epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Наварыч

Рабкова ноч (Апавяданне)

1
2
3
4
5
6


1

Пэўна, Ярынка магла ўпрасіць і хмурных мужчын, што рабілі па-суседску, але ад ранку бачыла, як панура яны ўглядаліся на яе спрытную, нястомную работу, калі зграбала сена ў валкі, звальвала ў копы...

«Папрасі такіх, каб скінулі ў стог! Хай сабе хмурацца»,— нярадасна падумала кабета. І пайшла пашукаць знаёмых хлопцаў, што недзе тут паблізу грэблі сена. Калі лезла праз лазу, зверху заскергятала сарока, і хлопцы, рослыя і стрыжаныя, насцярожана азірнуліся. Замест лесуна або на крайні выпадак лася ўбачылі знаёмую кабету. «Трохі ведаю хлопчыкаў,— падумала жанчына.— Вунь той высокі, Іван, даўно адлучыўся ад дому, працуе ў горадзе, дахаты ездзіць не часта. Малодшыя — Васілёк ды Міхась — адзін у ГПТВ, а другі зусім школьнік...»

— Патаміліся, галубочкі? — пачала здалёк Ярынка.— От як варыць. Уцякаць з балота трэба,— паглядала з-пад рукі на хлопцаў.

— Праўду, цётко, кажаце, уцячом скора,— адгукнуўся Іван, паскроб падбароддзе і зірнуў на астатніх, што перасталі рабіць. Ён нутром адчуў, што Ярынцы нешта трэба, бо Бульбашыха проста так не прыйдзе. Немаладая на выгляд, але даволі-такі ладная жанчына праніклівымі, задобранымі вачамі глядзела на яго. Івана аж перакруціла, як заўважыў, што яна збіраецца прасіць.

— Я да цябе, Йванко! — Яна гаварыла так, каб не чулі астатнія, гэтым неяк хітра павялічваючы значнасць яго, Іванавай, асобы.— Йванко, мой галубок, я цябе прасіць буду. Вы, калі скончыце, падбяжыце на хвілінку, у мяне ўсяго сем капічак,— махнула Ярынка рукой у бок свайго ўчастка.

Іван варушыў у сене граблямі, адказаў не адразу.

— Бачыце, цётко, колькі нам яшчэ засталося, а мы на цягнік збіраемся паспець... Не, не прыйдзем,— больш рашуча сказаў і закапыліў губу ад няёмкасці,— шукайце, мабуць, каго іншага.

Змоўк і ўздыхнуў. Вочы ў Ярынкі забегалі:

— Дык я не за так, і грашыма аддзячу, і гарэлкі пастаўлю...

— Дождж, цётко, будзе, ці не бачыце?

— Ага,— згадзілася кабета, апусціўшы да фартуха рукі,— дождж, пэўня, улле.

А і сапраўды з-за сініх лясоў выплывалі падазроныя, млявыя аблачынкі. Стаяў такі гарачы санцапал, што ў балацявінцы было быццам на печы перад святамі.

Меншыя хлопцы сціскалі вусны, мусіць, разумелі, чаго дабіваецца Бульбашыха, і глядзелі на яе няёмка, з дрэнна прыхаванай прыкрасцю.

Кабета пазіркала-пазіркала і спахапілася:

— Ой, чаго ж я стаю! — і палезла ў лазу, падаючыся ні з чым да сваіх вастраверхіх копак. Думала — мо хто там падвернецца.

Цёк аднекуль з вышэйшых пустак гарачы багунны смурод. Хлопцы тапталіся, таўкліся каля сена, задыхаліся.

— Во-о-о смаліць! — аблізвалі салёныя губы.

— Каб паспець, трэба ўлічыць папраўку на каэфіцыент стамлення,— казаў сярэдні, гаваркі Гэпэтэвэ, як на яго казалі,— бо не ўправімся на цягнік.

— Ну й ты граматны! — іранічна здзівіўся Міхась, здаровы, але крыху маруднаваты хлапчына. Ён не мог дараваць свайму брату, што той кінуў яго на ўлюбёнцава пяшчотна-дэспатычных бацькоў, бо даў цягу з васьмі ў ГПТВ.

— Жыве, бедная,— гаманіў Іван пра Ярынку,— і накасіць самой, і награбці трэба.

— А нашто ёй карова? Няхай не трымае,— выгукнуў Гэпэтэвэ,— а яшчэ кажуць, чалавек яе дагэтуль у бульбашах сядзіць?!

— На дне, у Чорнай канаве, сядзіць. Яны ж яго і парашылі. От і гаруе адна...

— Касіць яна лёгка накосіць. Набярэ гарэлкі...

— Бацька наш тады на помач першы ляціць,— уставіў Гэпэтэвэ.

Гаварылі хлопцы ляніва, а потым і зусім змоўклі, не да гаварыльні, бо духотліва было. Каб дзе на якой відоліцы, на якім лысагор’і, дык і не так пякло б, а ў лагчынцы падступіўся канец усякаму цярпенню. Задушліва было, быццам у надыханым пакоі. Беспачуццёвае сонца з бліскуча-шэрага неба млосніла паветра. А тут яшчэ даставалі слепакі. Сослепу, здурнелыя ад такой гарачыні, лупілі ў тулава або хітра, неўпрыкмет, садзіліся дзе-небудзь на лапатку і востра джалілі, аж хлопцы, што і так мыкаліся па балоце, выгіналіся, быццам то медыцынскі шпрыц уганялі.

— Ой! Чорт усё пабяры, каб знаў, дахаты паехаў,— нібы ўчадзелы, мармытнуў Іван, не вытрываў, шпурнуў ад сябе граблі.— Палуднуем!

Але куды там той апетыт? Укусілі раз-другі і ўлезлі ў лазовы халадок.

— Ай, глянь, бы сабака! — забіў камара Міхась.

Панакрываліся сарочкамі і паснулі на вялікую радасць пустэльнай сароцы, што весела заскакала па яечным шалупінні хлапечага полудня. Не чулі змораныя здараўцы, як нешта трэснула ў лазе, хадзіў нехта наўкола. Бліснулі праз глухатраўе задумлёныя вочы, з дакорнай пільнасцю глянулі і зніклі ўмэнт, быццам іх не было.

Калі хлопцы прачнуліся, у небе разляглася светла-папяровая смуга. Пакуль высякалі і ўбівалі калы пад стажарак, уверсе ўтвараліся прыцудныя воблакі. Гарачы балотны чад струменіў уверх, лізаў целы... І ці то ў вачах скакалі каляровыя палосы, ці то бэзава-кармінны кветкавы пылок бязважна бруіўся ад балотных увярэднікаў,— цяжка было сказаць. Абязлюдзелы і неабсяжны маўчаў алёс — пляскатая, абкучараўленая старажытнымі, патрыярхальнымі вольхамі нізіна. Лунь плаваў над палеглаю травою, ускрыкваў сумна і пранізліва.

— Як цяжка! — уздыхалі хлопцы.

Не па сабе зрабілася, калі заўважылі каля сябе незнаёмую, чужую дзяўчыну. Чыя яна была, скуль? Цяжка было сказаць. Сонца мільгала на яе праз абрыўчатыя прасветы ў аблоках. «Глянь, глянь!»— шапнулі хлопцы адзін аднаму. А яна падавалася наперад ад нечаканых пругкіх павеваў ветру, што ўсхадзіўся не на жарт. Яе маўчанне, крыху даўгавіды твар надаваў не то страху, не то незразумелай тугі. Хвіліна здранцвення не цягнулася доўга. Чортавы слепакі, яны зусім ашалелі ад ветру, наляталі на дзяўчыну, і тое, што аднаму яна нават адкруціла пярэстую галаву, дазволіла Івану крыху ачомацца. Ён падступіўся бліжэй і быццам папаў у абдымкі дзявочага погляду. Абмяк, расслабіўся, плаваў у поглядзе шэрых воч — ужо быў шчаслівы. Іван ведаў толк у заляцаннях. Засунуў руку за спіну і паказаў хлопцам знак, каб не перашкаджалі і далі магчымасць «зняць» прыгажуню. Было так прыемна глядзець у яе крышку нервовы, пераменлівы тварык, які, здаецца, цёк у сваіх неакрэсленых рысах, струменіўся асалодкавай нястрогасцю. Гэта шмат абяцала.

— Неўшта, дзевушка, к нам? — пажартаваў Іван. Падышоў бліжэй, амаль упрытык, адчуў шчымлівы боль блізкасці чагосьці неверагодна прыгожага, зблытаўся, засаромеўся і, адчуваючы, што гаворыць неймаверную лухту, дадаў: — Здаецца, недзе вас бачыў, дзеўчыно... Мабыць, мы з вамі сваякі?! Я помню вас... як, як маленькаю былі...

Дзяўчына здзіўлена паглядзела на Івана.

— Скуль вы, скуль... от такая...— разводзіў рукамі Іван.

— Няважна. З балота, пытаешся скуль,— пачулі яе мяккаваты грудны галасок,— а ці мо бачылі каго з мужчын тута?

Дарэмна паказваў Іван кулак за спіною. Гэпэтэвэ падыходзіў ужо бліжэй і, высунуўшыся наперад, пальнуў:

— А мы хто, па-твойму?

Дзяўчына далікатна схіліла галаву набок.

— Тама вялікія капіцы, цяжкія! — адступілася крыху, і з-за спіны на пукатыя грудзі, што нацягвалі паркаль блузкі, апалі каштанава-глянцавітыя валасы.

— Ды мы ўмэнт, адной рукой! — запэўніў сілач Міхась.

Дзяўчына крутнулася на месцы, увайшла ў лазу. Хлопцы падзерліся за ёй праз няходжу. Ідучы наводдаль, дзяўчына правяла па кладцы з жаўтаватых бярэзінак. Апынуліся на астраўку, пасярод якога на ацяробе зафундаваны быў стажок. Хмурны незнаёмы дзядзька не паздароўкаўся, закамандаваў узяць насіліцы, а сам успёрся на стог. Іван строга падміргнуў хлопцам, туды-сюды — і праз нейкі час ён знік за аддаленымі капіцамі, дзе капошкалася незнаёмка. Праз пэўны час адтуль данеслася гарэзлівае рагатанне, потым нешта шматсэнсоўна ляснула — з-за капы выскачыў бедны Іван, пахапліва паціраючы спіну.

Сена звярнулі імгненна. Дзядзьку спусцілі са стажка па насіліцы, і той, ні слова не гаворачы, запамкаў беламорынай і падаўся да кладачкі. Толькі што дзяўчына ўгрэбала дарогу, глянь, а яе і следу няма.

— Пабач ты на яе! — разгубіўся Міхась.

Патупаліся на месцы, паглядаючы на старэйшага, што, скрыўлены, паціраў сваю спіну.

— Добра ўгрэла! — быў падступіўся Гэпэтэвэ, але брат набычыўся — лепш не чапляйся. А калі перайшлі кладку, Іван вывалак утаптаныя ў гразь бярозавыя жэрдачкі і пацягнуў іх на бераг.

— Бульбашыхо паганае,— вытлумачыў ён,— гэта ж Ярынчына дзялка, ёлупні. То яна гэту... гэту валачашчую падгаварыла...

— Хіба? — не верылася хлопцам.

— А то не, бы тыя дурні папляліся. «Ды мы адной рукой!» — перакрывіў Іван малодшага брата.— От зараз хай пасядзяць на астраўку, пакукуюць.

Меншыя браты акруглілі вочы ад дзівавання, пацмакалі, выцягнулі далей на бераг кладку, каб бабы ведалі, як абдурваць.

Калі падышлі да свайго сена, па небе слаліся тугія, выкручастыя ад ветру пасмы хмарак. На цягнік яны спазніліся. Каб упарадкаваць сена, трэба было заставацца нанач або, дарабіўшы, у ноч ісці дахаты.

— Назбірала радасці ў небе,— уздыхнуў Іван,— даграбем, ці што?

— Не кінеш жа такое сухое сенца пад дождж,— згадзіліся астатнія і пачалі корпацца. І пад самы вечар, калі і сонца не было, а ў хмарных прарывах свяцілася з захаду чырванаватым водсветам, завянчылі стог, увязалі палузінамі і паселі, знясіленыя.

— Вот да ночы рабілі, а вы меркавалі да поўдня, бараны асветы! — бубнеў Міхась, пакуючы сваю торбу,— а зараз васемнаццаць кіламетраў сунуцца трэба. Во як улле дождж...

Як толькі выйшлі, гучна грымнула ў цьмяна-чырванаватых хмарах, якія хутка выляталі з-за рэзка вырысаваных альховых град. Травы цяжка палеглі, быццам паснулі. Колькі часу было яшчэ светла, але як пачало змяркацца, хлопцаў апанаваў нейкі невыразны смутак. Гэта змусіла паскорыць хаду. Убачылі, што пачало курыцца з выскідзяў, падумалася, што калі туман, то, можа, і дажджу не быць. Але гэты туманец лёгка развейваўся ўверсе, па доле цёгся густою павалокаю, з якой невядомымі звяркамі з цікаўнасцю выглядалі нямыя купіцы. У гэтым пераднавальніччы было так ціха-ціха, што хлопцы выразна чулі бруенне балотных ручаёў-пеюноў, а дзе яны ў травяной глушмені, хто іх ведае.

— Мабуць, у жыраво ўлезлі! — гаварыў Міхась, выцягваючы ногі з мулкай гразі.

І сапраўды, куды ні ступіць было, у ступаку закіпала крынічка, а гэта і ёсць жыраво, крынічнае месца.

— Рыхтык табе і жыраво! — усклікнуў Іван, калі раптам убіліся ў апудзілу, паперліся праз калматыя карчы...

— Не туды, браткі, ідзем,— выцягваючы з гразі аблепленыя водарасцямі ногі, бурчэў Гэпэтэвэ.

Ярка мігатнула ўваччу, ды так, што хлопцы на момант паслеплі.

— Вот уваліць зараз! — радасна прашаптаў Міхась.

Узрушаныя новай небяспекай, хлопцы ішлі хутка, высока падымаючы ногі, пераскокваючы з купіны на купіну. Грому не было чуваць. Дзіўна, пагрозна, раз за разам бліскала ў загусцелым мораку.

— Трэба ісці на чыгунку! — сказаў сцішана Міхась,— па ёй якраз і выйдзем.

— Ну дык і йдзі на чыгунку, калі ведаеш, дзе яна! — не вытрываў Гэпэтэвэ і ляснуў граблямі ў гразь.

 

2

Ярынка спрабавала вымасціць кладку наламаным галлём, але як шуснула каля берага аж пад самыя пахі ў смярдзючую ваду, то насілу выцягнулася на бераг. «Паганцы»,— шаптала, кленучы хлопцаў, але нашто было самой звязвацца? Можа, як сама са стахаўскім Базыльком, што ўпрасіла, павалачыла б копы. Хадзіла ўздоўж чорнага з дзягцярнай вадой рова, уздыхала, бо тузала пад грудзьмі — з усяго шкадней было Лысухі, выпеставанай первусціначкі. Калі Ярынка заначуе тут, карову выганяць нядоеную — ёй замкне малочны калодзеж, разбухне вымя, у цыцках будзе балюча. Адразу Ярынка хацела пакрычаць, паклікаць каго-небудзь. Гукнула раз, і не хапіла духу завалентаваць пад счарнелым напалавіну небам, дзе здалёк ледзь чутна пагрукотваў гром. Змірылася, што застанецца нанач тут, вышукала ўтульнае месца пад кучаравінамі лазы. Тады, у той даўні змрочны час, такая ж бура збіралася, гэтак жа парываў, грозна шлястаў чаротам па вадзе вецер, гэтак жа накочваўся далёкі грукат і баязліва трапятала дробненькае, у капеечку, лісцечка танклявых асінак. Нечакана для сябе самой Ярынка пужліва азірнулася і ўгледзела, быццам нехта белы прайшоўся за карчамі. Ярынка расслабілася ад жаху — бо знала, што нікуды не ўцячэ з вострава. Адкрыла рот і глядзела ў цемень, але нічога не заўважала. «Блісціцца мо»,— падумала і супакоілася. Пэўне, у такім балоце пачне і не такое ў галаву лезці.

Саўка некалі год толькі выседзеў у балоце і то прызнаваўся, што нічога гэтак не баіцца, як вадзяніка. Ноччу цягне за нагу ў ваду. Ці мо ад таго і прасіў: «Застанься, Ярыно, нанач! Куды ты на такі дождж пойдзеш?» А яна выцягвала сваю руку з ягонай і гаварыла: «Пойдзем у сяло! Я пакажуся на пасядзенках, каб маці пабачыла... Каго ты баішся? Ці ты каго забіў, ці спаганіў? Толькі ў карчах вайну пераседзеў. Ці ж не просцяць?..» — «Раз сяджу, не выхаджу, значыць, вінаваты. А раз вінаваты — не просцяць».

Яна тады пакінула яго, пабегла праз гразь, скакаючы з купіны на купіну, быццам казуля, бегла хутчэй і хутчэй, выбіраючы дарогу напрасткі, уцякала ад навальнічнай навалы, ад мілага чалавека, страшнаму няшчаснаму лёсу каторага не пазайздросціла б. Як ні цяжка, але людзі навокал у сёлах жывуць, радуюцца, а яе Саўка, з якім усё было так добра, сам сябе закопвае ў балотнай яме, у месцы нячыстым, дзе, казалі людзі, чорта громам у рабкову ноч забівае. І яна кінула-рынула яго і пабегла! Быццам гэта было ўчора. Ярынка да малюпасенечкай дробязі прыпомніла, як, раптоўна ахопленая супярэчлівым пачуццём, нечакана кінулася назад да Саўкі. А ў небе так забабахала, уліў такі дождж, што Ярынка ўгнулася, ашчапіла галаву рукамі і, па калені плюхаючы ў вадзе, упарта пасоўвалася да стоенай Саўкавай будкі.

Думаючы такія думы, Ярынка стулілася пад лазовым кустом, супакоеная, што зусім перастала баяцца. Пачула — ціха-ціха зашаптаў дробненькі дожджык.

 

3

Хлопцы зарыентаваліся па далёкім гудку таварнага цягніка. Ішлі, пакуль не зашалясцела пад нагамі сухая жарства. Безупынна бліскала.

— Гэта нейкая горба, нават травы няма,— голас Гэпэтэвэ глуха прагучэў у цемры.

— Ай! — усклікнулі страшліва. У промільгах маланак, на свой вялікі жах, убачылі пад нагамі бясконцае мноства жаб, гадаў, нейкіх пачварных трытонаў — хто толькі там ні поўзаў! Уся горба пад самым верхам кішэла жабамі самых разнастайных памераў і форм: ад чорных, з кепку, рапух да маленькіх вяртлявых жабак, ад даўгалыгіх, лупавокіх лугавых жаб да тых з аранжавым чараўцом ядавітаскурых жарлянак яшчэ з асколачкамі нерассмоктаных хвастоў. Гідліва было глядзець, як лезуць процьмай гэтыя істоты. З яркатам агіды, губляючы граблі і вілы, стрымгалоў зляцелі з фантастычнай у маланкавых успышках горбы. З ходу ўбіліся ў ламарню, гідзячыся, памацвалі аслізлыя паваленыя дрэвы, пералазілі, ішлі далей, пакуль не заброхалі ў вадзе. Патыхнула свежым ветрам, зашаптаў стары альхоўнік праваруч, зашалахцела яго лістота, і рэзка, наводліў ударыў халоднымі кроплямі лівень. Бліснула так, што залева ўспыхнула рознакалёрным агнём, высвеціліся густыя струмені, што рассякаліся аб галіны, зноў зліваліся і ляцелі ўніз, палівалі хлопцаў, аж тыя пасталі з растапыранымі рукамі.

— От табе і паспелі... Перамоклі, як Змітрова сучка! — кісла мармытаў Міхась.

Патоп скончыўся раптоўна, як і пачаўся, толькі буйныя рэдкія кроплі раз за разам ляскалі па лістоце. Пакуль абціскаліся, адкручвалі з рукавоў ваду, у небе ледзь відна прасвятлілася, пасвятлела добра, што аж Гэпэтэвэ крэкнуў:

— Э-э-э! Я такога яшчэ не бачыў!

Паветра нібы затрэслася, аж проста жах. Наўскасяк зламаліся відарысы хмар, дрэў, карчоў — трах! трах! — паляцелі ўдары грому. Зноў паліў дождж. Хлопцы стуліліся адзін каля аднаго, угіналіся, калі нежывыя сінія стрэлы выляталі з-за лесу. Скурчыліся і зубы сцялі ад верхавога лопання, стрэлаў і ўдараў — гром згушчаўся. Шчыплівая вонь азону лезла ў нос, бухала недзе побач, здавалася, чутны былі ўсплёхі ржавай вады.

— Вот як заб’е! — усчулі шэпт і здрыгануліся, шчыльней прыхінуліся адзін да аднаго. Маланкі ж, здавалася, выляталі з адной бліскучай кропкі. За імгненне бліскавіца распляталася ў тысячараластае дрэва, доўгім снапом з калючымі залатымі вусамі ўпівалася ў зямлю — дрыг-дрыг — быццам насмоктвалася землянога соку, і, задаволеная, гасла ў карычневай цемры. Цягнулася бясконцая секунда цішыні. Праносілася ў думках: «Што, як сюды? Што, як сюды пальне?!» Тут — лясь! Ляцяць трэскі, кара, кісляцінай патыхае — лупнула паблізу ў дрэва. Зараз точна ўжо сюды, падкошваюцца ногі... Здавалася, што немінучы канец надышоў — маланкі заткалі прасцяг і, бясконца перакрэсліваючы неба, упіваліся, бахкалі ў зямлю, а гушчыня яшчэ большага агню зіхацела спераду, быццам спіраль агромністага віхру скручвалася тут, у гэтым месцы. Сцяна суцэльнага пажылкаванага полымя валіла сюды, і хлопцы расступіліся, распрасталіся адзін ад другога, быццам тут ужо і хана. Але крыкнуў раптам Іван:

— Стой! Гэта яны...— скокнуў наперад.

Кінуліся браты за ім, а Іван гоцаў праз купінне і вар’ятам крычаў:

— Яны! Гоп-ля-ля!

— Што, Іван? Іванко! — крычалі ашалелыя хлопцы, выглядаючы праз каламуць дажджу і маланкавага святла, што ён там выглядзеў. Міхась шчыра заплакаў, спадзеючыся — можа, слёзы нешта памогуць. А Іван спатыкнуўся, упаў у гразь і, лежачы, паказваў рукою наперад — там!

— Ды што з табою? — аж душу скалануў крык Міхася. Гэпэтэвэ, увесь трымцеючы, бы дрэўца, углядаўся ў ліўнёвыя пісягі і таксама нешта ўбачыў там, бо і ў яго вочы акругляліся, пальцы рук распростваліся, а самі рукі ён выцягваў наперад. Але Міхась нічога не бачыў у сініх успышках, акрамя сутаргава скрыўленых галін дрэў. А Івана ў гразі пачалі курчыць сутаргі, ён біўся, крычаў праз далонь, якую прыціскалі да яго рота, каб не лямантаваў. І якраз стала светла, нібы днём, і ўсе апанталіся — безліч празрыстых жыл, напоўненых фіялетавым і бэзавым агнём, бесперапынна пульсавалі з неба ў зямлю, у бурае балота з балотнай рудой, нацягненыя яе магнетызмам. І ўбачыў Міхась, што там, наперадзе, на фоне стваляной сцяны акольнага лесу, віліся вохрыста-вогненныя птушкі.

Яны білі на ляту вясёлкава-зіхоткія кроплі дажджу, падалі на зямлю, закідваючы галоўкі, пілі дажджавую ваду.

— То ўжо не наш свет, Міхалко! Або — спроба кантакту! — пад самым вухам усчуўся голас Гэпэтэвэ.

— Прыдурак — гэта рабкі! — спакойна адказаў Міхась і ўхапіў Івана за рукаў, павалок з гразі, хоць той і крычаў:

— Не чапай! Я гразь і буду ў гразі!

— Іванко! Не трэба!

Але брату ўсё яшчэ круціла галаву, увесь ён пацепваўся, але дыхаў глыбока і размерана. Ён ужо і гаварыў спакайней, не крычаў:

— Вы думалі — я здурэў, ага, здурэў! А вот і не, я проста першы ўбачыў! — паказаў рукой на птушак, што ў высветах маланак, было бачна, сядзелі недалёка — нібы якія фантастычныя феніксы ўзнікалі пры святле, пасля чорнай, слепай імглы, і згаралі, знікалі, паглыналіся невідушчай цемрай. Глядзелі хлопцы на птушак і бачылі, як тыя выцягвалі ўздоўж крылаў пазюрастыя лапкі з серабрыста аперанымі цэўкамі, раз-пораз пырхалі ўверх і лавілі на ляту кроплю-другую.

— Так што за птушкі? — ачомаўся Гэпэтэвэ.

— Рабок, або яшчэ саджа, піць можа толькі на ляту дождж!

 

4

Прабіў дождж Ярынку наскрозь, дабраўся холадам і макрэчай да цела, і яна дробна дрыжэла. Яе быццам скруціла пад кустом якая ліхаманка. Так сагнёная і сядзела, прыкрываючы твар рукамі, а дождж хвастаў, лупіў праз голле халоднымі струменямі. І калі прамокла ўшчэнт, закалаціла яе нястрымна, выскачыла з-пад куста і пабегла ратавацца пад стажок. Скубла нару і жалкавала, што адразу так і не скеміла прыйсці сюды. У надзіва цёплым сене абсушылася і сагрэлася. Уверсе грукатала страшэнна. Але Ярынка ўжо нічога не думала, зліпаліся вочы, на момант забывалася, наплываў уяўлены да балючасці то адзін, то другі вобраз, ад чаго яна адразу прахоплівалася. Ды што ёй гром, калі яна без чалавека ў хаце павінна многа чаго не баяцца: ні драпання мышэй, ні рыпу аканіц у нудную, ваўкавокую ноч. Наадварот, яна зжылася і з цікаўнымі мышкамі, і падазроныя стукі і лопат аб сцяну хаты не былі трывожнымі, а здаваліся неабходнымі гукамі яе жыцця. Цемната наогул была ёй даспадобы. Тады хоць плачаш смела, не тулячыся. Нават у звычку зайшло — паплакаць цёмным надвячоркам на поплаве. Убіваўся тут на поплаве ў нос рэзкі аерны пах з парэзаных плешнякоў, вусны пачыналі дрыжаць, і зацятая туга хапала за горла. Ад гарачага сонца аер чадзіў чараўніцкім чмуром і напамінаў, так уяўна напамінаў тыя колішнія вечары. Басаногі, у кароткіх картовых штанах Саўка ловіць яе на аерным завяленым сене, а яна не паддаецца, увільвае, балюча адбіваецца, і, сама таго не жадаючы, Ярынка кожнай націначкай душы ўяўляла, што яна там, у далёкім-далёкім мінулым, там, каля Саўкі. Растрывожвалася такім падарожжам у часе, плакала ціхенька, доўга, у сваю насалоду. Тут, на гэтым балоце, будзь яно праклятым, не ўмела дабіцца, не ўмела ўгаварыць, не ўмела ўпрасіць і згубіла сваё самае даражэйшае, што лічыла. Як трэба было мілаваць, як трэба было цалаваць, прасіць, маліць, залюбіць яго да непрытомнасці пад тым грымучым, пад тым бліскучым небам, пад цяжкай чорнаю хмараю, сярод незвычайных злачонапер’іх птушак... што лёталі над іх будкай, неяк зычна сакаталі... Шаптаў Саўка:

«Гэта тыя рабкі, што сярод грому жывуць».

«Бач, і сярод грому, а ты сярод людзей...» І Ярынка спахапілася, каб не сказаць лішняга, вельмі ж было і так балюча... Нейкія птушкі на скрут галавы лётаюць, балююць у громе і пекле, а ён, бы той чарвяк слізкі, павінен у гразі па вушы сядзець, хаваючыся ад людзей. Саўка палез з будкі курыць, а яна плакала балючымі слязамі, глядзела праз дзірку ў будцы на рабкоў, якія весела лапаталі крыллем у маланкавым святле і падляталі далей пад хмару, што адыходзіла далей...

Дзерлася неба, а Ярынка шылася глыбей у сена. І раптам рукі яе абмацалі засунутыя пад стог доўгія і гладкія насіліцы.

 

5

Хлопцам усяго было досыць. Прыглушаныя грымотамі, абыякавыя да перуновых стрэлаў, крычалі ў вуха старэйшаму:

— Не рыпайся, стой! — і падтрымвалі яго кухталямі ў бок, але той, калі высвечвала, стрыг вачамі рабкоў, памыкаўся да іх, мабыць, бачыў у іх нешта інакшае, бо зноў пачаў вярзці розную бязглуздзіцу. Хлопцы баяліся, што паўторацца сутаргі, ратавацца ад іх не ўмелі, таму трымалі братца крэпка. А рабкі, у нечым падобныя да фазанаў, зрываліся з месцаў і адзін за адным, усёй чарадой, суцэльнай зграяй ляцелі ўслед адышоўшай навале. Там было святлей, там было радаснее жыць, там кіпела і віравала страшная, ашчаджаная сонечная сіла, якая, хто знае-ведае, можа, і ёсць буркатлівая мова сонца. Навальніца была стыхіяй рабкоў-перунапаклоннікаў, была іхнімі звычайнымі ўмовамі жыцця.

— Туды, за імі! — выпручваўся Іван, і як была рэдкая маланка, ляскатаў гром, з нейкай пагардай і злосцю за сябе, за людзей, што заўсёды трасуцца за свае скуры ў віры агню, а птушачкі п’юць маланкавыя кроплі, пляваўся і гаварыў: —Ці здатны людзі на такое жыццё! У іх не рабковае жыццё, а рабскае! Горш як тхарынае.

І што за геройства, як прыпрэ! Я хачу гарэння, я хачу такога жыцця, каб кіпела, бы ў катле! Я загіну без такога жыцця, я не хачу залатой сярэдзінкі, у мяне такая залатая сярэдзінка — я буду імкнуцца да вечнай барацьбы! Пусціце, пусціце, прыдуркі!

— Барацьба з кім, супраць каго? — пытаўся Міхась, але Іван прыгнуў галаву да грудзей, нібы знясілены шалёнай тырадай, нечакана праставата звярнуўся да брата:

— Рабкі, кажаш, птушкі гэта?

— Так. Ноччу пералётаюць такой, каб ніхто не бачыў, таму і ноч рабкова... Мне дзед Савэлік казаў, што...

Тут Іван раптоўна выкрутнуўся і знік у цемры. Калі мігнула, хлопцы бачылі, як ён сігаў па высокай траве, па начным балоце, даганяючы птушак, каб растварыцца ў грукаце, аслепнуць сярод бліскавіц.

— Ей-бо з глузду з’ехаў! Вярніся-я-я! — закрычаў Міхась, але грукатнуў грозна гром, заглушыў усё.

Пайшлі памаленьку наперад. Пагуквалі штохвілінна, быццам збіраліся перакрычаць гром. І ўсклікнуў раптам жаночы голас, і ўбачылі наперадзе незвычайную жанчыну, што ішла насустрач з расстаўленымі рукамі, нібы збіралася палавіць іх. Кінуліся з усіх ног у другі бок, зусім ашалелыя ад неверагоднай чорнай рабковай ночы.

 

6

Хмары цяжка паўзлі далей і далей. Нібы з таго свету паказаліся радасныя зоркі ў прасветах, і зноў завалакло неба, і церусіў дробны дожджык, пачынала зноў на якую хвіліну неба рассыпацца белымі маланкамі, ды паціху сцішалася. Было зразумела — самае страшнае прайшло. Не так страшна і гром ужо грымеў, не так блізка падала маланка, і не так жахліва адценьваліся прадметы наваколля — дрэвы, кусты ракіты, настаўленыя ўчора людзьмі стажкі. Рабілася спакойна і ціха-ціха. І здалёк-здалёк, быццам з глыбіні бяздоннай ямы, данёсся голас:

— Гэ-гэ-гэй! Сюды!

Змораныя, мокрыя і ўмазаныя ў гразь, сядзелі Міхась з Гэпэтэвэ пад бярозкай на купіне. Ажывіліся ад крыку — пазнавалі брата. Чулі:

— Сюды-ы! Чыгунка!

Усё было бледным, відаць — світала. Ішлі на крык, пакуль не натрапілі на глыбокую ваду. Крыкнулі:

— Вада!

— Плывіце! Гэта азярына! Бо не абыдзеце...

Плылі ў тухлай ад балотнага газу і даволі цёплай вадзе. Праз некаторы час патыхнула саладжавым рэйкавым мазутам, і хутка браты абняліся. Іван усё запэўніваў :

— Не вар’яцеў я. Так. Была крыху гарачка, і для смеласці прыдурэў крыху. Птушкі такія, нязвыклыя,— ён сядзеў голым азадкам на цёплай рэйцы і дрыжачымі рукамі выкручваў штаны...

Так прыемна было ўдыхаць крэазотавы пах ад цісавых шпал і радавацца. А радавацца яны цяпера маглі па-новаму — скрытна і перажыткава. Расказалі Івану пра жанчыну, што бегла з расстаўленымі рукамі.

— То, мабуць, Ярынка пералезла праз роў,— прымеркаваў старэйшы брат.

— А я ўсё думаў пра іншаземны кантакт, яй-бо. Быццам тыя, на лётаючых талерках, тут прызямліліся,— не сунімаўся Гэпэтэвэ.

Ішлі дахаты, і веяў цёплы ветрык па чыгуначных пуцях. Грому не было чуваць. Успыхвалі далёкія бліскавіцы. З сярэдзіны рэяла моц і прасветленасць. Кожны адчуваў: дажджу больш не будзе, дарога вядзе пад парог хаты, і, як ні былі змораныя, прыспешылі хаду. І чым бліжэй падыходзілі да сяла, тым больш западала нешта ад наваколля. Мабыць, што пазнавалі знаёмыя мясціны, учавелы мохам і верасам край, што перабегалі яго ўздоўж і ўпоперак тыя паплавы з навязанымі цялушачкамі, агароды, на якіх цвіла і гарэла бульба белымі і фіялетавымі гроначкамі. Высокія палеткі, дзе красавала жыта. А яны, быццам тыя даўнішнія дзяды-тубыльцы, што таксама тапталі гэту зямлю, праўда, лазовым пасталом, але таксама, як і яны, выходзілі з чорнага балота. Быццам ускалыхнулася даўнішняя памяць пра ранейшае быццё-жыццё. І не стрымаліся, агаласілі ўсё навокал старажытнымі, грубавата-пяшчотнымі гукамі:

— Го-го-го! Зямля!

— А чого ты рэпэтуеш!

— Бо зляканы-ы буў!

Ранняя пташка цвыркнула раз-другі, навакол усталяваўся блакітнага тону паўзмрок. Рабілася халадней і халадней. Са свежасцю і холадам прыходзілі яшчэ большая чысціня і празрыстасць. А чым больш паветра станавілася чысцейшым, тым яснеў свет. Гэтае разлітае святло працінала ўсё, прасвечвала кусты, грудковыя сенажаці прасвятліліся, выстаўляючы грудастыя стажэчкі. Світала, далёка, бясконца далёка стала відаць. І зрабілася добра адчувальнаю лёгкая ўрачыстасць у ясеневай градзе пры палявой дарозе, што перасякала чыгунку, і расстаўленыя ўздоўж жытнёвага поля бярозы атрасалі са сваіх павіслых кос пацеркі дажджынак, апростваліся ад празрыстага цяжару, матлялі пушыстымі, быццам прамытымі галовамі ўразлад, кожная паасобку сушыла свае валасы, і чуцен быў здалёк адзіны гэты гук — шумок прыемны, лагодны. З узлобка ўбачылі сваё сяло. У лагу яно было зацягнута лёгкаю повессю — і не туманку, а быццам сырадойнай пары. Нідзе не вуркатала машына і не быў чуцен чалавечы голас. Вялізныя лужыны з шапкамі белага і жоўтага шуму сведчылі пра бурную ноч. Пайшлі задворкамі, бо вуліца была заліта вадою. І нечакана нос да носу перастрэліся з Ярынкаю. Тая, у чырвоненькай, падранай на локцях, але сухой кофтачцы, даіла сваю маладзенькую кароўку. Хлопцы ціха абышлі іх, а Іван запыніўся, прыслухаўся да песенькі, што муркала кабеціна. Калі Ярынка азірнулася, убачыў бедны Іванка тую самую спакусніцу з балота, маладую, з сатанінскім вабам вачэй, у якіх ззяла прыгожая бездань, і здранцвеў, канчаткова дабіты, сапраўды баючыся за свой розум. Бакавым зрокам бачыў перад сабой усё ж тую Ярынку, што вывучылася сваім кабечым магнэзам прыманьваць дзядзькоў і хлопцаў, каб памагалі. Але калі плюскаў вачамі — перад ім была тая незнаёмая прыгажуня, што выйшла тады з кустоў. І гэты вобраз умашчваўся ў сярэдзіне пяшчотнай сілай, залягаючы пякучым і дарагім,— тады толькі сцепануўся, абярнуўся і, угнуўшыся, пайшоў услед хлопцам. Наваколле зачырванелася на адзін момант, быццам налілося празрыстым малінавым сокам, уся прастора быццам натужылася, напружылася і пырснула ўверх над задымленай ружоваю зямлёю пунцовая кропля цуда-сонца. Іван пачуў вокліч, азірнуўся. Ярынка адставіла бліскучую даёнку, ускінула рукі і завязвала хустку на галаве. Іван нечакана зірнуў на сонца... Яно быццам укруглялася ў сваю форму, паварушвалася, выцяпляючы першыя промні, як жывое.

— Чуеце, што кажу. Паглядзеце!..— гукала Ярынка.

Івана быццам наскрозь прабіла чыстая і простая думка — як балюча, як радасна жыць...

— Бачыце,— гукнула яшчэ раз Ярынка,— то ж сонца грае!..


1988?

Тэкст падаецца паводле выдання: Наварыч А. Рабкова ноч: Аповесці, апавяданні / Прадм. А.Карпюка. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 173 с. - (Першая кніга празаіка).
Крыніца: скан