Алесь Мілюць

Яны

Запыталіся ў іх, хто такія яны

I чаму тут марнуюць жыццё без пары?

«Мы — саломеных стрэх, бедных вёсак сыны,

Мы — байцы за народ, мы—жыцця змагары!»

 

Папыталіся ў іх, за што з роднай зямлі

Іх сагналі сюды на нямала гадоў?

«Мы за Волю, за Праўду святую ішлі,

Мы стаялі за долю гаротных братоў!»

 

Папыталіся ў іх, што ім трэба было?

Што хацелі яны, што імкнуліся ўзяць?

«Мы хацелі, каб ў свеце загінула зло,

Каб самім нам над скарбам сваім панаваць!»

 

Папыталіся ў іх, што ім будзе пасля?

Які лёс іх спаткае у прышласці дзён?

«Хай пагінем усе... нас прытуліць зямля,

Кінуць людзі за кроў нашу катам праклён.

Будуць помніць і помсціць за нас!» —

Такі быў іх на гэта адказ.




Крыніца: Крывёю сэрца : [Зб.вершаў загінуўшых паэтаў] / Уклад.А.Вялюгін. - Мн. : Беларусь, 1967. - 178с. - ( Бібліятэка беларускай паэзіі)

Беларуская Палічка: http://knihi.com