epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Наварыч

Руская казка (Апавяданне)

Але ж яму і рука балела, ажно прысядаў, і вохкаў, і люляў яе каля грудзей, як дзіця, спавітае ў крывавую пялёнку. Ён крычаў:

— Прошу вас, люди! Погрузите раненых. А?!

Нахмураныя мужыкі глядзелі, як чалавека выкручвала ў трасучцы, як ён крычаў чырвоным засмяглым ротам, пакуль зразумелі, што рабіць.

Параненыя ляжалі на выгане, а па іх гулялі зялёныя мухі. Пад’ехалі дзве палутаркі. Людзі торкалі параненых, узвалаквалі ў кузаў.

— Мёртвых похороните, люди...— гаварыў той самы, з параненаю рукою. Гаварыў яшчэ нешта, многа і распалена. Потым сказаў:

— Мы вернемся! Клянусь, мы вернемся...

Адзін з вайскоўцаў, закончыўшы сваё выступленне на мітынгу 4 ліпеня 1941 года ў вёсцы Калоднае Столінскага раёна, стаў на калені і пацалаваў зямлю, даўшы клятву, што гэта зямля зноў будзе савецкай. Ён падняўся з калень, паўтарыў, як закляцце:

— Будет советской!

Колькі там часу прайшло — пачулі незвычайны трэск, тырканне, на матацыклах, мызатыя, праскочылі вёску немцы. Потым пайшлі і пайшлі цэлы дзень машыны, фуры, танкеткі... Немцы шпурлялі ў людзей цукеркамі і папяросамі. Глянулі, а то ж савецкія.

— Магазіны немец разбіў,— маракавалі мужыкі. Янак, маленькі хлопчык, усімі костачкамі адчуваў дзіўную гэту вайну. Само слова было чорным і касматым, адразу гладкім і чырвоным, як выразаныя ў свінні лёгкія. Глядзеў на машыны, коней, гарматы, людзей і думаў, што адкуль яны ўзяліся, дзе жылі яны раней? Ехаў бліскучы-бліскучы лімузін, а з яго вылез сапраўдны генерал пры залатых пагонах. Ён распрастаў плечы, паглядзеў на мужыкоў і раптам паказаў на Янака:

— Комм!

Янак спрабаваў схавацца за бацькаву нагу, але бацька падштурхнуў яго наперад. Генерал расчыніў дзверцы машыны і паказаў на маленькага сабачку-пакаёўца, што скруціўся на сядзенні. Янка зразумеў — вынес сабачку, каб той зрабіў сваю справу. Здарылася непрадбачанасць. Пакаёвец падбег да ног злодзейкаватага дзядзькі Мацюха і зрабіў на пыльнай назе дзядзькі свежы цурок. Усе чакалі, што Мацюх адкіне сабаку нагою, але мужык скрыўлена ўсміхнуўся і кіўнуў генералу галавою. Генерал адвярнуўся. За сваю работу хлопчык атрымаў шакаладнага, у серабрыстай фальзе зайчыка.

— Можа, атручаны! — праказаў дзядзька Мацюх, выціраючы аб траву нагу, але доўга хадзілі да Янака і дзеці, і дарослыя, мацалі траскучую паперку і казалі:

— Зробіць жа, чорт!

Надакучыла сядзець у хаце, захацелася да таты, пайшоў на поплаў — а там нікога. Далей па грэблі пайшоў і пачуў смачны дым махоркі. Палез па кустах і выглядзеў з альховага вецця будан, з якога тырчэла босая нага, закладзеная на другую нагу, было відаць, як паварушваліся пальцы. Ногі зніклі, і з’явілася кашлатая галава.

— Хто там? — выскачыў з будана чалавек, памчаў на Янака... Янак ад жаху зажмурыўся, ззаду нешта ўхапіла яго за кашулю.

— Не бойся! Дурачок. Мы знаем, кто ты. Подходи ближе...

Хлопчык адразу пазнаў таго самага параненага, што цалаваў зямлю каля выгану.

— Тебя отец прислал?

— Не. Я бацьку сам шукаю. А я знаю, хто вы! Вы — саветы.

Дзядзькі перазірнуліся.

— Чего же ты от советов убегал, что в воду упал?

У гарачцы, калі ўцякаў, Янак не заўважыў, як уваліўся ў канаву.

— Мы тебя высушим...— лагодна вымавіў з параненай рукою.— Сбрасывай свою одежонку...

Неўзабаве Янак сядзеў у глыбіні альховага будана пад знаёмаю парванаю коўдраю, якая незадоўга да гэтага знікла з хаты. Спахмурнела, і пасыпаўся дожджык.

— Ты, Ванятка, посиди у нас, может, перестанет дождик-то. А я вот тебе сказку расскажу, настоящую, русскую...

— Раскажыце...

— Хочешь про Ивана, крестьянского сына, и чудо-юдо?

— Хачу...

— В некотором царстве, в некотором государстве жили старик со старухой. И было у них три сына. Иванушка был младший, вроде тебя. Жили они, не тужили, пашню пахали да хлеб засевали.

— А я тожа сеяў. У гэтую весну мне бацька нават маленькую сявеньку начапіў, і я сеяў!

— Так ты и есть Иванушка. Разнеслась в том царстве-государстве весть: собирается чудо-юдо поганое на их землю напасть, всех людей истребить, города-села огнем спалить. Затужили старик со старухой, загоревали. А сыновья утешают их:

— Не горюйте, батюшка и матушка, пойдем мы на чудо-юдо, будем с ним биться насмерть. А чтоб вам одним не тосковать, пусть с вами Иванушка остается: он ещё молод, чтоб на бой идти.

— Нет,— говорит Иван,— не к лицу мне дома оставаться да вас ожидать, пойду я с чудом-юдом биться!

Па альховым лісці шапацеў дробненькі дожджык, спрабавалі крахтаць жабкі. Янак угрэўся ў прызмерку будана, слухаў уважліва, як змагаўся мужны юнак з цудам-юдам трохі шасцігаловым...

— Только пошло время за полночь, а Иван все под калиновым мостом дожидается, и тут сыра земля закачалась воды в реке взволновались, буйные ветры завыли, на дубах орлы закричали. Выезжает чудо-юдо двенадцатиголовое. Все двенадцать голов свистят, все двенадцать огнем-пламенем пышут. Конь чуда-юда о двенадцати крылах, шерсть у коня медная, хвост и грива железная. Только выехал чудо-юдо на калиновый мост — конь под ним споткнулся, черный ворон встрепенулся, черный пёс позади ощетинился...

— Кто-то идет! — трывожна зашаптаў баец з кустоў. Прыслухаліся. Нешта плёхкала па вадзе, шамацела па кустах.

— Гэта бацька! — раптам усклікнуў Янак.— Тата!

Больш Янака не выпускалі з хаты і забаранілі гаварыць, што бачыў. Калі выходзіў, дык не далей двара. Нечага прыбеглі суседзі, ды па бульбе, ускочылі да бацькі ў клуню, потым выскачылі, там не было дзе схавацца, сіганулі ў жыта. Па надворку ж пайшлі немцы, адкуль узяліся? На галовах у іх былі зялёненькія каструлькі з маленечкімі рожкамі, а ў руках чорныя, варанёныя аўтаматы... Квахтухай наляцела на яго маці, забрала ў хату, але і праз акно было відаць, што рабілася. З’явіліся Мацюх з Карповічам у новенькіх магазінных пінжаках. Яны нечага шукалі па жыце, потым Карповіч закрычаў:

— Жыдзюкі! Вылазьтэ з жыта! Вылазьтэ, бо як зловым, то затовчэм!

Але жыта і так было акружана немцамі з усіх бакоў, і неўзабаве чорныя галовы яўрэяў паказаліся над каласамі. Яўрэяў завялі да Янака ў хату і паставілі каля грубкі — Шэмэла і Іцэка. Янак не мог узяць да галавы, чаму на іх так немцы пазіраюць, быццам тыя нешта ўкралі. Яны былі суседзямі, жылі бедна, бо было многа дзяцей у хаце. І хата нават была з выгляду беднай — звычайная палеская доўгая хата, урослая ў зямлю, з саламянымі шчытамі, у якіх вадзіліся вераб’і. У хаце быў такі ж, як і ў другіх, няшкрэблены стол, лавы ўздоўж сцен, за печчу грэліся на палатках дзевяцёра чалавечкаў. Лепшая ад усіх была Сара — аднагодак Янака, з ёй так добра было гуляць на прызбе ў мужа і жонку. «Жонка» часта прасілася прынесці ёй тоненькую скібачку хлеба... Нечакана, як пачалася вайна, яўрэі павыносілі ўсё з хаты і падаліся на Столін, але старыя прыходзілі праведваць хату. Тут іх і ўлавілі. Зараз у хаце каля Шэмэла з Іцакам узбуджана таўкліся Мацюх з Карповічам, тыя самыя, што нядаўна сустракалі Чырвоную Армію, пачапіўшы на грудзі чырвоныя банты.

Як радасна было і хораша, калі праз сяло ішлі кавалерысты ў шапках з вострымі піпсямі. Які ашчасліўлены быў Янак, калі адзін баец падарыў яму сваю шапку такую — будзёнаўку. Нікому не даваў панасіць, хіба што памераць. А як пайшлі немцы, маці спарола чырвоную зорку, дала так хлопцу насіць. І тут прыйшлі ў хату немцы ў блішчастых плашчах, паказалі Мацюку з Карповічам, што абстрыгчы трэба яўрэяў.

— Ярыно, дай ножнычкі!

— Далібог, няма,— спрабавала адкараскацца ад такое бяды маці, але Карповіч сам палез у прыстолак і разам з ніткамі, латкамі дастаў чорненькія нажнічкі, якімі Янак так любіў шчыкаць сцябліны саломы. Разам з іншымі латкамі выпала на падлогу і разгарнулася чырвоная будзёнаўская зорка... Нямчуга адзін падхапіў зорку. Гвалт у хаце падняўся, наштырхалі бацьку пісталетам пад рэбры, падпіхаючы да яўрэяў, маці галасіла, галасіў і Янак. Немцаў улагоджваў Мацюх, паказваючы жэстамі:

— Няма ў іх камандзіра ў Чырвонай Арміі, няма. Гэта малому падарылі тыя, з войску іхняга,— тыцкаў на яўрэяў пальцам...

Сяк-так немцы ўгаманіліся, прышпілілі Шэмэлу чырвоную зорку да світкі, абрэзалі чорную бараду, павыразалі пэйсы. Бедныя трымцелі, як памерзлыя коні. Маці сцішылася, нечакана памкнулася да афіцэра, які стрыг:

— Пан, дзевяць дзетак у яго, пан?!

— Гэвек! — аскаліўся чалавек.— Нойн кіндэр — нойн бандытэн!

Потым Янаку засталося глядзець праз акно, як Мацюх з Карповічам адарвалі дошкі з дзвярэй яўрэйскай хаты, вынеслі швейную машынку, беглі праз вуліцу з заступамі. Сабраліся на выгане людзі. Яўрэі капалі нейкую яму. Спачатку ім было па калені, потым заглыбіліся ў пояс, далей сталі відаць толькі галовы... Немцы стаялі ад ямы воддаль, пакурвалі. Шэмэл выкінуў наверх лапату, паспрабаваў выкараскацца сам, але Карповіч ухапіў заступ і нечакана плазам стукнуў чалавека ў яме па галаве, той прысеў... Маці аднесла Янака ад акна, Янак паспрабаваў вырвацца, каб паглядзець. Заўважыў, як да ямы падышлі немцы з аўтаматамі... Коратка бабахнула, і ўсё.

Яшчэ колькі дзён падыходзілі каровы да свежай зямлі і прынюхваліся, пырхалі мызамі, нібыта адчувалі само дыханне смерці. «Чаму? Для чаго так?» — пяклі хлопчыку думкі, але нават бацька не мог растлумачыць як след...

Тады пасвіў раненька каровы свае дзве і цялушку. Недалёка каціла свае балотныя воды сонная рака Льва. Здалёк відаць было абамшэлы мост праз яе з чорнымі палямі... Ад халоднай расы, хоць плач, мерзлі ногі. Два крукі хрыпла каркалі, седзячы на купінах... Раптам нешта загрукатала. Неба было ясным, чыстым. Янак крышку спалохаўся. Але вёска блізка, чаго там. Зноў пачулася грукаценне, і данёсся выразны рокат танкеткі, на якой не раз прыязджалі немцы ў сяло або проста праязджалі далей наводзіць нейкі «новы парадак». Танкетка ўехала ў сяло, закрычалі вароны і галкі на бярозах, хмарай узвіліся над купамі дрэў... Загаўкалі спуджаныя сабакі. «Як пра цуда-юда,— падумалася Янаку.— Толькі не выйдзе з-пад моста на Льве Іван-асілак, бо малы яшчэ, не згадзіўся на бітву са змеем...» Танкетка прагрукацела праз сяло, выехала грэблю да ракі, праклекаталі побач гусеніцы, дрыжала зямля пад нагамі... Варожае жалеза паехала на мост. Янак хацеў адварочвацца, як нешта ціха трэснула адтуль, ад моста, адзін бок моста нахіліўся, бліснула сонца на бліскучых гусеніцах танкеткі, і яна бясшумна шамнула ўніз, у старажытную прорву Львы-ракі. І грукаценне сціхла. І неяк гладка, чыста і светла зрабілася навакол. Беглі людзі з сяла... Вымчаў і Янак на грэблю, азірнуўся на кароў і першы дабег да моста.... Там жахліва пуста было. Гладка і чыста. Палі былі акуратна наўкась падпілаваны. Людзі падбягалі... «Гэта я! — хацелася крычаць Янаку.— Я — Іван-асілак. А хоць і не я, адчуваю, адчуваю, хто смерць цуду-юду зрабіў...» Шырока расплюшчыліся Янкавы вочы, уголас крычаць хацелася: «Закачалася пад нагамі сыра зямля, вада ў рацэ ўсхвалявалася, буйныя ветры завылі, на дубах арлы закрычалі. Выязджае цуда-юда дванаццацігаловае. Усе дванаццаць галоў свішчуць, усе дванаццаць агнём пыхкаюць. Поўсць у каня цуды-юдзінага медная, а грыва жалезная. Толькі ўз’ехаў цуда-юда на калінаў мост — конь пад ім спатыкнуўся, чорны крук на плячы ўстрапянуўся, злы сабака ззаду ашчацініўся. Б’е цуда-юда плёткай па баках каня, крука па пер’ях, сабаку па вушах:

— Ты чаго, мой конь, спатыкаешся? Чаго ты, чорны крук, страпянуўся? Мой ты сабака, чаму ашчацініўся? Ці, можа, вы чуеце, што Іван сялянскі сын тут? Дык ён яшчэ не нарадзіўся, а калі і нарадзіўся, дык на бойку не згадзіўся!»

Але Янак маўчаў.


1988?

Тэкст падаецца паводле выдання: Наварыч А. Рабкова ноч: Аповесці, апавяданні / Прадм. А.Карпюка. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 173 с. - (Першая кніга празаіка).
Крыніца: скан