epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Камароўскі

Віновы Туз

Кабета палола бульбу. Праз нешырокія рады шчыкетнікаў было відаць, як яна няшчадна рвала ўчэпістую плашчугу, падхоплівала паддатлівую зелень-макрыцу, выкарэньвала з зямлёй лебяду. Раз-пораз адгіналася ад пляцу, брала похапак зелля, падыходзіла да плоту і праз верх перакідвала звялае, перасыпанае пяском, каліўё сюды, на поплаў. Па ёй цяжка было вызначыць узрост: нехлямяжая верхняя апратка — відаць, каб не так пякло сонца, насунутая на лоб пярэстая касынка, загарэлы, смуглы хударлявы твар...

— Вы б з нашым Петраком згулялі, пакуль Верка бібліятэку адкрые, — яна гэпнула праз плот яшчэ адзін ахапак зелля, з цікавасцю бліснула вачыма на нас.

Мы, два сталічныя правяральшчыкі, прымасціліся на сваіх лёгкіх куртках у прыцяньку клубнага задворка і ляніва пляскалі картамі ў “дурня” — бавілі час.

— А дзе ж ваш Пятрок жыве? — Валодзя з адной нагі ўкленчыў на куртцы. З цікавасцю ўтаропіўся ў жанчыну і я.

— А вунь, праз вуліцу, у тым жаўтлявым церамку...

— А хто ён такі? — прыўзняўся я.

— Самі ўбачыце. Нашы мужыкі баяцца з ім гуляць, — яна падабрала падол доўгай спадніцы і, каб не памясіць бульбоўнік, асцярожна пайшла па міжрадкоўі.

— Ну што, носьбіт культуры і ведаў? — ухмыльнуўся Валодзя. — Можа, рызыкнём?

— А што, пайшлі!

Жоўты церамок тануў у навіссі яблынь і груш. Лёгкія жалезныя весніцы ўпусцілі нас на прыгожую цэментаваную дарожку, якая вяла ў глыбіню двара.

Недзе там, у садзе, зазвінеў тазік ці міса, і мы здагадаліся, што гаспадар там. Другія, ужо драўляныя весніцы, правялі ў сад. Пад яблынямі, грушамі, пад прыплотнай зарасцю вішняку стаялі вуллі. А ў самым канцы сада, бліжэй да гумна тулілася некалькі калод: тры стаякі і — ці не чатыры? — лежакі.

Мужчына, не здымаючы сітак, паказаў рукой на самаробныя лаву і столік, паставіў на зэдлік дымакур, узяў меншую міску і рэзічку — нож-медарэз, паклэпаў да крайняй калоды-лежака. Было відаць, як ён прыпадняў накрыўку над калодай.

— Гаспадар... Нічога не скажаш! — Валодзя аблізаў перасмяглыя губы. — Столькі раёў! Не кожны справіцца...

Пятрок, як пайменавала яго кабета, набраў поўную міску мёду з сотамі, прыкрыў калоду, вярнуўся да століка:

— Я гурочак свежы прынясу, лыжкі, а вы пачакайце... — ён скінуў з галавы сітак.

Мы ніякавата пераглядаліся, але не паварочваць жа аглоблі назад. Нечакана трапілі ў нязваныя госці.

На стале каля міскі з мёдам леглі тры лыжкі, з’явілася з дзесятак — ці не першых? — агуркоў, стаяла пляшка-семісотка з самагонкай, на што ўказваў самаробны корак.

— Не саромцеся, пачастуйцеся... Мядку во адведайце, з гурочкам, па чарачцы выпіце. Усё сваё, прыроднае, не куплёнае... —дзядзька Пятрок наліў тры чаркі, падняў сваю. — Эх, смаката! Ну, за пчол маіх! Каб не журыліся, за мядком насіліся.

Паднялі свае чаркі і мы, выпілі. Самагонка, і праўда, была добрая: мяккая, хлебная. А гурок з мёдам, пра што я многа чуў, еў упершыню.

— От некалі мы з дзедам мёду мелі — не то, што цяпер. Я малы шчэ быў, а дзеду собіў ва ўсім. Мы з ім пушчу, як галаву сваю ведалі. Адшуквалі ў стайлінах дуплы, выдзёўбвалі борці. Як бачыш пчолы заводзіліся. Або вабікі для вылётных раёў ставілі і перасялялі пчол. На дрэвы па станавісках калоды ўсцягвалі. А каб мядзведзь-валацуга не ўсцерабіўся, рабілі подкур з тоўстых тарчыц вакол дрэва, ды ўтыкалі вострыя драцяныя спіцы, падвешвалі самабіткі. Не вельмі і ўзбярэшся. А самі па лыкавым лязіве ці лясіне з астраўкамі да борці дабіраліся. Вось тады мёду было! А цяпер — павытручвала ўсё хімія, ды і клешч пчаліны — ратунку няма.

Я храбустаў гурок, лізаў свежы цягучы мёд і глядзеў, любаваўся дзядзькам Петраком. Невысокі, пухленькі ў твары, але не мажны ў целе, ён далікатна браў малымі выгнутымі пальцамі бутэльку, падліваў ў чаркі і прыгаворваў:

— Душа ў гарэлцы меру знае і лішку не бярэ ніколі... Як ракам стаў — дык і даволі! — хітрыя жывыя вочы гаварылі аб тым, што ён — чалавек змыслы і няпросты, а ямачка на шчацэ, што вынікала пры ўсмешцы, рабіла яго добрым і па-свойску вабным.

— Але — хто пра мёд, а хто пра плот. А я, ёлы-палы, загаварыў вас, то й не спытаўся, па якой патрэбе завіталі.

Я пракаўтнуў гурок, аблізаў і палажыў лыжку:

— Кажуць, дзядзька Пятрок, вы ў карты добра гуляеце.

— Кажуць-вяжуць... Гуляў некалі, а цяпер пальцы не тыя сталі, цяжкія. Ды і няма з кім гуляць. Мужчыны мяне баяцца, на вячоркі не завуць. А сам з сабой гуляць не будзеш.

— А мо, тасанулі б адну? — Валодзя са смакам аблізаў лыжку і паклаў на стол.

— А няго ж! Ну і ў што ж? — вочы ў дзядзькі Петрака раптам як азарыліся, хітра бліснулі блакітнымі зрэнкамі. — А калода чыя? Ці свае прынесці?

— Не, у нас амаль новыя карты... — я запусціў руку ў джынсы і выняў яшчэ амаль новую, пакуль не замусоленую калоду звычайных шырпатрэбаўскіх картаў.

— Эх, ёлы-палы! — дзядзька Пятрок лоўка шчоўкнуў па ўпакоўцы пальцамі і трыццаць шэсць маляўнічых карт, як каралеўская знаць са сваёй прыслугай, паслухмяна выплылі на невялікую выгінастую далонь. — Дык у што?

— А хаця б у дваццаць адно, — Валодзя, быццам магніцячы, пацёр свае магутныя далоні.

Не паспеў я і два разы міргнуць, як дзядзька Пятрок правай рукой без пярэбару за секунд пяць перацерусіў калоду, адкінуўшы дванаццаць малодак, ахінуў карты дзвюма рукамі, хукнуў на іх і пачаў тасаваць. Нават у цырку я ніколі не бачыў такога лёгкага і ўмелага жангліравання. Карты ішлі вадападам, пасля беглі перад нашымі вачыма па кругу і — было бачна — клаліся адна к адной не проста так, а відуча, з умовамі той гульні, якую мы заказалі. Пальцы дзядзькі Петрака быццам ігралі на нябачным інструменце і, пэўна ж, чулі нейкую даўнюю паўзабытую мелодыю, яны, амаль нябачныя, пускалі карты ў русла левай, зноў запускалі іх кругавым веерам і напрыканцы, пусціўшы карты зверху, як доўгую лесвіцу, злавілі і супакоілі калоду.

— Ну, блін! — Валодзя, як заварожаны, з паўадкрытым ротам глядзеў на дзядзьку Петрака. А той з форсам раздаў карты. Я зірнуў у свае і ў думках усміхнуўся: “Дваццаць адно!” Валодзя глянуў у свае і задаволена расцвіў. Відаць, таксама дваццаць адно. Дзядзька Пятрок няспешна адкрыў свае і паказаў нам. Таксама — дваццаць адно!

— Ну, ёлы-палы, мо і гуляць не будзем? — ён задаволена ўсміхнуўся, кінуў свае карты на астатак калоды, наліў у пустыя чаркі. — Ды ежце ж вы, ежце, а то захмялееце, калі піць не ўмееце. Я во на хвілю адвінуся і з паляндвічкай вярнуся...

Дзядзька Пятрок пайшоў у хату, а я зірнуў на Валодзю:

— Ну як?

— Клас!

— Але адкуль! Школа вышэйшага карцёжнага пілатажу!

— Зараз распытаем. Ды й здаецца мне, што і яму хочацца паспавядацца, даць сваёй душы нейкі схлын.

Дзядзька Пятрок вярнуўся з ружовымі скрылямі паляндвіцы на талерцы, лустамі хлеба і з паўлітэркай той жа хатняй самагонкі. Сеў, капнуў хлебнай у чаркі, паставіў бутэльку і двумя выгінастымі пальцамі, вялікім і ўказальным, узяў калоду:

— Гуляў я некалі, хлопцы, без пахвальбы, як маг. Карту кожную наскрозь бачыў, нутром адчуваў. Ды і карта мяне любіла, заўсёды ішла шанцаўлівая. Перад самай вайной, калі мы з бацькам будавалі, вось гэтую хату, прыбіўся да нас адзін цясляр, бяздомны, нежанаты, нелядашчы і запушчаны. Росту ён быў — шапка з вяршком. Але ёлы-палы, як ён дзерава часаў! Не склюд — а фуганак! Шнурам намеціць і так бервяно выведзе — хоць басанож коўзайся, ні адной страмякі не загоніш! Смаляныя сукі як збрываў. — Дзядзька Пятрок узяў карты шчопаццю і адным узмахам роўна выклаў на стале прыгожы веер:

— Дык от зачыналі мы працу з сонцам. Адразу часалі, потым заразалі вуглы, а пасля вянец за вянцом клалі зруб. Паабедаўшы, завіхаліся яшчэ гадзіны тры і, прыкінуўшы заўтрашнюю работу, закругляліся. А летам, ведама, дзень вялікі. Дык от усядзецца Горлік — так назваў ён сябе — пад вішняй, выме калоду картаў і пачынае ганяць іх адна за адной. А мне, ёлы-палы, цікава. Падсяду і я да яго, любуюся лоўкасцю рук. Памалу-памалу і мяне дзядзька Горлік прыахвоціў да карцёжнай гульні. Ды не проста так, а паказаў усю сістэму падманаў і махлёўкі. Пазнаваў я гэтую няпростую навуку няспешна, памногу разоў вяртаючыся назад, каб не толькі запомніў, а з завязанымі вачыма мог паўтарыць. Бывала, ёлы-палы, складаў я карты і вечарам пасля чаркі і перакускі запушчу перад Горлікам трашчотку. А гэта ж такі прыём: здаецца, што ты тасуеш карты, а яны застаюцца ў тым жа падкладзеным парадку. Горлік зыркае сваім хітрым вокам і папраўляе: “Трохі хутчэй. Хутчэй... Каб ніякі лох, твая ахвяра, не здагадаўся...”

Расказваў мне дзядзька Горлік і пра пакоўшчыкаў, карцёжнікаў-адзіночак, якія свой выйгрыш у золата і каштоўныя камяні пасля ўкладаюць. А яшчэ цікавей было слухаць пра гусараў, вагонных гастралёраў. Тыя шулеры, ёлы-палы, па двое звычайна ездзяць, выдаюць сябе за прыстойных і вучоных людзей. Падман яны вядуць падтасоўкай картаў, а стаўкі павялічваюць паступова, каб у канцы сарваць вялікі куш і знікнуць. А пра катрашнчыкаў я і расказваць не буду, бо Горлік вельмі ж лаяўся, успамінаючы іх.

Дзядзька Пятрок, падставіўшы мізінец пад карты, як рак клюшню, лоўка двума пальцамі сабраў калоду:

— Ну, хлопцы, яшчэ па адной, каб здавалася вадой. За жанчын і ўдоў! — ён адным глытам каўтнуў сваю самагонку, адкусіў невялікую дольку агурка і, падкінуўшы калоду, злавіў яе ў паветры, накрыў даланёй на стале:

— Дык от навучыўся я за тры месяцы ўсім карцёжным мудрасцям: умеў, як хацеў, тасаваць, ведаў дзесяткі способаў раздачы, усе маякі — умоўныя сігналы — вывучыў, ведаў гульню на шчуп краплёнымі або мечанымі картамі. А апошні месяц — мы тады ўжо бэлькі клалі, кроквы ставілі, — дзядзька Горлік перадаў мне свае тонкасці і хітрасці, як ён казаў, розумам дапетраныя. Для таго, казаў ён, табе перадаю, каб мог абгуляць любога шулера. А восенню, калі бацька прынёс страхарку і пачаў развязваць кулі жытняй саломы — пачыналі крыць хату, — Горлік, прыхапіўшы свой невялікі вандзэлак, ціха сыйшоў. Нават калоду картаў мне пакінуў...

Я маўчаў. Маўчаў і Валодзя. А дзядзька Пятрок узяў на кончык лыжкі мёду, лізнуў, замружыў вочы і, быццам нешта перавярнулася ў яго думках, распусціў даланёй карты на стале:

— Эх, хлопцы, ёлы-палы! Была б у мяне жонка, мо і жыў бы па другому...

— А што ж так? — асцярожна спытаў Валодзя. — Яшчэ і цяпер не позна...

— Позна-не позна, а ўжо не завозна. — Наліўшы чаркі нам і сабе, дзядзька Пятрок глыкнуў гарэлку і, не закусваючы, стукнуў сабе ў грудзіну. — Была, была ў мяне любоў, ды яшчэ якая! Суседку маю Кацярынкай звалі. Чарнабровая, каравокая, уся — як вытачаная з магніту... Песню завядзе — птушкі ціхлі, абрус вытча — сонца загледзіцца... Як вясна прыйшла, пачалі мы сустракацца з ёй. Цалаваліся-мілаваліся аж да раніцы... Эх, ёлы-палы, каб не вайна гэтая! Грымнула нечакана, усе планы збіла, а колькі жыццяў перавярнула! Да сорак трэцяга ні куля мяне, ні асколак не кранулі. А мо любоў берагла мяне. Ішоў я па франтавых дарогах з Кацярынкай у сэрцы, біў праклятага ворага і думаў: “Скончыцца вайна, вярнуся — ажанюся з ёю, і зажывём мы шчасліва і хораша... Дзяцей гадаваць будзем... Дык каб жа так было, як думаеш... Бабахнула ў адным з баёў каля самага мяне... Ці то міна, ці бомба... Кантузіла, зямлёй прысыпала. Мо таму і не ўбачылі, не знайшлі мяне свае. А як выкараскаўся — у вушах трохі адлажыла. Пайшоў, як п’яны. Вось тут мяне немцы і аблажылі. Не адбіцца, не застрэліцца не было з чаго. Завезлі мяне ў канцлагер. Не дай Бог каму пазнаць і ўбачыць такое! Людзі — як шкілеты. Мерлі, як мухі. Ды і нішчылі іх, як калоды картаў, у душагубках. І я б не выжыў. Але карты дапамаглі. Афіцэр іхні, другая шышка ў лагеры, вельмі ж заядлым карцёжнікам быў. Калі пару яму пачалі шукаць, я і шагнуў уперад. Ай, думаю, так і так уміраць. Прывялі мяне да яго, накармілі. А немец высокі, злосны, у акулярах. Ды як карты ў рукі браў, мяняўся адразу, дабрэў, усміхаўся звысака: маўляў, я цябе зараз аб’ягору...

У першай партыі я нават і хітрасці не прыняў, абгуляў яго па памяці. А каб цікавей было, у другой партыі паддаўся. Як ён, зараза, радаваўся, паціраў далоні і прыгаварваў: “Гуд, гуд!” У трэцяй і чацвёртай гульнях я яго, як дзіця, умалаціў. Праўда, некалькі фокусаў сваіх прымяніў. Ох і злаваўся ж ён! Думаў, застрэліць. Але не, адправіў назад у барак. Назаўтра зноў выклікаў. Я праз перакладчыка сказаў, што буду на хлеб гуляць. Згадзіўся ён. Сем разоў я выйграў, а тры — ён. Чатыры булкі хлеба прынёс я сябрам. Падзялілі на ўсіх. Пасля гуляў я з ім на прадукты і тое-сёе са сваіх фінтоў паказваў. Не ўсё, вядома. Ён, як малы радаваўся, калі ўдавалася паўтарыць. Так і беглі дні, і я не галадаў, і другіх падкормліваў.

Аднойчы выклікаў мяне, злы, раз’ятраны. Ці то, можа, ад начальства які адлуп атрымаў. Я, ёлы-палы, падумаў: з-за мяне. Аж не. Перакладчык пераказаў мне ўмову: гуляецца адна партыя ў “дурня”. Не проста так, а на жыццё палоннага маёра. Прайграю я — побач з ім ля сцяны стану, дваіх растраляюць Выйграю — дваіх жывымі застанёмся. Ніколі я так не хваляваўся, аж рукі спацелі, і мяне ў пот кінула. І ўсё-такі абхітрыў я яго. Ён, гад печаны, адчуваў нутром, што недзе зжульнічаў я, але не злавіў за руку. Ды і афіцэры, яго балельшчыкі, не заўважылі. Так і выратаваў я маёра. А ноччу самалёты нашыя наляцелі, бомбамі закідалі. Адну сцяну агарожы развярнула, калючы дрот, як павуцінне, разарвала. Мы і хлынулі ў гэты прарыў... Па дарозе танкі свае сустрэлі... А праз месяц і перамога дакацілася...

Дзядзька Пятрок узяў карты, лоўка апусціў між пальцаў, тры разы пстрыкнуў — і з калоды выпалі віновы туз, бубновы кароль і крастовая дама...

— Не ведаў я, што мая Кацярына ў пачатку вайны замуж выйшла. За вяскоўца нашага. Потым і дачку радзіла. А яго, бедалагу, таксама на фронт забралі. Не вярнуўся ён, толькі лісток прыйшоў, што прапаў без вестак...

Рука дзядзькі Петрака пацерла лоб, прайшлася па вачах, быццам змахнула нябачную слязу, зноў легла на стол...

— Ехаў я дадому і, ёлы-палы, радаваўся: выжыў, вырваўся з праклятага пекла. Кантужаны быў, але не пакалечаны, рукі цэлыя, ногі цэлыя, усё, як кажуць, пры мне...

Недзе пад Варшавай убіўся ў вагон гусар адзін. Змыслівы такі, хітраморды. Я адразу змікіціў, што пасля карцёжных фокусаў у гульню ўцягваць пачне. Так яно і выйшла. Праз колькі гадзін добра пачысціў ён захмялелых ваяк. Сёй-той і золата, што з Германіі вёз, прайграў. Падсеў ціха і я к яму. Колькі разоў прайграў, а пасля выйграваць стаў. Ох і завёўся ён! Паўмяха грошай перайшло ка мне, золата ён прасадзіў, а спыніцца, ёлы-палы, не мог. Такая яна, зараза, карцёжная гульня. Пад Брэстам адпусціў я яго, сказаў, каб не ездзіў па Беларусі, бо я тут — кароль. Вось так і вылез я з гразі ў князі. Быў гол, як сакол, і раптам абагаціўся.

Дзядзька Пятрок наліў яшчэ па адной, кіўнуў нам, смачна выпіў.

— Прыехаў я дадому, а Кацярынка мая з малой дачкой на пажарышчы стаіць. Ліха яго ведае, ад чаго яе хата занялася. Ці то не дагледзела пячурку, адвінулася куды, ці то газоўка скінулася. Адна печ мурзатая сярод асмалкаў тырчыць. Аддаў я ёй тыя паўмяшка грошай і жменю золата на новую хату. А замуж за мяне выйсці адмовілася, сказала, што будзе чакаць свайго Івана...

— А сёння яна жыве? — Валодзя адсунуў шклянку, паклаў лыжку.

— А вунь агарод поле. Каля клуба нашага. Хату яна пабудавала, дачку выгадавала. У Мінску яна недзе, інжынерам. А за мяне, ёлы-палы, так і не пайшла. Ды і я на другіх кабет на заглядаюся: вельмі ж моцна сядзіць у сэрцы тая, маладая Кацярынка...

Ішлі мы з Валодзем ад дзядзькі Петрака па вясковай дарозе і маўчалі. Не хацелася думаць, што прыйдзецца прыдумваць добрую даведку аб працы вясковай бібліятэкі. Рабіць справаздачу аб далёкай камандзіроўцы ў забытую глыбінку. Толькі ў мяне ў вачах стаяў невысокі, далікатны і зажураны дзядзька Пятрок — Віновы Туз, як празвалі яго вясковыя мужыкі.


2000?

Тэкст падаецца паводле выдання: Камароўскі А.А. Пенальці: Аповесці і апавяданні.- Для ст. шк. узросту. - Мн.: Ураджай, 2000. - с. 249-258
Крыніца: скан