epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Наварыч

Гепардава лета (Апавяданне)

1
2
3
4
5
6


1

Усё пачалося з таго, як яна скептычна глянула на мяне. Цяпер я бачыў, што на мяне пазірае жанчына. Мне толькі і засталося прыняць да ведама яе позірк. Самае непрыемнае ў позірку было тое, што яна ацэньвала мяне. Яна, студэнтка трэцяга курса радыётэхнічнага інстытута, у ваўнянай, падперазанай у таліі, каб падкрэсліць фігуру і выдзеліць бюст, дарагой сукенцы стаяла ў нашым родным клубе і ўважліва азірала маю вопратку. Я быў гатоў згарэць ад сораму за свае звычайныя штаны, нямодныя туфлічкі і пінжак, якія насіў яшчэ некалі ў школе. Бо цяпер не Зоська там, ля акна, стаяла, не хударлявая, кастлявая, лупавокая і з фантастычнаю сінявою пад вачамі, а глядзела жанчына з незвычайна вільготным позіркам, гладкімі бліскучымі валасамі і ўпэўненымі рухамі. Да ўсяго ж я выгледзеў яе абутак і падумаў, што не змагу да яе падысці... Глядзеў на яе задуменна і смела, і ў вачах спачатку бліснуў, а потым пачаў разгарацца агеньчык ганарыстасці... «Нізавошта не падыду да яе першы, нізавошта... Трэба было, канешне, паслухацца Пецьку Даніленку і ўсперці фірму, якую мог пазычыць, каб вызваць фурор сярод сельскіх дзяўчат, ды зараз позна пра гэта думаць...» І я сеў ля дзвярэй, думаючы, што Зоська ўсё ж нікуды не дзенецца і падыдзе да мяне. І сапраўды, Зоська сумелася, вусны яе сціснуліся, як заўсёды, і толькі гэтыя вусны і выдавалі ў ёй былую маю паклонніцу. Дзяўчаткі, што стаялі каля яе, краёчкам вачэй глядзелі на мяне, як паводжу я сябе, а я спакойна паглядваў на тых, хто танцаваў. Зосьцы стала нясцерпнай такая ўсчыненая мной гульня ў ганарыстасць, яна спачатку падышла да стала з прайгравальнікам, потым перакачавала да вешальніц, быццам нешта пашукаць у сваім паліто. Я бачыў, як яна палажыла хустачку ў паліто, а потым чамусьці дастала. Ад вешальніц Зоська падышла да грубкі. У гэты час яе сяброўкі пачалі весела перагаворвацца, неўзабаве наблізіліся да скамеечкі, і тады я запрасіў Зоську прысесці. Ад маіх слоў яна ўгарэлася, зрабілася тою самаю Зоськаю, якой мог паверыць. Яна ціха сказала:

— Шурык, запрасі мяне...

Ведаю, колькі ёй каштавала, каб запрасіць мяне, олуха, да танца. Мы пра нешта гаварылі. Яна намагалася гаварыць на ўкраінскай мове, бо вучылася ў Вінніцы, расказвала, што ехала праз Кіеў, затрымалася там у сяброўкі на цэлы тыдзень. Я адчуваў незвычайную гладзюткасць ваўнянае тканіны, глядзеў у вочы, падмаляваныя французскімі ценямі, і мне было непрыемна адчуваць ад Зоські арамат «Фіджы». Гэта мяне прыніжала, нагадвала пра маю мізэрнасць.

Пакуль гэтак я разважаў, гладзіў пяшчотлівую тканіну, у дзвярах з’явіўся ўсім вядомы Уладзімір Белае Капыта. Зоська ўздрыгнула і шчыльней прытулілася да мяне, а я, дурань, тады не прыдаў гэтаму аніякага значэння.

 

2

Уладзімір Белае Капыта быў аднакласнікам Зоські. Гадоў са тры назад хадзіла пагалоска, што ён заляцаўся да Зоські. Але быў ён хлопцам надта зухаватым. Яшчэ вучнем біўся з хлопцамі, нават некага парнуў нажом, але, на шчасце, даказалі, што рабіў гэта баронячыся, і справа закрылася. Тым не менш пайшла за ім дрэнная слава. Адным словам, быў гэты хлопец адчаюгаю, якіх свет не бачыў. І тады ж быў самы светлы час у мяне з Зоськаю. Яна прынесла аднойчы свае вершы, я паказаў ёй свае. Мы зблізіліся. Не было душ раднейшых за нашыя. Тым не менш ніхто не лічыў мяне яе ўхажорам. Мабыць, справа была ў тым, што Зоська надзвычай добра пасябравала з маёй сястрою Галяю, і гэта была добрая маскіроўка. Хутка Зося стала свойскім чалавекам. Яна ведала, колькі часу я праводжу над кнігамі. Я не ведаў, кім яшчэ буду: генным інжынерам, біяхімікам, урачом, лётчыкам, геолагам, але ўпарта займаўся многімі дысцыплінамі, а таксама марамі пра сваю будучыню. Колькі раз мне Галя падказвала, што Зоська кахае мяне, але я не верыў і не лічыў патрэбным адказваць на пачуццё, бо пачуццям не было месца ў сістэме майго тагачаснага юнацкага ідэалу жыцця. І вось калі я даведаўся, што Валодзя праважае дахаты Зоську, дык палічыў гэта зручным момантам, каб дзяўчына не назаляла мне сваімі пачуццямі. Зоська знікла з майго жыцця на тры месяцы. Ды аднаго дня прыбегла, быццам узяць ад мяне Астроўскага «Як гартавалася сталь». Яе нельга было тады пазнаць. Яна хацела завесці размову, але я ўткнуўся ў кнігу Адамсанаў «Плямісты сфінкс», пра афрыканскіх гепардаў. Больш пра адносіны Зоські і Уладзіміра я нічога не ведаю.

 

3

Адзеты хлопец быў у матроскі кіцель, цяльняшку, на галаве заліхвацкая бесказырка. Гэтую шыкоўную адзежу яму далі панасіць хлопцы, якія прыехалі са службы ў адпачынак. Валодзю надзвычай пасавала гэтая форма, тым больш што быў ён вельмі акуратна падстрыжаны. Хлопец на ўсе вочы глядзеў на мяне і Зоську. Здавалася, ён не пазнаваў сваю былую каханку. Калі музыка змоўкла, ён падышоў да нас, паздароўкаўся і ўсю сваю ўвагу звярнуў на Зоську, гаворачы :

— Вачам сваім не веру, што ты?! Калі ты прыехала? А калі паедзеш?

Зоська адказвала, злёгку чырванеючы, трымаючыся за маю руку, і не глядзела на Валодзю. Гэтыя пачырванелыя выпінкі шчок, сакавіты голас сапраўднай жанчыны цешыў мой слых. Валодзя запрасіў Зоську на танец. Зоська павісла ў мяне на руцэ.

— Бачыш, дама не жадае! — адказаў я Валодзю, які холадна бліснуў вачамі.

Мы перайшлі танцавальную залу і селі на свае былыя месцы, а Валодзя павярнуўся і пачаў глядзець на нас.

— Які ён страшны! Я баюся яго! — прашаптала Зоська.

— Чаму страшны? Такі прыемны малады хлопец! — запярэчыў я.— Ці ж я табе, такой выштукаванай, такою пекнаю, з такою прычосачкаю, пара? — Блюзнерскі закруціў сваю адтапырчаную пасму валасоў, якую дзяўчаты прапаноўвалі накруціць на бігудзі, але я адмовіўся.— Бачыш, які ён падцягнуты, ці ж не будучы афіцэр? Патанцуй з ім,— сказаў нарэшце я, бо Валодзя зноў падыходзіў да Зоські з запрашэннем.

І яны пайшлі танцаваць. Танцавалі ўсе танцы запар. І ён глядзеў ёй у вочы і паволі нешта гаварыў, а яна слухала, і вусны яе стрымвалі радасць. У галаве пранеслася: калі і наступны танец яны будуць танцаваць, Зоська перастае для мяне існаваць.

Яны пратанцавалі ўсе танцы да канца. І калі пачалі збірацца дахаты, дык Валодзя спрытна зняў паліто з вешальніцы і памог ёй апрануцца. Са злосцю нацягнуўшы сваю балонневую куртачку, я накіраваўся да Зоські. Як прыгожа блішчэлі яе вусны, калі яна гаварыла са сваімі сяброўкамі! Як цудоўна яна павязала доўгі модны шалік. Я ўвайшоў у круг, усміхнуўся Зосі:

— Ваш слуга заўсёды рады служыць вам! Дама не будзе супроць? — пацягнуў я за яе сумачку, маючы жаданне несці.

— Гэта пошла, сябар мой,— сказала Зося,— пошла насіць дамскія сумачкі.

— Тым не менш дама дазволіць ісці з ёю побач? — не разгубіўся я, але ў калідоры пачулася нейкая валтузня, усунулася калматая галава нашага аднавяскоўца, і ён рыкнуў:

— Нашых б’юць!

Усе хлопцы і многія дзяўчаты кінуліся на вуліцу. За нейкую хвіліну клуб апусцеў, на вуліцы чуліся крыкі і беганіна, а засталіся ў залі толькі я, Уладзімір Белае Капыта і Зоська. Біліся ж з юнішчанскімі хлопцамі, якіх прывёў ён, Валодзя. Чуліся з надвору страшныя крыкі, трэск платоў. Валодзя смела глядзеў то на мяне, то на Зоську.

— Я думаю, што нам з Валодзем трэба пагаварыць,— сказаў я Зосьцы.

— Пра што мы з табою будзем гаварыць? — не маўчаў Белае Капыта.

— Думаю, ёсць аб чым.

Мы выйшлі з клуба, а гэтым часам бойка сцішылася, хлопцы пачалі біцца з-за нейкага глупства і цяпер прасілі адзін у аднаго прабачэння. Народ валіў назад у клуб, танцы працягваліся. Вывернулася з нашых рук і Зоська. Валодзя раптам нечага расчуліўся — небяспека мінула. Калі б мы пачалі высвятляць свае адносіны ў час бойкі, дык Валодзю не паздаровілася б.

— Я ведаю цябе. Ты Шурык, ты з маім братам вучыўся старэйшым...— гаварыў Валодзя, ведучы некуды мяне за сабой.— Яшчэ ведаю, што Зоська цябе любіла, ды яшчэ як любіла! — гаварыў Валодзя, падлазячы пад плот і шукаючы нешта каля яблынькі. Ён выпрастаўся, у руцэ ў яго было паўбутэлькі віна.

— Піць я не буду, тым больш з табою,— заўважыў я.— І скажу вось што, Зоська цябе цярпець не можа! Таму, будзь ласкаў, не чапляйся да яе!

— Эх, Шурык, Шурык. Ты, мабыць, ні чарта не ведаеш! Не ведаеш, хто ёсць для мяне Зоська! Яна мая, а не твая! Ты нічога абсалютна не ведаеш!

— Што я не ведаю! Чаго тут цямніць?

— Ды яна ж з мяне чалавека зрабіла, але гэта не тое... Кім я тады быў! Які забулдыга!

— А што зараз з гарла п’еш, не забулдыга!

— А ці я п’ю? Я табе прапанаваў! — ускрыкнуў Валодзя, і я ўбачыў, як бутэлька ўзвілася над нашымі галовамі, віно разлівалася ў паветра, на момант робячы такі невялічкі вінны дожджык.

— Ды люблю яе, люблю! Яна мая, і ўсё! І заві хоць увесь свой Відзібор, а я буду біцца за яе.

— Ну што ж, адразу будзем біцца? Ты скажы, што твая за такая любоў крэпкая...— здзівіўся я, што хлопец гаворыць у адкрытую, бо звычайна ніхто не прызнаецца ў слабасці.

— Я на ёй жаніцца хацеў! — гаварыў далей Валодзя.

— Што? Жаніцца? Дык чаму ж не жаніўся...

— Э-э-э! Шурык, Шурык. Ды ты сапраўды нічога не ведаеш. Тут жа такія плёткі з гэтай прычыны хадзілі...

— Адкуль жа мне ведаць. Я тут гады ў рады...

— Не, тады ты быў яшчэ дома, яшчэ летам сядзеў дома, а я баяўся, што Зоська паскардзіцца табе і будуць непрыемнасці...

— А што ты ёй такое ўрабіў?

— Што ўрабіў? Ды нічога. Толькі спрабаваў зрабіць... летам, на вадасховішчы, як кажуць — на басейне... у вербах...

Уладзімір Белае Капыта сеў на жэрдку, ахапіў далоньмі твар і быццам нешта здзёр з яго, што перашкаджала яму ўспамінаць...

— Ведаеш, уцякала праз канаву, ледзь не ўтапілася. Кінуўся ратаваць, а яна адбіваецца... а потым...— Валодзя змоўк.

— Што потым? — прашаптаў я.

— Сама потым прыйшла... А як пайшоў я да яе бацькі, Ёсаля, прасіць — выгнаў з хаты.

— Што ты вярзеш,— пабеглі мурашкі ў мяне па спіне.

— Я маю на яе поўнае права, разумееш, Шурык! — стомлена сцвярджаў Валодзя.

— Ты прасіўся ў Ёсаля яе рукі? — трос я загрудкі беднага хлопца. Выпусціў яго, завярнуўся, быццам сляпы, глухі і нямы, пайшоў прэч.

— І ведаеш, што тады расказала, што ты ў яе толькі і быў...— ішоў за мною Валодзя, быццам просячы дазволу правесці Зосю.— Яна тады, як... ну... сказала, што ты ўсё некіх гепардаў у жыце ловіш?!

— Гепардаў у жыце? — мармытаў я.— Гепардаў у жыце?

 

4

І сярод гэтага мораку, а ўжо добра ўвечарэла, раптам захліснулі мяне пачуцці і ясна прадсталі перада мной праявы з таго лета, шчаслівага лета юнацтва, гепардава лета юнацтва. Я ўспамятаў, як купаліся на закінутай купалцы, на шлюзе, стаялі па грудзі ў залаціста-жоўтай вадзе, акуналіся з галавою ў гэтую прыемную вадкасць, каторая сцягнулася з меліярацыйных стрэлак у адно рэчышча і магутным патокам шыбавала ў Прыпяць... Падумалася са скрухай, што ўсё гэта пайшло ў нябыт, ніколі не паўторыцца тая залацістасць вады, ніколі не будзе тых свежых пачуццяў, калі былі маладымі і свежымі, а толькі памяць зараз паслужліва паўтарае фрагменты той раскошы. Для чаго? Толькі напаўняе сэрца смуткам. Людзі сталейшыя скажуць, не трэба гараваць у такім узросце, усё наперадзе. Што наперадзе? Дзе наперадзе? Вельмі ж ясна баліць ад гэтых успамінаў душа, вельмі ж выразна ведаеш, што незваротна змянілася твая душа, тое наваколле, у якім тады лавіў гепардаў, і змяніліся, незваротна змяніліся людзі, з якімі рос.

Для мяне тады існавала толькі мэта! Гэтая мэта была ў мяне вузенькая, як прамень лазера. І я імкнуўся ісці толькі ў адным кірунку, не заўважаў жыццёвых насалод. Колькі такіх юнакоў было, ёсць і будзе на Зямлі! Хочацца засвоіць усё адразу! Абклаўшыся кнігамі, дзень і ноч сядзяць яны і рагочуць з таго, што ў кніжках тых напісана, не бачачы, што рагочуць з іх тыя, хто спяшаецца ад жыццёвага пірага адкусіць свой зваблівы кус. І я тады ўцякаў у жыта, што расло за агародамі, з кіпай кніжак, запаўзаў у тое жыта і чытаў. І трапілася мне тады кніга Адамсанаў «Плямісты сфінкс». І бязмерна закахаўся раптам у старонкі той кнігі, і найдаражэйшай частачкай сусвету зрабілася мне гепард Піпа, пра якога ў той кніжцы пісалася. Я захапляўся гарачай гепардавай частачкай прыроды. Сядзеў у жнівеньскім жыце і плакаў па Афрыцы. Зноў і зноў перачытваў залюбёныя старонкі і раптам пачуў, як ззаду шапаціць жыта. Я азірнуўся — у маё качавіла прасунуў галаву з рудой грываю леў. Мне сперлася дыханне, пакуль ачомаўся, леў стаяў і не знікаў, аблізваючы ружовым языком чорны нос з прадаўгаватымі ноздрамі. Я ведаў, што гэта трызненне, але сэрца маё ад страху адчайна лапатала.

— Чаго прыйшоў, ідзі...— моцным і спакойным голасам сказаў я, каб прагнаць ільва. Лёва глянуў на мяне жоўценькімі нядобрымі вачамі, завярнуў сваю грыву, вывернуўся бокам, паказваючы шыракаватыя рабрыны пад скурай, тоўстае ахвосце са сваімі дзвюма кашэчымі прыдаткамі. Звер пайшоў, і я прыслухоўваўся, як трашчыць салома пад яго лапамі. Я засмяяўся. Я выдатна ведаў, што гэта мроя, галюцынацыя, але галюцынацыя была гэта незвычайна салодкая, прыемная, тым больш што не пагражала ніякімі хваравітымі адчуваннямі. Як толькі так падумалася мне, адразу пачуў страшэнны рык нейкага звера і здагадаўся, што гэта быў той самы леў, які толькі што адышоўся ад мяне. Я высунуў галаву з жыта. Сонца ззяла з вышыні, у гарачым жнівеньскім мроіве над жытам паказаліся раптам шыя і галава жырафы — адна, другая, зараз некалькі галоў. Заскуголіла паблізу гіена. Усярэдзіне нешта сціснулася, я падумаў, а што, калі ўтварылася нейкае скрыўленне прасторы, і я сапраўды перамясціўся ў афрыканскую саванну, і зараз знаходжуся ў самай непасрэднай блізкасці ля крыважэрных драпежнікаў. Падумаўшы гэтак, вырашыў выйсці з жыта ў напрамку сваёй хаты. Колькі страху набраўся, пакуль выйшаў да агародаў. То натыкаўся на львіную сям’ю — прайд, якая толькі што загрызла нейкую антылопу, то беглі па жыце статкі рагатых антылоп, якіх я чамусьці баяўся больш за ўсё, бо яны перлі, быццам танкі, і папасці пад іх капыты — гэта пагібель.

З таго выпадку пачалося ў мяне нейкае падвойнае жыццё. Я змарнеў на выгляд, але амаль штодня наведваў сваю жытнёвую Афрыку, крадком набліжаўся да жырафаў, каб выразней разгледзець маленькія іх рожкі, прыслухоўваўся да львіных рыкаў. Больш за ўсё мяне турбавала тое, што ніколі не бачыў самую Піпу. Але праз некалькі дзён, калі ішоў на сваю запаветную купалку, раптам заўважыў стромкага гепарда, які залез на жалезныя рыштаванні шлюза і агледжваў наваколле. Ага ж! Тут, у жыце, няма тэрмітнікаў, на якіх звычайна залазяць гепарды, каб агледзець прастору, выгледзець здабычу. Падышоў крыху бліжэй і заўважыў ля шлюза, дзе днём валтузяцца дзеці, некалькі маладых гепардаў. Гэта былі Тату, Уайці, Дзьюмэ. Яны былі дакладна такімі, якімі былі апісаны ў кнізе. Маладыя звяры церабіліся ў сваіх кашэчых гульнях. Гэта быў верх дасканаласці! Сонца садзілася. Наваколле афарбавалася ў лёгкі чырванаваты водсвет. У той вечар я так і не пакупаўся.

У адзін з такіх спякотлівых дзён і прывяла па маіх слядах Галя да мяне Зоську. Я доўга не хацеў верыць, што гэта прыйшлі да мяне звычайныя людзі, ад свету гэтага. Гульня, насалодкавасць парушалася, мне непрыемна было бачыць вялікія, чамусьці спуджаныя вочы Зоські, ненатуральную сіняву пад вачамі, тонкія худыя рукі і пальцы, якія яна бесперапынна ламала. Сукенка на дзявочым стане сядзела як на калу.

— Галя, ты ж ведаеш, дзе кніга ляжыць, і таксама ведаеш, што я б не сварыўся, калі ты без майго ведама аддасі кніжку.

Галя завярнулася на вытаптанай мной сцяжынцы, пакрыўджана пайшла, а Зосьцы гэтага толькі і трэба было. Яна стаяла зверху нада мною, сонца прасвечвалася праз пасмачкі валасоў, якія віліся дробненькімі кудзеркамі.

— Вот дзе ты кабінет усталяваў сабе? — падмазваючыся, гаварыла Зоська, не заўважаючы маю злоснасць.— Ну, як у цябе справы з білетамі?

Тады я рыхтаваўся разам з Зоськай паступаць у інстытут. Праграмкі, білеты, нават такія-сякія дапаможнікі былі ў нас агульныя. Білеты былі нечапаныя, а перада мной ляжала разгорненая кніга на той старонцы, дзе былі змешчаны цудоўныя фотакартачкі вялізных, у дробную крапінку кошак. Гэта былі тыя самыя гепарды. Але я пазіраў на худыя адкрытыя ключыцы дзяўчыны і глыбокія ямачкі каля іх, і на мяне находзіла нейкае раздражненне. Я прадчуваў, што ў Зоські нейкая бяда або яшчэ што. Але мне зусім не хацелася пакідаць сваю Афрыку, бо дзеля чаго? Дзеля гэтых худых, з глыбокімі ямамі ключыц?

— Не перашкаджай мне лавіць гепардаў! — раптам пранізліва закрычаў я, бачачы, што Зоська намерваецца сесці. Канешне, гэта вырвалася тады міжволі, але з якой праўдай. Чорт бы ўсё пабраў! Тысячы разоў прыходзіў летам на танцы, каб толькі глянуць адным вокам, і бачыў, што Зоська нязменна сядзіць у тым жа самым кутку, нібы некага чакаючы, а калі верыць майму шпегу Галі — дык мяне. І кожны раз думалася — няўжо трэба дасягаць нейкай выключнай сваёй мэты, каб дасягнуць Зоські. Яна ж тут побач, заўсёды чакае. І тады мроіліся гепарды, гепарды, якіх трэба было лавіць у жыце, давіць сваю няўлоўную мару, свой парахнявы ідэалізм. Вось якое было яно, гепардава лета. Будзь ты бласлаўлёна і будзь ты навекі праклятае!

 

5

У той вечар, калі я перагаварыў з Уладзімірам Белае Капыта, пайшоў да сястры і вырваў з яе ўсе неабходныя звесткі.

— Я ўсё ведала, але не сказала табе, бо ты сляпы быў! Сляпы з расплюшчанымі вачамі! — плакала сястра, уціраючыся фатой.— Ёй тады было вялікае гора.— А ты — ты эгаіст! Так, эгаіст.

Зайшоў у баковачку Галін жаніх. Мякка абняў мяне за плечы і лёгенька выштурхнуў з пакоя, не гледзячы, што Галя пратэстуючы падняла руку, быццам паказваючы, што я невінаваты ў тым, што яна плача ў такі дзень, у дзень вяселля, калі трэба быць вясёлым.

На другі дзень вяселля я пайшоў да дзеда схавацца. Зачыніўся ў дзедаву майстэрню, бясцэльна габляваў на станку дошку. Раптам нехта пастукаў, я адшчапіўся. Перада мною стаяў Ёсаль — Зосьчын бацька.

У руцэ ён трымаў цэлы стос нажоў з каляровымі, драўлянымі, пластыкавымі калодачкамі.

— А дзеда няма?

— Няма, на вяселлі! А што вы...

— Ды нажы хацеў падвастрыць...

— Дык нядзеля ж сёння, нядзелькуюць людзі...— сказаў я, тым не менш запускаючы Ёсаля ў майстэрню.— Можа, я павастру вашу зброю...

— Ат, якая гэта зброя. Каладачы нейкія, заўтра трэба на буракі збірацца, а яны тупыя, хоць па горлу рэж...

— Ну як,— гаварыў я, уключаючы наждак,— ваша Зоська жаніха не прывозіла?!

— О-о-о! Зоська,— з непрыхаваным клопатам адказаў Ёсаль,— мець такую дачку добра трэба парабіць. То на тое, то на гэта, ды ўсё з магазіна.

Гэтак балакаючы, давастрыў дзядзьку нажы, справадзіў яго, як Ёсаль не тыцкаў тры рублі мне ў рукі за работу. Але хітры старац кінуў грошы на станок і пайшоў. Доўга разгледжваў я гэтую зялёненькую паперку. «Добра Ёсаль заплаціў»,— думалася. Злосна шкамутаючы гэтыя грошы, выйшаў я на поле, праз якое можна было перайсці на тое самае, дзе калісьці вырасла юнацкае жыта, жыта гепардаў, афрыканскае жыта, жыта хлапечай недасканаласці.

 

6

Прайшло колькі часу. Зноў сяджу дома. Зноў узаралі, забаранавалі і пасеялі жыта за агародамі. А ўчора я бачыў, як на другім канцы сяла ля Ёсалевай хаты спынілася бліскучая зялёная «Волга», статны мужчына выскачыў з-за руля, спрытна адчыніў дзверцы і падаў руку той паненцы, што сядзела побач з ім, калі яны ехалі. Гэта быў выштукаваны жэст. Жэст тых людзей, якія жылі ў вялікіх гарадах і мелі вытанчаныя манеры. Асабліва адносіцца гэта да жанчын. Яны падобны на цудоўныя статуэткі. Жанчына, пагойдваючыся на абцасах, якія праколвалі дзёран роднага двара, пайшла насустрач старому, што выскачыў на вуліцу ў зашмуленай куфайцы і мітусліва прыбіраў з надворка вёдры, каб машына заехала ў двор.

Тым часам я праходзіў ля гэтай машыны, уважліва ўзіраючыся ў твар Зосьчынага мужа... Але раптам нешта мяне змусіла азірнуцца — я выразна паглядзеў на кнігу, што ляжала за заднімі сядзеннямі побач з аптэчкай. Кніга здалася мне знаёмай. Я прыгледзеўся — там ляжаў томік Адамсанаў — «Плямісты сфінкс»!


1988?

Тэкст падаецца паводле выдання: Наварыч А. Рабкова ноч: Аповесці, апавяданні / Прадм. А.Карпюка. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 173 с. - (Першая кніга празаіка).
Крыніца: скан