epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Камароўскі

З таго свету

Іван кінуў піць. Кінуў раптам, як адсек. Вяскоўцы дзіву даваліся: не можа быць, каб Іван ды кінуў піць. Але трактарыст адмаўляўся ад пляшак, калі прывозіў з лесу дровы, не заходзіў у магазін, каб на скалымленыя рублі прыхапіць “фауст чарніла”, цураўся мужчын, якія ля завуголля скідаліся на траіх. На запыты суседзяў жонка толькі пацепвала плячыма і загадкава ўсміхалася: пытайце ў яго...

Год назад худая і ўпартая Верка, як казаў Іван, стала рубам: “Спаць з табой не буду. Ты ж усю ноч нагою тузаеш, у сне на тормаз ціснеш”. І што ты з ёю, дурною, зробіш. А то не ведае яна, што ад прывычкі гэта, бо, ведама, дваццаць гадоў на трактары за рулём. Пакрахтаў ён трохі, пабурчаў, але перабраўся на раскладную дубовую канапу, якую шчэ бацька збіваў. Ды і не было часу сварыцца з ёй, наклікаць яшчэ большы гнеў, бо, любіў ён паўтараць, воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць.

Дні зноў пабеглі, як парэдняе кола трактара. У калгасе не пастаіш доўга: то сілас трэба вазіць, то цялятам бочку вады завалачы, то салому перакінуць бліжэй да фермы. І толькі пасля работы мог сяму-таму з вяскоўцаў вытраляваць бярвенні, прывезці дадому. Не было ў акрузе лепшага вазака, як казала Верка, які мог бы так лоўка выкруціцца між соснаў, сцягнуць на трактары абхвацістыя камлі, сцягнуць да бліжняй дарогі. Мог і падсобіць грузчыкам, не раз падстаўляючы пад груваздкія чатырохмятроўкі сваё магутнае плячо. Разлік пасля быў адзін — вясковай валютай, самагонкай. Добра ўліўшы нечай “гары”, ехаў ён да сваёй хаты роўна, як кажуць, на аўтапілоце. Але за два дзесяткі гадоў ні разу не ўрэзаўся ў чужыя і свае ліпы, ніколі не пералічыў чыйго-небудзь плоту, не задушыў курыцу ці гуся. І толькі заехаўшы ў двор, расслабляўся, засынаў на рулі. Верка яго не трывожыла, не лемантавала, бо ведала: драмане гадзіны дзве — ацверазее, сам вылезе з кабіны.

Гэтае лета выдалася дажджлівае. Першы ўкос напалову скідалі ў сіласныя ямы, а тое, што высахла на грудах, зцюкавалі і вялізныя кацёлкі склалі на сенавале. Вось тады, калі звезлі і людцкае сена, Іван пачуў нейкі стук у трактары, быццам адкруціліся гайкі і пачалі ўсярэдзіне падскокваць балты. Была пярэрва дні на тры між работамі і ён, папярэдзіўшы старшыню, загнаў свайго “беларуса” ў двор, пачаў рамонт. Каробка перадач была спраўная. Праўда, сёе-тое падцягнуў, падкруціў. Дабраўшыся да карбюратара, рашыў яго прамыць бензінам. Відаць па ўсім, загвоздка была там. Дзень патраціў на прамыўку, а раніцай пачаў збіраць жалезнае нутро свайго кармільца. Да абеду справіўся і задаволена накруціў пускач, рвануў на сябе. Матор завёўся, чмыхнуўшы смярдзючым дымам, запрацаваў роўна, без перастуку. Не бачыў нават, як прыйшла з бухгалтэрыі Верка, замяшала свінням. Заўважыў толькі, як вылівала яна цёплае месіва ў карыта, прыадчыніла веснічкі, выпусціла курэй. Змачыўшы анучу, пачаў выціраць пыл у кабіне. А жонка, падхапіўшы бляшанку з учарнелым бензінам — “Вечна за сабой не прыбярэ”, — занесла яе і выплюхнула ў туалет.

Трактар роўна гуў, душа спявала ад заканчэння карпатлівай работы. Заглушыўшы матор, пайшоў па надобе туды, куды цар пяшком хадзіў. Сядзеў і думаў, як добра, што перацягнуў вузлы і часткі, пачысціў і прамыў свайго бегунка. І наогул, не так і кепска жыць на гэтым свеце, радавацца сонцу, пакуль яшчэ ў сіле і здароўі. Дакурыўшы “Астму”, як казала Верка, кінуў акурак у правал ямы і... Магутнае полымя шуганула знізу, асмаліла бёдры і азадак, апякло яго мужчынскае багацце. Вылецеў, бразнуўшы дзвярыма, як ашпараны кіпнем, з матамі і лаянкай. Спалоханыя куры разляцеліся па баках, толькі певень здзіўлена пазіраў, як Іван аглядваўся — ці не бачыць хто? — хуценька нацягваў штаны.

Апошняй кропляй быў дзень нараджэння Веркі. Прыйшла яна з бухгалтэрыі раней, накрыла стол. А Іван, уліўшы ці не літар, даехаў, заглушыў трактар, ледзь увайшоў у хату, ціха звіўся на падлозе каля канапы. Жонка адкрыла канапу, выкінула ў спальню падушку і коўдру, цяжка закуліла яго ўсярэдзіну і закрыла. Ён не чуў, як гадзіны дзве гулі госці, каляжанкі Веркі. Калі развіталіся, яна пайшла іх праводзіць.

І тут ён прачнуўся. Мац-мац — дошкі, кругом дошкі. “Памёр! То ж труна! — ляжаў і мацаў у цемнаце дошкі. — А колькі зямлі нада мной? Метры са два...” Ляжаў і думаў: “А мо жывога закапалі?” Івана ад гэтай думкі кінула ў пот. “Так і памру тут, задыхнуся...” Ён нема зароў, пачаў біць у донца і крышку труны нагамі...

Жонка прыбегла, выцегнула яго з канапы. Дапоўз да кухні, да вядра і доўга піў ваду, быццам выбраўся з таго свету.

З таго дня Іван кінуў піць.


2000?

Тэкст падаецца паводле выдання: Камароўскі А.А. Пенальці: Аповесці і апавяданні.- Для ст. шк. узросту. - Мн.: Ураджай, 2000. - с. 259-261
Крыніца: скан