epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Камароўскі

“Каюся, Госпадзі...”

— Што прывяло цябе, отрак, у храм Божы?

— Хачу пакаяцца, ойча.

— Праз пакаянне — дарога да ісціны. Ці ж зело грахі твае вялікія?

— Не сказаць, каб зло, але ж перад жонкай узяло... Грэшны я... Не спіцца ноччу, варочаюся туды-сюды, а яно не адступае, мроіцца, як учора было, у вачах стаіць...

— Кажы праўдзіва, не таі грэшныя мыслі свае, каб атрымаць Гасподняе суцяшэнне.

— Я і скажу, усё скажу, ойча. Нічога не схаваю. Таму і прыйшоў сюды.

— Ці не парушаў святыя запаведзі ў жыцці сваім?

— Трохі.

— Трохі ці многа — усё адно грэх. Калі гаворым, што не маем граху, падманваем саміх сябе. Калі спавядаем грахі нашыя, то Ён, будучы верным і праведным, даруе нам грахі нашы і ачысціць нас ад усякай няпраўды.

— Ісціну кажаце, ойча.

— Не забіў каго у суяце мірской?

— Што вы, ойча! На чалавека — рука не падымецца, каб і ўгнявіў хто страшна. А пеўня засек раз. Здаравеннага, на хіміі гадаванага.

— Певень — таксама істота боская.

— Я нічога, хай бы жыў. Але ж маці папрасіла: дзве курыцы затаптаў, трэцяя з нагой выкручанай чыкільгала... Здаравенны — як стравус. Бяжыць, бывала, па двары — тупат аж на печы чуваць. Кіль дзевяць быў.

— Хоць і грэх, але для патрэб плоці тваёй.

— Вы ж таксама, ойча...

— Маўчы пра мяне! Я пасланнік Божы, дзень і ноч перад Госпадам малюся, другіх на пуць ісцінны настаўляю.

— Маўчу, ойча.

— Кажы, богаадступнік, ці не краў злосна?

— Калі па-вялікаму, то не. Язык не падымецца сказаць. А ў маленстве было... Яйкі курыныя любіў я, сырыя. Курыца не паспее адкудахтаць, а я яго, цёпленькае, цап з седала і — у бульбу! Лягу ў разору між бульбоўніку, каменьчыкам — дзюк па ім і смакчу. Вылезу потым, а маці тут як тут: “Во знеслася ж толькі, а няма ўжо — як кот злізаў! Ты, Коля, выпіў?” — “Не, мама, не я”. — “Ты, Саша, выпіў?” — “Не, мама, не я”. А ў самога шчокі аж да вушэй жаўтком вымазаныя... “А каб не краў, а каб не лгаў!” — дубец у мамінай руцэ пякучы быў...

— І гэта для плоці тваёй ненасытнай. Па-малечаму недамыслію ўсё гэта чынена. А ў чым жа грэх свой бачыш ныне?

— Пралюбадзействаваў я, ойча...

— Грэх то вялікі і страшны. На Судзе Божым ваздасца табе па віне тваёй. Слухай, што кажацца ў Свяшчэнным пісанні: “...поступайте по духу, и вы не будете исполнять вожделений плоти, ибо плоть желает противного духу, а дух — противного плоти. Они друг другу противятся... Дела плоти известны, они суть: прелюбодеяние, блуд, нечистота, непотребство, идолослужение, волшебство, вражда, ссоры, зависть, гнев, распри, разногласия, соблазны, ереси, ненависть, убийства, пьянство, бесчинство и тому подобное... поступающие так царствия божия не наследуют. Плод же духа: любовь, радость, мир, долготерпение, благость, милосердие, вера, кротость, воздержание”.

— Каюся, ойча...

— Цела не для блуду, а для Госпада, і Гасподзь для цела.

— Вінаваты, ой як вінаваты, ойча...

— Колькі разоў пралюбадзействаваў?

— Адзін раз усяго...

— Кажы, отрак, не тоячы.

— Было гэта летам, гадоў сем назад. Жонка ў лагер з дзецьмі паехала, а я адзін застаўся, як халасцяк. Яно мо і добра: прыелася кожны дзень тое самае...

— А саблазніцелька хто?

— Па працы маёй каляжанка. Вабная такая! Усё ў яе было: і постаць, і прыгажосць, і душа. Вочы — лепш не глядзець, не вынырнеш... Губы — акрэсленыя, прыпухлыя, прагныя і, як мне здавалася, нахабныя. І як толькі яна замужам не была? Усе мужчыны млелі па ёй, чапляліся, намякалі... А яна — жартам: “Такога цвету — па ўсяму свету”. І я млеў, але ўпотай, з душы не выпускаў. А яна, акаянная, пройдзе побач, блісне вачыма — аж там, унутры, загарыцца шчымліва, папаўзе цёплай хваляй у грудзіну... Як ні тушыў я агонь гэты, а знямогся, пачаў думаць пра яе, трызніць нават. Здаецца, прытульваю яе, выцалоўваю губы і вочы, захінаюся грывай яе смаляных валасоў. Прахаплюся — цьфу ты! Жонка пасопвае пад рукой. Добра, што хоць імя чужое не вышаптаў...

— Як далей дзеялася?

— Засталіся аднойчы мы разам дзяжурыць. Я кнігу чытаў, а яна часопіс нейкі праглядала. Тэлефон маўчаў, ніхто не прыходзіў. Ды і каму хацелася ісці ў лівень гэткі. А яна сядзела, смактала карамельку і хораша па-дзіцячы ўсміхалася: ці сама сабе, ці вычытанаму, а можа, і мне — хто яго ведае? Бачыла яна ці не, што я сачу спадцішка, кожнай клетачкай адчуваю яе? Пэўна, здагадвалася вядзьмарка. Бліснула па вокнах маланка, бабахнуў пярун... І яна, як маланка, вачыма, і засмяялася: “Цукерку хочаш?” — “Хачу...” — не паверыў я. А яна выпіхнула карамельку напалову з рота, заціснула яе зубамі: “Адкусі палавінку...” Я ад нечаканасці зніякавеў, але падаўся да яе і прыпаў, хацеў губамі забраць усю цукерку, але яе зубы не далі. Прыйшлося захапіць цукерку сваімі зубамі і зліцца ў мусовым пацалунку...

— Не помніў ты, як Ева Адама яблыкам спакусіла?

— Каб і помніў, ойча, усё адно не адкаснуўся б. Гэта было па-за сіламі маімі. А яшчэ дзед падштурхнуў мяне...

— Які дзед? Вы ж удваіх былі.

— Так, удваіх. Але я прыгадаў дзеда Хвядоса і словы яго...

— Кажы, вераадступнік.

— Вандроўнічаў я студэнтам па Палессі па вёсках і хутарах, ад старых людзей даўнейшыя песні запісваў. Запішу з дзесятак у адным сяле — валакуся ў другое. Уся мая гаспадарка — у валізцы. Дык от, заблытаўся я ў Белазер’е. Сяло — не сяло, а так хат дзесяць ускрай Гарыні. Падказалі мне людзі: “Ідзі к Парфенчыкам, яны табе і наспяваюць, і нарасказваюць. Ды і нагода ёсць: брыльянтавае вяселле сёння ў іх. Я — за валізку і пачыкільгаў туды. Прыходжу — і, праўда, вяселле! Сталы павыносілі, гасцей поўна, музыкі польку наярваюць... Зніякавеў я трохі: няпрошаны госць — горш за татарына. Стаю, як збянтэжаны Саўка. А тут бабка Стэфа (як я потым уведаў) падплыла з чаркай: “Не саромейся, саколік, ідзі за стол, выпі ды прыкусі, паслухай ды паглядзі. Пра цябе ж мая праўнучка з Рамашоў сёння паведала. Кажа, адны аблігацыі, абразы старадаўнія збіралі, а гэты — песні. А я ёй кажу: “У песні — душа чалавечая. Гэта вы цяпер ад гэтай скрынкі цівілізарнай вечарам шалееце, як унурыцеся — волакам не адцягнеш”. Пасадзілі мяне за стол і давай частаваць. Я п’ю, дамашняй каўбасой закусваю, а сам думаю: некалі хіба што залатое вяселле адзначалі. Гэта цяпер жэняцца маладыя, год пражылі — сітцавае святкуюць, дзесяць — бронзавае, дваццаць пяць — сярэбранае... А яшчэ колькі іх, гэтых вяселляў, — зблытаешся. А тут — брыльянтавае! Семдзесят пяць гадоў разам! Бабулі — дзевяноста шэсць, дзеду — сто. Бабка Стэфа — маленькая, ды такая ўвішная: і з гэтым чарку вып’е, і з тым патанцуе, і песню зацягне, і гасцей даглядае — то налье, то закусь падасць... А дзед Хвядос — белы, як лунь, з вусамі казацкімі, каржакаваты сядзіць ціха, і слёзы ў чарку — кап, кап... Не вытрываў я, падсеў: “Дзед, а дзед... Што гэта вы плачаце? Вы зірніце, якая жонка ў вас: усіх перапіла, усіх ператанцавала, усе амаль покатам ляжаць, а яна — хоць бы што!” А дзед стукнуў кулаком колькі разоў у грудзіну і ледзь пракаўтнуў горка: “Як падумаю, што не дзеўкай узяў — сэрца крывёю абліваецца...”

Застаўся я начаваць у “маладых”. А назаўтра дзед Хвядос на рыбалку запрашае. “Давай, — кажа, — па старыцах з кломляй пашастаем, юшкай цябе нашанскай пачастую”. Сабраліся мы, торбы пабралі, кацёл літраў на пяць прыхапілі, ну і пару пляшак не забылі... Гадзіны дзве бродзілі — не больш, налавілі кіль дваццаць. Цяпельца ля Гарыні развялі... Дзед Хвядос над варывам вядзьмарыў, а я паляндвіцу наразаў, хлеб раскладваў... А ноч — уся зорамі высеяна, салаўі — аж захлынаюцца. Выпілі мы па чарцы, па другой кульнулі. Добра стала так. Языкі самі ў гаворку пайшлі. Дзед успамінаў сваю маладосць, сталейшыя гады... Ды і было што ўспомніць: ведама, перажыў столькі! А пад раніцу, як ноч пачала пусцець, ды і другая пляшка таксама, падкінуў я ў касцёр сухога алешніку і асмеліўся запытацца: “Дзед, а ці хоць раз здраджвалі вы сваёй кабеце?” Доўга маўчаў ён, толькі ў вачах мільгалі водсветы полымя. А мо і ўспаміны якія... Потым устаў, закінуў за плечы кломлю і кхэкнуў: “Ведаеш, браток, кот, пільнуючы мыш ля адной норкі, ад голаду лясне...” Вядома ж, я зразумеў усё. От з таго часу і запалі мне дзедавы словы ў душу...

— Кайся ж, кайся, вераадступнік, “...ибо живущие по плоти о плотском помышляют, а живущие по духу — о духовном. Помышления плотские суть смерть, а помышления духовные — жизнь и мир: потому что плотские помышления суть вражда против Бога, ибо закону Божию не покоряются, да и не могут. Посему живущие по плоти Богу угодить не могут”.

— Усё так яно, ойча. Душою я-то петру гэта, але ж цела тады спакусай ссіліла...

— Кажы, як зграшыў?

— З’ехала мая жонка на месяц у лагер летні, кіраўніцай над дзецьмі. Вёрст за дзесяць ад горада летнік той быў, на ўскрайку возера. От неяк купіў я таго-сяго і папёр аўтобусам да яе ў проведкі. Пасядзеў трохі, выкупаўся ў возеры ды і з’ехаў апошнім аўтобусам. А душа гарыць, аж трымчу ўвесь: “Пазвані ёй, сапраўды любай, дадому ў госці запрасі...” Я і пазваніў. Баяўся, праўда, што не згодзіцца прыехаць. Але, як ні дзіўна, яна адгукнулася і праз гадзіну якую была ў мяне...

— І ты не змог устаяць супраць спакусы?

— Не змог, ойча. Надта ж яна пекная была! А ў прыцемку — яшчэ і тайная...

— Не чытаў, што Ісус Хрыстос казаў у Нагорнай пропаведзі: “...что всякий, кто смотрит на женщину с вожделением, уже прелюбодействовал с нею в сердце своём. Если же правый глаз твой соблазняет тебя, вырви его и брось от себя: ибо лучшее для тебя, чтобы погиб один из членов твоих, а не всё тело твоё было ввержено в геенну. И если правая твоя рука соблазняет тебя, отсеки её и брось от себя: ибо лучшее для тебя, чтобы погиб один из членов твоих, а не всё тело твоё было ввержено в геенну”.

— Не чытаў я гэтага, ойча. А ў той міг я чытаў яе: плаўныя жэсты рук, што вытанчана неслі чарку да губ, вочы — вірлівыя, звабныя... Мо і не было б нічога, каб яна запрацівілася... Але губы мае яна злавіла так страсна, так горача, правяла па іх кончыкам языка, зайшла глыбей, заказытала па нёбу, па зубах... Не мог вытрываць я: уся плоць мая наструнілася, засмылела ад прадчування хуткай слодычы...

— То ж і пра цябе пісана, бо ведаць павінен, што “...тело же не для блуда, но для Господа, и Господь для тела... Разве не знаете, что тела вашисуть члены Христовы? Итак, отниму ли члены у Христа, чтобы сделать их членами блудницы? Да не будет! Или не знаете, что совокупляющийся с блудницею становится одно тело с нею? Ибо сказано: “Два будут одна плоть”. А соединяющийся с Господом есть один дух с Господом. Избегайте блуда: всякий грех, который делает человек, есть вне тела, а блудник грешит против собственного тела. Не знаете ли, что тела ваши суть храм живущего в вас Святого Духа, которого имеете вы от Бога, и вы не свои? Ибо вы куплены дорогою ценою. Посему прославляйте Бога и в телах ваших и в душах ваших, которые суть Божьи”.

— Яно так, ойча. Але ці ж думаў я тады што? Губы і рукі думалі за мяне тады...

— Кажы далей, грэшнік.

— Падхапіў я яе на рукі і, не помню ўжо, як да ложка данёс... Цалаваў, як шалёны, вызваляючы яе ад блузкі, спадніцы, калготак... Цалаваў і баяўся, што раптам знікне яна як прывід, растане ад цяпла губ і рук маіх... Яна агарнула мяне, увабрала сваім целам усяго... Дзе быў я, дзе яна — дыханне ў дыханне... Як Сула ўліваецца ў Нёман ці Нёман убірае ў сябе Сулу... Адным словам, згарэў я першы раз. І хоць шаптала яна: “Не спяшайся... Ціха... Ціха...” — але рынуўся я ў яе нястрымана і неўтаймоўна... Як той матылёк на вогнішча... Потым стаялі мы, як два шчаслівыя грэшнікі, пад струменямі душу, голыя, неспатольныя, і чакалі зноў тае хвілі... А калі леглі, то я з ёй спазнаў за дзве гадзіны тое, чаго не спазнаў са сваёй жонкай за пятнаццаць гадоў... “У пасцелі нічога сарамяжнага няма... — шаптала яна. — Мы — двое, мы — адно... Будзь вольным і вучыся кахаць”. Яна то прыпыняла міг, то прыспешвала мае рухі і думкі... Зноў супыняла іх, як перад безданню, выцалоўвала губы і вочы, грудзіну і плечы, заварожвала маё цела пальцамі... І шаптала: “Ідзі, ідзі да мяне, даганяй мяне, даганяй мяне ў кожнай тканцы майго цела, бо я — усюды...” Я даганяў яе і не мог дагнаць, толькі адчуваў, што па целе маім пачынае пульсаваць ток і я станаўлюся маланкай, якая наліваецца сілаю, палымнее, разрастаецца... “Яшчэ, яшчэ трошкі...” Яна заекатала не то ад слодычы, не то ад болю... Не, хутчэй ад слодычы... І я, як маланка, уліўся ў галінкі яе цела, растварыўся ў кожнай тканцы і нарэшце дагнаў яе...

— Грэх, ой грэх які!

— Хоць і грэх, ойча, але салодкі...

— У кожнай слодычы горыч затоена... Кажы далей.

— Ляжалі мы, напоўненыя адно адным. І слоў не трэба было гаварыць. Пасля яна прыўзнялася і шапнула: “Хачу, каб выпіў з мяне”. — “Як?” — не зразумеў я. “Налі каньяку сюды...” — яна паказала на ўпадзінку пупка, і я, таўкач, нарэшце здагадаўся. Вольнай рукой дацягнуўся да апалавіненай пляшкі і наліў колькі кропель у гэты дзіўны жывы келіх. Яна ціха ляжала, замружыўшы вочы. Месяц сінявата высвечваў яе прыгожае цела. Я асцярожна губамі зверху прыпаў да яе жывата, выпіў пякучыя кроплі напою, языком казытнуў яе пупок... Яна апякла мяне гарачым дыханнем: “Ты адамкнуў мяне, адамкнуў з небыцця, вярнуў ува мне жанчыну...”

— Блудніца, грахаводніца акаянная. Кажы далей.

— Раптам я працверазеў, пачуўшы, як у дзвярным замку шоргае ключ, спрабуе асіліць заціснутую зашчоўку... “Жонка, толькі яна!” Я спружыніста ўскочыў з пасцелі, запхнуў пляшку за шафу.

— То кара Боская за грахі вашыя.

— Кара — не кара, лапці не спляцеш... Але трэба было ратаваць яе, дый самому выкручвацца. “Ціха адзявайся”, — шапнуў я. Яна імгненна апранулася, чакала. А замок не паддаваўся і праз колькі секунд задзылінкаў. Я падышоў да дзвярэй, спытаў. Жончын голас не прадракаў нічога добрага. І я пачаў шукаць выйсце і, здаецца, знайшоў яго. Гэта быў адзіны шанс з тысячы. “Не ламі ключ, наш замок заядае... — з хваляваннем сказаў я. — Сыдзі ўніз, я скіну з балкона свой ключ. Паспрабуй ім”. — “У цябе нехта ёсць, — заўпарцілася жонка. — Ламі замок”. Я адчыніў шафку, узяў сякерку і разы два абушком стукнуў па замку. Гук удараў спалохаў цяпер яе. Было ж тры гадзіны ночы. “Кідай ключ”, — сказала яна і зацокала па прыступках уніз. Я ціха пазваў каляжанку і шапнуў: “Пакуль я кіну ключ, падыміся на пяты паверх. Зойдзе жонка — скінь туфлі і ціха сыдзі ўніз. Грошы на таксі ёсць?” — “Ёсць”, — сказала яна і лёгка пацалавала мяне ў шчаку. Я адчыніў дзверы і выпусціў яе. Зноў узяў замок на зашчоўку. Пабег і адчыніў дзверы на балкон. Жонка выйшла з пад’езда, паглядзела на наш трэці паверх. Я кінуў ёй ключ і зноў пайшоў да дзвярэй. Ключ шоргаў, тужыўся адамкнуць замок... “От зараза, заядае...” — паўтарыў я, а праз секунд трыццаць падняў зашчоўку ўверх. Замок адкрыўся. “Адкуль ты?” — спытаў я, прытворна пазяхаючы. “На “хуткай” хлопчыка прывезла... Жывот хапіў”. Жонка зайшла, падазрона агледзела кватэру і, нюхнуўшы паветра, спытала: “Піў?” — “Зуб балеў, каньяком прапаласкаў, каб заснуць”, — апраўдаваўся я. А сам услухоўваўся ў цішыню. Лесвіца маўчала. І толькі праз хвілін пяць ціха рыпнулі дзверы ў пад’ездзе. Я зразумеў, што выйшла яна.

— Ці прызнаеш грэх свой, отрак?

— Так, ойча, прызнаю. “Прызнаю, што жаніўся з нялюбай...”

— У думках і ўголас паўтарай жа за мной...

— Буду, ойча.

— Помилуй мя, Боже, по великой милости Твоей и по множеству щедрот Твоих очисти беззаконие моё. Найпаче омый мя от беззакония моего, и от греха моего очисти мя: яко беззаконие моё аз знаю, и грех мой предо мною есть выну, Тебе единому согреших и лукавое пред Тобою сотворих...

— ...и лукавое пред Тобою сотворих... “А не сатварыў бы, то і не пазнаў бы любові... Хай сабе і грэшнай...”

— Помилуй нас, Господи, помилуй нас...

— Помилуй нас, Господи, помилуй нас... “І мілую маю, любую, таксама памілуй...”

— Милосердия двери отверзи нам, благословенная Богородице, надеющиеся на Тя да не погибнем, но да избавимся Тобою от бед: Ты бо еси спасение рода христианского...

— ...спасение рода христианскога... “А дзе той мой род? Няма працягу, бо няма дзяцей...”

— Господи помилуй, Господи помилуй, Господи помилуй... “І мілую маю, любую, таксама памілуй...”

— Господу помолимся. Боже, Спасителю наш, иже пророком Твоим Нафаном покаявшемуся Давнду о своих согрешениях презирай ему вся содеянная, оставляй неправды, и превосходяй беззакония...

— ...и препосходяй беззакония... “І то ж праўда: беззаконне гэта, жыць з нялюбаю, а сохнуць па іншай...”

— Каюсь, Господи, помилуй и прости!

— Каюсь, Господи, помилуй и прости!

— Согрешил, Господи, тем, что осквернил тело своё и душу свою блудом и всякими блудными и скверными делами. Согрешил сладострастием и срамными желаниями и мыслями и другими блудными помыслами. Согрешил соблазнительным поведением, невоздержанием душевных и телесных чувств...

— ...невоздержанием душевных и телесных чувств... “О, колькі я дзяржаўся, трымаў сябе ў вуздэчцы... А цяпер — крышка, развядуся! У яе, другой, сын мой расце... От дзе грэх, бо без бацькі расце...”

— Падыдзі да Чашы Святой...

— Іду, ойча...

— Господь и Бог наш Иисус Христос, благодатию и щедротами Своего человеколюбия да простит ти чадо Алексей, вся согрешения твоя: и аз недостойный иерей, властию Его мне данною, прощаю и разрешаю тя от всех грехов твоих, во имя Отца, и Сына, и Святого Духа. Аминь.


2000?

Тэкст падаецца паводле выдання: Камароўскі А.А. Пенальці: Аповесці і апавяданні.- Для ст. шк. узросту. - Мн.: Ураджай, 2000. - с. 237-248
Крыніца: скан