epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Наварыч

Цкаванне вялікага звера (Палеская быль)

I
II
ІІІ
IV
V
VI
VII
VIII
ІХ
Х
ХІ
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
ХХ
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVІІ
XXVIII


I

Трашчала лазовае ламачча — з кустоў вылазіў паўсцісты цёмна-шэры звер. Сямён затрымаў дыханне і стрэліў праз галінкі. Бухнула сіняватым дымам... Звер ірвануў з месца, выскачыў на прагал, з гарачкі хацеў перакінуцца праз канаву, але праваліўся... З салодкім заміраннем паляўнічы бег да здабычы, што боўталася ў праломіне. На хаду зараджаў стрэльбу. Звер праламаўся на глыбакаватай канаве, што недалёка ўпадала ў Прыпяць. Сямён баяўся, каб здабычу не ўцягнула пад лёд, а то прыйдзецца даставаць. Але вось, здаецца, падбітак заслізгаўся на цэлым лёдзе. Сямён упаў на правае калена і падвёў рулю пад валасаты сілуэт. Звер выкрутнуўся на лёдзе, раскарачана прыўзняўся на сваіх лапах, азірнуўся на чалавека...

Здушаны крык жаху вырваўся з грудзей паляўнічага, і рукі, што трымалі стрэльбу, зрабіліся бы з вяровак. Настаўбураная, з раз’юшанымі, зацкаванымі вачамі глядзела на яго барадатая чалавечая галава.

 

 

II

Міхал Мацюшок, узяты лабарантам у сваю ж школу, увесь час рыхтаваўся да паступлення ў ВНУ. Няўдача ў конкурсе прымусіла яго так вучыць матэрыял, каб паздаваць экзамены толькі на «выдатна». Але чым больш ён прымушаў сябе сядзець за падручнікамі, тым мацней яму хацелася развеяцца ад навукі. Зараз вяртаўся ад дзяўчыны, лаяў сябе ў думках, што гэтулькі часу змарнатравіў. Яму дзяўчына падабаецца, ён прыйшоў да яе. Чаго ж разводзіць сентыменты? Ён першы пачуе ад яе слова «кахаю». На гэта ён мае поўнае права, але як ёй растлумачыць, што ён не просты чалавек, але унікум, бо мае абсалютную веру ў сябе. У гэтым ён — звышчалавек. Прыйдзе час, і ў сяло правядуць шасэйную дарогу, бо ён тут нарадзіўся, а яна будзе ганарыцца тым, што толькі сябравала з ім. Сваім метадам ён дасягне для чалавецтва нечуваных вяршынь. Для гэтага трэба быць перш за ўсё фанатычным аскетам. Усё астатняе — смецце. Тое ж каханне. І ён, Міхал, дакажа гэтай дзяўчынцы, што каханне ёсць простая рэакцыя ЦНС.

Паабапал дарогі разлягаўся нізкаваты лазняк. На расцяробах стаялі стажэчкі атавы, прыцярушаныя снегам. Цішыня была і цемната, толькі блішчэлі наперадзе агеньчыкі роднага сяла. Сярод халоднай цішыні пачуўся раптам выразны енк. Міхал ажно спыніўся. Можа, падалося. Але ўкруга пачулася скавытанне. «Ваўкі?!» — падумаў Міхал і адчуў, як цяжарам наліліся ногі. «А яшчэ думаеш нечага дасягнуць. Сабака заскавытаў — і сэрца ў пяты»,— пажурыў хлопец сябе і рушыў з месца. Выццё вылятала аднекуль з-за сяла, тужлівы гук разлятаўся над наваколлем, сеяў страх. Міхал уявіў, як вылазяць на дарогу звяругі, як абступаюць яго... Яму зрабілася шкада сябе. «Хто ж тады выканае тое, што мною задумана?» — раіліся палахлівыя думкі, калі ён пазіраў на змрочныя цені сярод начной лазы. З радасцю падыходзіў хлопец да першых хат. Уздоўж плота нехта ішоў з ліхтарыкам.

— Ці не чуеце? Гэта што, ваўкі? — звярнуўся Міхал да чалавека.

— Тобі вовкі. Всякоі гадоты е,— буркнула Ваўкалачыха, панурая кабета. Яна ўвайшла ў веснікі, нешта буркатала яшчэ, але Міхал не чуў, толькі ўсміхаўся ў цемру. На Ваўкалачыху гаварылі як на вядомую выдумляльшчыцу, яе і празвалі за тое так, што прыдумала, быццам ваўкалака ўлавіла ў хлевушок.

Абмятаючы ногі ля хаты, Міхал пачуў, што нехта ходзіць ля хлява. Хлопец сціснуў венік і пайшоў праверыць. У шараватым змроку выгледзеў, як нешта пабегла на поплаў. Адчуваючы смеласць ад блізкасці роднай хаты, хлопец што меў сілы памчаў на поплаў праз агарод. Выразна ўбачыў, як нешта здаравеннае шуснула з-за стажка ў лазняк — затрашчала ў лазняку ламачча. «Што гэта такое? — мільганула ў думках.— Пэўна, лось». Калі зноў пачаў абмятаць ногі, пачуў з кустоў страшны тонкі енк. З перапуду Міхал ускочыў у хату з неабмеценымі нагамі, зашчапіўся і ўляцеў у залу, дзе сабралася яго сям’я.

 

 

ІІІ

Звер страсянуў мордай, напнуўся і заскавытаў. Жудасная песня самоты разнеслася навакол. Сціх, прыслухаўся. Сяло насцярожана маўчала. Тады заенчыў безупынна, паціху і голасна. І жальба, і смутак былі ў гэтым енку. Сціх — стаміўся. А ў наваколлі то там, то тут пачулася падвыванне ваўкоў. Здавалася, ваўкоў было вялікае мноства, і яны аблажылі сяло, як было гэта ў глыбокім мінулым, так што і не выйсці за ваколіцу. Звер ад ваўчынага разгалосся ўстрыбушнуўся, зароў пагрозліва, пасунуўся далей ад жылля. Праз некаторы час за галаслівым зверам цяглася зграя ваўкоў. Драпежнікі прынюхваліся да настаўбуранага звера, раптоўна адскоквалі, калі той рабіў рэзкі рух, нешта адкідваючы ад сябе. Тады ваўкі смела кідаліся наперад, грызліся з-за падачкі. Звер быў іхні Важак, быў іхні Гаспадар.

Важак выводзіў усё далей і далей ад жылля, пакуль не паказаліся забалотныя стажкі. Ваўкі перасталі грызціся, пайшлі цугам...

Неба крышку адышло ад зямлі, за хмарамі ўзышла поўня. Ваўкі, пэўна, ведалі, што зараз будзе рабіцца. Яны расцягліся з цуга ў крыло праваруч ад Важака. Усе кіраваліся на стажкі, абнесеныя калючым дротам. Тут Важак пранізліва зацёхкаў, ваўкі падскоквалі, вызірваючы наваколле. Пачуўся трэск жардзін ля стажкоў — то выскоквалі з агароджаў ласі, якія пазалазілі туды да сена. Разнёсся тупат і віскат пагоні. Важак правалокся праз гразкаватае апудзіла і выйшаў на грэблю. Ваўкі пагналі ласёў па грудку, тыя далі крука і набягалі на грэблю, каб выйсці з балота... Пырхаючы паветрам, тупацелі, шоргаліся ў снезе... Важак затуліўся за кустом, баючыся пагрозлівых волатаў. Але раптам выскачыў з-за галін проста пад пысу маладой лошы, што крыху адстала ад статка. Капыцястая жывёліна сіганула з грэблі, прагрузла праз снег... Скокнула раз, другі... Ваўкі набягалі на грэблю, кальцаючы лошу... Тая выцягвала заднія ногі з багна, але ўгружваліся пярэднія, вырывала пярэднія — тапіліся заднія... Раскарачылася на ўсе чатыры нагі, убоўталася па самае бруха... Згорбілася, штосілы рванулася, але не змагла выцягнуць ног, легла на бок ад страху, завярнула морду, рассалапілася, рыкнула жаласліва, выхакнуўшы струмень пары... Да ахвяры набліжаліся ваўкі.

Пакуль ішла тузаніна, Важак абапёрся на кій на грэблі, нібы сцярог небяспеку. Раздзерлі лошу... расцягвалі па балоце... Важак адбіў кіем і сабе кавалак. Потым ачышчаліся ад гразі, вытрыбушваліся, вылізваліся. Падаліся прэч, палахліва пазіраючы на чорную яміну, на гарцовішча смерці вакол яе. Уцякалі доўга, міналі сёлы, перасякалі дарогі і шашу, трусілі ля асветленае новабудоўлі. Паспяваў за ваўкамі і той звер, што быў нядаўна за Важака... Зашыліся ў густую лесапасадку, сцішыліся... Тут можна было пракачацца не адзін дзень, пакуль не выгаладнеюць.

 

 

IV

Калгасны вартаўнік Ёсаль жартаваў з даяркай:

— Зноў ты, Маня, засмучона. Давай я цябе развесялю, а то ў твога старога, мабыць, няма нічога. Выпсеў...

— Каб ты ведаў, што ёсць у майго старога, чаго няма, то не гаварыў бы,— адгукнулася Маня, палошчучы даёнку. Але Ёсаль крадком падышоў да кабеткі і намерыўся ўхапіць яе за бакі, але тая развярнулася і... Потым яна, макрарукая, з хусткай, збітай на плячо, ускочыла ў кароўнік, дзе была сустрэта вясёлымі позіркамі даярак. За ёю ж увайшоў і Ёсаль, атрэпваючы з грудзей жамчужныя кроплі змешанай з малаком вады.

— Бач ты яе,— сердаваў ён,— і пашуткаваць з ёю няможна. Як хто з маладзейшых падступаецца, дык хвастом так і меле.

— Маўчыце, дзядзьку, бо зноў вады набірае,— падказвалі Ёсалю жанчыны.

— А-ат! З вамі пажартуеш. Вам бы вот так жартаваць,— зрабіў Ёсаль непрыстойны жэст і выйшаў у тамбур.

Калі выходзіла з кароўніка апошняя даярка, Ёсаль быў прымайстраваўся падшчакнуць яе.

— Ідзі, бугай стары,— адпіхнулася тая, і Ёсаль адчуў сябе сапраўды старым, усімі пакінутым і нікому не патрэбным. Уздыхнуў, пазамыкаў дзверы з сярэдзіны кароўніка, каб праверка не змагла застаць яго знянацку, наслаў сена ў жолаб. «Падрамлю да першага абходу пляца»,— расшпіліў кажух, уваліўся пад пысы кароў. Хацеў заснуць, але перашкаджала мятнае дыханне кароў, якія ў дадатак пачалі высмыкаць сена з-пад яго. Мільганула Маня перад вачамі, паплыў лёгкі туман, здавалася, што нехта падыходзіў усё бліжэй і бліжэй, і чуў яшчэ Ёсаль, як прапішчаў каля вуха застрэшкавы камар, і ўсё растварылася, засталася маленечкая крапачка, якая пачала рухацца недзе ўбок, потым пачала хутка расці, неймаверна павялічвацца і вось ператварылася ў нешта вялікае, чорнае, пачварнае, што ляцела проста на Ёсаля. Кінуўся Ёсаль са сну, узбуджаны ад невыразнага страху. Наўкола пагрозна мычэлі каровы, глуха стукалі рагамі аб жалезныя білы, да якіх былі навязаны. Усхапіўся вартаўнік: «Што такое?» Каровы пагрозліва чмыхалі, іх вочы страшна крывяніліся, касілі і выварочваліся ў бакі. Ёсаль выбег на праход...

У тамбуры дзверы былі расчынены насцеж, а ў праём ускоквалі цыбатыя сабакі, што аж сцякалі слінай. Каровы з рыкам выдзіраліся з навязяў.

— А пайшлі вон! — зароў вартаўнік, наводслеп, па памяці, люнуў у куток, дзе звычайна знаходзіліся ўсякія прылады, намацаў чаранок вілаў, ускінуў хоць такую зброю наперавес і адчайна кінуўся на ваўкоў. Тыя стрыглі вушамі, з гіркатам шчэрылі зубы, чорныя тонкія губы драпежнікаў дробна трымцелі. Ваўкі неахвотна адступалі.

— Прэч! Прэч! — роў вартаўнік, размахваючы віламі, налёг на дзверы і зачыніў іх. З другога канца кароўніка данеслася нейкае скіргітанне, Ёсаль азірнуўся, і рукі яго прыціснуліся да грудзей, а калені агідна затрасліся. Там, у насцеж расчыненых дзвярах, стаяла масіўная кашлатая постаць. Праз які момант яна растварылася ў цемры.

— Хто тут ёсць? Га? Хто тут? — дапытваўся Ёсаль, штырхаючы ўперад віламі.— Няма нікога! — узрадавана ўскрыкнуў, пабег зачыняць і тыя дзверы. Выглянуў з тамбура, выгледзеў ваўкоў, што ад узнятага крыку адбегліся і нерухома стаялі, адбіваючы вачамі святло з тамбура.

— Не, дружочкі! Зараз я вам здзелаю! — падскочыў да трактарца, што стаяў на пагорку, каб запускаць матор з накату, улез у кабінку, выціснуў педаль счаплення, уключыў хуткасць і зняўся з тармазоў... Затрахкацела з трубы, паляцелі іскры; уключыў фары і звярнуў на ваўкоў. Звяры рассыпаліся па полі. А Ёсаль, нібы ў танку сядзеў, вёў тарахцёлку, калясіў папярок дарог, лямантаваў з кабінкі. Зніклі ваўкі, бедны Ёсаль некалькі разоў аб’ехаў кароўнік, а потым упёрся фарамі ў дзверы, учапіўся ў руль ды так і праседзеў да раніцы, баючыся вылезці са сховішча.

 

 

V

Ваўкі сабраліся ля калгаснага саду, вынюхвалі паветра, што было насычана пахамі параскіданага ў бязладдзі жалеза, душком гнойнай дарогі, а таксама спецыфічным пахам сенажу, што ў вялікім дастатку ўсцілаў крыж-накрыж паробленыя каляіны. Патрусілі па сцежцы, што вяла да сядзіб калгаснікаў. Пад бляшанымі капелюшамі на слупах там-сям сляпіліся лямпачкі, весялей ззяла вітрына крамы, дзе-нідзе вокны былі заліты блакітам — глядзелі тэлевізар. Астывалі маторы машын, пастаўленых ля хат, прымярзалі да лавак вёдры ля калодзежаў — сяло драмала, і толькі на адным поплаве, нібы жывыя, тлелі вугельчыкі ў попеле, што руплівая гаспадыня вычысціла з печы, загадзя, на раніцу, налаштаваўшы туды дроў. Ваўкі чуйна лавілі нязначныя, патаемныя гукі вячэрняга жыцця. Скрыпнулі веснікі, бразнула клямка, чмыхнула недзе карова, зашастала сена на вышках — нешта лазіць: кот? пацук? Недзе далей парохквае свіння, не можа ніяк умасціцца нанач, і зусім блізка — чык-чык-чык і зноў чык-чык. Гэта мышы салому точаць. Засыналі людзі, засыналі ўсе жывыя істоты. Была такая пара сутак, што кот скача з печы на ўслон і просіцца перад дзвярамі на двор, каб пайсці ў свае начныя блуканні. Калі дзяўчына, намёрзшыся з хлопцам, што прымчаў да яе з другой вёскі, вядзе яго крадком у сені, думаючы, што бацька не пачуе, але бацька з мацеркай чуюць, ды сон і нейкая літасць да гэтых вартавых кахання робяць сваю справу.

Ваўкі вызбірвалі на сметніках тое, што не раздзяўблі вароны і не расцягалі сарокі, нюшкавалі праз шчыліны паветра з хлявоў, абыходзілі тыя хаты, у якіх яшчэ свяціліся вокны. Услед ім сунулася чорная постаць. На другім канцы сяла раптам забрахаў сабака, і па ўсім сяле тыя, каторыя грэлі насы ля голых, абезвалошаных брухаў у сваіх дашчаных халупках, павыскоквалі, раззяпіліся і ўзнялі страшэнны лямант, бо гэтак баяліся сваіх лясных родзічаў.

Ваўкі пабеглі ад вёскі. Натрапілі на сядзібу, што стаяла крыху наводшыбе. Падбеглі да хлява, шукалі курасадню. Дзверы былі дбайна пазачыняны. Ды вычулі ваўкі, што стаіць у хлевушку ранняе цялятка, пагнала сліну з рота, скрабліся пад дзверцы, і ўзнікла чорная постаць, дзвіньгнула засаўка, ад’ехалі дзверы, і пачуўся шоргат саломы, стрыманае гірчанне, раз’ятранае гіркатанне ўсчынілася... Пачвара тым часам дастала з цялячага закутка, у якім ваўкі ўжо валтузілі здабычу, вядро з недапітым пойлам і прагна прыгубілася... Карова за сценкай ярасна грымела рагамі ў сцяну... Нечакана пачуўся выразны шум аўтамабільнага матора, і пад самы хлеў пад’ехаў малакавоз.

З хаты выскачыў гаспадар, з кабіны вылез яго сын-вадзіцель. Заўсёды так позна вяртаўся з раённага маслазавода і калі-нікалі прывозіў флягу перагону. Толькі сын з бацькам згрузілі гэтую флягу, як раптам з прачыненых дзвярэй хлява адзін за адным выскачылі тры здаравенныя сабакі!

— Трымай! — прагрымеў гаспадар і кінуўся да дзвярэй, бо адтуль скакаў чацвёрты звер, а сын ухапіў паляняку і шпурнуў у цемру за ваўкамі.

— Бяжы ў сені па сякеру! — лямантаваў бацька на сына, налёгшы целам на дзверы, на якія з сярэдзіны здорава налягала нешта. Але пачуў, як затрашчала акенца ў супрацьлеглай сцяне, пачуў, як выдзіралі дошчачкі, якім было яно забіта.

— Хутчэй, сыне, сякеру!

Ваўкі павыскачылі ў прабітую дзірку, а ваўкалак пасунуўся ў адтуліну галавою і плячом і адчуў, што не пралезе. Крычалі людзі па надворку, вялікі жах апанаваў істоту, усё ж памкнуўся ў адтуліну... Храп пачуўся з хлява, лопат лапамі па сцяне, шоргат выпручвання...

У сціснутых грудзях не хапала паветра, цвікі з рамы ўпіліся ў цела... наперад дарогі не было, але ззаду была смерць.

 

 

VI

У тую ноч школьны качагар Сямён Піліпавіч вярнуўся дахаты а палове другой і, як звычайна, крышку перакусіў, папіў чаю. Лёг спаць, сіліўся задрамаць, але без канца варочаўся з боку на бок, уздыхаў, прыслухоўваўся да скулення свайго ганчака. Мярэсціліся нейкія гукі, падазроны шоргат. Потым сабака заліўся ярасным брэхам. «Звер мо які да сяла падышоў»,— падумалася, і гэтая думка аблягчыла Сямёна, і ён заснуў. Прахапіўся Сямён ад таго, што нехта часта і гулка лупіў у шыбу.

— Сямён, га Сямён, адчыніся!

— Хто там? — адазвалася спалоханая Сямёнава жонка. Ачомалася, адшчапіла дзверы. Яшчэ з сеняў, выдаючы сваё хваляванне, ранні госць глуха загаварыў :

— Што ж гэта на свеце робіцца? Ваўкі цяля разарвалі!

Сямён апранаўся не спяшаючыся. Такая навіна не была для яго нечаканасцю.

— Ваўкі, кажаш?

— А няўжо ж! — узмахнуў рукою чалавек. Гэта быў Пятрук, гаспадар той самай хаты, што стаяла ад сяла наводшыбе.

— Гэта ж прыязджае Валера пад ноч, флягу перагону прывёз,— крыху цішэй дабавіў Пятрук,— а тут — шарах, шарах з хлява, вот такія доўгія, як гэтая лава... А ў рукі ж няма што ўзяць. Я тады плячом дзверы прыціснуў, ды чую, праламілі акенца ды выскокваюць. Адзін, мусіць, ушчаміўся, пнецца, стогне. Ну, думаю, папаўся. Кінуў дзверы ды да дзіркі, а ён выпрышчваецца, касматы такі, пакуль ухапіў я нейкі дрын, ён назад ды праз дзверы і выскачыў.

— А чаго ж ты дзверы не замкнуў? — спытаўся Сямён, ловячы рукаў ватоўкі.

— Чым? Засаўку нехта спёр! Я ж кажу, дзверы былі адчынены, калі з сынам я флягу...

— Можа, нанач не зачынілі дзверы? — уставіла слова Сямёнава кабета.

— Ды жонка памятае, пойла насіла, дык была яшчэ засаўка. А каб іх чума ды халера пабрала... Як зайшлі ж да цяляці, а яно яшчэ цёпленькае пасярэдзіне...

Сямён узяў з паліцы шапку, мыркнуў:

— Пайшлі! — і накіраваўся да дзвярэй, але Пятрук перахапіў яго за руку:

— А гэта... ну, стрэльбу?!

— Так яны Сямёна са стрэльбай чакаюць,— адазвалася Сямёнава жонка, і мужчыны выйшлі.

Неба толькі-толькі прасвятлела. Сямён навязаў на раменьчык ганчака. Пятрук не мог ніяк супакоіцца:

— Як падсвяцілі ліхтаром, колькі ж там крыві і на сценах, і на дзвярах, нават на столі! Але ж хто гэта засаўку дастаў, вот што цікава?

— Зараз глянем, як там яна зачынялася, могуць і ваўкі самі выцягнуць...

— А яшчэ на цвіку ў вакенцы поўсці шматок аставілі, вось яна!

— Каб я што бачыў, але навобмацкі быццам воўна авечая.

— Зроду авечак не трымаў. Ты лепш панюхай, панюхай, ці будзе авечка такі смурод даваць?

З хаты выскачыла, пакрываючы галаву хусткай, Петручыха. Яна адразу загаласіла:

— Такое харошанькае, так выбрыквала надоечы! І на табе, на табе,— усплясквала гаспадыня рукамі,— адным малаком паілі амаль што, трэба было ж яму такому ранненькаму зарадзіцца. Раптам было, і раптам і няма...— Кабета змянілася ў рухах, сціснула пальцы шчопцем, паднесла гэты шчопаць да мужавага твару: — А казала ж табе: здамо адразу, каб без клопату, хлеў халодны, наскрозь ветрам прадзімае. Дык не! Забіў дошчачкай акенца, і ён гаспадар...

Зайшлі ўсе разам у хлеў.

— Свяці сюды, Пятрук, я зараз Сямёну пакажу... Во, Сямён, паглядзі на лысінку, пародзістая цялушачка выйшла б, во, зараз я кроў абатру, бач, лысінка! — кабета абгладжвала нежывую галоўку жывёліны.

Чакаючы, пакуль добра развіднее, Сямён стрымліваў сабаку, які чмыхаў носам, нецярпліва пакручваўся. Якое было здзіўленне, калі на цвіках аконнага праёма знялі яшчэ некалькі шматкоў поўсці і пагадзіліся на тым, што гэта была авечая воўна.

— Ніяк з аўчыны, ці што? — сумеўся Пятрук.

— А ты не хадзіў па агародзе? Што гэта за сляды... Што тут за злодзей лазіў, не пайму. Ці званіць у раён, можа, няхай следчы выязджае? Га?!

Па дарозе на калгасны пляц, дзе знаходзіўся тэлефон у чырвоным кутку, Сямён перастрэў калгаснага вартаўніка Ёсаля. Той, памагаючы рукамі і нагамі, расказаў пра начныя атакі ваўкоў. Пад канец спытаўся:

— А ў сяле ўсё ціха?

— Цяля парвалі ў Петрука... А вот, дзядзьку Ёсаль, вы кажаце, што дзверы нехта парасчыняў, дык хто ж?..

— А што я ведаю? Можа, хто камбікорм краў...

Сямён моўчкі павярнуўся ад разгубленага вартаўніка і, моцна задумаўшыся, пайшоў да тэлефона.

 

 

VII

Здавалася, гэта быў канец, але раптам з-за вугла паказаўся чалавек, і ваўкалак усунуўся назад у хлеў, кінуўся на дзверы, штурхнуў з усёй моцы і памчаў праз снег у цемень, адчуваючы незвычайную палёгку ва ўсім целе, і гэта надавала яму большай сілы, і нёсся па цаліку на волю... Добра адбегся... азірнуўся. Цьмяна вызначаліся відарысы яблынь, забудоў. Недзе наперадзе зніклі ваўкі, пакінулі пасля сябе ледзь бачны зер слядоў. Ох, якое лёгкае паветра для грудзей!

І было такое некалі?! Можа, сотні, тысячы дзён назад, бясконцы лік начэй прайшло, як гэтак жа радасна выбраўся на палявую дарогу, ступаў басанож па хрупасткай скарыначцы нечапанага пасля дожджыку пяску. Помняцца вусатыя каласы паабапал гэтай дарогі, а ён усё азіраецца і азіраецца, не верачы, што ён уцёк ад тых страшных людзей, што былі заехалі да іх у двор на сытых конях, не злазілі з коней датуль, пакуль бацька не выскачыў з хаты і не адагнаў ад коней сабаку.

— Пане паліцыянце, не штрафуйце...— прасіўся бацька ў гэтых людзей, але адзін з іх пачаў выпісваць квіток на сабаку, што быў не навязаны. Покуль бацька панура схадзіў у хату па злоты, паліцыянты спрытна агледзелі надворак, заглянулі ў пуньку, ласкава спыталіся ў яго самога:

— А дзе брэзент, цо ойцец пшынес?

— У с...— доўга не думаў хлопчык, і разам з бацькам яго забралі ў пастарунак у старым царскім вакзале. Бацьку вывелі, а потым, калі на хвіліну прачыніліся дзверы, хлопчык пачуў, як страшна, нема раве бацька. Хлопчык кінуўся туды і нешта страшнае ўбачыў... натапырчыліся валасы на галаве, скура ў бубачкі пабралася. Падвешаны нагамі да крука ў сцяне, уніз галавой вісеў бацька, з вялікай конаўкі яму ў ноздры залівалі газу... З крыкам наляцеў хлопчык на гэтых людзей, драпаўся, кусаўся, а яго штырхалі па зубах, нарэшце звязалі папружкай і занеслі назад у пакойчык. Праз нейкі час хлопчыка перастала калаціць, ён пачуў, як бацька прашлэпаў босымі нагамі па калідоры, доўга, пакутліва панавала цішыня, потым затпрукалі на коней і ў калідоры зашамацелі цяжкім скруткам брызенту, і шумнае дыханне бацькі пачулася, потым голас яго:

— Дзіця хоць адпусціце...

— Такі збуй, як і ты, нех седзі!

Сцямнела. Выразна захроп у калідоры ля стала паліцыянт, і хлопчык, якога нанач развязалі, узлез на закратаванае акно, дзе ў самым версе была крыху большая, чым астатнія, адтуліна. Сілком праціснуўся праз яе, пралез праз фортку... Пазногцямі чапляўся за шалёўку, каб не ўпасці, перабег дарогу, па бульбяной разоры выбег на поплаў і што духу памчаў па мокрай траве, адчуваючы, як з начным халадком урываецца ў грудзі радасць волі, п’янкая лёгкасць... У тую даўнюю ноч праблукаў па хмызах, баючыся і блізка падысці да роднай сядзібы,— а раптам чакаюць тыя людзі?.. На досвітку выйшаў на палявую дарогу ў жыта, нацёр зерня з каласоў, вырашыў ніколі дахаты не вяртацца... Ці ж не пражыве ў лесе адзін, далей ад тых страшных людзей у форменнай вопратцы?

 

 

VIII

Сямён вяртаўся з калгаснага пляца. Яму як паляўнічаму здавалася больш верагодным, што ваўкі былі ва ўсім вінаваты. Зіма выдалася халодная і галодная, вось і выйшлі да людзей. А тым бы толькі і прычапіцца да ўсялякай няяснасці — такога наплятуць! Яйкі прападаюць з-пад курыцы — балацянік з балота прыходзіць ласавацца. А каб пашукаць вужаку пад калодай або вожыка падпільнаваць у хляве — навошта?! Вунь і сароку на жэрдку пачэпяць, каб ліхі мінаў, або ў некаторых перад хатай слуп такі ладны ўкапаны. Гэта пад слупком такім дзядок хатні жыве, той, што да спагады ў хаце прыводзіць.

Ля крамы здалёк была відаць купа людзей, пасярод якой стаяў Ёсаль і зацята расказваў.

— Ну, дык, кажаце, адзін з іх — ваўкалак? — перапытвалі Ёсаля механізатары.

— Ну, хлопцы, не расказаць,— бажыўся Ёсаль,— самлець можна, на яго глянуўшы. Чорны такі, касматы, рукі расставіў, а як я на яго з віламі, дык ён кулік-кулік у ваўка...

— А з кім вы, дзядзьку, учора пілі?

— Мабыць, ты малады яшчэ такое на мяне казаць,— з дакорам гаварыў Ёсаль,— а вунь Сёма ідзе, не дасць збрахаць.

— Ну, давай,— маладыя пераміргваліся, цмыгаючы кароценькія цыгарэткі. Усім была вядома паляўнічая фантазія Сямёна.

— А хто яго ведае,— пачаў Сямён,— рознае на свеце бывае. Раней было так, што сусед насуне вывернуты кажух ды і падыдзе да хаты. Падцікуе загадзя, дзе ў свайго ж суседа сцягенца вісіць, заткне дзверы калочкам, ціхенька лесвіцу да страхі прыставіць, прадзярэ саламяны верх ды і свісне мяса. Паспрабуй упільнуй. Як баба якая ўгледзіць — чорт па страсе лазіць...

— Мабыць, ты пра Грыца расказваеш? — адазвалася раптам бабулька, што таксама падышла да крамы з бутляю з-пад алею. Гэта была сагнёная да зямлі, ссівелая Маланка, якая мела славу шаптухі.— О-о-о. Той быў майстар украсці, нездарма яго дыфізіва цягала. Як хто што ўкрадзе, адразу да Грыца. Б’юць, пакуль не прызнаецца. Ён хворы на гэта быў. А выходзіць ад каго з хаты, дык цап рукою ў сенях, што пападзецца — батог, лапату дзераўляную або проста дзяркач які накрые крысом ды нясе.

Маладыя ўважліва слухалі старую, некаторыя крывілі вусны ва ўсмешцы.

— А ў іх уся сям’я была такая ненармальная,— адазваўся Сямён,— сядзеў дурань на печы ў хаце іхняй. Як ні зайдзеш — дзежку абнімае. Поўная рошчына ў нас, гаворыць...

— Яго ж потым немцы застрэлілі,— уставіў Есаль,— думалі, партызан пад дурня прыкідваецца. Пад бок аўтаматам штырхнулі, маўляў, злезь з печы, а ён як вызверыцца...

— Звераватыя ўсе яны былі,— загаварыла зноў Маланка, хлопчык іхні ў лес раз уцёк ад пераляку, насілу вышукалі. А ён здурнеў, ці што, хто ведае гэта... Пад кустом нару выграб сабе, верашчыць, што тая лісіца, не падпускае, кусаецца, драпаецца. Зацягнуў яго бацька дахаты, а ён і не есць нічога, крадком, як нікога няма ў хаце,— са сподачка з катамі хлебча...

— І вас пазвалі з яго нячысціка выганяць?

— Зараз жа дактары ёсць, а тады? Небарака дайшоў да таго, што посцілку зубамі цягае, ваўчаня, дый годзе... Ды доўга я не думала, зайшла ў хату ды да яго падушачкі. Мац-мац, давай нажнічкі, пароць будзем, на маці кажу. У рагах падушкі гэтай каўтун выстрыжаны, нітачкі з вузельчыкамі, костачкі тоненькія, кручочкі і вілачкі, усё кручочкі і вілачкі. Панесла маці хлопчыка гэтага тую падушку на скрыжаванне чатырох дарог ды пачала яе паліць, а яго курчы як узялі, пену пагнала...

— Гэта яго нячысцік пакідаў,— з прыхаванай хітрынкай сказаў адзін з хлопцаў.

— Не. Гляджу я на яго, адкуль узяўся, вот такесенькі ваўчучок маленечкі. Крычу Грыцу, адчыняй дзверы. Яго пагонім!

— Трэба было яго злавіць, ды ў скрынку якую, ды...

— От табе ўсё зубы скаліць... От праз вас такіх і не абмінае сяла Ён...

— Мы яго хутка ў карчах вылавім. Вот асушым яшчэ Дзікае, куды яму дзецца? Уловім, пасадзім у клетку, па тэлевізары паказваць будуць.

Бабулька махнула на маладых рукой ды адвярнулася.

Да вечара хадзілі па сяле ўстрывожаныя чуткі. На другі дзень да Сямёна збіраліся паляўнічыя, ля яго падворка стаяў «уазік», на якім прыехалі з раёна — прывезлі чырвоныя сцяжкі. У хаце гаспадыня ўстаўляла стол талеркамі, на кухні на патэльнях апетытна сквірчэла.

— Каня я ўпрог у сані,— звярнуўся Сямён да старшыні таварыства паляўнічых,— пераабедаем крыху ды пойдзем.

— Наконт перакускі ці не лішне? — пачаў адгаворвацца старшыня.

— Не-не-не! Няможна так, першы раз у хаце ды адмаўляецеся,— запярэчыла гаспадыня.— Давайце падсмыкайце лаву, каб усе паселі. Крышку цеснавата, але нічога, нічога...

Праз нейкі час у хаце добра-такі гуло.

— Добра зрабілі,— хваліў старшыня Сямёна,— што пазванілі. Мы, бачыш, як хутка арганізаваліся?

Сямёну ж было на думцы, што дзень падышоў пад палавіну, што трэба спяшацца, ды маглі падумаць, што вытурвае з хаты, таму нерухома сядзеў на лаве, падтакваў гасцям. Нарэшце выпхаліся з хаты, гуртом задымілі цыгарэтамі, загрузілі на каня сцяжкі, паселі самі. Сямён на лыжах стаў на ўчора зробленую лыжню, калі высачыў звяроў.

 

 

ІХ

Ваўкі і не думалі вылазіць з асочанага лясочку. Тут, недалёка ад рэчкі, было зацішна. Не ўпудзіліся звяры і тады, калі да лёжкі прыцёгся па іхніх слядах ваўчыны павадыр. Важак, якога яны не заўсёды слухалі. Аброслы густым валоссем, пакрыты заміж шапкі дзіравай анучай чалавек апусціўся на калені ў снег. У роце заставаўся смак выпітага цялячага пойла. Зараз дзе б зашыцца ў стог, пакуль не галодны. Што б ні зрабіў дзеля сыткасці. Цяпер звычайная справа падцікаваць, калі гаспадыня вылье мешанку свінням, і залезці ў свінушнік. Там ён гаспадар над карытам. Які дзівак быў тады, калі саромеўся сябе самога, грэбаваў такім сілкаваннем. Яму здавалася, што гонар яго застанецца нечапаны. Ён вырас з зямлі, сілкаваўся з зямлі. Але свіное карыта ўратавала яго ад смерці. Даходзіў з галадухі сцюдзёнай зімой, калі падтапіла нечаканая паводка яго сховішча. Выпала так, што быў гэта адзіны выхад: упаўзці да свіней, адагнаць ад карыта, зачарпнуць лапай... Чаму яго тады так сутаргава сцінала, выварочвала? Ці не тады ж выплакаў у закутку ўвесь свой гонар? Свінні доўга прыглядваліся, бачачы яго бясшкоднасць, падыходзілі да сваёй ежы і ціхенька цмокалі...

Горай было з сабакамі. З усіх жывёл яны былі найбаязлівейшымі. Каб якога ўлавіў, дык раздзёр бы за лапы. Абарона ад іх была адна — каменні. Каменні прыходзілася насіць з сабою, набіраючы іх на чыгунцы. Колькі разоў сярод ночы сустракаў хуткі цягнік.

Ахоплены снежным пылам экспрэс налятаў, і яму даводзілася на скрут галавы кідацца пад адхон. Мільгалі асветленыя вокны з беленькімі фіраначкамі; ён паспяваў выгледзець мужчын і жанчын, якія сядзелі за столікамі, або стаялі і курылі ў тамбурах ці праходах, або правілі свае прычоскі, або вячэралі... Закрываў твар рукамі, хацеў на большы час затрымаць гэтыя зрокавыя ўражанні ў вачах. Але ўсё знікала, растваралася ў цемрадзі, як чырвонае святло ліхтара апошняга вагона. Яму заставалася ягоная цемрадзь, у якой ён шукаў сваю волю. Свет, усё людскае: сама чыгунка, вакзалы, пераезды, тэлеграфныя слупы, чалавечыя сляды, і больш за ўсё людзі ў форменнай вопратцы — раджалі пакутлівы страх, які знікаў у цемнаце або ў лесе, на адзіноце. З цягам часу заўважыў, што ад цягнікоў бяды няма. Баяўся толькі, каб яго не ўбачылі з акна. Прыходзіў на чыгунку ў адпаведны час, чакаў экспрэса, чакаў салодкага для вачэй блакітнаватага ззяння вокнаў, чакаў, што хто-небудзь убачыць яго і ўсміхнецца яму... Нехта з тых, што сядзелі па ўтульных вагонах і пілі гарбату. І вось экспрэс налятаў, холадна бліскаў ззяннем, чадзіў мазутай, і патыхаў саладжавым смуродам, і знікаў. Аслеплены нечаканым святлом, доўга разглядваўся, спускаўся ў лес, валокся па снезе. Нападала невыносная туга, падаў ніц, тузаў пераблытаную, напоўненую паразітамі бараду, качаўся па снезе. Стаміўшыся, выў на ўсё горла. Прыслухоўваўся да водгаласся і зноў роў і скуголіў...

Каб перабіць смак пойла, чалавек выпрастаўся і падышоў да шыпшынавага куста з памёрзлымі ягадамі. Той-сёй з ваўкоў падняўся з лёжак... Адзін падбег да другога боку куста і пачаў лавіць мордай шыпшыніны... Чалавек замахнуўся — звер адскочыў, доўга глядзеў на чалавека, вярнуўся на сваю лёжку і скруціўся баранкам. Шыпшынавая мякаць была кіславатая, з няўежнымі валосікамі. Чаго яму толькі не прыходзілася паспрабаваць на смак! Горкія і пякучыя пупышкі розных дрэў, салодкія валокны маладых соснаў, кісліну леташніх журавін... Адна частка яго істоты была запоўнена страхам, другая — імкненнем выжыць, не прапасці без ядунку. Горкі вопыт навучыў яго рабіць запасы, пастаянна клапаціцца пра заўтрашні дзень, адкладваць нешта ў схованкі, якія былі пароблены ў дуплах дрэў, пад пнямі, у падмурках вывезеных хутароў. Прырода выштукавала з яго адмысловага паляўнічага і рыбалова. Памяць утрымлівала сотні ручаёў, выжарын, капанак і сажалак, на якіх можна было пасвіцца. Летам было лягчэй. Ведаў карчы, пад якія заходзіла ў спёку рыба, залазіў з галавою, вылазіў заўсёды са здабычай. Шчасцем было натрапіць на дзікую качку з вывадкам і, калі быць уважлівым, вылавіць усіх качанят. А задыміць жоўтым пухам вербалоз, і ён будзе дзерці кару, вязаць акуратныя вярчы, каб навязаць іх многа-многа. Потым трэба нешта рабіць з травою. Ён жа будзе касіць! Якая радасць касіць на далёкім Змяіным востраве, дзе нікога ніколі няма, куды вядзе патаемная кладка праз дрыгву, а сена можна забраць толькі зімою, калі стукнуць маразы. Недзе ж там на востраве ляжаць каса, малаток і бабка... Там зусім нікога няма. Там на купінах гнёзды качак і чапляў, там дзікія козы прыводзяць малюсенькіх казлянятак, туды, як у самае глухое і бяспечнае месца, збіваюцца ліняць качары. Але мільгае раптам белая хустка між бярозак зялёных... нехта знаёмы падыходзіць усё бліжэй і бліжэй. Гэта жанчына, але нельга распазнаць яе рысы... Хто гэта такі, хто гэта такі?..

Звяры то сцішана ляжалі ў снезе, то раптам пачыналі старанна вылізваць лапы, выкусваць блох, прыемна пацягвацца ў сваіх качавілах, натапырваць вушы на які падазроны гук, але потым зноў прытыркаліся заспакоеным прыжмурам да лапаў. Толькі чалавек, калі гэтую істоту можна было яшчэ назваць чалавекам, ляжаў нерухома, як спілаванае, пачарнелае дрэва.

Пасыпаў зверху драбнюсенькі сняжок.

 

 

Х

Сямён упэўнена выходзіў на воўчую лёжку. Ваўкі астаўлялі пасля сябе добра прыкметны равок слядоў. Метраў пад трыста ззаду парыпвалі гужамі сані з паляўнічымі. Сямён уязджаў у равы, прадзіраўся праз ажыннік, губляў след на балоце, дзе ваўкі пайшлі па мокрадзі, ішоў напрасткі, кіруючыся ўчарашнім сваім следам. То супадаючы, то перасякаючы ваўчыныя сляды, значыліся нечыя ступакі, як быццам ад валёнкаў. «Хто б гэта мог тут хадзіць?» — думалася Сямёну. Ён здорава ўпацеў, але марудзіць было ніяк нельга, і так затрымка выйшла. Неўзабаве Сямён выйшаў да невялікіх асінак. У гэтым ляску яны і спыніліся. Паляўнічы пачаў абходзіць лясок, даўшы знак людзям на санях, каб спыніліся і сцішыліся. Абышоўшы кругом лясок, Сямён махнуў рукою, каб злазілі. Сляды з ляска не выходзілі.

— Сцяжкамі адрэжам ад канавы і ад лесу, а стралкі пастануць на балоце,— шаптаў Сямён і пачаў памагаць разблытваць катушкі...

 

 

ХІ

Цьмяна-шэрае неба цяжка вісела над зямлёй. Ваўкі драмалі ў сваіх заглыбленых ложах у снезе. Варушыўся побач і чалавек, мабыць, прачнуўшыся. Ён з хруптам ва ўсім целе пацягваўся, пазяхаў, паказваючы ў зблытанай барадзе ружовы равок рота. Потым шчыльней захінуўся ў свой месцамі аблезлы, вывернуты аўчынай наверх кажух, скуксіўся, пачаў кімарыць. Зверху ўсё церушыў і церушыў дробненькі сняжочак. Гэта добра, снег схавае след. Сваіх слядоў ён асабліва баяўся, яны былі яму ворагам, калі выпадаў снег. Тады прыходзілася тыдзень сядзець на адным месцы, а гэта было страшна. А не дай бог паляванне. Калі вычуваў брэх ганчака, чым хутчэй падаваўся ў гушчэчу прырэчнай пушчы. Там былі сякія-такія схованкі, выкапаны пад каранямі дуба берлаг. Ды голад гнаў цягацца ля людскіх паселішчаў. Хадзіў па людскіх дарогах, сцежках. Выходзіў на выжары, на якіх былі нанач пастаўлены кашалкі. Разбіраў салому, напіханую ў ваду, каб не замерзла, выцягваў кашалку на лёд і вытрэсваў уюноў. Пасля апускаў кашалку, замаскіроўваў яе саломай, як было. Уюны нейкі час юхляліся па лёдзе, потым касцянелі. Ён зграбаў рыбіны і ішоў па той жа сцяжынцы, па якой прыйшоў, каб не было слядоў. Ад прыгуменнага стажка пераходзіў на дзіцячую коўзалку. Адсюль не страх падацца на ўсе чатыры бакі.

Можна было накласці ў пушчы агню. Для гэтага трэба высачыць, калі якая гаспадыня вынесе попел з вугельчыкамі. Пакуль ён тоіцца на сваім гледзішчы, з усяго сяла сцякаюцца сабакі. Пасеўшы на агародах, яны чакаюць, пакуль ён з’явіцца з-за вербаў. Бразгаюць дзверы, кабета перакульвае вядро, бліскаюць такія жаданыя жарынкі. Цяпер застаецца адваяваць агонь у сабак. У руках — добры кій, у кішэнях — каменні. Выходзіць з-за вярбы, сабакі ўздымаюць такі страшэнны лямант, заліваюцца многагалосым брэхам, што робіцца боязна, каб не выйшаў чалавек паглядзець: чаго гэта сабакі непакояцца? Трэба счакаць, але нядоўга, бо вугалёчкі згараць, знікнуць у цемры. І застаецца адно — атакаваць. Раскідаць па сабаках каменні, пакуль яны разбягаюцца, памчаць на агарод, набраць вугельчыкаў у загадзя нарыхтаваную бляшанку і імчаць назад. Сабакі ачомаліся, даганяюць. Ага, вот табе так, вот табе гэтак! Кіем па чым папала... А зараз глыбей у нетры, у самую глушэчу развесці цяпельца...

Чалавек перакруціўся на снезе. Тая прырэчная вёска, дзе ён часта краў ад людзей агонь, недзе недалёка адсюль. Дзесьці побач, у высокім лесе, здабыў ён сабе і новы кажух, які зараз, праўда, ператварыўся ў ашмоцце, перавязанае анучамі. А тады быў ладным кажушком. Паўстаў перад вачамі сцюдзёны бясснежны лес, чуўся грукат калёс па замёрзлых грудках зямлі. Чалавеку на возе трэба было высечы добры слупок, бо ён спыніўся, прывязаў каня і пайшоў з сякераю па лесе, прыглядаючыся да дрэў. Нарэшце ён упадабаў ладны дубок і пачаў завіхацца ля яго, скінуўшы кажух. Ссекшы яго, павалок на плячы да воза, пакінуўшы ля пянька сякеру. Калі ён вярнуўся, ні сякеры, ні кажуха не было. Дрывасек зазіраў пад кусты, кратаў счарнелае лісце на зямлі, вяртаўся да воза, перакідаў там усё, але дарэмна. Потым падазрона пачаў глядзець у лес, адвязаў лейцы, асцярожна азіраючыся, пагнаў каня з лесу.

 

 

XII

Сцяжкамі адрэзалі ваўкоў ад лесу і ад берага рэчкі. Толькі адзін выхад — на паляўнічых. Сямён папярэджваў маладых:

— Толькі не шумець і не спяшацца, а то пойдуць на сцяжкі...

Між тым паляўнічыя азяблі, ад лёгкага марозлівага ветрыку слязіліся вочы...

А ваўкі даўно вычулі і шэпт, і шолах адзення, і пасморкванне. Некаторы час ляжалі ў сваіх снежных пасцелях і баяліся кранацца з месца, бо здавалася, што гэтыя гукі прынеслі страшную расплату за тую пагулянку на чалавечай сядзібе. Кінуліся ваўкі да лесу, але чырвонымі плямамі смерці вісела ў тым баку на кустах чалавечае ашмоцце... У маленькіх, цвердакосных чарапках мроіліся вобразы гнеўнага чалавека... Цяпер тая кроў, што нядаўна абмывала страўнік, адліла ад бруха і перапоўніла цягліцы па ўсім целе, насычаючы іх сілаю і энергіяй. Трэба было ратавацца ад людзей, якія паселі навакол з цяжкімі стрэльбамі і задаволена пачмыхвалі. Нібы незвычайная сіла размяла ваўкоў па лясочку, але яны зноў збіраліся ў лагчынку. Кожная частачка звярынага цела патрабавала дзеянняў, бо толькі дзеянне магло прывесці да збавення. За любую цану, за кроў пралітую, за выбітае вока, прастрэленую лапу, але выратаваць жыццё!

Сёй-той з паляўнічых заўважыў, як з-за тоненькіх асінак то з’яўляюцца, то знікаюць шэрыя цені. Але страляць было далекавата.

Нестрымана насіліся сэрцы, пампавалі ясна-чырвоную кроў, звярыныя вочы, здавалася, у апошні раз бачаць дробязі жорсткага свету. Заставалася яшчэ жывой пашча, напоўненая моцнымі ікламі, язык адчуваў вільготнасць, глыбока ў грудзі ўлятала свежае паветра. Што было за яго саладчэйшым?..

Сямён даў каманду. Паляўнічыя пачалі прачэсваць абкладзены лажок. Але чым глыбей заходзілі паляўнічыя ў асінкі, пераступаючы цераз паваленыя дрэўцы, заглядваючы пад кожны куст, тым большы рабіўся выраз недаўмення на твары. З таго і з гэтага бакоў сышліся паляўнічыя да сцяжкоў — няма нічога!

— Шукай сляды, мо праз сцяжкі пайшлі...

— Сцяжкі ўсюды цэлыя, каля сцяжкоў слядоў няма,— адгукнуліся тыя, што ішлі па лініі сцяжкоў. Сямён пабег праз сплеценае голле ў гушчар, дзе павінны быць ваўчыныя качавілы... Вострыя пупіхі асін колюць у твар, вось і цёмныя праяміны ў снезе. Куды павядзе след?

 

XIII

Санлівасць як рукой зняло, калі ўбачыў мітусню ваўкоў. Самае страшнае было тое, што ваўкі бездапаможна носяцца па хмызняку, нікуды не ўцякаюць. Колькі разоў яму прыходзілася ўцякаць ад паляўнічых! Колькі разоў быў на валаску ад выкрыцця, што было горш, чым пагібель...

Тулячыся за кусты, ён споўз у самае нізкае месца лагчынкі. Што рабіць? Выглядзеў здалёк нейкія чырвоныя анучкі на шнурку. Побач з ім поўзалі ашалелыя ад страху ваўкі. Ён нялоўка накалоўся на востры пянёк, што застаўся ад згрызенай бабрамі асінкі. Вокамгненная здагадка працяла наскрозь. Недзе тут ён бачыў калісьці праваліны бабровага падзем’я. Так і ёсць, недалёка чарнее праяміна. Трэба разграбці нару шырэй і ўціснуцца ў гэты праход. Каб не цягаць асінавыя дрэўцы паверсе, бабры пракапалі ад ракі сюды, у гэты лясок, падземны ход. Такія збудаванні называюцца бабровымі метро. У тарфяністай зямлі звяркі выкапалі шматпавярховыя лабірынты, схаваныя ад людскіх воч. Пад зямлёй змяшчаліся залыспальні, прасторныя сталовыя, бакоўкі для адпачынку, закуткі-кладоўкі з асінавымі галінамі, адноркі для смецця, пералазы з ходу ў ход, запасныя выхады на паверхню. Не адно пакаленне баброў вывелася ў гэтай вольніцы, таму і тунель, што вёў з лажка, быў такі раз’езджаны, разшорганы. Цяжка было паўзці чалавеку па гэтай нары: то зверху асыпалася тарфяная крошка, то ўлазіў рукамі ў сцюдзёную лепятоху. Калі знерухомеў, каб перавесці дыханне, пачуў адзаду знаёмае хаканне. У нос ударыў смярдзючы выдых — то паўзлі за ім ваўкі. На дне падземнага калідора забулькала вада. Гэта сведчыла пра блізкасць ракі. Чалавек чуў саладжавы пах бабрынага памёту. Убіўся ў нішу. Ваўкі пашпарылі далей, гучна ляскочучы лапамі па вадкай гразі. Яны няўрымсныя, пад зямлёй не пераседзяць. Але хто яго можа дастаць з-пад зямлі? Ён зараз сцішыўся. Ён заўсёды, калі перамагаў, быў зларадны і заўсёды даваў знаць гэта людзям. Гэта пачалося з той нешчаслівай пары, калі пачалі яго турбаваць летам, ганяць з наседжаных патаемных месцаў. Спачатку яго пагналі з Куналавага балота трактарамі. Ён перасяліўся на Зарэчку. Але бульдозеры вытурылі яго і адтуль. Перайшоў жыць на Берашчаны, глухое месца — густыя альховыя кусты пасярод гнілой вады,— ды і тут заракатаў бульдозер, зафурычыў экскаватар і вясёлыя маладыя людзі з шумам цягаліся па балоце, ставілі палікі, адмервалі нешта рабой дошкай. Асабліва страшным было тое, што гэтыя хлопцы ставілі на трох нагах бліскучую штучку і па чарзе глядзелі ў яе. Падумалася, што, можа, гэта той інструмент, у які відно яго, самага патаемнага ўцекача. Ні трактароў, ні бульдозераў, нават вялізарных экскаватараў так не баяўся, як гэтай д’ябальскай аздобы на трох нагах. Здавалася, яму прыходзіць канец, вышукваюць яго пры дапамозе гэтай штучкі... Гэта яго шчасце, што хлопцы не заўсёды добра сцераглі гэты апарат, і аднойчы, калі людзі здорава адышліся ад таго месца, дзе стаяў ён на трох нагах, блішчэў сваімі фіялетавымі шкельцамі, ён выпаўз з-пад куста, зняў з сябе брудную світку і накінуў на верх апарата, звёў яго павучыныя ногі і памчаў у гушчэчу... Як соладка было здзекавацца з гэтай прылады... У рэшце рэшт зайшоў на глушэц — затхлае, глыбокае старарэчышча — і закінуў яго на сярэдзіну... Людзі дні са тры лазілі па балоце, шукалі, а ён адбягаўся чым далей і гучна пачынаў рагатаць! Кідаліся маладыя на гэты рогат, ды ён уцякаў патаемнымі грэблямі ды пералазамі ў другія месцы... Усё роўна людзі выгналі яго з наседжаных месцаў. Яны зруйнавалі кусты, пазасыпалі выжары, накапалі канаў, балота сцякло, сплыло вадой і засохла. На ім зараз пасвяцца рабыя танкаскурыя каровы. Даводзілася адыходзіць далей ад людскіх паселішчаў, ладзіць новыя схованкі, прызвычайвацца і да таго, што нават у самую глушэчу забрыдалі людзі.

У гэтай нары — вольна, у гэтым сховішчы — лёгка.

 

 

XIV

Сямён ажно схапіўся за шапку, настолькі ён здзівіўся, калі ўбачыў, што ваўчыныя сляды сплываліся ў адно месца і знікалі ў чорнай дзірцы пад зямлёй. Спачатку падумалі, што гэта воўчае лагво, наставіўшы стрэльбы, падышлі бліжэй...

— Дык гэта ж бабровы пралаз! — усклікнуў Сямён.— Яны да рэчкі выпаўзуць, хутчэй туды!

Але было позна. Пакуль паляўнічыя дабеглі да рэчкі, ваўкі выкараскаліся з падзем’я і імчалі па замёрзламу рэчышчу. Перад імі была адкрыта ўся прастора. Чырвоныя, як кроў, сцяжкі засталіся ззаду. Але нечаканасць ішла за нечаканасцю. Не паспелі паляўнічыя згубіць ваўкоў са свайго зроку, не паспелі ў адчаі, што паляванне прайшло марна, як след вылаяцца, але над галовамі гулка зазвінеў верталёт, які даўно недзе туркатаў над лесам.

— Гэта геолагі! — закрычаў старшыня таварыства паляўнічых.— Пэўна, бачаць зверху!

Зверху сапраўды бачылі ваўкоў, якія адзін за адным ускоквалі з замёрзлай ракі ў яловы падлесак, выляталі адтуль і імчалі далей на поле. Вінтакрылая птушка знізілася над ваўкамі наколькі змагла. Ваўкі разбягаліся ад гудзення турбін у розныя бакі. Лётчык выбірае аднаго са звяроў і пачынае яго гнаць. Воўк ускочыў у густыя кусты, стаіўся там. Верталёт насеў ніжэй над маладняком, ажно зацерабіліся ад струменяў паветра адна аб адну галіны. Ашалелы ад гуду звер выскачыў на ўезджаную трактарамі дарогу...

Раптам унізе пад лётчыкам прамільгнулі коні, што ўспуджана асядалі ў аглоблях саней, паляцела, закружыла сена са стажкоў, на якіх стаялі людзі, што пазадзіралі галовы ўверх і трымаліся за шапкі. Між стажкоў, каля коней, каля людзей прамчаў воўк. Ён пёр па дарозе, па якой расцягнуліся цугам некалькі саней, нагружаных сенам. Ад свісту верталётных лопасцей коні вылузваліся з аглобель, адна пара кінулася з дарогі на цалік... Воўк імчаў па дарозе, якая ўлягалася ў сяло. Магчыма, там быў яго паратунак, але толькі не на снезе, дзе адразу ўгруз бы... Дрэвы, кусты, нарэшце, плот! Людзі, дамы, куры, бярвенні... Верталёт рэзка ўзлятае над высакавольтнай лініяй, а пакуль далятае да сяла, воўк губляецца сярод хат, пунек, платоў, дрэў... Паветраны дракон над самымі камінамі праехаўся, разляцеліся свойскія птушкі з двароў, каровы ў хлявах на сцены нагамі палезлі, а воўк знік, як кавалак цукру ў кіпені. Верталёт зрабіў адзін круг над сялом, другі... Потым застракатаў высока, аддаляючыся ў бок лесу...

А ў гэты час у сяле адзін дзядуля, што праляжаў паўзімы на печы і нічога не здарылася цікавага, раптам пачуў праз адчынены комін незвычайнае гудзенне і рокат, не вытрываў, споўз з печы нагамі ў валёнкі, выскачыў на вуліцу... а тут здаравенны шэры сабака — шась у незачыненыя сені... Схапіўся дзед за тычку, зазірнуў туды: хадуном хадзілі паўсцістыя бакі загнанага ваўчугі, раскрытай пашчай хапаў у распаленыя грудзі паветра, быццам асцой гнала ваўку сліну, і чорнымі плямамі расплывалася яна на падлозе каля вёдзер, мяхоў з мукой, скрынь і скрынак, панавешанай адзежы, старых ботаў і нейкіх клункаў, што бывае звычайна ў сельскіх сенях. Дзед з нейкай замілаванасцю глядзеў на ляснога звера, што зірка лыпаў вачыма, нібы прасіў літасці ва ўсіх гэтых чалавечых рэчаў, што акружалі яго. Вочы, што нядаўна ажно вылупіліся ад страху, цяпер сп’янелі, заслязіліся, воўк пачаў ачомвацца... І пачуўся голас чалавечы:

— Э-э-э, мусіць, добра табе прыперла, калі ўскочыў сюды, паратунку шукаючы. Загналі бедалагу, язык з рота вывальваецца...

А воўк паварочваў галаву так, каб не сустрэцца з чалавечымі вачамі, хаваў свой позірк, нібы нешта самае каштоўнае, нібы тое, што было даражэй нават за жыццё, якое перадаў у рукі людзей, калі ўскочыў ад страшнага клёкату зверху ў гэтыя драўляныя сені.

Дзед не стаў больш журыць ваўка, адступіўся ад дзвярэй, звер баязліва вызірнуў за парог, высока пераскочыў яго і пабег на агарод, на поплаў, за якім разлягалася парослае негустою лазой балота.

 

 

XV

У падземным ходзе быў чуцен гул, але чалавек перачакаў яго. Трэба было стаіцца да вечара, паляжаць у тарфяной пасцелі. Прайшло некалькі часу, асклізла, холадна і няўтульна зрабілася ў гэтым логвішчы. Падступаўся і холад. Адразу акалелі ногі, потым рукі. Ад холаду, ад прымусовай нерухомасці заныла ў грудзях. Здавалася, быццам нехта забірае сэрца ў ледзяныя далоні і цісне, цісне... Гэтак балела і гэтак жа рабілася прыкра, як тады, калі яго ўлавілі ў свінушніку. Застала яго гаспадыня, калі сілкаваўся з карыта. У такіх выпадках можна, як заўсёды, было зараўці дзіка, і чалавек ляцеў прэч на скрут галавы, але гэтая кабета выхапіла з кутка кол і так пачала біць яго, лупіць па руках, якія ён выстаўляў, баронячыся, а яна бязлітасна лупцавала, парыла ў карак, цэлілася ў галаву. Ён тады думаў, што яна заб’е яго, але раптам яна кінула кол, выскачыла на двор, загаласіла дзікім голасам: «Ваўкалак, ваўкалак! Памажэце!» — і хацела зашчапіць яго ў хляве, але ён з разгону ўдарыў плячом у дзверы, кабета адхіснулася, ён вырваўся і даў цягу. Так было тады прыкра, так балелі пабітыя пальцы на руках... і так захацелася, каб нехта пашкадаваў яго, каб хто хоць слоўца адно суцяшэння сказаў... Тады ішоў па лесе і моцна-моцна плакаў... І не заўважыў, як ногі вынеслі да знаёмых мясцін, да роднай агароджы, да мілага відарыса хаты. Звыкла, як рабіў гэта калісьці, прайшоўся па надворку і палажыў руку на клямку, выткнуў калочак з зашчапкі... Знаёмы пах у сенях гаркаватага збожжа з вялізнай бочкі ў кутку, з застрэшша льецца струмяны водар назапашаных зёлкаў... З кутка нясе смуродам ад вялізнай каністры, у якую наліта газа... Чаму гэты пах такі непрыемны, такі смярдзючы, чаму гэтая каністра так паслужліва для памяці цямнее, неяк нават падстаўляецца для позірку? Што ты хочаш сказаць, каністра? Чаму ад цябе грызе душу смутак, пячэ ўсярэдзіне? Ну, што ты хочаш сказаць?

І як толькі ён кранае каністру, яе жалезнае вечка, удыхае смуродны чад газы, нібы прасвятляльны струмень абмывае галаву, ачышчаецца ў ёй усё, з’яўляюцца знаёмыя постаці, шумяць, гавораць свае людзі і злыя чужынцы. І чыста-чыста ўспамінаецца, што ўтварылася тады...

Спачатку на дарозе пачуліся гукі гармоніка, рогат хлопцаў і смех дзяўчат. На падводах, акружаная немцамі і паліцаямі, ехала з сяла набраная для Германіі моладзь... Праз смех і музыку чуўся плач і енк. Загрукалі ў дзверы і да іх. Сярожа, які звыкла сядзеў на печы, лупаў сваімі светлымі вачамі, поўнымі лагоднасці і дабрыні, адно што ў іх не свяціўся розум, абняў дзяжу з расчыненым хлебам, ласкава кранаўся шчакою вечка, што сядзела на пульхным цесце, і, гледзячы немцам у вочы, сказаў:

— А ў нас — поўная рошчына! — І тут пачалося тварыцца нешта страшнае, пачалі вытурваць маладых з хаты, адзін немец прычапіўся да Сярожы, і бацька, і паліцаі з тутэйшых крычалі немцу, што ён — небарака, дурань, вар’ят, а немец вырашыў, мабыць, праверыць, ці хлопец не прыкідваецца, штырхаў яго дулам пад рэбры і паказваў свае рэдкія, крывыя карані зубоў. І тады нешта брыдкае, здзеклівае вычварылася... Нешта неразумнае, неспасцігальнае розумам... Памятаецца дзікі голас, потым паляцела дзяжа з печы... расплывалася на падлозе цеста пухірамі, бацька стаяў ля дзвярэй босы, ускудлачаны і з жудаснымі вачамі, а хата напоўнілася сінім, пахучым, як у царкве, дымам пасля таго жалезнага скіргату, пасля якога залажыла вушы... Здаецца, тады яшчэ ён драпаўся і біўся, і білі яго і выбілі, скрышылі пярэднія зубы... І каністра тады з’явілася, і маці вырывала каністру з рук... А што далей было? Што далей было? Ага, яшчэ саскочыў з падводы, і ціўкала пранізліва над галавой, і трэскі, што кулі адсякалі ад дрэў, уколвалі ў шыю... Усё. Больш нічога няма ў памяці. Цемра. Такая, як у гэтых сенцах. Цемра ў галаве і цішыня. І не вызавеш больш вобраз бацькі. Не заві, не прыйдзе. Недзе застаўся там, не ў гэтай, а ў той, мінулай хаце, абплясканай па прызбе бензінам... Больш нічога не раскажа і гэтая каністра... Дзе ж тут клямка ў пакоі, яе варта крануцца ледзь-ледзь, і яна адразу падскочыць, нібыта абрадаваная, што гаспадар прыйшоў.

Хата... Вокны бледныя. Пахнуць лугавою вадою дарожкі, панасланыя да стала, да ложкаў... Падлога свежамытая, не прасохла яшчэ. Як заўсёды, па ўсёй хаце — вышываныя сурвэткі, на падушках, вялікая — на куфэрку, на шафе, на люстры. На стале — шэры палатняны настольнік. Увайшоў у пакой, залез за стол, узгрувасціў локці на настольнік. Сядзеў у прыцемках і пазіраў на сцены, на рамкі з фотакарткамі, на лаву ўздоўж сцяны. Пазнаваў самую дробку роднага кутка, у якім калісьці спаў, еў, хадзіў босымі нагамі па падлозе. Боль у пакалечаных пальцах знік, не садніла на спіне, плячах. Рукі намацалі пасярод стала рабрыстую сальнічку, укінуў шчопаць солі ў рот і ажно зажмурыўся, голасна цмокнуў. І тут нехта стукнуў за дзвярыма ў сенях, нехта асцярожна прачыніў дзверы ў пакой, прагучалі ціхія, здзіўленыя словы:

— Леўка?! — І раптам вострым святлом ударыла зверху ў вочы, ад нясцерпнага бляску яны заплюшчыліся, але сілай разамкнуў іх, і... Пасярод нябачанага электрычнага бляску, ля ўвахода ў заліты святлом пакой, пасярод бліскавак, што скакалі ад жалезак куфэрка, кідаліся ад рамак з фотакарткамі, выліваліся напружаным струменем з касых граняў люстра, стаяла з бярэмем дроў, прыціснутых да грудзей, яго маці.

 

 

XVI

Раптоўнае здзіўленне, раптоўны страх прайшлі, і зараз Сямён, на ўсякі выпадак наставіўшы рулю стрэльбы на пачвару, набліжаўся да яе як мага бліжэй, каб разгледзець яе хоць крышку. Гэта быў страхотлівы, працудны звер. Сямён адчуў нечаканую адказнасць перад усімі людзьмі ў тым, каб данесці ім весць пра гэтае стварэнне. Істота распластана ляжала на лёдзе і раз-пораз уздымала галаву, калматую і чорную, як абсмаленую паходню. Нечакана пад Сямёнам праламаўся прыбярэжны лядок, налілося вады ў чобат. Сямён распластаўся на лёдзе, задраў нагу ўверх, каб выцекла вада, потым, каб не рызыкаваць і не правальвацца, папоўз да пачвары, якая была зусім блізка, азіралася, паказвала чорны, запалены рот, крывілася, плямкала губамі, упіралася ў лёд рукамі, спрабавала падняцца.

— Ваўкалак! — выгукнуў сваю здагадку паляўнічы і прыўзняўся на калені. Не верыў ніколі ва ўсякія байкі, не верыў у тое, што на свае вочы бачылі некаторыя людзі, але зараз перад ім навідоку, як на далоні, ляжаў не воўк, не мядзведзь, не лось і не рысь, а самы сапраўдны, з цела і плоці, жывы лесабалотны ваўкалак... Сямёну пёк лёд у калені; лёг на грудзі, папоўз бліжэй. Цяпер мацнейшым пачуццём яго была цікавасць.

— Дык гэта ж ваўкалак! — гаварыў ён гучна, нібы не верачы вачам, але між тым бачыў, што гэта ляжыць ля праламанага лёду нешта адзетае ў вывернуты кажух, падкурчвае пад жывот ногі, якія абуты ў валёнкі, але вельмі панішчаныя: разам з чырвонымі ад холаду пальцамі з дзірак тырчэлі мох, сена, анучкі. Праз дзіркі на каленях паляўнічы бачыў напёклае на холадзе цела істоты, бачыў, што з-пад кажуха тырчыць, выпаўзла страшэнна зашмальцаваная, амаль чорная сарочка. Не ваўкалак гэта быў, чалавек, і, старанна ўглядваючыся ў яго, Сямён, здаецца, пачынаў пазнаваць гэтага чалавека. І чым бліжэй падпаўзаў да яго, чым выразней бачыў высунуты з дзіркі ў валёнку вялікі палец на назе з пляскатым няроўным пазногцем, тым больш шчымлівае пачуццё жальбы ахоплівала Сямёна. І страх незразумелы ўвайшоў у паляўнічага, бо быццам жывое паўстала пазаўчарашняе кіно, амерыканскі ці італьянскі фільм, у якім паказвалі, як з лагера валасатых маладых людзей — хіпі неслі памерлага, і з насілак звешвалася нага, невялікая і вузкая, і між гэтым было быццам незнарок паказана, што вялікі пазногаць, адзін усяго вялікі пазногаць быў уфарбаваны чырвоным лакам... Зарагаталі хлопцы ў глядзельнай зале, а яго сутаргі ўхапілі за горла ад шкадобы таго невядомага валасатага хіпі, які недзе там, немаведама дзе далёка, з дурноты жыцця не захацеў, таблетак наеўся... Дрыжала нешта ў горле, тлумна ў галаве зрабілася, але Сямён абароў свой страх і сваю слабасць, падаўся наперад, каб заглянуць у твар чалавеку. Што за чалавек гэта? Хто ён? Чаму локцем твар закрывае, чаму туліцца да лёду, вочы чаму хавае?.. Трэба абпаўзці з другога боку, каб паглядзець добра. Сямён перакачаўся праз лёд, выпаўз на другі бок... Зараз глянем на цябе, хто з’яўляўся прычынай непрыемных для людзей выпадкаў, незразумелых здарэнняў. Вось, мабыць, каго кабета з Берашчан улавіла ў свінушніку, падняла такі гвалт, а як прыбеглі людзі — няма нікога, а яна да людзей біцца папусцілася, калі ёй не паверылі, дый мянушку за тое далі — Ваўкалачыха. Вось хто, можа, бульдозеры меліяратарам нішчыў штоноч, хто ўкраў і закінуў тэадаліт у глушэц-старарэчышча, і толькі праз некалькі гадоў, калі асушалі і гэты кавалак балота, дзеці, што латашылі ў гразі ўюноў, выцягнулі з дна раскарачаны, счарнелы тэадаліт. Ды і не прыпамятаць усіх тых здарэнняў, калі спасылаліся на цябе як на ваўкалака. А які ж ты ваўкалак, чалавеча? Істота між тым затузалася, выпрасталася, і на вызваленым з-пад яе лёдзе Сямён заўважыў вялізную ружова-пеністую пляму.

— Паранены! — вохнуў Сямён, і ад гэтага крыку істота затузалася, не азіраючыся на паляўнічага, папаўзла прэч ад яго, проста на край палонкі, з якой нядаўна выкараскалася...

 

 

XVII

Адтуркацеў верталёт, і расчараваныя паляўнічыя пацягліся дахаты. Незадаволены быў і Сямён, хоць яго вельмі дзівіла ваўчыная хітрасць. Уцячы праз бабровыя норы! Ды чалавек да гэткага не дапетрае, а то жывёліна. Справадзіўшы як мае быць начальніка, стаяў, добра сугрэты выпітым ля зачыненай крамы, гутарыў з аднавяскоўцамі. Пачало змяркацца, і ў гэтых змроках раптам пачуўся далёкі глухі стогн. Людзі пераглянуліся. І зноў недзе з-за лесу вылецеў нізкі жудасны гук, нібы карову рэзалі. Ён нёсся аднекуль з ракі, шастаў у лазе, выносіўся на заснежаныя палеткі і, знямоглы, прылятаў у сяло. «Ці то ваўкі выюць»,— перашэптваліся людзі. Але не воўк гэта выў, а, здавалася, нехта страшны дудзеў у рог самой жудасці. Хіба ж маглі ведаць людзі пра той боль, што жалезнымі клямарамі сціскаў сэрца, што яно балела невыносна, прасілася літасці, шкадавання! Яно прасіла аб нечым такім, пра што ён ніяк не мог успомніць, як ні натужваў сваю галаву, як ні засільваў сваю памяць. Усе ўспаміны даходзілі да таго моманту, як ён чуў раптам словы:

— Леўка! — І раптам бачыў, як нейкая жанчына падала на парог, рассыпаўшы паленні дроў па ўсёй хаце. І ён нахіляўся над ёй, над яе светлым маршчыністым тварам, яна расплюшчвае вочы і ўскрыквае, затульваючыся рукою, і зноў яе галава безжыццёва стукаецца аб парожак. «Чаго яна так баіцца,— думаў Леўка.— Можа, хто яшчэ ў хаце?» Ён азірнуўся і ўбачыў насупраць сябе ў люстры незвычайнае страшыдла, пакрытае бруднай, злямцаванай поўсцю, з чырвонымі карослівымі рукамі і русай валасатай мордай. А самае страшнае было ў вачах, жудасных, праніклівых вачах страшыдлы. Леўка скалануўся і адвёў вочы ад люстра, пераскочыў праз цела на парозе, кінуўся ўцякаць ад гэтага страшыдлы, ад гэтай страшнай хаты, уцякаць ад людзей, якіх так баяўся, якіх так горача ненавідзеў, а калісьці любіў з той нясцерпнай сілай, якая вырастае, калі немагчыма выказаць гэтую любоў. І пачуццё такое светлае, быццам празрыстая вясна, кукуюць навакол зязюлькі, а ён, што ўскудлачаная брыдкая пачвара, зарослая поўсцю па вочы, па залітых веснавой вадой кустах алешын хадзіў ад аднаго сарочынага гнязда да другога. З’ядаў яечкі з мяккім шалупіннечкам. На агародзе, на яблыні, чарнела сарочынае гняздо са стрэшкай. Трэба і тут яйкі пабраць, у каторы гэта раз. Пакінеш поклад, а дурная сарока знясе зноў тры-чатыры яйкі... Чутно, як у вёсцы людзі гавораць, як спяваюць, як плачуць, як «мама» крычаць, там так проста ўсё і замілавана... Але нехта ідзе сюды, на поплаў, трэба назад у ваду, за кусты. Гэта хлопчык і дзяўчынка. Якая ў яе чысценькая, беленькая сукеначка, якія малесенечкія сандалеткі на ножках... А хлопчык паважна вядзе ровар. Яны пачынаюць рваць аер, гаркаваты пах ажно сюды далятае ад фіялетава-чырвоных шыек аеру... Дзяўчынка перадае пукі травы хлопчыку, з рук у рукі, пры гэтым пальцы іхнія сукранаюцца... Як яна яму ўсміхаецца, маленькая, а які ён роблена няўважлівы, злёгку, крышку звысака ківае дзяўчынцы, як бы толькі крышку падтрымлівае тую тайну, што існуе толькі між імі. Хлопчык завіхаецца, увязвае аер на багажнік, а яна стаіць на падставе, не баіцца нікога і звонка, чыста смяецца! «Чаму я не магу так звонка смяяцца? Чаму я падглядваю толькі жыццё, а не жыву сам? Нашто мне стаяць па калені ў вадзе за кустом, от выйду зараз з лазы, падыду да людзей гэтых. Не тхор жа я, не буду яйкі больш вылізваць... Не-е! Выйду, выйду. Пагляджу зблізку на сандалеткі гэтыя, з дзірачкамі-кветачкамі. Але куды ж яны ўцякаюць, куды ж ровар кінулі, куды ж вы? Куды ж вы?!»

— Куды ж вы? — раптам праз сон закрычаў чалавек у тарфяной нары, прачнуўся і ад наплыву пачуццяў не мог стрымацца, заплакаў, захрыпеў горлам, і не маглі слязьмі пакуты выйсці, зароў гучна і пранізліва, і бабровы тунель шматразова ўзмацніў гук адчаю і перанёс яго ў прастору над лесам і балотам. І пачулі людзі незвычайныя гукі, перахрысціліся, калі хто ўмеў, скалануліся целам, хто не ўмеў. І адчуў палёгку Леўка, і што было сілы задудзеў у тунель, у гэты рог Адзіноты задзьмухаў што было моцы, у гэтую валторну Смутку, выганяў паветра з схаладзелых грудзей у гэтую арганную трубу Адчаю, і труба гэтая магутна дуднела, выносіла з-пад зямлі настоены на болю басавіты гук Жудасці.

 

 

XVIII

Міхал зачыніўся ў школьнай лабараторыі і быццам рыхтаваў лабараторную работу, якую яму трэба было правесці ў дзесятым класе. Але на самой справе ён схаваўся ад хлопцаў і дзяўчат і думаў. Нядаўна прачытаў сёе-тое, і кнігі гэтыя былі для яго сапраўдным адкрыццём. Міхал нават не падазраваў, што могуць быць на свеце такія магутныя асобы, якія крышаць усе жыццёвыя перашкоды і дабіваюцца свайго. Даўно Міхал пакутаваў пытаннем: якім быць? Аказваецца, не трэба далёка хадзіць, тут гэты чалавек недалёка жыў, недалёка, ля Кобрына, расце яго дуб. Як цудоўна быць такім, як Аляксандр Сувораў! Або такім, як Воўк Ларсен з «Марскога воўка» Лондана, або такім, як Пётр І. Якія цудоўныя словы: «...народжаны з цяжкасцю шкілет. Ты трасешся ад страху — але што б ты зрабіў, калі б даведаўся, куды я зараз цябе павяду!»

Нехта пастукаў у пакой. Міхал спахапіўся, крыкнуў: «Уваходзьце!» Увайшлі дзве дзяўчыны. Пышна ўвабраная Тамарка і сціпла, але з густам Зося — худаватая дзяўчына з круглаватымі вачамі і са стрыманай усмешкай.

— Заходзьце, заходзьце ў мае апартаменты. Сядайце, не бойцеся, кіслатой сукенкі вашы прыгожыя не прапалю...

— Не, Міхал,— адказала Тамарка, нечага ўсміхаючыся,— мы прыйшлі зваць цябе ўніз, на танцы.

— А што, пачаліся? — спахапіўся Міхал.

— Зараз скончацца, а ты ўсё хімічыш тут. Ну, я пайшла,— раптам сказала Тамарка і выскачыла з пакоя, пакідаючы Міхала і Зосю між сабою. Дзяўчына блымала вачамі на хлопца, зусім разгубіўшыся ад выхадкі сваёй сяброўкі. Міхал маўчаў некаторы час, пазіраў на Зосю, перастаўляючы на стале штатыўчыкі з прабіркамі.

— Я ведаю, ты чакаеш, што скажу на тваё пісьмо,— раптам хутка пачала гаварыць Зося,— ты там многае напісаў, але чаму так усё ў цябе складана. Я ведаю, што сорамна дзяўчыне першай прызнавацца... але ў мяне не было выхаду, ты ж так зацяты ў свае кніжкі, такі нелюдзімы. Ты б ніколі не звярнуў бы на мяне ўвагі.

— Чаму ты так гаворыш! Ты мне спадабалася з таго вечара, як тады ішлі пасля кіно. І наогул усё глупства, што пісаў у тым пісьме. Навыдумляў так многа ў ім, што зараз самому прыкра.

Зося дастала з маленькай кішэнькі згорненую паперу і перадала Міхалу. Міхал запаліў спіртоўку, занёс паперу над сінім агнём...

— Ты ж паліш свае духоўныя ідэалы! — адазвалася Зося.— Ты мне ж таму і падабаешся, што ты такі! — падскочыла яна да хлопца і выхапіла з самага агню паперку, канцы якой счарнелі.

— Аддай! — падышоў да яе Міхал.— Аддай, прашу цябе.

— Мне хоць гэта ад цябе застанецца,— адказала дзяўчына, гулліва хаваючы паперу ў кішэньку, і сагнулася, каб Міхал не мог адабраць сваё пісьмо.

— Раз так, тады... тады яшчэ скажу што. Я лічу, што вышэй за ўсё — жалезная сіла волі! І розум. Адзінае, чым трэба кіравацца ў жыцці,— гэта мэтазгоднасць. Ніякіх пачуццяў! Якая карысць з таго, што буду гуляць з табой? Ніякай!

— А якая карысць, калі ты кідаешся на новенькіх, якія з’яўляюцца? Які толк з гэтага?

— Як які толк?! Мне ж можна! Я ж не дзеля чаго, я ж дзеля знаёмства з людзьмі, якія выхаваліся ў другім асяродку... Ты не забывай, што я ж незвычайны чалавек. Мне ўсё можна. Магу парушыць любы закон. Я не тое што звышчалавек, але мэта ў мяне такая, што дзеля яе можна пайсці на любы ўчынак.

— Няможна пераступаць чалавечыя законы! Якая б мэта ні была...

— От зараз я табе руку заламну, каб пісьмо забраць, і не пабаюся...

— Не заламаеш! — Але пачуўся ў плячы хруст, Міхал разгублена выпусціў дзяўчыну з рук, тая з пакорлівым выразам твару выйшла з пакоя, трымаючыся рукой за плячо, слёзкі бліснулі на яе вачах, але, як толькі яна выйшла з пакоя, весела крыкнула:

— А вот і не забраў, вот і не забраў! — І пастукацела сваімі абцасамі па калідоры.

— Ідзі-ідзі! Усё роўна ты мне не пара. Шукай сабе якога Васю або Федзю! Каб прыціскалі крапчэй да плота... Я жыву не для гэтага. І напляваць мне на ўсе чалавечыя законы, я сам сабе ствару законы, таму што я даўно падазраваў, што я — унікум, што я — незвычайны і што мне тады людзі. Тым больш гэтыя, што мяне акружаюць: гэтая Вярбіцкая — настаўніца хіміі, называецца, каэфіцыентаў да ўраўнення на хаду падабраць не можа, гэты Макарчук, які на ўроках працы гадзінамі змушае запісваць у сшытках, як правільна трэба малаток трымаць. Або Маслякоўскі — стары ўзяўся інтэгральныя ўраўненні рашаць пад старасць год... І ні ў каго няма элемента звышмэты, звышзадачы, якая ашчаслівіць зараз адным махам чалавецтва... І я пайду на любое, каб дасягнуць гэтай мэты. Праўда, я не ведаю канкрэтна, у чым гэтая мэта, але мне трэба даказаць, што я здольны на такія ўчынкі, якія варты гэтай мэты. Але як смярдзіць паленай паперай. Але што гэта за выццё такое праз выцяжную калонку чутна, што гэта за гул такі? Во... Паслухай! Людзі кажуць, ваўкалак. Вот раве, аж страшна. Недзе з-за балота. Быццам у трубу вялізарную дудніць... Ваўкалак — гэта чалавек з паводзінамі звера. Гэта ідэал для пераймання. Зараз я павінен такім быць. Толькі так я дасягну нечага для людзей.

 

 

XIX

А ён роў у бабровым тунелі, бо ў яго вушах стаялі галасы падлеткаў, спрачаліся жанчыны, плакала, залівалася немаўля, і хацелася выскачыць, пабегчы да людзей, шчыра-шчыра пра ўсё прызнацца, расказаць, праклясці сваю волю, якую стварыў сам сабе і ад якой мае гэтулькі пакуты. «Ой, як усё праяснілася, памятаю, памятаю, як учора было. Маладзічку сваю памятаю, толькі імя не ўспомню... Жыў тады на востраве сярод балота, не баяўся буданы ладзіць. Тады яна прыйшла ў самую залеву, струмені прасякалі дах, цурбоніла з кожнай дзіркі, грымела так, што дрыгва траслася, бурбалкі згаралі мігатлівымі агеньчыкамі. А яна ў гэтым цэдзе гэтак шаптала на вуха... Але што ж яна шаптала?» Ён толькі памятае, што сціскаў ад злосці зубы ды адварочваўся ад яе. Яна трасла яго за плечы і пра нешта пыталася, прасіла пра нешта, плакала, гладзіла па галаве і зноў пачынала чагось калаціць... А мігатлівыя маланкі высвечвалі сіняватую празрыстасць бясконцых струменяў, што рассякаліся па галінах дрэў блакітнымі няроўнымі кроплямі... і раптам з суцэльнай цемрадзі бабровай нары загучалі словы былой яго каханкі, быццам яна сядзела ў другім канцы гэтай бабровай нары.

— Вярніся,— шаптала яна,— колькі год прайшло, даруюць. Ты не адварочвайся, ты мне скажы, калі ты мяне хоць крышачку любіш, што ты вытварыў, што людзей так баішся? Глядзі мне ў вочы, пайшлі да людзей! Дакуль маці пакутаваць твая будзе, ці ж яна не чалавек?!

Леўка спалохана глядзеў у цемнату бабровага тунеля. Голас змоўк. Ды ці быў ён? Але як толькі ён так падумаў, пачуўся глухі гром, заплюскаталі кроплі дажджу і зноў пачуўся голас:

— Ці ж гэта ёсць твая воля, твая свабода? Што ты значыш без людзей! Я пагавару са старшынёй сельсавета, ён сваяк, ён паспрабуе ўсё ўладкаваць... Ты ж не забіваў, не рабаваў, не згвалтаваў нікога. Ты ж нічога не зрабіў!

— Як гэта не зрабіў! — запярэчыў Леўка са сваёй нішы.— Я ж на фронт не пайшоў ваяваць...

— Ты сам сябе пакараў. Тыя, каго пасадзілі, паадседжваюць і вернуцца, а ты ж навек тут...

— А тут мая зямля!

Усё залілося зіхотлівым святлом безупынных маланак, страшная віхура зрывала лісце, прастора напоўнілася фіялетавым свячэннем...

— Ой, што гэта,— раптам ускрыкнула Леўкава дзяўчына,— што гэта скача там такое, глянь, цэлая чарада! — Яны выглянулі з будана. Недалёка ад іх скакалі па траве незвычайныя птушкі... Яны мелі доўгія хвасты, выцягнутыя шыі і на ляту нешта клявалі.

— Гэта яны так ваду п’юць,— сказаў Леўка.

— А што ж гэта за птушкі?

— Рабок, такая птушка ёсць. Дзікая, як я, людзям не паказваецца,— Леўка ўсміхнуўся, і ў гэты момант мігнула і высвеціла чорную пустату паміж Леўкавых зубоў. Іх выбілі, як забіралі ў Германію яго, калі застрэлілі Сярожу-дурня, які кінуўся на немца.

— Я гэтых рабкоў добра ведаю, яны на востраве

па кустах гнёздаў нарабілі. Да мяне яны прывучаны...

Грукатаў гром, трашчала над галавой навальніца. Леўка панура сядзеў, вочы яго згаслі, ён выпусціў маладзіцу з рук...

— Ну, дык пойдзеш ты за мной? — улавіла яна яго руку.

Ён тузануў руку да сябе.

— Тады бывай. Навекі...— сказала яна і нагамі ўперад выпаўзла з будана.

— Ярынка! — закрычаў Леўка, але гэта быў крык адчаю, бо нічагусенькі не мог ёй прапанаваць. А яна, відно было, прабегла да кладак, выцягнула з куста тычку, з дапамогай якой толькі і можна было выйсці адсюль.

— Тады — хана! — выцягнуў Леўка з-пад радна сякеру і таксама выскачыў з будана... Па вершалінах дрэў паскакалі вогненныя іскры, побач лапаталі крыллем рабкі, а Ярынка ўбачыла, як да яе імчаў з сякерай аброслы свіным шчаціннем вар’ят.

Пачуўся ў цемры нары плёхкат і гучнае сапенне, і Леўка ўвесь напяўся, бо ў тунелі нешта ішло проста да таго месца, дзе залёг ён. І Леўка задаволена чмыхнуў носам, здагадваючыся, хто гэта поўз па нары. І ад гэтага чмыху нешта гучна брохнула — гэта страпянуўся бабёр, выкруціўся ў пераходзе і паплёхкатаў па нары назад да ракі.

Вылез Леўка са сховішча, размінаў задубянелыя рукі-ногі, глядзеў на праясненыя зоры, прыслухоўваўся да музыкі, што далятала праз балота ад асветленай будыніны школы. Трэба было кудысьці падацца, і, як заўсёды, Леўка перасільваў у сабе жаданне пайсці да роднай хаты. Трэба было аддаляцца ад яе як мага далей, бо там магла быць засада. Даўным-даўно было, многа часу мінула, як пралетаваў на балоце, а пад зіму прывалокся, згаладалы, з застуджанымі бакамі, да мацеры. Адлежваўся на печы, грэў нутро напараным малаком... На дзень залазіў на гарышча, прытуляўся спіной да цёплага коміна, накрываўся з галавой кажухом, затыкаўся ручніком, каб не было чутно кашлю. Вярталіся з фронту мужчыны, гучна гаварылі на вуліцы пра перамогу, а ён вырашыў чым далей зашыцца ў балота, каб ні пра што не чуць і нічога не бачыць. Павяснела — знік з хаты. Змовіліся: на балоце, у адметных месцах, будзе касіць траву, мацеры застанецца яе толькі забіраць. Маці, у сваю чаргу, будзе прыносіць на рышт, на якім раней стаяла калода пчол, вузельчык з сякім-такім наедкам. Але прыйшоў і такі час, такое лета надышло, што пачаў баяцца шоргату касы, не кажучы пра кляпанне. Надыходзілі такія хвіліны часам, што ўяўлялася аблава, і тады ўцякаў, быццам зацкуты звер, зашываўся ў густы чарот, выганяючы адтуль раззлаваныя вушатыя чомгі. Але ціха было, здавалася, цішыня не парушалася чалавечымі галасамі цэлыя стагоддзі. Супакойваўся, сяк-так адклёпваў касу, нервова мянташыў, азіраючыся — касіў. Мабыць, пасля такіх страхоццяў у самім балоце больш чым калі баяўся засады ў сяле. Ён верыў, што яна будзе, і вера яго спраўдзілася. Ён памятае толькі тое, што сядзеў ён з ночы ў родным лёху ля бодні з салам. Месяц, два ці тры, а можа, і ўсе паўгода не бачыўся з мацерай, і яна павінна ж была зайсці ў лёх за дзень. Але раптам па прыступках затупаў нехта цяжкі і, засланіўшы сабой свет з дзвярэй, ухапіў накрыўку ад бочкі з бярозавым сокам, развярнуўся і так трахнуў ёю па галаве, што галава нібы раскалолася на белыя асколкі, якія так і разляцеліся ў паўзмроку. З гнюсятлівым яркатам кінуўся Леўка на гэтага чалавека ў вайсковай форме, быццам загрызці яго хацеў, той адкінуўся ў куток, а Леўка рвануў да выхаду, на ясны свет выскачыў, да лазы памчаўся, а там — вольнаму воля.

 

 

ХХ

Нарэшце Сямён здолеў як мага блізка падпаўзці да гэтага ці чалавека, ці звера і зблізку зірнуць істоце ў вочы. Сямён чакаў убачыць нешта незвычайнае, ён падрыхтаваўся да гэтага моманту, чакаў нейкай нечуванай пранізлівасці, звярынай злосці... Але ў вачах была адна жудасць! Раптоўна нагадалася Сямёну даўняе здарэнне, пра каторае ён не хацеў успамінаць і якое, здавалася, даўно выветрылася з галавы, але нечакана з’явілася зноў. А можа, гэтага і не было, толькі ўзнікла як ліхаманкавае летуценне? Ён хадзіў не раз і не два ў хату, счакаўшы, калі старая Грыцыха пойдзе куды. Ярынка ўсяго баялася... Пяць разоў пасылала яго правяраць, ці замкнёны дзверы... Потым парцалянавы кубачак у руцэ — схадзі па сок бярозавы ў лёх. А ён лунае яшчэ, зямля вагаецца, быццам на шалях. А потым страшнае нешта, чорнае, жудаснае, быццам сама помста... Калі ачомаўся — указальны палец сціскаў вушка ад кубка, беленькія кавалачкі парцаляны ляжалі сярод бульбяных храсткоў. А зараз перад ім ляжыць тая істота, якая тады накінулася на яго! Сямёна кідала то ў жар, то ў холад. Нечакана зрабілася так усё ясна і зразумела, што быццам сярод мораку заззяла сонца. Толькі боязна было да канца ва ўсім прызнацца і самому сабе, і гэтай пачвары, якая каўзанулася на лёдзе...

— Так чалавек ты ці хто? — крыкнуў роспачна Сямён, істота ж пакутліва ўтуліла галаву ў плечы, пакорліва міргала, глядзела на Сямёна пільней і пільней, быццам нешта выглядвала, і раптам скамечаная барада і вусы захадзілі, затрасліся, у шырока расплюшчаных вачах набегла поўна-поўна слёз...

— Чалавек ты! — крыкнуў Сямён, не ведаючы, што яму рабіць, ці хапаць істоту і выцягваць на бераг, ці не.

— Людзі, сюды! — нарэшце знайшоўся Сямён, выгукваючы ўбок, дзе былі астатнія паляўнічыя, крык аб дапамозе.— Людзі-і!

Істота напялася, услухоўваючыся ў гукі, яе білі дрыжыкі, яна зноў коўзалася на лёдзе, пасоўваючыся да чорнай вады...

— Куды ж ты паўзеш? Ты ж правалішся... Я ж цябе ратую! Хапай за рэмень! — і паляўнічы падкідаў, падсоўваў істоце расперазаны з сябе рэмень. Істота з грымасай болю і пакуты перакруцілася на лёдзе тварам да Сямёна, нейкі больш-менш асэнсаваны позірк вылучыў зарослы твар, і тыя слёзы, што напаўнялі вочы, пырснулі, як бярозавы сок з-пад сякеры. Істота ўсхліпнула і раптам затрэслася ў нястрымным плачы...

— Чалавек! — галасней і радасней ускрыкнуў Сямён.— Чалавек! — І калі істота невыразна праз сліну прамычэла ў адказ, нешта накшталт слоў вырвалася з яе вуснаў, Сямён заўважыў два роўненька адбітыя пярэднія зубкі.

— Леўка! — скалануўся паляўнічы і застыў, ухапіў паветра і яшчэ раз вымавіў: «Леўка!» Імя замацоўвала тое, што размывалася, было неакрэсленым. Нарэшце прызнаўся сам сабе, што пачвара гэтая — Леўка! Грыцаў сын — Леўка. Ваўкалак, балацянік, лесавік, тая страшная істота, што наскочыла на яго ў склепе. Гэта той Леўка, што тады ўцёк са шпаланарыхтовак, каб потым падацца да рабаўнікоў, хадзіў разам з імі начамі, церабіў людзей, а потым прапаў. Ой, Леўка-Леўка, у той сонечны зімовы дзень сядзеў на кажусе пад ялінай і вастрыў напільнікам пілу — чырк, чырк, чырк. Якраз Лаўрым падышоў да іх, сказаў Сямёну, што са шпаланарыхтовак забіраюць два чалавекі на фронт і няхай яны дагаворацца з Леўкам, каму пайсці...

— Мы вырашылі, адзін з вас, маладзейшых, ну, і адзін з нас, пнёў старых... дык вы,— гаварыў Лаўрым,— жэрабя выкіньце, ці як...— І раптам і Сямён і Лаўрым звярнулі ўвагу, што рытмічнае пачыркванне спынілася, зайшлі, глянулі — а там на снезе піла паблісквае палавінкамі навостраных зубкоў, на піле — напільнічак... Гукнулі, не адзываецца. Пайшлі па следу, хутка заўважылі, што чалавек рабіў шалёныя скачкі... Вярнуліся да лесанарыхтоўшчыкаў. «Точна ўцёк!» — гаварылі старэйшыя, раілі Сямёну пашукаць. «Як пачуў пра фронт,— і знік»,— даводзіў Лаўрым. «Шукай, бо пойдзеш ты!» Але не шукаў Сямён нікога, сабраў манаткі і...

— Ты — Леўка! Ты — Леўка! — гаварыў Сямён чалавеку на лёдзе, а той мармытаў нешта, і выходзіла нешта падобнае на «Ліўка», як быццам у дзіцяці малога. Сямён працягнуў сваю руку з адбітымі на фронце мезеным і безыменным пальцамі да заскарузлых Леўкавых пальцаў, якія тыркаліся ў паветра, бо хацелі дацягнуцца да сапраўднага чалавечага твару, крануць яго, пераканацца, што гэта не мроя, не хваробны чмур, а рэальнасць, ява!

 

 

XXI

Леўка памятае, як наструніўся ён, калі прывяла яго дзяўчына да людзей на сходку. Перад усімі людзьмі стаяў стол, пакрыты чырвоным настольнікам, за гэтым сталом сядзелі чужыя людзі. Тых людзей, што сядзелі па ўсёй хаце на цесна састаўленых лаўках, Леўка больш-менш ведаў, а гэтых, чужых, баяўся. Каб не гарачыя Ярынчыны рукі, што стрымлівалі яго, пяшчотна пацісквалі счэпленыя кулакі, даўно б уцёк. Мала-памалу заўважыў, што на яго ніхто наогул не звяртае ўвагі. Чужынцы нечага аж распінаюцца перад сялянамі. Што яму было да той волі, што прынеслі іншыя? Была ў яго свая воля, і больш за ўсё хвалявалі яго тыя гарачыя рукі дзяўчыны, якая сядзела побач і рабіла выгляд, што ўважліва слухае прамоўцаў, а сама прыціснулася нагой да яго нагі. Нечакана лопнула лямпа ад моцнага агню, і ў раптоўнай цемры яны прыліплі адно да аднаго і, калі пачулі, што чыркаюць запалкай, адарваліся, стоена пераводзячы дых...

Для Леўкі тады здавалася, што варта толькі працаваць, больш-менш слухацца бацькоў і ўсё будзе добра. Пачалася вайна. Бамбілі чыгуначную станцыю, згарэла хата Ярынчыных бацькоў, яны туляліся па розных хатах, і Ярынка перайшла жыць да іх як нявестка. У пасаг далі цялушачку, якую адразу пераправілі на балота, на патаемную выспу, якую насыпалі яшчэ прапрадзеды, каб хавацца ад ворагаў. Зараз некалькі сем’яў хавалі там сваю жывёлу. Прайшоў на ўсход фронт, сяк-так наладжвалася жыццё пры новым парадку. Наехала бандэраўцаў з поўдня, адкрылі школу на ўкраінскай мове, зганялі дзяцей вучыцца. Вучням даказвалі: «Вам бараніць «самостийность». І цвярдзела ў Леўкі сваё паняцце свайго. І ён збег. У навакольныя мясціны, дзе стаяць нізенькія хацінкі, бяскрайнія нізкарослыя хмызы, неабсяжныя балоты, непралазныя прырэчныя нетры. Ён верыў толькі ў свае ногі, вочы, у свой страх. Разграмілі немца пад Масквой — пачаў ён тут сёлы паліць, прыціснуў сталінградскі холад — разгаралася па ўсім гэтым краі жорсткая, страшная барацьба... Як ненавідзелі разам з чужынцамі і сваіх праклятых, што паначаплялі на рукавы павязкі, ездзілі, рабавалі па сёлах палешукоў. А потым немцы пачалі адпраўляць моладзь у Германію. Памятае, як тады і яны калываліся на падводах, як раптам ён, Леўка, заўважыў: паліцай, што ішоў недалёка, прыпыніўся, каб злавіць цыгарэтай агеньчык з запальнічкі, і тады ён гоцнуў з воза ў лес...

— Стой! — пачуўся адразу стрэл, і трэска, адсечаная ад дзеравіны, укалола ў шыю, а ён скакаў праз раўкі, забягаў за хмызы, ды пачуў раптам, як верашчыць Ярынка, што сядзела на другой падводзе:

— Леўка! Ой, Левачка!

Ён вярнуўся, выйшаў на дарогу перад фурманкай, на яго наставілі стрэльбы, адзін з паліцаяў зарагатаў:

— Ну што, уцёк?

Потым памятаецца страшэнная духата ў вагоне, адусюль смярдзела, а яны раскручвалі забранае калючым дротам акно, па чарзе да крыві, цэлых тры ночы. Пад раніцу адзін вылез праз дзірку.

— Ярынка, лезь першая, ратуйся...— І гэта былі апошнія словы, словы развітання, бо ніколі больш не сустрэўся з ёю, маладою, жывою, вясёлаю, бо пабіты, акрываўлены блукаў ля чыгуначнага палатна, хаваўся ад дрэзін з кулямётчыкамі, а яе ні жывой, ні забітай так і не знайшоў. Пайшоў наўгады да родных мясцін, не распытваючы дарогу, проста ішоў у выбраным кірунку дзень і ноч, доўгія ночы, цэлымі тыднямі ішоў, і раптам пачалі з’яўляцца знаёмыя мясціны, знаёмыя абрысы дальняга лесу, радасна забілася сэрца, ноччу ціхенька пашкрабаў у акно. Маці адчыніла, прайшлі ў хату, яна стомлена апусцілася на лаву.

— Ты...— Доўга маўчала, пакуль ён хадзіў узрушана па хаце, высмыкаў з печы гаршкі, прагна еў, піў малако са збанкоў.

— Бацьку ж забралі...— у голасе мацеры пачулася дрыготлівая нотка.

— Як забралі?

— Прыйшла папера, што паўцякалі і што ты ўцёк...

— Мамо, там жа смерць... За тры дні вады не далі напіцца, пад сябе гадзілі...

— Сказалі, як не заявішся — бацьку закатуюць. А яму ж кожную раніцу гарадчукі канчукамі дзесяць раз па спіне б’юць.

Як ні быў стомлены Леўка, спаць не мог, маці на печы цяжка ўздыхала. Пад раніцу Леўка папрасіў цэлыя порткі. Яму не было выхаду. Маці завіхалася ля куфэрка, дастаючы порткі, гаварыла:

— Як Сярожу застрэлілі, бацька зусім аслаб, толькі ачухаўся, а яны і прыехалі... Ты ж, Левачка, хоць другарад не ўцякай, цярпі, пакуль можаш...

На Леўку ніхто не звяртаў увагі, калі ён падышоў да самай агароджы з калючага дроту. Увагу вартавых прыцягвала тое, што рабілася перад клуняй, а рабілася яно кожную раніцу. Чалавек з шаснаццаць былі пастаўлены ў шэраг. Загадалі скінуць порткі, сагнуцца і стаць уроскарач. Старыя, маладыя, худыя, таўсматыя людзі агаліліся і марудна апіраліся на рукі, хто не мог, стаяў на каленях, выстаўляючы свой востры зад.

— Гэтаму карову выбіваць! — з’явіўся з закасанымі рукавамі даўгарукі паліцай-гарадчук, паляпваючы кароткім канчучком па далоні.

— Афармляй, афармляй! — загадаў паліцай у новых ботах.— Як не сваю выведзе з балота, дык сваякоў папросіць...

— Вось табе за рогі,— бэмкнулі два ўдары, адзін па спіне, другі ніжэй,— вось табе за вушы,— лупнулі яшчэ два ўдары. Селянін упаў на калені, доўгая вузкая спіна яго згорбілася. На яго глядзелі, пазіралі пятнаццаць чалавек, каторыя чакалі сваё. Навокал купкамі стаялі паліцаі.

— Вось табе за адну, другую, трэцюю, чацвёртую нагу,— нібы град, пасыпаліся ўдары на чалавека, і ён заенчыў, перакуліўся на спіну, выставіў рукі наперад, баронячыся. Даўгарукі пачаў раптам прасіцца:

— Ну, разочак адзін застаўся, за хвосцік. Адзін разок, ну падстаўляй зад.— Паліцаі аж даходзілі са смеху. Стары баязліва перакуліўся на калені. Як толькі моцны ўдар апёк яго, ён усхапіўся, падцягнуў свае штаны і бегам кінуўся ў клуню, якая была за шталаг.

Гэта вызвалі выбух рогату сярод паліцаяў. Даўгарукі крычаў начальніку ў бліскучых ботах:

— Гэтаму сына выбіваць?

— Рабі гэтаму сына! Рабі...— указальным пальцам ківаў, быццам адсякаў начальнік.

— Гэта мой бацька,— закрычаў Леўка што меў сілы.

— Гляньце — і зрабіў! І выбіў сына! — рагаталі паліцаі, тыцкаючы пальцамі ў Леўку, які расціснуў далоні з калючага дроту — далоні былі з чырвонымі крывянымі кропелькамі... А праз нейкі час Леўка стаяў на мосце праз Гарынь разам з паліцаямі, са стрэльбай у руках. Падыходзіў бліжэй да будкі, ля якой жанчына прасілася праз мост пайсці на станцыю прадаць яйкі і самагонку. Хлопцы гурбай палезлі ў кошык рукамі...

— Ідзі, Леўка, ахмелімся...— І раптам жанчына, на якую ніхто не звяртаў увагі, засунула рукі за пазуху і выцягнула адтуль наган і гранату.

— Ні з месца! Ні з месца! — крычала кабета, спрытна расставіўшы ногі, і ўсе раптам заўважылі, што гэта зусім не кабета, а малады мужчына.

— Разарву! Стаяць! Стаяць! — крычаў гэты чалавек, а з кустоў выскачылі хуткарухія чубатыя хлопцы з савецкімі аўтаматамі.

Леўка вылажыў усю праўду перад чалавекам, які дапытваў яго. Як уцёк з поезда, як прывалокся дамоў, што забралі і білі бацьку, каб вярнуўся ён, сын. Вярнуўся, а там сказалі, што павінен ісці ў паліцыю, і няхай што толькі ўчвэрыць, разлічацца з бацькам, разлічацца з маткай. І ўзяў стрэльбу, начапіў павязку.

Леўку даравалі, і ён застаўся пры партызанах і, як толькі адышоў крыху на захад фронт, уладкаваўся на лесанарыхтоўкі. Тут жа, на месцы, пілавалі лес на шпалы. Цяжка было тады працаваць, коўзацца па лесе ў глыбокім снезе, днямі цягаць пілу з маўклівым Лаўрымам. Адной раніцы, калі ясна свяціла сонца, Леўка вастрыў пад ялінай пілу. Раптам пачуў, як Лаўрым шэпчацца з маладым хлопцам яго гадоў, і шэпт гэты быў страшны і пагрозлівы. Леўка ўтаропіўся ў зялёныя лапікі, параскіданыя на наздраватым снезе, расшыраныя ноздры ўдзімалі паветра. «Нашто я ім? — падумаў.— Што яны ад мяне хочуць? Бацька памёр, матка ледзь жывая, братоў пазаганялі ў Германію, Ярынка загінула ў дарозе... Нашто я ім. Няхай хоць заб’юць — нікуды не пайду!»

Леўка пабег.

«От зайду за гэтую яліну, за другую. Няхай паспрабуюць мяне знойдуць».

Ён падзыгаў па лесе, робячы крокі шырэйшымі, потым пабег так, што вецер свістаў у вушах.

«Я сам сабе гаспадар, я сам сабе волю дам!» — думаў і заходзіў глыбей і глыбей у заснежаны лес, у серабрыстую выстуджаную пушчу, у якой думаў вышукаць сваю волю, але гэта былі крокі, якія аддзялялі яго ад чалавечага звання.

 

 

XXII

Прайшло некалькі тыдняў, як Леўка вылежваўся ў бабровай нары. Пасля таго вандраваў па ўсім шырокім краі, вышукваючы сляды сваіх сабраццяў, і ў рэшце рэшт дапяў іх, злучыўся з імі. Выйшлі на калгасныя забудовы, прачасалі вузкія прамежкі між гіганцкіх малочных ферм, аббеглі магутную сіласную вежу, мінулі старыя, скасабочаныя вагі... Нечакана наткнуліся на здабычу. Ля капца караняплодаў панура грызла салодкі бурак нікому не патрэбная, а ўдзень усімі памыканая сівая кабыла. Пужанулі ваўкі кабылу так, што галопам панеслася яна ў чыстае поле, задраўшы астаткі свайго хваста. Намервалася яна абагнуць круг ды зноў апынуцца ля бяспечнага кароўніка, ля святла. Вунь ад кароўніка і чалавек бяжыць з даўжэзным прутом у руках... Але чалавек улупіў кабыле прутом гэтым у міжвочча, што, бедная, паляцела ад чалавека на ўсе чатыры капыты, а ваўкі ззаду пагналі яе роўным паўмесяцам. Здалёк гігатала яшчэ, спрабавала бараніцца. Высока ўзняла галаву, раздзімала храпу, пырхала ноздрамі, выстаўлялася, расшырвалася грудзьмі, каб запужаць драпежнікаў, што ўвіваліся ля яе. Вось ашчэрыўся адзін з ваўкоў і скокнуў да шыі... і рынулі ўсе. Кабыла прыняла крывасмока на шыю, амаль села, выкрутнулася і выкінула з асабліва гнюсятлівым скавытам і ржаннем заднія ногі — трапіць хацела жалезнай падковай у цела драпежніка. Адскочыў Леўка — быдла, а як бароніцца! Праз каторы час ваўкі выцягвалі цёплыя вантробы, хрупалі храсткамі вушэй... Гэтае чвяканне, лыканне крыві было невыносным для слыху, але самому хацелася есці, трэба было адваяваць і сабе кавалак. І ён падступіўся да здабычы.

 

 

XXIII

Калі Міхал дамыў апошнюю прабірку, у лабараторыю ціхенька пастукалі і адразу адчынілі. Увайшоў, нават убег Сямён, школьны качагар, без слоў кінуўся мацаць батарэі ацяплення.

— Не холадна? — звярнуўся ён да Міхала, між тым вочкі яго скакалі па сталах, па бутэльках, колбах, мензурках.

— Быццам не холадна,— адказаў Міхал, выціраючы ручніком рукі. Сямён завярнуўся ісці, стаяў бокам, не адразу вырашаючы для сябе нейкае пытанне, а потым раскрыўся ўвесь перад Міхалам.

— Можа, крышачку спірту ёсць? — Вочы яго былі зараз ласкавенькія, але яны яшчэ больш смела бегалі па полачках шафаў, на якіх стаялі ўкупораныя бутлі з рознымі хімічнымі рэчывамі.

— Дзе ж,— адказаў Міхал, задобраны тым, што да яго звяртаюцца з такой патаемнай просьбай,— Філіпаўна чысты так захавала, што сабака не нойдзе. Дэнатурат толькі вот...— і Міхал пабулькаў паўбутэлькай сіняй вадкасці.

— Яна чысты спірт дома хавае,— цмакнуў Сямён,— але ты... Дай хоць дэнатурат гэты...

— А як атруціцеся? Лепш давайце я вам яго пераганю. У мяне во які куб перагонны. За паўгадзіны ачышчу. І ў качагарку прынясу...

— Добра,— згадзіўся Сямён, яшчэ раз глянуў на Міхала,— а то аддаў бы і дэнатурат, каб без валтузні.

Праз гадзіну часу Міхал сапраўды прыбег у качагарку, дастаў з-пад крыса колбу з празрыстай, ажно бліскучай вадкасцю. У цаглянай качагарцы, з добра задымленымі сценамі, на варштаце была разгорнена газета, на якой ляжаў кавалак хлеба з наскрыляным салам. За варштатам сядзелі Сямён і школьны сантэхнік Валочка.

— Ну, ты маладзец! — узрадаваўся Сямён.— Піць будзем чысты, стопрацэнтовы!

— Сто не сто, а працэнтаў пад дзевяноста дзевяць...

— Загарымся,— прамармытаў Валочка.

Запівалі вадой з-пад бліскучага меднага крана.

Сядзелі. Ашаломлены спіртам, Міхал баяўся сказаць слова. Валочка нечакана паглядзеў на яго, сказаў:

— Ты, Пячорын, дзявок крыху да плота прыціскаеш?

Міхалаў твар выявіў грымасу прыемную і разам з тым масляністую.

— Ты, брат, вельмі шчыра да гэтага ўзяўся,— гаварыў Валочка,— бедным, прадыхнуць не даеш.

А яны ж табе людзі, а не тыя жабы, што Базараў рэзаў! — Валочка быў мужам настаўніцы рускай літаратуры, настаўніца была заўзятая да літаратуры, як яе муж да гарэлкі.

— Ты на хлопца не нападай,— заступіўся Сямён,— што такога ён зрабіў, што ты так нападаеш?

— Думаеш, не зрабіў? Вунь Зосьцы з сяла гіпс на плячо налажылі, што ты думаеш, хто руку выкруціў?

Міхалу зрабілася надзвычай непрыемна, ён паволі наліваўся чырванню. Але самае непрыемнае чакала яго наперадзе. Знаёмыя толькі здагадваліся, што менавіта ён вінаваты ў тым, што ўвярэдзіў руку Зосьцы, калі забіраў сваё ж пісьмо. А тут Валочка выпрастаўся, мармытнуў:

— Я прылягу,— і выпрастаўся на варштаце, дастаў з кішэні згорненую ў чатыры разы паперку, на якой Міхал угледзеў свой почырк! Не гледзячы на Міхала, Валочка падаў лісток хлопцу ў рукі. Той быў чырвоны, як вараны рак, рукавіцаю ўхапіў гарачую клямку катлавой топкі і шпурнуў туды сваю пісаніну...

— То-та, Раскольнікаў. Мы тут памаленьку жывём, працуем, як хто кахаемся, а ён, глядзі, намерыцца на каго і зарэжа...

— Ну, ты не кажы так,— запярэчыў Сямён,— на куфайку пад галаву, табе зараз толькі і паспаць, пакуль Аляксандраўна цябе не знайшла. Але адкуль ты ўзяў паперку гэту?

— А з батарэі ацяпляльнай выцягнуў. Капала з яе вада, у прамежку паперка запхана. Парты ж побач стаяць, а хто ж сядзіць — Зоська сядзіць!

Праз некаторы час Валочка супакоіўся, Міхал працверазіўся, а Сямён цмакаў — каб яшчэ што выпіць. І пайшоў Міхал назад у лабараторыю, пазліваў са спіртовак засінены спірт, прапусціў праз перагонны куб, памераў у мензурцы — пад сто грамулек.

— Настаўніцы скажаш, што выпарыўся,— пашуткаваў Сямён,— ты не чуў, як у тым баку, за лесам, учора страляла? Быццам зямля лопалася. Эх, да чаго толькі не дадумаюцца...

— Трэба ж бараніцца,— пачаў гаварыць Міхал, калі апёк ад спірту ў роце прайшоў і зубы зноў пачалі скрыгітаць пры націсканні адзін на адзін.

— Падумаеш, дык страх бярэ — могуць спаліць усё начыста: малых і вялікіх, добрых і злых...— Сямён дагрызаў скарыначку хлеба.— Ну от мы на свет з’явіліся, пабылі крышку — і на гэтым дзякуй. А тыя, што толькі-толькі на свет з’явіліся, ну што яны вінаваты, што пагараць? А ці вінаваты тыя, каторыя яшчэ не паспелі на свет заявіцца? Што яны каму зрабілі, калі на іх гэтулькі зброі нарыхтавалі?

— Гэта ўсё праз імперыялізм! — растлумачыў Міхал.— Усё зводзіцца да формы ўласнасці на асноўныя сродкі вытворчасці...

— Я ведаю, што ты разумны, навучаны хлопец,— згаджаўся Сямён.— Але пры чым тут малое дзіця? Ну такое, як на вобразе ў руках мацеры божай намалявана? Дзе яно саграшыла?

— Бачыце, вы зблытваеце паняцці. Вашага маленькага чалавечка можна прывесці ў сферу разважанняў пра нейкі абсалютны гуманізм. Між тым гуманізм толькі адзін сапраўдны — класавы, пралетарскі, балючы, можна сказаць, хірургічны...

— Такі хірургічны, як у цябе? — спытаў Сямён, ківаючы галавой, намякаючы на Зоську.— Не, мілы. Ёсць жа такія законы, што ніхто не мае права парушаць. Гэта чалавечыя законы — і для мяне, і для цябе, і для яго,— тыцнуў качагар пальцам на Валочку, які заграбаў рукамі ватоўку праз сон.

— А што мне чалавечыя законы, калі я...— Міхал быў чырвоны, разгарачаны,— калі, можа, я пераступлю праз гэты закон і адразу многіх, усіх ашчасліўлю...

— Бандыт! — пырхнуў у стружку Валочка, які пракінуўся са сну і пачуў апошнія словы Міхала.

— Ай, якая каша ў цябе ў галаве! — пакруціў галавою Сямён.— Але... Ведаеш, Міхалка, я вот не магу нікому пажурыцца... Пераступі такі закон. Пасля гэтага ёсць такое за душою, ніхто не разумее. Быццам нешта вісіць нада мной, як сякера, ну, быццам некага загубіў, ці што. А ўсё чаму? Бо малады быў, такі, як і ты, фанабэрны, на людзей не зважаў. Што мне былі людзі?! Бывае так, зачэпіш каго, нават не глянеш, а чалавек пакрыўдзіўся, ды так, што і здароўкацца перастаў. Ну от, што прыкрае зрабіў я старой Грыцысе? Старая, ледзь ходзіць, а ганіць і ганіць мяне на ўсё сяло. Чым перад ёй вінаваты — не вазьму ў толк...

Забразгалі ў дзверы, і ўвайшоў зменны качагар. Убачыўшы, што яны падпітыя, прыстрашыў:

— Загрызуць вас ваўкі!

— Дзе зараз тыя ваўкі? — мармытнуў Сямён.

— Як дзе? Бегаюць, на дварэ такая цемра, самая пара бегаць. Сястра з Крушына прыязджала, казала: такога каня зарэзалі ваўкі, што...

— У Крушыне? — спахапіўся Сямён.— Гэта ж праз балота, ды побач! Можа быць, заўтра зацкую каторага...— з робленай самаўпэўненасцю зірнуў Сямён на Міхала.

 

 

XXIV

І зноў у прыцемках ваўкі знікалі і знікалі наперадзе, а Леўка даганяў іх і даганяў. Трэба было здагадацца, куды ваўкі кіруюцца, а потым не збівацца з гэтага кірунку. Калі збіваўся, прыходзілася падаваць голас. Ішоў ён па бясконцых палях, перабрыдаў заснежаныя канаўкі, пералазіў праз балотцы, перасякаў лагі. Расхінаючы рукамі жоўты чарот, увайшоў у прырэчныя зараснікі. Святлей рабілася ў небе. Ваўкі далей не пайшлі, чутно было, як яны трашчалі ў чароце, робячы логвы. Леўка ўлез у густы куст лазы, падабраў левае і правае крысо кажуха і зваліўся ў знямозе. Скрозь густыя галінкі лазняку прасвечвалася крывяна-бледнае неба на ўсходзе. Часам даносіўся ад блізкай ракі крэкт лёду. Гэта быў магутны і патаемны гук, але Леўку — вядомы і нечым блізкі. Пад гэты гук чалавек сцішыўся, дыханне яго зрабілася лёгкім, перад вачамі пабеглі розныя відовішчы з мінулага жыцця. Успомніліся цёплыя, вільготныя ночы, калі жабкі кракталі пад зорным небам — заслухацца. Ён яшчэ прыходзіў на сядзібу, маці выходзіла на вуліцу слухаць, каб ніхто не прыйшоў, а яны сядзелі на прызбе з Ярынкай. Ад яе пахла печаным хлебам, новым крэмам і ледзь улоўным духам нянавісці пасля той, рабковай ночы... Ад яго несла брудам, балотам, звярамі, травою, у якой водзяцца вужакі — гады паўзучыя, але і вольныя. Ярынка асцярожна выпытвала: «Прызнайся, змардаваў каго, забіў?» А ён маўчаў, па-звярынаму хітры і асцярожлівы пасля самотнага блукання па лесе, пасля туляння ў сціртах, стажках, паляўнічых шалашах. І кожны раз баяўся, каб знянацку не засталі, як засталі тады, адразу пасля вайны, калі блукалі па лясах такія, як і ён, валацугі-беззаконнікі. Ён тады смачна спаў у чоўне сярод кустоў. Умёрзлы ў раку човен накрыў зверху стрэшкай — хоць такі прытулак. Яны разбурылі гэтую стрэшку, тыцнулі руляй чорнай абрэзанай стрэльбы...

— Што ляжыш, уставай!

Леўка не паспеў усхапіцца на ногі, як яго таўханулі ў плечы, прыкрыкнулі: «Сядзі!» Абшукалі і яго, і човен, вытрыбушылі торбачку на снег, адразу ўхапіліся за пласточак сала. Было іх двое. Адзін аброслы, чорны, злосны, другога Леўка пазнаў. Гэта быў даўгарукі кат-прыслугач з гарадоцкіх паліцаяў. Не пыталі яны ў яго, чаму хаваецца, чым вінаваты. Ноччу прывялі ў сяло. Страшылі: «Не здумай уцякаць — куля дагоніць!»

Леўка пераступіў невысокі плот, намацаў клямку дзвярэй. Дзверы былі зашчэплены. Пагрымеў у шыбу. З акна доўга выглядваў мужчына, нешта бубнеў, засвяцілася ў хаце газовачка...

— Чаго табе трэба? — нарэшце пачулася ў сенцах.

— Адчыняй,— пагрозлівым голасам гаварыў Леўка.

— Што трэба, я пытаю? — не адчыняў мужчына. Пранізлівы шэпт ззаду даносіўся да Леўкі:

— Не стой і не прасіся! Грукай, ды ўсё!

Ад гэтага змяінага шэпту Леўка пачынаў грукаць нагамі ў дзверы, надаючы сабе большай рашучасці.

— Стой, стой, разагнаўся. Не бі, кажу. Разваліш дзверы! Чорт, клямку заела... Ну, чаго табе? — паказалася ў шчыліне шырокае мужчынскае аблічча. Леўка напёр рукою на дзверы, каб шчыліна зрабілася шырэйшая, але мужчына падпіраў іх плячом. Некаторы момант яны нібы дужаліся...

— Сала давай, а то... хат-ту спалім,— выдыхнуў Леўка чалавеку ў твар. Леўка хацеў сказаць, што хату «спаляць», што ён тут ні пры чым, але сказаў якраз так — спалім — міжволі, каб было ўнушальней, каб яго хутчэй паслухаліся. Мужчына адпусціў дзверы, але не да канца. Вызірнуўшы добра на двор, ён угледзеў за Леўкавай спіной дзве масіўныя постаці.

— Няма сала. Вот табе ісцінны бог кажу, няма сала. Зайдзі ў хату — дзяцей як прусакоў, і свае і братавы...— загаварыў селянін, тым не менш не пускаючы Леўку ў хату.

Зарыпеў ззаду снег, падыходзілі чорныя постаці. Пачуўся гарачы шэпт:

— Ах ты, смярдзюх! Ты ж ранкам свінню калоў — на ўсю ваколіцу вішчэла. Хавацца надумаў?

— Дык параздаваў! Чыста ўсё параздаваў людзям, вінен людзям быў! — у роспачы хапаўся за грудзі мужчына, бо бачыў, як у руцэ аднаго з рабаўнікоў з’явілася зброя.

— Ад дзяцей забіраеце...— здаўся селянін, бо адступіўся ўглыб сяней.

— А ты ў хату!..— загадалі Леўку, і ён увайшоў у сені, наткнуўся на дзверы. Паветра ў хаце было цяжкае. Варушыліся на палатках дзеці, кашлянуў на печы стары. Не паспела гаспадыня ўлезці ў спадніцу, як Леўка змахнуў са стала хлеб.

— А божачкі...

Была такая не адна хата, быў страшны найвялікшы сорам пасля такіх рэйдаў. Сала набралася поўная торба, і Леўка адчуваў, што хутка ён гэтым набродам будзе лішні, гэта яго турбавала. Ён пачынаў баяцца, што яны яго пакінуць, як непатрэбную рэч, хоць бывала і так, што лупілі кулаком у патыліцу:

— Вось табе, гадзе, вось табе! Чаму не адчынілі? Чаму слаба ў дзверы лупіў? — Леўка нават чакаў смерці, бо не раз здавалася, яны пра гэта і шэпчуцца між сабою. Ды выйшла так, што ў адной хаце падштурхнулі яго да драбіны:

— Лезь на гарышча. На табе запалкі, падсвяці — сцягно мо вісіць! — Пакуль Леўка лазіў па гарышчы, бліскаў запалкамі, у хаце пачалася валтузня, загрымелі з сярэдзіны ў дзверы. Леўка натыцнуўся на сцягно — пахучы кумпяк, пачаў адкручваць ад жэрдкі дрот. Тут выглядзеў ён светлую просінь у даху. Зманліва свяцілася начное неба, свяцілася так, як сама свабода. Кінуў раскручваць дрот, праціснуўся між лацін, саслізнуў з даху, мякка ўваліўся ў снег, што намяло пад страхой, пабег па агародзе, чакаючы кулю між лапатак, але дамчаў да поплаву, пералез вялікія снягі ля дарогі, выскачыў на яе следавішча, на абледзянелы санны натапт, і памчаў што меў духу. Цяпер-то не ўловяць.

— Ты думаеш, людзі не ведаюць, што ты ёсць, што ты хаваешся ў кустах? — гаварыла між тым Ярынка.— Каб памёр, дык памёр, а так — ні жывы ні мёртвы.

— Я памру,— мыркнуў Леўка.— Я даўно памёр, даўно не жывы, ні для цябе, ні для мацеры...

Горкія былі гэта словы, і пасля слоў такіх Леўка пайшоў далёка-далёка ў нетры, у самыя непралазныя лясы, дзе наўкруга не было ніводнага чалавечка. Злаштаваў сабе будыніну, тут вырашыў дачакацца сваіх дзён апошніх, хоць чаканне гэта было цяжкім, у пастаянным пошуку, што б з’есці. Колькі лет прабыў там, у дзікаватым нерушы, колькі перакачаўся зім?! І аднойчы ўбачыў у небе нешта дзіўнае, бліскучае. Гэтае нешта было вестуном новага, якога ў жыцці Леўка не сустракаў. Адной раніцай спаў на лясным ложку пад дубком і пракінуўся ад пранізлівага рокату і свісту, які напоўніў усю пушчу. Выскачыў на лужок, азіраўся: дзе, што гудзе? І раптам мільганула ўверсе, у небе, бліскуча-срабрыстая рыбіна з чырвонымі кончыкамі пёркаў, з празрыстым вялізным вокам. Рыбіна нясцерпна ззяла на сонцы, са страшным гудзеннем пранеслася над палянай, і паспеў разгледзець Леўка, што чырвонымі пёркамі былі строга-чырвоныя зоркі на металічна-блакітных крылах. Гэта было падобнае на самалёт. Леўка ад здзіўлення нават не паспеў схавацца. І тут жа над палянай пранёсся цэлы гурт дзівосных лятучых машын. Леўка ніяк не мог зразумець, як яны ляцяць без прапелера. Самалёты з’яўляліся і знікалі так хутка, што Леўка не паспяваў кідацца ўцякаць. Доўга думаў Леўка і вырашыў, што гэта шукаюць яго. Трэба як мага глыбей зашыцца ў непралазь. Ды самалёты лёталі і над непралаззю, якраз над самім Леўкам. І Леўка вырашыў, што прыйшоў яму канец і гэтыя самалёты, што быццам лунаюць у паветры проста так, самі па сабе, толькі выгляд робяць, што не заўважаюць яго. А яны лёталі па вызначаных кругах, зрэдку парамі, тройкамі, запаўзалі высока-высока ў неба, рабілі там розныя выкрунтасы, потым са страшэнным грукатам звальваліся з вышыні, імчалі над лясамі. Леўка назіраў праз густыя вяршыні дрэў за палётамі, мала-памалу прывыкаў да грукату.

Надышла восень, улілі дажджы. Леўку здавалася, што раз яго выкрылі — чаму цяпер хавацца? І выйшаў з гушчару. Цяпер ён, нібы той мядзведзь, жыраваў, перад тым як залегчы ў спячку, латашыў агароды лясных вёсачак, наносіў сабе на балотныя астравы бульбы. Прыйшла зіма, быццам тысяча зім прыйшло, бясконцы, пакутлівы лік дзён і начэй, і нібыта прачнуўся напрадвесні, з абмарожанымі вушамі, і зноў на лета зашыўся ў нетры, чакаў, што наляцяць зноў на яго самалёты, але прайшло цэлае лета, і ніводнага самалёта так і не ўбачыў. Быў гэтым пастаянна прыгнечаны. Як Леўка чакаў убачыць у блакітнай вышыні самалёт!.. Смутны сядзеў на адметнай паляне з дубком, што паспеў вырасці, угусцець вяршыняй, і пачуў страшны грукат, але не спужаўся, а незвычайна ўзрадаваўся. Выскачыў на прасвет сонечны, задраў галаву і... Ён чакаў тых самых самалётаў, што лёталі раней. Але тое, што ляцела проста ў вочы, наўрад ці можна было лічыць за самалёт. Значна хутчэй, чым ранейшыя, стрэлападобныя, з насамі, завостранымі і шкляна-празрыстымі, гэтыя вокамгненна мільгалі над галавой. Збянтэжаны хуткасцю самалётаў, Леўка ўзлез на самае высокае дрэва, каб наглядзецца ўдосталь. І не прыйшлося доўга чакаць — здалёк, з поўначы, з’явіўся россып цёмненькіх штрышкоў на небакраі, над паўшар’ямі блакітнаватых лясоў. Рысачкі незвычайна хутка набліжаліся, і вось яны тут! Грукат ірваў вушы, агонь скакаў ад хваста — адзін за другім пранесліся самалёты паўз Леўку. У сярэдзіне іглападобнага носа кожнага самалёта сядзела па чалавеку! Нават было відаць, як яны пакручваюць галовамі, як гэта робіць варона, калі ляціць. Леўку быццам скінула з вяршыні дрэва. Там сядзелі людзі! І што выраблялі гэтыя самалёты ў небе! Леўка жахаўся, кідаўся вобзем, бо здавалася, самалёт вось-вось рэзнецца ў зямлю, проста ў яго... Але грукат як нажом зразала, самалёт плаўна выкручваўся над альховымі і бярозавымі вяршынямі і, нібы бусел над родным краем, рабіў круг і хутка набіраў вышыню, каб зноў зваліцца з-пад аблокаў. Леўка пераставаў дыхаць, не мог воч адарваць ад неба. Мабыць, тыя, што сядзелі па кабінках, заўважылі яго і, калі ляцелі не асабліва хутка, крышку збоку, важна і плаўна адзін за адным пакалыхвалі яму крыллем. Леўка радасна замахаў рукамі, пачаў падскокваць, але раптоўна асекся, прысеў, азірнуўся... Нікога не было навокал, і тых людзей, у небе, таксама не павінна для Леўкі быць. Але яны былі! Леўка нечакана заплакаў, размазваючы слёзы па валасатым твары. Каб хоць на якую капяліначку ён быў саўдзельны гэтым цудоўным лятальным машынам, каб хоць у адным рагу ад зоркі была і яго частачка, была і яго кропелька крыві... Але ж не, не... Быў ён чужы гэтаму цудоўнаму, бо яно належала ўсім астатнім, акрамя яго. Яго было балота, дрэвы, птушша, зверына, рыбныя закоты, на якіх памайстраваў езы з лазы, наплёў сіляговых сажаў, у якіх трымаў жывую рыбу. Яго былі гнечышчы, горбы, выспы, катловішчы, прырэчныя кнеі, у якіх на дзіковых купайлах паляваў парасятак. Тут было летавішча, тут змайстраваў перавесішча з сетак лавіць птушак... Тут ён залазіў рукамі ў хлуды, дзе хаваліся рыба і ракі, нырыцы і выдры. Тут было яго трызнішча, на якім ён змагаўся сам-насам са сваім страхам. Але над гэтым панавала нешта вышэйшае, чым мог ён сабе ўявіць. А ён, Леўка, не захацеў быць з гэтым вышэйшым, пашукаць сабе хацеў вышэйшага ў самім сабе і жыццё на пошукі страчваў, а не знаходзіў. Не мог выйсці да людзей, да новага свету, але той сам дайшоў да яго...

Адбылося гэта ў асенні час, калі вечарам пачалі ўспыхваць у небе бліскучыя, рознакалёрныя вісячыя ракеты, што асляпілі лес сваім магніевым бляскам... І раней такія ракеты запускалі над палігонам, але па адной, па дзве. А ў гэты вечар яны дзесяткамі выляталі з-за лесу, адкуль выляталі і самалёты, групаваліся ў пэўныя чароды, узводзілі ў небе не бачныя Леўкам сілуэты. І каб ахапіць адзіным зірам увесь гэты бліскучы прывід у небе зараз, Леўка кінуўся бегчы ў супрацьлеглы бок... Калі ж нарэшце ён азірнуўся, ажно закрычаў ад усведамлення таго, што бачыў. У небе блішчэў агнямі знаёмы па кніжным малюнку маскоўскі будынак, рубінавым агнём зіхацела на цэнтральнай вежы найвышэй падвешаная ракета... Як ён ні ўцякаў ад гэтай зубчатай сцяны, яна сама завітала да яго сюды, і ён кінуўся ў гразь і плакаў, што ён не чалавек, а быдла нейкае. Леўка прасіў літасці ў гэтага зорнага сілуэта, прасіў вярнуць яму жыццё і волю... але агонь ілюмінацыі пачынаў згасаць, будынак знікаў, сыпаліся іскры з ракет, яны дагаралі... Цемра, страшная цемра насунулася на Леўку, і ён нема завыў у гэтай суцэльнай цемрадзі, губляючы рэшткі розуму... І ў адказ пачуў выццё ваўкоў, якіх не баяўся, бо сам зрабіўся ваўком.

 

 

XXV

Сямён падрабязна распытаўся пра ваўчыны заціск у суседнім калгасе. Пасля спірту крыху шумела ў галаве. Быў таксама растрывожаны тлумнай размовай з маладым лабарантам, які ж вельмі набраў сабе ў галаву. Якраз было збіць гурт паляўнічых, падмануць хлопцаў лёгкасцю здабычы, гайсануць пад раку, пад самы палігон, палазіць па кустах са стрэльбай.

Калі слізгаліся на лыжах па бліскучым снезе і хутка натрапілі на ваўчыны след, Сямён зноў быў непрыемна ўражаны нечымі слядамі, якія перасякаліся з ваўчынымі. Ажыў, нібы прачнуўся ўчарашні неспакой. Хутка ваўчыныя сляды разлезліся ў бакі — можна было чакаць ваўчынай лёжкі. Паляўнічыя акальцавалі частку балота каля ракі з густымі лазовымі кустамі і высокім чаротам. Сямён часцей і часцей пазіраў на незразумелы след. Успомнілася, што гэткі ж след быў і на першай аблаве, і цяпер праяснілася, увесь час пасля таго няўдалага палявання след гэты стаяў перад вачамі. Сляды выразна былі падобныя да чалавечых, але свядомасць упарта перайначвала іх, рабіла іх меншымі, вастрэйшымі, нібы былі яны не ад чалавека. Іменна нейкага звера, а не ваўка намерваўся ўпаляваць Сямён. І калі ён упалюе звера — Сямёну зрабілася аж соладка,— тады само сабою развяжацца пакутлівае пытанне, якое не магло праясніцца, смактала чарвяком сярэдзіну.

Паляўнічы выбраў сабе зручную пазіцыю. Лепш за ўсё было ісці ўздоўж канавы, якая цякла ў балоце. Каля канавы рос сцяною лазняк. Звяры могуць выскачыць з кустоў і апынуцца на адкрытай прасторы. Толькі трэба асцярожненька падысці бліжэй да гэтай канавы і гэтак жа ціхутка пайсці ўздоўж сцяны, пакуль хлопцы яшчэ не зайшлі справа, з лазы. І тут нешта мільгнула ў зарасніку, і проста перад Сямёнам выскачыў пушысты ад марозу воўк, але тут жа вывернуўся і ўскочыў назад у чарот. Паляўнічы толькі паспеў узвесці брамку на стрэльбе...

— Вось табе і гацаца! Разява! — паціху вылаяўся і толькі зараз заўважыў, што стаіць ля тых незвычайных слядоў, што хвалявалі яго, і што не ваўкі яго трывожаць, а нешта іншае. Сямён угледзеўся ў кусты, куды вёў след, душою, усім целам адчуў, як цяжка прабіваецца з падсвядомага страшная тайна.

 

 

XXVI

Леўка ўчуў: усхапіліся ваўкі, зашоргаліся праз чарот. Небяспека! Прыслухаўся, ці не было сабак. Куды бегчы? Кінуўся ўслед ваўкам, пралазіў праз лазовыя кусты, каб было хутчэй, выскачыў за міжкустоўе. Убачыў здалёк высакаватую постаць, што стаілася за кустамі. Чалавек! Вывернуўся назад у кусты... Гучны стрэл скалануў паветра... Заматлялася перад вачыма перабітая галінка... Ашалелы, выскачыў на прагаліну, перакінуцца вырашыў праз чорную прамыіну рэчкі, але не паспеў прыйсці да памяці, як апынуўся ў вадзе. Учапіўся за лёд — ногі ледзь даставалі гразкае дно. Узвальваючыся на закраіну лёду, Леўка толькі зараз адчуў востры боль у баку... Карычневая вада выпінала з глыбіні неспакойнымі выверчамі. Убачыў: з-пад кажуха выплывае на лёд кроў. Паранены?! Усхапіўся, войкнуў ад болю і ўехаў назад у палонку па шыю... Да палонкі асцярожна падыходзіў чалавек. Што з ім будзе рабіць? Ён не дасца датыркнуцца да сябе, ён абароніць сваё звярынае права на недатыкальнасць. Леўка аскаліўся і заеркатаў на чалавека. Чалавек спыніўся, прыпаў на адно калена і навёў на яго стрэльбу, потым выцягнуў шыю і заглянуў у палонку...

Далёка за лазовым балотцам крычалі людзі, разы са два там стрэльнула... Чалавек выпрастаўся і падыходзіў бліжэй, нешта балбочучы... Раптам лёд праламаўся пад ім, і ён угруз ля берага ў гразь па калені. Чалавек выцягся з багна, на колешках папоўз па лёдзе, нешта гаворачы, нават нешта крыкнуў. Ля самай палонкі ён лёг на лёд і падпоўз блізка-блізка. Леўка адварочваўся, плаваючы ў палонцы, хапаўся за лёд з процілеглага боку. Чалавечы голас звяртаўся да яго ласкава, настойліва, і ў гэтым голасе праяснілася нешта запаветнае, якога ніяк раней не мог зразумець. Леўка хапаў паветра ротам, нязвыклыя пачуцці нарадзіліся ў яго збалелай душы. І як толькі зрабілася лёгка-лёгка ад гэтых новых пачуццяў, адчуўся востры боль параненага бока — не паварушыцца. Леўка пакорліва прытуліўся галавою да лёду, ашклянелымі ад болю вачамі глядзеў на паляўнічага, быццам чакаў, што той дасць збавенне. Чалавек быў нечым знаёмы. Ён падкідваў яму пасак, але пасак спужаў Леўку. Ён зноў завалтузіўся ў прамыіне... Нешта накшталт плачу вытварылася з ягоных грудзей, усхліпваў, адчуваў, што ногі не знаходзяць апірышча ў выбаўтанай гразі і вада адносіла ногі пад лёд. Да балючасці ясна ўбачыў нарэшце Леўка сваю волю і працягнуў сваю брудную лапу да чалавека, які дацягваўся да яго сваёю рукою, і памкнуўся Леўка да сваёй волі, да свабоды, але пачуўся трэск лёду і хлынула вада...

 

 

XXVІІ

Пачуўся трэск лёду, хлынула вада — Сямён не паспеў ухапіць працягненую руку звера-чалавека, бо сам апынуўся б у вадзе... Што меў сілы выкрутнуўся і накінуўся целам на абламаны край, шкрабучыся пазногцямі, хапаючыся за кавалкі лёду, адпіхваючыся нагамі. Абачліва перакаціўся на цэлы лёд, і ў гэтым радасным, самазахаваўчым руху раптам усвядомілася ўсё чыста. Гэты звер у палонцы — яго былы сябрук Леўка Грыцаў! З таго моманту, як Леўка ўцёк з лесанарыхтовак, з памяці Сямёна быццам выкраслілі яго імя. Хто б яму падказаў пашкадаваць гэтага чалавека, якога зацкаваў і загнаў у чорную тхлань, у якой той боўтаецца? Каб мог разгадаць раней сваю незразумелую крыўду на чалавека за мінулае, за Ярынку ды ці мала за што!

— Людзі, ратуйце! — закрычаў Сямён, бо Леўку зацягвала пад лёд. У кустах трашчала ламачча. Недзе блізка стрэльнулі...

— Людзі! — нема раўнуў Сямён і папоўз назад да палонкі і раптам скалатнуўся ад жудасці таго, што ўбачыў... На краёчак палонкі выкараскаўся... маленькі голенькі хлопчык. Ён быў зусім голенькі, расчырванелы і мокранькі, быццам яго толькі дасталі з ночваў. Хлопчык выпрастаўся, абапіраючыся ручачкамі аб кавалак лёду, і папраставаў басячком на Сямёна. Сямён закрыўся рукамі, зажмурыўся. Ён не чуў, як шоргаліся ў палонцы вада і лёд, як трашчалі голлем паляўнічыя, што выскачылі на пачуты лямант... Чалавек прыслухоўваўся, скурчыўшыся на месцы ад жаху, ці не чуваць шлэпання босенькіх маленькіх ног...

 

 

XXVIII

Сямён расплюшчыў вочы, у праломіне разыходзіліся кавалкі лёду. На супрацьлеглым ад Сямёна баку, апусціўшы заднія лапы ў ваду, ляжаў здаравезны аблезлы ваўчуга. Малады паляўнічы выцягваў мёртвага ваўка за пярэднюю лапу. Сямён адчуў, што і яго торгаюць за нагу.

— Але і заўзяты вы, дзядзька! — радасна загаварыў падаспелы таўсматы хлопец з перапоўненым патранташам на жываце.— Гэта ж каб мне сказалі ў ваду па ваўка лезці — нізавошта не палез бы. Было б па што, а то паскудны, стары, мусіць, з блохамі...

— А вы б-бачылі? Бачылі?! — не зводзіў вачэй з ваўка Сямён...

— А што тут бачыць, мы на вас нагналі...

— А што тут было, тут! Гэта не воўк! — узбуджана загаварыў Сямён, прыходзячы да памяці, але змоўк, бо ледзь не сказаў слова «ваўкалак». Ён паглядзеў на ваўка, з задніх ног якога сцякала карычнева-жоўтая вада, галава завярнулася набок, і з зяпы тырчэў прыкушаны чырвоны язык. Паляўнічы збянтэжана перавёў позірк на ваду, што супакоена чарнела ў праломіне, назаўсёды схаваўшы ў сабе тайну.


1988?

Тэкст падаецца паводле выдання: Наварыч А. Рабкова ноч: Аповесці, апавяданні / Прадм. А.Карпюка. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 173 с. - (Першая кніга празаіка).
Крыніца: скан