epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Пісьмянкоў

Дума Вітаўта

15 ліпеня 1410 г., Грунвальд

 

Чорны крыж

        на белым полі...

Край распяты

        на крыжы?

"Смерць ці воля,

        смерць ці воля" —

Грозна звоняць палашы.

На харугву йдзе харугва

I на раць кладзецца раць.

"Пастаім жа, брацці-другі!

Яшчэ рана паміраць".

Вось і дождж прайшоў спагадны

Над крывавай малацьбой.

I ажыў

        падляшскі латнік,

I паўстаў

        мсціслаўскі вой.

Чорны крыж

        на белым полі...

Не распяць нас

        на крыжы!

Смерць ці воля,

        смерць ці воля —

Вырашаюць палашы.

Вырашае меч булатны

I татарская страла.

Вырашае просты ратнік —

Сейбіт з ціхага сяла.

I нястрымная Пагоня,

Што ўразаецца ў крыжы...

Не затопча нашы гоні

Бот чужы!


1986

Тэкст падаецца паводле выдання: Пісьмянкоў, Алесь Уладзіміравіч. Я не памру, пакуль люблю : выбранае / Алесь Пісьмянкоў. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2000. - 318, [1]с. - (Беларуская паэзія XX стагоддзя).
Крыніца: скан