epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Наварыч

Цары травяной нерушы (Апавяданне)

Блакітная старая часоўня блішчэла ў месячыкавым святле. Ні хмаркі на небе. Лёгкае, светлае блішчэнне перакатвалася на атласных, шчыльных лістах магільных дубоў. Толькі шамацелі, спявалі, балбаталі неспакойныя асіны сваім трапяткім лісцем. Быццам скамянелы, быццам скульптура, стаяў ля агароджы хлопчык. І якое было дзіва, калі постаць яго варухнулася і ён зайшоў на могілкі. Раса села. Гладзіў махнатыя сцяблы дзіваны, адчуваў вільгаць. Яму трэба была адна трава. Прычым нарваная менавіта ўночы, менавіта тут, на могілках. Каб не баяцца, загаварыў нягучна сам сабе:

— Хіба ж страшна?! Ні багоў, ні чартоў няма. Ведзьмы-шмедзьмы — сівая брахня. Вот вазьму гэты кол...

І раптам хлопца скаланула. Выразны далёкі голас пачуўся з-за бліскучых такіх уночы алюмініевых крыжоў. Што гэта? Праз які момант хлопцу падумалася, што голас, гаварынне здалося, але тут жа пачулася выразнае вурчэнне сабакі. Пракаўтнуўшы сухі камяк, хлопец мацней сціснуў калок і, напружваючы зрок, угледзеўся ў цёмныя сілуэты дрэў, помнікаў, капцоў і паваленых надмагільных старажытных камянёў. Нічога там не варушылася. Суха раптам трэснулі дзве-тры галінкі ў бэзавых здзічэлых кустах. І тады, не раздумваючы ні на момант, ускінуў калок і, нібы кап’ё, шпурнуў у бэз, абярнуўся і колькі было духу памчаў адгэтуль, пераскокваючы праз магілы, а то і ступаючы на іх мяккі жвір.

А на другі дзень, калі святло вылілася на ранішнюю зямлю, прачнуўся Юрык, прыпомніў учарашнія страхоцці і засмяяўся шчасліва, лежачы ў цёпленькім ложку. Вось дык уцякаў! На скрут галавы. І нашто яму чортавае здалося зелле. Нашто яму наогул цягацца з гэтым чмурам — Магеленцам. Ён вядзьмар, чараўнік. Лечыць ад усіх хвароб. Едуць да яго здалёк. Мо праз дзень ля Магеленцавай хаты стаяць запыленыя «Масквічы» і «жыгулёнкі». Ратуюцца людзі, каму не памагаюць ні дактары, ні лекі. Адвальваюць Магеленцу грошы, не шкадуюць. А той нарве зёлак, нагадае, начаруе, нашэпча, і будзь здароў! І, бывае, людзі вылечваюцца. Юрый перавярнуў усю бібліятэку, вычытваючы ўсё пра народную медыцыну. Нешта вычытаў. Галоўнае было ў травах і ва ўнушэнні. Нядрэнна падкаваны ў батаніцы, хлопец хутка назбіраў многа лекавых раслін. І не раз сустракаўся з гэтым таўсматым дзядзькам на тых месцах, дзе раслі рэдкія травы. Моўчкі збіралі разам. Сабака таксама моўчкі бегаў вакол. Гэта быў страшны сабака. Летась была эпідэмія шаленства. Сабакі, што не былі на прывязі, пашалелі. А Ральф належаў аднаму чалавеку, які нават не карміў яго. Баючыся, што і Ральф ашалее, гаспадар прывязаў дротам сабаку да плота і папрасіў у паляўнічага стрэльбу. Стрэліў раз, другі, трэці. Ральф толькі скавыча. На чацвёрты раз Ральф выпручыўся з драцяных путаў і паляцеў у лес.

— Ён табе прыпомніць! — паабяцалі гаспадару. І сапраўды, сабака некалькі раз упільноўваў гаспадара пад вечар, і той ратаваўся ў бліжэйшую хату з выдраным садном. Ральф здзічэў за зіму. Худы, паджары бегаў па сметніках, сумна пазіраў на людзей. Фельчар-ветэрынар гаварыў, што ў яго такая форма шаленства. Але калгасны пастух, знахар Магеленец, неяк асабліва паварушыў кучматымі сваімі брывамі, з яго воч — бяздонных калодзежаў чалавецкага патаемнага нутра — нібы нешта высвецілася, і Ральф бездакорна прыняў яго за новага гаспадара і быў добрым служкам на пашы ля кароў. Так і засталося. Бо наогул з Магеленцам ніхто не хацеў звязвацца. Рэгулярна Магеленец раз у месяц моцна напіваўся і пачынаў валаводзіцца з людзьмі. Займаў іх каля магазіна, абдымаўся, лез цалавацца. А некаторых, спачатку пацалаваўшы, адпіхваў і адмоўна пакручваў галавой, маўляў, дрэнны ты чалавек. Ніхто не сварыўся з ім, казалі :

— Паганскі чмут, не звязвайся з чортам.

 

* * *

— А дзе ты гэтай во травічкі нарваў? — нечакана спытаў Магеленец і пацягнуўся рукою ў Юрыкаў кошык. З-пад густых броваў упіўся ў Юрыка пякучы позірк. Адтуль, аднекуль з сярэдзіны, пачалося быццам нешта вышкрабацца запаветнае, нязнанае нікім догэтуль. Быццам руку ўсадзіў у вачніцы і дастае дна жывата. І вось, здаецца, ужо выцягвае нешта з сэрца, і вось, здаецца, сам туды ўлез, у яго, Юрыка, сярэдзіну і там улежваецца ўтульна.

— Ачмурэў? — нарэшце пачуў Юрык і апрытомнеў нібы, глядзеў проста перад сабою, бачыў старога Магеленца, што, апусціўшы вочкі, стаяў і церабіў ягоны цвінтарэй.

— Дык дзе ты бачыў такую траву? — пытаўся шаптун.

— Тама...— махнуў Юрык рукой,— у Куналаве, за пшаніцай.

Як было лёгка, калі Магеленец пайшоў. Было лёгка і вольна дыхаць, быццам вынырнуў з вады. Во чалавечышча! Змей Гарыныч. Юрык прыйшоў дахаты, рассцілаў па гарышчы траву, падварушваў падвялую, напаўняючы паветра духам лугу. Стары Магеленец пасля адной сустрэчы стаў блізкім і родным. Толькі страх па-ранейшаму скоўваў хлопчыка. Але атрымалася так, як бы ніхто не прадбачыў. Быў Магеленец у камплекцыі, не грэбаваў чаркай, якую прыносілі за лекі, а тут нечакана хвароба зваліла самога. Бралі яго і раней сардэчныя прыпадкі, але хутка праходзілі. А то так ухапіла, што оё-ёй! Прывезлі з рэанімацыі, ледзь жывы. І так здарылася, што пайшоў Юркаў бацька да яго па нейкай патрэбе і Юрык з ім разам быў. Мог і на двары пастаяць, але па цікаўнасці, што межавала са страхам, увайшоў спачатку ў цёмныя сенцы, потым на кухню з нізенькай столлю. З кухні перайшлі на вялікую, як кажуць, хату. За заслонай ляжаў Магеленец. Ён не схудзеў, толькі крышку збляднеў. Прытрымліваючы заслону рукой, Магеленьчыха гаварыла:

— Колькі казала — не трэба. А ён рэжа і рэжа... Смалы каб напіўся!

Магеленец крэкнуў, падаў бацьку руку... Яны нешта гаварылі, перакладалі з рук у рукі нейкія вялізныя кнігі, Юрык вычытаў загаловак адной — то была «Медыцынская энцыклапедыя ».

— Так гэта твой? — спытаў Магеленец немагушча, паказваючы на Юрыка.

— На, Ваня, пакажы яму гэтую травіну, мо і ўратуюся...

Гэта былі незвычайныя адчуванні. Нібы той сабака хворы, што сам збягае ў лес травой лячыцца, нібы тая кошка, што аб’ядае высеяныя напрадвесні памідоры, Юрык шастаў па кустах, па лесе, па балоце, шукаючы шэранькую траву. Але не мог знайсці. Зрэдку траплялася каліва-дзве. А для лячэння трэба было шукаць добрую зарасць. І першы вечар зусім не пайшоў да Магеленца, а на другі дзень у роспачы прызнаўся, што няма. Магеленец уздыхнуў:

— Значыцца, не насеялася яна там, дзе ты шукаў. Пашукай ля вады... А я неяк парыплю...

Але і на другі дзень, і яшчэ праз некалькі дзён не мог Юрык назбіраць гэтых зёлак. І зусім нечакана, калі раз вудзіў рыбу, здарылася наступнае. Вывуджваючы з глыбіні ментузка, той зляцеў з кручка і ўпаў далёка на травяністы бераг. Тады Юрык пайшоў шукаць мянтузіка і, гартаючы густую траву, нібы кніжкі, звярнуў увагу на яе, на гэтую траву. Аж сеў, успацеў аж. Гэтулькі яе тут было! Не верыў вачам, абмацваў рукамі. Сумняваўся, мо не тая. Цэлае бярэмя травы даставіў ён у апартаменты Магеленца. Той пачаў правіцца і хадзіў памаленьку.

— Хадзем, павесім сушыць,— абрадаваўся хворы.

І яны зайшлі ў выстэпку, дзе сушыліся ўсялякія травы на газетах, дзе ў кутку ляжалі тыя самыя шаптунскія камяні, якія грэлі хворых і выгравалі ім хваробы. Гэта былі звычайныя камяні з поля. З некаторых нават зямля не была саскрэблена. І тут у кутку Юрык убачыў даволі спраўнае самагоннае абсталяванне, якое далікатна стараўся не заўважаць.

І вось прыйшла нарэшце тая раніца, калі Юрык ішоў стомлены са школы, а Магеленец нешта сек на двары. Заўважыў яго, запрасіў на падворак, усміхнуўся :

— Гарэхаў пойдзем нарвём! Спелых.

Гэты дзядзька знае, дзе растуць самыя выспелыя гарэхі. Не з тых гарэхавых градаў, што ў малочнасці паабтрасалі і паабкусвалі дзеці, а з асобных кустоў-матак, што даюць калёны гарэх.

І ішлі яны па вераснёвых травах, патаптаных хіба што шпакамі. Ліўся светлы струмень на іх галовы, і радасна і спакойна ім было, і адзін аднаго разумеў і адчуваў блізка-блізка еднасць з акаляючым светам. Далёкая высокая аблачына звівалася ў спіраль, здавалася, і яна — жывая істота. Птушкі катухаліся ля ног. Здавалася, што ўсе пачуцці хлопчыка, не ацемраныя ніводнай ценню непаразумеласці з гэтым таўсматым шаптуном, заліты гэткім жа святлом, якім заліта наваколле, і зараз кожная лагчыначка, купачка травянога поля была быццам выгібам яго малой душы. І квяцістае поле гэтае, не варушанае плугам даросласці, бед, нягод, радасна ззяла вераснёўскім апошнім жарам. І лёгкія думкі яго — рознакаляровыя матылькі, зайчыкі, што бліскаюць па няроўнай вадзе, і сам ён, як і воблака, як і кашлаты Ральф, як і чорныя палявыя мурашачкі, што мітусіліся ў траве. Усё было ім самім да няўсцерпу.


1988?

Тэкст падаецца паводле выдання: Наварыч А. Рабкова ноч: Аповесці, апавяданні / Прадм. А.Карпюка. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 173 с. - (Першая кніга празаіка).
Крыніца: скан