epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Наварыч

Сузіранне начной поўні (Апавяданне)

«Якое дзіўноцце наўкола!

Паветра крышку вільготнае, але яшчэ не астыла ад дня. Перасталі рыпець далёка ў канюшыне драчы, перапёлка не б’е сваім «піць-палоць». Уцішэлае наваколле... А поўня, якая прыгожая поўня! Чырвонай гарой вылезла з-пад зямлі, паднімаецца над небакраем, круглее, робіцца пукатай, колер яе з чырвонага ператвараецца ў светла-аранжавы, і гэты колер блякне, пераліваецца ў жаўцізну. А калі поўня дасягае высакавольтных правадоў і здаецца, што гэта такі вялізны шар вісіць на дратах, колер яе падобны да колеру срэбранага карася ў сажалцы з празрыстай вадой».

Так разважаў выпускнік універсітэта, седзячы на шыферным даху прыбудовы, на які ён узлез «сузіраць поўню». Нарэшце ён мог дазволіць сабе такую раскошу. Цяпер не турбавалі яго ні сесія, ні дыпломная работа, нават ні тое месца, куды трапіў па размеркаванню — ён паспеў з’ездзіць туды і яно яму прыглянулася. Але больш за ўсё быў былы студэнт задаволены тым, што дома, у ягонай сям’і, паміж бацькам і маткай была згода.

Колькі раз не хацелася ехаць дахаты на канікулы, бо не хацелася чуць тых сварак, не хацелася бачыць тых сутычак паміж людзьмі, якія аднолькава былі яму дарагія. Суладдзе ў сям’і заспакоіла яго, і ўпершыню ён адчуў, якое гэта шчасце проста быць. Проста існаваць і сузіраць гармонію свету. Якая гэта раскоша — сузіраць поўню. Сядзеў ён у позе паўлотаса, нерухома, расслаблена пазіраў на бліскучы дыск, які, здавалася, не мог адарвацца да высакавольтнага слупа, зачапіўся за яго, але вось блішчыць і сам слуп, а поўня кругліцца незалежна ў прасторы.

Мокры, цяжкі ад расы, паснуў вусаты ліпеньскі ячмень, не шалахнецца дзічка пры сцежцы, пагойдваючыся, пайшла котка па сцежцы ў ячмень. Поўсць на ёй таксама срабрыцца.

Пачуліся выразныя крокі па надворку. Ад хаты да хлявоў нехта ішоў. Па мяккаму шуму тапачак, па патрэскванню сухажылляў пры хадзе сын пазнаў маці. Жанчына падышла да прыбудовы і стаілася, гледзячы на вялізную поўню.

 

«Цішыня! Любата!!! Добра, што я схавала яе тады. Зараз самы час — нікога няма. Сын пайшоў у клуб, бацька спіць пасля чаркі. Не, не, я не такая прапашчая, але каму гэта перашкаджала? Гэта для нерваў. На рабоце, як прыносяць і частуюць, хіба ж адказваецца хто з дзяўчат? Ну і добра, нават весялей іголкамі пораюць, час хутчэй ідзе. А так, што за радасць у жыцці? Што я бачыла? Па суседзях век бегала начаваць... Дзяцей з хаты паразганяў, ды хто з ім жыць будзе. Такая мая доля. Раней дурная была, мозгі хацела яму ўставіць. Пасля п’янкі сварку ўсчыняла, назло рабіла гаду. А зараз? Некалькі глыточкаў — і ні табе гора, ні табе суму... Але ж як свеціць, як свеціць, бы той пражэктар... Недзе тут, у торфе...»

 

І хлопец, так і не зводзячы вачэй з чароўнага дыску поўні, пачуў, як маці пачала корпацца ў прыбудоўцы, перакідаць брыкеціны торфу, пачуў кароткае «ёсць, мілая» і пад моцнае свячэнне поўні, у зіхаценні тысяч і тысяч кропель расы на вусах ячменю, пачуў агідны, брыдкі гук. Нібы ў стройныя хоры анёлаў уварваўся раптам какафанічны яркат д’ябла.

— Буль-буль-буль! — адпіла жанчына некалькі глыткоў віна. Поўня раптам заскакала перад вачыма, скрывілася ў кроплях слёз і пакацілася ў дробных пацерках на грудзі. Хлопец прыціснуў рукі да твару, каб не разраўціся...

Маці закідала бутэльку брыкецінамі і, патрэскваючы костачкамі ў каленях, пайшла.

Здавалася, нічога не змянілася ў наваколлі. Нават цішэй, загадкавей адчувалася прастора над зямлёй, пранізаная спакойным безудзельным святлом поўні. Але хлопец ненавідзеў гэтую прыгожую загадкавую поўню... Ён ненавідзеў гэты знешне прыгожы, гарманічны свет. Бо жыў на Зямлі, крыважэрнай, неразумна-мыснай Зямлі.


1988?

Тэкст падаецца паводле выдання: Наварыч А. Рабкова ноч: Аповесці, апавяданні / Прадм. А.Карпюка. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 173 с. - (Першая кніга празаіка).
Крыніца: скан