epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Наварыч

Масток у будучыню (Напаўфантастычнае)

Во была выгода: каб папасці дахаты, трэба было затраціць суткі! Уся бяда была ў тым, што сядзелі сіднямі на прамежкавай станцыі. Ад яе дахаты кіламетраў з чатырнаццаць. Яму — хлопцу — Пратасавіцкаму Віталю — здавалася, што так і пайшоў бы пехатой, каб не выседжваць усюночню, але куды пойдзеш — наперадзе чорная Прыпяць. Праз чыгуначны мост ніхто не пусціць. Вот і сядзі ноч ды ламай пальцы ад такой бяздзейнасці.

Храпуць бабулі з зарэчных вёсак, храпуць і панюсі, што маладзейшыя, больш прывабна адзетыя і едуць на пабыўку дахаты... Усім адно — чакаць ранку, чакаць, калі роўна а пятай пад’едзе жоўта-чырвоны венгерскі дызель і памчыць усіх на правабярэжнае Прыпяці Палессе, а мо каго і далей — у Сарны, Роўна, на Валынь.

— Гэта вжэ кулько совецка власць сушчыствуе, а ны могуць моста построіты. Стулько людэй морыцца тут годамы. Штырнаццаць кіломытрув до хаты, а ты тут сыды цілу нуч!

— Ага! Совет у космас лэтае, а моста нэ мае!

Галава зморана клоніцца да пляча, і ў вушы насільна ўлятаюць гэтыя сказы мясцовых гаворак. Так хочацца спаць, свядомасць туманіцца, і сярод гулу, шорхату, сапення ў гэтай вялізнай, аграмадзезнай, змураванай яшчэ пры цару станцыёнскай зале сон абрываецца штомомант. І хто гэта там надакучліва так разважае, быццам каму-небудзь цікава слухаць гэтага філосафа ў пасталах. Пратасавіцкі расплюшчыў вочы і з уздыхам абярнуўся. І вот што было цікава, калі позірк яго слізгануў па сялянскім твары, простай апранасе гэтага дзеда, дык адразу затрымаўся на цудоўных, з свежага лазовага лыка пасталах. «Сапраўды, філосаф у пасталах»,— падумаў хлопец і пачаў слухаць.

— Кажуць, в проектах нідэ і е, шчоб мост зробыты пырыз рыку. Алэ мы ны дожывымо.

— Да сейчас, дед, быстро строят, раз-два, и готово! — падключыўся малады, прыгожа і дорага апрануты мужчына.

— Ага! І готово... В штанці! Воны во Сібір воююць, а шчо в самых Сібір пуд боком, й знаты ны хочуць. А тут як тра ў город — дэнь выкідвай. Час які побігаеш по магазінах і нуч сыды на вакзалі.

Дзед быў апрануты ў шыракаваты, з ваеннага сукна фрэнч з асаблівымі касцянымі гузікамі, што прадаваў мо яшчэ які Шэмэл пры Польшчы. І толькі адзін гузік з гэтага старасвецкага строю быў наш, жоўта-бліскучы, з пуклаватай зоркай. Навакол былі фасонныя сінтэтычныя плашчы, модныя палітоны, курткі, пінжачкі, балахончыкі,— а ён сядзеў у наглуха зашпіленым гэтым фрэнчы, свяціўся сваім ясна-чырвоным тварам, які паказваў, што дзядок днюе і начуе на свежым паветры. Стары нястомна сердаваў:

— От колы вжэ казалы сёрод нашых, там,— кіўнуў стары ў бок запрыпяцкіх лясоў,— шчо доўга совецка власць ны просушчыствуе. Алэ так світ обырнувса, шчо мы самы тою власцю сталы і будэ вона вічна і всэй світ пэрэйдэ,— і дзед пастукаў алюмініевым кіёчкам, зробленым з лыжнай палкі, у цэментовую падлогу. Гэты кіёчак быў адзінай сучаснай рэччу ў экіпіроўцы дзеда, бо нават за сумку ў яго быў туга ўплецены кашэль з вечкам, дзе звычайна сядзела кракуха, што падсаджвалі качарам на паляванні. У гэтым кашэліку і зараз нешта паварушвалася, было чуваць час ад часу нейкае соўганне і шарахценне, быццам там сядзелі вялізныя мышы і тачылі пруткі.

— Дай нам срэдства. І подывымса, чы будуць люды одсюль втыкаты на Ростовшчыну, в Казахстан, в Курганску вобласць. Туды, на цыліну. У нас тут самых цыліна под ногамы. Во подывыса — Оснежыцкі! А чому?

— Ага ж! Так,— гадзіліся з дзедам суседзі, але да іх мала даходзіў сэнс дзедавай палітыкі, бо сонна паводзілі сваімі зіркачамі, хацелі прыткнуцца і драмануць. Той малады мужчына ўсё ж нешта хацеў сказаць.

— О, дед, да у тебя замашки!..

— А ты так ны кажы,— дзед аж прыўзняўся з лаўкі, галава яго павярнулася крыху ўбок, і ён як бы адным вокам зараз глядзеў на гэтага мажнага мужчынку,— у мынэ во! — стары рэзка закасаў рукаў аж па локаць і выставіў на агляд сваю руку,— гэто Кенісберг. А гэто — Бырлін,— і стары патупаў сваімі пасталамі,— думаеш, шчо вжэ я така тэмра і болото, шчо в постолах ходю, га? Навэт у самых лёгкіх суконках і то тры дні походю, і косты ламае. А тут во! — стары задраў угару свой пастол і энергічна памахаў ім,— нага дыхае. Вот вы, вучоные, подумаетэ, подумаетэ да і самы скоро пообуваетэса...

Мужчынка няёмка мяўся на месцы, моршчачы лоб, ужо слухаў старога ўважліва, каб паддобрыцца. А той ужо сціскаў кулакі ў запале заядлага сельскага прамоўцы :

— Мы за ўсю Росію, за наш усёй Союз. Алэ ж така політыка Леніна, хіба нэ знаеш?! Пырыз росцвіт всіх нацый, народув, нацыюнальнусцей мы прыдэмо до того, шчо камунізм называецца!

Дзед нечакана змоўк. На яго ўважліва глядзелі чалавек з дваццаць, што абудзіліся і моўчкі ўсміхаліся...

Хлопец заплюшчваў вочы і намогся ўявіць наваколле, дзе ён вырас. Перад вачамі ўзнік бяскрайні алёс — высокатраўнае куп’ястае балота. Вось тут і жылі яны дзятвой. Летам дома ніхто амаль не еў. Жылі з пастухамі, узбаламучвалі ваду ў выжарынах, хапалі за галовы кажушкаў — маладзенькіх зеленаватых шчупачкоў, смажылі на кіёчках, а ў канцы ліпеня, бы тыя маладыя ваўчукі, рыскалі па гэтых выжарынах, хапалі тлустых неапераных качак і варылі іх з маладзюсенькай бульбачкай... Зараз усё павысушвалі і нават пустазелле не расце тута. Гэта пасля таго, як ссунулі карчы ў кучы і яны сатлелі павольна. Трактар са страшэнна вялікім плугам вывернуў адтуль, з-пад зямлі, халодны жвір, сярод якога пападаліся крапінкі белага шклістага пяску. Гэтая праява замянілася другой. Золатакалосы ячмень, апавіты вікай, калышацца тут, сярод гэтых куродымных курганаў. Задаволеныя дзядзькі весела сціртуюць салому... Потым новы малюнак — зямліста-шэрая, жыццёвапустая даліна, вясёлыя малодзенькія бярозкі і ўквалелыя парасткі збажыны...

— А я ж казаў, шчо нэ будэ тут нычого росты! Вывырнулы з того світу зэмлю і ждуць, коб врунь хороша була! — гучаць у памяці слушныя словы.— У могілу той плодны шліхт і закопалы. Енжынеры!

Гам, шум, валтузня і смех разбудзілі Пратасавіцкага. Па зале бегаў той самы добра апрануты мужчына і нечага аж падскокваў.

— Трымай! Бяры,— крычалі мужчыны. Заверашчала дурным голасам баба.

— Лаві! — аж заходзіўся нейкі дзяцюк, і той мужчына нечакана, як быў, упаў на калені і папоўз пад станцыёнскую лаўку.

— Есть! Царапается, зараза! — крычаў ён з-пад лаўкі.— Зовите деда! Позовите, ради бога.

Пратасавіцкі ўскочыў, памкнуўся туды, да гурту, што збіўся ля лаўкі, намагаўся праціснуцца, як тут нечакана ўбачыў, як невялікі звярок паскакаў праходам пад другую лаўку.

— Ось яна, крыса! — запішчэла нейкая кабеціна, а Пратасавіцкі прабег следам за звярком, нагнуўся і ўцэліў ухапіць істотку за таўставаты хвасток. Звярок крутануўся і скрабануў зубамі руку. Але тут ужо дзядок бег.

— Так і знав, так і знав, кошыль прогрызлы, субакі!

Ён падбег да мужчыны, што вылез з-пад лаўкі і асцярожна на грудзях трымаў звярка. Дзед ухапіў свой кашэль, сарваў кепку з галавы, заткнуў прогрызь.

— Давай сюды ёго, звіра гэтого. І шчэ другого уловыты трэба...

Пабегалі і злавілі і другога «звіра», дастаўшы яго з-пад аптэчнага кіёска шчоткай. Цяпер стары трымаў свой садок пад пахай і тлумачыў:

— Гэто я купіў нутрыей. Засылю в болото нашэ. Аклімацізіруюцца, і будэ всім здобыч. Паненко, го паненко! Цыгарэт пачок дайтэ! — нечакана гучна папрасіў у буфетчыцы, што на галас выглянула заспана з-за шырмачкі.

— На, пан, табе цыгарэт,— гучна вымавіла яна, усміхаючыся і сапраўды, было даволі прыемна, што гэты дзед недзе ў гушчыні там лазовай захаваў і вынес адтуль асколак былой культуры — такі мілагучны зварот да жанчыны.

На двор, услед за старым, выйшаў і Пратасавіцкі. Стары і там не даваў нікому спакою. Зараз ён кляў увесь свет, што не будуюць мост праз раку. І што ён змушаны чакаць тут да ранку, а яго неадклад у справах, што нутрыі кашэль сточаць занач. Тут дзед змоўк, рашуча ўздыхнуў і борзда падаўся ад вакзала.

Пратасавіцкі пакурыў і зноў праваліўся ў нястрымную дрымоту. Рабілася млосна, дрэнна ад гэтага курэння на пусты жывот. Паскакалі ў вачах дзікія стварэнні, тонка пела сярэдзіна — гэта былі першыя прадвеснікі таго нервовага ўзбуджэння, што апанавала іх за бяссонную сесію. Але ён з’еў увесь седуксен і ратавацца не было чым. Усхапіўся, выскачыў на холад, але і там, здавалася, у галаве ўсё тужчэй і тужчэй закручваліся нейкія металёвыя спіралі, гатовыя вось-вось лопнуць. І тады ўвесь сусвет рассыплецца ў бліскучых жарынах і ўсё прарвецца нябачаным брудам, бязглуздзіцай. Тады хлопец пайшоў наперад. Няважна куды, але каб толькі ісці. Сэрца пачало трасціся ў грудзях, і хлопец уцэліў учапіцца думкай у гэтакі механізм: хваляванне — адрэналін — сэрца — хваляванне. І на вольным паветры не сувалодаў з сабою. На валасінку быў ад таго вар’яцкага спакусу, які аднойчы амаль не авалодаў ім у бібліятэцы: захацелася ўскочыць на стол і вытанцаваць матроскую джыгу. Гіпадынамія, недахоп руху — і мозг звіхаецца. Прадраўшыся праз нейкія кусты, учадзелы ад навук студэнт размашыста пабег. Падсвядомасць яму падказвала: азірніся, у цябе за спіной горад, зыркія агні станцыі, куды ты бяжыш? У цемрадзень, холад, пустэчу. Але думка, такая запеклая, свідруе і джаліць мозг — уцякай, уцякай, хлопча, ад гэтай экстравертнай цывілізацыі, што выссала твае мазгі, што атруціла цябе ведамі, што навучыла цябе толькі паглынаць веды. Што не навучыла элементарнаму самаўзнаўленню. Хутчэй у лес, у пушчу, да халоднай вады. Цяжка дыхаў, размахваў рукамі, але бег вельмі памалу. Праз нейкія пагорачкі ўзбіўся на палатно чыгункі. Тут спыніўся, больш-менш супакоены. Балтыйскі рэзкі вецер гнаў паразрываныя на шматы хмаркі. У небе весела ззяла поўня. Напускаў прахалоды за каўнер, пайшоў па чыгунцы на поўдзень, да ракі. «За вакацыі свае і газеты не разгарну,— вырашыў Пратасавіцкі.— Толькі куды вот я іду? — думаў зноў.— Як-небудзь ды перабяруся на другі бок, хоць бы і раніцай хто ў чаўне перавязе». І пайшоў борздай хадой, і адчуваў моц, бо з’явілася як бы другое дыханне і ў цыкле: нервы — адрэналін — сэрца ўсё працавала лёгка і зладжана. Галаве зрабілася лягчэй. Пратасавіцкі памаленьку-памаленьку пабег. Цяпло заліло сярэдзіну, было добра, нават голасна сказаў:

— Хочаш быць здаровым — бегай, хочаш быць прыгожым — бегай, хочаш быць разумным — бегай!

«Але грэкі памыляліся, бо не таму разумны, што бегаеш, а таму бегаеш, што разумны!»

Пахваліўшы сябе, Пратасавіцкі павялічыў тэмп, далёка за сабой пакінуў станцыю з светаноснай шапкай угары, пасоўваўся наперад па чыгунцы, што, як лінейка, пала сярод лесу і балот. Наперадзе, на дзесяткі кіламетраў, не свяціўся ніводны агеньчык.

— Ну і пустыня, аж жудасна! — прашаптаў хлопец.— Здаецца, дзе тут тыя і людзі! Быццам тут мор які прайшоў, быццам конніца татараў пранеслася... Але жыве і тут народ, і родзіць народ рукі залатыя, што могуць не толькі рычагі трактарныя шліфаваць. Тыя самыя рукі, што краіну стварылі і ствараюць.

І аж засмактала пад лыжачкай, як успомніў тое пачуццё, калі глядзеў на макеты новых гарадоў або на праекты гарадоў будучыні ў часопісе «Техника — молодежи». Пратасавіцкі нервова перасмыкнуў шалік, і новыя думкі запаланілі яго.

— Ніц,— шаптаў ён, перайшоўшы на хаду,— прыйдзе чарга і да нас.

Думкі сяганулі высока-высока. Бо была надзея, было выйсце, была нават радасць, што не далёка гэта, не за гарамі. Не праз сто, а мо і менш чым праз дзесяцігоддзе якое мары яго ажыццяўляцца. І сам ён удзельнікам будзе, не дасць сваёй галаве лопнуць, як пасудзіне якой непатрэбнай. Зразумела, што ён кулік з гэтага балота і куток свой прымае за найчароўнейшы, найдасканалейшы ў свеце. У гэтым святым кавалачку зямлі жіж Стырам; Гарынню і Прыпяццю чаго толькі можна не натварыць?! Гэта столькі тут дубу, вязу, ясеню. Гэта лічы — золата. Калі даражыць кожнай дошчачкай, кожным гарбылём, як у той Японіі, дык гэта сапраўды — золата. І трэба даражыць, трэба любіць кожны абрэзачак! Тады — «злато». А не — дык гніль пад нагамі. Як вунь зараз — даў пляшку лесніку, і ты самы багаты чалавек на планеце. Багацей за ўсіх Морганаў і Фордаў. Бо якую сасну хочаш, такую і заваліш, воз соснаў заваліш, што сок-смала з іх залье драбіны.

Хлопец ішоў па высокім насыпе і нарэшце ўбачыў далёкія агні сёл. Сюды, аж пад чыгунку, падыходзілі запушчаныя меліярацыйныя каналы. Колісь вясной выпусцілі карпа ў гэтыя заточкі. Увосень, калі вада высахла, кашалямі насілі тлустую рыбу... А колькі буслы пакаўталі, а вараннё потым падзяўбло... А калі тут сапраўдную рыбаводную гаспадарку закласці, хто перашкаджае? Гэта ж тоны золата і серабра развесці можна ў сажалках! А там вунь далей — птушыныя фермы, цэлыя птушкафабрыкі! Нашто ехаць на якіясьці заробкі, калі сваю зямлю будаваць трэба. От за Дзікім балотам, хай яно лясне, якая атамная сіла яго асушыць, можна адбудаваць вялізныя малочныя фермы. І завесці ў гэтыя фермы не тых галандак рабачарэвых, а гібрыд вывесці. Мясцовы тавар, што сотні год па балоце лазіць і малако дае, што мятвіцай пахне. Замаркітуецца хай з тымі самымі галандкамі, і пойдзе новае патомства, што па пуза ў гразь залезе і траву балотную папоўніцы, да зямлі голіць, грыб знойдзе і яго завільне языком. Тады самае галоўнае будзе — балота не трэба насуха сушыць. І тут выгада будзе!

— Гэх! Адбудуемся! — аж усклікнуў Пратасавіцкі, а думкі яго прасцерліся далей. Ён адчуў у сабе напоенасць усёй сваёй істоты думкай, здавалася, і ў пальцах, кончыках пальцаў месціцца магутная мысліцельная сіла, і ногі ішлі самі, і чым больш расла моц думкі і мары, тым лягчэй станавіўся целам, быццам сіла, падобна Архімедавай, дзейнічала на яго...

— Гэх! Адбудуемся! Ці ж мала ў нас залежаў торфу? І не паліва гэта, а хімічная сыравіна! Ці не Мендзялееў казаў яшчэ, што нафтай або вуглём паліць усё роўна што асігнацыямі! З торфу лякарства робяць! З торфу пластмасу робяць, а з гэтай пластмасы і дамы будаваць можна! Толькі трэба энтузіязм, вера ў светлае ўсё!

А перад вачамі ўстала карціна адбудаванага краю. З высакаствольных альховых лясоў высяцца алюмініева-шкляныя грамады. На бязлесых прасторах — роўнаўпарадкаваныя сажалкі, а на астатніх балотах разлягаюцца неабсяжныя журавінныя плантацыі. Ягады ўбіраюць спецыяльныя балотныя камбайны. А на сушэйшым месцы — фабрыка па апрацоўцы гэтых каштоўных ягад, і адсюль жа — экспарт у многія краіны свету. Гэтае балотца атрымае сусветную вядомасць, а то зараз хіба што зімой лось разаб’е капытам шарпак ды пабярэ чырвоныя кроплі губамі.

— І такі парцэлянавы завод адгрохаць можна! Бо цэлы раён на кааліне вышэйшага гатунку сядзіць, а мы ўсё па-ранейшаму паўтары тысячы год гаршкі ўручную лепім!

— Дакуль гаршкі ляпіць будзем! — крычаў хлопец у цемру.

Напоены ўвесь сваімі асалодкавымі марамі, здавалася, адарваўся ад зямлі і плыў у паветры. У гэтым напаўтрызненні, напаўфантазіі ў хлопца блішчэлі вочы, распаленыя ўяўленне і свядомасць раджалі новую, нябачаную дагэтуль энергію. Энергію новага стварэння...

А калі прыйшоў да памяці, агледзеўся — стаіць на другім беразе Прыпяці, на так званай Старой Дарозе... Па ёй дахаты ісці кіламетры са тры. Пратасавіцкі паняцця не меў, як сюды папаў! Цела злёгку ныла. Нечакана пабачыў цёмную постаць, пачуў крокі. Насустрач выйшаў той самы дзядок з алюмініевай кульбачкай.

— Гэто вы, дзеду!

— А ты хто?

— Ды я адтуль, са станцыі!

Стары палапаў па кішэні, палез па цыгарэты. Запаліў і Віталь Пратасавіцкі. І ўжо, прыкурваючы, стары, мусіць, пазнаў яго.

— Што ж не ўседзеў?..

Зноў пастаялі, памаўчалі, нават не пагледжваючы ў бок ракі, што глуха ўсплесквала воддаль. У кожнага было пытанне — як перабраўся, як апынуўся тут? Але маўчалі, быццам то было запраста: узяў і перайшоў па якімсьці арачным мастку.

— А нутрыі як вашы?

— А халера! — стары не вытрымаў, мацюкнуўся для аблягчэння душы. І давялося прыадкрыць сваю тайну.

— Паўцякалі. Бачыш,— стары паляпаў па мокрых нагавіцах,— човен на тым боці вышукав, а вунь быз дна сказався! Я воду вычэрпваю, а вона вылызла одна, да плюх! У Прыпяць, а за ёю плюх друга. Поплылі, чэрты, туды,— стары махнуў рукой па цячэнню,— мо дэ там прыжывуцца. Дваццаць пяць рублів оддав. Гм...

Зноў памаўчалі.

— Но ты як? — спытаў між іншым дзед.

— Каб я ведаў? — бясхітрасна адказаў Пратасавіцкі, бо і сапраўды ў нервовай гарачцы не заўважыў, як перабраўся праз раку.

— А-а! — хітра дзед схіліў галаву.— Там баржа шла і охраннікей заслыпыло, а ты і пірыбіг, га?

Хлопец памаўчаў. Дзед павярнуўся і моўчкі пайшоў у цёмную старану.

— Не, па чугуначным мосце я не пераходзіў! — упэўнена крыкнуў Пратасавіцкі.— Тут другое дзела, тут точна нейкая левітацыя, у фантазіі, па мастках будучыні перайшоў гэтую густую, бы алей, ваду «акі па суху»! Бо я паверыў у Масток Будучыні і перайшоў... Сапраўды, спачатку трэба паверыць, каб што зрабіць. От напраўду вы ж казалі, павер і ў гарчычнае семя...— крычаў ён, але стары не адзываўся, і постаць яго знікла ў цемры.


1988?

Тэкст падаецца паводле выдання: Наварыч А. Рабкова ноч: Аповесці, апавяданні / Прадм. А.Карпюка. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 173 с. - (Першая кніга празаіка).
Крыніца: скан