epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Наварыч

Пастрыжаны (Апавяданне)

— Ну, што казаў табе? Нарэшце-такі цябе пастрыглі. Бацьку не даўся, дык тут цябе ўхойдалі! — гаварыў такія словы каржакаваты мужчына на свайго хлопца, што выйшаў з дзвярэй ваенкамата з гладка абстрыжанай галавой. Хлопец панура глядзеў перад сабою, кіслы выгін вуснаў надоўга затрымаўся на яго твары. Балонневая куртачка звісала на ім, паабрываная ў многіх месцах, на чаравіках-робах чарнелі кроплі засохлай смалы. Хлопец прычавіў слязу да вока.

— Чаго ты, Толік, плюскаеш? Ці адзін ты такі? Паглядзі, вунь колькі такіх, як ты! Трымайся ж.

Каржакаваты мужчына падступіўся да свайго сына з насоўкай, каб выцерці таму слёзы, але хлопец выставіў локаць наперад, развярнуўся і пайшоў сярод прызыўнікоў і іх сем’яў.

— Чаго ты так, сыночак! — пайшоў за ім следам бацька, але Толік паскорыў хаду, завярнуў за адну купу людзей, за другую, і бацька адстаў, згубіўся. «Няхай пабегае,— думаў хлопец,— ці гэта такі бацька? Нават провады-выправункі не зрабіў».

Толік успомніў, як весела запрашаў хлопцаў на пэўны дзень, каб прыходзілі выправіць яго ў армію. Сяброў у яго было многа. Пасля васьмі класаў прыйшлося яму пайсці вучыцца на муляра-мантажніка, бо іменна тады, пасля васьмі яго класаў, не даўся бацьку пастрыгчыся. Сказаў, што бацька не ўмее стрыгчы. Тады бацька даў яму тры рублі, каб з’ездзіў у горад у цырульню. Хлопец прыехаў непастрыжаны.

— Чаму не пастрыгся?

— Пастрыгся я... Проста папрасіў, каб мне многа валасоў не здымалі, зараз жа мода такая, каб валасы даўгаватыя былі...

Тады бацьку і заела. Раз не даўся пастрыгчыся — тады жывеш у бацькоўскай хаце апошні год. А там — на свой хлябок. Але чаму бацька прычапіўся менавіта да яго, калі малодшыя браты зараслі, быццам попікі якія. Праўда, хутка яны ўлезлі ў шкоду, за што бацька абстрыг іх на лысачоў, але ж дагэтуль хадзілі. Толік з’ехаў з хаты ў вучылішча. Прайшло тры гады, вярнуўся дахаты, працаваў у мясцовым ПМК. Бацька амаль з ім не гаварыў, а калі і была размова, дык бацька больш злараднічаў пра тое, што сын не скарыўся бацьку, а бацька адправіў яго на свой хлеб, але сын усё роўна прыйшоў да роднае хаты. Толік не вытрымаў такіх папрокаў, пайшоў жыць у пээмкоўскі інтэрнат. Але бацька знайшоў яго і там, намякаў, што ўсё роўна давядзецца яму скарыцца, бо хутка набор у армію і трэба рабіць выправункі, якія звычайна робяць на шырокую нагу, як сапраўднае вяселле, і варта Толіку прыйсці дахаты «з пакаяннем блуднага сына», тады ўсё наладзіцца. Толік жа маўчаў да апошняй камісіі, звычайна закрываючыся ад бацькі якім-небудзь талмудам патаўсцей. Пасля апошняе камісіі, калі вызначыўся тэрмін Толікавага адыходу ў армію, бацька сустрэў яго і заявіў:

— Вось што, сыне. Жывём мы не надта багата, вялікага вяселля рабіць не будзем. Ніякіх музыкаў. Пасядзім сям’ёй, і паедзеш. Так што нікога не заві.

«Як гэта нікога не заві, калі назваў ужо?! — падумалася Толіку.— Што будзе?» Маці маўчала, падлагоджваючыся пад бацькаў нораў. Надышоў апошні дзень. З самае раніцы прыйшлі лепшыя сябры. Яны спецыяльна бралі адгулы на рабоце, каб пабыць на Толікавых выправунках. Ці не заўважалі яны, ці не здагадваліся, што ў хаце не было і следу вялікіх падрыхтаванняў да пагулянкі. На іхняе дзіва, Толікава маці збіралася на работу ў сваю кравецкую майстэрню. Толік крывіў вусны, коратка памахваў кісцю: нешта ж прыдумаем, няхай толькі старыя пойдуць. Але ні бацька, ні маці не сыходзілі з двара. Маці нечага доўга прыхарошвалася, хадзіла з кутка ў куток, бацька ж сядзеў, паснедаўшы, на кухні, курыў, чакаючы, што будуць рабіць хлопцы. Не дай жа бог, пачнецца без яго ведама якая гасціна. Па яго твары прабягала з’едлівая ўсмешка — ён разбураў сваёю прысутнасцю планы Толіка, а магчыма, і маці. Маці, калі пераканалася, што бацька нават не думае пакідаць хату, вывела на дарожку веласіпед ехаць на работу. Але насустрач ёй ішла цэлая талака запрошаных Толікам сяброў і прыяцеляў. Маці злезла з веласіпеда. Незвычайна чырвоны твар бацькі з’явіўся ў акне.

— Прымайце, цётко, госці ідуць! — гукнуў адзін з хлопцаў здалёк, падаючы ў рукі маці нейкія пакункі, мабыць, з падарункамі, хто што мог. Толькі імгненне разважала жанчына. Цэлы месяц употайкі ад мужа рыхтавалася да выправункаў свайго першага сына, свайго лепшага сына, свайго даражэйшага сына. І вось прыйшоў той дзень, да якога яна рыхтавалася, каб пайсці супраць мужа вайной. Але вайны асаблівай не трэба было весці.

— Проша, хлопчыкі, проша...— запрасіла яна далікатна, як думала, па-панску, па-шляхецку. Высокія юнакі і дзяўчаты пачалі заходзіць у хату, а тут выскачыў бацька насустрач, але сустрэўся з гэтымі маладымі людзьмі, і нешта быццам ажно адштурхнула, бо не пасмеў пачаць з мацераю сварыцца, каб ехала на работу. Злосна адкусіў жоўтую гільзу беламорыны, выплюнуў яе, прайшоў скрозь маладняк не здароўкаючыся.

Найбліжэйшыя Толікавы сябры, якія разумелі сітуацыю, хуценька саставілі два сталы, збегалі да суседзяў па трэці, назбіралі крэслаў, зэдлікаў, услончыкаў, лавак, каб было ўсім пасесці, а маці тым часам гатавала на стол. Сам Толік распрастаўся, пажвавеў, але па тым, як ён бязладна тыцкаўся па кухні, як бясцэльна перабіраў посуд, думаючы, што ён нешта памагае, адчувалася, што яму было незвычайна цяжка. Пачалі сядаць да стала, як нечакана ў хату ўвайшоў бацька. Цяпер усе разумелі, што выправункі зроблены на скорую руку, што бацька быў супраць, таму насцярожліва пазіралі на гаспадара. Бацька падышоў да шафы, вомільгам і грэбліва азірнуўшы гасціну, пачаў нешта капошкацца ў шафе.

— Ну, дзядзьку Мікалай, давайце пачнем... Толіка выпраўляць...

На гэта бацька крыху памаўчаў, без мэты перакладаючы нейкія паперы ў шафе, потым сказаў:

— Памаўчала б ты лепш, Тамарка...

Дзяўчына зачырванелася, а бацька выйшаў з хаты, а калі ішоў па дарожцы каля прачыненага акна, бліжэйшыя пачулі вельмі выразны кленіч:

— Павыпраўляла б вам ножанькі...

Грымнуў смех.

Толік таксама засмяяўся ад гэткай бяссільнай бацькавай злосці тады, але зараз, за некалькі мінут да аб’яўлення збору, зрабілася сорамна за бацьку. Так зганьбіць і сябе, і сям’ю. Хто ж да яго прыйдзе, калі другія браты ў армію пойдуць. Так закіпелася злосць на бацьку, што падумалася: «Як падыдзе са слінькаватымі тлумачэннямі — дам поўху, ды і ў аўтобус». З такім рашучым настроем вярнуўся да таго месца, дзе стаялі яго праважатыя, але там нікога не было. Крыху астыў, падумаў, што не варта, мабыць, такое вычвараць, бо абняславіцца перш за ўсё сам. Ды і былі ж выправункі, няхай сабе не было там мора разліванае, але добра пасядзелі, далі дыхту танцамі ў клубе. А сёння нават машына прыйшла з калгаснага пляца, якую, здаецца, ніхто не заказваў, але проста ведалі, што Мікалаеў сын ідзе ў армію і трэба было падвезці выправуншчыкаў да ваенкамата. Паехалі сёння на гэтай машыне, а машына была з будкай, хацеў вылезці Толік з гэтай будкі, бо нічога не бачыў, а так хацелася глянуць на роднае сяло ў апошні, як здавалася, раз, ды бачыў толькі шэрую набрукаваную дарогу паверх хлапечых галоў, выглядзеў ядлоўцавыя прысады ля школы, трыбушнула на чыгуначным пераездзе, і пайшлі мільгаць лозы паабапал, асака, што тускла блішчэла пад скупым восеньскім сонцам, ці не будзе ён недзе далёка ў другім краі сумаваць па гэтай во бедненькай шэранькай асацэ? Але вось мільгнулі бетонныя слупы гарадскіх асвятляльнікаў. Усё, прыехалі. Недалёка ваенкамат, а там — армія. А калі саскоквалі з машыны, пабачыў цэлае мора прыгарыньскага люду ля ваенкамата. Злез з машыны і з вялікай прыемнасцю прайшоўся сярод простых людзей, кондавых, земляных людзей. Ішоў і зноў глядзеў у чырвоныя твары крэпкарукіх калгасных мужычкоў у богведама якой даўнасці галіфэ. А побач з кожным бацькам стаяў яго даўгавязы сын, бледны і худы, бо яшчэ рос. Ля кожнай купкі, ля кожных выправуншчыкаў бэмкаў бубен і пяяла скрыпіца. Ля тых жа купак, дзе выпраўлялі гарадскіх, залівіста гучэлі акардэоны і нават рагаталі трубы. Вось пачалі вызываць па прозвішчах. Пачалі развітвацца — моцна-моцна цалуе бацька сына, выпростваецца і сціскае, трасе руку. І дзе ж падзецца слязам, калі не выліцца. А ўбаку сястра стаіць, кусае вусны, збялела... Захацелася глянуць на сваіх братоў, як яны? Нейкая раўнівая падазронасць узнікла да іх. Але дзе ж яны, дзе ўсе яго праважальшчыкі? Няўжо разышліся? Паўстала раптам учарашняя карціна ў памяці: нечакана з’явіўся дзед. Ён маляўніча спыніўся ў пройме дзвярэй і, як задзірлівы пеўнік, крыкнуў:

— Прыветствую маладое пакаленне! Прымайце Толікавага дзеда з гасцінцам! — у руках старога з’явілася маленечкае барылца, заткнутае вытачаным і выпаленым калочкам. А за дзедам прыйшлі ў хату музыкі : дзядзька Мантач са скрыпкай і дзядзька Мартын з бубнам і ляскоткамі. Не было толькі гарманіста, бо нікога бацька ж не наняў. Гэтым часам бацька сядзеў на кухні і выпіваў з суседзямі, якіх сам паклікаў, крыху адмякшы і спахапіўшыся. Гаварыў нешта пра недахоп грошай, пра вялікія расходы, адным словам, як здавалася Толіку, паказваў сваю мізэрную душу. Як зайгралі ў сенях музыкі, бацька заўсміхаўся задаволены, але потым падступіўся да Мантача:

— Я вас не наймаў...

— Змоўч. Не наймаў, то і плаціць не будзеш. Я так пайграю! — адрэзаў Мантач і запусціў смык на струны. Потым, калі госці разыходзіліся, дарослыя сабраліся за вялікім сталом, пачалі гутарыць, тое-сёе абгаворваць. Дзед проста так і сказаў:

— Каб на той час, не аддаў бы табе дачку, Мікалай!

— А я б і не ўзяў!

— Не, Мікола, не кажы,— адзываўся Мартын,— нядобра зрабіў,— дзіця ёсць дзіця, яму і пагуляць хочацца, і...

— Ды не пагуляць... А хочацца, каб было ўсё як у людзей! — перапыніў Мартына Мантач.— Хто павінен пра гэта клапаціцца? Зразумела, не сусед. Ці, можа, сусед?

— Я зараз табе пакажу суседа! — запаліўся бацька, але адразу ж патух, толькі скрывіўся, прамармытаў :

— Вы ўсю жытку мяне вучыце, як жыць, як дзяцей рабіць, як гадаваць, як у армію выпраўляць...

— Так-так. А скора прынясе каторая ў падоле, скажа, гадуй унука. Зноў скажаш, што цябе нехта вучыць? — буркатаў на тое бацькава мармытанне Мантач.

Толік пачухаў сваю абстрыжаную галаву. Што ж хоча бацька? Чаму ўсяму ставіцца папярок? Ад разваг, думак Толіку зрабілася лягчэй на душы, нават крышку весела. «Ну, пастрыглі,— падумалася,— ну выйшла па-бацькаваму, дык то ж усяму свой час! І зараз яго лысіна, яго качан — ганаровая адзнака яму за тое, што выгадаваўся сярод людзей, а цяпер ідзе на службу, служыць людзям ідзе. Не важна, горкая служба ці салодкая, але то будзе яго даніна за тое, што прыйшоў і дзедка ў той дзень, прыйшлі проста так музыкі. І ці не будзе ён у самых найгоршых умовах, у холадзе, голадзе, недосыпу, як балакаюць, хто баіцца служыць, служыць, ахоўваць спакой гэтых во цвёрда-патылічных калгаснічкаў, якія былі народам, бацькаўшчынай. Бацькаўшчынай? Але дзе ж бацька?» І тут на Толіка накінуліся дзяўчаты.

— А дзе ты лазіш? Цябе ж вызывалі! — пралазіў праз натоўп бацька. Праз мінулую ноч твар яго змяніўся, пастарэў.

— Дзе Мацюшок? Давайце Мацюшка сюды! — крычаў галасісты маёр.

— Ну, ідзі, Толічак, завуць,— сказаў бацька, стоячы ўбаку, быццам перакананы, што сын моцна настроены супраць яго і разлічваць на апошні пацалунак бацька проста не мае права. Развітваліся сябры, пачалі хліпаць дзяўчаты, браты папрыціскаліся, пачалі плюскаць вачамі. Але Толік, пэўна, не звяртаў ні на сяброў, ні на братоў, ні на дзяўчат вялікай увагі. Яго нешта падштурхвала да бацькі, які адышоўся, каб не замінаць, крыху ўбок і абціраў, як бабёр, дзвюма рукамі вочы.

— Мацюшок! Ты Мацюшок?..

— Толік, Толік... цябе...

— Бацька! — крыкнуў завучы Толік і зрабіў крок да бацькі, і той ускінуў галаву з жаласліва-чырвонымі вачамі, але нехта ўхапіў за плячо і закрычаў у вуха:

— Што, не касаецца? Тыдзень развітваліся. Што? Не развіталіся? — І пацягнуў Толіка за браму, а браму ўжо зачынялі, каб не хлынуў у ваенкаматаўскі двор натоўп людзей. Толік ускочыў у аўтобус, бітком набіты прызыўнікамі. Брама зноў расчынілася, і аўтобус паехаў на людзей, якія з крыкам і жахам разбегліся на бакі, заайкалі міліцыянеры, што стаялі ля брамы. Але, як толькі аўтобус выехаў на шашу, натоўп зноў злучыўся і памчаў за аўтобусам, які набіраў ход. Стрыжаныя хлопцы павыстаўлялі свае галавешкі ў вокны, махалі развітальна рукамі, нешта крычалі, а каторыя папрыліпалі насамі да задняга шкла і шчыра плакалі, уціраючыся і не ўціраючыся, а Толік паспеў толькі выгледзець, як бацька бег збоку, па тратуары. Спатыкаецца, а ў вачах, аслепшых ад слёз, на ўсім твары засталося ў бацькі нешта шчымліва-радаснае.

І вось бацька спыніўся, каб, здавалася, не згубіць, не растрэсці гэтае пачуццё. Натоўп адстаў ад аўтобуса, а яны аддаляліся і аддаляліся ў невядомасць.


1988?

Тэкст падаецца паводле выдання: Наварыч А. Рабкова ноч: Аповесці, апавяданні / Прадм. А.Карпюка. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 173 с. - (Першая кніга празаіка).
Крыніца: скан