як скачуць чэмпіёны, якая іх тэхніка разбегу, пераходу планкі? Ці ж бачылі мы? Вядома, не. Мне, старому, таксама не зашкодзіла б паглядзець на ўсё гэта. А то з малымі атлусцеў, заімшэў, як той камень...

— Ну, што вы, Сяргей Панасавіч...

— Не трэба, Аляксей! Я пра сябе ўсё ведаю. Пара і мне схамянуцца, трохі асвяжыць мазгі. Вось таму і бяру цябе назад, у сваю групу. Будзеш для малодшых — як наглядны дапаможнік. Мая тэорыя — твая практыка. Згода?

— Згода, Сяргей Панасавіч! — Аляксей устаў, як зрынуў у душы велізарны камень.

 

Той нечаканы плот можна было рассунуць, праз дзірку пералезці на другі бок. А як узяць гэты, драцяны?

Красовіч адмружыў вейкі, але галаву не падняў. Краем вока ўбачыў, як абмінаючы купіну, выслізгнула з парыжэлай травы гадзюка. “Відаць, шукае сабе зімоўку...” Ляніва пераліваючыся, гадзюка перапаўзла руку Красовіча, збоку ад яго па ручаіне чорнай хваляй паплыла далей. “Знойдзе вывернуты корч — зашыецца да вясны...”

Да вечара заставалася гадзіны тры. Тры гадзіны за думкамі-прыпамінамі мінуць хутка і тады трэба адважвацца на нешта, каб перабрацца на той бок драцяной загародкі. Зноў, як і мінулай ноччу, з пярэрвай у чатыры-пяць хвілін пачнуцца выплескі ракет, а недзе далёка глуха пачне выбіваць рытм кулямёт. Вось тут і павінен ён пераадолець праклятыя струны. Як? Пра гэта камбат не сказаў. Падкапацца нельга, бо заўважаць. Відаць, прыйдзецца скакаць. “Але ж на пяску, ды яшчэ без разбегу? Пясок можна крыху разгрэбці. І тры крокі — не больш. А штуршок ад чаго? Ад пяску? Нага паплыве — і тады рынешся ў гэты смяртэльны невад. Зазвоняць струны, узляцяць ракеты і кулямёт праніжа навылёт. А што, калі...” Гэта “калі” і нёс Красовіч з сабой.

Міжволі ўспомнілася яму казка пра маладзільныя яблыкі і жывую ваду. Расказвала некалі баба Наста і таямніча заварожвала голасам: “Пераскочыць конь сцяну — начэрпай збаночак вады, нарві яблыкаў ды зноў назад імчыся. Але захацелася хлопцу ў заварожанае царства зазірнуць. Зайшоў ён у палац, а там спяць усе. На сцяне меч-кладунец вісіць. І толькі схапіў ён яго, як зазваніла ўсё кругом, прачнулася...” Вось і тут — зазвоніць усё, прачнецца, калі не пераскочыць ён. Зрэзаны кулямі, упадзе на пясок Мёртвай касы... “А што будзе з наступленнем? Або захлынецца ў самым пачатку, або столькі паляжа іх, пакуль не дабяруцца да дзота...”

Не, пра гэта думаць не хацелася. Чамусьці верылася, што адолее ён гэтую расцяжыстую перашкоду, нечакана выскачыць на касу і шыбане гранату ў варожую печ, дзе затаілася смерць.

Асцярожна, не робячы рэзкіх рухаў, падцягнуў руку да кішэні, выняў гадзіннік, лёгка накруціў галоўку да канца, паклаў яго назад і паволі выпрастаў руку. Толькі цяпер заўважыў, як анямела знерухомелае цела, зацяклі ад доўгай лежкі суставы ног і спіны. Падцягнуў нагу — і па мышцах пабеглі гарачыя мурашкі сутаргі, галёнку балюча закруціла. Красовіч падцяў нагу да жывата, колькі разоў ушчыпнуў амярцвелую скуру, пальцамі рукі пачаў праз халяву бота ціскаць лытку, наганяючы кроў. Хвіліны праз дзве адчуў, як цяпло напаўняе нагу, ажыўляе адубелыя пальцы. “Перад скачком трэба будзе размяць рукамі ногі, а то не адштурхнуся, не зраблю добрага маху...”

Колькі іх, гэтых махаў, было ў жыцці Красовіча? Не так і многа. Хіба што ў дзяцінстве, калі ноччу церабілі чужыя яблыкі або грушы, а разбуджаны гаспадар з млёнам ад жорнаў ці з качалкай вылятаў з сенцаў. Вось тады стрымгалоў, губляючы яблыкі, сігалі яны праз плот, ратуючы любімыя месцы папругі ад каламазі і пер’я. Ды хіба што ў юнацтве былі скачкі на спрэчку з хлопцамі. Тады нацягвалі вяроўку на самым беразе рэчкі і бралі вышыню, пляскаючыся ў ваду. Красовіч звычайна выйграваў ва усіх. Выйграваў лёгка і з вялікім запасам. Але гэта было даўно, да жаніцьбы...

Як велізарны камень, Аляксей бухнуў на падлогу ёмкую адзідасаўскую сумку. Маці з бацькам адчувалі, як цяжка выцягнуць сыну на спорткамітэтаўскую стыпендыю, таму нагрузілі яго, як маглі: з дзесятак буракоў, паўкошыка адборнай бульбы, сала і цыбуля, пара сыроў і гарнушак свайго масла, тры самаробныя кілбасы ды яшчэ розная наедзь, якая дапаможа Аляксею падмацавацца і захаваць сілы. Дзякуй Богу яшчэ, што за спартыўны інтэрнат плаціць не трэба. І ўсё ж маладому арганізму стыпендыі і бацькоўскіх калорый не хапала, таму Аляксей час ад часу хадзіў са сваім земляком-аднакласнікам на падзаробкі. Адзін час іх прынялі грузчыкамі на мясакамбінат. Аляксей вучыўся завочна на трэцім курсе філфака, таму яму было лягчэй перанесці другую трэніроўку на больш позні час. Ды і сама праца грузчыка была неблагой трэніроўкай. А вось Яўгену, невысокаму шустраму студэнту дзённага аддзялення, было горш. Ён мог сарвацца толькі з апошняй пары лекцый, знайшоўшы важкую прычыну ці мусовую зачэпку. Як бы там не было, але яны ў касках, адзетыя ў брызентавыя робы, паўмесяца цягалі свіныя і цялячыя тушы з рэфрэжэратараў, падчэплівалі іх на крукі і па падвесцы гналі ў халадзільныя камеры. Аднойчы ў такой камеры, трыццаціметровай, з праходам пасярэдзіне, затрымаўся Яўген: відаць, паляндвіцу з тушы выразаў на абед. Хлопцы гукнулі і, не пачуўшы адказу, закрылі камеру, уставілі ў зашчоўку шплінт. Герметычныя дзверы аўтаматычна адключылі там, усярэдзіне, святло. Праз паўгадзіны заўважылі, што няма Яўгена, успомнілі, дзе бачылі яго апошні раз. Калі адкрылі цяжкія жалезныя дзверы, з маразілкі вылецела воблака пару. Адагравалі яго спіртам. І хвілін дзесяць з рота ў яго вырываліся ні то ляскат зубоў, ні то гарлавыя мыкі, падобныя на мат.

Брыгаду аднойчы разагналі. І яны ўладкаваліся на піўзавод. Ім выдалі гумовыя боты сорак чацвёртага памеру. Аляксей на шкарпэткі накруціў анучы і гумовікі былі яму ў самы раз. А Яўген набэрсаў на ногі дзве пары ануч, але боты ўсё адно шлэпалі, калі хлопцы цягалі тару для бутэлек, грузілі машыны, пераносілі ячмень. Аляксей, захоўваючы спартыўнырэжым, піва не піў.

А Яўген, нацягаўшыся скрынак, прыкладаўся да бутэлькі ці конаўкі, жлукціў піва літрамі. Адзін раз, калі півавозы высмакталі з чанаў бурштынавае пітво, а хлопцы, стомленыя, знясіленыя, прыселі адпачыць, Яўген прысмокнуў:

— Піўка б для рыўка...

— У чанах — на дне толькі...

— Вядром бы зачэрпаць...

— А як? — спачувальна ўторыў Аляксей.

— Знаеш як? Я вазьму вядро, а ты мяне за ногі патрымаеш. Зачарпну — выцягнеш.

— Давай...

Яўген прынёс вядро, лёг на край чана. Аляксей узяў пад пахі яго ногі, пачаў паволі апускаць у чан. За метр да піва Яўген апусціў вядро, зачарпнуў залацістую вадкасць:

— Цягні!

Аляксей пацягнуў і Яўгенавы ногі вылузнуліся з гумавікоў, а сам ён пялёхнуў у чан. Мокры, як квач, стаяў ён на дне з напоўненым вядром, піва ручайкамі сцякала з мокрага адзення...

— Ну, што рабіць будзем?

— На вядро, а тады цягні мяне.

Вядро з півам лёгка ўзляцела наверх, а Яўген, учапіўшыся за пададзеную папругу, ускараскаўся на край нечаканай купельні. А Аляксею ўспомніўся Нёман, калі Яўгену стаматолаг паставіў залатыя зубы, але не замацаваў іх, каб прыцерліся. Яўген боўтнуў у вір першы, вынырнуў. “Як вада?” — спытаў Аляксей. О!” — адтапырыў вялікі палец Яўген — і залатыя зубы^ цыркнулі ў ваду. Доўга ныралі яны ў вір, аблазілі ўсё, але зубоў так і не знайшлі.

Мокры, але вясёлы, Яўген выкручваў світэр, штаны, нязлосна кляў боты сорак чацвёртага памеру.

З піўзавода яны хутка звольніліся.

Аляксей перакладаў прадукты з сумкі ў халадзільнік і думаў пра заўтрашнюю ранішнюю трэніроўку.

 

Але гэта было даўно, да жаніцьбы. І хоць прабеглі чатыры гады, усё помнілася да драбніц, да кожнай рысачкі і кроплі. Памяць так яскрава ўвабрала тое даўнішняе жыццё-быццё, што магла, як на кінастужцы, адкруціць яго назад і вярнуць на вочы наноў...

З-за прорваў хмар выглянула няяркае вечаровае сонца, вятрыска аціх, як бы спалохаўся, каб не разагнаць летуценні і прыпаміны Красовіча.

Быццам ніткі правадоў гэтых, таямнічых і смяртэльных, цягнуцца з памяці тыя, ваўняныя і льняныя, якія доўгімі восеньскімі вечарамі пралі маці і баба Наста. Прасніца, як вымя каровы з адным саском, струменіла нітку пад лоўкімі пальцамі левай рукі, правая ж — кружэліста навівала яе на верацяно. Плылі ніткі, лёгка гулі верацёны і вірылі жаноцкія росказні. Бывала, на вячоркі прыходзілі суседскія кабеты і маладзіцы, збіраліся пацвяліцца мужчыны. І тады хата поўнілася вясёлым рогатам, прыўвялічаным ахканнем, цікавымі выдумкамі і жартамі. Але за ўсёй гэтай весялосцю жанкі не марнавалі дарэмна час, не адна ручайка напрадзеных за вечар нітак клалася на печ.

Наступны этап быў не менш цікавы. Тыя маткі пражы, якія збіраліся фарбаваць, вымочвалі ў шчолаку, залівалі з бярозавым попелам у жлукце — мятровай кадзі на трох ножках з заткнутай дзіркай у днішчы. Калі пража добра адмакала — паласкалі і сушылі. Потым баба Наста перабірала на пограбе ў торбах пучкі кветак і сцяблін, карані траў і задубелую кару дрэў — рыхтавала для адвару. На прысценных паліцах ляжала да сотні яе летніх здабыткаў, высушаных і перавязаных. Пахі кветак і зёлак пры пярэбары аж дурманілі галаву.

Для чорнага колеру баба Наста адкладала калівы і лісце бабоўніку, мучанік і бруснічнік, кару дуба і крушыны. Для сінявы і чырвані з торбаў адсыпаліся мацярдушка з валошкай, альховая і рабінавая кара. Бярозавае лісце, маладое і смолкае, сабранае ранняй вясной, баба Наста аджменьвала для зялёных нітак. Потым ужо разам з маці яны мачылі і парылі пражу, варылі і залівалі кіпнем, як бацька казаў — вядзьмарылі!

Тыя ніткі, якія павінны былі заставацца белымі, рыхтавалі да кроснаў яшчэ раз. Пасля Калядаў на сцяне хаты ў выкручаныя свярдзёлкам дзіркі ўстаўляліся тры палкі. З нітак снаваліся пасмы: дзесяць разоў па тры ніткі. Потым маці з бабай збіралі ніткі ў пляцёнкі. Нечым яны нагадвалі косы, якія акуратна ўкладвалі ў ночвы. Маці выцягвала з печы пузатыя чыгуны з кіпнем, ахоплівала анучамі з бакоў, валакла іх да ночваў і апарвала ніткі. Ніцяныя косы падвешвалі на палцы пад бэльку, каб сцякла вада. Аляксей добра ведаў ад бабы Насты, што гэтая працэдура патрабавала пільнай увагі, бо ніткі гатовы былі зляпіцца або кончыкі іх маглі павыкручвацца. На наступны дзень пляцёнку здымалі з-пад бэлькі, рассцілалі на шырокім зыслоне і добра перылі пранікамі, раскладалі па нітках і зноў білі, білі добра і старанна, каб ніткі не воршыліся і не раскудзельваліся. Пасля ўсяго гэтага ніцяныя косы цягнулі адзін к аднаму навыцяжку, каб прыдаць ім шчэ лепшую роўнадзь. А тады падвешвалі на печы, каб яны за дні тры добра высахлі. З печы жаночыя рукі здымалі пражу, зноў моцна расцягвалі і збіралі ў касу. І вось у сакавіку, калі дзень доўжыўся, — памяць тонка захавала гэта — пачыналася самае цікавае. У хату ўносілі ставіцы кроснаў. Баба Наста чамусьці называла іх сошкамі. У іх закладалі два навоі. На адзін навой маці накручвала аснову, нацягваючы ніткі нагой для раўнамернага навівання. Баба драўляным грэбнем увесь час прычэсвала ніцяную пасму. Для таго, каб утварыўся зеў, у аснову прапускалі дзве чыноўныя лёстачкі. І вось тады, калі пачыналася накідванне асновы ў ніты, разгаралася спрэчка між маці і бабай Настай. Ад парадку прапускання асновы і колькасці нітоў складаўся будучы ўзор тканіны. Калі ткалі палатно, то было прасцей, усё абыходзілася без крыку. Але калі браліся за палавікі ці абрусы, гвалту не міналі. Баба Наста настойвала на простай, у два ніты, палачцы ці клетачцы. Маці ж — каб прыгажэй было! — упарцілася на чатыры або восем нітоў, каб ткаць у елачку і кветачкі, у дымкі і ромбы ці яшчэ якія іншыя выкрунтасы. Нарэшце баба Наста здавалася: “А, давай па-твойму: табе жыць — табе любавацца!” Чатыры ніткі ўцягвалі ў вочкі (ці, як баба называла, кабылкі) ніта і завязвалі. Пасля закладвалася ў набіліцы бёрда, куды падаваліся ніткі з ніта, а лепш кажучы — працягваліся між трасцінак: у кожную — парка. Не дай Бог мінуць трасцінку: атрымаецца дарожка, падобная на разгон, або, як казала баба — ганьба. Між нітак прадзявалі пруточак і замацоўвалі яго на навоі. На цэўку — драўляную палачку даўжынёй з пядзю — накручвалі ўточную пражу і ўстаўлялі яе ў чаўнок. Знізу з нітамі злучаліся шнуркамі панажы, якія і прыводзілі ніты ў рух. Маці садзілася за кросны, баба Наста мітусілася побач, сачыла за парадкам — і праца пачыналася. Мільгалі ніткі, ныраў між імі чаўнок, стукала бёрда з набіліцамі і тканка памалу сунулася пад кросны, цешыла вока сваім пругам — роўным краем. Колькі прасесцей, або метраў, за дзень ткалі маці з бабай, Красовіч не помніў. Ды і не так лічыў ён даўжыню палавікоў, дарожак і посцілак, як больш углядаўся ў іх чароўны ўзор. Потым, калі пацяплее, палотны будуць перыць на Нёмане і адбельваць на расе, сушыць на беразе, а ручнікі, абрусы і наміткі лягуць у куфар, чакаючы вялікіх і важных святаў, каб выпырхнуць пасля і аздобіць стол, ложкі, ахінуць абразы...

Красовіч адрынуў успаміны, расплюшчыў вочы, балюча зірнуў на лініі дроту. Яны струменіліся, як ніткі ў кроснах, цяклі ў сонечны навой.

Колькі кіламетраў, дзён і начэй ішоў ён і поўз, каб дабрацца да гэтай чортавай пяты? Паўгалодны, змарнелы, аброслы шчэццю, цяжка ранены, ён дапяў сюды ці ж для таго, каб трапіць, як шчупак, у гэты драцяны невад. “Каму патрэбна яна, вайна, шалёная і бязлітасная? Простым аратаям, адарваным ад зямлі? Ці, можа, ім, немцам? Ці таму, самаму верхняму, з імем якога мы ідзём пад кулі, лажымся пад танкі, уміраем? Не, не ўсё так проста, як пішуць і гавораць: на нас напалі — мы абараняемся, адстойваем свой край. Але ж з-за нечага ўсё гэта пачалося? Была ж нейкая прычына першая, быў жа нейкі штуршок? Ці нешта не падзялілі вярхі? А цяпер чубы ў простых мужыкоў трашчаць. Як у лесе: калі ветрык ціхі, толькі вершаліны шумяць, а ўнізе спакойна; а калі ўверсе бура, то і камлі трашчаць. Ой, не ўсё так проста! Але напалі — то трэба бараніцца, ды так расхвастаць іх, каб дзесятаму заказалі не лезці...”

Колькі жыць будзе, запомніць Красовіч горкія вёрсты адступлення. Спаленыя вёскі, кінутыя хутары, здратаванае жыта, учарнелыя трупы, выкручаныя неймавернай сілай рэйкі... Дым і агонь... Пекла ў паветры і на зямлі... Слёзы і гора... Тры гады мясілі яго боты гразь і снег, каб нарэшце спыніць Зямлю і пачаць круціць яе ў другі бок. Здаецца, ад паражэння да наступлення прайшло не так і многа часу — думка сігане хутка! Але калі ўдумацца, ахапіць зрокава тыя франтавыя дарогі, задымленыя, паўгалодныя, закарэлыя, калі памяццю правесці іх праз пакуты і смерць, то, пэўна ж, не знойдзецца меркі і цаны кожнаму дню і кожнай вярсце. Ішоў дагэтуль Красовіч і не думаў, бо не было калі думаць, а вось цяпер, у пярэрве між баямі, раптам як ачаломаўся, ацверазеў, пачаў петрыць аб зямным і вечным. Толькі душа яго, збалелая і высушаная, не магла трываць доўга і рвалася ў бой. Рвалася, каб у помсце знайсці часовую палёгку або імгненную смерць. Жыццё яго пасля апошняга пісьма з дому згубіла сэнс. Яно, тое пісьмо, так раскрывяніла, спапяліла і выхаладзіла душу, што Красовіч пачаў жыць як у непрытомнасці. Азвярэлы, бязлітасны, ён пёрся пад танкі, скрыгітаў зубамі і гранатамі рваў гарачыя тракі. Першы кідаўся ўрукапашную ў траншэі, і бяда была таму, хто сустракаўся з яго рукой. Кулі, як заклятыя, міналі яго цела. Толькі адзін раз, калі нямецкі танк азвярэла прасаваў той акоп, дзе ўціснуўся ў зямлю Красовіч, асколак не мінуў яго. Тады нямецкі танкіст так і не дабраўся да яго. І калі гусеніцы адкаціліся на метраў дзесяць ад акопа, ён атрос зямлю і шыбануў гранату ўслед танку, у самы бензабак... З выбухам працяла бакавіну, быццам нехта знянацку ўсадзіў у яго кап’ё. Не помніў, як яго падхапілі, данеслі да машыны, адправілі ў шпіталь. Засмяглыя губы не прасілі піць, толькі, калі расцінаўся прыкус, шапталі: “Юля, мілая мая... Юля...” Два месяцы вылежваўся ён, пакуль акрыяў. Тры праламаныя рабрыны і сцяжкамі зашытая бакавіна не ўтаймавалі яго рызыку і гнеў. Дагнаў свой батальён і зноў рынуўся пад кулі, пэўна ж, шукаючы збавенне ў смерці. Але смерць не брала яго. Не браў і страх. Бо не было для каго берагчы сябе. Хіба каб яшчэ не тое пісьмо...

Яно, трохкутнае, падпісанае крывой ці пакалечанай рукой, правалэндаўшыся з палявой поштай ці не з месяцы тры, усё-такі дагнала яго на адным з прывалаў. Пісаў сусед яго, дзед Карусь: “Юлю тваю ўгаворвалі пайсці на працу ў камендатуру. Калі адказалася, заперлі з сынам у хаце і падпалілі...” Калі прачытаў, што згарэлі, — анямеў. Усё, чым жыў дагэтуль, абрушылася. Як стукнуты, ляжаў на доле і ад бяссілля рваў зубамі траву, горка плакаў. Нават вестка аб тым, што ўзнагароджаны другім ордэнам Славы, не схамянула яго, не парадавала і не развеяла цяжкія думы. Бязлітасныя баі трохі адрынулі гора, бо бачыў, што ён не адзін такі: у некага забілі бацьку, у таго прапала сям’я, у трэцяга адарвала ногі. Ці ж ім лягчэй? І ўсё ж воблік яе жыў у вачах, нястомна паўставаў у памяці... Яе, мілай, трапяткай Юлі. Яна, мёртвая ўжо, жыла ў яго душы. А сына не мог уявіць, бо не бачыў. Тры гады вайны — тры гады сыну... Было б...

Барвовае сонца паволі закацілася за небакрай і рассыпаныя жарынкі пачалі чахнуць, бляднець, знікаць зусім. Сутонне размыла абрысы зямлі і прыцемак ахапіў усё навакол, як быццам глынуў пройму неба.

 

Юля ўзяла сына на рукі, прыгалубіла: “Ціха, Андрэйка, не плач...” А сэрца ў самой трапятала і шчымела, як у загнанай птушкі. Знадворку грукалі малаткі і забівалі дошкамі вокны. Яна ведала, што там, на дварышчы, стаіць каля сотні сагнаных аднасельцаў, хмура пазіраючы на салдацкія завіханні. Афіцэр, малады, выгалены, вылізаны, прыспешвае эсэснікаў, бо трэба да ночы вярнуцца ў гарнізон. Юлі здалося, што ён не проста так згледзеў яе ў натоўпе, не проста так пазваў да сябе: “Пойдзеш да нас у камендатуру?” — “Не”. — “Мы добра заплацім, не будзеш галадаць”. — “Не!” Афіцэр ашалеў ад злосці: “Заперці — спаліць! Так будзе з кожным, хто не хоча служыць нашаму парадку”.

Здаецца, цвікі заганялі не ў вушакі і аканіцы, а ў яе сэрца. Яна гладзіла русявую галоўку сына, нячутна малілася. Андрэйка маўчаў, нават не ўсхліпваў.

Грукат сціх. Юля пачула, як загаласілі жанкі, загаласілі жаласна, божкаючы. Крычаць і клесьці ўголас баяліся: аўтаматы сцярожка сачылі за людзьмі. Нешта крыкнуў афіцэр. “А каб ты не даждаў, поскудзь! — Юля прыхінула Андрэйку. — Не бойся, сыночак”. — “Мама, я на вуліцу хачу. Тут цёмна”. Ён учапіўся ў падол, але не плакаў.

Да апошняга не верыла, што падпаляць хату, думала, што афіцэр хоча напалохаць. Відаць жа было — нутром адчувала, — што з першага пагляду ўлюбіўся, анямеў: з белай касой, акрыялая за тры гады пасля родаў, у самым соку. А каб харч яшчэ лепшы, ды не трывога за яго, роднага, мілага Аляксея? Хіба што лес ад вясны да позняй восені ратаваў: сок бярозавы і смарчкі, лісічкі і баравікі, ягады, жалуды і травы, зёлкі...

Дым прасачыўся з крайніх шчылін столі, ля самай покуці, дзе вісеў абраз святога Паўла. “Падпалілі з гэтага краю... Хутчэй у сенцы!” Юля падхапіла на рукі сына, выбегла на кухню. Хутка дым прарвецца праз тарчыцы і закрыліны, запоўніць хату, а за ім пад сухія дошкі столі прарвецца агонь. Язычок клямкі заела, але Юля тузанула яе, прыстукнула даланёй і дзверы ў сенцы адкрыліся. “Божачка, памажы, выратуй!” Праз колькі хвілін полымя з’есць саламяную страху, храбуснуць і абваляцца перапаленыя кроквы і тады — усё: яны проста захлынуца ў дыме, учадзеюць, згараць.

У сенцах было свяжэй і халадней. Юля апусціла сына, прыняла начоўкі, адкрыла дзверы ў камору і раптам успомніла!

Дзед Нупрэй некалі з сынам будавалі хату няспешна. Склюдам акуратна і роўна счэсвалі адбітыя шнурам бакавіны бярвенняў, заразалі вуглы і памалу, вянец за вянцом, выводзілі сцены. У сенцах тулілася варыўня. Побач была камора, напалову шырэйшая за варыўню. Вось тады, калі адгароджвалі дошкамі камору ад сенцаў, баба Наста падбухторыла іх зрабіць у каморы спрат для жыта ці ячменю. Дзед Нупрэй з сынам вывалаклі з Нёмана некалькі мораных дубоў, папілавалі, клінамі пакалолі на плахі. За колькі дзён выкапалі яму, абклалі сцены каменем. За сцяной хаты на дварышчы выкапалі роў, вымасцілі знізу і закрылі зверху плашкамі: лаз метраў на пятнаццаць са сховішча вывелі ў пограб. Плашкі зверху залілі глінай, вылажылі дзёрнам. Па ім смела маглі б прайсці карова ці конь і не праваліцца.

Юля перацягнула ў куток пустую пасудзіну, натужна ўчапілася ў кальцо куфара. Пад ім, даўнішнім, цяжкім, быў спрат. Куфар заскрыпеў, але падаўся. Яна двума рукамі рванула яшчэ мацней, зрушыла яго да пустых кублоў. Утрапёна падхапіла Андрэйку, па драбінах пачала спускацца ўніз. Чула, як недзе зверху-ззаду трашчалі пад агнём кроквы. Хуценька ў цемры знайшла на сцяне драўляную закрыўку лаза, адставіла ўбок, падсадзіла Андрэйку: “Паўзі, сыночак! А я за табой...” Малы не працівіўся, не хныкаў, быццам адчуваючы бяду, адразу шмыгануў у пройму падземнага жолаба. Юля падставіла пузатую бочку дном уверх, усцерабілася на яе і нырнула ў цемень. Метраў за пяць дагнала сына, шапнула: “Паўзі, зайчык, паўзі, толькі ціха...” Відаць, падганяў страх, бо да пограба дапаўзлі хутка. Андрэйка спыніўся. Юля праз спіну малога дацягнулася да драўлянага шчытка, таўханула. Абое выбраліся ў пусты пограб. Вобмацкам знайшла лесвіцу, паднялася на колькі прыступак, галавой уперлася ў крышку, падняла-адкінула яе. Зноў злезла ўніз, падхапіла Андрэйку, лёгка ўзняла сына ўверх, пасадзіла, як маленькі кошык, на зляжалую ігліцу. Калі выбралася, убачыла, што на пограбе амаль светла. Здагадалася: ад пажару! Ля тыльнай сцяны адкінула дзяружкі, разгрэбла леташняе шыпулле, давянула камень. Сюдой восенню, уставіўшы драўляны скат, праз дзірку ў падрубе ссыпалі бульбу. Зноў пусціла Андрэйку ўперад, праціснулася-слізганула сама. Не азірнуўшыся, убілася ў жыта, на каленях папаўзла далей ад бяды. Андрэйка тупаў побач. На самым ускрайку азірнулася: хата вялізным кастром узмывала ў неба. Вось-вось ад яго пякельнага жару ўспыхнуць пограб, ёўня, павець, гумно... Угнуўшыся, узяла сына на рукі, сіганула ў малады ельнік. Там, за лесам, за Нёманам, на хутары жыве яе цётка Адэля...

 

Прыцемак ахапіў усё навакол, як быццам глынуў пройму неба. І тут жа з-за лазовай выспы ў чорную бездань шуганула першая ракета. Завісла на некалькі секунд, як бы фатаграфуючы правалы балаціны, потым курадымна паплыла ўніз. І тут жа кароткімі чэргамі затахкаў кулямёт. Быццам была нябачная сувязь між выплескам ракеты і рэхам далёкай чаргі, як між маланкай і перуном.

Красовіч дастаў гадзіннік, каб засекчы пярэрвы між ракетамі, паднёс далонь да вуха і ўслухаўся ў ціканне закрытых колцаў. Другая і трэцяя ракеты ўзмылі ў неба праз чатыры хвіліны. Наступныя таксама выстрэльвалі праз такі ж час. “Усё, трэба пачынаць!” Ён запхнуў гадзіннік у кішэньку гімнасцёркі, у правую руку ўзяў гранаты, а левай — ухапіў пусты кулямётны дыск. Калі чарговая знічка сканала на недалёце, Красовіч папоўз ускрай балота бліжэй да меднай загарадзі. Метраў дванаццаць адолеў хутка, за два выпырскі ракет, затаіўся за цыбурамі трыснягу. Калі ўзвілася чарговая, азірнуўся, шукаючы месца, дзе лацвей было б раздзецца і куды перакінуць адзенне. Метраў за дзесяць па той бок драцянкі ўбачыў выварацень карча. “О, там і затаюся. Толькі пераскочыць бы...” Ракета чадна сканала і цемра зноў замкнулася над дзотам. Гадзюкай слізгануў па траве, дапоўз да астраўка аеру, затаіўся за ім. Чарговае свяціла толькі запэўніла, што месца выбраў ёмкае: і скінуць апратку можна без боязі, і адтуль, з выспы, не ўбачаць наўскасяк. Калі правал цемры зноў звёў свае берагі, Красовіч сцягнуў халат, скінуў гімнасцёрку і світэр, упіраючыся наском то адной, то другой нагі ў запяткі, вылузаўся з ботаў, скінуў штаны і кашулю. Гранаты закруціў у швэдар, агарнуў, каб мякчэй было, халатам. Як і раней, боты ахінуў анучамі. Адклаў кулямётны дыск убок, потым похапкам згроб усё, устаў і перакінуў праз наструнены дрот, перакінуў, здаецца, туды, за разгірэчаны корч. І тут жа лёг. Гарачая хваля хвалявання пачала спадаць, халадок вятрыскі памалу астуджваў цела.

Ракеты ўзвіваліся яшчэ некалькі разоў, але Красовіч не лічыў іх ужо. Заціснуўшы ў правай руцэ пусты кулямётны дыск, поўз да пясчанай касы. “Толькі б не выстудзілася цела, а то не скокну...” Нарэшце дабраўся да таго ж аеру, дзе ляжаў раней. Адсюль метры за тры затаілася Мёртвая каса. Калі сканаў чарговы зніч, ён, голы, паўзком рынуўся на пясок. Пясчынкі мякка пераліваліся пад ім, сыпуча расплываліся пад каленямі. Рукі адчулі напятыя струны, адчулі не дотыкам, а так, падсвядома, імпульсіўна. За паўметра ад іх дзвюма рукамі разгроб пясок, і, адчуўшы цвердзь зямлі, умасціў дыск. Пасля, грабучы пясок, пракладаючы тупкую палоску сярод плыткіх пясчынак, хутка папоўз назад. Разгроб метры тры аж да самай травы і шуснуў у схованку аеру. Калі ўзляцела ракета, вызірнуў: ачышчаная сцяжынка была амаль прамая. Прыкінуў, колькі крокаў да мядзянага неваду. “Крокаў шэсць — тры па траве і тры між пяску... А там — дыск”. Красовіч перавярнуўся на спіну і пачаў расціраць ногі. Тую, якой прыйдзецца адштурхнуцца, лёгка пашчыпаў, пальцамі праараў на бядры і лытцы. Перачакаў, калі дагарыць чарговая ракета, і хуценька перахрысціўся: “Ну, Госпадзі, памажы!” Устаў, прайшоў па траве і спыніўся на краі разгрэбенай палоскі.

Вятрыска раптам аціх. На небе пачалі праясняцца зоры.

Красовіч адставіў правую нагу назад, зірнуў на чорны круг дыска між бляклага пяску, напружыўся і зрабіў тры імклівыя крокі разбегу. Левая нага спружынна ўгнула дыск і з махам правай — кінула цела ўверх. Красовіч адчуў, як махавая нага абыходзіць дрот, таму імгненна склаўся, рвануў правы плячук уніз, а тую нагу, што адштурхнулася, стрыбульнуў уверх. Мяккі пясок амаль бязгучна сустрэў спіну. Напятыя струны маўчалі: ні адна часцінка цела не закранула іх.

Красовіч хуценька папоўз па пяску, шоргнуў па траве, утуліўся ў міжкуп’е. І ў час: ракета высвеціла — ці мо здалося? — надта ж заярка. Калі яна пагасла, асцярожна, мацаючы ўперадзе рукамі, папоўз, папоўз да ўчарнелага вываратня.

 

Ранішнюю трэніроўку, як заўсёды, Аляксей пачаў з прабежкі. Бег лёгка, разволена, быццам вясновы ветрык, які убачыўшы перад сабой прастор, паплыў няспешна, разаграючыся, каб спакваля сабраць сілы, а пасля магутна рынуцца на замшэлы лес. Зрабіўшы кругі тры, сышоў у сектар для скачкоў, пачаў размінаць ногі, папераменна падскокваючы з адной на другую. Бядро правай нагі не балела. Аляксей, закончыўшы размінку, нацягнуў між стойкамі рызінку, напяў яе не надта высока: недзе пад метр восемдзесят. Трэба было выверыць разбег, адшліфаваць апошнія фазы скачка — прагін спіны і пераход ног праз уяўную планку. Першы скачок ён сарваў, бо атрымаўся недаступ на сантыметраў трыццаць. Перанёсшы пачатак разбегу крыху ўперад, разоў колькі прабег перад стойкамі проста так, без скачкоў. Цяпер нага дакладна трапляла на адзначанае месца штуршка. Скінуўшы штаны, ён лёгка ўзяў разбег, паўкрута панёсся на скачковую яму... Тры апошнія шырокія крокі, штуршок — і Аляксей адчуў, як у правую пятку загналі цвік, не, нават не цвік, а кап’ё. Так і зрушыўся на маты, заекатаў ад болю. А недзе ў падсвядомасці мільганула думка: “Ахіл! Толькі б не парыў звязак...” Ведаў, чым пагражае гэта: цяжкая аперацыя, доўгае загойванне і, часцей за ўсё — бывай, спорт! Бачыў, як бяссільна плакалі многія пасля такіх парываў, мучыліся ў бальніцах, кульгалі пасля аперацый. Ахілесава пята, ды яшчэ штуршковай нагі, магла давесці любога да адчаю.

“Спакойна паляжы... Можа, яшчэ і не парыў...” Боль трохі аціх, але Аляксей баяўся сагнуць нагу, каб не спудзіць вострую калючку болю.

Ахіл... На першым курсе яны праходзілі антычную літаратуру. Багі і героі Старажытнай Грэцыі так яскрава захаваліся ў памяці, як і магутны доктар навук, які чытаў ім лекцыі. Голас яго адраджаў і ўваскрэшваў даўнішнія легенды і міфы. “Гэта быў сын цара Пелея і багіні Феціды. Ведала маці, што загіне яе сын ад стралы пад Трояй. І ўсё ж хацела яна перахітрыць суровы лёс, адвесці ад сына смяротнае наканаванне. Цела малога яна націрала амброзіяй і загартоўвала ў агні. Потым спускала Ахіла ў падземную раку царства Аіда, Сцікс, прытым трымала яго за пятку. Ад гэтага цела яго стала няўражлівым і цвёрдым, як жалеза, але пятку вада Сцікса не кранула. Як раззлаваны леў, змагаўся Ахіл, перамагаючы аднаго за другім герояў Троі. І ён уварваўся б у горад, калі б не з’явіўся бог Апалон і крыкам не спыніў Ахіла. Разгневаны волат пачаў пагражаць богу. Апалон забыў пра сваю клятву берагчы Ахіла, і тут жа накрыўся цёмным воблакам, і, нябачны, пусціў стралу Парыса. Страла трапіла ў пятку Ахіла...”

Вось адкуль і пайшла “ахілесава пята”. Аляксей гэта ведаў. Але яго пятцы лягчэй ад гэтага не было.

Сяргей Панасавіч прыйшоў з боку стадыённых варот, спыніўся за крокаў пяць, трывожна спытаў?

— Што?

— Ахіл, відаць, — Аляксей прыўзняўся.

— Парваў?

— Не ведаю...

— На якой назе?

— Правай.

— Кепска, але, калі не парваў, — не смяртэльна.

Аляксей праз боль горка ўсміхнуўся.

— Сяргей Панасавіч...

— Ведаю, Аляксей, ведаю. Маўчы. Ведаю, пра што ты думаеш, што адчуваеш, што хочаш. Я прайшоў гэта. Нават горшае. Але паглядзі — не здаўся. А ты? Кальнула трошкі — і слёзы пусціў. Сцісні зубы і трывай.

— Дык у мяне ж яна штуршковая...

— Ну і што? Памяняем!

— Як памяняем? — Аляксей цяжка сеў на край матаў.

— А так. Зробіш штуршковай левую. Яна больш цягавітая і вынослівая. Разбег — з другога боку.

— Цяжка, Сяргей Панасавіч... Лепш кінуць...

— Кінуць? Гэта — заўсёды паспееш. А вось ты дасягні нечага, дамажыся, высілься, даскоч. Як твой дзед некалі...

— Мой дзед? Вы ведалі майго дзеда? Адкуль?

— Мы прайшлі разам тры гады вайны, локаць у локаць, разам з’елі пуд солі...

Аляксей і падумаць не мог, што Сяргей Панасавіч ведаў яго дзеда. Ведаў і дагэтуль маўчаў?

Сяргей Панасавіч быццам злавіў яго думку:

— Маўчаў, каб расказаць табе ў самы цяжкі момант. Але не цяпер. Цяпер ты кульгай у медпункт, перабінтуй нагу, зрабі ў паліклініцы рэнтген, пахадзі на электрапрацэдуры. Адным словам — адпачні. Праз дзень пазвані мне.

— Добра, Сяргей Панасавіч...

Аляксей устаў. У сектар пачалі сыходзіцца секцыйнікі са спартыўнымі сумкамі.

 

Зоры выясніліся на астуджаным небе так ярка, што, здавалася, быццам і няма ніякай вайны, усюды ціха і мірна. Коўш Вялікай Мядзведзіцы быццам сыпануў іскрынкі, як зярняты, а правеяныя асцюкі і пацяруху пагнала ў россып Млечнага Шляху.

Красовіч ляжаў, як крыж, раскінуўшы рукі, на спіне. Першы раз за гэтыя два дні да яго падступіў голад. Падступіў вярэдліва і балюча, як бывае тады, калі ўспамінаеш прысмакі і любімыя стравы. Каб спыніць пякучую хвалю мройлівых вяндлін і іншай наедзі, ён з карэньчыкам вышчыпнуў нейкае каліва, аблузаў сухамяць лістоў і пачаў жаваць невядомую сцябліну. Гаркаваты прысмак адразу ж звёў сківіцы і перасмыкнуў кадык. І ўсё ж вочы нельга было падмануць. Яны помнілі ўсё... “Эх, каб цяпер сюды тую яечню, што дзед Нупрэй з бацькам спяклі на беразе Нёмана”.

Той надзел зямлі, які застаўся пасля жаніцьбы старэйшых сыноў, збяднеў зусім. І хоць дзед Нупрэй з малодшым сынам добрылі яго гноем, вазілі з недалёкага забалатка тарфяны чарназём, сеялі то авёс, то ячмень, а на другую весну садзілі бульбу — жаўтапёс быццам выраклі: бульба чарвівела, а збажына — як каторы год. Усё залежала ад неба. Калі вясной залевы асвячалі кусцістую рунь, шчодра напойвалі зямлю, а потым яшчэ лета добра прыпякала, не забываючы сяды-тады марсянуць дажджом, то і колас выганяла ў рост чалавека, а потым важка гнула долу.

Тады, пасля малацьбы, кадзі і судзіны былі поўныя. Калі ж неба адносіла хмары недзе далёка, а летняя сухмень выпальвала апошнія кроплі расы і мігам залаціла яравое, то колас гібеў і не наліваўся ядрана. Жаціва было бедным: зерне заставалася толькі на наступны пасеў, а салома — на пару стрэх ды на падсцёл. Трэба было нешта маракаваць. І дзед песціў думку пра куплю новай зямлі, праўда, далекавата, аж недзе пад Слуцкам. Любіў ён вечарамі на прызбе, пыхкаючы люлькай, будзіць уяўленне сямейнікаў той, далёкай урадлівай бульбай, тры-чатыры якой ледзь у гаршчок улазілі. А жыта, па яго словах, фантанамі біла з-пад цэпа, ракою цякло ў засек. І гэтыя росказні яшчэ больш напалялі няўрымслівую натуру, не давалі патухнуць пэўнасці, што зямлю трэба купляць. Але як жа купіць яе? А, галоўнае, за што? Грошай лішніх не было. А тыя — так сабе драбната! — ішлі на розныя патрэбы. Праўда, баба Наста сякія-такія рублі прыхоўвала на чорны дзень. А калі поле не радзіла, то прыходзілася жыта і на семя прыкупліваць. І ўсё ж дзед жыў гэтай надзеяй, яна не давала яму супакою, мусіла шукаць нейкае выйсце.

Аднойчы па вясне, вярнуўшыся з Зарачанскага лесу, дзед Нупрэй як перамяніўся. Разгарачаны, уляцеў ён у хату: “Давай скарэй, жонка, грошы! На Уздзенскім кірмашы — яйкі па пяць рублёў. На кожным — рубель як знайду!” Напор дзеда быў такі, што і баба Наста здалася. Выцягнула з-пад сенніка загорнутыя рублёўкі і пляснула на стол: “На, купляй! Толькі свае не пагубляй”. Дзед прапусціў кпін ля вушэй і пайшоў перапрагаць каня. Распараны Фірка не надта жадаў зноў выбірацца ў дарогу, але дзедава “но, псякрэў!” астудзіла яго мройныя думкі пра ўтравелы поплаў, змусіла борзда тузануць воз, на якім ляжала пара ахапкаў сена.

Дзед да вечара аб’ездзіў сваю і суседнія вёскі, скупіў ці не тысячу яек, а некаторых гаспадынь угаварыў нават прадаць і тыя, што клалі на седалах на поклад. Ён вёз іх, перакладзеныя сенам, асцярожна, не нокаючы на Фірку, вёз задаволены і за дзень разбагацелы. Гэта ж трэба — так пашанцавала! Купляў па чатыры рублі за адно, а заўтра прадасць па пяць!

О дзе яны рублі, во дзе яна, зямля! Толькі трэба яшчэ сёння паспець трапіць на паром, каб пераехаць Нёман і дабрацца да Узды.

Нават не павячэраўшы, выехалі яны з дому. Фірка спраўна цягнуў далікатны груз. “Ідзі, ідзі, Лёксачка, будзеш заўтра памагаць, — шчодрыўся дзед. — Прададзім — не праядзім”. Лёксачка млява ішоў ззаду, поркаючы лазовым прутком у дышла. Дзед з сынам моўчкі пешылі з бакоў воза.

Да прыцемку мінулі чортаў камень — велізарны валун ускрай дарогі. Яшчэ вярсты тры — і выбегуць насустрач свераноўскія хаты, за імі спуск з Яшуковай гары і — вось ён, Нёман, з рыпучым паромам.

Дзед Нупрэй ганарыста ішоў ля воза, нават люльку не вымаў з кішэні. Калі выехалі за хаты, ён перайшоў уперад, левай рукой узяўся за аброць каля пысы Фіркі: “Буду тармазіць з гары, каб не панёс акаянны”. Бацька таксама напружыўся, падабраў карацей лейцы. Аляксей плёўся за метраў пяць ад воза.

Вось нарэшце і яна, Яшукова гара. Круты спуск між размытых абочын. Дзед Нупрэй упінаўся, не даючы разгону каню. Бацька нацягнуў лейцы, аж скрыгатнулі на зубах Фіркі цуглі. І раптам пэнкнула на хамуце супоня. Хамут раз’ехаўся, выскачыла правая аглобля. Конь, адчуўшы волю, рвануў управа, бокам шкалдыбнуў дзеда. Дзед Нупрэй з мацюкамі паляцеў пад адхон. Бацька ад нечаканасці паслабіў лейцы і Фірка папёр на схіл. Воз затросся, правымі калёсамі узбіўся на груд і раптам кульнуўся ўлева, з усяго маху пляснуўся аб дарогу. Конь на адной аглоблі працягнуў яго ўніз і ў лагчыне спыніўся. Дзед выкараскаўся з пяску, збег уніз: “О, маць тваю, воўчае мяса! О ўдружыў дык удружыў! От табе і рублі, от табе і зямля!”

Калі адвярнулі воз, сярод жаўткоў і бялкоў знайшлі трынаццаць не пабітых мацакоў. Дзед асцярожна паклаў іх у шапку, спусціўся да Нёмана, спаласкаў у вадзе: “Збегай, Лёксачка, к старому Некрашу ў крайнюю хату, папрасі скавараду.” Лёксачка прыімчаў мігам. Бацька наламаў сухога алешніку, распаліў касцёр. Дзед сцізорыкам парэзаў шматок сала, расклаў на скаварадзе. Языкі полымя як бачыш угрэлі пазычаную скавараду і трынаццаць яек боўтнулі на сквірчастыя прысмакі.

Аляксей еў яйкі са скваркамі і ўспамінаў, як аднойчы яны з бацькам у занямонскім лесе назбіралі поўную карзінішчу чарніц. Цэлы дзень кленчылі на санцапёку, адбіваючыся ад камарэчы, але чыста-такі абабралі нечаканую неруш. Дамоў вярталіся Язвінскім бродам. Бацька ішоў паперадзе, важка трымаючы на плячы карзіну. Аляксей, закасаўшы сарочку на грудзі, брыў ззаду. І раптам бацька за нешта зачапіўся, ад нечаканасці хіснуўся. Карзіна з пляча кульнулася ў ваду. Аляксей утрупянеў: чорная хмара ягад паплыла па Нёмане і яе нельга было ні спыніць, ні сабраць.

Дадому вярталіся ноччу. Дзед Нупрэй сядзеў на возе, курыў люльку, раз-пораз прыцмокваў: “От табе і рублі, от табе і зямля...” Бацька з Аляксеем маўчалі. Не хацелася думаць, якімі кленічамі сустрэне дзеда баба Наста.

 

Правая нага вытрымала: парыву звязак не было. Рэнтген трохі супакоіў Аляксея. І ўсё ж расцяжэнне “ахіла” прыйдзецца лячыць. Участковая паліклініка, куды выпісалі накіраванне, не надта радавала яго. Чэргі нямоглых пенсіянераў у кожны кабінет, гультаяватыя мядсёстры з нейкімі тайнамі і сплетнямі, паломкі электраапаратуры... — усё гэта схіляла яго да думкі, што лепшага лячэння, як на стадыёне, ён не знойдзе. Там, у Зоі, у чысценькім і ўтульным кабінеце, — тыя ж апараты, ды яшчэ — баракамера. І, як помніў Аляксей, — прыемны пах зёлак, ні то лясных, ні то палявых.

Трамвай дакаціў да стадыёна хвілін за пятнаццаць. Накульгваючы, Аляксей асцярожна падымаўся па прыступках да прыгожай аркі, за варотамі якой у падтрыбунні — лечпункт.

Зоя нешта перапісвала і, калі ён зайшоў, шчасліва — а мо здалося? — усміхнулася, а потым спачувальна сказала:

— Я ж табе казала: не перасільвайся, не рві рэзка.

— Я не вельмі, каб рэзка... Яна даўно ныла, відаць, не вытрымлівала нагрузак...

— Ты садзіся, садзіся! Я зірну, што табе прыпісалі, і вымыю рукі.

Аляксей падаў лісток.

— Ага, токі Бернара, кварц... Мая баракамера — таксама зробіць цуд. А для поўнага выздараўлення я абяцаю табе масаж. Хоць тут і не запісана.

Аляксей глядзеў на Зою і перад вачыма ўставала такая ж дзяўчына, яго першае каханне... Такая ж роспадзь светлых валасоў, блакітныя вочы і рухі рук, цела... — гэта ж трэба такое падабенства! Ён, адзінаццацікласнік, закахаўся тады ў занёманскую дзевяцікласніцу, якая хадзіла ў іхнюю школу за чатыры кіламетры. Першы раз правёў яе дамоў са школьнага вечара, нешта расказваў, чытаў вершы... Месяц яны сустракаліся, але так і не адважыўся Аляксей пацалаваць яе. Калі ён з’ехаў у сталіцу, пасылаў ёй пісьмы. Яна не адказвала. Ад знаёмых хлопцаў чуў, што ходзіць з некім другім, потым — з трэцім... Як закончыла школу, адразу ж выскачыла замуж.

Зоя выцерла рукі прыгожым кітайскім ручніком, лоўка засцяліла канапу прасціной:

— Скідай трыко, лажыся.

Аляксей раптам засаромеўся, уявіўшы, што Зоя будзе разглядаць яго ногі, будзе масажыраваць яго мускулістыя ікры і бёдры. Адна справа — бег, скачкі, калі спартыўны касцюм перашкаджае волі рук і ног, і зусім іншая тут — перад пекнай дзяўчынай.

Зоя быццам угадала яго замінку:

— Лажыся, не саромейся...

Аляксей ляжаў і адчуваў, як лоўкія пальцы перабіралі-пагладжвалі яго жылістыя спляценні мускулаў, лёгка пашчыпвалі скуру і расціралі суставы, гналі прыемную хвалю цяпла ніжай, у самую ступню...

— Расслабся, ні аб чым не думай... — Голас далятаў здалёк, як пяшчотны майскі ветрык. — Ты паправішся, абавязкова паправішся...

Яе рукі плылі па назе далікатна і гаюча, пальцы, здаецца, ігралі такую знаёмую, але забытую, мелодыю, зачароўвалі, вялі ў сонечна-цёплы Эдэм. І ён аддаваўся гэтай музыцы пальцаў, бязважка ляцеў у зорную мітульгу неба...

Ціхі дотык яе рукі да спіны вярнуў Аляксея на зямлю.

— Не заснуў?

— Яшчэ трошкі — і праваліўся б...

— Ну, нічога. Токі Бернара разбудзяць цябе.

Зоя паклала на “ахіл” пракладкі з пласцінамі, адхінула правады і ўключыла датчык. Ток шчыпуча затрос нагу, адпусціў на колькі секунд, пасля з нарастаннем паўтарыўся.

— Зоя, адкуль ты з’явілася тут?

— З медінстытута. Перавялася на завочнае. Бацьку забіла на вагонарамонтным. А маме цяжка траіх адзець і пракарміць. Вось і пайшла сюды на свой хлеб.

Аляксей глядзеў на вабны стан Зоі ў белым халаціку і думаў пра тое, як нялёгка ёй вучыцца і працаваць, як цяжка ёй без бацькі.

Хвілін пяць Зоя кварцавала яго “ахіл”, пасля выключыла апаратуру:

— На сёння — даволі!

Аляксей адзеў трыко, прыўстаў з канапы:

— Дзякуй табе, лекарка!

— На здароўе.

З крана лілася вада, лоўкія пальцы лекаркі абгладжвалі мыла...

Аляксей падышоў да яе, ахапіў за плечы і павярнуў да сябе. Дзяўчына спуджана зірнула, але нічога не сказала. І ён не стрымаўся, прыпаў да яе губ...

Вада струменіла з адкрытага крана.

Яна ахапіла яго шыю мокрымі далонямі, моцна адказала на пацалунак.

— Я шукаў цябе ўсё жыццё... Верыў, што сустрэну... Мілая мая...

— І я цябе чакала, адзінага, любага...

Аляксей раптам адкаснуўся, зірнуў ёй у вочы:

— Пойдзеш за мяне замуж?

— За цябе — пайду.

Яны зноў зліліся ў пацалунку.

 

Зоры ярыліся так шчодра, так зырката, што яскравістае святло іх, здаецца, відушча абняло ўвесь край, растварыла ў сваім разліве чорна-сінія цені кустоўя і травы. Нават выплескі ракет у нябесным асвятленні пабляклі, быццам напалову згубілі моц і вартасць пораху.

Красовіч добра помніў тую ноч, такую ж зорную і мяккую, як і сёння...

Ён, стомлены і спустошаны ламавой працай, вяртаўся з руму. Цэлы дзень бомай раскочваў шліхты камлістых бярвенняў. Па лагах у пары з суседскім дзядзькам Янакам перавальваў іх да ўзлобка гары, каб пасля, калі назбіраецца на плыт, пусціць іх уніз па пяску да Нёмана. Старэйшыя мужчыны ў вадзе раскруцяць палена як трэба, ахопяць яго лазовым перавяслам, лоўка заціснуць у лучнасці з іншымі. Калі будзе звязана з дзесятак лавак, рэтман адправіць плыты ў нялёгкую вадзяную дарогу, адправіць далёка, аж у гарады Балтыі. Плыць ім дзён дзесяць, а то і болей, мінаючы глыбокія нарты і, выпінаючыся з апошніх сіл на вірлівых круцялях, каб не даць “казла” ў бераг, млява гайдацца на спакойнай роўнядзі, каб за Гародняй нарэшце вырвацца з заціску выкручаста-вузкіх берагоў...

Ён так бы і вярнуўся дахаты з пустой торбай ад полудня, але ў апошні міг перад паваротам у Свіную вуліцу падумаў, што варта добра выкупацца ды і абмацаць прыбярэжныя норы і куп’ё: а раптам навыкідаецца рыбы на скавараду? З першага ж нырца заціснуў двух плотак, шпурнуў іх на бераг. У неглыбокай выдме прыпёр у нары яршыстага акуня фунты на два. Пакуль дабраўся да жабраў, балюча ўкалоў руку. На глыбейшым выхапіў з падмытых купін з паўдзесятка падлешчыкаў, ля затопленага дуба ўшчаміў двух ніштаватых мянькоў. “Усё, скаварада рыбы ёсць...” — Красовіч трохі паплаваў, вылез на бераг, адзеўся. Ісці назад праз кароўскі брод не хацелася, таму пашыбаваў да маста. Калі па адкосе ўзабраўся да парэнчы, убачыў на тым краі насцілу дзяўчыну з бялёсай касой. “Чыя ж то? Не, не нашая. Відаць, з суседняй вёскі”. Красовіч ішоў і любаваўся яе паставай. Зграбная ў хадзе, лоўкая ў кроку, яна блізілася, прывабліва зачароўвала вышыванкай напятай блузкі... Ён і цяпер не мог дапетрыць, што штурхнула і спыніла насуперак: “Ты чыя?” — “Гарунова”, — адказала смела і спераду адкінула за плячо касу. — “Адкуль жа?” — “З Белькаўшчыны”. — “А ці пойдзеш за мяне?” — “А што — пайду!” — зноў вярнула касу на грудзі, вышмаргнула з яе каснік. — “Ты ж не ведаеш мяне.” — “Чула”. — “А што чула?” — “Што здаровы і дзяўчат баішся”. Ён засмяяўся. І яна таксама. — “Давай, як сцямнее, прыйду да цябе?” — “Прыходзь... Да Яснай крыніцы”, — зірнула так міла, так прыцягальна, што здалося, быццам у яе валошкавых вачах прабеглі дзве іскрынкі.

Звечарэла хутка. Аляксей ішоў да крыніцы і дакараў сябе за тое, што не спытаў, як завуць яе, белькаўскую Гаруніху. Што ж, прыйдзецца перапытаць.

За Княжай лугавінай пад ніцай вярбой струменіла чыстая сляза зямной прахалоды. Усе дзённыя сцежкі сыходзіліся тут. Жанкі і мужчыны, вымерхаўшыся за дзень на касьбе, дапіналі сюды і нагбом неспатольна пілі крынічную ваду. Дзецюкі, падшыванцы і гаманкія дзеўчаняты вярталіся з грыбоў і ягад таксама сюдою. Вясковыя шаптухі і вядзьмаркі тайком чэрпалі ваду для розных замоў, ад суроку і перапуду, варажбы і чараў. І не адна з іх не пусціла падземны струменьчык на глум і шкоду жывому. Таму, відаць, і назвалі крыніцу Яснай.

Аляксей напружана ўглядаўся ў сутонне, лавіў начныя гукі, але яна ўзнікла нечакана, пад вярбой, быццам прывід уваскрэс з ніадкуль. “Ты?” — “Я”. — “Сядзем”. Яна ўкленчыла побач. — “Дурны, не спытаў, як завуць цябе?” — “Юля”. На ёй была іншая вышыванка, у касу ўплецены два васількі.

Зоры ўзышлі раптам. Ён глядзеў на велізарнае неба і дзіву даваўся разлёту і бязкраю Сусвету. Хто яны ў гэтай бездані Божага тварэння? Адкуль прыйшлі на грэшную, палітую потам і крывёю, зямлю? Дзе іх пачатак? Што чакае іх у беспрасвецці дзён і гадоў? Неба глядзела на іх тысячамі зорак. А тут былі дзве крыніцы. Адна — зямная і халодная, другая — жаданая, вабная і цёплая. Аляксей не стрываў, без слоў прыпаў да Юліных губ. Яна ахапіла яго рукамі, зацалавала сама. “Я чакаў цябе ўсё жыццё... Прыдумаў, высніў... І ты прыйшла... Мілая... Любая...” — “І я... верыла, што ты недзе ёсць, жывеш... Верыла, што сустрэну...” Яе валасы пахлі рамонкам, каса расплялася і роспадзь белых пасмаў ахінула яго плечы. Аляксей даланёй гладзіў яе плечы, гнуткі стан і, як шалёны, якога могуць вось-вось адарваць ад каханай, цалаваў губы, шыю, лёгкі завіток ля мочкі вуха. “Ідзі ка мне... Ідзі...” Як у сне, адляцела блузка, вызваліўшы тугую напругу яе грудзей, веерам легла на мурог кужэльная сукенка... Ён рынуўся к ёй бессаромна, прагна, стараючыся ахапіць усю, увабраць сваім целам кожную яе тканку, кожны ўздых... Для яго, магутнага, згаладалага, была цяпер толькі адна крыніца — яна, Юля.

Зямля плыла па свайму спрадвечнаму кругу. Мірыяды зорак праводзілі яе сваім назіркам. Зрываліся і згаралі ў лёце знічы. Жыццё зачынала новы круг, круг для іх, дваіх.

 

Праз месяц боль у назе прайшоў. Ці то электраапаратура, ці то гаючыя рукі Зоі вярнулі сілу і ўпэўненасць Аляксею. Трэнер задаволена агледзеў нагу, усміхнуўся:

— Здаровы конь і цягне дужа...

— Пара нагружаць, Сяргей Панасавіч, а то зусім разгультаюся.

— Не, Андрэевіч. Гэты раз мы пачнём асцярожна, як гаворыць мая жонка, ашчадна. Пачнём не са скачкоў, а з трэнажораў. А месяцы праз два можна паспрабаваць і на вышыні. Вось табе план трэніровак, тут памінутна ўсё распісана. — Сяргей Панасавіч перадаў Аляксею даволі ёмкі сшытак. — Будзеш сам сябе кантраліраваць, па адчуванню і жаданню. Ну — з Богам!

Аляксей пачаў асцярожна асвойваць залу для штангістаў. Трэнажоры-арэлі, рэечныя устаноўкі, падвескі... Напятыя стальныя ліны і ланцугі аж стагналі ад маладых мускулістых рук. Пот цуркамі ліўся за каршэнь футболкі, акрапляў паркет падлогі. Як прывязаныя да аўтамата-робата, узляталі-апускаліся важкія гіры, снавалі туды-сюды па сваіх вузкакалейках жалезныя кацёлкі, рыпелі пад узмакрэлай спінай цвердаватыя падмосткі... Усё гэтае сілавое прычындалле, як казаў Сяргей Панасавіч, павінна развіць і ўмацаваць плечавыя суставы, брушны прэс і вялікія мышцы бёдраў. Вялікую нагрузку на правую нагу Аляксей пакуль баяўся даваць.

Два месяцы мінулі хутка. І сапраўды, цяпер ён адчуў, што плечы пашырэлі, рукі наліліся крутой сілай, а на жываце, калі напяць прэс, мог паскакаць не толькі які-небудзь карапуз, але і ўстаяў бы рослы мужчына. Цяпер Аляксей перайшоў на двухразавыя трэніроўкі. Раніцай, адзеўшы свінцовы пояс, лёгка прабягаў кіламетраў пяць, пасля пускаўся ў падскокі: на двух нагах, пачаргова на правай, на левай, зноў на двух. “Ахіл” не балеў. І Аляксей на другой трэніроўцы, вечаровой, са штангай на спіне рабіў дзесяткі прысяданняў, памалу нагружаў ногі. З тыдзень яны стомлена гулі, але пасля прывыклі, і Алясей дабавіў на грыф штангі яшчэ пару бліноў. Прысяданні сумежваў з рыўкамі, імітуючы адрыў ад апоры і выбух скачка. Стокілаграмовая штанга выгінаста вібрыравала ў мазолістых руках, часам вяла ўбок, але, утаймаваная, застывала ўверсе, а потым з ляскатам абрушвалася на памост. Колькі тон жалеза падняў ён за тры месяцы, цяжка было сказаць. Але тое, што і ногі сталі амаль жалезнымі, было бясспрэчна. Цяпер ранішнія трэніроўкі Аляксей пачаў праводзіць з акрабатамі. Сальто з мосціка назад, кульбіты на батуце... — усё гэта нагадвала канчатковую фазу скачка ў вышыню. Але тут спружыніста адштурхоўваў гімнастычны мосцік, і падкідала нацягнутая сетка, а там, у сектары, не будзе гэтай падмогі, толькі сіла сваёй нагі, левай.

Сяргей Панасавіч сяды-тады заглядваў у залу і, нябачны, затоена назіраў за трэніроўкай. Хвілін праз пятнаццаць не вытрымліваў, падыходзіў да Аляксея:

— Бачу-бачу, працуеш...

Аляксей здагадваўся, што Сяргей Панасавіч перазвоньваецца з трэнерам акрабатаў, распытвае, аб нечым просіць. Бо кожны раз на скачках назад той папраўляе яго, шліфуе рухі.

— Зайдзі, Андрэевіч, сёння да мяне. Паглядзіш, як скачуць Майфарт і Крокас.

Аляксей прыходзіў да Сяргея Панасавіча, няёмка таптаўся ў прыхожай, нарэшце, скінуўшы красоўкі, праходзіў у большы пакой, дзе стаяў тэлевізар. Трэнер уключаў відзік:

— Глядзі ўважліва, прыкмячай.

Сяргей Панасавіч таксама не драмаў у шапку гэтыя тры месяцы. У Маскве перазапісаў на відэакасеты скачкі лепшых высотнікаў-замежнікаў, а таксама і сваіх.

— Глядзі на разбег. Як падкрадаецца да планкі... І рэзкі спурт... Тры шырокія і — скачок! Заўваж, які прагін, што робяць рукі і ногі...

Яны дзесяткі разоў пракручвалі запаволеныя здымкі чэмпіёнаў, абмяркоўвалі кожную фазу скачка, спрачаліся і, задаволеныя, разыходзіліся.

Ранішнюю трэніроўку Аляксей, як звычайна, праводзіў у зале: трэнажоры, штанга, акрабатыка. Другую ж цяпер перанёс на стадыён, у групу Сяргея Панасавіча. Як ні дзіўна, але трэнер прымусіў яго вучыцца бегаць, бегаць кароткія адрэзкі. Гэтыя спурты — Аляксей разумеў гэта — былі частковай копіяй яго разбегу перад планкай, але тут, на дарожцы, яны праходзяць прамком, а там, у сектары, яны выгнуцца на віражы, па дузе. Месяц Аляксей шліфаваў адрэзкі метраў пад дваццаць, не ўступаючы ў хуткасці “чыстым” стайерам, дзёр, выжыльваючыся, рэкартанавыя палоскі шыпоўкамі, каб выйсці на сотні метраў з адзінаццаці секунд... Нарэшце дамогся гэтага, і трэнер, разоў колькі шчоўкнуўшы секундамерам на кантрольных прабежках, вярнуў яго назад, у скачковы сектар. Пачаліся цяжкія і ўпартыя падборы разбегу, шліфоўка штуршка, адточванне тэхнікі пераходу планкі. Вось тут і ўспаміналіся скачкі мацнейшых, але Аляксей не стараўся ўсляпую капіраваць іх кожны рух, бо адчуваў каардынацыю свайго цела тонка і відушча. І ўсё ж бачанае раней вельмі дапамагала. Вынікі, як і вышыня, памалу раслі. І той спосаб, якім адольваў планку Аляксей, “фосберы-флоп”, дапамагаў яму адчуць прыгажосць скачка, скарыстаць у ім усё, што ён набыў і ўмеў.

Незаўважна мінуў год.

 

Зямля плыла па свайму спрадвечнаму кругу. Блізіўся ранак. Зоры, як крупінкі солі ў вадзе, пачалі раставаць.

Красовіч выняў з кішэні гімнасцёркі гадзіннік, зірнуў: да наступлення заставалася паўгадзіны. Яшчэ раз прыкінуў адлегласць да ўпадзінкі і дзота: “Метраў дваццаць пяць — трыццаць”. Асцярожна, каб рухам не выдаць сябе, развязаў гранаты, бо адчуваў, што дзве ў звязцы трапна не дакіне. “Шпурну адну, калі паспею — і другую”.

У лазовым кусце — мо здалося? — нешта заварушылася. Красовіч утаропіўся: так і ёсць — галінка гайданулася і знерухомела. Вочы, хоць і мінуліся тры гады вайны, не выела дымам, не выпаліла агнём. Зрок — востры яшчэ, учэплівы, ні разу не падводзіў ні ў стральбе, ні ў разведцы. “Снайпер. Да світання ладкуецца на лежку. Што ж так неасцярожна?” Красовіч выняў парабелум, уклаў у далонь правай рукі. Ведаў: праз колькі хвілін зірк і ствол сальюцца ў адно, куляй рынуць працяг рукі ў лазовы куст і, калі трапна, перасякуць нечую нітку жыцця. Хто ведае, мо праз колькі хвілін загіне і ён, Красовіч. Але закон вайны суровы і жорсткі: не ты яго, дык ён цябе. Заб’е — і рука не здрыганецца. “Ён і я — ворагі, заклятыя, смяртэльныя”.

За трыснягом — Красовіч ведаў гэта — затаіўся батальён. За дзве ночы і дзень салдаты акрыялі, падсушыліся, выспаліся. Кожны з іх яшчэ раз праверыць экіпіроўку, патроны, гранаты. Хто ведае, ці ўдасца Красовічу падарваць дзот. А раптам не? Тады пад прыкрыццём кулямётаў рынуцца яны на Мёртвую касу, каб прарвацца праз рэскруць калючак, зматлашыць тонкія струны дроту і з гранатамі дапяць да жарала дзота. Хто навечна застанецца на міжбалотным пяску, а хто прарвецца? Цяжка сказаць.

Дваццаць хвілін... Дзесяць хвілін...

Ракеты як захлынуліся і болей не ўзляталі.

Красовіч глядзеў, як стрэлка гадзінніка адлічвае секунды, завяршае круг. “Так і мой круг можа перарвацца тут, перарвацца навечна, без працягу...” Калі да наступлення засталося тры хвіліны, ён паклаў гадзіннік у кішэню і пачаў лічыць секунды сам: “Раз, два, тры... пятнаццаць... трыццаць...” За хвіліну ўзняў парабелум, прыцэліўся і, доўга не чакаючы, каб не здрыганулася рука, стрэліў у лазовы куст. Чуў, як нехта ўскрыкнуў там. “Ну — з Богам!” Імгненна ўскочыў і рвануў праз куп’ё да пясчанай упадзінкі. Па гранаце ў кожнай руцэ. Кулямёт маўчаў. А мо анямеў ад нечаканасці. Тры... пяць крокаў па пяску... Указальным пальцам левай рукі рвануў чаку правай гранаты, замахнуўся і, укладаючы ў кідок усё: нянавісць і гнеў, помсту за жонку і сына, шыбануў гранату ў зеўру дзота. Другую супрацьтанкавую пераклаў з левай у правую, але рвануць чаку не паспеў. Кулямёт паласнуў рэзка, паласнуў па грудзях, быццам вогненнае шыла працяла лёгкія. Гарачая хваля затапіла цела, пякельна пабегла да галавы. Краем вока Красовіч убачыў, як граната рванула ў самай амбразуры дзота. Ён не чуў, як ззаду ў атаку пайшоў батальён. Неба паплыло і закружылася, пабеглі зоры на ім... Як у тую даўнішнюю ноч, ён убачыў крыніцу. Юля, голая і вабная, цягнула да яго рукі, нешта шаптала, з-пад вярбы бег яго трохгадовы сын і, здаецца, крычаў: “Бацька, не падай, я падтрымаю...” Красовіч працягнуў руку насустрач, пальцамі дакрануўся да яго мяккай далонькі. Зоры раптам пайшлі кругам, пачалі падаць у крыніцу. Ён сіліўся спыніць іх, але пахіснуўся і сам пялёхнуўся ў крынічную ваду...

 

Сяргей Панасавіч стомлена прысеў на лаўку, правёў пяцярнёй па сівай кучомцы валасоў. Аляксей пазіраў на яго і прыгадваў партрэт свайго дзеда, таксама Аляксея Красовіча. “Загінуў смерцю мужных” — кароткі ваенкаматаўскі радок, што прыйшоў на запыт бабы Юлі пасля вайны, амаль нічога не гаварыў. Загінуў як, загінуў дзе? Пасмяротна ўзнагароджаны трэцім ордэнам Славы. Ніхто нават не ведаў, дзе прытулілася яго магіла.

Трэнер выняў з партманэ невялікі гадзіннік, колькі разоў круцянуў яго завадную галоўку:

— Ведаеш, сынок, я даўно збіраўся табе расказаць пра яго, твайго дзеда, але ўсё неяк не знаходзіў патрэбнага моманту і адпаведнага стану душы сваёй. А вось сёння табе трэба ведаць гэта.

Аляксей, як заварожаны, слухаў трэнера.

— Тры дні прабіраліся мы Ведзьмаковымі балотамі, гібелі ў гразі і ў вадзе, нарэшце выйшлі да Мёртвай касы. На ўзгорку яе затаіўся нямецкі дзот, які, як костка ў горле, перакрыў наш план наступлення. Камбат рашыў паслаць яго, Аляксея, каб супрацьтанкавымі ачысціць дарогу. Не так паслаў, як Аляксей сам напрасіўся. Мы залеглі ў трыснягах, а ён папоўз. Ноч, дзень і яшчэ адну ноч мы, затаіўшыся, чакалі наступлення. Для падстрахоўкі замаскіравалі тры кулямёты, каб можна было ў выпадку чаго хоць агрызнуцца агнём. Але балота і Мёртвая каса маўчалі. Нам засталося толькі гадаць, як ён перабраўся праз калючку і драцяную загарадку. А ў шэсць гадзін раніцы, калі батальён прыгатаваўся да рыўка, прагучаў пісталетны стрэл, тры ці чатыры кулямётныя выстралы і бухнула граната. Мы рынуліся ў наступленне. Дзот маўчаў. Калючы дрот закідалі вязкамі аеру, медныя струны дзіўнай загарадкі проста парвалі. А за ёй ляжаў ён, Аляксей. Я падхапіў яго, акрываўленага, але адчуў, што позна. Яго грудзі былі прабіты навылёт. Узяў пісталет, выняў гадзіннік, падхапіў другую супрацьтанкавую гранату... Камбат загадаў пахаваць яго тут жа. Сапёрнай лапаткай я выкапаў у пяску магілу — пахаваў яго. Спыняцца не было калі, трэба было даганяць батальён. Я пабег. Краем вока ўбачыў, як граната развярнула амбразуру дзота. А збоку ад яго ляжаў мёртвы снайпер. Вось чаму мы пачулі пісталетны стрэл.

Батальён я дагнаў. Для ворага ўдар з глыбіні балот быў нечаканым. І ўсё наступленне было ўдалым.

Аляксей слухаў і ўяўляў бескрай непраходных балот, пясчаную касу між імі і дзедаву магілу за метраў трыццаць ад разбітага дзота.

— А гэта, як памяць, засталася ад яго. Вазьмі, хай будзе ў цябе. — Сяргей Панасавіч працягнуў Аляксею гадзіннік з ланцужком.

На хлапечай далоні ляжаў срабрысты кружок, цікала пружына ўсярэдзіне, круціліся нябачныя колцы. Жыццё працягвалася.

 

Аляксей страсянуў кісцямі рук, як бы скідаючы з іх нябачныя пылінкі, пачаў разбег... Пачаў імкліва, быццам яму трэба было пераскочыць не планку, а ўсю заходнюю трыбуну стадыёна. Ногі лёгка неслі яго па віражы разбегу... Тры шырокія апошнія крокі і — магутны штуршок. Аляксей адчуў, як на долю секунды яму ўдалося парваць зямное прыцяжэнне, выпырхнуць лёгка ўверх. Прагінам спіны абышоў планку, кінуў ногі ўверх. Падаючы плячамі на паралон, пачуў голас і крык стадыёна, узнятага ў адным парыве. Узняў вочы ўверх: планка нават не здрыганулася.


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Камароўскі А.А. Пенальці: Аповесці і апавяданні.- Для ст. шк. узросту. - Мн.: Ураджай, 2000. - с. 145-212
Крыніца: скан