epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Пальчэўскі

Стахнова студня

На гэты раз сход у калгасе «Світанне» зацягнуўся позна, і старшыні Аляксею Стахно, калі ён вярнуўся дахаты, прыйшлося доўга будзіць жонку: першы сон заўсёды бывае моцны.

Аляксей спачатку пастукаў у дзверы, ніхто не адгукнуўся, тады перайшоў да акна і забразгаў у шыбу: што раз мацней і мацней. Нарэшце пачулася ў хаце:

- Іду, Аляксейка, іду...

Скрыпнулі дзверы, затым бразнуў аб прабой засовец у сенцах. Аляксей выцер на ганку аб бярозавую мату боты і зайшоў у хату. Ларыса запаліла святло.

- Можа хочаш есці, дык смятана і малако на стале, бяры там, - сказала і знікла за перагародкай, каб не перабіваць сон.

Аляксей выпіў шклянку малака так, без хлеба, закурыў папяросу, патупаў трохі па зальчыку, потым прылёг на канапу. На момант сон змружыў яго вейкі ды раптам знік, нібы хто адагнаў прэч. Думкі, абганяючы адна адну, завірыліся ў галаве. Яны асабліва адчуваюць сябе вольна, калі сон надоўга пакідае чалавека аднаго, сам-насам.

Так было сёння і з Аляксеем. Як ні намагаўся заснуць, нічога не выходзіла: думкі сляпцом лезлі ў галаву. Аднекуль выплывала зусім невялічкая дробязь і расла, расла ў цэлую падзею. Так непрыкметна для самога сябе Аляксей пачаў у думках то спрачацца, то згаджацца з кім-небудзь з калгаснікаў. Паплылі разрозненыя ўрыўкі сённяшняга сходу.

«Правільна кажаце, таварыш Голуб. І я так лічу: калі памагаць людзям, дык памагаць ад шчырага сэрца. Падзяліцца тым, што ім трэба. Гэта ж не дапамога, калі аддаеш тое, што ў цябе лішняе. Людзі просяць гароху, сырадэлі, грэчкі, а дзядзька Лявон прапаноўвае канюшыну, віку і авёс. Чаму? Бо ў нас такога насення лішкі. І выходзіць: на табе, нябожа, што нам нягожа. Праўду я кажу? Людзі хочуць выпрастацца на ўвесь рост, і наш суседскі абавязак памагчы ім».

«А свае планы змяняць будзем? Сеяць другой культурай?» - чуецца здалёк голас дзядзькі Лявона.

І зноў Аляксей адказвае яму спакойна, разважліва:

«Для нашай гаспадаркі гэта ўрону не зробіць, а людзям падтрымка вялікая. Сёлета паможам, а там ужо сваё насенне мець будуць».

Раптам думка пераходзіць на старшыню калгаса «Барацьбіт». Ён так яскрава ўяўляецца Аляксею зараз, у цемені, нібы стаіць побач каля пасцелі: заклапочаны, пасівелы, з ясным адкрытым паглядам.

«Не для сябе асабіста прашу пазычыць, дарагія, - кажа старшыня «Барацьбіта», - а для вашых суседзяў - каменцаў. Пабагацеем, аддадзім з падзякай».

«А навошта запусцілі так гаспадарку? Чым думалі? Дзе вочы былі?» - Аляксей чуў - не Лявонавы словы. Нехта другі ўпікнуў.

За старшыню заступіўся Стахно.

«Вы ўсе добра ведаеце: таварыш Шкуцька новы чалавек у «Барацьбіце». І ці ж ён вінават, што нейкі там Батура ці Бондар запусцілі іхні калгас. Вы чулі, за людзей чалавек стараецца. Хочацца, каб і ў іхнім калгасе людзі добра жылі. Прыгадайце, як жылося вам пяць гадоў назад».

«Але ж нам ніхто не памагаў», - пачуўся малады задорны голас.

«Не памагаў, бо мы не прасілі, а пайшлі б да каго, дык і нам, напэўна, не адмовілі б».

Цяпер Аляксею не заснуць. Зачапіліся думкі за перажытае і пачнуць перабіраць адно за другім, нібы перагортваць кніжку добрых і дрэнных спраў.

Тры старшыні змянілася да Аляксея ў «Світанні» пасля вайны. Ён сам выказаў жаданне, будучы слухачом апошняга курса партыйнай школы, паехаць у адстаючы калгас. Хацелася даказаць сябрам, што погляд яго правільны: «З душою трэба аддавацца справе, і радасць і гора другіх людзей адчуваць як сваё».

Калі Аляксея абралі старшынёй, ён спачатку абышоў усе тры брыгады, прыглядаючыся, як і што робіцца ў гэтай вялізнай гаспадарцы.

У дальшай ад Карзуноў, трэцяй брыгадзе, Стахно пагаварыў са свінаркамі, агледзеў, што за свінні на ферме, і выйшаў на двор праз другія дзверы.

- Жаначкі, новы Батура прыехаў дом сабе ставіць, - пачулася наўздагон. Сказана было знарок моцна.

Стахно адчуў сябе ніякавата. «Вось як сустракаюць мяне людзі праз чужы правінак, - падумаў ён. - І на сходзе казаў шчыра, што прыехаў, каб разам з імі падымаць гаспадарку, і ў гутарках з тым-сім гаварыў тое ж - не вераць. Батура паедзе, а мне працаваць з людзьмі, у вочы глядзець ім...»

З такімі думкамі вярнуўся Аляксей да Батуры. Той сядзеў за сталом і перагортваў паперы. Не падымаючы вачэй, спытаў:

- Ну як, скончылі агледзіны, таварыш Стахно?

- Скончыў. І незаслужаны папрок атрымаў ужо, - адказаў Аляксей і прысеў на ўслончыку насупраць Батуры.

- Гэтым пакрыўджаны не будзеце. Як ні старайся, усім не дагодзіш. А чым жа папракнулі?

Стахно расказаў.

- Гэта Кацярына Ваўчок дапякла. У яе не купіць. Можа і ў вочы разануць, не пасаромеецца. Майце на ўвазе, - і, спахапіўшыся, што нічога не сказаў у сваё апраўданне, Батура адразу перамяніў гаворку: - Усім ім коле чужое багацце. Не за іхнія грошы рабіў. За ўсё аплочана. Ніякі рэвізор вока не запарушыць.

- Рэвізор можа і не запарушыць, а людзі вось іначай глядзяць.

- Пажывяце, убачыце самі, што тут за народ. Адзін Сымон Голуб дасца ў знакі на ўсё жыццё, - загарнуў папку з паперамі Батура.

- Ды ўжо ж убачу, - згадзіўся Аляксей. - А гэта хата чыя?

- Калгасная. Да мяне жылі тут прыезджыя старшыні, я жыў, цяпер вы будзеце жыць, пакуль вас зменяць.

«І мне прарочыць ужо замену. Па сабе мяркуе», - падумаў Стахно. Ён устаў, акінуў позіркам пакой, падышоў да акна, пастукаў чучкамі па падаконніку.

- Моцныя яшчэ. Перад самай вайною, кажуць, ставілі дом, - паясніў Батура.

У хату тым часам увайшла Батурава жонка з двума вёдрамі вады. Дала Аляксею «дзень добры», адчапіла каромысла з восілак і вынесла ў сенцы. Вярнуўшыся, паставіла вёдры на лаўку ў кутку і не то сабе, не то да мужчын сказала:

- Адна вада колькі сілы адабрала тут. Можа, у другім месцы студня блізка будзе.

- А чаму ж не выкапаць было на двары? І месца пад акном добрае, - кіўнуў Стахно. - І вада, мусіць, недалёка?

- Казаў калгаснікам. На праўленні нават ставіў пытанне, не згадзіліся... А студня тут, расказваюць, была. У часе акупацыі партызаны ўтапілі ў ёй гітлераўца, дык людзі перасталі браць ваду, гадзіліся, потым зусім засыпалі.

«Казаў калгаснікам... На праўленні ставіў пытанне... - уздыхнуў Аляксей, пазіраючы на вуліцу, - а сам чаму рук не прылажыў? Не трэба было? Не збіраўся тут доўга быць?..»

- Дык можа сёння ж давайце рабіць прыём-здачу? - перапыніў Стахновы думкі Батура і звярнуўся да жонкі: - Паглядзі там, Ганна, перакусіць чалавеку, ды мы пойдзем у кантору.

- Я от пра студню думаў. Капаць трэба. За блізкі свет людзі ваду носяць. А як пажар укінецца, што тады?

- Вядома, трэба, - згадзіўся Батура. - Я ўжо не гаспадар тут, а вы думайце. Можа вас, новага чалавека, паслухаюць лепей.

Гаспадыня паставіла на стол ежу і запрасіла Аляксея:

- Сядайце сілкавацца. Добрыя людзі падвячоркаваць збіраюцца, а вы яшчэ і не абедалі. Усё клопаты ды клопаты, ад першых дзён.

Аляксей пайшоў вымыць рукі.

Ганна палівала ваду новаму старшыні і раіла не адступацца ад свайго намеру: перш-наперш выкапаць на двары студню.

- Жонка зацалуе вас за такую палёгку. Увосень ці ўзімку нішто яшчэ два-тры разы на дзень прынесці. А ўлетку, калі сохне ўсё ад спёкі на агародзе, вунь колькі трэба тае вады. І дзе толькі людзям браць яе!

Стахно мыў рукі, слухаў гаспадыніну гаворку, а думкі круціліся вакол Батуры: «Ён ужо, бач, не гаспадар тут. А ці быў ты ім? Тры гады стаіць недакончаны клуб. Як прыняў ад таго старшыні, так і пакідаеш. Студні і тае не агораў ніяк. Так вось і жыў. Што выходзіла на працадзень - тое і добра... Якую ж памяць пакінеш ты аб сабе тут, у людзей, сярод якіх жыў?»

Гаспадыня падала чысты ручнік. Аляксей падзякаваў, выцер рукі і сеў за стол.

Праз якую паўгадзіны мужчыны пайшлі ў кантору.

За два дні Стахно прыняў усё ад Батуры, склалі акт, і ранейшы старшыня сказаў:

- Ну, вось я і вольны казак.

- Куды ж цяпер? - спытаў Аляксей.

- Пакуль што дахаты, у раён. Займуся домам... А там... Беспрацоўны не буду. Праз месяц, кажуць, выходзіць на пенсію дырэктар раённага рэстарана. Пастараюся туды. Служба якраз па мне.

- Там зацішней, вядома, - кіўнуў галавой Аляксей.

- Клопату, галоўнае, менш.

- Гледзячы як працаваць, - заўважыў Аляксей. - Будзеце з душою працаваць, дык і там работы хопіць.

- Яно, канечне, - спахапіўся Батура.

На трэці дзень ранейшы старшыня выехаў з Карзуноў. Сымон Голуб, стоячы каля весніц, гукнуў праз вуліцу суседу:

- Як ціха прыехаў, так ціха і выехаў.

- Але, - пачулася ў адказ.

- Да пабачэння ж хоць сказаў?

- Дзе бачыў. Адвярнуўся ў другі бок.

Цяпер, калі хата была парожняя, Аляксею можна было думаць аб пярэбарах сям'і. І Ларыса з двума дзецьмі хутка прыехала ў «Світанне».

І Ларысе і хлопчыкам спадабаліся Карзуны. У вёсцы амаль каля кожнае хаты былі садочкі: у каго са старых дрэў, у каго з маладзенькіх. Ад вуліцы, пад вокнамі, палісаднікі з познімі кветкамі і купчастымі дрэвамі: бярэзіна, ліпа, клён ці бэз. А ў некаторых і тое, і другое.

Вока руплівай гаспадыні адразу заўважыла тыя непаладкі, што мела хата ўсярэдзіне.

- Прыйдзецца пабяліць печ і выклеіць сцены новымі шпалерамі. Падлогу заўтра памыю. А пакуль што запалім у печы ды згатуем вячэру.

Вячэралі пры лямпе. Пасля электрычнага святла было трохі цемнавата з непрывычкі. Ларыса раз-пораз падахвочвала дзяцей:

- Ешце, ешце, мае калгаснічкі, ды спаткі кладзіцеся. Здарожыліся, нябось.

Назаўтра Аляксей рана пайшоў на працу. З першых дзён свайго старшынства ён узяў сабе за правіла, дзе толькі льга, правяраць самому, што робіцца ў калгаснай гаспадарцы і як робіцца.

Ларыса таксама ўстала следам за мужам. Трэба было думаць пра снеданне ды і падлогу, пакуль паўстаюць дзеці, паспець вымыць. Яна запаліла ў печы, паставіла чыгункі са стравай і ўнесла таз для мыцця падлогі. У вядры не было вады. Падхапіла яго і выбегла на двор. Акінула вачыма і не знайшла студні. Выйшла на вуліцу, жанчына ўбачыла Ларысу з пустым вядром і паказала:

- Вунь там, галубка, вада, у Апанасавай студні.

Яна вярнулася ў хату паглядзець, каб не збегла што ў печы, адставіла гаршкі далей ад агню і паспешна выйшла. Знайсці студню было не так цяжка: да яе ці ад яе заўсёды хто-небудзь ішоў з парожнімі ці поўнымі вёдрамі.

За снеданнем яна расказала Аляксею, як шукала студню.

- З вадою тут дрэнна, Ларыска. Прыйдзецца з першае палучкі пра студню падумаць.

- Чаму іменна з палучкі? - здзівілася жонка.

- Цэмент трэба будзе купляць. Мяшкоў дзесяць.

- А чаму не драўляную?

- А толк з яе: дзесяць-пятнаццаць гадоў пастаіць ды зруб мяняй.

- Ці не збіраешся ты векаваць тут?

- Не ведаю. Можа і прыйдзецца. Факт - не ў госці мы прыехалі сюды. І Батурам не хачу быць. Расказваюць калгаснікі, як падахвочваў ён людзей да работы. «Вам тут жыць, дык і старайцеся. Я што - прыехаў і паехаў». Нібы ў камандзіроўку завітаў чалавек.

Ларысе хацелася з першай палучкі прыдбаць сёе-тое ў хату на абзавядзёнак, а тут - ні села ні пала - студня ўсплыла на першы план. Мужаў характар яна ведала добра і не стала пярэчыць.

Цяпер, калі думкі адагналі сон, Аляксею прыгадваюцца першыя дні старшынства. І ўсплыло яно, як нешта далёкае і разам з тым блізкае. «Быдта нейкім нябачным рубяжом з'явілася тады студня ў маёй працы. Пераступіў яго і адчуў - лягчэй стала ісці. А можа гэта мне толькі здаецца, што так было?»

Стахновы суседзі, як дачуліся, што новы старшыня надумаў капаць студню, папрасіліся ў хаўрус.

Месца пад студню Аляксей выбраў бліжэй да плота, каб можна было браць ваду з двух бакоў: яму - з двара, суседзям - з вуліцы. Работа спорылася: зямля была мяккая і пры цэментавых кругах не прыйшлося варочаць лішняе, як пры драўляным зрубе.

Аднойчы ў часе капання прыселі на кучы свежага жоўтага пяску перакурыць і разгаварыліся пра калгасныя справы. Выклікаў на гэту гаворку Аляксей. Ён толькі што вярнуўся са свінафермы і расказваў пра двух кормных парсюкоў.

- Як далей будзе, таварыш старшыня, - невядома, а пачатак ваш добры, - сказаў тады Пятрусь Лебедзь. - Відаць, што прыехаў чалавек жыць і працаваць з намі.

- Адкуль жа гэта відаць? - спытаў Аляксей. Яму даўно хацелася заахвоціць мужчын на адкрытую гаворку, ды не выходзіла ўсё. Выпадак гэты якраз настаў: у меншай купцы людзей цішэйшая будзе размова, ды і больш шчырая.

- Адкуль відаць? - перапытаў Сымон Голуб і тут жа адказаў: - Ды хоць бы з гэтае студні. Колькі да вас было старшынь, і нікому яна не трэба была... А хіба людзі не бачаць, як вы ўсім цікавіцеся, усё хочаце бачыць і ведаць самі. За вамі дзесяткі пар вачэй сочаць, назіраюць. От вы толькі што расказвалі пра папраўку двух парсюкоў. Расказвалі і радаваліся. Праўда?

- Радаваўся, вядома. Ведаеце, гэтыя тры дні мяне і сон не браў. Іх можна было б здаць, канечне, на ўбой і не перажываць, дык шкода: сама набіраюць вагу. Месяцы два пакормім, вунь колькі прыбудуць.

- Па-гаспадарску, старшыня, робіш. Правільна. А пра твае клопаты ды трывогу мы ведалі, свінаркі казалі. Думаеце, не заўважаем, чым жыве чалавек? Заўважаем.

- А я інакш і не мыслю працу, мужчыны. І лічу так: даручылі табе адказную работу, вераць табе людзі, дык і апраўдвай іхнія надзеі. Тут можна сказаць вядомай прыказкай: «Або грай, або грошы аддай». Праўда?

- Святая праўда, таварыш старшыня, - ткнуўшы акурак у сыры пясок, згадзіўся Голуб. - Толькі не ўсе старшыні прытрымліваюцца гэтага правіла. Колькі іх змянілася ў нас пасля вайны. А чаму? Ды таму, што ехалі яны да нас тварам назад.

- Як гэта тварам назад? - не сцяміў адразу Аляксей.

- Ды так: вязе яго шафёр сюды на работу, а ён усё ўзіраецца, каб дарогу лепей запомніць назад ехаць.

Мужчыны зарагаталі. Не ўтрымаўся і Аляксей. Сымон выказваў сваю думку далей:

- А ў нашай калгаснай справе, як і ў кожнай, трэба, каб кіраўнік дбаў аб калгасе не менш за калгаснікаў, а больш. З каго ж радавым людзям прыклад браць, калі не з старшыні. Вам, напэўна, казалі ўжо, як падахвочваў Батура на работу? - зірнуў мелькам у твар Аляксею Голуб.

Стахно кіўнуў галавою.

- А пра нядзельнік чулі? Не? Улетку было. Надвор'е стаяла добрае, і вырашыў наш старшыня выйсці ўсім калгасам на ўборку скошанага ды згрэбенага сена. Выйшлі людзі, прыйшоў і старшыня. Але, вы думаеце, узяў у рукі граблі ці насілкі паднесці капу сена. Не. Прайшоўся між грабцоў, пабыў каля стагавікоў ды ў цянёк. Дайшлі мы да кустоў, зграбаючы, от я і кажу яму: «Не па-ленінску, старшыня, робіш». Паглядзеў ён на мяне праз свае цьмяныя акуляры (у цяньку ды ў акулярах ад сонца) і пытае здзіўлена:

- А што такое?

- А тое, кажу, Ленін, калі выходзіў на суботнік, вунь якія бярвенні зносіў разам з людзьмі, а ты лёгенькіх грабель не хочаш у рукі ўзяць.

- Мне кіраваць вамі трэба, - кажа ён, - і ўсіх бачыць перад сабою, хто чым заняты.

- А Леніну, пытаю, не трэба было кіраваць? Ды ён усю такую вялікую Расею перад сабою бачыў і на суботніку працаваў. А табе нельга, выходзіць?..

Не вытрываў Батура, усхапіўся, вырваў у мяне з рук граблі і кажа:

- Не падбухторвай людзей. Не хочаш працаваць, ідзі дахаты, а мерапрыемства не зрывай мне. Сам буду грэбці.

- Грабі, кажу, а я каля стога знайду работу. Падам лішні настрамак сена віламі.

І што вы думаеце, старшыня, перастаў Батура вітацца пасля гэтата са мною. Праўда, ён і да гэтага не вельмі набіваўся на сустрэчы, а то і зусім не стаў заўважаць. А за што? За справядлівасць. Не падабалася яму яна. Аб сабе чалавек больш думаў, чым аб грамадскім, аб калгасным, аб тым, што табе даручана. Няпраўду кажу, старшыня? За тры гады клуба не дакончыць! То грошай няма, то людзей не мог знайсці.

- Цяпер дакончым. Разам.

- З вамі дакончым, факт, - згадзіўся Пятрусь Лебедзь.

Ад пахвалы Аляксей адчуў сябе ніякавата. Ён устаў, абабіў з калашын пясок і ўзяўся за рыдлёўку.

- Цяпер я палезу пакапаю трохі, а то вы захваліце мяне.

- Зробім і самі. Мы мяняемся, - сказаў Сымон і таксама падняўся з пяску. - А захваліць мы не захвалім, старшыня. Заслужыце, і благое ў вочы пеканём.

«Праўду гаварыў Батура: такі пекане, - ледзь прыкметна ўсміхнуўся Стахно: - Не пасаромеецца... А клуб прыйдзецца даканчваць сіламі моладзі, - тут жа вырашыў ён. - Вунь колькі яе ў калгасе. Як жа без клуба жыць? І пра новы кароўнік трэба думаць цяпер ужо. Зімою вальнейшы час у людзей, лягчэй сабрацца з сіламі. Падмурак адно трэба за цяплом зрабіць».

...Усё да драбніц прыгадваецца Аляксею. У хаце ціха. Спіць жонка, спяць дзеці. І нішто не перашкаджае плаўнасці думак. Батура даўно, відаць, забыўся на «Світанне», займаючы новую пасаду, а калгаснікі прыгадвалі яго часта. І найбольш тады, калі бачылі добрыя Стахновы справы.

- А ці ж не мог так Батура зрабіць? - скажа каторы.

- Чаму не мог, сэрца не ляжала да гэтага, - пачуецца ў адказ.

Вось чаму такая нязначная падзея, як капанне Аляксеем студні, мела вялікае значэнне ў пачатку яго работы. Яшчэ Сымон Голуб пачынаў толькі рабіць цэментавыя кругі, а карзуноўцы казалі ўжо:

- На гаспадарлівага чалавека пашэнціла нам.

- Ды, відаць, і надоўга збіраецца тут асталявацца.

І калі цераз зіму, улетку, капалі ўжо за калгасныя сродкі аж чатыры студні для калгаснікаў, гэта лічылася звычайнай справай і не зрабіла такога ўражання, як першая Стахнова студня. Яе так і называюць «Стахновай».

За думкамі Аляксей не заўважыў, як мінула ноч.

- Ты чаму сёння не спіш? - спытала ціхенька жонка, прачнуўшыся. - Світае вунь на дварэ.

- Ды так, нешта выбіўся са сну. З «Барацьбіта» прыязджалі, узрушылі.

- Клопаты ўсё табе. Менш стала сваіх, дык чужыя адольваюць.

- Не чужыя яны, Ларыска, - шапнуў Аляксей і змоўк. А думкі зноў паплылі адна за адной. Прыемна стала, што іх калгас перажыў ужо тое, за што змагаецца «Барацьбіт», і можа памагчы другім.

«Трэба будзе заўтра ці нават сёння надвячоркам з'ездзіць разам з аграномам туды. Паглядзець, як там у іх. На месцы відней. Па сабе знаю, цяжка табе, старшыня, адразу стаць на ногі, калі застаў несамавітую спадчыну... Можа, няўпраўка з ворывам, дык пару трактараў прыйдзецца паслаць на падмогу, хоць ты і не прасіў. Не наважыўся, можа. Такое самі суседзі разумець павінны. Трактарысты згодзяцца разабраць іх норму на свае дзесяць трактараў. Хлопцы яны дружныя».

Нарэшце сон пачаў змружваць Аляксеевы вочы. Думкі паволі адступалі і адступалі, пакуль зусім не зніклі.

Разбудзіла са сну Ларыса.

- Аляксейка, уставай! Чуеш? Сонейка ўзышло ўжо. А ты ж хацеў ранічкай схадзіць у другую брыгаду.

- Дзякую, Ларыска, дзякую. Добра, што раскатурхала, - сказаў Аляксей і пачаў адзявацца. - Да ўсяе свае работы трэба ў «Барацьбіт» сёння ж з'ездзіць.

Пачынаўся чарговы працоўны дзень старшыні калгаса: з новымі клопатамі, з новымі радасцямі.

 

1961 г.


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая